Ігнат Храпавіцкі
ПОГЛЯД НА ПАЭЗІЮ БЕЛАРУСКАГА ЛЮДУ
Народная паэзія – гэтая галіна сённяшняга пісьменства, з якое ўпала шмат ураджайных зерняў на нашу разумовую ніву, – доўга была ў нас пагарджанаю адукаваным класам. Навука, нявычышчаная з блытаніны (alliage) вузкіх, крывых паняццяў, пры дабрачынным уплыве, які заўсёды робіць яе так пажаданаю грамадству, шмат таксама распаўсюджваючы фальшывых прынцыпаў, скажала пачуццё густу. Адсюль несправядлівы астракізм, што надзвычай доўга гоніць чуллівую выхаванку вясковага двара. Але гэтая прадузятасць, гэтыя эстэтычныя забабоны, якім пакланяліся нават найшляхетнейшыя розумы, не здолелі знішчыць поўнага жыццёвых сілаў зародка. Тады, калі штучная паэзія, усё больш і больш скіроўваючыся да мёртвага наследавання, станавілася амаль чужою нацыі, народная паэзія нязначна распаўсюджвала сваё ціхае панаванне; і хоць у адкрытай літаратурнай барацьбе яна не адважвалася яшчэ супраціўляцца сваёй суперніцы, ці ж менш істотнымі былі яе поспехі? Не толькі ў палях ды гаях, сярод вясковае грамады раздаваліся ейныя песні: у цяні ліпаў, што аздабляюць шляхецкія двары, і ў пышных парках пад вокнамі магната пачала яна віць сабе гнёзды. Сам звычай трымання ў маёнтках казакоў, якія апрача вайсковых паслугаў няраз абавязваліся спяваць пад гукі тэарбану альбо бандуры ўкраінскія песні, здаецца, сведчыць пра гэтую новую ў вышэйшых класаў сімпатыю да народнае паэзіі[1]. Паляк любога саслоўя прызвычаены да прыгожага жыцця, у якім, з вясковага зацішша і ад земляробчае працы частым гвалтам перанесены на поле бітваў, альбо сярод хваляванняў і шуму нацыянальных сходаў, так вольна развіў сілы свае душы, прызвычаены, кажу, да такое паэтычнае рэчаіснасці, не мог задаволіцца бледнымі ды надзвычай будзённымі вымысламі псеўдакласічных пісьменнікаў. Украінская думка, ад якое павявала нейкаю неакрэсленаю журбою, казка, што зіхацела ўсімі вартасцямі сапраўды ўсходняе фантазіі, лепей прыпадалі да густу.
Вызваленне нашае літаратуры ад ланцугоў класіцызму адкрыла новае поле для народнае паэзіі. Бо нічога не было ў ёй больш агіднага, як аналітычны дух, што характарызуе класічную літаратуру, а таксама неадасобленая ад такое схільнасці залішняя сцісласць формы.
Мы ўмеем шанаваць паслугі, зробленыя краю вялікімі пісьменнікамі, што сярод забабонаў нашае мінуўшчыны і бязладдзя тагачаснае паэтыкі запальвалі паходню розуму ды элегантнасці; іх слушна можна назваць распаўсюджвальнікамі еўрапейскае асветы на Славяншчыне. Аднак жа няхай дазволена будзе нам сказаць, што ранняя аналітычная дзейнасць (надзвычай часта шкодная там, дзе дадатныя рэсурсы, творчая здольнасць не мелі часу належна развіцца) магла б мець у нас найгоршыя вынікі, калі б мы не знайшлі дапамогі ўласна там, адкуль прыйшла небяспека. Я хачу мовіць пра збаўляльны ўплыў у пачатку цяперашняга стагоддзя на нашыя розумы смелых ідэй з захаду. Абуджаныя новым лозунгам, нашы паэты пакінулі клікаць класічных музаў, а, наследуючы гэтых пекных геніяў, нашчадкаў старога Дантэ і Шэкспіра, пазнаёмілі нас з рамантычнаю літаратураю. Новая школа, як колісь ейная старэйшая сястра, выхавала знакамітых мужоў; бо калі класічны польскі Парнас можа слушна ганарыцца Каханоўскім, дык рамантызм, назваўшы ў нас каралём Міцкевіча, не менш выдатнае імя пакідае нашчадкам. Нягледзячы на відавочную ў гэтым выбары больш вольную форму развіцця, айчыннае пісьменства яшчэ не замацавалася на ўласнай пасадзе. У творах лепшых пісьменнікаў абедзвюх школаў хоць і нямала прабівалася нацыянальных элементаў, але іх агульную колькасць перавысіла чужаземшчына; поўнае ж наследаванне замежнага ўзору было выразнаю асаблівасцю пасрэдных пладоў. Калі кінем вокам на шляхі, якімі ішоў класіцызм, мы ўбачым, што закрыты ў цеснай, так назаву, інталеранцыі, ён з часам станавіўся ўсё больш і больш падлеглым унутраным заганам, а пераварыўшы, урэшце, сам сябе, пакідае толькі пустыя абшары. Наадварот, рамантызм, жывы цалкам іншым духам, спрыяючы ў адпаведнасці са сваёю натураю развіццю ўсіх зародкаў, кінутых на разумовую ніву, атульвае сваім цёплым крылом народную паэзію, перш-наперш ёю сілкуецца, а, нарэшце, калі тая, спраўджваючы ўскладзеныя на яе надзеі, звястуе іншую для нас літаратурную эру, далучае да гэтага новага быту і сваё ўласнае існаванне.
Ужо нам засвяціла заранка гэтае новае эры, эры нацыянальнае літаратуры, а ейная галоўная думка, – выграбаючы з-пад пылу забыцця астанкі арганічнае ў Славяншчыне эпохі, – уваскрэсіць стары дух нацыі.
З больш грунтоўным, чым раней, разуменнем справы пачалі даследаваць звычаі, песні, паданні простага люду, не шукаючы ў іх асаблівае прыгажосці выпадковага ўрыўка, а намагаючыся сабраць іх у цэлае, з якога б вымалёўваліся характэрныя рысы племені. Колькі маладых пісьменнікаў, выхаваных у рамантычным духу, вызначылася ў гэтай новай працы. Асабліва на аднаго з іх мы вельмі спадзяёмся. Ягоныя паэтычныя творы, не дастаткова яшчэ сёння прызнаныя, дазваляюць нам зрабіць выснову, што яго імя знойдзе месца побач з імёнамі Каханоўскага і Міцкевіча. Але калі з аднаго боку для нашага пісьменства адкрываюцца надзвычай добрыя перспектывы, дык з другога – замілаванне замежнымі літаратурамі на шкоду ўласнае, уплыў, якога не перасталі зазнаваць (тым больш небяспечны, што ёсць акалічнасці па-за колам літаратурных з’яў, што могуць перашкодзіць развіццю кветкі нашых надзей), прытым сапсаваны густ нашае публікі, даўнейшыя няцалкам вынішчаныя забабоны, ці ж не павінна ўсё гэта абуджаць нашу пільнасць? Не пацяшайма сябе надзеяю. Адраджэнне нашае літаратуры яшчэ цалкам не адбылося. Яшчэ каля нас усё вагаецца. Нават тыя пекныя кампазіцыі нашых паэтаў, створаныя ў нацыянальным духу, у большасці не могуць лічыцца іншым, як спробамі таго, на што нам варта спадзявацца. Галоўныя заганы, якія можна ў іх заўважыць, – пэўны недахоп вымыслу ў аснове, адсюль брак займальнасці ды разнастайнасці ў выбары трактаваных прадметаў, амаль заўсёды толькі сцэны з народнага жыцця; усё гэта – выдаткі пераходнага стану, у якім мы яшчэ знаходзімся. Нашы пісьменнікі неахвочы адступаць ад сваіх народных праваднікоў, баючыся збочыць з дарогі праўды і звыклых помыслаў. Бо небяспечна было б даць волю фантазіі на недастаткова яшчэ пазнаным грунце. Таму давайце не рабіць з гэтага зброі супраць іх, а заахвочвайма да набыцця тых ведаў, якія могуць надаць смеласці іх няпэўным крокам. Многія вартасці іхніх твораў таксама павінны схіляць нас да большае памяркоўнасці. Сённяшні стан нашага пісьменства падобны да першых дзён вясны: хоць кветкі і не ўпрыгожылі яшчэ зямлю, але ўжо чуваць у паветры іхні бальзамавы водар, а ў бульканні вады, вызваленае з-пад зімовага ярма, у павевах ветру згадваем адчуванні, якія хутка выразней аб’явяць пра сябе.
Калі гэтым, што зараз сказана, дастаткова аргументаваў пазіцыю, з якое ўзіраюся на наш разумовы далягляд, лёгка, пэўна, кожны зразумее, наколькі важныя ў маіх вачах усялякія працы, распачатыя з мэтаю пазнаёміць нас з уяўленнямі нашага люду, адшукаць толькі там захаваныя дарагія абломкі духоўнага жыцця нашых бацькоў, абломкі, якія, як пра гэта згадваў, маюць служыць нам, каб узвесці пачатую некалі ўласную будову. Кожны крок, зроблены ў гэтым кірунку, прыносіць нам бескарыслівыя выгоды, набліжаючы нас да натуральных, дадзеных нам пры нараджэнні паняццяў ды схільнасцяў. Дык няхай паэт, крытык, цярплівы збіральнік, што шукае перлы сярод смецця, лучаць свае намаганні, дапамагаюць адзін аднаму, каб адолець напатканыя перашкоды, каб трапіць у той таемны свет, у тую Пампею, засыпаную попелам часу ды забыцця, дзе мастак, вучоны і даследчык убачаць прадметы, годныя натхнёнае сузіральнасці, даследаванняў і працавітага прысвячэння. Няхай кожнае новае ў гэтым пачынанні адкрыццё, аповесць, звычай, песня альбо паданнне, хоць на першы погляд можа здацца кепскім, не будзе прынята з пагардаю. Можа, з глыбейшым пранікненнем у сховы мінуўшчыны і ў цяперашні дух народу, тое, што не здолела адразу прыцягнуць нашу ўвагу ці падалося пазбаўленым усялякае вартасці, калісьці ў цалкам іншым з’явіцца святле. Толькі трэба, каб паэт яднаў дух, каб крытык распальваў сваю паходню, дык пры больш блізкім знаёмстве з нашым людам (калі пры гэтым здолеем адарвацца ад сферы ўяўленняў, пасеяных чужою культураю), бясспрэчна, адкрыем у амаль кожным з тых цёмных ды грубых на выгляд твораў ці то вартасці сапраўднага пачуцця, ці глыбокае сімвалічнае значэнне, ці гістарычную каштоўнасць.
Змяшчаючы ў гэтым артыкуле асобныя ўзоры паэзіі беларускага люду, узоры, якія знаходзяць, здаецца нам, прыдатнае месца ў “Rubonie”, мы просім чытача, каб, разважаючы над імі, не забываўся на вышэйзгаданую заўвагу.
Калі ў кампазіцыях пісьменнага класа надзвычай часта заўважаем поўную адсутнасць натхнення, дык народная песня заўсёды мае ў сабе зародак сапраўднае паэзіі. Не адно прызванне кладзе нам пяро ў руку, часам з-за шматлікіх ды розных прычынаў мы выбіраем мазольную прафесію літаратара, а селянін – толькі ў хвіліну натхнення, калі журботнае, чуллівае ці вясёлае пачуццё перапоўніць ягоную душу, калі фантазія запаліць галаву, ён здабывае тоны, праўда, часта цвёрдыя і няўмела злучаныя, але ў мешаніне якіх заўсёды гучыць мелодыя сэрца[2].
Пачуццё – гэта подых, што абуджае голас Эолавае арфы. Чысціня і моц гуку залежаць ад добрае будовы інструменту, але нават глухі енк паказвае, што праляцеў павеў. Вясковаму спеваку не заўсёды ўдаецца добра выразіць пачуцці, што яго хвалююць (бо зрэдчас толькі нараджаецца сапраўдны паэт), але пад тымі нягладкімі ды грубымі словамі заўсёды ёсць (і ў гэтым адрозненне між пладамі пяра і народным творам) схаванае пачуццё, натхненне. Дык давайце нададзім належную ўвагу ды здолеем знайсці іх, давайце зразумеем; бо яно выдае сябе, як заклапочанасць і чуллівасць чалавечага сэрца ў невыразным піску немаўляці. Не шукайма ў песні аратага альбо пастуха, што не можа ўсвядоміць сваіх пачуццяў, павярхоўнае дакладнасці нашых пісьмовых твораў. Гэтая думка, пачуццё ледзь накрэслены ў кароткіх, скажу, амаль таямнічых словах. Напрыклад:
Усю ночку я не спала1,
Малэ дзіця калыхала;
Я ж нямножка прыснула,
Нічагусенька ня чула.
Як ўзняліся буйны ветры!
С харом[3] дахі пазьдзірала,
У чыстэ поле пазнасіла;
Там краватэнькі памасьціла,
Міне там спаць паклала.
Так беларуская песня апісвае клопаты мацярынства, павялічаныя, пэўна, галечаю, хвіліну адпачынку, палёгкі, калі лёс не прыгнятае гэтую кабету, і, нарэшце, як у одзе Сарбеўскага “Sonora buxi filia putilis”, – неспадзяваная перамена: у часе спакуслівага сну сабраліся хмары, бура, бяда, што пазбаўляюць бедную матку ўсялякага прытулку ды зводзяць яе ў магілу.
Якую ж вялікую вартасць надае ёй гэтая, уласцівая паэзіі ўсіх народаў эмацыянальнасць, чынячы з яе прадмет цікавых псіхалагічных даследаванняў.
Збіраючы год таму ў ваколіцах майго побыту вясковыя песні люду нашае правінцыі, я знайшоў вялікую колькасць песняў цалкам лірычных, з прыгажосці якіх мне няраз давялося дзівіцца. Бедная сірата, што плача ў дзень свайго шлюбу*, нешчаслівы муж, узяўшы нядобрую жонку, хацеў бы ўтапіцца, і ўяўляе сабе хвіліннны смутак ды згрызоты, што маюць пасля выканання гэтага ўчынку засмуціць жонку, а таксама пакінутыя ў кепскіх руках дзеці, як жа праўдзіва адчуваюць і якіх паэтычных метафараў ужываюць, каб перадаць свае хваляванні! Дзяўчыне, якая сцеле дробненькі лён, прыходзіць сумная думка пра магілу; калі пад час гэтае працы схіляецца да зямлі, адчувае, што хацела б спачыць у яе лоне; дык спявае адпаведную такому настрою песню:
Земя моя сырусенька!
Прыймі мене, маладзеньку,
Як вішэньку саладзеньку!
Паслухайма, як маладая замужняя кабета жаліцца, што не мае крылаў, каб адляцець ад злога мужа ды вярнуцца да матулі:
Gdybym ja znała, gdybym wiedziała
Swoje gorzkie życie,
Z mężem złym pożycie,
Nie hodowałabym rusej kosy
Ani do plecek, ani do paska.
Bym hodowała syze skrzydełko
I złoty poddziubek;
Bym poleciała do wielkiego grodu,
Siadłabym, padła na kamień jaki.
Tamby się ludzie zewsząd zbierali,
Mojej postaci, dziwu dziwowali:
“Cóż to za taka ptaszeczka,
Ani szara kukułeczka,
Ani biała łabędzica?”
Przyszłaż i moja rodna matula –
Stojcie, ludzie! na co się, dziwić?
Ani to szara kukułeczka,
Ani to biała łabędzica,
To moja biednienka córeczka.
Gorzkie jej życie,
Z mężem złe pożycie.
Сын, якога бяруць у рэкруты, болей хвалюючыся за лёс пакінутае матулі, як за ўласны, кажа:
Будуць міне, малайца, у салдацікі браць,
Будуць міне, малайцу, белы ручкі вязаць,
Будуць міне, малайцу, скоры ножці каваць.
Ты па том, мая матка, ня плач, ня тужы,
Ня пячалься па мне.
Будуць міне, малайца, у станок станавіць,
Да будуць міне усю муніц’ю накладаць.
Ты па том, мая матка, і г.д.
Будуць міне, малайца, у строй станавіць,
Дай будуць перада мной востру шаблю вынімаць,
Да будуць мне, малайцу, гарачу кроў разліваць.
Ты па том, мая матка, і г.д.
А як выйдзеш, мая матка, у чыстое поле,
У усех пожэнкі пакошэны,
А твае, мамка, прыдрожэны.
Вот цяпер, мая мамка, паплач, патужы,
Папечалься па мне.
Усе пашэнкі запаханы,
А твае, мамка, затраўлены.
Вот цяпер, мая мамка, і г.д.
У вясельных песнях бачым шмат жаласлівасці ды дзявочую сарамлівасць, поўную прывабнасці.
Ой, рана-раненька,
Дзевочкі-падружочкі,
Выйдзіце, паслухайце,
Ці шуміць дубровенька,
Ці цьвяціць багровый цьвет,
Ці едзіць завяжыць-сьвет[4] ?
Ой, рана-раненька!
Ты, Улянка, сястрыца наша,
Ці казаць, ці не казаць,
Ці жалю не задаваць?
Ой, рана-раненька!
Шуміць дубровенька,
Цьвяціць багровый цьвет,
Ужо едзіць завяжыць-сьвет.
Ой, рана-раненька!
Часам гэтае пачуццё змагаецца з ранейшым хваляваннем душы: хлопец дзеля свае нарачонае хоча збудаваць масток на рэчцы, яна па ягоных мастках ніколі не хадзіла; ён коней пашле па яе, яна на ягоных конях ніколі не ездзіла.
Я ж табе, Улянка, сватоў прышлю.
– Я с тваімі сватамі не знаюся.
Я к табе, Улянка, саколом прылечу.
– А я к табе серой зязюлькой.
Сімпатыя, якую амаль кожны чалавек адчувае да прыроды, і асабліва тое, хто жывучы амаль пад адкрытым небам і непасрэдна атрымліваючы сваю ежу з ейных рук, пачуваецца зусім залежным ад яе, – найчасцей узмацняе пачуццё ў грудзях народнага паэта-вешчуна. Возьмем, напрыклад, наступную песню:
Не сячы, мой татухна,
Ля дарожкі бярозкі;
Не касі, мой брацітка,
У лужочку травіцы;
Не бяры, мая мамухна,
У крыніцы вадзіцы;
Не шчыпі, мая сястрыца,
У садочку цьветочкі.
У садочку цьветочкі –
Мае ясные вочкі;
У лужочку травіца –
Мая руса касіца;
У крыніцы вадзіца –
Мае дробные слёзкі;
Ля дарожкі бярозка –
Я сама маладзенька!
Такая прыхільнасць вясковае дзяўчыны да прыроды, што пачуццём з ёю лучыцца! Сарваная кветка, кожны ўдар па бярозе – яе самую кранае.
Я мог бы прывесці тут мноства песняў, у якіх гэтае замілаванне прыродаю выяўляецца выразна.
Сказалі малайцу у дарожку.
Прышыбла малайца цёмная ночка.
Стаяла бярозка ля дарогі.
Прыехаў маладзец да бярозкі.
– Ох, бяроза, бяроза, пусьці на ноч.
– Ох, начуй жэ, белы маладзец, начуй.
З вечэра бяроза не шумела,
А с полночы бяроза зашумела,
Залатые лісьціка зазвінела.
Обачхнуўся молодзец у полдарожкі,
Скланіўся бярозе нізко у ножкі.
– О, дзенкую, бяроза, за начлег твой.
Паляжаў я ў бярозкі на карэнях,
Як у радной матулькі на каленях;
Палежаў жэ я у бярозкі на лісточку,
Як у радной матулькі на жываточку;
Пастаяў жэ мой конік под веццю,
Як у роднага таткі под павеццю.
Сірата бярэ сонца за сведку свайго цярпення, скардзіцца яму:
У чысьценькем полю серотынька жала, жала,
З соўнінком размаўляла:
– Ох! Ты соўнінко мае ясное!
Не было ж соўнце у найме?
Не пагадаіш сіраце!
У міне мамка чужая,
Ранінька пабужаіць,
На ніўку пасылаіць.
– Ты дзяўчына-сіраціна,
Ці ж мая у том віна?
Вінна твая гаспадыня,
Што рана пабужаіць,
На ніўку пасылаіць.
– Я ранінька узыйду;
Цебе на ніўцэ найду;
Я позьнінька зайду,
Цебе на ніўцэ кіну.
Дзяўчына, выхвальваючы прыгажосць свайго нарачонага, кажа, што матуля яго
Pewno w sadzie urodziła,
Znać w kalinie go kąpała
I maliną nacierała.
Амаль кожная песня пачынаецца якім-небудзь малюнкам прыроды, што служыць выразным параўнаннем альбо мае напаўсхаванае дачыненне да пачуццяў спевака:
Лятаў салавей па саду.
– Тошнінька мне аднаму!
Каб жэ ка мне зязюля!
На адным сучку седзелі б,
Адну думахну думалі б,
Адну б песенку пеялі,
Адну б ягадку клювалі.
Хадзіў Міколка па цераму.
– Тошнінька мне аднаму!
Каб жэ цепер мне Аксютка!
За адным сталом седзелі б,
Адну думахну думалі б,
Адну б песенку пеялі,
Адну б чарэчку клювалі.
Ох, ты зорынька ясна!
Чаго рано поміркаеш?
Ох, мой міленькі дружочэк!
На што ж міне покідаеш?
і г.д.
У Полоцку огонь гарыць,
А у Віцебску дымна.
Любіў казак дзяўчынэньку –
Усім людзям дзіўна.
і г.д.
Што найлепшэму дзераўцу
Бог долі не даў;
Што найлепшэй дзевухне
Бог долі не даў.
і г.д.
Гдзе ж ты, хмель, зімаваў,
Што не развіваўся?
Гдзе ж ты, дзецюк, начаваў,
Што не разбіраўся?
Часам прадмет параўнання знікае зусім, а алегорыя прысутнічае ўвесь час і раскрываецца толькі напрыканцы, як тут:
Запеў салав’юшка пры бару, пры даліне,
Пры вялікой крушыне.
Дам жэ табе, салавейку, клятэчку новую,
Дам жэ табе, салавейку, жэну малодую.
– Не нада ш мне, салавейку, клятэчкі новой,
Не нада ш мне, салавейку, жэны маладой.
Лепей мне, салавейку, па волі лятаць,
Палячу я, салавейка, у зілёные лугі,
Да сяду, салавейка, у каліновым кусьце,
Да сав’ю, салавейка, цёплае гнязьдзечка,
Да знясу, салавейка, сабе тры яечка,
Высяжу, салавейка, маленькіх дзетак,
Палечу, салавейка, шчырымі барамі,
Шчырымі барамі, цёмнымі лясамі! –
Заплакала дзевіца гарачымі слезамі.
Але гэтыя сталыя параўнанні з прадметамі натуры, частае ўвасабленне іх[5], паўтараныя звароты да шчырых бароў, буйных вятроў, чыстых палёў, шызых галубоў ды інш., – не адзіная адзнака замілавання нашага люду прыродаю ды ўплыву, які яна робіць. Кожная пара мае свае адмысловыя песні. Вясною, калі прыемныя ўражанні, абуджаныя новым жыццём, што віруе вакол, змагаюцца ў душы беднага селяніна з пакутамі ад нэндзы ды голаду, якія ён надзвычай часта зазнае ў гэтую пару, песня гаворыць пра каханне і салодкія пачуцці, але, натуральна, яны мусяць гучаць на сумнай ноце. Рэдка знаходзім у песнях апісанні зімы, бо звычайна люд складае і спявае іх вясною, летам альбо восенню, на вольным паветры, сярод палёў ды гаёў. Таму нязменна ў гэтых свежых ідыліях спатыкаемся з зялёным садам, дуброваю, салаўём, зязюляю. Зімою ж казка займае месца песні[6]. На яе стварэнне не менш выдатна ўплывае пара. Не столькі будзе ў ёй пяшчоты, як у песні. Каралеўна і Русалка – дзве постаці, абавязковыя ў гэтым жанры апавядання – прыгожыя, але адначасова і жорсткія, як і зіма ў нашым краі. Фантазія, што любуецца сабою ў супярэчнасці цёмных і яркіх фарбаў, а таксама цудоўнасць – галоўныя асаблівасці і вартасці казкі. Аднак жа знаходзім у ёй часам і больш глыбокае пачуццё ці, часцей, маральны сэнс альбо сімвалічную мару; але гэтая вартасць будзе схаваная, як жыццядайнае цяпло вясны ў глыбіні прысыпанае снегам зямлі. Хто ведае паўночны край, хто захапляўся сапраўды феерычным малюнкам нашых палёў ды лясоў, пакрытых брыліянтамі інею, хто бачыў, як марозным, але пагодлівым зімовым днём дым, што падымаецца над убогаю страхою сялянскаю, пазалочаны сонцам, ляціць, падобны на воблака, якое служыць каляскаю чарнакніжніку ці мае выгляд якога заклятага замка, формаю ды гульнёю колераў прыцягваючы наша вока, той, скажу, толькі зразумее, адкуль мог узнікнуць у галаве беднага беларускага мужыка гэты чарадзейны свет, адлюстраваны ім у казцы, свет дзіваў, дзе, як ва ўсходніх апавяданнях, шмат усюды золата, перлаў, незлічоных багаццяў. Плынь мовы ў казцы аднастайная, той жа самы паўсюль дух цудоўнасці, што ажыўляе іх. Гэтыя апавяданні, будучы ў казцы ў адвольнай форме, прасторнымі рамкамі, куды наш люд укладае сваю фантазію, не пазбаўлены разнастайнасці. Па сутнасці, побач з вобразамі, ад якіх павявае сапраўды гамерычнаю прастатою (як у адным апавяданні, дзе Бог нібы грэцкі Сатурн, вандруе па зямлі; альбо ў іншым, дзе князёўна – нейкая новая Наусікая – мые бялізну ў моры), мы знаходзім у іх рамантычныя колеры сярэднявечча, аграмадных герояў, якіх любіць тварыць фантазія жыхароў тых краін, дзе клімат то надзвычай халодны, то гарачы, дзе крайнасці прыроды не даюць узору раўнавагі ды суладдзя, якім адзначаюцца творы мастацтва ва ўмеранай зоне[7].
Славянскія казкі хоць і сталі прадметам шматлікіх росшукаў, вывучаны яшчэ менш, чым песні. Працягласць гэтых дзіўных апавяданняў ды заблытанасць зместу адштурхнула не аднаго даследчыка; а частыя згадкі на мясцовыя здарэнні, звычаі народу, забабоны ды сімвалы робяць іх незразумелымі для нас. Бывае часам, што наша недасведчанасць у якой дробнай акалічнасці памяншае іхнюю вялікую прывабнасць.
У адной казцы, якую мне нядаўна ахвяраваў знаёмы, чытаю:
“...а сам узяў сакола і харта і пашоў на белую рэку на калінавы мост. На масьце кінуў сакола і харта, а сам пад мост падлез. Прышла полноч. Харт забрэхаў, сакол засьвістаў, зашумела, загучала – ляціць нячыстая сіла с трэмя галовамі; узляцеў на мост і крыкнуў: “– Што ты, песься мяса, брэшыш да сьвішчыш? Мне на усём сьвеце раўного нет, толька Яська, Ігнашка да Атрошка, а гэтых тут ворон і косьці не занесець”. А Атрошка крыкнуў с-под моста: “– Ворон косьці не занесець, да добрые молодцы і самі заходзяць. Дмій поле!” Нячыстая сіла як дуйнуў...” і г.д.
Мы ведаем, што каліна – гэта дрэва, пасвечанае смерці, ужывалася, здаецца, колісь нашым людам дзеля вырабу трунаў. Пад калінавым мостам – значыць, на тым свеце, у свеце духаў, куды пасля смерці чалавека нават крук не занясе косці, але куды добрые молодцы, як каханак Эўрыдыкі, Тэзей, Дантэ ды іншыя самі заходзяць. (Белая рэка – можа, які смуглявы славянскі Стыкс.) Гэтая дэталь пра калінавы мост сапраўды нямала надае займальнасці ды перадае цалкам іншую ідэю таго ўрыўка[8]. Без сумнення, усе народныя апавяданні нязмерна б выйгралі ў нашых вачах пры добрым тлумачэнні цяжкіх для разумення месцаў. Але якой жа трэба кемлівасці ды ведання справы, якога паэтычнага інстынкту, каб шчасліва здзейсніць падобныя намеры? Ужо адно сімвалічнае значэнне, так часта схаванае ў іх і сёння ўжо невядомае самому народу, складае цяжкасць, якую амаль нельга пераадолець.
Было б тут да месца больш грунтоўна пагаварыць пра сімвалізм нашага народа і славян увогуле, пра тую нітку Арыядны, што вядзе чалавечы розум у лабірынце свету; але адчуваю недахоп маіх сілаў, каб мець адвагу забрацца ў гэтыя глыбіні, што мяжуюць з таямніцамі рэлігіі ды філасофіі. Скажу толькі, што было б пажадана, каб тыя, хто працуе з фальклорам славянскіх народаў, не грэбавалі вышукваць у ім сімвалічнае значэнне. Памятайма, што мы – жыхары краю, дзе колісь персідскі манарх атрымаў тое сімвалічнае папярэджанне, якое да гэтага часу захоўваецца ў памяці адукаваных народаў.
Цяпер прыйшла нам чарга нагадаць пра гістарычную вартасць паэзіі беларускага народа. Калі мы будзем шукаць у ёй адлюстравання палітычных здарэнняў, якія адбываліся колісь у краі, успамінаў пра людзей, што маглі на іх уплываць і вартасцямі ці заганамі прыцягваць да сябе ўвагу народа, баюся, каб наша праца не была зусім марнаю. Люд у беларускіх правінцыях з таго часу, як гісторыя наша пачынае высветлівацца, аніякага не браў удзелу ў кіраўніцтве краем, ні ў беспарадках, якія бесперапынна мянялі палітычную арганізацыю. Ён падпадаў пад уплыў Літвы, Польшчы і Расіі, абыякава пазіраючы на войны, якія вялі між сабою гэтыя дзяржавы. Дык нас не павінна здзіўляць, што ён не захаваў у памяці тыя здарэнні ды не апяваў учынкаў ваяра, якога не ведаў, як назваць, ворагам ці братам. Апрача некалькіх песняў з больш блізкага часу (пра вайну з французамі, напрыклад), не надарылася мне чуць уласнабеларускіх гістарычных спеваў[9]. Аднак не трэба думаць, што беларуская паэзія была пазбаўлена ўсялякае гістарычнае каштоўнасці. Наадварот, яна можа стацца прадметам цікавае працы гісторыка, які, не задавальняючыся храналогіяй, сухою наменклатураю слаўных імёнаў, апісаннямі войнаў ды інш., захоча пазнаёміць нас з унутраным жыццём народу. Бо ў ёй выразна перададзены звычаі, хатні быт, характар нашага люду.
Амаль кожная песня мае падобную вартасць. Знаходзім у іх апісанне розных заняткаў і вясковых забаваў, малюнкі, што паказваюць нам то дажынкі:
Ішоў раёк дарогай шырокай.
Ніхто ж райка не перэймаіць?
Выйдзі, панок, перэймі раёк
І знімі вянок.
Нашы раі велікіе.
Сюда раёк, на мой дварок.
У нас двары мецёные,
У нас сталы цісовые і г.д.,
то вечаровыя попрадкі, дзе размовамі і песнямі бавяць час:
Сабіраліся дзевочкі ў супрадкі ў папрадункі,
Нашчыпалі дзевочкі хмелю яравога,
Наварылі дзевочкі піва п’янога.
Адзін госць непрашоны прыйшоў і г.д.,
то збіранне на св.Яна купальні (Ranunculus acris):
На сьвятаго Яна
Дзевочкі зелле капалі.
А што ж гэта за зелле?
Чырвоное корэнне?
Гэто зелле купальня,
Дзевоцкое гулянне,
Дзецюцкое ўздыханне і г.д.,
то рэкруцкі набор:
Праявілась новіна:
Клічуць войта со двара
І соцкага со сяла.
Будзім думушку думаць,
Каго ў некруты здаваць?
Абдумалі думату
На бедную сірату і г.д.
Мы таксама бачым у гэтых песнях і звычаях, з якімі яны нас знаёмяць, сляды даўняе рэлігіі тубыльцаў. Ужо даўно заўважана, што нашы сяляне ўспамінаюць пра Ладу. Русалкі ды хохлікі таксама бяруць свой пачатак у дахрысціянскую эпоху. Пахавальныя бяседы, на якія наш вясковец марнатравіць увесь свой набытак, а занядбанне іх было б знявагаю нябожчыка, называюць да гэтага часу хаўтуры, слова, вядомае ў літоўскай міфалогіі. Паэзія беларуская і сама мова, якою ў розныя эпохі па-рознаму прамаўляла, носяць да сённяшняга дня нясцёртыя адзнакі галоўных пераменаў, што адбыліся ў краі. У асобных словах, забабонах, паданнях, абрадах, агульных літве і нашым русінам, прабіваецца эпоха шчыльных стасункаў гэтых двух народаў. Тая эпоха, што сягае да найдаўнейшых часоў маладаследаванае гісторыі гэтых краёў, для нас ахутаная такою смугою, што не ведаем нават, якое было іх становішча ў адносінах адзін да аднаго. Сёй-той, маючы на ўвазе шырокае распаўсюджванне племені крывічоў (нейкія рэшткі даўняе цывілізацыі, што можна заўважыць у славянскіх народаў), урэшце, уплыў, які рабілі пазней русіны ў Літве, дзе нават на княскім двары пачалі размаўляць іхняю моваю, – прызнае іхнюю палітычную гегемонію над гэтым краем. Вывядзенне назвы святароў паганскае літвы ад крывічоў падмацоўвае гэтую думку, абгрунтоўваючы выснову, нібыта перавага апошніх увяла там тэакратычнае кіраўніцтва. Нягледзячы на тое, што такое дапушчэнне на першы погляд праўдападобнае, будзем лічыць яго вельмі сумнеўным, а можа, і цалкам памылковым, калі параўнаем звычаі, паданні, характар люду гэтых дзвюх правінцый. На нашу думку, больш падобна да праўды тое, што крывічане, аддаючыся збройнай перавазе тэакратычнае Літвы ці толькі духоўнаму яе ўплыву, былі так названыя іншымі славянскімі плямёнамі[10]. Гэтая назва, прынятая імі, магла прыйсці ў мову жэмайтаў і латышоў, якія да гэтага часу называюць рускіх крэвамі ці крывічамі. Сярод няпэўнасці гэтых спрэчных домыслаў, у адным толькі не варта сумнявацца: у шчыльных стасунках крывічоў, а пазней палачанаў, віцебчанаў, смаленцаў ды інш. з літвою; а гэта, як мы казалі, адлюстроўваецца ў звычаях і разумовых пладах беларускага народа.
Вяртаючыся да нашага прадмету, ад якога з-за пабочных заўвагаў, маючых, аднак, з ім блізкія дачыненні, аддаліліся на хвіліну, шукайма цяпер слядоў 2-е эпохі. Іхні выразны адбітак знаходзім у мазурках і кракавяках, што кружаць сярод тутэйшае шляхты на загродзе (у большасці – прыезджае з Кароны і Літвы, куды польская мова хутка распаўсюдзілася), а таксама ў іншых польскіх песнях, прысвоеных нашым грамадствам:
У чыстым полю, на Падолю
Кашталянка венкі віла;
Яна віла, совівала,
На ўсе строны паглядала і г.д.
У Варшаве, у Варшаве2
Комедыя іграла;
Там малода бондароўна
Усю ноч гуляла.
Як гуляла, так гуляла
З тымі дворнікамі;
Як дачуўся пан Канюшы,
Што з яго слугамі[11] і г.д.,
у касцельных спевах, у польскіх прыказках і асабліва ў мове, відавочна змяшанаю з пальшчызнаю, якая пад уплывам палякаў ды іхнім атайбаваннем тут стала моваю вышэйшых класаў. Таксама вялікая частка казацкіх песняў, што спяваюцца ў нас, належыць да гэтае ж эпохі.
Трэцяя эпоха – панаванне Расіі, не менш выразна выяўляецца ў мове, песнях і звычаях, дакладна ў іх адлюстраваных. У довад гэтага мы маглі б далучыць песні, што малююць у найдакладнейшых фарбах рэкруцкія наборы, а таксама іншае, відавочна прынесенае з Расіі.
Нашы вяскоўцы нярэдка ўспамінаюць пра асобныя плады цёплых краінаў, а менавіта пра цісы і вінаград; найменне Дунай няраз таксама ўзнаўляецца на іхніх вуснах. Гэтую акалічнасць можна заўважыць асабліва ў песнях, што маюць адзнакі глыбокае старасветчыны. Відаць, мы б не размінуліся з праўдаю, бачачы ў гэтым след накірунку, у якім цягнуліся з поўдня на поўнач славянскія народы; але для люду гэтая асаблівасць даўніх песняў страціла характар гістарычнае памяткі і сталася толькі паэтычнаю фарбаю. Наша ўяўленне звычайна надае шмат чароўнасці прадметам, якія паказваюцца нам у паўцені, у аддаленай імгле. Нашы народныя паэты, называючы кожную рэчку Дунаем, кожную рачулку Дунайкам, выявілі веданне таго сакрэту мастацтва. Абавязковым дадаткам гэтых нататак з’яўляюцца развагі пра характар нашага люду. Тое, што ён меў на сваім вяку, і ягоны характар, – узаемна тлумачаць адзін адно. Галоўная рыса гэтага характару – лёгкае прыманне любых хвілінных уражанняў, адсюль слабасць нашага селяніна, які заўсёды паддаецца ўплывам, нават тады, калі лічыць іх шкоднымі, і спрытнасць, якая робіць яго здольным за хуткі час набыць пэўныя веды. Падобны характар – відавочны факт геаграфічнага становішча зямлі, дзе ён стала знаходзіўся, выстаўлены на шчыт супрацьлеглых сілаў. Гэтая слабасць, спрытнасць і выніклы з яе, так скажу, эклектызм, што відавочна адчуваецца ў пераменах звычаяў і рэлігій, якім за некалькі стагоддзяў люд падпадаў колькі разоў, а таксама ў мове, багатай на разнастайныя формы[12] і свабода якое з’яўляецца, можа, яе галоўнаю асаблівасцю. Сапраўды, не толькі цалкам чужыя словы ды цэлыя выразы знаходзяць у тутэйшым дыялекце правы грамадзянства, але нават і націск (як мы гэта заўважалі менавіта ў паэзіі) нярэдка змяняецца дзеля сугучча канчаткаў, падаючы часам паводле польскага звычаю на перадапошні склад у словах, што інакш вымаўляюцца ў невершаванай мове3.
Усё ж мы б памыляліся, робячы выснову, што тая схільнасць нашага вяскоўца прымаць любыя ўражанні выключала здольнасць глыбока перажываць іх. Нават павярхоўнае знаёмства з паэзіяй нашага люду павінна засцерагчы нас ад падобнае памылкі. Без гэтае сілы сэрца як жа б неадукаваны беларускі вясковец мог аздобіць свае творы кветам найдалікатнейшых пачуццяў[13] і выхаваць у сабе той артыстычны інстынкт, што часам падказвае яму і без навуковага карпення пра найдрабнейшыя асаблівасці мастацтва?[14]
Таксама не менш выдатная рыса характару беларускага народа – нядбанне ні пра што (insouciance), а гэта з’яўляецца вялікаю перашкодаю для добрага быту. Шмат маем песняў пра бесклапотнае шчасце чалавека, які, будучы пазбаўлены ўсялякае ўласнасці, не мае пра што хвалявацца. Няраз здараецца кожнаму з нас, вясковых жыхароў, бачыць, як бедны селянін, у якога конь – самы значны набытак, у хвіліну натхнёнага шалу ляціць галопам праз поле, гонячы каняку, змучаную штодзённаю працаю, аж пакуль не пакінуць яе апошнія сілы. Спрыяе, можа, гэтай загане, што ў матэрыяльных адносінах прыносіць страты краю, але мае, аднак, свой паэтычны бок, – беднасць тутэйшага люду, пазбаўленага ўсялякае ўласнасці альбо залішне абмежаванага ва ўжыванні яе. Але так як усебаковае акрэсленне характарыстыкі беларускага мужыка не ўваходзіць у план дадзеных нататкаў, скажам толькі агулам, што бачым у ім найдакладнейшае выяўленне славянскага характару. Воля Божая, што выставіла Славяншчыну на шматлікія ўплывы зменлівага клімату, геагнастычных асаблівасцяў і дачыненняў з многімі ды так адметнымі між сабою народамі, прытым глыбока прышчэпліваючы ў ейнае лона зародак роднага, што складае непазбыўны фон характару ўсіх славян[15], немалую, пэўна, мусіла прызначыць гэтаму народу ролю ў сваім намеры зліць род людскі ў адну сям’ю, члены якое, паразумеўшыся ўзаемна, былі б злучаны вузлом міласці і згоды[16]. Пераводзячы справу ў бясконца меншы масштаб, няхай будзе дазволена нам выказаць думку, што Беларусь, якая ўяўляе цяпер зменшаны малюнак, на якім можна заўважыць усе адценні характару славян, усе дэталі іхняга быту, і якая зазнала прытым столькі разнастайных уплываў, можа быць калі-небудзь паклікана аказаць падобнае ўздзеянне на братнія плямёны, недастаткова прасякнутыя духам тае ўзаемнае сімпатыі, якая павінна кіраваць любым палітычным саюзам, пазбаўленым без гэтага варунку ўсялякае трываласці і сапраўднага сэнсу ў прагрэсе цывілізацыі.
Я быў бы шчаслівы, калі б гэтыя старонкі маглі заахвоціць недасведчаных да знаёмства з паэзіяй беларускага люду, якая заслугоўвае гэтага як сваёю ўнутранаю вартасцю, так і святлом, якое кідае на свой край. Паўтараючы ў скарачэнні тое, што мы сказалі пра важнасць народнае славянскае паэзіі, пацвердзім, што бачым у ёй першыя спробы развіцця творчых сілаў нацыянальнага духу, які, праходзячы пазней праз аналітычную эпоху, ужо толькі настройваўся на далейшую працу.
Такая паэтычная чароўнасць першых помыслаў ягонага дзяцінства, такая свежасць ды глыбіня тых уражанняў, якія натхнілі народныя песні, даючы таксама штуршок да ўтварэння столькіх цудоўных вымыслаў пра варажбу, духаў, хохлікаў, русалак[17] ды інш., што давялося б нам сапраўды сумаваць па тых прывабных зданях, спалоханых голасам крытычнае разважлівасці, нібы дакучлівым крыкам пеўня, калі б новыя адкрыцці ў разумовай вобласці, новая вера не змаглі замяніць нам гэтую страту.
Для пазітыўнага розуму, што не прызнае карысці чыста мастацкіх мэтаў, знойдзем іншую прычыну, каб заняўся народнаю паэзіяю. Люд наш, асабліва на Белай Русі, менш чым які чужы быў пазнаны тымі, каму Воля Божая даручыла клапаціцца пра ягоны лёс. Прызнаёмся са скрухаю, што не часта наведваем тыя дымныя халупы, дзе нам цяжка нават дыхнуць; маркотна сказаць, нашы няпоўнагадовыя як фізічна, так і маральна браты мусяць жыць у іншай, чым мы, стыхіі. Што ж дзіўнага, калі не разумеючы добра становішча і характару нашага простага люду, мы не ўнікаем у патрэбы і не ўмеем адолець іхняе нэндзы і дэмаралізацыі. Па асобных тутэйшых песнях мяркуем, што колісь былі шчыльнейшымі дачыненні сялянаў з панамі. Сёння правы, уведзеныя з шляхетнаю, пэўна, мэтаю абароны вяскоўцаў ад прыгнёту, але недастатковыя, як і ўсялякія часовыя статуты, усё больш і больш праводзяць мяжу паміж гэтымі двума класамі, замяняючы, калі можна так сказаць, самаўладнага караля (які хоць з-за гонару дбаў пра дабрабыт сваіх падданых) на спекулянта, што падрахоўвае карысці, якія прыносіць яму праца рабоў. Можа, з-за вышэйназванае прычыны матэрыяльны быт нашага мужыка палепшыўся не на столькі, на колькі можна было спадзявацца з-за досыць прыязных асобных акалічнасцяў.
Што да разумовага яго стану, дык ён ніколі, можа, не быў у больш жахлівым становішчы. Ад нястачы і ўсеагульнага псавання нашых сялян, нават здаровыя розумы і сэрцы зусім упалі духам. Нядаўна адзін селянін, суправаджаючы мяне каля пушчы, якую ён ахоўваў, казаў мне, маркотна ківаючы галавою, што дрэвы, як і людзі, не такімі былі ў даўнейшыя часы, што цяпер усё драбнее, псуецца, схіляецца да ўпадку. Далучаю тут гэтыя словы, бо часта чую, як паўтараюць іх нашы вяскоўцы, і, здаецца мне, яны змяшчаюць у сабе цэлую сённяшнюю філасофскую сістэму нашага люду, які не бярэ ўдзелу ў разумовым прагрэсе стагоддзя.
Мы дарэмна чакаем, што рэчы стануць іншымі, калі не будзем намагацца лепей пазнаць маральны і фізічны стан нашых сялян, і, пазбавіўшыся такое шкоднае абыякавасці, аказваць на іх уплыў нашае асветы. Нашы пісьменнікі маглі б эфектыўна спрыяць гэтай выратавальнай справе, абуджаючы цікавасць вышэйшага класа да таго народа, які з-за паэтычнага характару, а таксама душэўных вартасцяў і нешчаслівага становішча пэўна заслугоўвае гэтага. Шаноўны перакладчык выдадзеных колькі гадоў таму ў друкарні паноў Завадскіх “Песняў люду з-над Дзвіны”[18] даў прыклад, які павінен быў бы знайсці наследавальнікаў. Ягоны малы томік робіць самае прыемнае ўражанне на тых, каму не чужая гэта зямля, так добра ў ім адлюстраваная, што аніякая гучная апісальная паэма не можа з гэтага пункту гледжання зраўняцца са сціплым зборнікам песняў, які абуджае ў сэрцы чытача самыя прыхільныя пачуцці да нашых бедных мужыкоў.
Хто не адчувае сілаў, патрэбных дзеля выканання спраў пэўнага роду, мог бы таксама прыкласціся да агульнага дабра, удзяляючы публіцы асобныя назіранніі пра тутэйшы люд, часта страчаныя ў нашым вясковым жыцці нават тады, калі пра іх не думаем.
Мы спадзяёмся, што за гэтыя нататкі нашы памяркоўныя чытачы зробяць ласку дараваць нам, калі з вельмі абмежаваным запасам ведаў пра наш люд, а таксама неабазнаныя ў пісьменніцкім майстэрстве (якое не з’яўляецца ні нашым рамяством, ні прызваннем) адважыліся выставіць на іх вочы гэтыя старонкі. Нават калі б сталася інакш, дык сама мэта, што схіляе нас да такога кроку, павінна, здаецца нам, быць пацехаю ў літаратурных няўдачах, што могуць крануць нашу ўласную міласць.
Пісаў у Каханавічах у 1843 годзе.
ПРЫПІСЫ
1 Мы павінны папярэдзіць чытача пра асаблівасці вымаўлення асобных гукаў беларускае гаворкі. Без такіх папярэдніх ведаў нельга зразумець гармонію верша ў песнях нашага люду.
Літара “у” (прыназоўнік “w”, “въ”) рэдка вымаўляецца як польскае “u”; яна звычайна спалучаецца з першым складам наступнага слова, з якім, шчыльна зліваючыся, утварае гучанне, чужое польскай мове. Што надае гэтай літары рысы зычнага, напр., у сіроткі, у нядзелю, у рэцэ, у ельніку ды інш.
“У” на пачатку слова перад зычным (напр., удалый, убіт, уздыхаць (wzdychac) мае такое ж самае гучанне.
“У” ў сярэдзіне і на канцы слова пасля галоснага гучыць як польскае вымаўленне першага складу слова Аugust. Падобныя дыфтонгі, характэрныя, мажліва, для ўсіх непрыгладжаных уплывам сфармаванае мовы народных гаворкаў, і так адпаведныя ў сваёй нязграбнай прастаце жыццю пастухоў ды аратых, вельмі часта можна пачуць з вуснаў нашых вяскоўцаў. Такое “у” замяняе літары “ł”, “w” у адпаведных польскіх ці расійскіх словах, напр., воўк, волкъ; поўны, реłnу; дзіўны, dziwnу; крыўда, заляцаўся, дуйнуў ды інш. Злучнік “і” часам ператвараецца ў “й”, калі папярэдняе слова заканчваецца на галосную. Згодна з гэтым спосабам вымаўлення адзін з нашых паэтаў, што часта чэрпае сваё натхненне ў помыслах люду, а таксама не пагарджае формамі народнае мовы, напісаў:
“W imie Ojca j Syna Ducha,
Wzleciał na koń Zawerucha”.
Але найбольшая цяжкасць у вымаўленні сустракаецца тады, калі “і” на пачатку слова знаходзіцца перад некалькімі ці адною зычнымі, напр., іграць. Бо гэтая літара ў такім разе, як “у”, пра якое мы напачатку гаварылі, не складае асобнага складу, а шчыльна зліваецца з наступнаю. Таму раім пісаць “йграць”. Для перадачы гэтага вымаўлення, чужога нашай мове, мы не маем патрэбных знакаў. Мажліва, нешта адпаведнае можна было б адшукаць у паўднёва-заходніх славянаў; бо ў іх голас часта перадае слізганне па галосных. З-за немагчымасці выказацца лепш пра гэты гук, мы прапануем чытачу, каб не рабіў з такога “і” асобнага складу, а злучаў яго, наколькі можна, з наступнымі гукамі.
Асобныя словы, што ў польскай мове заканчваюцца на “і”, вымаўляюцца ў мове тутэйшых вяскоўцаў больш мякка, напр., маць гучыць амаль як маці. Аднак жа моцным гук “і” можа быць, калі наступным ідзе слова, не адасобленае паўзаю і пачынаецца яно зычным, напр., знаці-ся, разстаці-ся ды інш.
2 З прычыны таго, што толькі пачатак гэтае песні быў змешчаны ў “Rubonie” (Т. 3. С. 157), да месца будзе тут змясціць яе цалкам. Папярэджваю чытача: што датычыць формы верша, дык мой пераклад далёкі да арыгінала, а вось думка і тропіка перададзены дакладна.
Skargami, gderaniem
Matka mię nagliła,
Młodogo mię chłopca
Z musu ozeniła.
Niech wiosny doźyję,
Źone mą porzucę,
Pójdę, w czyste pole,
W Dunaj się, obrócę.
Nad brzegiem Dunajku
Młoda wdowa stała,
Brała wodę w rzece,
Z rzeką rozmawiała:
– Nie smutnoż, Dunaju,
Tak być w falach cały?
Nie smutnoź, Dunaju,
Bić o kamień biały?
– Nie smutnoż, nie smutno,
Tobie, młoda wdowo,
Porzucać twe dzieci,
Zamąż iść nanowo?
– Ja młoda, jak wprzódy
Tak będę ponować,
Będą tylko dziatki
Maleńkie horować.
3 Часта сустракаецца, што адны і тыя ж словы беларускае гаворкі па-рознаму вымаўляюцца вяскоўцамі аднае ваколіцы, напр., цібе, цебе; лятаіць, лятаець ды інш., нам здаецца, што гэта паходзіць адзіна з прычыны адсутнасці сталых правілаў; такая свабода ёсць хутчэй асаблівасцю мовы. Гэтыя лёгкія мадыфікацыі служаць дзеля больш выразнае перадачы далікатных адценняў пачуцця, не маючы часта іншага тлумача, як пэўнае змяненне голасу ў органе асобы, што мовіць.
4 Дазволім сабе зрабіць тут невялічкую заўвагу пра неадпаведнае слова, што знаходзіцца ў адной з тых песняў. Гэта мы робім адзіна дзеля песні, якая нямала траціць прывабнасці з прычыны таго недахопу. Чытаю ейны пераклад на польскую мову:
Żniwiareczki, lebiodeczki,
Będziem Boga prosić.
Лебёдэчка утворана ад лебедзь і азначае памяншальна-ласкальнае значэнне слова łabędzica. Сялянкі, апранаючыся на жніво звычайна вельмі ахайна (праца адбываецца з пэўнай урачыстасцю і ёй у першы дзень спадарожнічае спрадвеку цырымонія Зажынкі, мажліва, помнік паганскіх абрадаў), могуць быць слушна параўнаны па белай вопратцы з лебедзем. Я сумневаюся, каб у польскай мове слова лебёдэчкі магло быць зразумела ў такім значэнні.
[1] Гэты звычай захоўваўся да апошняга часу на Белай Русі, перадусім, у Магілёўскай губерні.
[2] Кожная народная песня, будучы амаль заўсёды імправізацыяй, змяшчае хоць колькі рысаў, якія малююць прадметы альбо іншыя акалічнасці, што акружаюць паэта. Вяскоўцы неахвочы нават паўтараць песню, мала дастасаваную да дадзенага моманту, у якім знахадзяцца; пэўна, таму, што ў такім разе менш адчуваюць ейную паэтычную прыгажосць, не могуць прыняць да душы ўсіх яе тонаў цалкам. Часта сялянкі, збіраючыся спяваць, казалі мне: як жа спяваць пану пра Ўлляну і Марысю, калі тут няма ні Ўлляны, ні Марысі? У нашай песні пяецца пра бярозу, каліну; тут няма ні бярозы, ні каліны. Выдатны ўступ, на які не адзін, падняты з магілы пісьменнік, ахвотна замяніў бы прадмову свайго выдаўца.
[3] Бо слова харома, хароміна звычайна ўжываецца дзеля азначэння старое, разваленае будовы.
* Глядзі 3-ці том ”Rubona”. S. 156.
[4] Гэтае своеасаблівае словазлучэнне “завяжыць-сьвет” азначае будучага мужа, які завяжа ці закрые свет дзяўчыне. (Прыпіс выдаўца “Rubonu”).
[5] Выразны довад, якое яркае выклікаюць уражанне.
[6] Найбольш, здаецца, казак нашыя сяляне складаюць ад Калядаў да канца Запустаў. Дзіўныя забабоны ёсць прычына гэтаму. Наш просты люд лічыць, што ў гэты час не варта працаваць вечарам. Ледзь пачынае змяркацца, як у цемры злыя духі атайбоўваюцца ў кутах хаты і пільнуюць, каб ніхто не адважыўся прыкласці рукі да якой-небудзь работы. Хто парушыць гэтую забарону, таму не пашанцуе ў ягонай працы, і ўсё, што ў гэты час народзіцца ў хаце: дзіця, ягня, кураня – будзе мець якое-небудзь калецтва, – быццам знак помсты духаў. З гэтае прычыны такія вечары названыя крывымі; яны, аднак, маюць і больш прыстойную назву – святыя вечары. Вось у гэты час вяскоўцы збіраюцца ў кола ды апавядаюць пад уплывам забабонных уражанняў часта дзіўныя, поўныя жывое фантазіі казкі, вартыя фантастычнага натхнення Гофмана.
[7] Нядаўна я чуў апавяданне, у якім нейкі злы дух, гонячыся за чалавекам (што іграе ў гэтай казцы галоўную ролю), набывае воблік аграмаднае свінні ды раскрытаю пашчаю арэ зямлю і рые воблакі, каб ахвяра не змагла ўнікнуць гібелі. Ці ж гэтая пачвара не нагадвае нам вобразы індыйскае ды скандынаўскае міфалогіі?
[8] Чытаць верш Багд. Залес(кага) “Калінавы мост”. (Прыпіс выдаўца “Rubonu”)
[9] Мне казалі, што ў Себежскім павеце кружляе нейкая песня пра татарскі напад, але я да гэтага часу не змог яе адшукаць.
[10] Кожны славянскі народ, што жыў па-суседству з братнімі плямёнамі, адрозніваўся ад іх асобным найменнем. Паўночныя славяне, акружаныя людам іншага племені, захавалі сваю генетычную назву.
[11] Гэты Канюшы, паводле поўнага падабенства, ніхто іншы, як стараста Канёўскі, з-за свае жорсткасці, разбэшчанасці і пакаяння асоба ў нас сапраўды гістарычная.
[12] Што тым болей павінна здзіўляць, бо над гэтаю моваю так мала працавалі.
[13] Возьмем, напрыклад, вядомую ўжо чытацкай публіцы беларускую песню, у якой малады чалавек, паміраючы з жалю ад страты жонкі, атручанае ягонаю матуляю, кажа: “Не ўмела, маці, з намі жыць, умей жа, прынамсі, пахаваць: не хавай нас па-рознаму, але аднолькава і ў адным мейсцы”. Але маці не паслухала, асобна пахавала: сына насупраць царквы, нявестку за царквою; на магіле сына пасадзіла явар, на магіле нявесткі – белую бярозу. Раслі дрэвы і выраслі, па-над царквою пахіліліся, галінамі палучыліся. Якая далікатнасць пачуцця выяўляецца ў гэтым паэтычным малюнку, накрэсленым рукою такога грубага на выгляд нашага вяскоўца.
[14] Сам пропуск асобных галосных дзеля гармоніі верша:
“Арала, арала недо‘рала”
і мастацкае збліжэнне супрацьлеглых прадметаў дзеля больш выразнае перадачы прыкметаў маляваных рэчаў ці асобаў, здаецца нам, пацвярджае тое, што мы казалі:
Да ці вышла грозная туча
С-под цёмнаго лесу?
Да не вышла грозная туча
С-под цёмнаго лесу,
Да выслала буйнаго ветру,
Дробаго дожджу.
Ох! Ці вышла наша господыня
Рана на ніўку?
Хоць не вышла наша гаспадыня
Рана на ніўку,
Да выслала дочак-перапёлак,
Нявестак-лябёдак і г. д.
[15] Кранаючае падабенства розных славянскіх дыялектаў і паэтычных твораў усіх славянскіх народаў, а таксама ўзаемнае іх прысваенне, умацоўвае нас у гэтым перакананні. Бачым, напрыклад, немалое падабенства беларускіх песняў з казацкімі, хоць складаліся пад уплывам цалкам іншых акалічнасцяў: першыя – больш вясковыя, а другія – вайсковыя.
[16] Каб не папракалі мяне, што твару ўтопію, мушу патлумачыць, бо кажу тут не пра палітычнае злучэнне народаў, а пра духоўны саюз паводле хрысціянскае навукі.
[17] Чытач, недастаткова азнаёмлены з тою цудоўнаю міфалогіяю нашага народа і не маючы мажлівасці пазнаць яе з ягоных вуснаў, няхай звернецца да кнігаў пана Вуйціцкага. Важныя творы гэтага клапатлівага даследчыка звычаяў нашага люду маюць шмат цікавых звестак. Мы параўноўваем іх з тымі старасвецкімі будынкамі, што нашыя бацькі называлі ламусамі. Тут знаходзім розныя цікавыя, старыя, забытыя рэчы: шышак без забрала, эфес без ляза, колькі рамаў ад аднаго абраза, крэслы, сталы, талеркі – усё зламанае, пабітае ды запыленае, але мае сваю вартасць.
[18] Асобныя з гэтых песняў амаль даслоўна перакладзены; у іншых ёсць імкненне, не адступаючы ад духу першатвора, яснейшым выкладаннем думкі ўчыніць іх больш зразумелымі для нас. Таксама, як за дакладнае тлумачэнне арыгінальнага тэксту мы павінны быць удзячныя таленавітаму пісьменніку і за тыя паэтычныя і такія кароткія каментарыі4.