У ПАНА БЯЛЕВІЧА. ВАЛАДКОВІЧ
XV
У аграмадных радзівілаўскіх пушчах падлоўчыя жывуць, як у фальварках. Князі пасяляюць там часцей за ўсё сваіх заслужаных лёкаяў са шляхты, абы толькі былі пачцівымі ды спраўна і ахвотна выходзілі на паляванне і аблавы, дык маюць тут кавалак хлеба пасля бацькі і сыны. Сяляне-леснікі апрацоўваюць іх зямлю і косяць сена ў лесе; яны маюць апрача ўсяго і пенсію з княскага скарбу; за колькасць забітае дзічыны дакладнае справаздачы не робяць, і анічога ім не бракуе.
Так жыве і пан Бялевіч, яшчэ моцны і здаровы дзядок; ён сам адчыніў нам браму і апярэдзіў мяне нават у пабожным прывітанні, бо я на дзядзінцы альбо ў хаце хацеў сказаць “Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!”, а ён у браме гэта самае сказаў; Марцін адказаў яму “На векі вякоў!” Вось я і застаўся з нічым.
Падворак малы, але чысты; пасярэдзіне – крыж з Хрыстом, абгароджаны і са стрэшкаю; хата з прызбамі, на якіх можна сядзець і грэцца на сонцы, з вялікімі вокнамі з аднаго боку – у святліцы, і меншымі, закуранымі ў другой – у пякарні; насупраць дому – свіран з вокнамі пад страхою, за якімі тоўстыя полсці, вэнджаныя паляндвіцы і кілбасы гайдаліся ў паветры; далей – іншыя гаспадарчыя пабудовы: малыя, але дагледжаныя стайні, адрыны і хлявы. Каля ног старога паляўнічага блыталіся два ганчакі, а тоўсты выжал спакойна ляжаў на прызбе.
– Няхай Бог заплаціць ягамосцю дабрадзею, што да мяне завітаў, – сказаў пан Бялевіч.
– Гэта я прывёз дабрадзея, бо ён навіцыюш, не ведаў куды кіравацца; а я заўсёды пачынаю квесту з ягамосця, – перапыніў Марцін.
– Дзякую і вашэці, пане Марціне! Размяшчайся па-даўняму ў стайні са сваёю сіваю і буланым; Эліяша і Барабаша пусці на аселіцу, а ягамосця дабрадзея проша ў хату.
У хаце мы ўбачылі маладую гаспадыню за кроснамі. Гэта дачка пана Бялевіча.
– Ну, Ганулька, – сказаў ёй дзядок, – дадай да абеду забітага ўчора шарака, бо даў Бог мілага госця. А ты, ягамосць дабрадзей, сёння адпачні ў нас, бо хоць няшмат яшчэ праехаў, але многа яшчэ наперадзе. На абед вернуцца і мае сыны, дык і яны паклоняцца ягамосцю дабрадзею.
– Дзякую, – кажу я, – майму каханаму дабрадзею за такое сардэчнае запрашэнне; на адпачынак нават да раніцы ахвотна згаджаюся, асабліва, што сённяшні дзень, з Божай помаччу, даў добрае нам спатканне.
І распавёў пра яго пану Бялевічу.
– Ездзіў і я колісь, – сказаў ён, – па ўсёй Літве, асабліва па Мінскім ваяводстве, як быў прыдворным у пана Валадковіча, няхай Пан Бог апякуецца над ягонаю душою, якую гвалтам выпхнулі з гэтага свету.
– Ці не пра таго Валадковіча кажаш, што ў Мінску на трыбунал напаў і які страляў баб, як зязюляў?
– Пра таго самага; адно што хлусня тое стралянне баб на дрэвах, быццам нам дзічыны было мала. Гайдамак гэта быў, сапраўды, але ж і часы былі д‘ябальскі гайдамацкія; хто быў больш зухаваты, хто дужэйшы, той і лепшы, той меў і большую кансыдэрацыю[1], і шанавалі яго болей, бо баяліся. Вядома, такога зуха багатыя паны, нашыя магнаты ўжывалі дзеля справаў і зухвальства, на якое самі адважыцца не хацелі; дык не было дня, каб не пачуў пра забойствы, наезды і ўсякага кшталту гвалт, самадурства. Валадковіч быў адгэрэнтам[2] і, здаецца, калігатам нашага Яснавяльможнага пана і дабрадзея князя Караля Пане Каханку, які пры жыцці свайго бацькі, князя Міхала Рыбанькі[3], гетмана, быў у той час яшчэ мечнікам літоўскім. Шалёная гэта была змоладу галава, пакуль перабрадзіла віно. Калі, бывала, пачне гудзець, а праўду кажучы, шалець па Нясвіжу, то Рыбанька загадваў падымаць масты, каб ён не трапіў у замак. Дык калі ці то з якога партыкулярнага ранкору[4], ці то па спланаванай імпрэзе князь хацеў каму дапячы, Валадковіч заўсёды быў гатовы і спаўняў да ёты намеры і волю князя, дадаўшы яшчэ і свайго.
Але самае горшае, што быў ён малады, бо не меў яшчэ і трыццаці, калі загінуў, палюбіў ён сабе часта напівацца ў дугу. Тады ён станавіўся такім вар’ятам, што трэба было альбо яму дапамагаць, альбо ўцякаць. Самому д’яблу не саступіць! І праўда, няраз лятаў уночы, як шалёны, з голаю шабляю па палях, па балотах, па могілках ды выклікаў упыроў і д’яблаў на двубой; адно што аніводзін ніколі не выйшаў. Тады скардзіўся Валадковіч: “Які я нешчаслівы! Князь Кароль колькі захоча, столькі б‘ецца з д‘ябламі, а я ніколі аніводнага выклікаць не магу”.
Злы дух яму і нашаптаў жаданне стаць дэпутатам трыбунала на рускую кадэнцыю, якая адбывалася ў Мінску; да гэтага яго і князь падахвочваў ды сябрамі радзівілаўскімі на сойміку дапамагаў; урэшце, калі ён стаў дэпутатам, да сумпту шчодра дадаў свайго, бо і камяніцу сваю ў Мінску на кватэру нам аддаў, і з блізкіх маёнткаў загадаў усяго для кухні прывозіць; а яшчэ даслаў асыгнацыю[5] купцам на віно, колькі нам трэба.
Спачатку ўсё ішло выдатна! Пан стаў сур’ёзны; праўда, банкетаваў і частаваў па-панску, але не шалеў і не гайдамачыў; абралі яго нават трыбунальскім падскарбнікам.
Трыбунальскім маршалкам быў у той час Сапега[6], віцэ-маршалкам – Марыконі. Але Сапега не прыехаў на пачатак судоў, а Валадковіч не быў задаволены, што сядзіць ніжэй за Марыконі, якога называў італьянцам і чужаземцам. Але і гэта яшчэ нічога, бо пан Марыконі – абачлівы і памяркоўны пан – не звяртаў на словы Валадковіча ўвагі; але выпала нейкая справа нашага фаміліянта[7] ці радзівілаўская, – дакладна я не памятаю – у якой Валадковіч хацеў перамагчы, аднак не атрымалася; вярнуўся ён з суду раз‘юшаны, як леў, і пачаў піць па-даўняму, смяртэльна праклінаючы ўвесь свет, склікаючы і выклікаючы ўсіх д‘яблаў з усяго пекла. Мы зразумелі, што будзе бяда. І пачалі мы ўгаворваць, стрымліваць, пачалі прасіць – нічога не дапамагае; сабраў халастру[8], якая яму піць і сваволіць дапамагала ды нас піць прымушае. Усю ноч, потым цэлую раніцу аднастайная п’янка і адказанкі[9], нарэшце, пад вечар ён выбіраецца на трыбунал.
Усе стрымлівалі яго, як маглі, і за палы, і за рукі, і за пас; я кінуўся яму ў ногі, просячы, каб не ішоў.
– Kirrye lejzon! – крыкнуў ён, адпіхваючы нас, бо гэта была яго прымоўка, калі бываў у найвялікшай сп‘яну заядласці. – Пайду, хоць бы мяне там д‘яблы забралі! Пайду і навучу таго італьянца, хто я і хто за мною!
Відавочна, спадзяваўся, небарака, на Радзівіла, а Радзівіл быў далёка!..
Пайшлі мы за ім; а было гэта напярэдадні фэсту Прачыстае Панны Марыі Грамнічнае, я ахвяраваўся, лежачы крыжам у часе набажэнства, усю імшу так выслухаць, абы толькі нам гэты вечар ціха закончыўся; але не было мне пасля часу выканаць дадзены вотум.
Калі ён прыйшоў да ратушы, дзе судзіў трыбунал, варта прапусціла яго, як дэпутата, а суд быў у змове; мы засталіся ў пачакальні, у тлуме палестры і паноў аплікантаў[10].
Ледзь зачыніў за сабою Валадковіч дзверы, як пачаўся там шалёны шум, потым звон шабляў, урэшце нечакана адчыніліся дзверы і крыкнулі: “Варта! Варта!”
Мы ўбачылі нашага пана, прыпёртага да сцяны; у яго адабралі шаблю, а ён тузаўся з усімі і стараўся дабрацца да дзвярэй.
У гэты момант падскочыў Краеўскі, ротмістар і камендант трыбунальскіх жаўнераў, а за ім больш за дзесятак гэмайнаў.
– Крымінал! – крычалі з усіх бакоў. Кроў цякла з рукі пана Длускага, лідскага дэпутата, а горш за ўсё – адсечаны кавалак рукі ад крыцыфіксу срэбранага Пана Езуса ляжаў на стале. Я зразумеў, бачачы гэта, што выклікáны столькі разоў шатан кіраваў рукою майго нешчаслівага пана: ён, хочучы праз стол дастаць палашом Марыконі, а калі той ухіліўся, пацэліў у крыцыфікс.
Схапіў Краеўскі са сваімі Валадковіча, але з цяжкасцю, бо гэта быў чалавек малады, моцны і determinativus[11]. Пасек бы і жаўнераў, каб Швыкоўскі, дэпутат і слаўны асілак, не вырваў ў яго з рук шаблю. Калі ўжо яго схапілі аблаваю і вялі, ці то няслі гвалтам, дык ён рукамі ўпёрся ў дзвярах, аж вушакі зрушыў, і са злосці пеніўся ды хрыпеў, ад гонару і веры вэксуючы[12] трыбунал ды шафуючы[13] д‘ябламі, што аж вушы сохлі. Ой, ніколі я не забуду гэтага тэртэсу[14] і самога Валадковіча, бо ён у той час быў чыстым антыхрыстам.
– У турму! У кардэгарду[15]! І закаваць эксцэсанта, крыміналіста! – загадаў Марыконі Краеўскаму. – І вартаваць з набітаю зброяю!
Я зразумеў, што гэта не жарты! Дык паляцеў на кватэру, схапіў жменю дукатаў з панскае скарбонкі, якая заўсёды была пад маім ключом, ускочыў на каня і рушыў, як мог ён бегчы, у Нясвіж, шукаць князя Караля, бо ён адзін мог нас уратаваць.
Праз восем міляў конь упаў, на шчасце, паблізу карчмы; я купіў у габрая другога, плоцячы, колькі ён хацеў, і паляцеў далей. У Нясвіж прыехаў уначы; дастукаўся да знаёмага мне лекара і даведаўся, што князя-мечніка няма, што палюе ажно ў Белай на мядзведзяў. Зноў перамяніўшы каня, я пусціўся далей. Ноч цёмная, хоць вочы выкалі, і завіруха пачалася страшэнная. Збіўся з дарогі і мусіў чакаць дня ў блізкім ад Нясвіжа засценку, а назаўтра, набыўшы сані, ехаў, праўда, ужо больш выгодна, але не так хутка, як патрабавала справа.
Ажно на шосты дзень пад вечар я знайшоў князя, і то ў глыбокай тамтэйшай глухамані. Калі распавёў, што здарылася ў Мінску, князь быццам анямеў.
– Пане каханку! – крыкнуў пасля. – Пан Міхал з‘ехаў з глузду!
– Ратуй, пане князь, бо загіне!
– Я яго з турмы выратую, хоць бы давялося адбіваць, але ад бяды не пазбаўлю. Не можа ён заставацца ў краі. Гэта эксцэс нячуваны!
Князь хутка склікаў паляванне, і мы ўночы прыехалі ў Белую. Шмат годных паноў – і суседзяў, і, што прыехалі з князем, – палявалі з ім разам; калі князь паведаміў усім, з чым я прыехаў, і папрасіў парады, дык кожны іншую даваў: адны – усё забыць і не ўблытвацца ў гэтую справу; другія – пісаць Сапегу, Марыконі і дэпутутам; трэція, а сярод іх і пан Салагуб, што ніколі не адступаўся ад князя і, здаецца, бацькам яму дзеля канфідэнцыі акамадаваны[16], раілі ехаць у Нясвіж і аддацца на інфлуенцыю князя гетмана.
– Раіце мне ўсе, – адазваўся князь, – як баязліўцы, няўмекі! А ты, вашэць, маўчаў бы! – звярнуўся ён да Салагуба. – Я пакіну сябра ў бядзе? Такога не будзе! Не едзь сабе, калі не хочаш, пане каханку! Абыйдуся і без кансыляра[17], а дырэктараў маіх даўно д‘яблы пабралі. Мне ехаць да бацькі князя? Дык Рыбанька не пусціць мяне і за парог з замку; загадае Маззані[18] зачыніць брамы, падняць масты, а князя мечніка без цэрымоній у казу пасадзіць. Ці ж раз гэта было? Ці ж, вашэць, сам, пане каханку, не заступаўся за мяне, калі я трапляў у такія сітуацыі? І, праўду мовячы, за тое толькі і цярплю тваю філасофію і маралі, якімі ты мяне штодня частуеш, і з якімі ты схавайся цяпер.
– Аднак жа, казалі князю, Валадковіч пасля такога эксцэса суда і пакарання не можа пазбегнуць, а спакойнаю, лагоднаю інфлюенцыяй болей, княжа, давядзеш, чым гвалтоўным нападам на места і на трыбунал, а гэта яшчэ горшы эксцэс, які спляміць назаўсёды гонар і імя князя ды надзвычай засмуціць князя гетмана, бацьку вашае княскае мосці.
– І, нарэшце, – пачаў зноў Салагуб.
– Што, нарэшце? – перапыніў яго разгневаны князь.
– Нарэшце, можа, давялося б, – палахліва цадзіў, як праз зубы, Салагуб, – вашай княскай мосці уцякаць разам з Валадковічам з краю ад агульнае акламацыі[19], а пасля старацца пра жалезны ліст[20], чаго яшчэ ні з адным Радзівілам не было.
Князь маўчаў, адно круціў галавою; я зразумеў, што змякчаўся ягоны запал; ён толькі абазваўся:
– Касоўскі! А ты, вашэць, што скажаш?
Гэты Касоўскі і цяпер жыве пры князі; князь яго любіць і з ім часцей за ўсё бавіцца; бо гэта канцэптыста[21], дасціпнік і актор, які вельмі смешна паказвае камедыі. Як толькі князь сядзіць сумны, апусціўшы галаву і кулакамі па сваіх каленях б‘е, гэта значыць, князь у кепскім гуморы альбо гневаецца на каго, дык пасылаюць па Касоўскага; ён ужо патрапіць і развесяліць пана, і выпрасіць пардон за вінаватага, і настрой падыме[22]. Часам ён апрыкне князю, але і гэта яму сыдзе з рук, бо князь яго любіць і ведае пра ягоную прыхільнасць да сябе.
Касоўскі на пытанне князя адказаў:
– Мне здаецца, мосці княжа, што як пачнём клін клінам выбіваць, дык ці не раздзяруць нас кліны?
– Кажыце, што хочаце, – сказаў нарэшце князь. – Я пана Міхала не пакіну. Ён душою і целам мой! Ён мой сябра a corde![23] А я павінен спакойна чакаць, пакуль ён загіне?! Не, мае панове, не! Кулеша! (Гэта быў лоўчы князя). Руш, пане каханку, з усім паляваннем удзень і ўначы ў Койданава[24]; мінай Нясвіж; у Койданаве размяшчайся ў мястэчку ды чакай мяне; і распусці чуткі, што як я прыеду, пакіруемся ў Налібоцкія лясы на дзікоў.
Паляванне наша, мой дабрадзей, – гэта не жарты; кожны стралец мае мундзір і рыштунак: куртка і шаравары зялёныя, пас скураны, шырокі, з тылу на бронзавых спражках, з двума тузінамі ладункаў, а ля іх – аплеценая фляшка з гарэлкаю, і ў асобнай кішэні – нож, крэсіва, крэмень ды іншыя паляўнічыя дробязі; фузія таксама на зялёнай тасьме праз плячо, а праз другое – на такім жа шнуры труба, а яшчэ конь з усёю збруяю і параю пісталетаў у кабурах, а ля сядла – тарокі на дзічыну. Вось такі строй, і каб убачыў каго князь без яго, дык выгнаў бы са службы. А такіх людзей было і заўсёды ёсць на паляванні каля князя блізу сотні, не лічачы лоўчых і падлоўчых, бо мы, як афіцэры гэтага войска, шчыруем і камандуем на аблавах.
Назаўтра, а гэта быў ужо сёмы дзень пасля майго ад‘езду з Мінска, мы выбраліся ў дарогу. На адных вялікіх, адно што абабітых санях, на якіх просталюдзіны ездзяць на ловы, сядзеў князь з панам Салагубам і з гайдуком, на другіх – я з Касоўскім і з адным княскім пакаёвым. Па чатыры кані цугам у запрэжцы.
Князь не даваў палёгкі ні сабе, ні людзям, ні коням, але што зробіш, калі ўначы ехаць не маглі? Такая цемра, а завірухі такія страшна марозныя і бесперастанныя, што абавязкова мусілі станавіцца на начлегі. Дадалі мы яшчэ дарогі, аб‘язджаючы Нясвіж; і вось, на пяты дзень увечары мы прыехалі ў Койданава. Сустрэлі там і Кулешу з паляваннем, які гэтага ж дня раніцою прыехаў, хоць шмат хто й адстаў у дарозе і цэлы дзень цягнуліся адзін за адным. А быў гэта ўжо дванаццаты дзень, як я выехаў з Мінска...
Дачка перапыніла апавяданне пана Бялевіча, кажучы, што гатовы абед.
Сабралася дружына: вярнуліся з лесу два статныя хлопцы – сыны гаспадара, і мы селі за стол, пачаставаўшыся спачатку з пуздэрка. Панна Ганна ўвівалася як гаспадыня: прысядала з намі, але часта выбегала ў пякарню; дапамагаў ёй Марцін – прыносіў стравы, аднак per modum[25] як сябра, а не як лёкай, бо разам з намі накладаў сабе ў міску. Елі мы з талерак з файнай слуцкай гліны, белай, як парцаляна.
Смачны са скабкамі боршч, якога даўно не еў, смажаны заяц і бекасы, а сялянка[26] на трэцяе; і, нарэшце, панна Ганна прынесла паліваны збан яблычніку, якога нам усім бы хапіла, каб у дзвярах ён не спаткаўся з Марцінам. Ён, нібы пазбаўляючы паненку клопату, а збан вагі, палову выпіў залпам, і, ставячы рэшту на стол, сказаў:
– Гэта, бадай, лепей, як наша кляштарнае піва, у якое яшчэ ксёндз-канапар кропіць ваду для чэлядзі, няхай яму Пан Бог даруе. Яблычніку гэтаму, відаць, гады два. О, гэта я добра ведаю.
– Дапівай і рэшту, а нам Ануся прынясе другі збан. Лягчэй мне цяпер у гаспадарцы, калі падгадаваў уласную гаспадыню і гэтых хлопцаў. Гадоў восем, як памерла мая жонка. Наплакаўся! Бог гэта ведае; а колькі змарнавалася і страцілася худобы з-за чужых рук, таго ўжо і не злічыць.
– Мне здаецца, – кажу, – што і гэтае гаспадынькі можаш хутка пазбавіцца, хоць, дзякуй Богу, іншым спосабам.
– Твая праўда; ужо колькі разоў прыязджалі сваты; але ж за тое магу набыць на ейнае месца дзве нявесткі.
– Няхай Бог блаславіць! – кажу. А тымчасам панна Ганна другі збан яблычніку прынесла.
Падзякаваўшы Богу, а пасля гаспадару за вельмі добрае частаванне, я папрасіў закончыць гісторыю пра Валадковіча.
– Пойдзем, мой дабрадзею, – сказаў гаспадар, – у адрыну на свежае сена, адпачнём крыху, а пасля раскажу ягамосцю ўсё.
Калі мы амаль разам прачнуліся, я нагадаў пра абяцанае.
– А на чым жа я спыніўся? – запытаў Бялевіч.
– Вы з князем спыніліся ў Койданаве.
– Ага. У Койданаве была поўная карчма іхмосцяў, што ў Мінск ці з Мінска ехалі; асобныя нават чакалі князя, даведаўшыся ад Кулешы, што ён хутка тут будзе.
Першая навіна была непамысная; яе нам тыя, хто ехаў з Мінска, гуртам апавядалі:
– Валадковіч сёння раніцаю асуджаны на смерць, in tridno[27] будзе расстраляны.
– Не дачакаюцца! – закрычаў князь.– Я іх саміх... Кулеша! Усіх – на коней, і мне выберы каня найлепшага з-пад якога стральца. А Пілаты тыя! А Ірады, а не суддзі! – Ён дрыжаў увесь ад злосці і тупаў нагамі. – Вось твая мудрая кансілія[28], пане Салагуб! Бадай цябе ўсе д’яблы ўзялі, пане каханку!
– А што я віноўны? Я ж не затрымаў падарожжа вашае панскае мосці.
– Так, але ўсю дарогу бубніў мне над вухам, што Сапега з-за прыхільнасці да мяне будзе мадыфікаваць[29] літару закона, і ўсё закончыцца на фундовай вежы, адкуль Валадковіч уцячэ.
– Сапегі няма ў Мінску, – адазваўся нейкі ягамосць. – Віцэ-маршалак Марыконі трымае ласку. Праўда, адразу пасля здарэння колькі пасланцоў паляцела ў Быхаў, бо і Марыконі паслаў ад сябе, і пленіпатэнт[30] князя крайчага адправіў свайго татара. Учора абодва вярнуліся і прывезлі рэзалюцыю. Якую Марыконі – невядома. Пленіпатэнту свайму ён напісаў, што сам выбіраецца ў Мінск, а без яго Валадковіча судзіць не будуць. Тымчасам, відавочна, трыбунал нешта памеркаваў над лістом свайго маршалка, дык Длускі, лідскі дэпутат, якому Валадковіч руку параніў, падаў скаргу; пасля чаго, не выходзячы з суду, усю ноч змаўляліся; раніцою выдалі дэкрэт poenam colli[31], гэта значыць, на горла, і Валадковічу у кардыгардзе прачыталі.
– Дык мы не можам і хвіліну страціць! – закрычаў князь. – Periculum in mora![32] Пане каханку!
Гэта азначае, – небяспека...
– Не перакладай мне, ягамосць, лаціну, – перапыніў я, – бо разумею.
– Праўда? Я першага такога квестара бачу, які разумее латынь.
– А я першага падлоўчага.
– І гэта праўда. Ну, то няхай сабе... Квіты.
– Дзівіць мяне таксама, – сказаў я, – што ўсё ты так добра памятаеш, што словы нават паўтараеш.
– О, мой дабрадзею! Не так даўно гэта было: і трыццаці гадоў няма; а я пераказваў усю гісторыю ці не сто разоў дзецям сваім, і іншым, такім, як ягамосць, цікаўным, вывучыў яе на памяць.
Князь ужо меўся рушыць, хоць ноч была цёмная, як і мінулыя.
– Мы за табою, княжа! – закрычалі ўсе сабраныя ў карчме.
– Дзякую, шчыра дзякую, – прамовіў князь, – што беднага Радзівіла не пакідаеце. Хто са мною, пане каханку, і я з тым. А тыя там філістымляне, на злосць мне, хочуць забіць майго сябра.
Раптам пачалі моцна стукаць у дзверы карчмы, а з тае прычыны, што яна было поўная, дык жыд і чэлядзь не пускалі. Застукалі ў вакно і нехта закрычаў:
– А ці тут князь мечнік літоўскі?
– Тут, пане каханку! А ты, вашэць, хто?
– Рупейка, добры лёкай вашае княскае мосці. Я еду з Нясвіжа і маю пільную справу да пана князя.
– Пусціце пана падстолія, – загадаў князь.
Падстолі Рупейка, чалавек галавасты, трыбунальскі мецэнат[33], жыве, здаецца, і цяпер, але, сабраўшы значны капітал, пераехаў на Жмудзь і купіў там маёнтак. Ён быў лёкаем і пленіпатэнтам князя гетмана, але карыстаўся і вялікаю павагаю князя мечніка.
– Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус! – прамовіў ён уваходзячы. – Дзякуй Богу, што знайшоў князя.
– На векі вякоў, пане каханку! А навошта мяне шукаў і адкуль ведаў, што я тут?
– Князь гетман, бацька вашае княскае мосці, дакладна ведае qua ad horam[34] учынкі князя; ён ведаў пра раптоўны ад‘езд князя з Белай, ведаў пра паход паляўнічага войска і ўсе начлегі ды папасы самога князя; таму і паслаў мяне сюды, ведаючы, што тут вашая княская мосць загадаў паляванню чакаць сябе.
– Добры гетман, пане каханку, мой пан бацька, калі мае такіх шпегаў. Дык, пэўна, ужо ведалі, што Валадковіч асуджаны на смерць?
– Не, я не ведаў гэтага, і князь гетман, калі я з замку ад‘язджаў, не ведаў; але я гэта прадбачыў, бо паводле права інакш стацца не магло.
– Не магло! Не магло! А я ўпэўнены, пане каханку, што інакш станецца. Ну, калі яшчэ што скажаш, пане падстолі, дык кажы хутчэй, бо я саджуся на каня.
– Ці не мог бы я без сведкаў пагутарыць з князем?
– Няма чаго саромецца, пане падстолі! Тут усе – прыяцелі нашага дому, кажы, калі маеш што сказаць.
І пачаў пан Рупейка прамаўляць перад князем як перад трыбуналам. Я ўжо ягоную арацыю не памятаю, хоць уважліва, як і ўсе, слухаў. Але змест яе такі: князь, як гетман, забараняе князю мечніку ўблытвацца ў гэтую справу, а, як бацька, просіць, каб памятаў пра сваё імя; што Радзівілы заўсёды надзейна і пачціва служылі краю, што часта абаранялі невінаватасць і справядлівасць, але ніколі не баранілі такое сваволі і парушэння закону, на які horret animus![35] Што як князь гетман адмовіўся павялічыць трыбунальскую варту, а вашая княская мосць цяпер адаб‘еш дэліквэнта[36], які напаў на трыбунал і якога сам зрабіў дэпутатам, дык уся віна ляжа як на сына, так і на бацьку, а ўвесь свет будзе суспікаваць[37] пра змову абодвух з Валадковічам, каб разагнаць трыбунал, тым больш, што ў ім мы колькі радзівілаўскіх справаў сумнеўнага значэння індукуем[38]. Словам, Рупейка так з усіх бакоў даймаў князя, так канвінкаваў[39], так даводзіў да роспачы, што ўрэшце князь запальчыва закрычаў:
– Досыць, пане каханку, досыць! Дай параду, дзеля Бога, дай параду!
– Рада ў мяне простая, мосці княжа! Забыць пра Мінск, вярнуцца ў Нясвіж, супакоіць бацьку.
– Гэта немажліва, пане падстолі, гэта немажліва! Вядома, саграшыў Валадковіч і цяжка саграшыў, але ж ці павінен за тое памерці? Нікога не забіў, пакрыўджанаму чыніць дэпракацыю[40]. Я Длускаму магу залатую руку адліць. Парушэнне закона, як называеце, status[41], няхай у фундовай вежы адпакутуе... Але смерць, пане каханку, смерць! Нешчаслівец! Ён спадзяецца толькі на мяне! Ён – мой сябра з дзяцінства! Пане падстолі, парай іншае, я табе аддзячу, далібог, аддзячу, пане каханку!
– Якое пачцівае сэрца ў нашага князя, – гаварылі між сабою прысутныя там ягамосці. – Не шкада дзеля такога здароўем і жыццём рызыкаваць!
– Цяжка іншае параіць, мосці княжа! – сказаў пан падстолі. – Асабліва пасля дэкрэту.
– А ці не дапаможа Сапега?!
– In tridno да Быхава і назад – рэч немажлівая; а, урэшце, што гэта дасць? Ён трыбунальскі дэкрэт не адменіць і тым супакойвае сумленне, што даслаў князю гетману ліст з пасланцом, які сёння раніцою паехаў з Нясвіжа з рэзалюцыяй[42]. У ёй князь гетман сцвярджае, што абараняць Валадковіча і не думае, што кожны парушальнік грамадскага спакою – ягоны ўласны непрыяцель. Гэтае самае адпісаў і пану віцэ-маршалку Марыконі, які таксама звяртаўся да князя гетмана.
– Дык ты анічога не дапаможаш? – запытаўся князь, гледзячы ў вочы Рупейку, які адвёў позірк у бок і думаў. Усе маўчалі...
– Трыбунал, мосці княжа, – пачаў пан падстолі, – адмяніць свой дэкрэт не можа. Але... але...
– Што, пане каханку, што? Дзеля Бога, кажы!
– Але мог бы суспэндоваць экзэкуцыю[43] дэкрэту на пэўны тэрмін, а ў гэты час звярнуцца да маестату[44]...
Князь не даў яму закончыць, кінуўся Рупейку на шыю, абдымаў яго, цалаваў.
– Пане каханку, бяры, што хочаш, абы тае суспэнсыі дамагчыся. Пасля ўсё пойдзе лягчэй. Едзь неадкладна ў Мінск.
– Але ж бачыш, княжа, ёсць яшчэ цыркумстанцыя[45], над якою мне асабліва задумацца трэба. Князь гетман publice[46] засведчыў, што калі хто-небудзь directe альбо indirecte[47] чыніць будзе нейкія інфлуенцыі ў гэтай справе, ужываючы імя Радзівілаў, дык той не пераступіць болей нясвіжскіх парогаў.
– Супакойся, пане каханку, я бацьку лёгка ўпрашу, асабліва, калі справа абыдзецца без рапту[48]. Але ж і мая прыхільнасць, пане падстолі, вартая сякой-такой анімадвэрсіі[49].
Пан Рупейка ведаў добра, што лепш сонца, якое ўзыходзіць, чым якое заходзіць, дык прамовіў:
– Што ж мне чыніць? Заслугоўваючы прыхільнасць вашае княскае мосці, я неадкладна паеду, патраплю хоць уначы альбо на світанні ў Мінск і буду старацца; а калі мне ўдасца схіліць Марыконі...
– А калі не ўдасца? – адазваўся хтосьці з прысутных. На гэтыя словы, нібы insperate з пісталета ля вуха стрэлілі, князь застыў, як укопаны, Рупейка апусціў галаву і ўсе анямелі.
– І пэўна не ўдасца, – дадаў той жа ягамосць, – калі справа з панам старастам Марыконі. Я добра яго ведаю; гэта чалавек цвёрды, як сталь, ці, што тое ж самае, – упарты, як казёл.
Дык усе надзеі і нашыя, і князя раптоўна зніклі, зважаючы, асабліва. на выраз твару пана Рупейкі.
– Аднак жа, мосці княжа, – адазваўся нарэшце і пан Скалазуб, – няхай пан падстолі паспрабуе шчасця. Ягоны праект мудры: толькі такім чынам можна выратаваць Валадковіча. Няхай едзе і дзейнічае; мы ж застанемся тут і будзем чакаць.
– Пакуль Валадковіча расстраляюць, пане каханку, альбо пакуль князь гетман прышле сюды гусарыю[50], каб нас у Нясвіж адвяла. Разумная рада! Нічога не скажаш! Не, пане каханку, няхай пан падстолі едзе і дзейнічае, але няхай ведаюць панове суддзі трыбунальскія, што я тут! І калі ягоныя дзеянні не дапамогуць, я свае распачну, і, бадай, больш эфектыўныя.
Пасля доўгіх цэртаментах[51] і радаў спыніліся на тым, што пан падстолі неадкладна выедзе ў Мінск, а мы на досвітку вырушым на ловы ў смалявіцкія лясы, якія цягнуцца ці не да самага Мінска, і дзе князь спадзяваўся штогадзінна мець весткі з места.
Потым кожны драмаў, як мог. Князь сеў за стол, паклаў накрыж рукі, галаву – на іх і пачаў храпці на ўсю хату. Я пайшоў у плябанію, бо ведаў тамтэйшага кальвінскага ксяндза Кіна, які і цяпер яшчэ жыве; гэта вельмі шляхетны чалавек. Я разбудзіў яго, распавёў пра тое, што тут князь і што на досвітку ад‘язджаем. Дык ён пачаў клапаціцца пра сняданак і, як стала світаць, прыслаў у карчму колькі збаноў грэтага піва і дзве місы выдатных зразаў, спажываючы якія, князь абазваўся:
– Як дагадзіў нам пачцівы Кін! Калі б не кальвін, я зрабіў бы яго, пане каханку, алыцкім інфулятам[52].
Раніцою князь і ўсё паляванне, і новыя прыяцелі, што прыехалі, хто з-за цікавасці, хто з-за зычлівасці, селі на коней; і вось паўтары сотні вершнікаў цягнуліся за князем па мінскім тракце, усе гатовыя па першым княскім слове хоць у агонь. Князь пусціўся рыссю, і мы ўжо пару міляў праскакалі (а дзень прыгожы браўся), калі папярэдзілі князя, што коні слабеюць і што варта адпачыць.
– Нічога, – сказаў князь, – хто адстане, той адстане; пад Мінскам папас і там пачуем пра Рупейку, а пасля...
Ледзь прамовіў гэта князь, як мы ўбачылі вершніка, што ляцеў да нас з боку Мінска; я здалёк пазнаў перш-наперш нашага каня, а пасля Сурвінта, майго калегу па службе Валадковіча. Заўважыўшы нас, ён прышпорыў каня і, падляцеўшы да князя, сказаў:
– Усё! Мёртвы!
– Хто? Валадковіч? Ты звар’яцеў?
– Валадковіч! Расстралялі!
– Езус! Марыя! Юзаф! Хлусня!
– Не хлусня, мосці княжа! Уласнымі вачыма бачыў труп: ляжыць у кардыгардзе і гарачая кроў яшчэ цякла з грудзей ды з вушэй, калі я выехаў з Мінска.
– Калі расстралялі?
– Сёння а палове на трэцюю пасля паўночы.
– Гвалт! Гвалт! – закрычаў князь. – А няхай мяне зямля забярэ, як я ім гэта дарую. Вынішчу тых разбойнікаў! За мною, хто верыць у Бога!
І хацеў пусціцца галопам, але Салагуб затрымаў каня за цуглі.
– Чаго ўжо цяпер, мосці княжа? Нябожчыка не ўваскрэсіш.
– Я не Шчэпаноўскі, уваскрашаць не ўмею, але адпомсціць патраплю, але Пётравінаў нараблю! Няхай іх потым хто хоча ўваскрашае. Гэй! Барабашы! Пускай мяне, бо табе самому галаву знясу.
І схапіўся за палаш. А Салагуб саскочыў з каня і стаў насупраць, трымаючы, як раней, княскага каня за цуглі.
– Сячы, калі хочаш, князь! Лепей рабі з мяне Пётравіна ці Шчапаноўскага, чым будзеш у Мінску рабіць пакутнікаў.
– Дарэмна ў Мінск ехаць, – сказаў Сурвінт, – няма там ужо ані пана Шчапаноўскага, ані пана Пётравіна, і аніводнага дэпутата (трэба ягамосцю ведаць, што Сурвінт – пачцівы жмудзін, ледзь падпісацца ўмеў і нічога не ведаў пра цуды святога Станіслава), бо адразу пасля расстрэлу Валадковіча раз‘ехаліся ўсе, а, проста кажучы, паўцякалі, і сам нават пан Марыконі паехаў у Быхаў да князя Сапегі, а дэпутаты – кожны ў свой бок; але ніхто ў наш, бо ўчора ўвечары пайшла па месце пагалоска, што ты, князь, з вялікім войскам ляціш адбіваць Валадковіча, з гэтай прычыны, нягледзячы на тое, што меліся праз тры дні расстраляць, расстралялі, не чакаючы дэкрэтнага тэрміну, ўначы.
Князь злез з каня, апусціў галаву, “Requiem aeternam dona ei Domine!”[53] – паўтараў ён раз за разам і выціраў вочы.
Я плакаў, як бабёр, а Сурвінт хліпаў, як дзіця.
Князь зноў сеў на каня, павярнуў яго і загадаў Сурвінту ехаць побач.
– Раскажы мне, вашэць, усю гэтую трагедыю, – сказаў яму.
– Няма чаго й казаць, Яснаасвечаны пане княжа! Застрэлілі – і ўсё, – сказаў Сурвінт хліпаючы.
– Звар’яцеў з вялікага жалю, пане каханку!
– А што, Яснаасвечаны княжа? Як ён напаў на трыбунал ...
– Пра ўсё гэта ведаю ад Бялевіча; апавядай толькі пра тое, што было пасля дэкрэту.
– Пасля дэкрэту? Як прачыталі яму ў кардыгардзе дэкрэт, адразу пан ротмістар Краеўскі загадаў прынесці кайданкі. Валадковіч жа не даваў закаваць сябе. “Я шляхціц, – казаў. – Калі неабходна памерці, то няхай дзеецца воля Божая! Не буду я нават jure victus[54], бо не далі мне ні часу, ні патрона[55] дзеля абароны, а таму прэч з кайданамі, прэч!”.
Краеўскі ўпрошваў і перапрашаўся нават, што ён мусіць споўніць трыбунальскі дэкрэт. І хоць Валадковіч упарціўся, аднак пры дапамозе некалькіх гэмайнаў, закавалі ягоныя ногі ланцугом.
Валадковіч, убачыўшы сябе закутым, пачаў горка плакаць, заламваў рукі, што ажно ўсім стала яго шкада. Апавядаў мне пра гэта ля трупа паручнік трыбунальскае варты пан Сялянка[56].
Пасля папрасіў нябожчык Краеўскага, каб дазволіў яму пабачыцца з кім-небудзь са сваіх прыдворных. Ротмістр згадзіўся. Паслалі ў камяніцу, і я адразу ж прыбег. Ой! Бог ведае, як цяжка мне распавесці князю, што са мною дзеялася, калі ўбачыў майго пана закутым. Грымнуўся яму ў ногі, і мы абодва зайшліся ад плачу. Варта, хоць гэта і жаўнеры, але плакалі таксама, бо сэрца аблівалася крывёю, і цяпер абліваецца крывёю, Яснаасвечаны пане княжа!
– Ці тут мой брат пан Юзаф?
– Няма, – адказваю. – Гарачка ўзяла, як даведаўся пра панскае няшчасце;я быў у яго, пакідаў – ляжыць без надзеі.
– Дзе Бялевіч? – запытаўся ён.
– Адразу, як схапілі пана, паляцеў да князя Караля Радзівіла.
– Гэта добра! – І ціха дадаў: – Князь Кароль мяне не пакіне! А ці ёсць якія весткі адтуль?
– Няма аніякіх, але ў месце, як у бубен б’юць, што князь з гадзіны на гадзіну ўляціць з войскам і адаб‘е пана.
– На Бога надзея! – сказаў ён крыху весялей. Пасля кінуў на стол пару дукатаў.
– Краеўскі! Загадай прынесці віна. Ад смутку буду піць з маім пачцівым жмудзінам.
– Я зычыў бы пану, – адказаў Краеўскі, – апамятацца. Папярэджваю, гэта не жарты. Гэта не такі смутак, які можна заліць віном. Калі жалеза на нагах, пра Бога, а не пра людзей думаць трэба. Таму я зычу пану паклікаць каплана ды паспавядацца.
– Паспавядаюся, – горда адказаў мой пан, – перад Вялікаднем. Вашэць надзеў на мяне кайданкі, але знойдзецца і такі, што зніме іх ды закуе каго іншага. Загадай прынесці віна!
– Не толькі не магу выканаць гэты загад, але й не магу трымаць тут болей панскага лёкая. Пане Сурвінт! Развітайся са сваім панам і выходзь!
– Пане ротмістар, дабрадзею! – сказаў я, абхапіўшы ягоныя калені. – Прабачай! Ці ж за блазенства не дастаткова таго, што майго пана, які пан з паноў, у кардыгардзе трымаеце, што закавалі яго ў ланцугі, што яго смерцю страшыце ды яшчэ й далей яго так мучыць? Аднак жа ў пана Длускага ўжо пальцы пагаіліся, а з Панам Богам лягчэй як з людзьмі. За выпадковае пашкоджанне крыціфіксу мой пан змуруе касцёл, дзякуй Богу, мае з чаго. Далібог, пане ротмістру, адпускай нас, ягамосць, ужо, і сам не пашкадуеш пасля.
– Ты пачцівы шляхціц, пане Сурвінт, – адказаў мне Краеўскі, – але выбачай, тваіх парадаў не трэба. Ведай, – сказаў ён яшчэ, беручы мяне за руку, – што я не суджу, не закоўваю, не страляю. Трыбунал асудзіў, трыбунал закаваў, трыбунал і ... – замоўк Краеўскі, а Валадковіч закончыў:
– І расстраляе!
Пасля ён сеў на зэдліку ля стала, падпёр галаву рукамі і задумаўся. Краеўскі таксама маўчаў, а я плакаў, стоячы, як укопаны. Нарэшце ротмістар паўтарыў мне загад развітацца з панам ды сыходзіць. Я падышоў да задуменнага бедака, а ён, не падымаючы галавы:
– Будзь здаровы! – сказаў. – Можа, убачымся на Юзафатавай даліне![57] – А ціха дадаў: – Калі да заўтрашняе раніцы не будзе тут Радзівіла, ляці ў Нясвіж, бо загіну!
Не ведаю, ці чуў гэта Краеўскі, а я, пацалаваўшы панскія калені, выйшаў, маючы камень на сэрцы.
Месца гуло. Трыбунал яшчэ больш надзейна замкнуўся; паўсюль моцная варта: і ў браме, і ля ўваходу; па вуліцы і на рынку панове палестраты, аплікаты, аенты і рэенты[58] хадзілі кампаніямі, разважаючы да варожачы і так, і сяк.
Адны казалі: “Ён прапаў! Трыбунальскі дэкрэт – апелюй адно да Пана Бога! Паляціць галава!” Другія: “Трыбунал з дэкрэтам, а Радзівіл з мушкетам! Хутка ўбачым госця, – казалі. – Ён выцягне яго з гэтае казы, а ўжо ў Радзівіла яго і сам д‘ябал не схопіць”. Іншыя ж казалі, што за пашкоджанне крыцыфіксу павінен будзе па абсалюцыю[59] пешкі ў Рым ісці, а іншыя, што павінен будзе бічавацца ў бернардынаў. Казалі таксама: “Шмат каго ён сек, няхай жа паспытае гэтага ж самага дэлікатэсу!”
І ўсе з цікавасцю чакалі канца, але, бадай, ніхто не верыў, што скочыцца паводле дэкрэту.
Калі я выйшаў з кардыгарды, атачыў мяне натоўп, сыплючы без канца пытанні, а мне нібы мову заняло і ў галаве памяшалася; я распіхаў натоўп, нічога не адказваючы, і кінуўся ў касцёл айцоў-бернардынаў, які адчынілі перад няшпорамі, даў талер на літанію і на Sequeeris[60] і, лежачы крыжам, слухаў...
– Менш, – сказаў князь, – пра тваё ўласнае particularitates[61]. Кажы, што дзеелася з Валадковічам!
– Ён, як мне паведамілі, пасля таго, як я выйшаў, выпрасіў у Краеўскага бутэльку віна, выпіў яе залпам, расцягнуўся на сваім ложку, бо яму яшчэ раней далі ложак і пасцель, і спакойна заснуў.
Тымчасам прыйшоў вечар. Краеўскага выклікалі ў трыбунал; ён бавіўся там гадзіны дзве ці болей; вярнуўшыся, ён разбудзіў Валадковіча, дастаў з-за пазухі паперу і сказаў:
– Чытай!
А гэта быў пісьмовы загад трыбунала Краеўскаму расстраляць дэліквэнта на працягу трох гадзінаў.
– Як гэта? – ускокваючы з ложка, закрычаў Валадковіч. – Дэкрэт даў мне тры дні часу. Тыя ж самыя падпісалі гэты загад, што і дэкрэт.
Потым Краеўскі дастаў гадзіннік і сказаў:
– Палова дванаццатае. У цябе часу – да паловы трэцяе. Я адказваю за кожную мінуту. Даручы Богу сваю душу. Няма аніякага ратунку. Я паслаў па ксяндза.
– Гэтага не можа быць! Гэтага не можа быць, каб я так марна загінуў! – крычаў Валадковіч, хутка перасоўваючы спутаныя ногі і цягаючы ланцугі па цаглянай падлозе. – Швыкоўскі! Мой стрыечны брат! Божа мой! І ён мяне загубіў! Пане Краеўскі! Ты адкажаш перад Богам і людзьмі.
Тут увайшоў ксёндз; Краеўскі, паставіўшы чатырох жаўнераў з набітаю зброяю ля дзвярэй, сказаў ім:
– Увага на дэліквэнта! Адказваеце галавою. – І сам выйшаў.
Трэба ведаць, Яснаасвечаны пане княжа, што я з касцёла пайшоў у келлю ксяндза, майго стрыечнага брата, таксама Сурвінта, спаведніка мінскага кляштару. Сядзеў там, як забіты, бо спаць не мог, а ранкам думаў рушыць у Нясвіж шукаць князя. Потым прыйшоў да майго брата ксёндз-гвардыян, а за ім – жаўнер.
– Ідзі, ойча, з гэтым жаўнерам, – сказаў гвардыян. – Паспавядаеш ды прыгатуеш да смерці Валадковіча.
– Пан ротмістар загадаў мне прасіць, – абазваўся жаўнер, – каб ксёндз-спавядальнік узяў з сабою святы віятык[62], але каб ішоў без званочка.
– Як гэта? – кажу я. – Аднак жа яшчэ яму два дні па дэкрэту належыць.
– Я гэтага не ведаю, – адказаў жаўнер, – я раблю, што мне загадана.
Я ішоў з ксяндзом-спавядальнікам, але Краеўскі паставіў вакол кардыгарды, на рынку, за крокаў якіх пяцьдзесят, варту і загадаў страляць, калі хто намерыцца пераступіць за гэтую лінію; і калі хто набліжаўся, то варта крычала: “Стой, страляю!” Ксяндза-спавядальніка прапусцілі, а я мусіў застацца. Шмат люду было на рынку, свяціліся вокны судовай трыбунальскай камяніцы, як у касцёле падчас раратаў[63].
Але хутка натоўп пачаў разыходзіцца.
– Сёння ўжо нічога не будзе, – казалі. – Відавочна, Валадковіч папрасіў ксяндза, дык і далі яму, а калі і расстраляюць, то хіба на трэці дзень.
Але я чакаў вяртання брата-ксяндза і не спускаў вока з кардыгарды. Там у вокнах святло мігацела, нібы яго пераносілі з месца на месца, але я не мог здагадацца, што ўсё гэта значыць.
Нечакана і раптоўна там маланка і пярун!.. Варта стаяла, як укопаная; тут стрэл, другі, а пасля – ціха, і адна толькі ўжо свечка мігацела праз шыбу ў кардыгардзе. У мяне мурашкі пабеглі па скуры. Людзі пачалі выбягаць з дамоў; а я ўбачыў брата-ксяндза, што спешным крокам ішоў праз рынак; я перастрэў яго, схапіў за руку:
– Стой, ксёндз!
– Валадковіч ужо перад Богам. Ідзі за мной.
– Не, – кажу, трасучыся, як асіна, – пайду пабачу майго нешчаслівага пана.
– Дарэмна, цябе не пусцяць. Ідзі, кажу, за мною.
І пацягнуў мяне за руку. І вось, яснаасвечаны князь, у келлі, калі мяне пакінула трэсці, расказаў мне брат-ксёндз апошні termin[64] Валадковіча.
Калі прыйшоў ксёндз, ён яшчэ соваўся па кардыгардзе, выказваў крыўды і лаяўся; але як той паставіў крыцыфікс на стале ды перад крыцыфіксам паклаў святы віятык, Валадковіч глянуў на Укрыжаванага, дык прыгадаўся яму, відаць, на памяць ягоны excess: пашкоджанне судовага крыжа; упаў ён на калені:
– О Хрысце Езус! – закрычаў плачучы, – я зграшыў! Смяртэльна зграшыў! Але шкадую ўсім сэрцам, шкадую ўсёю душою! Даруй грахі мае, і калі ўжо мушу смерцю заплаціць за грахі, дай мне, перадусім, стаць перад Табою з чыстым сумленнем. Ойча! Спавядай мяне!
– Мы адышлі, – казаў мне брат-ксёндз, – у іншы кут пакою. Я сеў на зэдлік, ён укленчыў і трымаў шчырую сповядзь за ўсё жыццё.
Дай Божа кожнаму добраму мець такую скруху і шчырае шкадаванне, як той нешчаслівы. Ён убачыў у сваёй смерці Волю Божую і скарачэнне часу, які б, пэўна, ужыў дзеля грэшнага, як і дасюль, жыцця; прабачыў сваім суддзям, словам, з лютага льва стаўся лагодным ягнём.
– Я дараваў яму грахі, і маю надзею на добрага Бога: тое, што я адпусціў на зямлі, будзе адпушчана і на небе. Пасля мы пачалі казаць пакутныя псалмы, а потым – малітвы, якія чытаюць ля таго, хто канае. Ай, гэта цяжкі абавязак, мой браце, капелана, – казаў мне брат-ксёндз, – калі мусіш размаўляць з тым, хто праз хвіліну будзе размаўляць з Богам... Маё сэрца аблівалася крывёю ад смутку, я сваім бы жыццём адкупіў ягоныя маладыя гады. Увайшоў Краеўскі. Я ўсё даўжэйшыя падбіраў малітвы... а раптам цуд Божы... і тут залп!
– Краеўскі зірнуў на гадзіннік, што ляжаў на стале і на які я вочы падняць не мог, – казаў брат ксёндз, – разоў пятнаццаць прайшоўся па пакоі, нарэшце сказаў мне:
– Ойча! Ты старанна споўніў сваю павіннасць, і я мушу сваю споўніць!
– Пане ротмістру! – сказаў, устаючы з каленяў, Валадковіч. – На довад, што я шчыра далучыўся да Бога і аніякага ў сэрцы на нікога не маю гневу, проша, падай мне руку.
Краеўскі даў яму руку, а другою выціраў сабе слёзы.
– Пане! – сказаў ён. – Я мовіў, што не я суджу, не я расстрэльваю, і праклінаю маю нешчаслівую сёняшняю гадзіну. Ксёндз! Вяртайся, ідзі ўжо адсюль...
– Не, – сказаў Валадковіч, – не пакідай мяне, ойча! Гледзячы на таго, хто мяне далучыў да Бога, лягчэй мне будзе паміраць.
Я не мог адмовіць чалавеку, які ўжо быццам канае, гэтае праўдзівае капланскае паслугі, але Бог ведае, як мне было гэта цяжка.
– Пане! – зноў прамовіў Краеўскі. – Час...
Ён даў знак унтэр-афіцэру, а той прывёў шэсць жаўнераў са зброяй на плячы. Яны сталі побач з чатырма вартаўнікамі.
Гэта моцна ўразіла Валадковіча; небарака заламаў рукі.
– О, Божа! Божа! – закрычаў. – О, брат мой Юзаф! О, біскуп Уладзімір! Дзядзька! Родныя! Сябры мае! Дзе вы? Князь Кароль, дзе ты?
– Маўчы, вашэць, маўчы, – перапыніў князь, плачучы ў голас, як дзіця, – маўчы, бо цяжка мне стрымлівацца... Ён дараваў сваім ворагам, але я ім, далібог, не дарую... нават, калі сам загіну! Што ж далей?
– Далей зноў звярнуўся Краеўскі да Валадковіча: – Не захочаш, відаць, пане, каб мы гвалтам...
Валадковіч нічога ўжо не адказаў, стаяў анямелы, нібы непрытомны.
Два жаўнеры ўзялі яго пад рукі і падвялі, ці, хутчэй, пацягнулі да муру, Краеўскі завязаў яму вочы; з прычыны, што ён не мог стаяць на нагах, яго апусцілі на калені.
– Я падышоў, – апавядаў брат-ксёндз, – і, прыкладаючы крыціфікс да ягоных вуснаў, моцна сказаў: “Даверся Богу, Міхале, і спадзявайся на ягоную міласэрнасць!”
Цуд Боскі! Цуд! Гэтыя мае словы далі яму сілы і вярнулі прытомнасць: ён пацалаваў крыж. Краеўскі даў мне знак... Я адышоў, а Валадковіч пачаў мовіць: “У рукі Твае, о Божа, аддаюся...” Кулі прыпынілі яго голас і малітву; ён упаў, але падаючы крыкнуў: “Езус! Марыя! Юзаф!..”
Падскочыў Краеўскі; Валадковіч быў яшчэ жывы і круціўся па зямлі, а кроў біла струменем; Краеўскі кіўнуў унтэр-афіцэру, а той стрэліў з пісталета ў вуха і дабіў.
Я адразу выйшаў, Яснаасвечаны княжа, ад брата-ксяндза, – казаў далей Сурвінт.
– Менш пра гэта, пане каханку!
– Не, Яснаасвечаны княжа, бо выйшаўшы, я сам бачыў, як дэпутаты выязджалі ўночы з места, а я дапрасіўся, каб дазволілі пабачаць труп каханага майго пана. Памаліўся пры ім за ягоную душу і даведаўся, што таму адразу не забілі, што ён, як пабожны католік (бо хто б спадзяваўся, гледзячы на ягонае гайдамацтва і сваволю), насіў на грудзях абразок Прачыстае Маці на срэбранай блясе, дык яна тры кулі адбіла ад яго сэрца, і за жупанам іх знайшлі.
– А чаму ж ты, вашэць, тых куль не прывёз? – сказаў князь.
– Пан ротмістар забраў іх сабе, я прасіў хоць адну і мовіў, што завязу Яснаасвечанаму пану князю. “Ого! – адказаў Краеўскі. – Каб ён мяне потым імі пачаставаў? Не дам аніводнае...” – і выправіў мяне з кардыгарды. Дык я на каня і спаткаў вашу княскую мосць.
Пасля апавядання Сурвінта мы ехалі ціха, князь маўчаў, ані слова нікому не сказаў; так за колькі гадзін даехалі да Свержня. Князь звярнуў да касцёла, паклікаў плябана, даў яму колькі дукатаў, загадаў званіць за душу Валадковіча, а з тае прычыны, што ксёндз не служыў яшчэ імшу, дык прасіў правіць жалобную. Мы ўсе слухалі яе набожна, а пасля сканчэння, князь заспяваў: “Вечны спачын май ласку даць яму, Пане!” У паўтары сотні галасоў праспявалі мы гэтую просьбу да Бога за душу Валадковіча. Князь адаслаў паляванне, ды, гледзячы на нас з Сурвінтам, запытаў:
– Ці, вашэці, шляхта?
– Я – шляхціц, мосці княжа, з-пад Ашмянаў.
– А, дык, вашэць, ашмянскі шляхціц! То ж чаму, пане каханку, у цябе абедзьве нагі ў ботах?
Бо мусіў, ягамосць, чуць (я не ведаю, адкуль гэтая пагалоска), што засцянковая ашмянская шляхта на адной назе бот, а на другой лапаць носіць.
– А я, – абазваўся Сурвінт, – шляхціц з-пад Росен.
– А, дык, вашэць, жмудзін, пане каханку! Ну! Абодва з пачцівых гнёздаў і пачцівыя, відаць, вы людзі, бо прыхільныя да свайго пана, ідзіце да мяне на службу; калі згода, дык са мною – у Нясвіж; потым убачым, хто на што здатны.
Пакланіліся мы князю і рушылі за ім следам.
Вось, ягамосць дабрадзей, уся гісторыя смерці Валадковіча, нібы сам яе бачыў, а яшчэ Ганулька мая праспявае ягамосцю песню пра яго, якую ён сам перад смерцю склаў. Анулька! Ганулька!
Прыбегла дзяўчына да варотаў адрыны.
– Праспявай ягамосцю песню пра Валадковіча.
– Я забыла яе, татулька!
– Не хлусі, маё дзіцятка! Нядаўна яшчэ спявала яе ад пачатку да канца перад панам Жабчыцам, тваім per modum кавалерам, дык і цяпер мне спявай.
Панна Ганна зачырванелася і, апусціўшы вочы, пачала спяваць. Няма што й казаць: голас вельмі прыгожы і звонкі.
Глянь на Айчыну, што плача ў нядолі[65],
Тут ні надзеі, ні шчасця, ні волі.
Ледзь толькі дзень мне яснець пачынае,
Як іншаземец жыццё забірае.
Богу адданы, прыяцелям мілы,
Іду ад усіх у сырую магілу.
Не ад хваробы цяжкой, невылечнай
Я паяднаюся з цемраю вечнай.
Дом старажытны, які мне належаў,
Знішчыў усё злы тыран ненаежны!
Некалі Трацкі Бузырыс так люта
Добрых людзей аддаваў на пакуты.
Суд ненавісны, дзе ў моцнага права,
Бойняю стаў мне цяжкой і крывавай.
Божа мой, але закон раўнадушны
Не дазваляе суды тыя рушыць.
Роўна для ўсіх у судовых дэкрэтах
Права запісана праўдаю гэтай.
Што ўжо да іншых! Калі нават братам
Ты мне, Швыкоўскі, стаўся за ката,
З рук маіх вырваўшы годнасці шаблю,
Не ўзгадаўшы нявіннага Авеля.
Судзяць, не даўшы мне абаронцы,
Хоць тое права ёсць і ў забойцы.
Вось закавалі мяне, і ў вязніцы
Час тры гадзіны ўсяго мне адлічыць.
Ўсімі святымі прашу я сакрамент,
Покуль апошняе скажацца: Аман!
Божая Матка мяне бараніла,
Абразам сваім, як шчытом засланіла.
Вось жа чаму мне пасланыя кулі
Сталі нястрашнымі, нібы пакулле.
Удакладняю: досыць мне кары.
Дзева Марыя, памілуй няздару.
Тое, што кожнага з нас не мінуе,
Хутка усіх між сабою знітуе.
Час мой ужо на зыходзе й растане.
Шлю я апошнія словы вітання
Дзядзьку Уладзіміру – быў ён мне бацькам...
І пра мяне, я прашу, памятайце[66].
– Бачыш, ягамосць, як ён складна напісаў ды яшчэ за колькі гадзін перад смерцю; гэта таксама цуд, – дадаў Бялевіч, – бо ён за ўсё жыццё ні кнігі, ні пяра ў руках не трымаў.
– Хіба пасля смерці ён склаў гэтую песню, – сказаў я.
– Чаму гэта? – спытаўся здзіўлены Бялевіч.
– А натуральна, толькі пасля смерці, бо як бы ён мог пісаць пра тыя кулі, што адбіліся ад абразка Маці Божае?
– Ах! Пачакай, ягамосць! – задумаўся пан Бялевіч. – А далібог жа праўда! Гэта не ён, гэта хтосьці іншы, відаць, напісаў. Шчыра перапрашаю! Вось якая мудрая ў ягамосця галава! Адразу ўбачыў праўду; а я ледзь не дваццаць гадоў верыў, што гэта мой каханы пан склаў на развітанне.
Прыйшоў вечар. Мы з гаспадаром пайшлі на луг, дзе ўжо вырастаў трэці стог сена, а на ім гарцаваў мой Марцін з фляшкаю з нашага падарожнага пуздэрка. Я зразумеў, што нашыя запасы заўсёды будуць пад ягонаю кустодыяй[67]. Хутка стог завяршылі. Мы селі есці халаднік і куранятаў, а пасля вячэры – кожны ў свой бок мовіць пацеры, потым кожны на сваё месца на спачын. Маё – у свіронку, ведучы мяне туды, пан Бялевіч сказаў:
– Ягамосць дабрадзей заўтра пасля снядання рушыць у дарогу. Мая Анулька частаваць будзе, бо я з сынамі выберуся на досвітку на зайцоў у далёкія лясы. Дык развітваюся сёння з ягамосцем. Шчыра дзякую за адведзіны і, калі ласка, не мінай і наступны раз мой убогі дамок. Мой баран ужо з правадырамі.
– Не, не, – адазваўся чуючы гэта Марцін. – Доўга спаць я не дам майму ягамосцю. Хто рана ўстае, таму Бог дае. І мы на досвітку разам з вамі рушым.
Я зноў зразумеў, што не толькі маё пуздэрка, але і я сам пад кустодыяй пана Марціна.
Так і сталася. Яшчэ толькі зачырванелася на ўсходзе неба, як, выпіўшы па кубку падагрэтага малака, рушылі за браму: мы з Марцінам на нашых каламажках[68], а пан Бялевіч пешкі з двума ганчакамі і выжлам. Бацька з сынамі ва ўніформе вышэй апісанага радзівілаўскага палявання.
Рухаліся мы ціха, бо кожны прамаўляў ранішнія малітвы, адно сабакі, рвучыся з павадкоў, часам абзываліся і пакідалі свае сляды на расе ля дарогі.
Урэшце паказалася сонца. Пан Бялевіч, закончыўшы пацеры, сказаў:
– Ну, сыны, дзеля добрага гумору і шчаслівага палявання – “Зайца”.
Заспявалі сыны, а з імі і бацька басам:
Сядзіць сабе заяц пры мяжы, пры мяжы,
Хоць лаўцы спяць ў цішы, у цішы;
Сядзіць сабе, лемантуе,
Тэстамент жыцця малюе,
Смяртэльны, смяртэльны.
Ажно рэха разнеслася па лясах. Я павярнуў налева па гасцінцу, а паляўнічыя – па сцежцы ў лес. Доўга яшчэ мы чулі іхнюю вясёлую песню; урэшце сабакі пачалі гон; абазваўся рог і адначасна: “го! го! быў тут кот!!! кот! кот! тут! тут! тут!” Аж у нас у вушах зазвінела. Сабакі заліліся брэхам, і ў мяне ў грудзях усё спявала, так весела стала, так міла.
[1] кансыдэрацыя – павага.
[2] адгэрэнтам – прыхільнікам
[3] Прымоўка князя Міхала Радзівіла, вялікага гетмана Вялікага Княства Літоўскага. (Прыпіс аўтара).
[4] ранкор – гнеў, злосць, запал, заўзятасць.
[5] асыгнацыя – загад, даручэнне выплаціць пэўную суму грошай альбо выдаць пэўныя рэчы.
[6] Граф Міхал Сапега, стараста пінскі, крайчы літоўскі (1759–1760). Міхал Марыконі, стараста панінскі. (Прыпіс аўтара).
[7] фаміліянта – сваяка
[8] халастра (з укр.) – банда, згарая, зброд.
[9] адказанкі – пагрозы, пракляцці.
[10] палестра – саслоўе юрыстаў; аплікант – практыкант.
[11] determinativus – рашучы, адважны.
[12] вэксаваць – праклінаць, зневажаць.
[13] шафафаць – раздаваць. Тут: пагражаць.
[14] тэртэс – лямант, шум, мітусня.
[15] кардэгарда – вязніца, турма.
[16] дзеля канфідэнцыі акамадаваны – прыдадзены дзеля сяброўства.
[17] кансыляр – радца.
[18] Маззані – тагачасны камендант Нясвіжскага замку і фартэцыі. (Прыпіс аўтара).
[19] акламацыя – выкрык, якім выяўляецца згода.
[20] жалезны ліст – ахоўная грамата.
[21] канцэптыста – жартаўнік.
[22] Касоўскі быў акторам нясвіжскага тэатра, і хоць гэты тэатар існаваў толькі ў часе карнавалу, Касоўскі, аднак, з‘яўляўся сталым рэзыдэнтам княскага двара, не маючы аніякага іншага абавязку, апрача таго, што мусіў бавіць і весяліць князя і заўсёдных шматлікіх гасцей. Не быў ён блазнам па прафесіі, а толькі locum tenens гэтае функцыі. Ён ніколі не пакідаў двор і заўсёды быў з князем. Здарылася, што раз у Варшаве кароль даведаўся пра яго; цікавы пазнаць ягоны досціп і параўнаць яго з уласным экземплярам, кароль запрасіў князя на абед, абавязваючы яго, каб у сваёй свіце меў і Касоўскага. Сталася, як хацеў кароль. Калі селі за стол, каралеўскі хадзіў вакол і як мог жартаваў. Касоўскі стаяў спакойна і маўчаў; нават зачэплены калегаю, не звяртаў на яго ўвагі. Пасля абеду кароль, не задаволены маўчаннем Касоўскага, спытаўся:
– Мне мовілі, што ты дасціпны і вясёлы; чаму ж сёння маўчыш? Скажы, перадусім, што ты думаеш пра майго фацэціста, якога ты так спакойна слухаў?
– Не адважваюся, найяснейшы пане! – адказаў, найпакорней кланяючыся, Касоўскі.
– Кажы, проша, смела.
– Без хітрыкаў, найяснейшы пане?
– Без хітрыкаў.
Усе наблізіліся і слухалі.
– Ён, – кажа Касоўскі, – хутчэй дурань, чым блазан.
Касоўскі адрозніваў праўдзівы досціп ад смелага глупства.
Іншы раз нейкі можны пан, госць у Нясвіжы, спаткаўшы Касоўскага, сказаў яму:
– Касоўскі, прыязджай да мяне!
– Як? З візітам?
– Не, на рэзідэнцыю.
– А як жа нас дваіх змесціцца? (Прыпіс аўтара).
[23] a corde – сардэчны.
[24] Койданава – радзівілаўскае мястэчка, пяць міляў ад Мінска. (Прыпіс аўтара).
[25] per modum – накшталт, нібыта.
[26] сялянка – дэсерт са смятаны з жаўткамі.
[27] in tridno – на працягу трох дзён.
[28] кансілія – парада.
[29] мадыфікаваць – змяняць, змякчаць.
[30] пленіпатэнт – давераная асоба.
[31] poenam coli – пакаранне смерцю.
[32] Periculum in mora! – Небяспека ў прамаруджванні!
[33] мецэнат – ганаровы тытул адваката.
[34] qua ad horam – максімальна дакладна.
[35] horret animus! – скалынецца душа.
[36] дэліквэнт – злачынец.
[37] суспікаваць – мець падазрэнне.
[38] індукаваць – весці, падтрымліваць.
[39] канвінкаваць – пераконваць.
[40] дэпракацыя –просьба дараваць.
[41] status – юрыдычны стан.
[42] рэзалюцыя – пастанова, ухвала. Тут: адказ.
[43] суспэндоваць экзэкуцыю – адкласці выкананне.
[44] маестат – кароль.
[45] цыркумстанцыя – акалічнасць.
[46] publice – публічна.
[47] directe альбо indirecte – наўпрост альбо ўскосна.
[48] рапту – наезду, нападу.
[49] анімадвэрсіі – увагі.
[50] гусарыя – цяжкаўзброеная конніца.
[51] цэртамент – спрэчка, дыскусія.
[52] інфулят – біскуп.
[53] Requiem aeternam dona ei Domine! – Вечны спакой май ласку даць яму, Пане!
[54] jure victus – пакараны па закону.
[55] патрон – адвакат.
[56] Краеўскі ротмістар, а Сялянка паручнік трыбунальскае варты. Апошні памёр у 1812 годзе ў ашмянскім павеце. (Прыпіс аўтара).
[57] Юзафатавай даліне – на тым свеце.
[58] аенты і рэенты – кіраўнікі канцылярый, якіх прызначаюць на пасаду судовыя пісары.
[59] абсалюцыя – адпушчэнне грахоў.
[60] Sequeeris – малітва.
[61] particularitates – тут: адчуванне.
[62] віятык – рэчы для камуніі цяжкахворым.
[63] рараты – прысвечаная Маці Божай імша, якую адпраўляюць у адвент на досвітку.
[64] termin – цяжкія хвіліны, крытычны стан.
[65] Пераклад Любы Тарасюк.
[66] Гэтую песню, ці лямант, і сёння яшчэ можна пачуць на Літве ў выкананні засцянковых шляхцянак. (Прыпіс аўтара).
[67] кустодыя – распараджэнне.
[68] каламажка (з бел.) – невялікі воз з плеценым кузавам.