ПАПАС І ЗАЎВАГІ МАРЦІНА
XVI
Ужо чацвёрты ці пяты дзень як мы выехалі з кляштару і пры Барабашы і Эліяшы[1] чародка павялічвалася. Аніводзін маёнтак ці фальварак не адмовіў нам барана; у маім гаманцы да дукатаў пана ротмістра дадалося колькі бітых талераў і залатовак. Паўсюль мяне прымалі ласкава, адорвалі ахвотна і зычліва, паўсюль бачыў пачцівых і пабожных паноў ды шляхту, паўсюль мяне частавалі сардэчна, што ад’язджаць часам не хацелася, і анідзе яшчэ не сустракаўся з недавяркамі ды распуснікамі, пра якіх згадваў ксёндз-гвардыян.
Пераехаўшы ў Мікалаеве Нёман, цягнуліся мы гасцінцам. Папасы нашыя заўсёды былі пад адкрытым небам, калі не ў маёнтку якім.
– Навошта нам карчма? – казаў Марцін. – У нас заўсёды маецца з ласкі дабрадзеяў дарожны запас: і бараноў напасьвім, і самі падмацуемся, і нічога не заплацім.
Дык мы хацелі, як звычайна, мінуць карчму, да якое пад’язджалі, але, заўважыўшы ля яе шыкоўны экіпаж, які, відаць, не змог пралезці праз вароты стадолы; а ў стадоле шмат было калясак і коней. Дык, зразумеўшы, што гэта нейкі пан заехаў на абед, я вырашыў і тут пажабраваць, на што і Марцін згадзіўся; мы спынілі нашыя вазкі побач з панскім экіпажам. Заўважылі мяне прыгожыя паняты: хлопчык-падлетак і дзяўчынка; яны выбеглі з карчмы, а за імі іхмосці бацькі выйшлі. Паважнае спадарства, нічога не скажаш.
– Laudetur Jezus Chrystus![2] – сказаў я, кланяючыся humilime[3].
– In saecula saeculorum[4], – адказаў Магніфікус, як пасля даведаўся, стараста. – Занялі мы карчму, ксёндз-квестар, і не зайсці!
– Гэта нястрашна, дабрадзею! Я не на папас заехаў сюды, адпачнуць толькі мае канякі, і пацягнуся далей.
– Ды, можа, змесцімся як-небудзь. Твае вазы могуць пастаяць перад карчмою, а коні – сярод маіх і мой фураж з’ядзяць; самога ж вашэця на наш дарожны абед запрашаю. Заставайся дзеля кампаніі, квестар!
– Ахвотна падпарадкоўваюся Яснавяльможнаму пану, толькі ці не нараблю клопату?
– Аніякага, аніякага, – адказала пані.
Дык я і застаўся, хоць Марцін і крывіўся, узяўшыся выпрагаць коней; але калі па загаду старасты ягоныя конюхі пачалі дапамагаць старому і калі пачуў панскі загад, каб і коней, і яго добра накармілі, а фарэйтары каб пільнавалі нашых бараноў і вазы, дык паласкавеў і хутка пабратаўся з усімі.
У карчме ўжо быў накрыты стол, а пакуль паставілі ежу, стараста, пачаўшы з пытання, якое звыкла і паўсюль мне задавалі: “З якога кляштару Пан Бог паслаў?”, задаваў іншыя, атрымліваючы ад мяне прыветлівыя і дасціпныя адказы, бо, відаць, прызвычаіўся да квестаравых жартаў. Як умеў, не здаваўся, і ўсміхаўся пан, а нават і пані, бо я, памятаючы інструкцыі ксяндза-гвардыяна, умеў трымаць язык за габітам; урэшце паставілі пятую талерку, і мы селі за стол.
– Будзеш галодны, ксёндз-квестар! – сказаў стараста; абед дарожны, лёгкі, бернардынскае порцыі не будзе, бадай, толькі булён і смажаніна.
– Deo gratias[5], дабрадзею! Навошта ж болей?
Які ж смачны быў булён з індыка. Пані старасціха двойчы мне падлівала. Падмацаваўся выдатна.
Далі смажаніну. Былі гэта чатыры рабчыкі, відавочна, дзеля бацькоў і дзяцей па адным.
– Вось праблема, ксёндз-квестар! Рабчыкаў чатыры, а нас пяцёра.
– Падмацаваўшыся з ласкі спадарства такім выдатным булёнам, я не хачу нічога болей, абыдуся без рабчыкаў.
– Не, не, так быць не можа. Пачакай, Carissime![6] Бачу, ты чалавек бывалы і адмысловы квестар; відаць, і ў школы хадзіў?
“Ого, – падумаў я, – нешта падобнае было ў ваяводы”.
– А як жа, Яснавяльможны пане! Аж да паэтыкі inclusive: а альвар[7] грыз на памяць як рэпу.
– Пэўна ж, вучыў і арыфметыку?
– Вучыў і арыфметыку, але стаўшы квестарам, практыкую толькі складанне і множанне, іншыя дзеянні мне не вельмі патрэбныя; пра дробы й слухаць не хачу, ніколі іх цярпець не мог, тым больш цяпер, калі цэлых бараноў прашу.
“Вось, – зноў падумаў сам сабе, – жартуючы, і вуду закінуў у панскі агарод. Пунктуальна выконваю інструкцыі ксяндза-гвардыяна. Пабачым, што вывуджу”.
– А ты пакажы, – сказаў стараста, – сваю навуку, падзялі гэтыя чатыры рабчыкі на пяць асобаў, але без дробаў, калі іх цярпець не можаш, гэта значыць, не рэжучы, але каб усім пароўну дасталося; калі здолееш гэта, я скажу, што ты зух і што квестар re et nomine[8].
– Няма нічога лягчэй, дабрадзею, толькі б мелі ласку згадзіцца з тым, як я падзялю.
– Урачыста абяцаю, – зноў сказаў стараста, – і за сябе, і за жонку, і за дзяцей. Але без нажа, ксёндз-квестар!
– І не крану нажа. – І, падсунуўшы бліжэй да сябе паўміску, я ўзяў у руку відэлец ды так дзяліў:
– Ягамосць дабрадзей, еймосць дабрадзейка і рабчык – гэта трое; паніч, паненка і рабчык – таксама трое; квестар і два рабчыкі – зноў трое.
– Брава! – крыкнуў стараста, шчыра смеючыся. Тое ж самае і пані старасціха. – Згаджаемся з дзяльбою! Выдатна!
– Але я не згаджаюся, – кажу. – Рабчыкі застануцца спадарству, а ў якасці індэмнізацыі[9], калі Яснавяльможны пан дазволіць, вазьму гэты пірог сабе, а кляштару – што пан захоча і мае ласку даць.
– З найвялікшаю ахвотаю і першае, і другое ахвяруем табе, Carissime, пры ўмове, што па міласціну для кляштару прыедзеш да нас. Да дома майго адсюль пяць міляў. Дарогу – загадаю, каб патлумачылі твайму фурману, а клопаты ўзнагародзяцца добраю квестаю. Згода?
– Згода, Яснавяльможны пане! Мне ўсё роўна. Дзе еду, там еду, толькі б да дабрадзеяў трапіць.
Хутка развіталася са мною гэтае шляхетнае спадарства, і мы паехалі за імі.
– Ну што, мой ягамосць, – сказаў мне Марцін, – авечак з сабою стараста не меў, дык мусілі далучыцца кампаньёны да ротмістравых дукатаў?
– Не, нічога не далучылася, але стараста запрасіў мяне да сябе і абяцаў шчодра ўзнагародзіць. Фурманы павінны былі патлумачыць табе дарогу.
– І патлумачылі. Але ж ведаеш, мой ягамосць, абяцанка – цацанка! Хто ведае, як там далей. Мне штосьці здаецца, – казаў Марцін, вытрэсваючы табаку з ражка, – што ягамосць не здольны на квестара. Скажы мне, напрыклад, як ты просіш бараноў?
– А навошта мне прасіць? Як ужо квестар уваходзіць у хату, дык пачцівы гаспадар ведае, што ён збірае міласціну, звычайна, бараноў для свайго кляштару.
– Э-э! Ці ж так трэба, мой ягамосць?! Не пацешыць ксяндза-гвардыяна наша квеста, а ягамосць зноў станеш канапарам.
– І чаго ты хочаш? Усяго некалькі дзён едзем, а ўжо маем дзесятак авечак.
– Што гэта значыць! Што гэта значыць! Нябожчык ксёндз Яцак, з якім я чатыры гады ездзіў, за гэты час ужо б капу назбіраў. Няраз бывала, што мы з аднаго двара па дзесяць авечак выганялі, якіх ён альбо сваімі жартамі вымантачыў, альбо ў эльбацвэльба[10] ці марыяш выйграваў. Бо ў яго заўсёды было сорак і туз казырны[11]. Меў ён дзеля гэтага, як сам казаў, нейкага інклюза[12]. А ягамосцю па адным барану адшкадоўваюць, аж глядзець балюча. А пра шкатулку і ежу, калі б я не памятаў, дык давялося б і зубы на паліцу пакласці. Ці заўсёды, ягамосць, закусваеш пасля гарэлкі?
– А як жа! З’ядаю кавалачак хлеба. Усе так робяць?
– А вось, ягамосцю, ксёндз Яцак рабіў не так; ён, бывала, казаў: “Вып’ем гарэлкі, а цэлым бараном закусім”. Вось і баран ёсць. Альбо, бывала, просіць якога пана размяніць талера на дробязь; ну дык пан лёгка згаджаецца, дастае гаманец і адлічае дробязь за талер; а ён: “Дай жа дабрадзею, і біты талер, каб я меў чым за дробязь заплаціць”. Вось і талер ёсць. Калі ў якім маёнтку быў млын, дык ён прасіў дазволу без платы змалоць дзежку жыта. Ну хто ж адмовіць у гэтым? “Мялі, ксёндз-квестар, хоць дзве”. – “Ды хоць адну, калі мне яе дасі, дабрадзею!” Вось зноў – хочаш не хочаш – мусіў пан гаспадар даць жыта.
А раз прыехалі мы ў шляхецкую ваколіцу блізу Пінска. “Шляхта, – казаў мне ксёндз Яцак, калі яшчэ пад’язджалі, – няшмат гадуе авечак і сама кажухі купляе, але затое шмат тлустых свіней жалудамі выкормлівае, бо любіць каўбасы і сала, дык мусіць мець добрыя запасы. Убачыш, вашэць, як я ў іх вазьму”.
Пасля “Пахвалёнага” і пачосткі назбіралася ў тую хату, дзе мы спыніліся, шмат суседзяў; гатаваўся крупнічак у некалькіх місках, мы падмацаваліся добра. Праўду кажучы, ксёндз Яцак любіў узяць чарку; смакуючы другі ці трэці кубак:
– Добра мне тут сярод вас, панове браты шляхта! – сказаў ён. – Я здаровы, ужываю з вашае ласкі дары Божыя, а там, у кляштары, – бяда! Гора вялікае!
– Што ж там такое? – пытаюцца.
– Хвароба, пагібельная хвароба!
– Якая? Ліхаманка? Пошасць?
– Ой не такое ліха, горшае. Усе ад гучнага спеву ў хоры пазрывалі сабе грудзі і цяпер кхі, кхі – і нішто не дапамагае. Пан доктар Эме, лекар князя, усяму канвенту паабяцаў сухоты, калі не будуць неадкладна ратавацца. Ды бяда ў тым, што ні ён, ні аніводная аптэка такіх лекаў не мае: простых, але д’ябальскі, як ён кажа, дзейсных.
– І што гэта за лекі?
– Трэба насіць на грудзях шрот[13] тоўстага сала, ды такі, каб усе грудзі закрываў.
– Але ж гэта цяжка, – сказаў нехта.
– Цяжка, то цяжка, але здрова!
– Дык паклікаў мяне ксёндз-гвардыян і сказаў: – “Едзь, вашэць, ксёндз Яцак, да братоў шляхты пінскае. Увесь свет ведае, што гэта людзі пабожныя ды пачцівыя і сябры бернардынаў, няхай жа нас ратуюць”. А калі я ўжо быў на возе, дадаў яшчэ: – “Памятай, вашэць: мерай сала на грудзі, бо так нам пан доктар казаў, і вяртайся хутчэй, бо мы паўміраем”. Ратуйце, панове браты! Асабліва еймосці, як сёстры розных пабожных брацтваў. За гэта ўвесь наш канвент і няварты павагі ваш слуга ксёндз Яцак, убогі квестар, пра аніводную ў малітвах не забудзе, дык пасля доўгіх гадоў жыцця ўсе як па рэестру на неба пойдзеце.
Асобныя паны шляхта ківалі галовамі, не вельмі верачы ў тую нашую хваробу, але назаўтра, аднак, сястрычкі як пачалі нам зносіць лекі, так цэлую фуру апольцаў мы павезлі ў кляштар.
Каб паправіць думку Марціна пра мае здольнасці, я апавядаў пра тое, як дзяліў рабчыкаў.
– Што скажаш на гэта, Марціне?
– Што тут скажаш, – паківаў ён галавою. – Маеш, ягамосцю, шурупы. Але кампарацыя[14] розуму ягамосця з розумам Яцака – гэта як таго кашталянскага пірага з пінскім салам. Падумай, ягамосцю, што больш патрэбна бернардынам?
Тут буланы павярнуў да маёнтка блізу гасцінца.
ВА ЎДАВЫ
XVII
На дзядзінцы мы ледзь змаглі праехаць праз раі гусей, курэй, качак ды індыкоў.
– Я не быў тут ні разу, – сказаў Марцін, – але ж бачна, што тут жыве добрая гаспадыня: паўгода б кляштар харчаваўся гэтым птаствам. Ну, дай Божа, ягамосцю шчасця, а я паклапачуся пра папас.
Мы пад‘ехалі пад ганак.
Уваходзячы ў сенцы, я пачуў высокі, але крыху хрыплівы спеў:
Я адолею бяду,
Зноўку замуж я пайду.
Я крыху затрымаўся, каб абдумаць сітуацыю. Спявалі далей:
Я сабе ўдавенька, я сабе пані,
Хоць і нап‘юся, ніхто мяне не зганіць.
І зноў:
Я адолею
бяду
Зноўку замуж я пайду.
Я здагадаўся, да чаго тут рыхтуюцца, і зайшоў у пакой. Пасярэдзіне стаяў накрыты дыванком стол, а за ім сядзела іхмосць, песню якое я перапыніў, поўная і чырвоная дабрадзейка ў каптурыку набакір з крыху асалавелымі вачыма і чырвоным носам.
– А ксёндз-квестар, дабрадзей! А! На векі вякоў!
І, ухапіўшыся за стол, хацела падняцца; але калі крыху пахілілася, падбегла дачка, якая шыла, седзячы ля другога століка, і падтрымала матулю.
– Прэч, васанна[15] – прыкрыкнула яна, адштурхоўваючы дачку. – Ці ж я сама не падымуся? Ксёндз-квестар гатовы падумаць немаведама што! Бачыш, ягамосць дабрадзей, каўтун ломіць мне косткі ды часам аднімае ногі. Сядай жа, ягамосць дабрадзей, сядай! Ёсць у мяне баран для ягамосця, ёсць, а можа, і два; пабачым толькі, пабачым! Бяда, скажу ягамосцю, без гаспадара хата плача. Давайма ўжывём табачку!
Я падаў ёй свайго.
– Дзякую! А ты, васанна, загадай прынесці падвячорак: вяндлінкі, ратафіі[16] і старое гарэлачкі – што да спадобы ягамосця дабрадзея. Бяда, бяда маёй беднай галаве. Ужо ў трэці раз аўдавела. Фальварачак ніштаваты, субстанцыя[17] ёсць, дзякуй Богу, ёсць. І не пажыццёвае ўладанне, а мая ўласная ўласнасць, бо нябожчык, – мой першы муж, запісаў на мяне адну, а гэтай клепе[18] ці дам што, ці не дам – як мая ласка будзе.
Усё гэта дабрадзейка вымавіла на адным дыханні, дык я не мог аніводнага слова ўставіць. Але, відаць, стамілася ці язык заплёўся, бо крыху памаўчала.
– Гэта дачушка дабрадзейкі? – запытаўся я, бо чуў, што яе называла клепаю.
– А так, дачушка; ды што з таго, калі дачушка? Ні пра што болей не думае, як толькі, каб замуж пайсці. Але пачакае мосці панна, пачакае! Я заўсёды хацела мець сына. Паехаў бы ў свет і не перашкаджаў бы маці. А то ці хто прыедзе ў хату, ці дзе я сама паеду, то паненка на свой калаўрот матае нітачку, а пра матулю і не падумае.
Тут і падвячорак прынеслі. Прыйшла і дачушка, стала за маткаю, бедненькая небарачка, аднак як formosa puella[19] і не дзіўна, што думае пра circa connubium[20].
– Няма гаспадара, дабрадзею, то бяры з рук гаспадыні. Я ратафію крыху ўжываю. Калі ласка!
Баба кульнула ёмкі кілішак і пачала прыкусваць вяндлінкаю; я ўзяў з яе прыклад, хоць і не так сквапна.
– Калі ласка, прашу, і хоць не вытанчана, але шчыра.
Яна зноў хацела падняцца, але зноў каўтун сплёў ёй ногі.
– Вось, мой мосці дабрадзею, мела я трох мужоў. Калі ласка, майго табачку. У ягамосця дабрадзея ён з томкаю[21], а я дадаю крыху вішнёвага лісця. Мела я трох мужоў... Будзь здаровы сто гадоў, ягамосць дабрадзей!
Нейкага чэмеру падсунула мне баба, бо я паліў з носа, як з пісталета, а яна мне ці не пяцьсот гадоў назычыла.
– І кожны адзін другога лепшы. Што я наплакалася па кожным! Бо кожны мяне кахаў і шанаваў.
За першага пайшла маладзенькаю, яшчэ дзіця была, скажу ягамосцю дабрадзею. Але і ён быў як дзіця, прастачок сабе, але годнага роду і меў гэты фальварачак, а ў мяне пасагу не было. Дык мяне бацькі за яго і выдалі! А ён адразу ўсю сваю субстанцыю на мяне запісаў. Потым заўсёды стаяў, як статуй; слухаў, што я загадаю, а я сабе цешылася жыццём, як пані. Дзесяць гадоў анёлак стаяў, як статуй; і хоць я, бывала, штурхану яго, калі мне апрыкне ягоная немата, альбо калі ўсуне нос у гаспадарку, дык паклоніцца мне, пацалуе ў руку і пойдзе ў свой флігель. Спіўся пасля небарака, – але не з-за мяне! Ці ж я вінаватая? Так яму Пан Бог даў. І памёр, пакінуўшы на маю галаву дачку, гэтую мосці панну. Ой, што я наплакалася па ім! Што я наплакалася. Пакаштуем ратафіі, ксёндз-квестар дабрадзею, пасля – вяндліны.
Я адразу вырашыла, што з-за людскіх языкоў мне, маладой, быць доўга ўдавою не выпадае. А быў тут па суседстве тэнуторам[22] паўвекавы ягамосць, але вялікі мадэрат[23], сэнсат і прызнаны гаспадар, і як пачаў мяне наведваць ды даваць сардэчныя парады па гаспадарцы і абяцаць залатыя горы з гэтага фальварку, і, урэшце, пазычаць мне пакрысе грошы ды прасіць мае рукі, дык я, прамовіўшы малітву да святога Іллі, патрона ўдоваў, што прагнуць таго сакрамэнту, пайшла з ім да шлюбу. Ой! Няхай бы нагу тады зламала! Бо той пан мадэрат і сэнсат, быў, праўда, гаспадар, але іпахондрык, буркун, жмінда, скнара, так, што я мусіла цяпер, як колісь бедны мой прастачок, стаяць, як статуй, апусціўшы рукі, а ягамосць кіраваў і загадваў, як хацеў, у маім маёнтку ды яшчэ прымушаў мяне, каб на яго запісала. Вось дык папалася, мой мосці дабрадзею! Але доўга я не вытрымала, пачала яму пярэчыць, пратэставаць, агрызацца. Дапякаў ён мне, дапякала і я яму; ён хоча так, а я, на злосць, інакш; ён хавае горшы, а я краду і забіраю; ён кажа: я працую, а я моўлю: мой маёнтак; ён за кій, а я за качалку. Судны дзень у хаце. І, урэшце, аднойчы з-за вялікае злосці параліч ягамосця разбіў і памёр небарака. Ой, што я наплакалася!
– Мне здаецца, дабрадзейка: не было за што.
– Як гэта? У шлюбе бывае і так і сяк, таму пасля шкада! Шэсць гадоў мы пражылі, і я не ведала, што рабіць пасля ягонае смерці. Рознае прыходзіла мне ў галаву. Ажно тут, нібы па Божай наканаванасці, ідзе нашым шляхам гусарскі полк і становіцца ў мяне на кватэру паручнік. Малады, мой дабрадзею, гогаль на тры локці, караняж[24], вэрсат[25], чалавек бывалы, мой дабрадзей! Калі прыбярэцца, бывала, і сядзе на каня, мой дабрадзею, золата з яго цячэ! Ах, які зух! Што ён вытвараў! Цяжэй за ўсё было вытрымаць, калі ён пачне заляцацца, дык аж млею ўся. Полк спыніўся за міляў дваццаць адсюль, а ён запісаў сабе зімовую кватэру тут, дзе і размясціўся. То доўгімі вечарамі ў дадатак, як возьме тэарбан і зайграе ды заспявае ці куранта, ці якую жаласлівую ўкраінскую думу, дык ужо не магла запярэчыць свайму сэрцу, закахалася. А яшчэ: “Мая душка! Мой анёлачак! – мовіў ён. – Буду цябе на руках насіць, буду цябе дзічынаю карміць, як паедзем у мае маёнткі ў Кароне, то будзеш там як сыр у смятане плаваць”. Дык ужо мосці дабрадзею, паслухалася сэрца! Паслухалася сэрца... і трапіла, як пальцам у неба.
На другі дзень пасля шлюбу ён звар‘яцеў. Як закрычыць на мяне: “Баба! Давай грошы!” Я падумала, што жартуе, але ён не на жарт крычаў: “Баба! Давай грошы! Ці ж я дарма прадаў сваю маладосць такой шкулепе?[26]” І, не чакаючы доўга, вырваў у мяне з рук ключыкі, адамкнуў канторку (а ведаў, што там грошы, бо я, дурніца, ад вялікага кахання паспавядалася яму перад шлюбам), дык забраў, пракляты, усё, што пакінуў нябожчык, і рушыў у полк.
Думала, што і не вернецца. Шкада мне зрабілася не так маіх грошай, як яго самога: бо ж гэта, лічыла, маладое піва, перабродзіць. Дык я збіралася за ім у каманду, ажно вяртаецца, усё-такі, вяртаецца, але за ім – коні, сабакі без ліку, а што самае горшае – гайдамакі з палка, такія, як сам, больш за дзесятак. Думала, дом перавернуць. Гулянка дзень і ноч. Знайшлася і скрыпачка, запрасіў суседак, дык і танцы, і балі, і п‘янка; а ўсе крычаць як на злосць: “Ва ўдавы хлеб гатовы!” Пайшло ўсё прахам: і грошы, і вяндлінка, і гарэлка, а мой пан паручнік і слухаць не хоча мае скаргі; а што самае горшае, як з‘ехала з часам ад нас тая жаўнерская арда, то ён зноў спяваў пекныя думы, але не мне, а паненцы Тэрэзе, маёй каханай дачушцы. Ці не так? Вось я паненку ў кляштар да нясвіжскіх паненак бенедыктынак insperate адправіла. Няхай ужо я адна, думала сама сабе, буду нясці гэты крыж. А яшчэ такой пакутаваў хваробай, што калі аднойчы, вярнуўшыся з палявання, застаў у гасцях у мяне пана віцэ-рэгента, які гуляў са мною ў пашыка[27], дык выставіў яго за дзверы і скінуў з ганка, так, што гэты небарака ледзь падняўся, а, падскочыўшы да мяне, закрычаў: “Баба, калі кахаеш – кахай стала, а не кахаеш – застрэлю!” О, святая Уршуля з таварышкамі! І цяпер, як прыгадаю, страшна.
Пакаштуйма па кропельцы.
– Дзякую, дабрадзейка! Лепей ужыву яшчэ табáку, але сваю, бо імосціна д‘ябальскі моцная.
– Добра. Мой другі муж, нябожчык, ужываў табáку, а я ад яго і навучылася; а гэты, трэці, басурманін, паліў люльку. Не магла з ім даць рады. Спустошыў мне дом, зрабаваў гаспадарку, разгайдамачыў і спаіў мне ўвесь двор, а я п‘янства цярпець не магу. І вось мядзведзь прыйшоў мне на дапамогу. На ловах стрэліў ён у мядзведзя і спудлаваў, а мядзведзь на яго; пакуль прыбеглі ратаваць, ён садраў з яго скуру ад галавы да пятак, паламаў косці, і вось яго такога пры смерці прывезлі да мяне; от, гэтаму якраз пяць месяцаў. Ах! Што я наплакалася! Не было часу і лекара прывезці. Памёр, але па-свойму: хоць і паспавядаўся, і шкадаваў за грахі, ды, паклікаўшы мяне да ложка і ўтаропіўшыся ў мяне, крыкнуў: “Слухай, баба! (Хоць ягамосць дабрадзей бачыш сам, што я яшчэ не баба). Слухай, баба! Ты пойдзеш цяпер замуж за таго юра[28], косці якому, што я не паламаў дарэшты, – вельмі шкадую, і пакрыўдзіш бедную Тэрэзу (што яму да яе?), але памятай, першым маладзіком пасля вашага шлюбу я стану ўпыром, прыйду апоўначы да вас і абодвум галовы адкручу”. Ці можа гэта быць, мосці дабрадзею, каб ён стаў упыром? Ягамосць такі лепей пра гэта ведаць можа. Ці ўпыры ходзяць па свеце? Ці не бачыў ягамосць дабрадзей хоць раз упыра?
– Не бачыў, дабрадзейка, аднак жа людзі кажуць, што такое здараецца. Але без Волі Божае нічога не здарыцца. Ёсць малітвы за душы нябожчыкаў.
– Ёсць і іншыя сродкі, – перапыніла мяне імосць, – я ведаю пра іх, мой дабрадзей. І пан віцэ-рэгент кажа, што трэба так зрабіць, каб каханенькі ляжаў сабе спакойна ў зямлі і так не гайдамачыў пасля смерці, як пры жыцці. Трэба адкапаць труп, адсекчы рыдлёўкаю галаву і пакласці яе ў нагах, каб не мог рукамі дастаць. То ён будзе рупіцца-рупіцца, але калі не дастане рукамі галаву, дык і не падымецца з магілы. Я ўжо яго раз так і сніла – з вытарашчанымі з-пад пахі вачыма. Магіла вядомая. А ты як, ягамосць, параіш?
– Я параю дабрадзейцы зусім іншы спосаб і, пэўна, больш выніковы.
– Я слухаю, мой дабрадзею, слухаю.
– Дык вось, дай перш-наперш, дабрадзейка, на святую імшу, на экзэквію[29] і на ўбогіх за ягоную душу, а з тае прычыны, што перад смерцю ён сам сказаў, што тады толькі стане ўпыром, калі Імосць, узяўшы новы шлюб з юрыстам, пакрыўдзіш дачку, дык раю як найхутчэй выдаць яе замуж і даць прыстойны пасаг.
– А якая справа ксяндзу-квестару да гэтага? Васан дабрадзей як асоба духоўная не павінны ўблытвацца ў тое, што яму не належыць.
“Прапалі мае бараны”, – падумаў я.
– Я ж толькі хацеў абараніць дабрадзейку, абы пан паручнік на першым маладзіку з-пад пахі не зірнуў на яе.
– Мы ўжо самі дадзім тут рады, без ягамосця, а экзарцысты нам не трэба.
Раззлаваныя бабуля і ўцякла б, пэўна, ад мяне, каб магла падняцца, але паспрабаваўшы колькі разоў, села.
– Ведаеш што, дабрадзейка? – сказаў я. – Давайма вып‘ем за гэтую справу.
– Няхай сабе і так, – паласкавела яна і выпіла келішак да кроплі. – Няхай сабе і так! І бачыш, васан дабрадзей, што пан віцэ-рэгент – гэта мудрая галава; ён усе статуты назубок ведае, дык кажа, што нядаўна Рэч Паспалітая выдала такі закон, што калі ёсць дзе маці і дачка ды абедзьве хочуць ісці замуж, дык дачка не можа выйсці раней за маці і мусіць чакаць, пакуль маці выйдзе.
Дачушка, што стаяла за крэслам маці, ціха вохнула:
– О-хо-хо!
– Чаго васпанна вохаеш? – крыкнула імосць. – Чаго васпанна вохаеш? Вохай, васпанна, ні вохай, будзе так, як пастанавіла Рэч Паспалітая. Маеш што супраць?
– Ну, дабрадзейка, я не юрыста; са мною вядзі гаворку пра бараноў; якраз пра іх і пачнём, За трох мужоў – трох бараноў, а за поспех з чацвёртым – чацвёртага.
– За поспех з чацвёртым!.. Ат, няхай сабе! Штось мяне замарачыла... каўтун той пракляты...
Апошні кілішак, відаць, дагадзіў дабрадзейцы, пачала драмаць:
– Каўтун той пракляты... і галаву, і ногі адбірае, і так нешта марочыць... марочыць... За поспех з чацвёртым... чацвёртага... панна Тэрэза... і Рэч Паспалітая... Упыром стане.
Гэтак трызнячы і мармычучы, баба паклала рукі на стол, апусціла на іх галаву і захрапла. А панна Тэрэза, падзякаваўшы мне за добрае сэрца і, папрасіўшы памаліцца за яе намеры, загадала даць чатырох баранаў.
– Ну, – сказаў стары Марцін, – калі мы выехалі за браму, – дай Божа век мець справу са старымі ўдовамі.
А калі я пачаў апавядаць яму ўсю гісторыю гэтае квесты, ён перапыніў:
– Я ўсё ведаю; ведаю болей, чым ягамосць і чым сама пані, бо яна таго не ведае, што палестранцік, якога яна сабе за прынаджвае, заўтра, калі яна засне пасля абеду, вывязе паненку і шлюб з ёю возьме. Ён ужо мае прыгатаваны indult[30], і ўсе ў маёнтку ведаюць пра гэта, але ніхто ёй не скажа, бо ненавідзяць бабу. Гара з гарою не сыходзяцца, а чалавек з чалавекам сыдуцца, вось і я знайшоў тут ахмістрыню – даўнюю маю куму – якая ўсё мне расказала і наш падарожны куфэрак напакавала вяндлінаю.
У ПАНА СТАРАСТЫ
XVIII
Позна ўвечары мы прыцягнуліся ў маёнтак пана старасты, і хоць з палацавых вокнаў яшчэ свяцілася, як з касцёла, аднак я палічыў за лепшае заехаць нанач да эканоміі, а назаўтра раніцою пакланіцца пану.
“Заўтра ўбачым, – думаў сам сабе, – якая кампарацыя паміж панствам пана старасты і сям‘ёю пана ваяводы”. Я выгодна пераначаваў у пана дыспазытара[31], які прыняў мяне пачціва і нават сардэчна, калі я сказаў яму яшчэ, што прыехаў па панскім загадзе.
Назаўтра рана, пакуль яшчэ у палацы адчынілі аканіцы, я ўжо дзве гадзіны квэрэндаваў[32] па ўсім двары, прыглядаючыся да ўсяго не з мэтай якой-небудзь, барані Божа, цэнзуры, а таму, што адазвалася ў чалавеку нядаўняе прыдворнае жыццё. Бо гэта не так лёгка, як каму можа здавацца, выкінуць з галавы даўнія звычаі і звычкі. Пры кожнай аказіі аднаўляецца спакуса, як рэцэдзіў пасля хваробы, супраць якое адзіная salva – у ласцы божай, што падмацоўвае чалавека ў добрых намерах. Дзякуй Богу, нядоўга захапляла мяне тое жаданне, а цікавасць без кепскіх думак і намераў не з’яўляецца, мне здаецца, грахом, тым больш, што гэты маёнтак мог служыць добрым прыкладам і на кожным кроку за добры прыклад трэба было дзякаваць Богу.
Людзі тут, як мурашкі, але паўсюль лад, дастатак, выгода. У пана ваяводы шумна, гучна-бунчучна, па-панску нават, бо шчодра і пышна, але ў двары суровы парадак і не заўсёды лад і спакой. Тут жа ўсё як у гадзінніку, кожны пільнуе свайго па ахвоце, а не з-за страху, у кожнага на твары весялосць, згода між усімі; а ў нас, у двары пана ваяводы, бывала, я, маршалак, мусіў штораніцы разбіраць начныя справы службы і боцькаўскім[33] бізуном спыняць звады.
– А хто жыве тут? – пытаўся я ў канюшага, стоячы ля стайні ды паказваючы на флігель.
– Тут панскія грацыялісты, старыя лёкаі альбо і не лёкаі; от, калі бедны, але пачцівы, дык і маеш хлеб.
– А ў тым, другім флігелі?
– Ого! Там паны рэзыдэнты высокай кандыцыі; яны заўсёды ў панскіх пакоях, і за панскі стол сядаюць, і сваіх коней панскім фуражом кормяць. Ёсць там яшчэ і гасцявыя пакоі, ніколі, дзякаваць Богу, не пустыя.
– А ў тым, трэцім, самым вялікім?
– А ў трэцім – усё. Бачыш, ягамосць, ужо з коміна дым ідзе. Там жыве наш пан маршалак і наш хлебадаўца пан шафар[34]; там кухня і ўся палацавая служба, там і капэла. Мы, конюхі, маем стайню. А ў чацвёртым флігелі, самым блізкім ад палацу (бо, пэўна, ўжо ягамосць, і пра яго запытаеш) – баб‘ё, Пане даруй цяжкі грэх, – фаварыткі імосьці, старыя панчохі. Як пачнём у нядзелю вазіць іх у касцёл, дык і коней не стае. Нічога не робяць, толькі з ксяндзом-капеланам, які жыве ў палацы, на ружанец і гадзінкі[35] выходзяць штодзень у капліцу, абавязкова з акулярамі на насах. Ёсць там і маладыя; яны вучацца нечаму, хто іх там ведае? А можа, ягамосць дабрадзей, і нашу стайню агледзіш? Але вось і сам пан на ганку.
– Hospes venit, Chrystus venit![36] – выкрыкнуў пан стараста, ўбачыўшы мяне. – Дзякую вашэці, ксёндз-квестар, што ты так хутка і ахвотна выканаў маю просьбу.
Сэнтэнцыяй на сэнтэнцыю адказваю:
– Hospes non invitatus recedit, saepe ingratus[37]; але я, з’явіўшыся сюды па загаду Яснавяльможнага пана, маю надзею і на ласкавы прыём.
– Брава! Эрудыт! Маршалка да мяне!
А калі той прыбег, стараста сказаў яму:
– У мяне госць, якога я ўчора запрасіў. Да палудня я заняты, дык, проша, ксяндза-квестара пачаставаць і забавіць; а на абед запрашаю яго да сябе.
Які двор, такі і маршалак; але ўсе на адзін капыл: кожны павінен мець галаву не для прапорцыі, апранацца не толькі ахайна, але і па-панску, дзеля гумору свайго гаспадара, быць рашучым, але адначасна і паважным, і дыпламатам, а не фірцыкам[38] і шалапутам, не даць нікому сканфузіцца, мець характар і паставу, але таксама добра ведаць cui quod debet[39], на прэмінэнцыях, сталах[40] і пасадах, каб, калі ў часе панскага абеду ходзіш з ласкаю ля стала, гайдук не падаў паўміску раней пану скарбніку, чым пану стольніку альбо войскаму, бо за такі feler[41] і мейсца, і кансыдэрацыю можна страціць назаўсёды.
Я ўсё гэта ўмеў... але што? Sic fata tulerunt! Гэта азначае: чыніся воля Божая!
Пан маршалак двара пана старасты мае, здаецца мне, такую кваліфікацыю і з‘яўляецца peritus rei[42] у сваёй гаспадарцы. Ён адразу паслаў у палац па каву для мяне, для сябе і для паноў рэзыдэнтаў, двое з якіх прыйшло да яго на сняданак.
Адзін юнак, відаць, нядаўна з-пад прэцэптарскае фэрулы[43], бо нясмелы і не набыў яшчэ прыдворнага глянцу ні бляску; а другі – самы сапраўдны homo, бо і асоба, і красамоўства, і досціп шляхетныя, уласна, як і трэба дзеля аздобы двара вялікага пана. З панам маршалкам ён жыве, відаць, у добрай згодзе. Жартавалі самі з сябе, адзін другому чынячы алюзіі на прыдворных паненак, і абодва – з беднага падстоліча пра ягоную прыхільнасць да панны гараднічанкі, фаварыткі і выхаванкі пані старасціхі.
Чырванеў бедны хлопец, але, відаць, закраналі яго за жывое, бо не ведаў, як адказаць.
– Дзіця ты яшчэ, мой каханы падстолічу, – мовіў старэйшы пан рэзідэнт, харунжы паводле тытулу, – пакутуеш штодня і сушыш сваю галаву, пішучы вершамі нейкія фабулы, нейкія дыялогі, у якіх усіх паганскіх бажкоў клічаш на дапамогу, у якіх, што ні слова, то Цэрэра і Венера ды ўсе алімпійскія дзярдыны туманяць сэнс. Гэта вельмі прыгожа і разумна; відаць, што нядаўна закончыў паэтыку; але ж калі прыгожая Франуся, як свет стаіць, нічога з гэтага не разумее. А калі разам з ёю ў палацы, дык стаіш далёка і быццам да трох лічыць не ўмееш; у танцы з ёю – нібы хто табе волава ў кішэні наклаў. Мы ідзём усім дваром на шпацыр – зноў тое ж самае: спяваюць, бегаюць, сваволяць; я старэйшы, а дапамагаю ім і спяваць, і бегаць, а васпан, Езус, мой Пане! ідзеш задуменны роўненька, як пан дарэктар за жакамі, ды хмура і крыва пазіраеш на Франусю, як на кіслы яблык; а гэта ж салодзенькая грушка, мой падстолічу! Аднак жа ты хлопец, як маліна. Калі я бачу цябе на паляванні жвавым і спрытным, калі ты гарцуеш на кані, а весялосць і сваволя пырскаюць у цябе з вачэй, – дык усім міла! Чаму ж так не палюеш і на сэрца гараднічанкі? Выскач, падскоч раптам да яе! І твая будзе! Ці праўда, пане Сэбасц’ян? – звярнуўся ён да маршалка. – Так па-нашаму!
– Бывала, – адказаў, кланяючыся, маршалак. – Колькі табе гадоў, пане харунжы?
– Inutilis quastio solwitur silentio![44] – адказаў той, таксама кланяючыся. І абодва засмяяліся, а я з імі трэці. Пан падстоліч толькі спакойна піў каву.
– А што, шаноўны пан госць, – абазваўся зноў да мяне пан харунжы, – ці шмат ужо назбіраў бараноў?
– Будзе тузін, лічачы з тым, якога ты, дабрадзей, дасі.
– Брава! Па-квестарску! Але я гаспадаркі не маю. Аднак і баран, і талер – адно і тое ж, таму ахвотна табе яго ахвярую. Гэтак жа зробяць, па майму прыкладу, ручаюся, усе нашыя прыдворныя, не лічачы кантрыбуцыі, якую табе наш бабскі рэгімент з вунь таго флігеля складзе. Не кажу пра Яснавяльможнага старасту. Апавядаў ён нам учора пра тваю дасціпную дзяльбу рабчыкаў, дык шчодра, пэўна, цябе адорыць. Пабавішся тут з намі, ксёндз-квестар, дзён колькі, бо цябе стараста не выпусціць. Хвала Богу, у нас – як у раі; не засумуеш ні па сваёй келлі, ані па набажэнстве; капліца ў садзе, штодня святая імша, на якую зараз і звоняць.
– То пойдзем, – кажу, – я, можа, патраплю паслужыць ксяндзу-капелану.
І паспелі мы своечасова.
У якасці падзякі Богу за шчаслівае падарожжа панства мусіла быць адпраўленая спяваная імша, дык і капэла заняла мейсца на хорах: бо гэта не капліца, а сапраўдны касцёл, мураваны, прыгожы, аздоблены, а люду – як у нядзелю ў якой парафіі. Праўду казаў канюшы: колькі акуляраных бабуляў і кожная сваім дыскантам спявала “Вітана будзь, Марыя!” Калі ж я гукнуў insperate за імі басам па-бернардынску, ажно ўвагнуліся бабулькі на лаўках і павярнулі на мяне здзіўленыя акуляры, а ўсе заўсміхаліся.
Закончылі мы ружанец, зазванілі другі раз; увайшло спадарства з дзеткамі ў касцёл і селі на лаўку ў прэзбітэрыі. Я апрануў у закрыстыі ксяндза-капелана, які мяне пасля знаёмства богаславіў і пайшоў на імшу, а я з адным грацыялістаў – у якасці сэрвітораў.
Дай, Божа, доўгі век пабожнаму спадарству і каб заслужылі ў Пана Бога на ўсё, бо пекна і ўзорна адбылося набажэнства. Пасля суплікацыі[45] да паціны падышлі перш-наперш абодва Яснавяльможныя паны, з імі – дзеці, а потым – увесь двор, як хто праціснуўся. У гэты час я заўважыў нейкую постаць generis masculini[46], што стаяла ля панскае лаўкі; па-нямецку ўбраны, худы і жоўты з твару, з напудранай галавою, з сабранымі на патыліцы ў коску валасамі, у чаравіках і панчохах, і з капелюшом пад пахаю. Вачыма, што бегалі ва ўсе бакі, здаваўся ён падобны на ката ці шатана, чаму і ўбор ягоны добра пасаваў. Я вырашыў, што гэта лекар нямецкі, а немец, як звычайна, лютэранін, дык ксёндз-цэлебрант[47] не даў яму паціны, і ён сам не падышоў да яе. Я пакруціў галавою, думаючы, чаго ён тут?
Пасля набажэнства старасціха ласкава прывітала мяне і паняты міла мне пакланіліся, а немец зморшчыўся; але і я на яго зірнуў так, што ў яго душа ў пяткі пайсці мусіла; затым я накіраваўся да ксяндза-капелана, які мяне запрасіў да сябе.
У ксяндза-капелана – гэтак жа, як і ў капліцы: рэліквіямі ўсе сцены завешаны, а ля кожнае – кветкі вельмі адмысловае ручное работы, як мне казаў ксёндз-капелан, фраўцымеру пані старасціхі. Два маленькія пакоікі ў палацавым крыле, а ў іх чыста і ціха, як у келлі.
Калі ён снедаў, я разглядаў усё тое святое; але з тае прычыны, што немец убіўся мне ў галаву, я запытаўся:
– А чаму, рэвэрэндысымэ, ты не даў паціны таму немцу, які стаяў ля стараставае лаўкі? Відаць, ён нейкі нягоднік-дэсыдэнт, але, пэўна, тутэйшы прыдворны лекар?
– Ой, ён не лютэранін, не кальвініст, але горшы за іх усіх, – адказаў ксёндз Ёахім, – гэта пракляты ерэтык, бязбожнік, атэіст, фармазон, бадай, а лічыць сябе філосафам і вельмі мудрым чалавекам. Гэта не немец, а француз, і зусім не лекар; у нас тут ёсць лекар – пачцівы венгр; а гэты бязбожнік не лечыць, а труціць, і не цела, але душы; і што самае кепскае – маладыя ды нявінныя душы, дзяцей панскіх! Бо гэта – per modum іхні настаўнік французскае мовы.
– А чаму, рэвэрэндысымэ, не папярэджваеш гэтае зацнае і пабожнае спадарства пра такую бязбожную і агідную ягоную навуку? Навошта ж пускаць яго ў Дом Божы?
– Няўжо ты думаеш, каханы ксёндз-квестар, што я абыякава гляджу на гэтую разбэшчанасць? Фульміную[48], нагадваю, прашу абодвух паноў і заклінаю збавеннем душы, каб гэтага нягоднага чалавека аддалілі ад дзяцей сваіх; але, на няшчасце, д‘ябал мае сваіх апосталаў на гэтым свеце, а ім з‘яўляюцца людзі, што чыняць разбэшчанасць; яны поўныя шатанскага вераломства і свецкага розуму, якім баламуцяць пачцівыя і легкаверныя галовы. Ох! Такіх ужо шмат у нашым краі. Выгнаныя з уласнага, яны знаходзяць у нас, асабліва ў панскіх дамах, не толькі прытулак і выгоду, але нават і кансыдэрацыю больш высокую, чым нашыя ўласныя мудрыя і вучоныя, але богабаязлівыя мужы, якіх, хвала Богу, у краі нашым дастаткова.
Бог, калі хоча каго пакараць, дык адбірае розум, – так кажа даўняя прыказка; вось і мы можам спадзявацца на кару Божую, бо ў нас Ён уласны старасвецкі пачцівы розум забраў, а падахвоціў нас да мовы і цяперашняга розуму французскага, бо даўнейшы французскі розум не быў такім. Цяперашні – бязбожны, нецнатлівы, нехрысціянскі, што прагне знішчыць святую веру, звычаі, традыцыі і ўсё, што дасюль людзі баранілі і шанавалі. Гэтая сённяшняя філасофія з пекла родам; яна ў нас з французскаю моваю, з людзьмі французскімі, а найболей з кнігамі французскімі пашырацца пачынае, сярод нашых паноў перш-наперш, а потым пяройдзе і да шляхты, якая робіць усё, як яны.
У вялікім свеце, у Варшаве, напрыклад, і кроку не ступіш без французшчыны; я сам сведка, бо мы ў пазамінулым годзе былі там. Адтуль, уласна, і прывезлі гэтага філосафа; але ж і даў я яму тут!
Пасля доўгіх размоваў ягамосця, пасля спрэчак са старастам і з самою паняю, якія ўмеюць па-французску, якія, як пабожныя католікі, не маглі спакойна слухаць ягоныя блюзнерствы, але з-за далікатнасці і рэспекту[49] дзеля такога мысляра не адважваліся закрыць яму рот; пасля непрыстойных паводзінаў яго ў касцёле ды іншых акалічнасцяў, асабліва ведаючы пра ўсеагульны дух ягоных братоў, я зразумеў, што будзе. Дык, паклікаўшы на дапамогу святога Духа, які адразу навучыў апосталаў усім мовам, я ўзяўся, нічога нікому не кажучы ды яшчэ хаваючыся са сваімі намерамі, вывучаць французскую. Добра ведаючы латынь, мне было і не так цяжка. Я знайшоў слоўнікі і кнігі ў тутэйшай панскай бібліятэцы; прыслухоўваўся, нібы з нянавісцю, да ягоных лекцый дзецям, а начамі і ранкамі працаваў без стомы; гэтак за тры месяцы зразумеў увесь лад тае мовы і маўленне філосафа; аднак, маўчаў, чакаючы часу ды штодзённа ўдасканальваючыся, размаўляючы нават сам з сабою.
Аднаго разу на абедзе ў прысутнасці шматлікіх гасцей пачаў разважаць французік пра сваю ўлюбёную, як ён называе, філасофскую матэрыю. Шмат было паноў, што ведалі французскую мову ды пільна прыслухоўваліся да ягоных зухаватых эксклямацый[50]. Ён даводзіў, што духавенства – гэта непатрэбны цяжар для краю, бо ўсе ксяндзы – дармаеды.
– Хлусіш! Нахабна хлусіш! – абазваўся я. – Цяжарам для нашага краю з‘яўляюцца валацугі, якія не ўмеючы ва ўласным зарабіць на хлеб, наш есці прыходзяць, і за гэты хлеб наш прыносяць нам разбэшчанасць і пекла.
Не магу выказаць ягамосцю ўсеагульнае здзіўленне – самога француза, маіх паноў і ўсяе кампаніі. Француз анямеў, глядзеў на мяне няўцямна, як злоўлены на гарачым злодзей, нарэшце пан стараста сказаў:
– Ксёндз Ёахім! Ці не Святы Дух наведаў цябе з дарамі моваў? Што гэта значыць? Пяць гадоў ты жывеш тут. І свае веды ўтойваў? Навошта?
– Я не ўтойваў свае веды, Яснавяльможны пане, – адказаў я, – бо іх не меў, а, папраўдзе, паклікаў на дапамогу Святога Духа, каб мог навучыць мове, на якой гэты фальшывы філосаф распаўсюджвае блюзнерствы. Тры месяцы таму я і слова не разумеў па-французску; а сёння вось разумею і магу сачыць за тым змеем-спакуснікам, знесці яму галаву ягонай уласнаю зброяю, а, перадусім, засланіць панскіх дзяцей ад заразы і псоты.
Я заслужыў усеагульнае ўхваленне. Стараста падняўся з-за стала і абняў мяне. Канфуз француза быў вялікі, і тым болей, калі я распавёў, якім чынам і дзеля чаго вывучыў французскую мову, а таксама, калі пан стараста дадаў:
– З гэтага часу ксёндз Ёахім будзе прысутнічаць на кожнай лекцыі, бо я не хачу сваіх дзяцей вучыць на недавяркаў.
Дык цяпер ён больш сціплы, а ў маёй прысутнасці – цсс! Толькі кніжкі свае ад мяне замыкае, але я і да іх дабяруся калі-небудзь.
У часе гэтага расповеду я прыгадаў словы майго ксяндза-гвардыяна, якія ён сказаў мне на гэты конт пры ад’ездзе.
– Так, так, меў рацыю твой ксёндз-гвардыян. Бачна, што гэта мудры і прадбачлівы каплан. Ёсць сярод нас зло, ёсць! Вашэць, ты тут бачыш толькі адну невялікую яго праяву, але non deragando[51] твайго розуму, не квестарскімі мазгамі і не квестар будзе мець мажлівасць давесці да таго і зразумець, як яно захоплівае першыя ў нашым краі галовы, як астужвае нават руплівасць капланаў, як хціва хватаюць сёння французскія кніжкі, насычаныя атрутаю недавярства, і, начытаўшыся іх, жартуюць з усяго, што дасюль было ў нас святым і недатыкальным. О, гора, гора краю, у якім дзеецца так, як у нас! Прападзе ён, абавязкова прападзе, бо яго пакінула Боская апека, калі страху Божага няма; у нас яшчэ ёсць хатнія цноты, але і яны выгасаюць паволі, а затое пашыраецца бессаромная распуста і самалюбства: мы слепа ляцім на заўчасную пагібель і на вечную згубу.
– У імя Бога, – кажу, – ратуйце ж, іхмосці тэолагі, ратуйце!
– А што могуць нашыя невялікія розумы і дзеі супраць волі Божай? За нашыя грахі карае нас Бог і дапускае вар‘яцтва. Але, можа, мяркуеш, і вера наша святая хрысціянская загіне? О, не, зусім не! Пякельныя брамы не парушаць яе! Калі вагаецца, дык толькі мацуецца! Ксёндз-капелан пакінуў снедаць і шырокім крокам хадзіў па пакоі, а вочы ў яго гарэлі агнём; шмат яшчэ на гэты конт расказаў ён мне сэнтэнцый; хто іх усе запомніць? Я слухаў яго, нібы казнадзея з амбона, і так прайшоў час аж да абеду, перад якім мы выйшлі на хвіліну ў сад, а потым – на ганак.
Уласна ў гэты час заязджала ў стайню зялёная саская каляска, запрэжаная параю коней, а госць, што прыехаў на ёй, ужо быў у пакоях. Пазнаў ксёндз-капелан каляску, і паведаміў мне, што прыехаў пан Кветка, трыбунальскі мецэнас і пленіпатэнт старасты у ягоных справах, якіх бы не было, калі б ён не даводзіў старасту да калатнечы.
Мы ўвайшлі ў залу, дзе ўжо пан маршалак завіхаўся ля накрытага стала, за які мы і селі пасля таго, як увайшлі паны з дзецьмі і панам філосафам за імі ды ўчынілі бэнэдыкцыю[52].
– Дык тады мы будзем jure viсti[53], пан будаўнічы? – абазваўся стараста да пана Кветкі.
– Не зусім, – адказаў ён, – не зусім, бо remissa[54] не азначае прайгранае. Я лічыў, праўда, што адразу ў трыбунале пераможам шляхціца; але калі й адклалі, гэта не значыць, што адмовіліся, а тымчасам beatus qui tenet![55] Дык няхай шляхціц судзіцца, а вёсачка – наша!
– Не beatus, a maledietus qui tenet injuste![56] – абазваўся ксёндз-капелан.
– Не лезь не ў сваё, ксёндз-тэолаг, – запярэчыў пан Кветка. – Тэалогія і юрыспрудэнцыя – гэта дзве адрозныя сцыенцыі [57], якія часам цяжка пагадзіць.
– І ўсё ж, – сказаў стараста, – я думаю так, як і ксёндз Ёахім. І таму, калі нанова ў субселіях[58] прававацца распачнём, я параюся з сябрамі і пашукаю праўду, хоць бы яна і не на маім баку была, а пасля загадаю аддаць вёску майму адвэрсару[59], калі яна слушна яму належыць. Але пра гэта пасля, а цяпер ксёндз-квестар, з тае прычыны, што твае дывідэнды[60] мы не будзем патрабаваць, бо тут досыць Божых дароў, дык прагнем твайго досціпу і весялосці, якія, пан маршалку, падтрымай кілішкам.
Садзячы мяне яшчэ перад абедам, пан маршалак паказаў мейсца на самым канцы доўгага стала насупраць пані старасціхі, якая самае лепшае мейсца займала.
– Тут, – сказаў ён, – мейсца квестара, а гэта, – дадаў, паказваючы на вялікі келіх, – твая порцыя.
– Deo gratias! – адказаў я ды выгодна ўладкаваўся, зразумеўшы, што маршалак ведае сваё рамясло, бо калі б мяне на іншае пасадзіў, парушыў бы звычайны парадак.
Ён наліў мне віна, якое па паху і смаку на ваяводавы хлеб штодзённы было падобнае; паволі смакуючы яго, я адказаў старасце:
– У двары Яснавяльможнага пана ўсе з ласкі панскае такія вясёлыя і шчаслівыя, што абыдуцца без майго мізэрнага досціпу, які я не меў яшчэ нагоды і выэкзэрцытаваць[61], бо першы раз еду квестарам ды і зусім нядаўна ў законе.
– Гэта кепска, – абазваўся пан Кветка. – Квестар павінен быць весялуном і жартаўніком; такімі з’яўляюцца praeter propter[62] усе вандроўныя fratres ягамосця; а калі ягамосцю гэтага бракуе, дык прыязджай да нас на трыбунал, але май пры сабе каліту талераў: у нас напачатку, калі наяснейшы трыбунал раіцца, то шаноўная палестра ваюе языкамі, а за кожны добры канцэпт альбо жарт з калегі плаціць, хто прайграў, два злотыя на кон, з якога пасля сняданне ўсім[63]. Вось за малы кошт і павучышся ў нас розуму.
– Танны гэта розум, – кажу, – якому за два злотыя можна навучыцца; адно толькі, каб не быў ён столькі ж варты, колькі і таннае мяса?
– А ці не варты гэты адказ двух злотых, пане будаўнічы! – сказаў стараста. – Папярэджваю, не зачапляй сціплага на выгляд квестара, бо прайграць можаш болей, чым зараз.
Але ўпэўнены ў сваёй мудрасці пан будаўнічы кіўнуў галавою ды, хвіліну памаўчаўшы, запытаўся ў мяне:
– Як гэта, мой дабрадзей, называюць у кляштары маладых братоў, лёкаяў et id genus[64], якім аднак жа галовы ўжо паголены?
Я не мог здагадацца, што хоча пан будаўнічы.
– Не ведаю, – кажу, – аніводнае адмысловае назвы. Людзі завуць нас паводле пасадаў, да якіх хто прызначаны: брат квестар, брат сэрвітор, брат закрысціянін і падобнае.
– Не-не. Ёсць яшчэ адмысловая і агульная дэнамінацыя для ўсіх такіх братоў.
– Не ведаю, дабрадзею! – сказаў я і ўжо прадбачыў, што ўколе мяне, толькі не ведаў як.
– Ой, ведаеш-ведаеш, толькі сказаць не хочаш, бо не можа быць, каб у кляштары звыклага свайго імя не чуў.
– Не разумею ягамосця, а хлусіць не ўмею.
– Ну, дык я скажу ўжо, калі ты такі ўпарты. Кожны такі брат завецца палкуць[65] – з-за паголенай, як палка, галавы. А што, не праўда?
– Праўда, – прамовіў я, – толькі, адно што гэтае найменне не ў кляштары, а за кляштарам часта можна пачуць. А калі ягамосць такі спрытны ў дэнамінацыях, дык няхай скажа нам з ласкі свае, як гэта ў шаноўнай палестры называюць патрона, які справы прайграе, так, як напрыклад, дабрадзей справу пана старасты? Ёсць і для такіх асобная і адмысловая дэнамінацыя, з якою няраз, пэўна, ягамосцю давялося спатыкацца.
– Здараецца выйграваць і прайграваць справы, – сказаў, адразу збіты з гумору пан будаўнічы, на якога цяпер усе ўтаропілі вочы, прадбачачы, што я адплачу яму. – Але гэта зусім нікога не кранае і ніякага наймення не надае.
– Ой, надае, дабрадзею, надае! Толькі ягамосць не хочаш яго вымавіць, бо залішне крыўднае.
– То ты ўжо сам, ксёндз-квестар, скажы нам тое заклятае слова, якое пан будаўнічы вымавіць не хоча, – прамовіў, смеючыся, пан стараста.
– Э, можа ён і сам назаве, – кажу. – Мой прыдомак памятае, як жа гэта свой забыўся? Падумай толькі, дабрадзей!
– Я ж сказаў, што не ведаю.
– Ну, што ж рабіць? Мушу нагадаць ягамосцю. Такога юрыста, што справу прайграе, называюць каўзыперда, мосці дабрадзею! Гэта ад лацінскага, як пэўна дабрадзей разумее, perdere causam[66]. І з гэтым званнем – каўзыперды – віншую ягамосця, – дадаў я, падняўшыся і нізка яму кланяючыся.
Усеагульны смех збянтэжыў дарэшты пана будаўнічага.
– Плаці два злотыя, плаці! – крычаў яму стараста.
– Гэта болей варта, – абазваўся пан харунжы, – бо справа ў тым, што гэты прыдомак застаецца пану Кветцы да смерці. А і за зухаватасць, з якою выклікаў ксяндза-квестара, cum duplici[67] павінен заплаціць.
– Не маю дробных, – адазваўся будаўнічы, спрабуючы жартаваць.
– Давай талер, дабрадзею! – кажу я. – Зразумеўшы цяпер subjectum[68] панскае, воля Пана Бога, аддам рэшту тою ж самаю манетаю.
– Брава, брава! – крычалі ўсе. – Квіта! Мусіць пасля абеду заплаціць. А стараста дадаў: – Я ж казаў табе: не зачапляй квестара.
Пасля абеду я хацеў развітацца са старастам, але ён не дазволіў мне і казаць пра ад‘езд. Пан Кветка volens nolens заплаціў мне талер, бо яго харунжы даймаў безупынку, і мы з ксяндзом-капеланам пайшлі да яго на кватэру на звыклы requies.
Requies працягваўся аж да няшпораў, а потым пад манудыкцыяй каханага харунжага, я пайшоў на квесту па маёнтку.
У бабуляў цудоўна ў нас атрымалася; праўда, я шчодра надзяліў іх бернардынскаю табакаю, але як пачаў пан Атаназы правіць кожнай показкі ды нагадваць пра розныя намеры, дык усе – хто са скрыначак, хто з-пад падушак, хто з нейкіх вузельчыкаў – даставалі залатоўкі і карончыкі і клалі мне ў руку. Аніводзін прыдворны не адпусціў мяне без міластыні, дык ў мяне напоўніўся ладны мяшэчак, які харунжы запячатаў бітым талерам.
Назаўтра раніцою стараста паклікаў мяне і сказаў, даючы ў рукі паперу:
– Калі ты спяшаешся, каханы ксёндз-квестар, то я цябе і не затрымліваю. Тваю чародку я загадаў падвоіць, дык ідзі ў эканомію. Vale, Frater! І пакуль будзеш квестарам, ніколі не мінай нас.
– Я пакрыўдзіў бы наш кляштар, Яснавяльможны пане, калі б мінуў такога дабрачыннага і цудоўнага дыгнітара[69]. Dat bene, dat multum, qui dat cum munere vultum[70] (як добра прыдалася мне сэнтэнцыя), бо Яснавяльможны пан і шчодрую даеш міластыню, і ласкава прымаеш квестара. Няхай усемагутны Бог узнагародзіць цноту і шчодрасць панскую і богаславіць пана ў дзецях, унуках, праўнуках.
Затым я пайшоў развітацца з ксяндзом-капеланам; там, п‘ючы каву, разгарнуў дадзеную панам старастам паперу; у ёй прачытаў загад эканоміі, каб адаслалі ў Нясвіжскі кляштар: “жыта – пяць бочак; соладу ячменнага на піва – тры бочкі; кормных валоў – два; усё ў якасці міластыні ксяндзу Лаўрыновічу, квестару нясвіжскага кляштару”.
Я хацеў бегчы зноў да старасты, каб шчыра падзякаваць яму за такое дабрадзейства, але мяне затрымаў ксёндз Ёахім:
– Не ідзі, charassime! – сказаў ён. – Гэта не дзіва, што такі заможны, як стараста, пан – шчодры і шляхетны; кажу вашэці, што гэта не дзіва: бо ў нас няма скупых паноў дзеля хвалы Божае, гэтым, перадусім, выкупаюць яны свае грахі марнатраўства і празмернасці. Стараста сярод іх асабліва дабрачынны і шляхетны, але не дзеля гонару толькі альбо славы, а з-за сапраўднае хрысціянскае міласці да бліжняга. Гэтыя ягоныя цноты і сімпатыя вядомыя ўсяму ягонаму двару, як ты мог сам у гэтым пераканацца.
Пані таксама пабожная і дабрачынная матрона, праўдзівая маці бедных, як і належыць вялікай пані. Шмат праз мае рукі атрымліваюць касцёлы і шпіталі ейных дароў! А да таго ж шмат у нас ёсць паненак і дзятвы, дзядуляў і бабуляў, і тут, і ў фальварках, якіх яна корміць, выхоўвае, дзяўчат выдае замуж з пасагам, а старых да смерці забяспечвае хлебам і цёплым кутом! Міла, папраўдзе, міла глядзець на такое ўжыванне дастаткаў, на такія нашыя старадаўнія цноты, якія, бадай бы, у нашчадках адрадзіліся. Але, на жаль, і тут у нас французшчына буяе. Я бачыў у Варшаве, як пан слаўнага роду і багаты дастаткамі, вярнуўшыся з ваяжу, прывёз з сабою камердынера-француза, выгнаў усіх сваіх прыдворных і братоў-шляхту, якія ў яго бацькі і дзеда хлеб мелі і служылі ім добра; ды самотны з новым слугою і дарадцам новае моды аддаваліся ціхаму дармаедству ці таемнай распусце.
– Мусіў, дабрадзею, – перапыніў я, – быць казнадзем.
Усміхнуўся ксёндз Ёахім, рады, відаць, майму домыслу.
– Ну, – кажа, – дастаткова. Мусіш, charissime, яшчэ адну квесту адбыць. Ідзі за мною да панятаў. Старасціха казала, каб я прывёў цябе да іх, бо яны прасілі ў маці дазволу таксама надарыць цябе. Нявінныя і анёльскія сэрцы, калі іх той злы дух не сапсуе.
Мы пайшлі ў пакой паніча, дзе знаходзіўся пан філосаф, і нават прыбегла паненка, а за ёю дзяўчына з вузельчыкам.
– Мама, – мовіў той анёлак, – ахвяруе ксяндзу-квестару для нясвіжскага касцёла ўбор на святую імшу, а я ад сябе гэты рэліквярык[71], і проша маліцца за здароўе мамы і таты.
– І я дзеля таго ж самага ахвярую, што маю, – сказаў хлопчык і падаў мне дукат.
Прымаючы ўсё гэта і дзякуючы дзецям, я слёзы з вачэй выціраў, і ксёндз-капелан таксама. А той француз, іранічна ўсміхаючыся, дастаў са століка колькі залатовак і нядбала падаў мне.
Гледзячы на яго фарысейскую міну і юдаву постаць, я ўвесь кіпеў; схаваў свае рукі і, нібы хто мне шапнуў, выпаліў яму з Вергілія:
– Timeo Danaos, et dona ferentes[72].
– Kes? Kes? Kes?[73] – зашвергатаў ён, звяртаючыся да ксяндза-капелана.
– Ён не ведае латыні, – сказаў, смеючыся, той.
– Дык патлумач яму, рэвэрэндысымэ, перш-наперш, маё здзіўленне, што такі мысляр латыні не ведае, а пасля скажы яму, што вымаўленае мною азначае: “Баюся дароў з нячыстай рукі!”
Француз, зноў усміхаючыся, паказаў мне свае рукі – дагледжаныя і белыя, як з воску.
А я на гэта сказаў, просячы ксяндза-капелана, абы вытлумачыў яму, што нячыстая рука – гэта такая, якая ніколі святога крыжа не зробіць, гэта рука недавярка і атэіста, рука да якое пачцівы хрысціянін не павінен датыкацца, каб бязбожжам, як каростаю, не заразіўся.
Патлумачыўшы яму маё выказванне verbum de verdo[74], ксёндз Ёахім сказаў: “Брава!“ – і абняў мяне ў яго на вачах. Француз, праўда, усміхаўся, аднак пачырванеў і выйшаў у другі пакой, а дзеткі са страхам і здзіўленнем глядзелі яму ўслед.
Я развітаўся з імі, абняў і развітаўся з ксяндзом-капеланам і з усімі-усімі, каго сустракаў з жыхароў гэтага пабожнага дома. На дзядзінцы мяне чакаў маршалак і гвалтам зацягнуў да сябе. Там я ўбачыў паноў рэзыдэнтаў і шмат якіх іншых прыдворных; і пачаставаўшыся не толькі смачным сняданкам, але і выдатным трайняком, сардэчна развітаўшыся ды паабяцаўшы, што другі раз, едучы на квесту, абавязкова завітаю сюды, я пайшоў у эканомію, нясучы пад пахаю вандзэлак старасціхі і рэліквярык старасцянкі на грудзях.
– Ну, паехалі, Марціне! – сказаў я, убачыўшы яго на фальварку.
– Што гэта за ордэн ягамосць начапіў на сябе? Здаецца, крыху ўпіўся, ягамосць? Ну, гэта не шкодзіць. Нябожчык ксёндз Яцак то і часта ўпіваўся, але тады яшчэ спрытней бараноў выпрошваў. Ды гэта ж нейкі рэліквярык, а не ордэн, хвала Богу!
Я патлумачыў яму усё, разгарнуў скрутак і ўбачыў пекны ўбор на імшу, аднак Марцін ківаў галавою і не цешыўся, як я.
– І што, ліха на цябе, – кажу, – ці і гэтага табе яшчэ мала?
– Ці ж ягамосцю належыць збіраць арнаты і рэліквяры? Не па гэта нас паслалі. Закрыстыя наша, хвала Богу, не ўбогая, а дыспэнса, калі бараноў не назбіраем, будзе пустая.
– Хіба табе не выдалі яшчэ бараноў?
– Аніводнага нават ягнятка.
– Ну, то хадзем у эканомію.
Толькі там павесялеў стары буркун, калі пачуў змест асыгнацыі і пытанне пана дыспазытара[75], колькі ў нас бараноў?
– Дваццаць чатыры штукі, – адказаў ён.
– І дзесяці яшчэ няма, – сказаў я.
– Я ж казаў, што ягамосць упіўся, бо і лік страціў.
Усміхнуўся пан падстараста.
– Няхай сабе будзе, нібы маеце дзесяць, бо я і сам бачыў, што болей няма; другі дзесятак сёння далучыцца да вашага, а валы і збожжа заўтра выпраўлю ў Нясвіж. Пан Марцін нагадаў мне пра вашыя дарожныя запасы, дык я напоўніў пуздэрка і куфэрак; прымі гэта, ксёндз-квестар, як міластыню ад мяне.
Я напісаў ліст майму ксяндзу-гвардыяну, аддаў убор і рэліквярык, каб завезлі разам са збожжам, і ўрэшце выехаў з гэтага зямнога раю, шкадуючы, што не выгнаў з яго змея-спакусніка.
[1] Барабаш і Эліяш – бараны-правадыры.
[2] Слава Ісусу Хрысту! (лац.)
[3] Нізка (лац.).
[4] На векі вякоў (лац.).
[5] Богу дзякуй (лац.).
[6] Найдаражэйшы (лац.).
[7] Лацінская граматыка, напісаная партугальскім езуітам Эмануэлем Альварасам.
[8] Фактычна і фармальна (лац.).
[9] Узнагароджанне выдаткаў.
[10] Гульня ў карты.
[11] У арыгінале – tuz kozerny – беларусізм.
[12] Чароўны прадмет, талісман.
[13] Аполец, брус.
[14] Параўнанне.
[15] васанна – спадарыня.
[16] ратафія – настойка на розных гатунках садавіны.
[17] субстанцыя – маёнтак, нерухомасць.
[18] клепа – нязграбная, неахайная кабета.
[19] formosa puella – стройная (прыгожая) дзяўчына.
[20] circa connubium – адносна шлюбу.
[21] томка – баркун, доннік.
[22] тэнуторам – арандатарам
[23] мадэрат – разважлівы, спакойны, памяркоўны чалавек.
[24] караняж – чалавек, што паходзіць з Польшчы, Кароны.
[25] вэрсат – выкшталцоны, дасведчаны чалавек.
[26] шкулепа – старая і брыдкая кабета.
[27] пашык – гульня ў карты.
[28] юра – юрыста.
[29] экзэквія – жалобнае набажэнства
[30] indult – царкоўны дазвол на шлюб.
[31] дыспазытар – тое, што і шафар.
[32] квэрэндаваць – аглядаць, даследаваць.
[33] боцькаўскі – зроблены ў Боцьках, мястэчку на Падляшшы, славутым сваімі рымарскімі вырабамі.
[34] шафар – лёкай, які распадраджаецца запасамі спіжарні, трымае ў сябе ўсе ключы.
[35] гадзінкі – набажэнства ў гонар Прачыстае Маці Божае.
[36] Hospes venit, Chrystus venit! – Госць у дом – Бог у дом!
[37] Hospes non invitatus recedit, saepe ingratus – каго не просяць, таго за дзверы выносяць.
[38] фірцык – ветрагон, шалахвост, франт, фарсун, піжон.
[39] cui quod debet –хто што заслужыў.
[40] прэмінэнцыі, сталы – званні, пасады.
[41] feler – недахоп, загану
[42] peritus rei – дасведчаным у справе.
[43] прэцэптарскае фэрулы – са школы з строгай дысцыплінай; фэрула – лінейка дзеля біцця па руках, прэцэптар – настаўнік.
[44] Inutilis quastio solwitur silentio! – На недарэчнае пытанне я не адказваю.
[45] суплікацыя – малітвеннае песнапенне, просьба.
[46] generis masculini – мужчынскага роду.
[47] цэлебрант – святар, які адпраўляе ўрачыстую богаслужбу.
[48] фульмінаваць – кідаць маланкі, пагражаць.
[49] рэспект – пашана.
[50] эксклямацыя – выказванне.
[51] non derogando – не дастаткова.
[52] бэнэдыкцыя – багаславенне.
[53] jure victi – пераможцамі па закону.
[54] remissa – адкладзенае.
[55] beatus qui tenet – шчаслівы, хто валодае.
[56] maledietus qui tenet injuste! – пракляты, хто валодае незаконна!
[57] сцыенцыя – навука.
[58] субселія – судовая канцылярыя, бюро.
[59] адвэрсар – праціўнік.
[60] дывідэнды – падзел, дзяленне.
[61] выэкзэрцытаваць – развіць, удасканаліць.
[62] praeter propter – у большай альбо меншай ступені.
[63] Гэта быў звычай даўняй трыбунальскай палестры, і шмат адтуль засталося показак, што кружляюць сёння сярод нас, і прыўлашчаных часта няслушна. (Прыпіс аўтара).
[64] et id genus – і падобнага роду.
[65] палкуць – пагардлівая мянушка.
[66] perdere causam – прайграць справу.
[67] cum duplici – удвое.
[68] subjectum – асоба, індывідуальнасць.
[69] дыгнітара – саноўніка.
[70] Dat bene, dat multum, qui dat cum munere vultum – Добра дае, многа дае, хто дае шчыра.
[71] рэліквярык – адмысловая рэч дзеля захавання рэліквій.
[72] Timeo Danaos, et dona ferentes – Бойся данайцаў і іхніх дароў.
[73] Kes? Kes? Kes? – Што? Што? Што?
[74] verbum de verbo – слова ў слова.
[75] дыспазытар – той, хто распараджаецца.