Да зместу

 
Ян Баршчэўскі

Роспач


    Там, дзе бор па ўсім абшары
    Плоціць ветру й сонцу плату,
    Елкі ценяць, быццам хмары,
    Чарнакніжнікаву хату.
    Чарнакніжнік з твару шэры
    Хоча з пекла слуг склікаць,
    Кнігу ўзяў, а на паперы
    Чорнай белы друк відаць.
    Ён упоўнач пеклу штосьці
    Кажа таямнічым словам.
    Праз вакно ўлятае ў госці
    Чорт з абліччам кажановым.
    Тхне ад чорта духам зяблым,
    Чорны чорт увесь, як крук.
    Чарнакніжнік мовіць з д'яблам,
    Хтось у дзверы грук, грук, грук.
    - Хто там гэткі безгаловы?
    Спяць звяры лясной сям'ёю.
    Сну не маюць толькі совы.
    Што табе такой парою?
    «Тут перад табой баярын,
    Роспач мой спакой падсекла.
    Ты над пеклам валадаран,
    Мне патрэбна помач пекла.
    Я гуляў у карты, страты
    І даўгі лічу на мілі.
    Мой маёнтак і дукаты
    Прыяцелі падзялілі.
    І яшчэ абразы зношу,
    Позіркі, што горш ад дзідаў.
    Не хачу адпрошваць грошы,
    Што я тысячамі кідаў.
    Жонку я шукаю, раптам
    З ёй забагацею смела,
    Хоць страшыдлішчам была б там,
    Золата каб толькі мела.
    За гарамі, за барамі
    Ваявода замак мае,
    Важыць золата мяхамі,
    З ім дачушка маладая.
    Пекла да тваіх паслугаў.
    Заплачу табе не мала.
    Так зрабі, каб лёс паслухаў,
    Каб маёю Альда стала.
    Хай жа Альда - а не ўпотай -
    Выбар скажа свой, хай ціша
    Ў схоў за золата з ахвотай
    І маю душу запіша».

    Ценіцца над кнігай пража
    З неспасціжных словаў, рухаў.
    Крэсліць кола, штосьці кажа,
    Кліча з пекла ўладцу духаў,
    Кажа: «Раз непалахлівы,
    Роспач зніме як рукою.
    Тут вось чорны кот мурклівы.
    Забірай ката з сабою.
    Кроч дарогай - ля дарогі
    Ёсць капліца, што ўчарнела,
    Да капліцы без трывогі
    Кроч і ў дзверы грукай смела.
    Хтось адчыніць дзверы сцяты,
    Дасць далонь - не прэчся ў спудзе,
    На далонь яму ката ты
    Пакладзі, чакай, што будзе.
    Рупся, бо як заспявае
    Певень, духі згубяць змогу».
    Страх баярына сціскае,
    Ды з катом ідзе ў дарогу.

    Лес густы дарога ніжа,
    Жахі ўпотай шчэраць ляпы.
    Кот глядзіць на рукі хіжа,
    Свецяць вочы, як дзве лямпы.
    Метэораў бліскавіцы
    Нішчаць ценяў панаванне.
    Вось цвінтар каля капліцы
    І магільнае маўчанне.
    Толькі й чуць, як вецер ніцы
    Выгінае сук, як лук.

    Тут баярын да капліцы
    Падыйшоў і - грук, грук, грук.
    Страшна - аж дрыжаць пашчэнкі,
    Хтосьці дзверы адмыкае
    І далонь дае з-за сценкі.
    І ката бярэ й знікае.
    Сеў баярын на каменне.
    Навакол крыжы, магілы.
    Ён чакае ў задуменні
    Знакаў ад нячыстай сілы.
    Дужка месячка худая.
    Зоркі ходзяць самапасам.
    Ён чакае ды гадае,
    Што за дзіва гэткім часам?

    Дзе самотнай думцы дзецца?
    Страх расце нечалавечы.
    Нехта стаў за ім, здаецца,
    І кладзе руку на плечы.
    Як бы ў страх ён апрануўся,
    Апынуўшыся ў нябыце.
    Раптам зірк - і схамянуўся:
    Побач Альда ў аксаміце!
    Цела ў перлах, з апаяскі,
    З галавы зіхціць праменне -
    Бліск рубінаў, быццам з казкі
    У чараўніковай жмені.
    І ў Баярына пытае:
    «Што ты хочаш? Позна. Глуха.
    Я, нібыта здань, блукаю,
    Бо паслана сілай духу».
    «Альда, не лічы, ўмаляю
    Ветраным маё старанне,
    Як ніхто цябе жадаю
    І кахаю да сканання!
    Альда, ты мяне скарыла,
    Быць з табой хачу штохвілі!
    Вось зялёная магіла,
    Сядзьма разам на магіле.
    Адняло ў магілы памяць,
    Камень, што над ёй, сурова
    Не падслухае, не ўцяміць
    Нашыя з табой размовы».
    «Прэч адсюль, тут крыж драўляны
    Бачу я, а значыць гіну.
    Крыж мне, што кінжал на раны,
    Іншую знайдзі мясціну».
    - Вось і ўзгорачак пад дрэвам
    Гожа зёлкамі засланы.
    Альда, што ты тлееш гневам?
    Чым настрой твой сапсаваны?
    «Зірк мой ледзь трывае здзекі -
    Бліск планет да болю сіні.
    Зоркі згаснуць хай навекі,
    Твар маладзіковы згіне».
    - Хмара маладзік акрые,
    Зорны смех агорне смутак.
    Што ж далоні ледзяныя?
    Спалатнеў твой твар чаму так?
    «Зябка ўночы, вецер вее,
    Апаві мяне каханнем,
    Хай тваё цяпло сагрэе,
    Ажыві мяне дыханнем».
    - Ах! Ах! Жах, змяя якая,
    Дзе твой стужка стан сціскала,
    Там змяя яго сціскае,
    Да грудзей яна прыпала.
    «Гэта скарб мае аздобы
    На трывогу даў прычыну?
    Як табе не даспадобы,
    Пояс дарагі адкіну».
    - А не жомчугі на шыі -
    Чэрві плоймай точаць цела.
    Там, дзе косы, змеі злыя,
    Вочы свецяцца ўлюцела.
    Кроў ад страху ўхаладзела.
    «Звар'яцеў твой вераб'іны
    Позірк, глянь нарэшце смела -
    Гэта жомчугі, рубіны».
    - Альда, здані, быццам хмары,
    На цвінтар найшлі ўначэла.
    І адкуль яны, пачвары.
    Наваколле ўсё ўнямела.
    «Страх адкінь свой, не зашкодзяць,
    Падарожжа ўночы мелі,
    Да магілаў зноў прыходзяць
    На вільготнай спаць пасцелі.
    Хутка ўжо залямантуе
    Певень, што імга ўцякае.
    Мушу йсці ў краіну тую,
    Дзе мой цесны дом чакае».
    Мовіла - й пачвараў зграя
    Узгадала пра сняданне.
    І баярын здаўся здані.

    Пецярбург, 1841 г. 14 кастрычніка.


    Каментары

    Упершыню на польскай мове ў альманаху «Niezabudka» (T.III. 1842).
    Пераклаў Рыгор Барадулін


Да зместу



Hosted by uCoz