Да зместу

 
Ян Баршчэўскі

Русалка-спакусніца

З прастанародных паданняў

    Ноўгарад умураваўся
    Непадступнымі мурамі.
    З тых краёў дамоў вяртаўся
    Малады паніч з дарамі.
    А каштоўныя з пашанай
    Вёз дары сваёй каханай.

    Вось і край бацькоўскі блізка.
    Родныя палі, як песні.
    Спёка спала, сонца нізка,
    Салавей - музыка весні -
    Гукі светлыя губляе,
    Дзівіць, смуціць, захапляе.

    Мчыць паніч, змрок, як залева,
    Дрэвы, горы залівае.
    Перабег дарогу злева
    Заяц - варажба благая.
    Стой жа! Конь твой беланогі
    Здрыгануўся ад трывогі.
    Скрушыцца й стралец не кожны,
    Як здабыча мкне з дарогі.
    Не стралец я, падарожны.
    Рушым, коню! Прэч трывогу.
    Сілу маем на дарогу.

    Едзе-едзе - ноч спрыяе,
    Выплыў маладзік з-за хмаркі.
    Ліс улева прабягае
    І знікае ў гушчы шпаркі.
    Стой жа! Конь твой беланогі
    Здрыгануўся ад трывогі.

    «Прэч, праява! - ці ж у змроку
    Мне разбойніка баяцца?
    Шабля вострая пры боку,
    Каб з нахабным лбом спаткацца!
    Рушым, коню! Прэч трывогу.
    Сілу маем на дарогу»

    Пачарнела хустка ў ночы,
    Легла на лясы, на горы.
    Ды на дрэве злевабочы
    Крук закрумкаў чарнапёры.
    Што за знак? Ах, воля Бога!
    Конь захроп. Не спіць трывога.

    Едзе - маладзік двухрогі
    Цені з дзіваў адганяе.
    Бач, на лузе ля дарогі
    Прыгажуня маладая!
    А з касы на здзіў дзівосаў
    Абтрасае перлы росаў.

    Мне чароўнае здарэнне
    Шчодра пасылае неба!
    Гляньма зблізку на стварэнне,
    Коню, пудзіцца не трэба.
    Конна, збочыўшы з дарогі,
    Скача вершнік колькі змогі.

    Прыгажуня ўецца лёгкай
    Ластаўкай, бары мінае.
    Коню, капытамі кохкай,
    Тут дарога незямная.
    Маладзік знік, ды дзяўчына
    Скача прад вачмі няспынна.

    Чорных соснаў шум начэе,
    Смелы конь ляціць стралою.
    А яздок не разумее
    Здрады стараны чужое.
    Поўнач поўная ўтрапення
    Надыходзіць, конь у пене.

    Зноў на луг ступае панна,
    Як бы ў зморы ледзь жывая.
    Пазірае закахана,
    Сумна на траву сядае.
    І паніч да панны збочыў,
    Бег стрымаў, з сядла саскочыў.

    Гожы твар, стан, як сцябліна,
    Рысы блізкімі здаліся.
    Ці не перад ім дзяўчына
    Тая, што кахаў калісьці.
    - Марна страх твой шэжыць пер'е,
    Не разбойнік я, павер мне.

    - Едзеш з Ноўгарада рана,
    Дабрадзейнасцю славуты.
    Як там маладая панна,
    Там, дзе страціў галаву ты?
    Звабіў бліск яе адзення,
    Полыск перлаў ды камення.

    - Ці ж у тых краях бывала,
    Дзе гацяць світаннем гаці,
    Дзе сталіцы месца мала,
    Дзе цячэ ракой багацце,
    Дзе кабеты ўбраны, ўвіты
    Ў золата ды ў аксаміты?

    - Ах, адкрыць свайго жадання
    Не магла я горкай долі,
    І ад рання да змяркання
    Пралівала слёзы ў полі.
    Пасвіла вачыма ў скрусе
    Неба, дзе ляцелі гусі.

    «Гускі, гускі, - волю енку
    Я давала са слязамі, -
    Скіньце пёрак на сукенку,
    Каб ляцець у вырай з вамі.»
    Гусі ўчулі плач мой горкі,
    Скінулі з-пад хмараў пёркі.

    І абмылася слязамі,
    І ўзвілася ў неба смела,
    І крыло ў крыло з гусямі
    Я на поўнач паляцела.
    Бачыў зірк мой задуменны
    Ноўгарад белакаменны.

    Ластаўка там лёгкакрыла,
    З белай грудкай, з чорнай спінкай,
    Лётала - я й папрасіла
    Ўбор пазычыць той хвілінкай.
    І ў жалобе гэтай смела
    Да цябе пад дах ляцела.

    Мухай лётала ў пакоях
    І яе - аж глухла ў гудзе -
    Бачыла ў багатых строях.
    Кленчыў, цалаваў ёй грудзі.
    Кляўся ў вечнай ёй мілосці,
    Я сканаць хацела ў злосці.

    - Ах, мне трэба павініцца! -
    І паніч падаўся жвава.
    - Я русалка-чараўніца,
    Ха, ха, ха, ха, брава, брава!
    Хто мілосць спакусай студзіць,
    У лясах хай вечна блудзіць!

    Ха, ха, ха, ха! - ноч глухая
    Носіць рэха ў перапудзе.
    У бары паніч блукае,
    Так блукаць ён вечна будзе.
    Згэтуль, дзе вятры начуюць,
    Ха, ха! - ў лесе людзі чуюць.

    Людзі кажуць, як хто ходзіць,
    Ягад ці грыбоў шукае,
    Дык русалка смехам зводзіць,
    Малады паніч блукае,
    Горка плача, наракае.
    Кожны, дрыжучы, ўцякае.

    [1840]


    Каментары

    Упершыню на польскай мове ў альманаху «Niezabudka» (T.II. 1841).
    Пераклаў Рыгор Барадулін


Да зместу



Hosted by uCoz