Ігнат Храпавіцкі
Месяц, як прывід пачварны, брыдзе цераз хмары,
Вісне туман апаўночы жалобным убраннем.
Носіць заклёны віхор цераз пушчы, імшары,
А на ўзбярэжжы струмень мільгане і растане.
Доўга рака спачывала, спавіта імглою,
Зараз раптоўна на ёй усхадзіліся хвалі.
Сон свой прагнаўшы, Рубон над усёй стараною
Голас падаў, быццам бура пагрозная ў далі.
– Дзеці! Паможа вам хто са змартвеласці выйсці?
Колькі чакаю: мінаюць гады і сталецці.
Нашая ж мэта далёка й цяпер, як калісьці...
Ах, каб вы ведалі, як гэта сумна ўсё, дзеці!..
Па-над Віллёю, над Нёмнам спяваюць паэты,
А па-над Віслай красуюць паселішчы пышна.
Толькі сыны мае ўсе пасхадзілі адгэтуль,
Пуста ў ваколлі маіх берагоў і зацішна.
Толькі мне вецер пяе-напявае няспынна,
Толькі ратай гарацешны жыве на ўзбярэжжы.
П’е мой крышталь урадлівая глеба краіны,
Шата святочная, што распасцерта без межаў.
Далей! – Да ветразяў, плуга, да светлае долі!
Пійце натхненне і моц з маіх нетраў узнятых!
Вам адамкнёна-адчынена ўсё ў наваколлі,
Тысячы мар дам паэтам з прадонняў заклятых.
Войны былі тут, крывёй берагі аплывалі,
Замкі і вёскі знікалі ў пажарах і дыме.
Месяц лагодна цяпер пазірае на хвалі,
А задумёныя зоркі купаюцца ў іх і над імі.
Каб толькі ведаць маглі вы, якія тут шумы
Ў часе тых проклятых войнаў бывалі навокал.
Каб толькі ведаць маглі вы, якія задумы
Промень ад зорак праносіць да нетраў глыбокіх...
Змоўк, уздыхнуўшы, Рубон, і ягоныя воды,
Што на ўзбярэжныя скалы ўзбягалі імкліва.
Зноў, як раней, ён вярнуўся да соннай лагоды,
А па-над ім развіліся туманы ляніва...
Чаc пераходзіць. Людская прыкметна ўжо праца,
Хор, з галасоў розных зліты, спявае ўсё ж песні.
Доўга хмызняк на палетках яшчэ узрастацьме,
Вецер сіберны зглушаць будзе спевы Прадвесні.
(Пераклад Ул. Дубоўкі)