Да зместу

 
Ян Баршчэўскі

Курганы

    У дарозе цяжка ў спёку,
    Коней сціш, тут цень і холад.
    Коней падганяе голад,
    Дай спачыць ім, дай аброку,
    Дый вада тут недалечка,
    Ля карчмы смяецца рэчка.

    Пехатой ідуць аблокі
    З возера вады напіцца.
    Пад гарой звініць крыніца,
    На раўніне дуб высокі.
    Лесам курганы прыспаны.
    Касцёл блізка мураваны.

    Вось ідзе падданец кія
    З поля на дарогу й крэкча,
    «Ці не скажаш ты, старэча,
    Гэта курганы якія?
    Можа, крыжакоў магілы?
    Ці спачынак іншай сілы?»

    - Звеку кажуць і даводзяць,
    Гэта крыжакоў магілы.
    Тут капаюць дол астылы,
    Зброю ржавую знаходзяць.
    І сказаў мне пра здарэнне
    Жудаснае да знямення.

    Тут калісьці ў нашым краі
    Жыў якійсьці чужаземец,
    Ці француз ён а ці немец,
    Аніхто ўжо не ўзгадае.
    Ні ў нядзелю, аніколі
    Не бываў ён у касцёле.

    І не меў, вядома, шаны
    У суседзяў, бо нібыта
    З чортам ладзіў сябравіта,
    Дый памёр неспавяданы.
    Твар меў жудасны на подзіў -
    Кожны позірк свой адводзіў.

    Страшныя астанкі звычна
    Грамада ў труну хавае,
    Свенціць ксёндз вадой, спявае
    Requem eternam зычна.
    І труну пад голас звона
    У касцёл нясуць сцюдзёна.

    Ля касцёла за ракою
    У суседзях з курганамі
    Жыў юнак за туманамі,
    Не даваў усім спакою.
    Зухаваты, дзёрзкі, ўпарты
    І са зданяў строіў жарты.

    Пахваліўся: «Перш чым зграю
    Уначэлых цёмных жахаў
    Пеўняў крык прагоніць з гмахаў,
    Жарт з нябожчыкам сыграю,
    Волас выстрыгу з вусішча,
    Хай жа здань мне ўслед пасвішча».

    Як сказаў такія словы,
    Адступацца недарэчна,
    Гонар страціць небяспечна.
    Хлопец быў на ўсё гатовы.
    Дзверы кутыя паволі
    Адамкнуў - і ўжо ў касцёле.

    Ды сама найшла трывога,
    Глуха скрозь, глядзіць з ваконца
    Маладзік - заступнік сонца.
    Ён малітву ўзнёс да Бога,
    Ўзяўшы з алтара распяцце,
    Каб прагнаць вякоў закляцце.

    З крыжам хлопец пасмялелы
    Да мярца йдзе без супыну,
    Адмыкае дамавіну -
    Бачыць чорны труп згарэлы.
    Вочы ўпалыя, як днішчы,
    Сівыя тырчаць вусішчы.

    Ён за вус, а здань рукою
    Вус хапае ды вачамі
    Зырыць, склыгае зубамі,
    І ўстае, і галавою
    Круціць. Хлопец стаў, як хворы -
    Дзверы ён забыў на хоры.

    І на сходцы крыж узмашны
    Ён паклаў; бяжыць нябожчык,
    Зірк на крыж - і глухне пошчак,
    Крыж асуджанаму страшны.
    І жахлівае аблічча
    Пасярод касцёла кліча:

    «Вырачэнцы-душы, ўстаньце,
    Вашы жыцці свет жахалі,
    Тут вас курганы прыспалі.
    Хоць на свет здзічэлы гляньце.
    У крыжацкай непакоры
    Штурмам возьмем, возьмем хоры».

    Задрыжэла ўсё наўкола,
    Гэткі голас быў пагудны,
    Быццам бы труба у дзень судны.
    Курганы як раскалола.
    У глухой цвінтарскай тхлосці
    Грукаюцца труны й косці.

    Падымаюцца шкілеты,
    Ў іх з насоў, з ратоў нялюбы
    Сыплецца пясок праз зубы;
    Труны, ржавыя стылеты,
    Бач, нясуць, хадою шпаркай
    Крочаць, месік знік за хмаркай.

    Лярвы кідаюць дакоры
    І касцёл перапаўняюць,
    На труну труну ўскладаюць,
    І па трунах аж на хоры,
    Як па сценах пары-ў-пары
    Лезуць страшныя пачвары.

    Ксціўся ён анёльскім сказам.
    Як імя Езуса ўчулі,
    Паляцелі долу ў гуле
    Косці з узбраеннем разам.
    Труны падалі вясёла,
    Ноччу гром грымеў з касцёла.

    Зоркі йшлі сваёй дарогай,
    Ды ўцяклі хутчэй за хмары.
    Зрэдку маладзік паджары
    Пазіраў на ўсё з трывогай.
    Там над цвінтаром без жалю
    Совы крыллем лапаталі.

    На нагах ужо шкілеты,
    На труну труну ўскладаюць,
    Штурм нанова пачынаюць,
    Мечы ржавыя, стылеты
    Помста ўзносіць перад бітвай -
    Не памогуць крыж з малітвай.

    Ксціўся ён анёльскім сказам.
    Як імя Езуса ўчулі,
    Паляцелі долу ў гуле
    Косці з узбраеннем разам.
    Труны падалі вясёла,
    Ноччу гром грымеў з касцёла.

    Рана бліснуў дзень праменнем,
    Молячыся за памерлых
    Асвячонай веры верных,
    Ксёндз заходзіць са здзіўленнем
    У касцёл, і лоб ягоны
    Пакрывае пот сцюдзёны.

    І прыбеглі з вёскі людзі,
    Як пабачылі шкілеты,
    Труны, ржавыя стылеты,
    Спалатнелі ў перапудзе.
    Сэрца ў кожнага дрыжэла.
    Роспыты пайшлі нясмела.

    Узнялі на хоры вочы -
    Там юнак знямелы, белы.
    Ён пасля, паздаравелы,
    Распавёў пра жахі ночы.
    І прыгадваў з дрыжыкамі
    Пра сустрэчу з крыжакамі.

    Змоўк стары. Найшло сутонне.
    І зірнуў на курганы я,
    І згадаў часы былыя,
    Загадаў запрэгчы коні.
    Едзьма! Час вячорны можа
    Залагодзіць падарожжа.

    [1841]


    Каментары

    Упершыню на польскай мове ў альманаху «Niezabudka» (T.III. 1842).
    Пераклаў Рыгор Барадулін


Да зместу



Hosted by uCoz