УЦЁКІ
ІХ
... Пан ваявода так раз’юшыўся, – і Бог ведае, што б са мною сталася! Магчыма, у шаленстве ён забыўся б нават, што я шляхціц, роўны яму, і bene natus[1], калі б Воля Найвышэйшага не паслала мне хуткую дапамогу. Прыехаў пан падваявода полацкі Корсак, сябра і прыхільнік ваяводы, ды перапыніў ягоныя ганенні. Яны яшчэ віталіся, як я вылецеў з палацу праз буфетную, заскочыўшы толькі ў свой пакой ды схапіўшы з калка Эльжутку, а з куфэрка гаманец з талерамі і адзіным венгерскім дукатам з выяваю Божае Маці. А зверху ляжаў вось гэты мой раптуляр, які я пакідаць не хацеў і не мог: калі б ён трапіў у рукі ваяводы, асабліва тое, што вышэй пра яго напісаў[2] (хоць там шчырая праўда), ніколі б пан мне не дараваў. Паклаўшы і адно, і другое за пазуху ды пакінуўшы астатнія свае манаткі на волю Божую, паімчаў я ва ўсю моц у стайню. Там, ускочыўшы на асядланага каня (адзін заўсёды стаяў гатовы ў дарогу) і паведаміўшы конюхам, што па пільнай і важнай панскай справе мушу скакаць у мястэчка (а мястэчка наша – за грэбляю), рушыў галопам за браму. Там павярнуў направа, на Глыбоцкі шлях. Гэта шэсць пякельных міляў. І хоць ужо змяркалася, а хутка і цёмная ноч насунулася, але ў мяне іскры сыпаліся з вачэй, а страх пагоні дадаваў смеласці. Конь, гнаны канчуком, ляцеў па гасцінцы колькі меў сілаў, але да канца, небарака, не датрымаў. Яшчэ было з паўмілі дарогі, як ён упаў без духу, а я, як куль з гары, зляцеў на зямлю, а што не зламаў карак, дык гэта цуд міласэрнасці Божай дзеля мяне. І пацягнуўся пешкі ў кляштар айцоў кармелітаў. Днела, калі дабраўся да іхняга касцёла. Законнікі спявалі ютрань[3], і ксёндз-прыёр быў з імі.
Калі яны закончылі пацеры, на маё шчасце, ксёндз-прыёр першы выйшаў з хору. Я дагнаў яго на калідоры і прытрымаў за габіт[4].
– Што ты тут робіш так рана, пане Міхале?
Ён добра мяне ведаў, ды й былі мы, хоць і далёкія, але кроўныя. Я растлумачыў яму неспадзяванасць майго прыезду, просячы парады і сховы ад першага імпэту ваяводы.
– Гэта іншая facies rerum[5], – сказаў ён, цярпліва выслухаўшы мяне, і даў рукою знак, каб ішоў за ім.
Калідоры былі яшчэ пустыя. Не заўважаныя нікім, мы дайшлі да ягонае келлі. Праз каморку ён завёў мяне ў асобны пакоік і сказаў:
– Наварыў ты піва, пане Міхале; наразіў наш кляштар на гнеў ваяводы, які, калі даведаецца, што я цябе схаваў, патрапіць няраз дапячы нам. Але й выгнаць цябе не дазваляе мне любоў хрысціянская. Дык мусіш сядзець цэлы дзень замкнуты, а як ноч прыйдзе, post silentium[6] – выпраўлю цябе далей. Ёсць тут на паліцах неабходны падмацунак: шынка, смажаніна, напоі ды закускі. Спадзяюся, што з голаду не памрэш.
Сказаўшы гэта, ён выйшаў, замкнуў дзверы і ключ выняў з замка.
Застаўшыся сам-насам, я падумаў, што й праўда: “Калі трывога, дык да Бога!” Штосьці мне ні то жаласна, ні то сумна зрабілася. Дык укленчыў, павярнуўшыся да касцёлу, а заўважыўшы праз закратаванае вакно крыж на вежы, маліцца пачаў. Закончыў на sub tuum praesidium[7], падняўся і пачуў сябе ўжо больш бадзёра і весела.
– Воля ж Пана Бога! – падумаў, падкруціў вус (ах, хто б падумаў, што апошні раз падкручваў вус?) і пачаў прыглядацца да запасаў ксяндза-прыёра.
Ласка Божая! У Кане Галілейскай лепш не было! Разнастайная гарэлка, віны і мёду поўныя фляшкі! А якія закускі! Пернікі, лісіцы, смачная вяндлінка! Нічога не бракавала. Падмацаваўшыся добра, я прыгадаў сентэнцыю: “Vinum laeficat cor hominum!”[8], дык апаражніў фляшку віна і, выцягнуўшыся на лаве, хоць з кулаком пад галавою, заснуў як на падушцы.
Ледзь пад вечар змог прыёр разбудзіць мяне: хваляванні ды фляшка нібы кінулі мяне ў летаргічны сон.
– Уставай, пане Міхале! – загукаў ён. – Час падумаць пра дарогу. Шукаюць вашамосця; а загнаны ваяводскі рысак на гасцінцы паказаў, што ты дабраўся ўночы да мястэчка і, натуральнае меркаванне, што ты тут, за брамаю. Але не адчайвайся. Я паклапачуся пра бяспеку твае перэгрынацыі. Аднак куды ты мяркуеш накіравацца?
– Сам не ведаю! – адказваю.– Здаецца мне, што найбольш бяспечна будзе ў найбліжэйшым ваяводскім горадзе: там мяне, як шляхціца, ваявода ані схапіць, ані пакрыўдзіць не зможа.
– Відавочна, у Мінск, – сказаў прыёр.
– Відавочна.
– Гэта добра. І чым ты там зоймешся?
– Што Бог дасць. Хопіць хлеба чалавеку, які не палохаецца працы. Маёнткі й паны, дзякуй Богу, яшчэ ёсць у нас.
– А як глядзіш на каптур? Стань законнікам!
– Дзеля чаго?
– Дзеля збавення душы, дзеля пакуты за грахі і дзеля спакойнага кута ў старасці.
– Ха! Калі б быў пэўны, што стану глыбоцкім прыёрам. Бо тут вы, здаецца, колькі соцень хат маеце.
– Не святыя гаршкі лепяць. Але навошта тыя думкі пра мамону? Малады ты яшчэ чалавек, а ў гэтым веку найбольшыя спакусы, аднак у свеце цяжка засцерагчыся... Я стаў законнікам у трыццаць гадоў, цяпер мне, дзякуй Богу, пяцьдзесят...ну... і працую дзеля хвалы Божае і дзеля збавення душы... От, падумай добра, а як пачуеш у сабе пакліканне... Але цяпер за вашамосця!
Мы выпілі па кілішку, пасля па другім.
– Ну, цяпер збірайся, – прамовіў прыёр, выціраючы вусны, – і вось як (ён адчыніў скрыню, што стаяла ў куце). Бяры адсюль стары манаскі габіт. Вялікі ён можа быць табе. Але гэта лёгка выправіць. Ёсць там і пасцель. Падушка дапоўніць тваю цыркумфэрэнцыю[9], па-бернардынску закругліць тваю фігуру. Пасля прыдасца яна табе пад галаву, пакуль я твае манаткі выдабуду ад ваяводы і табе прышлю. Нічога ты яму не віноўны, дык грабіць цябе не можа. Пагалі вусы! Я ў кішэні прынёс брытву.
– Як гэта? Мне пагаліць вусы?
– Канешне! Аніводзін законнік не ходзіць з вусамі!
– Але ж я яшчэ не маю паклікання! Яшчэ не вырашыў!
– Не пра гэта гаворка, мой браце! Transfiguracja твая патрэбна pro hac sola vice[10], абы ты бяспечна даехаў да Мінска. Як заўважыць цябе хто ў габіце з вусамі... А яны ж адрастуць пасля, няхай іх там каты возьмуць! Я іншага спосабу не маю, а ў кляштары трымаць цябе не магу.
Не было чаго адказаць. Ён выйшаў, а я ўзяўся за брытву.
Цяжка распавесці, з якім шкадаваннем давялося мне развітацца з вусамі. Бо то ж былі вусы, што першае месца трымалі ў двары пана ваяводы, а нават і нядаўна на сойміку! Рудамінаўскім толькі саступіць мусілі! А як жа я іх даглядаў! Як укладваў і завіваў! Як імі ўсе пачуцці выказаць умеў! Але што ж рабіць! Sic fata tulerunt![11] Выпіў залпам шклянку віна і... пагаліў вусы. Аж перапалохаўся, калі пабачыў сябе ў люстэрку. Галютанькі, як баба! Нос мой вырас удвая! Губа доўгая, як у старога немца! Словам, венецкае страшыдла! Слёзы ў мяне з’явіліся на вачах, калі па звычцы хацеў падкруціць вус...
Рэшта збораў не заняла шмат часу. Габітам мог абкруціцца двойчы, але калі падклаў падушку і заціснуўся раменным пасам ды павесіў на яго каронку, нагадваў дзежку, а не стварэнне Божае, нарэшце, ксяндзоўскую шапку начапіў на галаву. Яшчэ раз зірнуў у люстэрка і ўпэўніўся, што не толькі іншыя, але і я сам з цяжкасцю пазнаў бы сябе. Сеўшы на зэдлік, я пачаў разважаць пра свой лёс, пра розніцу паміж кунтушам і габітам, між залатым слуцкім пасам і чорным скураным манаскім, між шабляю і ружанцам; глянуў на маю Эльжутку, што стаяла ў куце, прыгадаў пакінутую ў куфэрку сваю шляхецкую маёмасць, ды тут я пачуў званок silentium, і ўвайшоў ксёндз-прыёр.
– Ну, ойча Міхал! – сказаў ён, з свечкаю аглядаючы мяне ад ног да галавы. – Што ж гэта? Слёзы на вачах? Стыдзіся! Вернешся зноў у свой улюбёны свет, калі ты так сумуеш па ім! У Мінску зробіш тое, што захочаш! Не плач як дзіця! Вось табе obedientia in scriptis[12], якую пакажаш, калі хто спыніць цябе ў дарозе. Запомні, што завуць цябе ксёндз Банавентуры Бабакоўскі, казнадзей[13]; пасылаюць цябе з нашага глыбоцкага кляштара ў мінскі кляштар; гэта напісана ў obedientii. А вось ліст мой да тамтэйшага нашага прыёра; яго зашыеш у ладанцы і аддасі яму in occoluso[14]. І, нарэшце, вось табе на дарогу, – сказаў ён, сунуўшы мне ў руку колькі бітых таляраў.
– Шчыра дзякую, Рэвэрэндысімэ! Але я маю свой маленькі запасік.
– Ад прыбытку галава не баліць! Бяры смела. Усё ж я твой нейкі там дзядзька, а кляштару гэтым не зашкоджу.
Дык я і ўзяў.
– А цяпер пайшлі...
Дык я за Эльжутку з кута ... а ён мяне за руку.
– А гэта што такое? Мяркуеш прычапіць яе на габіт?
– Не, але даруй, ягамосць дабрадзей, шаблю маю не пакіну. Схаваю яе ў возе ў портпледзе[15], дзе мая свецкая вопратка. Ноч цёмная, і фурман нават не ўбачыць.
– Ой! Гэтая шабелька будзе адводзіць цябе ад пабожных думак, а я зычыў бы ... Зрэшты, homo proponit, Deus disponit, et Deus te benedicat[16]! Я не губляю надзеі... Едзь з Богам, а я заўтра адпраўлю імшу за твае намеры.
У НЯСВІЖЫ
Х
Мілы божа! Ці ж мог я спадзявацца альбо падумаць нават колькі тыдняў таму на двары ваяводы, што ў хуткім часе буду сядзець тут, у келлі, у габіце Fratrum minorum[17], ці то бернардынскім? Я яшчэ і не прызвычаіўся да гэтага наймення. Праўду мовіў, выпраўляючы мяне з Глыбокага тамтэйшы ксёндз-прыёр і мой дзядзька: homo proponit, Deus disponit. І сапраўды была тут ва ўсім воля Божая, digitus Dei[18]! Запісаўшы ў Мінску пра свае ўцёкі і пра трансфігурацыю на кармеліта, занатую тут яшчэ ў маім любімым раптуляры і маё пераўвасабленне ў фармальнага законніка. Адраклася ад мяне шабля мая, не выраслі раз аголеныя вусы, адна мне толькі засталася цацка – гэтая мая кніжачка. І хто ведае, можа і ёй хутка будзе finis[19]? Бо што пісаць, калі не будзе пра што? Якія ж здарэнні ў кляшторнай келлі?
Падарожжа маё прайшло без усякіх здарэнняў. Заехаў проста да кармелітаў. Кляштар іх бедны й драўляны. Толькі трое законнікаў жыве ў ім. Убачыўшы мяне, прыёр крыкнуў:
– Звар’яцелі! Прысылаюць мне ва ўбогую рэзідэнцыю такую вінную дзежку! Вашэць гатовы й мяне самога з’есці!
Я падаў яму абэдыенцыю, а ён і чытаць яе не хацеў, дык аддаў яму ліст. Заўважыўшы на капэрце “soli”[20], ён глянуў на мяне і павёў за сабою.
– Вось табе й на! – сказаў ён, прачытаўшы ў келлі ліст. – Што ж мне рабіць з васпанам? Ксёндз-прыёр піша мне і тое, і сёе...
– Не хвалюйся, Рэвэрэндысімэ, – перапыніў я, – прашу толькі месца на пару дзён, а пра сябе я сам паклапачуся.
Ён зайшоў у кладоўку і вынес адтуль фляшку з гарэлкаю ды кавалак марынаванага шчупака.
– Падмацуйся, васпан, з дарогі, а я тым часам падумаю.
Я ўжо і падмацаваўся, і сядзеў з паўгадзіны, а ён бесперастанку хадзіў шырокім крокам па келлі, нічога не кажучы. Перачытваў толькі шматразова ліст і круціў галавою. Не ведаю, як бы ўсё гэта закончылася, калі б, нібы наўмысна, а відаць па наканаванню, не прыйшоў ксёндз-кусташ[21] тамтэйшага бернардынскага кляштара.
– Salve[22]! Reverendissime! Salve! Што гэта? Маеш новага госця? – І, акідваючы мяне вокам з ног да галавы, дадаў: – На выгляд, як дзяжа, от цо ест! Але тым лепей. Я прыйшоў прасіць Вашу Вялебнасць на заўтрашні фэст да нас разам з усім канвентам, а пасля службы Божае на смажаніну з бараніны і на кансаляцыю[23], от цо ест. А госць памножыць нашу цэлебрацыю[24]. І калі мудрая мазгаўня, – дадаў ён, звяртаючыся да мяне, – то прашу на амбон, от цо ест!
– Ахвотна згаджаюся з пабожнаю прапановаю ксяндза-кусташа, дабрадзея. Што ж да гэтага пана, дык прачытай, Рэвэрэндысімэ, гэты ліст, можа лепей за мяне зразумееш сэнс ягоны і абодвум нам парадзіш.
Узяў ксёндз-кусташ ліст, прабег вачыма:
– Што ж тут незразумелага, – прамовіў. – Ксёндз-прыёр глыбоцкі просіць цябе, ойча, каб падаўцу гэтага ліста, пану Міхалу Лаўрыновічу, былому маршалку двара пана ваяводы ***, даў сховішча ды іншыя выгоды на колькі дзён, і запэўняе цябе капланскім словам, што ўцёкі і пераапрананне ягамосця не з яго, барані Божа, віны адбываецца ці якога эксцэсу, а толькі як спосаб вывернуцца з рук няслушна in summo gradu[25] ўгневанага на яго ваяводы. От цо ест! Дык чаго тут сушыць сабе галаву?
– Але post scriptum з другога боку! Verte[26].
– Ага! Verte. Не заўважыў, – і чытаў: – “Дбаючы не так пра зямное шчасце майго сваяка, як пра ягонае вечнае збаўленне, я прапанаваў яму стан наш духоўны. За кароткі час не мог зразумець, у якую глебу трапіла зерне. Una salus servire Deo, caetera fraudes!.. intelligis? Prudenter age! ... et fiat voluntes Dei[27]”.
– Est res, et nulla res est! Ёсць рэч і няма рэчы! От цо ест! – сказаў ксёндз-кусташ, кладучы ліст на стол, – і што скажа ягамосць на гэта?
– Я нічога не адказаў на гэта ксяндзу-прыёру ў Глыбокім і тут не маю чаго сказаць.У кожным стане, здаецца мне, можна заслужыць збаўленне.
– Праўда! Шчырая праўда – bene dixisti[28]. От цо ест! Але і тое праўда, што з пэўнага шляху да збаўлення, калі ён надарыцца, сыходзіць няварта. І калі намерышся яго абраць, дык станавіся нашым братам бернардынам! Значна пэўнейшае ў нас збаўленне душы, чым у ксяндзоў-кармелітаў. От цо ест!
– А гэта чаму? – запытаўся, закрануты за жывое прыёр.
– А таму, што мы, жывучы з міласціны, у штодзённай практыцы звяртаемся да галоўнай хрысціянскай цноты – пакоры, якая, як ведаеце, нябёсы працінае. От цо ест! Ну, але computatis computandis[29], на чым спыніліся? – І, не чакаючы адказу, казаў далей: – Я дам найлепшую параду. У тваім, ксёндз-прыёр, кляшторыку пану экс-маршалку будзе і цеснавата, і галаднавата. От цо ест! То я peto mecum[30], мой дабрадзею! Ахвотна дам табе victum et amictum[31], пакуль цябе Бог на тое ці іншае накіруе; як маршалак двара вялікага пана ты мусіш ведаць сталовы парадак, дык дапаможаш мне падрыхтаваць заўтрашні абед, а пасля прыняць нашага правінцыяла, на прыезд якога спадзяюся. От цо ест! А цябе, татуленька, чакаю заўтра а дзевятай у закрыстыі. Vale![32]
З тае прычыны, што ксёндз-прыёр мяне зусім не затрымліваў, наадварот, здаваўся задаволеным і развітаўся больш сардэчна, чым прыняў, дык я, апрануўшыся па-даўняму, з Эльжуткаю пры баку, а падушкаю пад пахаю, пайшоў за ксяндзом-кусташам.
Размясціўся я ў кляштары хутка і лёгка. Кусташ прызначыў мне келлю ахайную і вясёлую, якая мне адразу ж спадабалася. Забяспечыў харчам і выгодамі, і ўрэшце алавяны збан з выдатным півам паставіў на стале.
Заняўся я заўтрашнім абедам, маючы на паслугі старога брата канапара[33]. Атрымалася ўсё нашмат лепей і смачней, чым было дасюль. Пасля гэтага першага выпрабавання ксёндз-кусташ прапанаваў мне дазор над заможнаю кляштарнаю дыспенсаю[34] і піўніцаю; я не адмовіўся, бо мы з ім нібыта ўжо пабраталіся і палюбілі адзін аднаго. З дня на дзень усё больш і больш падабалася мне гэтае спакойнае і пабожнае жыццё сярод братоў, а жаданне вярнуцца ў свет усё больш і больш знікала.
Такою была, відаць, воля Пана Бога! Бо і развагі над словамі ксяндза-прыёра глыбоцкага часта прыходзілі мне ў галаву, і – што самае важнае – калі раніцою ішоў на імшу і пабожна яе слухаў альбо прыслужваў ксяндзу-кусташу, які найчасцей першую імшу адпраўляў сам, дык так соладка, міла й спакойна рабілася на сэрцы, як ніколі не бывала ў свеце. Пасля імшы ксёндз-кусташ запрашаў мяне да сябе на каву.
– Паслужыўшы Богу, – казаў ён, – можам смела, пане Міхале, падумаць і пра цялесны падмацунак. От цо ест!
Пасля кожны браўся за свае справы, а я – на кансіліум з братам канапарам адносна абеду, які з часу майго прыезду ў кляштар заўсёды быў смачнейшы, чым раней, за што мне Patres et Fratres[35] шчыра дзякавалі.
Пасля абеду requies[36] амаль у кожнай келлі, post requim[37] альбо ўзаемныя адведзіны і colloquia[38] мудрыя, а часам і показкі вясёлыя, але сціплыя, альбо праходка ў садзе, а там кеглі і піва de puro grano[39] дзеля ахалоды, альбо мядок дзеля настрою. Так і не заўважыш, як прыйдзе вечар, а тады – шашкі, мар’яж на бабы, а часам і на дробязь у мілай кампаніі аж да silentium, на якое, як толькі дадуць званок, кожны схіляецца ў сваёй келлі над трэбнікам, і толькі ксёндз-кусташ зрэдчас пройдзе па калідорах, stricte[40] пільнуючы манаскія правілы. І не кажу пра тое, што кожны паводле свае пасады ў законе і абавязку ў кляштары, у касцёле, у хоры і на хорах, ні на хвіліну не схібіць, аніводнага пацеру не забудзе. Бо, як кажа ксёндз-кусташ: “Што Богу, тое Богу!”
Ужо колькі тыдняў я быў у кляштары, калі ксёндз-прыёр глыбоцкі даслаў куфэрак і ўсе мае манаткі, выпрасіўшы іх неяк у ваяводы. Гэта нагадала мне, што прыйшоў час падумаць пра свой лёс.
Я паразвешваў у келлі дзеля прасушкі жупаны, кунтушы, капоты. Два мае слуцкія паясы – адзін багаты, залаты, у карпавую луску, другі прыгожы ядвабны – расклаў на стале, et id genus[41] усё, што было ў куфэрку, калі зайшоў да мяне ксёндз-кусташ.
– А што гэта за закрыстыю ўпрыгожыў ты, пане Міхале? – запытаў ён.
– Гэта мае лахманы, што прыслаў ксёндз-прыёр глыбоцкі.
А ў душы я быў задаволены: кусташ мог усё ж пабачыць, што я не з-пад плоту вылез.
– От гэта была б прыгожая мантыя на asperges[42]! – казаў ён, гладзячы мой літы пояс. – З жупанаў градэтуравых і атласавых – арнаты, з кунтушоў – antepedia[43], а з уладальніка, – звяртаючыся да мяне, – бернардын. От цо ест!
– Няраз мне гэта, Рэвэрэндысімэ, у думках з’яўлялася, але...
– Што за “але”? – перапыніў ён. – Ахвяра свецкае марнасці і самога сябе на службу Божую не мае аніякіх “але”! Што ў гэтым кепскага? Д’ябал на свеце скача вакол цябе, як воўк каля барана, а ты ад пасу святога Антонія ўцякаеш, як злодзей ад кайданоў. От цо ест! Ці ж табе дрэнна сярод нас?
– Добра пакуль, і вельмі добра, але адно быць сярод вас госцем, а іншае...
– Быць пад абэдыенцыяй[44], але ж і ў свеце той, хто служыць, траціць вольнасць, дык таксама мусіць быць пад абэдыенцыяй. От цо ест!
– Бачыш, Рэвэрэндысімэ, на каплана патрэбна асобная навука. Ці ж мне зноў распачынаць вучобу?
– У тваім веку, калі б я заняўся табою, ты мог бы стаць юбілятам[45]. Бо ж ты і латынь ведаеш. От цо ест! Але твой анімуш[46] не для гэтага; таму заходзіць так далёка я табе не зычу. Згадзіся на брата sine missa[47], застанься з намі, бернардынамі. Бога хвалі, мяса жары! От цо ест!
Гэтая фамільярная натацыя не вельмі мяне пераканала. Але пасля кароткага маўчання ксёндз-кусташ дадаў:
– Без жартаў, пане Міхале, паслухай мяне. Ты пачцівы і пабожны чалавек; з гэтымі вартасцямі пры бласлаўленні Божым табе можа добра пашанцаваць на свеце. Аднак у спакойным манаскім жыцці табе пэўна будзе лепей. Палюбіў я цябе шчыра і таму не буду доўга пераконваць, бо ты можаш падумаць – я і сам бы падумаў – што не хачу з табою разлучацца ды намаўляю цябе да закону. Калі не маеш нейкіх асаблівых абавязкаў у свецкім жыцці, па якіх бы ты сумаваў у кляштары, бо чыстае сэрца трэба ахвяраваць Богу; калі ўпадабаў ужо нашае манаскае жыццё і абавязкі, выконваць якія лёгка, дык раю табе, паклікаўшы Пана Бога на дапамогу, прасіць Ягонае ласкі, каб цябе прасвятліў, а думкі твае і рашэнні паводле свае волі скіраваў. Адправім сёння за твае намеры ўрачыстыя няшпоры. Выслухай іх з пабожнасцю і пакораю, а пасля зрабі, што табе Бог дасць. От цо ест!
Калі кусташ выйшаў, я неспакойна хадзіў па келлі. У галаве шумела... Калі б ён прымушаў мяне, дык я здолеў бы абараніцца; але самае кепскае ў чалавечым жыцці – гэтае “як хочаш!” І гэтак добра, і так кепска... А Бог ведае толькі, што лепш, што горш. Дык з нецярплівасцю чакаў няшпораў.
Калі яны пачаліся, я, лежачы крыжам, шчыра маліўся і прасіў дапамогі ў Маці Божае, да якое маю адмысловую малітву:
Хто хоча Панне Марыі служыць
І Яе самым шчырым прыхільнікам быць...
і гэтак далей. Калі пасля гэтае малітвы я падняў заплаканыя вочы на абраз гэтае Пані свету і Каралевы Неба, прыйшла думка, нібы кажу Ёй:
– Буду Табе і Твайму святому Сыну да смерці служыць. Апякунка і заступніца мая! Панна, поўная ласкі! Прымі маю ахвяру; аддалі ад мяне ўсе зямныя свецкія спакусы! А я прысягаю і шлюбую з гэтага моманту служыць Табе і славіць Цябе ў законе аж да магілы...
Маліўся я доўга. Калі падняўся з падлогі, ужо нікога не было ў касцёле – няшпоры закончыліся. Мніхі пакінулі хоры, а я застаўся сам-насам. Было ўжо цёмна, толькі лямпа мігцела перад алтаром. Раптам пачуў за спіною крокі. Прымроілася жахлівае. Ажно побач са мною стаў ксёндз-кусташ, які сядзеў у спавядальні і чакаў мяне.
– Я ведаю, браце, – сказаў ён, – тваё рашэнне! Няхай цябе Бог падмацуе ў ім; я цябе зычліваю капланскаю рукою богаслаўляю!
Я ўкленчыў. Ён перажагнаў мяне, абняў за галаву. Мы прачыталі “Te Deum laudamus”[48], выйшлі праз закрыстыю на кляшторны калідор і пакіраваліся ў маю келлю.
Я склаў без ладу, але й без жалю і нават з нейкаю пацехаю маю вопратку і паясы ў куфэрак.
– Гэта, ойча, – кажу, – нясі да сябе, аддаю ўсё ў тваё распараджэнне.
– Не, браце, – адказвае ён мне, – занясём куфэрак у закрыстыю, бо ўжо гэта ні маё, ні тваё, а ахвяра твая Богу, які думкі й сэрца тваё бачыць. От цо ест!
Dictum – factum! Куфэрак апынуўся ў закрыстыі, а я, развітаўшыся з ксяндзом-кусташам, пайшоў адпачываць і без усялякага жалю і нараканняў найспакайней заснуў.
НАЗАЎТРА
ХІ
Ледзь толькі я прачнуўся, як увайшоў да мяне брат Баніфацы, сэрвітор[49].
– Ксёндз-кусташ[50] віншуе! – сказаў ён і паклаў габіт ля ложка. Нічога больш не мовячы, ён выйшаў.
Я падняўся, апрануў капот і пазіраў на габіт... тут пастукаўся у келлю ксёндз-кусташ, які ішоў на імшу: ён заўсёды даваў мне гэты знак, і я спяшаўся за ім слухаць ягоную імшу, альбо служыць яму. Вось і цяпер я служыў; пасля імшы, распрануўшыся ў закрыстыі, ён сказаў:
– Ну што, пане Міхале? Як бачу, куфэрак трэба аднесці ў келлю.
– Няхай мяне Бог засцеражэ ад гэтага! – кажу я, бо на святой імшы зноў дух новы і нібыта прага габіту ўвайшлі мне ў душу. Гэта ўжо відавочны цуд Божы і пакліканне; аж дрыжыкі пабеглі ў мяне па спіне на прапанову забраць назад ахвяру.
– Наадварот, рэвэрэндысымэ! – прамаўляю. – Хадзем у келлю і я апрану манаскую вопратку. Як прысягнуў Богу і Яго Прачыстай Маці, – слова свайго не парушу.
Карацей кажучы, апрануў габіт, пастрыг валасы, пагаліў вусы. Прызнаюся, што калі пасам падвязваўся, дык літы быў у думках... але гэта на хвіліну: пазнаў у гэтай спакусе руку шатана; дык перажагнаўся і тое зло выйшла з галавы. А ксёндз-кусташ, які прысутнічаў тут, зняў з сябе пекны крыж на ядвабнай тасьме і павесіў мне на шыю.
Пайшлі мы ў ягоную келлю, і па ягоным загадзе тройчы зазванілі ў кляштарны званок. Сышліся ўсе браты, бо ў кляштары не званок, але абэдыенцыя звоніць.
– Гэта, – кажа кусташ, – наш новы брат Міхал, от цо ест! Ён уступіў у наш закон не з-за нейкіх свецкіх прычынаў, а па пакліканні, якім яго Бог надарыў. Дык gaudeamus[51], мілыя браты, і давайма прымем яго appertis manibus[52], бо і навукаю, і справамі ён будзе карысны Богу і людзям, от цо ест! Сёння у часе ватывы[53] ён адправіць сваю першую прафэсыю[54].
– А пасля, – абазваўся ксёндз Рафал, стары дэфінітар[55], – павінен прайсці прабанта[56] і сэрвітора.
– Ці ўжо вашэці, – адказаў кусташ, – апрыклі смачныя абеды і вячэры, якія ты ясі з ягонае ласкі? Што нам з таго сэрвітора? Я ведаю лепш за ўсіх, што ён з пакорным сэрцам уваходзіць у закон. Паглядзі, вашэць, у закрыстыі, якія прыгожыя залатыя пасы, шоўкавую і саетавую вопратку ахвотна аддаў у ахвяру Богу, на аздобу нашага касцёла, бо шчыра адрокся ад свецкіх марнасцяў. Сэрвітораў, дэфінітараў маем без ліку, а вось карысных людзей – мала! От цо ест!
Ксёндз Рафал павесіў нос на квінту.
– Браце Міхале, – казаў далей кусташ, – я аддаю вашэці нашую дыспэнсу[57], склеп і кухню; а ў дапамогу, як і дасюль, – нашага старога канапара[58]; давяраю табе; глядзі, каб мы нашага айца-правінцыяла, якога я з дня на дзень чакаю, належна прынялі. От цо ест!
Калі патры выйшлі, я падзякаваў яму за такую да мяне бэнэваленцыю[59] і сказаў:
– Здаецца, рэвэрэндысымэ, законнік не можа мець уласных грошай. Вось мой малы запасік. – І падаў гаманец, у якім было больш за дзесяць талераў. – Пакідаю сабе толькі, si licet[60], дукат cum effigie Прачыстае Маці.
– Iterum, iterumque gaudeo![61] – сказаў ён, абдымаючы мяне за галаву. – З прычыны твайго такога пабожнага намеру; але ты яшчэ не падпадаеш пад такія суровыя законныя правілы і падпадаць, бо фратэр, a не патер, не будзеш, а што да грошай, праўду кажучы, мы іх і не захоўваем. Бо ў якога ж бернардына можна знайсці шмат грошай? А калі хто мае якую залатоўку на табаку, то няхай мае на здароўе. Дык і ты можаш гэты запас захаваць; ужыві яго на добры ўчынак, а калі і сваяку якому дапаможаш, то не згрэшыш. От цо ест! А што зробіш з шабелькаю?
Ён усміхаўся.
– Аддам яе пры аказіі майму сябру падчашаму Сьвебодзе. У яго Гарасім, няхай ажэніць з маёю Эльжуткаю.
Хутка прыехаў ксёндз-правінцыял, а з ім колькі гвардыянаў, што разам накіроўваліся ў Нясвіж на капітулу. Не сорамна мне было за кухню: усё, што з‘явілася на стале перад патрамі, было вартае іхняе губы. Не частаваў я іх ніякімі панскімі фрыкасамі[62], але быў гультайскі бігас, бульён з індыка, зразы, гусарская смажаніна; а ў сераду, пятніцу і суботу – посныя катлеткі, шчупак у шафране; усё ахайна і смачна прыгатавана, ды так, што нічога не бракавала дзеля поўнай кантэнтэнцыі[63].
– Хто ў цябе, браце, – запытаўся айцец-правінцыял у кусташа, – так смачна гатуе есці?
– Гэта былы прыдворны, маршалак вялікага пана, а цяпер наш брат Міхал Лаўрыновіч, якому я аддаў дыспэнсу і кухню; з таго часу, дзякуючы ягонаму клопату і экспэрыенцыі[64], больш смачна ядзім. От цо ест!
Калі перад ксяндзом-правінцыялам я паставіў прыстаўку[65] з каплуном, фаршыраваным селядцамі, ён сказаў, агледзеўшы мяне з ног да галавы:
– Gratias ago![66]
Ёсць манаскае правіла, што ўсе ў кляштары, куды прыехаў правінцыял, становяцца ex ordine[67] па адным перад ім на іспыт, кожны пра сябе і пра кляштар. Паклікалі і мяне. Першае пытанне: ці не маю якое крыўды альбо скаргі на каго ў кляштары? – Не. Другое пытанне: ці не заўважыў чаго кепскага, пра што па абавязку сумлення павінны расказаць? – Не. Трэцяе пытанне: як я жыў раней, і што сталася прычынаю паступлення ў ордэн? – На гэта адказаў summatim[68] і з большага пра ўсё маё жыццё і падрабязней, як з-за прыгоды ў ваяводы перавярнуўся insperate[69] на кармеліта, а пасля з Божаю дапамогаю на бернардына.
Упадабаў маю нікчэмную персону наш айцец.
– Бачу, – кажа, – праўду мовіў мне тутэйшы ксёндз-кусташ, што носіш галаву на плячах не дзеля прапорцыі. Я параю яму, каб узяў цябе ў якасці соцыюша[70] на капітулу. Будзеш, вашэць, і там, у Нясвіжы, распараджацца сумптам нашым, а пасля абярэш сабе рэзыдэнцыю, дзе сам захочаш.
– Не хацеў бы, – кажу, – разлучацца з тутэйшым ксяндзом-кусташам.
– Гэта лёгка можна ўладзіць, а пакуль: vale.
Так і здарылася. Я ўжо ў Несвіжы, куды мы прыехалі з ксяндзом-кусташам аграмаднаю брычкаю, запрэжанаю трыма гладкімі коньмі ды наладаванаю падарожнымі запісамі omnis generis[71] і дэлікатэсамі з кляштару нашых сясцёр мінскіх бернардынак, прысланымі нам на дарогу, а таксама поўным куфэркам, ключ ад якога быў пад маёй кустодыяй[72].
КАПІТУЛА
ХІІ
Вялікі, бо найвялікшы пан ва ўсёй Літве – князь Караль Радзівіл, ардынат Нясвіжскі, што жыве ў тутэйшым замку са шматлікім сваім дваром, ля якога жывіцца шляхта і мае маёнткі, дзякуючы ягоным дабрадзействам, чаго і кляштарам нясвіжскім шмат дастаецца, і асабліва нашаму, бернардынскаму, сындыкам[73] якога ён з’яўляецца.
Перш чым сабралася капітула, айцец-правінцыял і ўсе гвардыяны накіраваліся ў замак, каб скласці хамагіюм[74] ягамосці князю і запрасіць на заўтрашняе ўрачыстае набажэнства.
Князь прыняў патраў ласкава і паведаміў, што як сындык, а таму гаспадар нясвіжскага кляштару, сам сваіх гасцей частаваць будзе і сумпт на капітулу прымае на сябе.
І сапраўды, вечарам прыгналі колькі адкормленых валоў і ўсякіх запасаў прывезлі ў спіжарню, таксама сена і фуражу ў гумны, у піўніцу мы апусцілі дзежку трайняку, два анталы віна і больш за дзесятак дзежак піва; рыбы на посныя дні паабяцалі прывезці з аграмадных нясвіжскіх сажалак.
Назаўтра, пасля ўрачыстага набажэнства, айцы сабраліся ў рэфэктары і пачалі капітулу. Прыйшоў сюды і князь, аточаны шматлікім почтам свайго двара, але зняў з сябе усе свае панскія дыстынкторыі[75], ардэны ды брыльянты і нават замест багатага паса падпаясаўся бернардынскім.
Я з цікавасцю назіраў за гэтым слаўным панам, бо пра яго і на двары пана ваяводы, і на двары пана Бурынскага, старасты, дзе я раней быў, шмат наслухаўся. Гэта чалавек самавіты, сталага ўжо веку, галава паголеная, вусы пышныя, бровы і павекі над вачыма навіслыя, з-пад якіх, калі павядзе позіркам, то аж дрыжыкі бяруць, голас, як труба; аднак, нягледзячы на ўсё гэта, ён – цудоўны і найлепшага сэрца пан. Толькі часта вясёлы і шумны; ён мае прымоўку “пане каханку!” і калі пытаюцца: “Які Радзівіл?” звычайна адказваюць: “Князь Пане Каханку!”, а гэта значыць, ардынат нясвіжскі.
І вось калі ўвайшоў ён у рэфэктар, падняліся айцы ды запрасілі князя на першае крэсла, а ксёндз-правінцыял прывітаў яго ex abrupto[76] прыгожаю прамоваю, дзякуючы і за ягоныя дабрадзействы дзеля закона, і за гонар, які чыніць капітуле сваёю прэзентабельнасцю, ды запрашаючы яго старшынстваваць на гэтым conclave[77] (але subintelligitur[78], што гэта толькі дзеля цырымоніі казаў), і нарэшце, даручыў ягоную, як і шляхетных ягоных продкаў, душу Богу.
Князь адказаў:
– Я з удзячнасцю прымаю, пане каханку, гэтую рэкагніцыю[79] вашых пачуццяў да мяне і давяраюся святым вашым малітвам. А на капітуле, як сындык тутэйшага кляштару, маю права прысутнічаць, дык не забудуся пра свой абавязак.
Пасля гэтае цэрымоніі князь выйшаў, а айцы obstupuerunt[80] на гэтае ягонае сведчанне, што на сесіях капітулы дакляраваў прысутнічаць. Ламалі сабе галовы: адкуль у яго гэтая фантазія? Дакаралі нават правінцыяла, што яго запрасіў; зрэшты, не могучы запярэчыць гэтаму, цешыліся надзеяю, што праз колькі паседжанняў знікне ягоная ахвота, і ён зволіць іх ад неабходнасці саступаць ягонай прэпандэрэнцыі[81].
І сапраўды... ён звольніў нас ад клопатаў, бо закончыў капітулу за колькі дзён, а яна без яго цягнулася б і колькі тыдняў. І гэта па-свойму, наступным чынам: калі пачалі абіраць гвардыянаў і кусташаў разнастайных кляштараў, князь, не чакаючы на воты і кансіліі[82] дэфінітараў і юбілятаў[83], вырашыў ad velle sui[84] распараджацца і прызначаць.
– Вашэць, пане каханку! – перш наперш сказаў ён майму мінскаму ксяндзу-кусташу. – Будзеш тут у мяне ў Нясвіжы гвардыянам, бо тутэйшы ксёндз Гумільян ужо састарэў, ні на што не прыдатны. Колькі разоў запрашаў яго, пане каханку, на аблаву, а ён ані разу не пайшоў; а вашэць, калі колькі гадоў таму быў гвардыянам, то аж да Лахвы са мною на паляванне ездзіў і аграмаднага мядзведзя забіў.
– Але ж вашая княская мосць відвочна памыляецца, бо хоць і быў тут гвардыянам, і ахвотна выконваў загады князя, але на аніводнай аблаве не быў і нават за сваё жыццё ні страляў, бадай, ні разу. От цо ест!
– Што? Пане каханку, не верыш, што забіў мядзведзя? Ды гэта ўсе мае паляўнічыя засведчаць! Вашэць зноў будзе гвардыянам у Нясвіжы, а вашэць – у Буцлаві, вашэць – у Вільні кусташам, вашэць – у Цітавянах, вашэць – у Беніцы...
І гэтак далей, як па рэестры.
Але айцы пачалі бурчаць і гаварыць князю, што ён загадвае толькі паводле свае волі.
Князь на гэта падняўся са свайго крэсла, пакланіўся ўсім нізка.
– Mea culpa, пане каханку! Mea culpa! – сказаў ён і пакорна выйшаў з рэфэктара, пакрапіўшы сябе ля дзвярэй свянцонаю вадою. Але як толькі трапіў на калідор, дык паказаў, што ўмеў. Забраў усе ключы ў мяне і ў капанара, пазамыкаў і паставіў варту ля дыспэнсы, ля свірнаў і склепаў, загадаў патушыць агонь на кухні, абярнуць саганы і рондалі, а сам вярнуўся ў замак, забраўшы з сабою падсындыка.
Цяжка расказаць, якое хваляванне выклікала гэта ў кляштары. Сарваўся капітульны соймік; пра абед – і не думай; словам, не было іншае рады, як пайсці перапрасіць князя, каб унікнуць галоднае смерці. Дык правінцыял з двума патрамі пакіраваліся ў замак, і я з імі, нібы дзеля асістэнцыі, а на самой справе – з-за цікавасці. Ды дзе там! Пакрыўджаны князь не даў ім і слова сказаць, а пачаў сам:
– Гэтак вашэці, пане каханку, захоўваеце правілы і прысягу на ўбоства? Там пазначана, што сындык, пане каханку, карміць вас павінен, ключы ад усіх кляшторных кладовак на ягоным пасе павінны быць, грошы – у ягонай скарбонцы; а вашэці пра ўсё гэта ні гу-гу. Не зважаеце на пастаўленага мною падсындыка, кіруеце сабе, як інфулаты[85], пане каханку, а ён, мой намеснік, з шапкаю пад пахаю стаяць перад вашэцямі мусіць. Ксёндз-гвардыян сам распараджаецца кляшторнаю скарбніцаю, аднак, пане каханку, бернардын ані граша мець не павінен, ані бачыць грошай, а вашэць у аблозе tamquam[86] трымаеш майго скарбніка, калі прыйдзе тэрмін выплаты пенсіі. З сёняшняга дня, пане каханку, справа мусіць вярнуцца да даўніх законных правілаў! Я сам, пане каханку, выдаваць буду штодзённа вашэцям з кляшторнае спіжарні абед і вячэру; да мяне вашэці па порцыю і кансаляцыю[87] прыходзіць павінны; а законная скарбніца будзе пад маёй сындыкаўскаю кустодыяй. Айцец-гвардыян няхай пільнуе хор ды іншыя манаскія афіцыі[88], а ў кіраўніцтва кляштарам і носа не сунуць, пане каханку!
– Але ж, мосці княжа дабрадзею, – прамовіў правінцыял, – тымчасам цэлы сёняшні дзень мы галодныя: агонь на кухні заліты, ежа вывернутая...
– Так, так, пане каханку! Слушна і справядліва так сталася. У якасці пакуты, усе, вашэць, ад прэлата да брата, паабедаеце ў мяне ў замку і яшчэ адну пэнітэнцыю[89] адбыць мусіце. А пасля, пане каханку, сабярыцеся тут на conclave, а я сам кляштарам кіраваць буду.
Мы вярнуліся ў кляштар. Там ex consilio выпала падпарадкавацца волі князя, каб яму што горшае ў галаву не прыйшло. А што да другое абяцанае пэнітэнцыі, дык мы ўсе былі пэўныя, што ён нас у замкавай капліцы праз miserere[90] правядзе, бо гэта ў яго не навіна, і сам у Вялікую пятніцу часта бічуе сябе, як належыць. Дык увесь канвент мусіў ісці ў замак. Аднак мы мелі надзею, што пасля абеду, і пасля другое пэнітэнцыі дазволіць нам князь вярнуцца ў кляштар.
У аграмаднай, гэтак званай гетманскай зале, паставілі стол ад канца да канца, але без абруса. Замест паўміскаў кляшторныя прыстаўкі, пастаўленыя на доўгай дошцы, насілі браты-сэрвіторы. Пасярэдзіне стала стаялі два анталы – віна і трайняку. Князь сам сеў сярод айцоў і шчодра іх частаваў, а нас – маршалак яго двара пан Фрычынскі, які нагадваў нам, наліваючы з анталаў у збанкі, а са збанкоў у шклянкі, што трэба дапамагаць айцам старэйшым, бо іх князь споіць. Сапраўды, ён часта паўтараў, калі хто з іх адмаўляўся піць:
– Знай, вашэць, што я сындык! Мая адэдыенцыя, пане каханку!
Дык не падняліся мы з-за стала, пакуль абодва анталы не апусцелі.
– Вось вам і другая пакута, пане каханку! – устаючы з-за стала прамовіў князь сындык ужо неразборлівым голасам і, хістаючыся, выйшаў з залы.
А тымчасам усе нашыя вазы і коні завялі ў замкавыя стайні, нам далі ў замку выгодныя пакоі, браму замкнулі, жаўнеры сталі на варту, і датуль у кляштар нікому не дазволілі вярнуцца, пакуль капітульныя соймікі не закончыліся. Ішлі яны хутка і, натуральна, адпаведна волі і дыспазіцыі князя.
Абеды былі, як і першы, ажно на астатнім зноў два анталы з‘явіліся на стале. Зноў пэнітэнцыя і абэдыенцыя. Урэшце, пачаставаўшы нас і сябе, князь, устаючы, сказаў:
– Капітула закончана! Сальвую[91] сесію на тры гады, наступную ў Нясвіж запрашаю, а тымчасам маліцеся, вашэці, за маю душу, як абяцаў мне ксёндз-правінцыял, пане каханку!
ІНСТРУКЦЫЯ НА КВЕСТУ І АД‘ЕЗД З КЛЯШТАРУ
XIII
Калі так выдатна князь-сындык распарадзіўся нашаю капітулаю, дык мы з маім ранейшым мінскім кусташам засталіся ў Нясвіжы; ён – гвардыянам, а я братам дзеля ўсялякіх кляшторных афіцыяў пад ягоным кіраўніцтвам. Меў я надзею на такое ж самае жыццё і абавязкі, як і ў Мінску, але праз колькі дзён пасля ад‘езду капітулы паклікаў мяне ксёндз-гвардыян да сябе і сказаў:
– Вось табе, браце Міхале, абэдыенцыя, дасланая сёння ксяндзом-правінцыялам, – прызначэнне на квестара тутэйшага кляштару. Дык збірайся і заўтра едзь з Богам. От цо ест!
– Навошта мне гэта?
– На тое, каб і сам, і ўсе мы мелі што есці зімою. Ведаеш жа, што мы з ласкі дабрадзеяў жывём. Айцец-правінцыял, добра пазнаёміўшыся з табою і ведаючы, што ты з прыдворных і чалавек бывалы, жыў у свеце і ўмееш падпарадкоўвацца, абраў цябе дзеля гэтае паслугі, як самага здатнага. У гэтым выяўляецца ягоная прыхільнасць да кляштару; і хоць я яго пра гэта не прасіў, пра гэта нават і не зычыў сабе, аднак на ягоным мейсцы тое ж самае ўчыніў бы. Урэшце, справа вырашана – абэдыенцыя! От цо ест!
– Не маю на гэта што адказаць, ойча! Але калі квеста не атрымаецца і я вярнуся з нічым?
– Гэтага быць не можа; з аніякім квестарам ў нас яшчэ такое не здаралася. І хоць не тое ўжо, што раней бывала, калі квестар колькі бараноў, столькі – ды яшчэ і ў два разы – талераў прывозіў, калі фуры за ім і перад ім везлі пшаніцу ў нашыя свірны, аднак і цяпер ніхто яшчэ квестара не выгнаў з дому; яшчэ пабожнасць, дабрачыннасць і чалавечнасць ёсць на Літве. От цо ест! І, кажучы праўду, і цяпер, як даўней, ёсць нейкая ўсеагульная хатняя прыхільнасць да бернардынаў. І таму руш, вашэць, як я казаў, і вяртайся да парц‘юнкулаў[92], але і не вяртася без капы бараноў, бо на месяц пасаджу цябе ў цюпу[93]. От цо ест! – Дадаў ён з усмешкаю.
“І гэта мне pater pericolosus![94]” – падумаў я сам сабе.
– Але ж, рэвэрэндысымэ, я не воўк, хапаць бараноў не буду; колькі дадуць, столькі і прывязу.
– Слушна! Ты не воўк, але не трэба быць і аслом. От цо ест! Ведай, браце, што паспяховасць квесты залежыць толькі ад квестара. Est modus in rebus[95], як людзі кажуць. Ёсць людзі, і такіх, дзякуй Богу, болей, якія выглядаюць і чакаюць штогод квестара, як буслоў увесну; такія, убачыўшы цябе здалёку, даўно прызначанага барана самі да твае чародкі падгоняць; такія сардэчна, шчодра пачастуюць і нанач пакінуць дзеля пачцівае і пабожнае гаворкі, па якой сумуюць цэлы год; такім у якасці падзякі дастаткова шчырага “Deo gratias!”, бо яны вераць ва ўдзячнасць і таму стараюцца заслужыць яе.
Ёсць іншыя, цалкам супрацьлеглыя папярэднім; яны, сустрэўшы цябе ў браме, адразу пачынаюць думаць, як бы хутчэй цябе выправіць; ад такіх і добрае слова шмат значыць, а прасіць у іх і дакучаць ім не варта; маліцца за іх трэба, абы іх Бог іх натхніў ласкаю сваёю святою і даў жаданне дапамагаць бліжнім. От цо ест!
Але ёсць яшчэ іншыя, а гэта часцей за ўсё вялікія паны, у якіх, як ведаеш, шчодрасць залежыць ад гумору; вось у тым і рэч, абы стварыць гэты гумор добрым жарцікам, вясёлаю показкаю, далікатным папрокам, чаму адмовіць было б сорамна. Патрэбна, пане браце, умець закінуць, як у рэчку, вуду ў мора панскага багацця, а на гачыку ў якасці прынады прычапіць канцэпт[96], і выцягнеш барана альбо дуката. Вашэць прыдворны, дык патрапіш сам сабе параіць! Але зважай і на тое, што адно служба свецкая, іншае – бернардынская; наша, праўда, больш фамільярная, але як у першай трэба часам умець трымаць язык за зубамі, так у нашай – за габітам. От цо ест! Intelligis? Зрэшты, usus te plura docebit[97].
Я ўжо выходзіў, але ксёндз-гвардыян яшчэ затрымаў мяне.
– Ну, – сказаў ён, – хоць постаць твая набывае ўжо бернардынскае цыркумферэнцыі, але ты маеш яшчэ парэшткі свецкіх заганаў, ад якіх абавязкова трэба адрачыся. Кінь, вашэць, перш-наперш сваю любімую люльку, бо ў нас няма моды на гэта нават у кляштары, а тым больш на квесце. Ніхто яшчэ квестара з люлькаю не бачыў. За тое вазьмі добры запас нашае табакі-бернардынкі. Увесь свет ужывае табаку, і бернардынка слаўная на ўвесь свет. Будзеш мець мажлівасць дагадзіць табачнікам і браць за яе бараны, і сам лёгка прызвычаішся, бо яна працвярэжвае і падбадзёрвае. Спрабуй, вашэць.
Калі я зажыў і кіхнуў, ксёндз-гвардыян закрычаў:
– От цо ест! А што? Vale! Дарую табе і гэтую табакерку на пачатак. Другое, вашэць заўсёды кажа: “Пане дабрадзею!”, “Мосці Добрадзею!”, а ў нас няма ані “Мосці”, ані “Паноў”; усе аднолькава нашыя “Дабрадзеі”, без усялякіх дадаткаў “Дабрадзеі”. Калі б з новымі дэнамінацыямі[98] і звычаямі выехаў у свет, з квестаю табе б не пашанцавала. Квестар без языка і квестарскае галавы, ці – што яшчэ горш – з моваю свецкаю і моднаю, зарабіў бы як Заблоцкі на мыле. Так, браце, пакорна і весела, хоць і мудра нават часам, але заўсёды проста, па-даўняму. Гэта галоўнае! Так нашыя папярэднікі заслужылі закону Божую ласку і міласць людскую. Давайма трымацца гэтага шляху, браце! А калі ён пачне хібіць, калі шчырасць, прастата і пакора не будуць ужо трапляць у сэрца, дык гэта кепскі будзе знак, браце, і не толькі для нас, але і для ўсіх, бо тады атрута недавярства і пагарды да нашае святое рэлігіі, што цяпер па кроплі падае сям-там сярод нас, пашыраецца, як кара егіпецкая, сярод народу!.. Дай, Божа, не дажыць да таго!
– Адкуль жа такія непамысныя прароцтвы, рэвэрэндысымэ?
– Эгэ, браце! Я не такі дурны, як вашэць думае. От цо ест! Я прайшоў розныя законныя ступені; не выхваляючыся, я – доктар тэалогіі, быў прафесарам колькі гадоў ў Вільні, а таксама і казнадзеем, урэшце лектарам[99] не малы час. Ведаю я, бо думаў, адкуль ідзе зло. Ведаю, а перадусім, разумею французскую мову, каб яе, бадай, у нас ніколі не было! У ёй арсенал шатана, з яе ён бярэ атруту, якую на нас, бедных, жменямі кідае. Але на Бога надзея! От цо ест! Не час пра тое думаць. Сумна мне будзе без цябе, браце, бо я да цябе сэрцам прыкіпеў; затое ўзімку будзем разам і нагуляемся вечарамі ў шашкі ды марыяша.
Даём табе старога кляштарнага фурмана Марціна, які ўжо колькі квестараў вазіў, даём табе два вазы, два старыя канякі, два бараны-правадыры і надзейнага сабаку – вартаўніка твае будучае чарады і вазоў; вось і ўся твая дружына. Дык Deus te benedicat, ducat et reducat[100]. От цо ест!
Накіраваўся я на стайню і пазнаёміўся з маім таварышам падарожжа – Марцінам, які рыхтаваўся да вандроўкі. Назаўтра, паслухаўшы святую імшу і атрымаўшы богаслаўленне майго каханага ксяндза-гвардыяна, я сеў на воз.
Наперадзе Эліяш і Барабаш, два прыгожыя рагатыя бараны са званочкамі на шыях, ля іх сабака Памфіл, за імі – Марцін на вазку, запрэжаным вялікім, але худым буланым канём, і , нарэшце, я на сівой і крыху кульгавай кабыле. У браме Марцін перажагнаўся і пачаў “Завітай да нас, дзянніца”, я падхапіў; гэтак пабожна спяваючы, мы з нашаю кавалькадаю праехалі мястэчка.
ЛЕГЕНДЫ СТАРОГА МАРЦІНА
XIV
– Куды паедзем, Марціне? – запытаўся я, калі мы мінулі мястэчка.
– Куды вочы глядзяць, мой ягамосць!
– Ты ж няраз з квестарамі ездзіў, дык вядзі, як ведаеш, лепей.
– Ведаю тое, мой ягамосць, што ў блізкія адсюль двары няма чаго заязджаць: суседнія паны штонядзелю бываюць у касцёле і ў ксяндза-гвардыяна, дык ён і сам у іх найлепей выквестуе; нам трэба ад’ехаць крыху далей ад гнязда. На абед завязу ягамосця да майго старога сябра пана Яна Бялевіча, стражніка княскіх лясоў, адсюль – тры мілі. Заўсёды ад яго пачынаем квесту; ягоны баран шчаслівы, бо ён дае пачціваю рукою і не шкадуючы; і хоць кажуць пра яго, што ўмее стрэльбы замаўляць і дзічыну на свой стрэл склікае, але гэта няпраўда, бадай, ім такое здароўе! Дзічыны ў яго процьма, што тут дзіўнага? Ведае поле, ведае, калі на якога звера ці птушку лепшы час, а раней служыў ў слаўнага пана Валадковіча, якога застрэлілі ў Мінску. Потым князь запрасіў да сябе і прызначыў падлоўчым. Ён ажаніўся, цяпер у яго сыны, як дубы, і дачка, як ягадка; аўдавеў, праўда, але што ж рабіць? Такою была Воля Божая; ён сядзіць сабе спакойна, як дай Божа кожнаму пачціваму.
– Добра, – сказаў я, – едзем да пана Бялевіча.
Мы цягнуліся нага за нагу, мовячы паціху пацеры. Мой пан фурман часам спыняўся, дазваляў баранам паскубці травы і, вытрасаючы табаку з ражка, азіраўся на мяне з нейкаю крывою ўсмешкаю на твары; я таксама аглядаў ягоную фігуру. Стары, але моцны, вусы і чупрына сівыя і густыя, твар і нос чырвоныя, вочы, як у маладога; на сабе меў перакроены на капот габіт, на ім шэрая палатняная чуйка з капюшонам, каб хаваць ад дажджу галаву, на якой цяпер сядзела высокая шапка з чорнага барана, на світцы вісела каронка, а з-за шырокага скуранога паса выглядваў ражок з табакаю.
Пасля некалькіх такіх папасаў і прыгляданняў да мяне ён, нарэшце, перапыніў нашае доўгае і, відаць, апрыклае яму silentium.
– Але ж ты, ягамосць, маўчыш, як пень.
– А што нам гаварыць, мой каханы Марціне.
– То ягамосцю трэба было станавіцца капуцынам, бо капуцыны, здаецца, не размаўляюць. Можа, ягамосцю здаецца, што гутарыць з фурманам – не да гонару ягамосцю; але я і правінцыялаў вазіў, і яны як з братам са мною дыскутавалі.
– Вядома, пане Марціне, і я ахвотна буду з табою дыскутаваць, толькі што я ўпершыню ў гэтым краі, дык нічога тут не ведаю; хіба ты мне апавядаць будзеш. Ды яшчэ мы едзем па адным, то немагчыма размаўляць.
– Усё можна наладзіць. Я добра навучыў сваіх коней; можна, як хочаш, пускаць іх і наперадзе, і ззаду, а кіраваць голасам. Буланы яшчэ разумнейшы, бо сам у двары паварочвае, больш за тое, калі ён павярнуў, дык смела заязджай... з пустымі рукамі не ад‘едзеш. Я сяду з ягамосцем і будзе нам абодвум весялей, а перасядаючы, мы і паснедаем. Дастань толькі, дабрадзей, пуздэрка[101], – сказаў ён злазячы з воза.
– Ці ж у нас ёсць пуздэрка ?
– Эгэ! Адразу відаць, што ягамосць першы раз квястуе. А як жа! Ёсць і не пустое: пакуль хто нам налье, свой запас на пачатак мець трэба.
Марцін дастаў з-пад мае лаўкі пуздэрка, пра якое я не ведаў, і бохан хлеба.
– Чакаю з рук ягамосця! – сказаў ён мне. Пасля, выпіўшы чарку, якая таксама знайшлася ў пуздэрку, кроіў закуску. Эліяш і Барабаш прыйшлі таксама па сваю порцыю; у доўгіх вандроўках ён прызвычаіў іх да рук; зналіся з ім, як сябры. Памфіл таксама паснедаў, а Марцін, сеўшы са мною, крыкнуў:
– Гэй, буланы! – і конь пайшоў, а сівая – за буланым.
– Ці ведае ягамосць, што гэта за мястэчка справа?
– Мне здаецца, – Мір.
– Сапраўды, – Мір. А ці ведае ягамосць, які там ёсць звон?
– Не ведаю.
– Дык я ягамосцю раскажу, бо паўсюль пра ўсё сёе-тое ведаю. Нарадзіўся я цікаўным, моўным, лоўным і gadatiwus[102], то люблю слухаць і апавядаць, калі ёсць што вартае. Вось пра гэты звон існуе такая гісторыя.
Наш князь Пане Каханку, ездзіў даўней па чужых краях і ваяваў з паганцамі – сам пра гэта часта апавядае; раз так было яму кепска, што чыніў розныя пабожныя вота[103], абы Боскім цудам выбавіцца ад пэўнае згубы. Ён паабяцаў зрабіць для Мірскага касцёла такі звон, каб – як ў Міры зазвоняць на рэзурэкцыю[104] – у Нясвіжы было чуваць; а гэта чатыры мілі, мой ягамосць!
Дык як толькі ён вярнуўся ў Нясвіж, адразу загадаў ліць звон у Міры; адлілі адзін, звоняць – не чуваць у Нясвіжы. Пане Каханку дадае золата і срэбра ў матэрыял, загадвае адліць другі, большы; зноў льюць і зноў звоняць цэлы дзень – не чуваць! А трэба абавязкока выканаць вотум – да ёты; адліваюць трэці звон...
Тымчасам аднаго вечара Пане Каханку, будучы ў добрым гуморы, бавіўся сабе сярод сваіх і хлусіў на чым свет стаіць, бо такі ўжо ў яго звычай. Ат, звычайна вялікаму пану ўсё можна. Апавядае цуды і кажа ўсім верыць. Калі ж ён перабраў меру, не вытрымаў пан Міхал Ходзька, які раней быў княскім канюшым, калі я служыў старэйшым конюхам, а пасля ён стаў панам, а я – фурманам. Ён, фаварыт князя, кажа:
– Мосці княжа! Звон мірскі чуваць!
Усе наставілі вушы, але ніхто не чуе. Князь жа паддаквае пану Ходзьку і кажа:
– А бачыш, вашэць, які гучны мой звон! Выканаў вотум.
– А як жа яму не быць гучным, – падхапіў Ходзька, – калі пан князь цэлы дзень хлусіць, пэўна, на ягоны голас і памятка?
Бо, ягамосць, мусіш ведаць, што калі дзе адліваюць званы, трэба шмат хлусіць, каб далёка разыходзілася, дык і голас званоў так разыходзіцца будзе.
Князь, аднак, не разгневаўся, толькі, смеючыся, сказаў Ходзьку.
– Васан сам такі, пане каханку! – але ўжо больш звон не пераліваў; ахрысцілі яго Каролем, павесілі на званіцы, і князь заўсёды кажа:
– Чуваць Кароля ў Нясвіжы!
А калі хто запярэчыць, то ён:
– Хіба ж я віноўны, пане каханку, што вашэць не мае такога слуху як пан Міхал Ходзька?
І, праўду кажучы, тут ён не маніць, бо і сам мае імя Караль, а як пачне звінець па-свойму, дык і чуваць Кароля ў Нясвіжы, – ківаў галавою Марцін.
– А ці не ведаеш чаго, Марціне, пра тых слаўных залатых апосталаў князя?
– Ага, не ведаю! Як жа не ведаю? Пан Букоўскі, княскі шатны, апавядае пра іх кожнаму, бо іх бачыў і вазіў. З сапраўднага золата былі, мой ягамосць! Вялікія, як шасцігадовыя хлапчукі.
– Э-э, можа меншыя?
– А хто іх там мераў? Вядома, што князь, выбіраючыся на вайну з паганцамі ў чужыя краі, узяў з сабою і апосталаў; завёз іх спачатку ў Гданьск, а пасля – дзесьці далей. А як не стала грошай... Эй, буланы, направа! Эй!
Мы паехалі пакручастаю дарогаю праз цёмны лес. Марцін перастаў мовіць пра апосталаў, бадай, ад гневу, што іх ужо няма, ці прыгадваў новую легенду, калі тарахценне каляскі і тупат коней пачуліся нам здалёк.
– Некага спаткаем, – сказаў Марцін. – Можа, дасць Бог добры пачатак.
Буланы, пачуўшы цокат, а прызвычаены, відаць, да законнае пакоры, саступіў з дарогі наколькі галіны дазвалялі, а Памфіл пабег уперад і пачаў гаўкаць.
Хутка паказаўся ягамосць вершнік, багата і бунчучна[105] ўбраны, у тарататцы[106] з залатымі тасьмамі, з эпалетам на адным плячы, з патранташам на залатой тасьме, з палашом на пэндэнце[107] і фастрыгаваным каўпаком на галаве. Па ўборы я зразумеў, што гэта вайсковец.
За ім ехаў казак, апрануты, як улан, са сцяжком, а за ўланам воз, запрэжаны чатырма гладкімі коньмі, на якім яшчэ адзін slugus і ля фурмана казачок з бандураю; нарэшце, за возам ішлі два прывязаныя кані.
Ён, зухаваты, вясёлы, з прыгожымі вусамі, грацыёзна пагладзіўшы якія, прыязна зірнуў на мяне і засунуў за пэндэнт кніжку, што трымаў ў руцэ.
– Laudetur Jezus Chrystus!
– In saeculu saeculorum! – адказваю.
– З якога кляштару Пан Бог паслаў?
– З Нясвіжа, Яснавяльможны... Дабрадзею, – прыгадаў я ў апошні момант навуку ксяндза-гвардыяна.
– Стой! – крыкнуў ён свайму абозу, з якім нам цяжка было размінуцца, дык і я спыніўся.
– А ці ў замку князь?
– Няма, – адказваю. – Выехаў нядаўна ў Белую[108].
– Гэта кепска. Я хацеў па дарозе скласці яму мае homaqium. Пэўна, сёння яшчэ з кляштару, бо не маеш бараноў?
– Так, дабрадзею.
– Але ж ты малады для квестара. Пэўна, нейкая авантура апранула на цябе каптур.
– Зусім не. Такою была Воля Божая і праўдзівае пакліканне.
– Можа і гэтак. Аднак у тваім веку і здароўі, лічу, што лепей бы выглядаў на кані і ў шыку, чым у габіце і на возе. Ведаеш, кідай усё гэта і давай са мною. Апрану цябе і, калі шляхціц, зраблю таварышам у Пінскай брыгадзе, у маёй харугве, дзе я ротмістар. Ну як?
Разгневаўшыся на гэтую неспадзяваную вярбоўку, кажу:
– Я – шляхціц, роўны кожнаму. А што пан ротмістар сказаў бы на тое, каб я прапанаваў яму скінуць свае багатыя рыцарскія аздобы, бо ўсё гэта vanitas, ды, прыгадаўшы песню пра святога Лазара і багатыра з яе, што “Меў у сэрцы сваім пыху”, апрануў наш бедны бернардынскі габіт, які я пану дам? У такім разе я згодны вярнуцца ў Нясвіж.
Una salus servire Deo, caetera fraudes![109]
Вельмі ad casum[110] прыгадаў я сентэнцыю з майго раптуляра.
– Ого! – адказаў ротмістар. – Гэта для квестара занадта мудра. Я адгадаў, што ты мусіў раней жыць у вялікім свеце.
– Ды ўжо ж квестарам не нарадзіўся. Але калі на ўзаемныя прапановы нашыя мы не згаджаемся, дык няхай Бог спрыяе Дабрадзею, а я рушу сваёй дарогаю.
– Пачакай, – сказаў пан ротмістар, спешваючыся. – Не варта раз’язджацца з такіх кепскіх дыспазіцый, бо ні мне сёння ў падарожжы, ані вашэці ў квесце не пашанцуе. Я не хацеў цябе абразіць, дык і не гневаюся за твой адказ. Каму іншаму, можа быць, гэта б не даравалася, але з табою, браце, мы вып’ем за гэтую справу. Дастаць з воза запасы!
– Няхай і так будзе, калі твая такая ласка, – адказваю.
Дасталі не жаўнерскія, а панскія далікатэсы: гданьская гарэлка, з якою я аднавіў сваё даўняе маршалкоўскае знаёмства, пасля – выдатныя шынкі і смажаніну. Падмацаваліся на цэлы дзень.
Пан ротмістар ахвотна і весела частаваў.
– Давядзі, – казаў ён, – апетытам, што ты паводле праўдзівага паклікання стаў бернардынам.
А калі Марцін з іншае фляшкі пакаштаваў старкі, пакруціў галавою і сказаў мне:
– Гэта не наша падарожная, мой ягамосць!
– А ці маеце пуздэрка? – запытаў пан.
– Маем, Яснавяльможны пане! – адказаў Марцін, які, бадай, і наўмысна пра гэта заікнуўся.
– Наліць, – сказаў ротмістар, – пару фляшак старкі ды фляшку гданьскае квестару і даць яму шынку на закуску.
– Тое табе, а гэта – кляштару, – дадаў ён, кладучы мне ў руку тры дукаты з пазалочанага і пукатага гаманца. – Вазьмі на ўспамін пра ротмістра Пінскае брыгады, які вярбуе квестараў у войска.
– Няхай Бог табе заплаціць, – сказаў я, кланяючыся такому шляхетнаму дабрадзею. Ён сеў на каня і рушыў са сваім абозам.
Калі я сеў на свой вазок, заўважыў на зямлі кніжку, што, пэўна, выпала з-за ротмістравага пэндэнта; падняў; о, як жа я здзівіўся, калі прачытаў тытул – “Жаўнерскае набажэнства”![111]
“О, шляхетны! О, пачцівы! О, пабожны рыцар! – падумаў я сам сабе. – Няхай жа цябе ўсе кулі мінаюць! А твая рука, як Давіда, няхай перамагае галіяфаў!”
Кажуць, што ў войску людзі псуюцца, што там няма ні Бога, ні веры; вось відавочны прыклад, што гэта фальш і хлусня. Пан, відаць, з паноў, ад золата свеціцца як сонца, аднак у дарозе пабожна моліцца па кніжачцы, крыўды па-хрысціянску даруе ды яшчэ шчодра адорвае таго, хто яго абразіў. Ксёндз-гвардыян хоць і казаў, што ён доктар і тэолаг, але, бадай, болей мроіць сабе пра злое на свеце, чым ёсць на самай справе.
Тут улан пана ротмістра дагнаў нас, пытаючыся, ці не знайшлі мы панскае кніжачкі да набажэнства. Я аддаў яе, перш пабожна пацалаваўшы, і сказаў:
– Скажы свайму пану, што вось так цалуе ягоныя ногі бедны квестар-бернардын не толькі за тое, што яго шчодра адарыў, але і за тое, што ў ягоным панскім целе пабожная і хрысціянская душа. А як завуць твайго пана?
– Яснавяльможны ротмістар Хамінскі! – І ён паехаў.
– Ну, ну! Годны пан! Нічога не скажаш! Я казаў, што Бог дасць нам добры пачатак; хоць мог бы даць смела яшчэ пару чырвонцаў[112], бо ягоны гаманец д’ябальскі пукаты; але ж цяпер людзі скупеюць.
– Маўчы, ліха на цябе! – кажу я. – Ці ж гэтага мала? Ён жа і пра цябе нават не забыўся: упадабанае старкі загадаў наліць пару фляшак.
– Ой, бо й я не дурны. Я за адну гданьскае выпрасіў яшчэ дзве старкі ў таго, хто распараджаецца панскім дабром. А таму ў нас не дзве, а чатыры фляшкі старкі.
– Гэта кепска, пане Марціне, бо ты забыўся пра мяне: я аддаю перавагу аднаму келішку, але добрае гарэлкі, чым двум, абы-якім, бо напівацца не люблю.
– Гэта не па-бернардынску, мой ягамосць! Не пераймайся смакам, абы толькі шмат і на здароўе; гэта галоўнае! А старка галаву не кранае, толькі страўнік грэе. Увесь свет пра гэта ведае, і увесь свет мяне за такі гандаль пахваліць. Пі, ягамосць і не дбай. А гэй! Буланы!
Я не меў што адказаць буркліваму Марціну, а тут мы выехалі ў поле і ўбачылі дом з гаспадарчымі забудовамі пана Бялевіча.
[1] Высокага паходжання (лац.).
[2] Гэта, уласна, вырвана. (Прыпіс аўтара-выдаўца).
[3] Ранішняя малітва.
[4] Верхняя вопратка манаха.
[5] Справа (лац.).
[6] Калі закончыцца ў кляштары гадзіна маўчання – час, прызначаны правіламі (лац.).
[7] Пад тваю абарону (лац.).
[8] Віно весяліць сэрца чалавечае! (лац.)
[9] Акружнасць.
[10] Пераўвасабленне ... толькі на час падарожжа (лац.).
[11] Такая мая доля! (лац.)
[12] Тут: пісьмовы загад (лац.).
[13] Прапаведнік.
[14] Таемна (лац.).
[15] Сумка, торба.
[16] Чалавек мяркуе, Бог распараджаецца, а цябе няхай Бог блаславіць! (лац.)
[17] Малодшага брата (лац.).
[18] Перст Божы (лац.).
[19] Канец (лац.).
[20] Сакрэтна (лац.).
[21] Захавальнік музея, бібліятэкі.
[22] Вітаю! (лац.)
[23] Суцяшэнне, адпачынак, пацеха.
[24] Урачыстае набажэнства.
[25] У наступе (лац.).
[26] Перавярні (лац.).
[27] Адзіны шлях збаўлення – у службе Божай, астатнія – марнасць! Разумееш? Чыні мудра... і няхай дзеецца воля Божая (лац.).
[28] Добра сказаў (лац.).
[29] Разважай разважліва (лац.).
[30] Пастараюся (лац.).
[31] Харч і прытулак (лац.).
[32] Бывай! (лац.)
[33] Манах, які трымае ключы ад кляштарнае спіжарні і піўніцы.
[34] Тут: спіжарня.
[35] Айцы і браты (лац.).
[36] Спакой, адпачынак (лац.).
[37] Пасля адпачынку (лац.).
[38] Размовы (лац.).
[39] З чыстых зерняў (лац.).
[40] Дакладна (лац.).
[41] Уласнае (лац.).
[42] Вопратка каплана пад час краплення люду свянцонаю вадою.
[43] Занавес перад алтаром.
[44] Тут: прысяга.
[45] Каплан, які святкуе 50-годдзе свайго высвячэння на капланства; але часцей так называюць каноніка, які 40 год спяваў у капланскім хоры.
[46] Дух, душа, натура, характар.
[47] Без права адпускаць грахі (лац.).
[48] “Цябе, Бога, хвалім” (лац.).
[49] сэрвітор – лёкай; той, хто прыслугоўвае ў кляштары.
[50] кусташ – кіраўнік некалькіх кляштараў, якія складаюць кустодыю.
[51] gaudeamus – радуймася.
[52] appertis manibus – тут: сардэчна.
[53] ватыва – імша, якую адпраўляюць на карысць намераў пэўнае асобы; падзячнае набажэнства.
[54] прафэсыя – публічнае вызнанне веры; прысяга законніка.
[55] дэфінітар – кіраўнік дэфініцыі. Манаскі закон дзяліўся на правінцыі, правінцыя на дэфініцыі; кожная дэфініцыя мела больш за дзесятак кляштараў. Тут: пенсіянер.
[56] прабант – кандыдат у закон у часе прабацыі; навіцыюш.
[57] дыспэнса – вызваленне ад выканання касцельных абавязкаў. Тут: кляштарная гаспадарка.
[58] канапар – манах, які трымае ключы ад кляштарнае спіжарні і піўніцы.
[59] бэнэваленцыя – зычлівасць, прыхільнасць, спрыяльнасць.
[60] si licet – калі можна.
[61] Iterum, iterumque gaudeo! – Зноў і зноў радуюся!
[62] фрыкасы – прысмакі, дэлікатэсы.
[63] кантэнтэнцыя – задавальненне.
[64] экспэрыегцыя – вопыт.
[65] прыстаўка – малая міска.
[66] Gratias ago! – Дзякую табе!
[67] ex ordine – па парадку.
[68] summatim – сцісла.
[69] insperate – нечакана.
[70] соцыюш – таварыш.
[71] omnis generis – рознага роду.
[72] кустодыя – кіраванне нечым, вартаванне, ахова.
[73] сындык – тут: апякун.
[74] хамагіюм – прысяга на вернасць.
[75] дыстынкторыі – знакі адрознення.
[76] ex abrupto – без падрыхтоўкі.
[77] conclave – закрыты сход.
[78] subintelligitur – мяркую.
[79] рэкагніцыя – знак увагі.
[80] obstupuerunt – аслупянелі.
[81] прэпандэрэнцыя – зверхнасць, перавага.
[82] воты і кансіліі – нарады.
[83] юбілят – законнік, які 50 гадоў жыве ў кляштары.
[84] ad velle sui – паводле свае волі.
[85] інфулат – біскуп, што мае права насіць інфулу (літургічны галаўны ўбор).
[86] tamquam – нібы.
[87] кансаляцыю – пацеха, адпачынак.
[88] афіцыі – абавязкі.
[89] пэнітэнцыя – пакута як сакрамэнт; пакаянне.
[90] miserere – першае слова 57 псалму “Вульгаты”; злітуйся.
[91] сальвую – распускаю.
[92] парц‘юнкула – адпушчэнне грахоў, якое можна было атрымаць ад першых няшпораў 1 жніўня да заходу сонца 2 жніўня.
[93] цюпа – халодная, вязніца, кутузка.
[94] pericolosus – той, хто пагражае небяспекаю.
[95] Est modus in rebus – Ёсць мера ў рэчах.
[96] канцэпт – досціп.
[97] Intelligis? ... usus te plura docebit – Разумееш?... трэба табе шмат вучыцца.
[98] дэнамінацыя – тэрмін, найменне.
[99] Лектарам называўся выкладчык, які чытаў “біблейскія часы”.
[100] Deus te benedicat, ducat et reducat – Няхай цябе Бог бласлаўляе, кіруе табою і накіроўвае.
[101] пуздэрка – падарожная скрынка дзеля харчу і напояў.
[102] gadatiwus – гаваркі.
[103] вота, вотум – прызначаны на выпадак паспяховага завяршэння справы прадмет, які змяшчаюць у касцёле.
[104] рэзурэкцыя – урачыстае вялікоднае набажэнства з працэсіяй.
[105] бунчучна – заліхвацка, з шыкам.
[106] тарататка – кароткі капот, аздоблены галунамі.
[107] пэндэнт – перавязь.
[108] Бельскае графства, маёнтак князёў Радзівілаў у Беластоцкай акрузе. (Прыпіс аўтара).
[109] Una salus servire Deo, caetera fraudes! – Адзіны шлях збаўлення – ў службе Божай, астатнія – марнасць.
[110] ad casum – дарэчы.
[111] Гэтая кніжка для набажэнства даўней была вельмі папулярная, а сёння – надзвычай рэдкая. (Прыпіс аўтара).
[112] чырвонец – даўняя залатая манета, дукат.