Да зместу

АНАНІМНАЯ ЛІТАРАТУРА

ПЕСНЯ ПРА ЛАЗАРА

Жыў сабе пан багаты,

Шмат меў срэбра, шкарлатаў

І каштоўныя шаты.

Еў, піў, гулі разводзіў,

Дзень і ноч так праводзіў,

У сэрцы пыхі меў годзе;

Рассядаўся ў пакоі,

Еў і піў да ўбою,

А брат мучыўся ў гною.

Ведаў, што быў у зацішку

І ляжаў там паблізку,

А яды? Хоць бы з міску.

Хоць абедзену б скварку

Ці віна бела чарку –

Не пашле небараку.

Ў крэсьле пан засядае,

З яды вусны ўцірае,

А Лазар замірае.

Багач «віват» гукае,

Дзень, ноч музыка грае –

Бядак слёзы глытае.

Лазар стогне ад мукі,

Ў ранах ногі і рукі, –

Багач не ў дакукі.

Сам скрануцца не можа,

Ўся парвана адзёжа.

Ўсё ўздыхае: «Мой Божа!»

Багач, йдучы з сьвятліцы,

Дзе так Лазар сьлязіцца,

Вокам кінуць баіцца.

З гэткім сэрцам цэгляным,

Пыхай чорнай убраным,

У той бок ані глянуў.

Лазар вочы падносе,

Як калека ў бядоце,

Гэтак жаласна просе:

«Ты йдзеш, братка, сюдою,

Ласку ж мей нада мною,

Зжалься над беднатою,

І пазнайся на болі,

На маёй злэй нядолі,

Даць скажы хлеба-солі.

Вышлі каплю вадзіцы,

Каб хоць чуць асьвяжыцца, –

Мне, хвораму, абмыцца».

Кажа як не да рэчы,

Ўвесь гарыць, як у печы:

«Браце, мой чалавечэ!

Пачынай сабе скромне,

Аба мне ў сэрцу помні,

Мілым словам успомні;

Не брыдзіся – хоць панам –

Так благім братнім станам,

Каб ня быў пакараным».

А багач азірнуўся,

Як індык той надуўся,

К бедняку так зьвярнуўся:

«Што, быдлё, ты мармочаш?

Са мной разам сесці хочаш?

Сваяка з сябе корчыш:

Уздумаў братам мне звацца –

Не хачу з табой знацца,

Твайму лганьню ўслухацца.

Я багач ўсяго сьвету,

Маю коні, карэту –

Ты які пан на гэта?

Маю двор, і сьвятліцы,

І сады, і крыніцы;

Скарб твой – чэрві, як сьпіцы.

Маю дом багацтв поўны,

Каралеўскім ён роўны –

Чалавек ты нікчомны;

Маю атлас, пурпуры,

Сабалі і ваўчуры –

На табе ж латы, дзюры.

Крэсел, лаваў савіта,

Сьцены срэбрам абіты,

І жыву знамяніта;

А твае плот – пакоі,

Мрэш сабачай ядою,

А твой стол – кучы гною.

Дзе ў цябе тут банкеты,

Марцыпаны, паштэты?

Я ўсё ем, але дзе ты?

Што ляжыш тут пад небам

Аб вадзе і аб хлебе –

Мне такіх непатрэба.

Ў скрынях маю ў вастатку,

Грошы многа ў дастатку –

Не баюся прыпадку,

Бо хто ж можа забраці

Мне маё ўсё багацьце,

Скарбы хто мне расхваце?»

Плюнуў беднаму ў вочы –

Вось багач які ў злосьці.

І так з гэтага змору

Ў двор пашоў багач скора,

Поўны пыхі, ганору.

лазар зьліўся сьлязамі,

Сьціснуў толькі плячамі,

У неба глянуў вачамі.

Ад усіх пазабыты

І ад брата прыбіты,

Не абдораны сыта.

Хоць сабакі ў літосьці

Яму зносілі косьці,

Сьцераглі так ад млосьці.

Яго скулы лізалі,

Раны так абмывалі,

Душу ў целі трымалі.

І так Лазар у бярлогу

Аддае душу Богу,

Там ля братніх парогаў.

Ў небе, быццам на сьвяце,

Сталі трыумфаваці,

Як стаў Лазар канаці.

З так мізэрнай пасьцелі

Ў неба ўзялі анэлі

Лазара к Збавіцелю.

Пасадзілі на троне,

На Абрамавым лоне,

Ў шчасьлівасьці кароне.

«Ужо тваё, Лазар, сьвята,

Ты ад Бога прыняты,

Твой брат будзе пракляты.

Ты ўжываеш вясельля» –

Вось словы Збавіцеля,

Душы Адкупіцеля.

Як прайшло часу мала,

Што ж з багатым тым стала?

Чарцей ліха прыгнала:

Прыляцелі, напалі,

«Ужо пара, – закрычалі, –

Йсці табе ў пекла далей!

Не рабі тэстамэнтаў,

Годзе плачу, лямэнту».

На чарцей паглядае –

У хаце поўна іх зграя;

Ён са страху ўздыхае.

Як яго скон заскочыў,

На верх вылупіў вочы

І зубамі ляскоча.

А тут чэрці-вужакі

Ужо даюцца у знакі:

Як на звера сабакі,

Адарвалі пустошу

Ад усіх скарбаў, ад грошы,

Паняслі ў пекла ношу.

Там пячэцца ён штодня

За свае усе збродні,

А язык – як паходня.

З галавы рве валосьсе

І жалосна галосе

Да Лазара ў нябёсах:

«Сьвяты браце, Лазару,

Глянь, што маю за кару,

Памажы ў гэтай гары:

Змачы палец у моры,

Капні мне ў маім горы,

Зьменшыш смагу мне скора».

Лазар так яму кажэ:

«Я нічога не ураджу;

Век бяду цярпі, вашэ».

А багач адазвецца:

«Дрэнна мне тут вядзецца,

За ўсё жаль маю ў сэрцы.

Свайго Лазара-брата

Пагарджаў я, пракляты,

Як ляжаў ён за хатай.

Што не даў брату хлеба,

Як была ў ім патрэба, –

Плату маю ад неба.

Дастаткі і пухары

Памаглі ў гэтай кары,

Што ня помніў ахвяры.

За саеты і слугі

Злыя тузаюць духі

І ў смале вучаць скрухі.

З аксамітаў абдзёрты,

У вагонь вечны ўпёрты,

Я цярплю тут ліхоты.

Хараство зьлезла зь цела,

Высах твар ачарнелы,

Шыя акачанела.

За гульні і музыкі –

Скаргі, плач скрозь вялікі,

«Гора нам!» чую крыкі.

Німа тых, што гулялі

І грашыць памагалі,

Дзень, ноч банкетавалі.

Сірата сам, цярпі ты,

З срэбра, шатаў пазбыты –

На гэта заслужыў ты.

Сваяка не сыскаці,

Што б памог небарацы

На сьвет зь пекла дастацца.

Маці выклята была,

Што мяне нарадзіла,

І зямля, што насіла.

І мае дні пракляты,

Што калісь быў багатым,

Забываючы брата.

Ужо ня выйду на векі

З гэтай пеклянай сьпекі,

З Боскай выпаў апекі».

АБ СТРАШНЫМ СУДЗЕ

Ваструбіць архангел – і мёртвыя васстануць,

А прад судам страшным нагія паўстануць.

Там убогі і скарб многі,

Там ўладыкі і калекі –

Усі роўна стануць.

Царые і князі без слуг, без адзежы,

Без скарбаў, без жаднай надзежды,

Стануць нагі, без павагі, без радзіны,

Без дружыны, самі сабою.

Сядзячаму на прастоле мусяць атвет даці,

Як ся справавалі без боскай благадаці.

Ах, мой Божа, паможа,

Бо шатана зла, хітра здрада.

Бо там на вымовы не зраць,

Ні на роды, ні на парсону,

Ні на прэжны свары, хто што зробіць,

Хто што стварыў, люб благое, люб тэж злое,

Яўна там будзець.

Ўсе там дзялы нашы адкрыюцца яўна,

Грэшным на стыд вечны,

А верным на славу.

У БЭТЛЕЕМЕ, УБОГІМ ДОМЕ

У Бэтлееме, убогім доме,

У Іесіёвым і Давідовым,

Стварыцель ніне ляжыць на сене;

Вол і асляця грэюць дзіцяця.

Анёлы з неба ўсім даюць знаці,

Каб шлі пасполу Бога вітаці.

Самай паўночнай глухой гадзіны

Першы пастыры беглі к яскіні.

Кузьма з Дзямянам прад Хрыстам Панам,

Пад самым дахам сталі са страхам.

Першы Мікіта рад Бога віта,

Пры яслях стаўшы, кучомку зняўшы.

Саўка з Яхімам, сваім братымам,

Скора прыспелі, зараз запелі.

Карусь з Тарасам гудзелі басам,

Бутрымка з Кантам пішчаць дышкантам.

Дзямід з Данілам загралі міла.

Барыс з Пратэсам спяшалі лесам,

Міхайла долам спяшаў з Антонам,

Грысь з Маланнёю гналі раллёю.

Раман з Ігнатам, са сваім братам,

Плылі тудою Эўфрат-ракою.

Ярэмка з Косцем быў першым госцем,

Сядзеў ў куточку на палазочку,

Цяртуху нюхаў, музыкі слухаў.

Назар з Карною прад храміною

Цераз канаўку паклалі кладку

Рупнай душою з рэзнай ступою.

Аўдзей паловы прынёс аслові,

Гаўрыла ў вечку – бычаці сечку.

Звечна падданы ўсе Іваны

Рубяць масточак цераз паточак.

Ў той час рыбакі нуцілі ракі,

Усе па плаціцы далі Уладыцы.

Ярмей з Гапонам – валы з прыпонам.

Ёнас з Юргасам, з пушчы літвіны,

Няслі Хрыстові з салам бацьвіны.

Хімка з Агапкай, дзве маладзіцы,

У дар Хрысту далі коўш галавіцы.

Астап з Макрэем, трэцім Нупрэем

Цяглі барана да Хрыста Пана.

Піліп з Макарам – са свойскім дарам,

З нівы радзімай, імі любімай,

Два хлябы ўзялі, Богу падалі.

Малады й стары, усе пякары,

Разам з арочы (?) неслі калачы.

Знахарка Дося спякла парося,

Пакуль паспела, сама ўсё зела.

З радасці оны чэрнцы паклоны

Ныне злажыці к Богу бяжыце.

І вы, чарнічкі, у чаравічкі

Абуйце ногі з радасці многі.

Вы, небажаты, малы хлапчаты,

Спяшайце к Богу ў стайню убогу.

Кушняры, з футра надрэце кутра,

Краўцы, прастаньце скраўкі хаваці:

Сам Бог работу рачыць вам даці.

Кавалі, гвоздзі зрабеце з копу,

Абы абіці тую там шопу.

Гантары, гонтаў і лат дадайце,

Сталяры, дзверы хутчэй гатуйце,

А вы, слясары, іх прырыхтуйце.

Усе шныцары, купна з маляры,

Да тае шопы робце аўтары.

Шкаляры, балоны да шопы оны

Папрыпраўляйце, чэсць Богу дайце.

А вы, стальмахі, робце лектыкі

Для прадвечнога Богу Ўладыкі.

А вы, музыкі, скрыпкі вазьмеце

І Бога Спаса развесялеце.

Рымары, узды і хамуціны

Прывезлі ў дары Божай дзяціне.

Вяльможны паны, грэкі, рымляны

Чэсна ўхадзілі, дары лажылі.

Дай жа, о Божа, усім цябе знаці

І на нябёсах блізь цябе стаці.

УВАСКРЭСЕННЕ ХРЫСТОВА

Кажуць, быццам маладзіцы

Не хазяйкі, лідаўшчыцы,

І пужлівы, як бы зайцы!..

Аж няпраўда, мае братцы.

Вот Марыя сярод ночы

Пусцілася са ўсёй мочы,

Плачучы, на гроб Хрыстоў,

На Галгофу, між кустоў.

Паздзірала вельмі ногі,

Бо баялась сінагогі.

Ды як стрэціла Хрыста,

Ён яе спрасіў спраста:

«Што ж ты, мая маці, плачаш?

Я васкрэс, сама ты бачыш,

Хоць жаўнерам далі плату,

Штоб брахалі там Пілату,

Што іх змог найкрэпкі сон

І Хрыста хтось вынес вон.

А я многа меў работы

Падчас святое суботы,

Пакуль пекла пагасіў

І Адама ўваскрасіў».

Як пачула злая сіла,

Што самую смерць скасіла,

Што Адам смяяцца стаў,

А Майсей крыжалі ўзяў –

Чорт падскочыў к Аарону

Спраўку вывесць па закону:

Ці прыйшоў Месіі час,

Штоб ад пекла ўсіх ён спас?

Аарон ачкі надзеў

І ў Біблію паглядзеў,

Не уцерпіў – засмяяўся.

Чорт адразу дагадаўся,

Што Хрыстос ужо ўваскрос,

І ў таске павесіў нос.

Чорт закрыў пякельну яму,

Аж Хрыстос ідзе к Адаму.

Дзвер раскрылась перад ім,

Мур рассыпаўся, як дым.

Смерць ляжала ў куточку

І грызла сваю сарочку,

І, надуўшыся, спала,

І на Бога штось пляла.

Чорт хацеў пусціцца ў драку,

Хрыстос даў яму тумаку.

Прад Хрыстом – ні мёртв ні жыў.

А Хрыстос яго спрасіў:

«Дзе старэнька баба Ева,

Што грызнула плод ад дрэва?»

Качарэжку ў лапы ўзяўшы,

Чорт, у печцы памяшаўшы,

Дастаў Еву з жаркай печы,

Абгарэлі яе плечы.

За ёй вылез і Адам,

Аж Хрыстос здзівіўся сам, –

Як прыняў Адам той кару:

Пачарнеў увесь ад вару,

Ўвесь пабіт і пакалот,

З голаду запаў жывот.

Адам слёзамі заліўся,

Хрысту ў ногі пакланіўся.

Горка горка зарыдаў

І на Еву паглядаў.

Ўзяў яго Хрыстос за рукі,

Расказаў пра свае мукі,

Апусціў абоіх у рай,

Штоб забылі гэты край.

Адам з пекла задаў драла,

З ім чуць Ева паспявала.

Шыбка бег ён, аж спацеў,

Зато ж першым прыляцеў

І з сабою цэлу зграю

Ён прывёў да божжа раю.

На бягу дагналі Лота,

Аж крывава пена з рота,

Як ён чыніць ў райскі сад,

Не агляжаясь назад.

Ной старэнькі спатыкаўся

І да раю прадзіраўся;

Слаўны багатыр Самсон,

Што быў вельмі лас на сон

І што здаўся на спакусу,

Крыкнуў Навіну Ісусу,

Штоб ён сонца прыдзяржаў,

Пакуль вечар не настаў.

Тут падскочыў Маісей

І пагнаў яго скарэй,

Што б дарогу даць Якубу,

Бо пазаду, ва ўсю губу,

Ілля ехаў на канях –

Гром пушчаў такі, аж страх.

За ім пёрся Алісей –

Нёс армяк ў руцэ сваей.

А за ім святы Яфет

Нёс і шаблю і мушкет.

І забыўшы стару драку,

Шоў Адам па бок Ісаку.

Тут прамудры Саламон

Зазваніў у райскі звон.

Сталі райскія вароты

Насцеж ў дзень новай суботы.

Праведныя душы выйшлі.

Ілія на конях ў дышле

Алісею жаў жупан,

Расступіўся Іярдан.

Ўсе сабраліся па звону.

Па заслугах, па закону

Пасадзілі ўсіх за стол,

Ім падалі хлеб і соль.

Сам Бог яйцамі златымі

Пахрыстосаваўся са ўсімі.

Разгавеўся святы мір

І пачаўся вечны пір.

Новае падалі піва.

Тут Давыд, усім на дзіва,

Прыударыў ў гуслі так,

Што не ўцерпелі ніяк.

Сара ў тую жа гадзіну

Прэж ўсіх выйшла на срадзіну,

З Аўраамам ў танец шла,

Ўсіх на ногі падняла.

Ісак, працёршы вока,

Стаў з Рэвекай Сары збоку,

Якаў кінуў свой кастыль,

Стаў пры іх, узяў Рахіль.

Тут прыдаў Іуда жару,

Ўзяўшы под ручку Тамару.

Тут прыпомніла Эсфір

Красен з гуслямі Псалтыр,

Тут ударылі ў тымпаны,

Ва ўсе струны і арганы,

Аж да алтаровых рог,

Што бы быў праслаўлен Бог.

Тут і бабкі, тут і ўнучкі –

Ўсе пабраліся за ручкі,

Пайшлі бойка ў карагод.

Слава Богу з роду ў род!

          *       *       *

Вас з празднікам паздраўляю,

Святой долі вам жалаю.

А для вашага пяўца

Досыць краснага яйца.

Прынясіце, маладзіцы,

Чыстай з рэчанькі вадзіцы,

Калі ўжо выцекла яна –

Дык хоць зелена віна.

*        *         *

Гэй на гары, на высокай цэркаўця святая,

Там пападзія да цэрквы людзі заклікала.

Прыйшлі людзе да цэрквы богу ся маліці,

Не зналезлі попа ў цэркві, шоў да карчмы піці.

Пайшлі людзе да карчмы, папа выганяюць:

– А чыж то тут, гаспадзіне, службу адпраўляюць.

Білі попа кіёма, білі абухома,

Уцякаў поп чэрэз поле з сваімі кнігома.

Уцякаў поп чэрэз поле, згубіў чэрэвікі,

Самі оны паспадалы, бо былі вялікі.

Пападзія, добра жонка, вельмі нажэкала:

– Ніколі я таковэго попа не звідала.

– Пападзія, красно жонко, чом мене так лаеш?

– Не дзівуйся, гаспадзіне, чом ся ўпіяеш?

ПЕСНЯ БЕЛАРУСКІХ ЖАЎНЕРАЎ 1794 года

Возьмем косы ды янчаркі,

Пойдзем гордыя гнуць каркі.

Няхай Москаль уступае,

Няхай Беларусаў знае.

Ўжо Мазуры іх пабілі,

З сваей зямлі выганілі.

Пойдзем з імі і злучымся,

Маскве, Немцам не дадзімся.

Ну жа, хлопцы! Ну жа жыва.

Цяпер маем для нас жніва.

Гасподзь Бог нам у помац стаець,

Нашу славу нам вертаець.

Ну жа, жыва вы, сотнікі,

Вы, малойцы-дзесятнікі:

Дамо сабе рукі ўзаем,

Бацькаўшчыну адзыскаем.

Атаманы і Казакі,

Бійма Маскву і Прусакі.

Калі ўсіх іх вытаўчэма,

Тагды ў сяло павярнема.

Помнім добра, што рабілі,

Як нас дзёрлі, як нас білі.

Дакуль будзем так маўчаці,

Годзі нам сядзець у хаці.

Каней нам пазаязджалі,

Што хацелі, то і бралі.

Пойдзем жыва да Касцюшкі,

Рубаць будзем Маскалюшкі.

Нашто зямлю нам забралі,

Пашто ў путы закавалі?

Дачкі, жонкі нам гвалцілі!

Трэ, каб мы ім заплацілі.

Пагуляем, пагуляем,

Камендантаў ўсіх пазнаем.

Маскалёў, Нямцоў ў балоці

Будзем рэзаць і калоці.

Ці ўжо мы усе сабакі?

Гаспадары – не бурлакі.

Зашто маем крыўду знаці?

Зашто церпіць наша маці?

Прадавайма аўцы, волы,

Жыта з свірна ды ўсе долы.

Няхай ксёндз нас пасвянцае,

Няхай Бог нам памагае!

Бывай здарова, Грыпіна!

Параска! Мая дзяўчына!

Ад вас цяпер адязджаем,

Да Касцюшкі ўсе прыстаем.

Калі назад павярнемся,

Тагды з вамі уціснемся.

Вольнасць для нас паны даюць

І за людзей нас прызнаюць.

Здрада ёсць ужо ў сенаце.

А мы будзем гніць у хаце?

Возьмем кочы ды янчаркі,

Пачнем гордыя гнуць каркі!

Ну жа, хлопцы, ну жа, жыва.

Пагуляем, мае жніва!

Пагуляйма! Пагуляйма!

Ды Маскаля ўраз прагнайма!

ЗАЛЁТЫ АДНАГО ГАЙДУКА ДА ПРАЧКІ
KĄNKURĘCYA PEWNEGO HAJDUKA DO PRACZKI

Jak cietrew siedząc w Jelniczku bałbocze

tak moie serce do ciebie sakocze.

Serce moie rwietca własnie jak atosa,

gdy zacznie targać praklęta kalosa.

Choć wieraszczaka, kiłbasy dzieląka

y ta niesmaczna bez ciebie, kochanka.

Hdzież Ty prepadła mnie ruciwszy w smutku,

Czy Prachi wzięli, czy hdzie siedzisz w kutku?

Jastrąb letaiąc w kibciach swoich tryma

Ptaszku zławlonu, a drugi odnima.

Biedne moie serce w kaławrocie chodzi,

bez mey kochanki nichto nie ochłodzi.

I dziergun smutny na wiosnu dzierguie,

Samiczku wabiąc ziazulka kukuie.

Ach, y mnie ciężko na sercu skrabuie

Po mym serdęku szto wżo niewiduie.

Biednie Ja ciepier iak wiłk zawsze wyie,

zgubił wilczycu, a sam nudu piie.

Wysuszyłeś mnie jak skibku na grędzie,

Kiedy ż me serce smutku pozbędzie.

Wiedaysz ciepier co będzie dziełaci,

zapręgszy kania poiedu szukaci.

Po całym swiecie do moiey kochanki,

Jest u niey czuha y czarne obaranki.

Ja wżoż nasochsia, jak łapać na pieczy,

horkaja dola chtoż mianie poleczy.

Rwutca maie żyły, jak huży w chamucie,

kiedy ż przybędziesz y siądziesz na kucie.

Do yry [?] na ynteres wielkiu sprawu maju,

Ja serdecznie ku tobie spryiaiu.

Asłyca wielkim zawsze krągam chodzi,

Precie ż z tesknicy serce nie wybrodzi.

Mięsiąc złacisty w nocy przeswiacuie,

A ia kochanki nigdy nie widuie.

Y Gwiazdy swiacuia nieba nieposępna,

kiedy ż kochanka nie jest przystępna.

Niedzwiedziu, wiłku, rysiu y wiepru dziki

w swoiey zesknicy nie maiuć praktyki.

Choć srogie i mocy y siardzity lewu

nigdy na niedolu swego niema gniewu.

Bo choć odnidzie, zaraz głosem kryczy

y swoiey samiczki kochanki prikliczy.

A ia ciężko biedney wołam krykiem płaczę,

a moiey kochanki nigdy nie obaczę.

Smutku moy gorki, patr, jak ciebie lublu.

Kiedy nie przybędziesz, to siebie zahublu.

Prinamniey pohladz, pokul żytcia stoyć,

a kiedy pomre, to sie będziesz boyć.

Zatym za more poleciał szyrokie,

że bym miał skrydła szukać choć hłybokie.

A tam znaszodszy nizki pokłon daię,

bo twoym szczyrym prawdziwym zostaię.

Да зместу



Hosted by uCoz