|
Кафедра гісторыі беларускае літаратуры
Белдзяржуніверсітэта | |||||||||
|
Раздзелы
Пішыце нам: histbellit@tut.by Спасылкі Старонка Белдзяржуніверсітэта bsu.by Беларуская электронная бібліятэка www.knihi.com
|
КАЛЯНДАР 2 лістапада 2005 года 75 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Баршчэўскага (Алеся Барскага), вядомага паэта, вучонага-літаратуразнаўцы. Ён шмат гадоў узначальваў кафедру беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта, а г.зн. кіраваў працэсам падрыхтоўкі беларусістаў у Польшчы. Яго даследаванні па гісторыі беларускай літаратуры і фальклору роднай Беласточчыны з'яўляліся для шмат каго з мінскіх літаратуразнаўцаў прыкладам сапраўднай навуковай працы. Спадар Аляксандр з'яўляўся адным з ініцыятараў стварэння Міжнароднай Асацыяцыі Беларусістаў. Мы ведаем яго як шчырага і сумленнага беларуса, які шмат зрабіў, робіць і, упэўнены, будзе рабіць дзеля свайго краю, дзеля свае Беларусі. Яго жыццё прысвечана Беларусі, а Беларусь - гэта яго жыццё. ----- 21 красакавіка 2005 года 170 гадоў з дня нараджэння Ялегі Пранціша Вуля (1835 - 1880-я гг.), выдатнага паэта сярэдзіны ХІХ ст. Яго верш "К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка" лічыцца адным з лепшых узораў беларускай грамадзянскай лірыкі. На думку асобных даследчыкаў, Я.П.Вуль хутчэй за ўсё з'яўляецца аўтарам "Тараса на Парнасе" і "Двух д'яблаў". ----- 22 сакавіка 2005 года У 1864 г. расійскія ўлады (Мураўёў-вешальнік) пакаралі смерцю кіраўніка вызвольнага паўстання 1863-1864 гг. Кастуся Каліноўскага ----- 21 сакавіка 2005 года 165 гадоў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча (1840-1900), паэта і пісьменніка ХІХ стагоддзя. Аўтара бессмяротных зборнікаў "Дудка беларуская", "Смык беларускі", "Тралялёначка". ----- 13 лютага 2005 года 300 гадоў з дня нараджэння Францішкі Уршулі Радзівіл (1705-1753), пісьменніцы і драматурга. Для заснаванага ёю тэатра ў Нясвіжы напісала 16 драматычных твораў павучальна-маралізатарскага характару. ----- 2005 год Спаўняецца 240 гадоў з дня нараджэння Ігната Манькоўскага (1765-1832), беларускага публіцыста і, мажліва, аўтара "Энеіды навыварат". ----- 24 снежня 2004 года 220 гадоў з дня нараджэння Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага (1784-1825), вучонага-слаіста, аўтара славутай працы "Пра Славяншчыну да хрысціянства" (1818), якая моцна паўплывала на развіццё беларускага рамантызму. ----- 29 лістапада 2004 года 1450 гадоў з дня нараджэння Міколы Янчука (1859-1921), вучонага-славіста, літаратуразнаўцы. Аўтара шэрагу прац па гісторыі беларускае літаратуры. ----- 10 лістапада 2004 года 255 гадоў з дня нараджэння Мацея Радзівіла (1749-1800), драматурга і кампазітара. Аўтар лібрэта аперет "Агатка, або Прыезд Пана" (напісана разам з Я.Голандам да прыезду ў Нясвіж у 1784 г. караля Станіслава Аўгуста) і "Войт альбанскае вёскі" (1786). ----- 8 лістапада 2004 года 220 гадоў з дня нараджэння Тэадора Нарбута (1784-1864), гісторыка і літаратара. З 1812 г. жыў у сваім маёнтку Шаўры Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён) і займаўся даследаваннем гісторыі ВКЛ. Аўтар дзевяцітомнай "Гісторыі ліцвінскага народа" (1835-1841). Апублікаваў "Хроніку Быхаўца". ----- 2 кастрычніка 2004 года 185 гадоў з дня нараджэння Аляксандра (Крыштафа Яна Аляксандра) Незабытоўскага (1819-1849), літаратара і публіцыста. Вучыўся ў прыватных пансіёнах Варшавы і Дэрпцкім універсітэце. У 1844 годзе атрымаў дазвол на паездку на паўгода ў Заходнюю Еўропу на лячэнне. Але затрымаўся там на тры гады. За гэты час ён наладзіў кантакты з парыжскімі выдаўцамі і надрукаваў шэраг сваіх твораў. Арыштаваны ў 1847 г. на мяжы падчас вяртання на радзіму - маёнтак Смалічы на Случчыне. Улады абвінавацілі яго: 1) у знявазе "государя императора"; 2) у лютай нянавісці і пошуку сродкаў для знішчэння ўраду ў Расіі; 3) у напісанні заклікаў з мэтай узбунтаваць заходнія правінцыі;; 4) у чытанні і захоўванні кніг злачыннага зместу. Засуджаны на 20 гадоў катаргі ў сібірскіх рудніках. Памёр праз месяц пасля аб'яўлення выраку ў віленскай турме. Найбольш значнае ў спадчыне - брашура "Міцкевіч. Славянскія літаратуры" (Парыж, 1845) на французскай мове. Апрача таго ім напісаны ўтапічны раман "Мары пра каханне, славу і свабоду" (Парыж, 1845) на французскай мове; "Мае ўспаміны" (Парыж, 1845) на польскай мове; чатыры драматычныя творы на польскай мове: "Розамунда" (Вільня, 1844), "Барбара" (Вільня, 1844), "Ядвіга" (Парыж, 1845), "Кацярына Вялікая" (Парыж, 1845). Шэраг рукапісаў А.Незабытоўскага засталося ў рукапісах. Даследаваннем жыцця і творчасці пісьменніка займаўся С.Александровіч. На аснове яго кнігі - "Вольнадумец з-пад Нясвіжа Аляксандар Незабытоўскі" (Мн., 1975) - У.Арлоў напісаў апавяданне "Пакуль не згасла свечка". ----- 29 верасня 2004 года 210 гадоў з дня нараджэння Ігната Ходзькі (1794-1861), паэта і пісьменніка. Закончыўшы ў 1814 г. Віленскі універсітэт, ён нейкі час займаўся грамадскай дзейнасцю ў Мінску і Вільні, а пазней на стала пасяліўся ў маёнтку Дзявентня на Смаргоншчыне. І.Ходзька вядомы перш за ўсё сваімі "Ліцвінскімі малюнкамі" (26 гавэндаў, выдадзеных у 1840-1850, 1862 гг.) - мастацкім адлюстраваннем беларускай мінуўшчыны, а таксама "Ліцвінскімі паданнямі" (5 гавэндаў, выдадзеных у у 1852-1860 гг.) На беларускую мову пакуль перакладзены толькі "Успаміны квестара" (гл.: "ХІХ стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах". Мн., 1999. Кн. І; Мн., 2000. Кн. ІІ). ----- 16 верасня 2004 года 145 гадоў з дня нараджэння Браніслава Эпімах-Шыпілы (1859-1934), дзеяча беларускай культуры. Больш за 40 гадоў (1889-1931) збіраў матэрыялы ў сваю рукапісную "Хрэстаматыю беларускай літаратуры". Дзякуючы яму да нас дайшлі шмат якія тэксты помнікаў беларускага пісьменства. На пачатку ХХ ст. стаў арганізатарам і кіраўніком беларускага нацыянальнага руху ў Пецярбурзе, ініцыятарам выдавецтва "Загляне сонца і ў наша аконца". Рэпрэсаваны ў 1930 г., выгнаны з Беларусі савецкай уладай. ----- 7 верасня 2004 года 290 год з дня нараджэння Міхала Карыцкага (1714-1781), беларускага лацінамоўнага паэта і педагога. У 16 гадоў стаўшы езуітам, ён захоўваў адданасць ідэалам ордэна да канца жыцця. Надзвычай балюча перажываў М.Карыцкі з'яўленне булы рымскага папы (1773), якая забараняла дзейнасць езуітаў. Гэты ўчынак намесніка Бога на зямлі ўяўляўся яму фантастычным: як гэта можа пастух прагнаць ад авечак (простага люду) сабак (езуітаў) і пакінуць іх на з'ядзенне ваўкам, якія нахабна хлусяць:
Будучы рэктарам Мінскае ваяводскае школы і грамадзянінам Рэчы Паспалітай, М.Карыцкі ў марах жыў у іншай дзяржаве - Расейскай імперыі, у Полацку, дзе Кацярына ІІ пасяліла выгнаных амаль з усяго свету езуітаў. Ягоная прыхільнасць да Расіі вылілася ў шматлікіх вершах, што склалі аснову зборніка "Песні", выдадзенага ў Полацкай езуіцкай акадэміі ў 1817 годзе. ----- 30 жнівеня 2004 года 200 год з дня нараджэння Аляксандара Ходзькі (1804-1891), паэта, вучонага-славіста і арыенталіста. Сябры-філаматы высока цанілі ягоны паэтычны талент. Адам Міцкевіч бачыў у ім свайго смадкаемцу: Напачатку ў вершах А.Ходзькі выразна выяўляўся сентыменталізм, але пазней ён далучыўся да рамантызму, бо яму імпанаваў зварот да мінуўшчыны, фальклору. Паэт часта выкарыстоўваў фальклорныя творы розных народаў, у тым ліку і беларускага (балады "Маліны", "Васілёк"). Адарваўшыся ад роднай зямлі і захапіўшыся арыенталістыкай, ён больш не будзе займацца паэзіяй, адно што ў парыжскім Каледж дэ Франс чытацьме лекцыі па гісторыі славянскіх літаратур (1857-1883), у якіх, верагодна, згадваў і пра творчасць паэтаў з Бацькаўшчыны. -----
-----
----- 16 чэрвеня 2004 года 170 год з дня нараджэння Аляксандра Ельскага (1834-1916), літаратара, перакладчыка, краязнаўцы, публіцыста, гісторыка. У 18 год, атрымаўшы адукацыю (Мінская класічная гімназія), паступіў на вайсковую службу ў расійскую армію. Пасля Крымскай вайны падаў у адстаўку і пасяліўся ў фальварку Замосце на Ігуменшчыне (цяпер Пухавіцкі р-н), дзе ў 1864 г. заснаваў краязнаўчы музей. Літаратурна-публіцыстычную дзейнасць пачаў у 1860 г. як карэспандэнт "Kurjera Wilenskiego". Супрацоўнічаў з шэрагам польскіх выданняў ("Геаграфічны слоўнік", "Вялікая ўсеагульная ілюстраваная энцыклапедыя", "Край"), для якіх напісаў больш за 10 тысяч гісторыка-краязнаўчых артыкулаў пра гарады, засценкі і вёскі Беларусі. Для сялян на беларускай мове напісаў і выдаў вершаваныя і празаічныя брашуры "Сынок" (1895), "Выбіраймася ў прочкі!" (1896), "Слова аб праклятай гарэліцы" (1900), пераклаў першую частку паэмы А.Міцкевіча "Пан Тадэвуш" (1892). Падтрымліваў сяброўскія дачыненні з В.Дуніным-Марцінкевічам ды іншымі беларускімі літаратарамі другое паловы ХІХ ст. ----- 5 мая 2004 года 185 год з дня нараджэння Станіслава Манюшкі (1819-1872), кампазітара, музыканта і дырыжора. На лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча напісаў оперы "Рэкруцкі набор" (пастаўлена ў 1841 г.), "Спаборніцтва музыкаў", "Чарадзейная вада", "Ідылія" (пастаўлена ў 1852 г.). Славу прынесла С.Манюшку опера "Галька" (напісаная ў 1847 г. на лібрэта Ул.Вольскага, пастаўленая 1854 г. у Варшаве, а ў 1856 г. у Мінску). У 1922 г. Янка Купала пераклаў лібрэта на беларускую мову (пастаўлена ў Мінску Дзяржаўным акадэмічным Вялікі тэатрам оперы і балета БССР у 1975 г.). ----- 18 красакавіка 2004 года 190 год з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча (1814-1873), гісторыка, археолага і краязнаўцы, заснавальніка і старшыні Віленскай археалагічнай камісіі, аўтара кнігі "Opisanie powiatu Borysowskiego" (1847), дзе змешчана апісанне вясельнага абраду, калядаў і вялікадня, а таксама шматлікія фальклорныя тэксты. ----- 16 красакавіка 2004 года 140 год з дня нараджэння Аляксандра Слупскага (1864, г.Слуцак - пасля 1907), гісторыка і публіцыста. У 1892 і 1893 гг. ён выдаваў "Северо-Западный календарь", дзе апублікаваны творы на беларускай мове (вершы і пераклады Я.Лучыны: "Пакуль Новы год настане на свеце", "Роднай старонцы", "Горсць пшаніцы", "Стары ляснік", Надта салодкія думкі", "Ямшчык"). Шмат друкаваў ў газетах "Минский листок", "Минские губернские ведомости" артыкулаў і апавяданняў па гісторыі і культуры Беларусі. Яго нарыс "Стары Мінск" ("Минский листок". 1895. №35) прысвечаны беларускаму літаратурна-грамадскаму руху сярэдзіны ХІХ ст. і ролі ў ім В.Дуніна-Марцінкевіча. З 1893 г. жыў на Урале. ----- 10(22) сакавіка 2004 года 140 год з дня смерці Кастуся Каліноўскага (1838-1864), таленавітага публіцыста, кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі. ----- 9 сакавіка 2004 года 190 год з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (1814-1861). ----- 4 сакавіка 2004 года 80 год з дня нараджэння Аляксандра Фаміча Коршунава (1924-1991), вядомага беларускага літаратуразнаўцы- медыявіста. Ён аўтар манаграфіі "Афанасий Филипович: Жизнь и творчество" ( Мн., 1965). Вывучаў творы даўняй беларускай пісьменнасці. Падрыхтаваў і выдаў: "Дыярыуш" Багуслава Казіміра Маскевіча, "Дыярыуш" Адама Каменскага-Длужыка, "Лісты" Філоны Кміты-Чарнабыльскага, "Баркулабаўскую хроніку", "Успаміны" Яна Цадроўскага, "Дзённік" Фёдара Еўлашоўскага. Быў укладальнікам двух выданняў твораў Ф.Скарыны (Прадмовы і пасляслоў. Мн., 1969 і Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія. Мн., 1990). А найбольш вядомай яго кнігай, па якой вучылася некалькі пакаленняў беларускіў філолагаў, з'яўляецца "Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры" (Мн., 1959). ----- 29 лютага 2004 года 140 год з дня нараджэння Эмы Яленскай-Дмахаўскай (1864-1919), беларускай фалькларысткі, этнографа, пісьменніцы. Паходзіла з Мазыршчыны. Пад уплывам Яна Карловіча пачала запісваць фальклор. Яе асноўная праца - "Вёска Камаровічы Мазырскага павету" (1891, часопіс "Вісла"). Гэтую ж працу яна прапанавала французскаму часопісу "Традыцыя" (1894-1895). У архіве захаваўся яе рукапіс "Беларускі казачны эпас", выдадзены ў 1976 г. Пісала раманы і аповесці. -----    22 лютага 2004 года    Спаўняецца 190 год з дня нараджэння Оскара Кольберга (1814-1890), этнографа і фалькларыста. Працаваў настаўнікам, у тым ліку і ў Беларусі. Запісваў беларускі фальклор, першая публікацыя якога - "Вясельныя звычаі і абрады з Палесся" - здзейснена ў 1889 годзе. У ХХ стагоддзі выдадзены "Поўны збор працаў" О.Кольберга ў 69 тамах. Беларускія матэрыялы ўвайшлі ў 52 том - "Беларусь - Палессе". Тут змешчана 723 песні (105 з нотамі), казкі, паданні, апісанні вяселляў, пахавальных абрадаў, апісанні звычаяў, прымхаў, забабонаў. ----- | ||||||||