Да зместу

Плацыд Янкоўскі

 

ЗАСЦЕНАК

Я перакананы ў слушнасці наступнай тэорыі лорда Брогхама. У часе сну мы не маем аніякіх мрояў, душа займаецца тады абсалютнай гутаркай з сабой. Абсалютнай – гэта значыць непадпарадкаванай, бо тады мы ўпэўненыя, што нас ніхто не разумее. Толькі падчас абуджэння нашыя бедныя пачуцці пачынаюць штосьці падслухоўваць з тае размовы душы: адтуль бяруцца сны, урыўкі чутак, недакладныя, як усе падслуханыя рэчы. І чым часцей сон неспакойны і перапынены, тым болей мрояў. Шчаслівы ж той, хто спіць моцна, бо для яго непатрэбныя тыя чуткі, а тлумачальнік слоў – непатрэбная літаратура. Ах, так спаў і лорд Брогхам у маладосці, так спаў і я ў тую памятную ноч.

Як толькі пачало світаць, мяне абудзілі гукі трубаў і тупат коней. Адкрыўшы вочы, я заўважыў, што ляжу пад бярозай на магілцы, а навокал былі толькі крыжы, камяні і магілы. Калі ж я зірнуў на гасцінец, адкуль чуў шум, то ўбачыў перад сабой незлічонае мноства ўзброеных вершнікаў у белым і на белых конях, з нейкай прыгожай музыкай паперадзе. Ранішняя імгла не дазваляла заўважыць, як высока яны плылі па-над зямлёю.

Сон ужо даўно адышоў прэч, але тое, на што я глядзеў, здалося мне больш дзіўным за любы сон. Аслупянелы, нерухомы, не мог ні маліцца, ні плакаць, ні думаць. Толькі нейкае незразумелае адчуванне авалодала мною, што, напэўна, я зачараваны. Пра падобныя здарэнні няраз чуў не толькі ад кабет, але нават і ад бацькі. Раптоўна змяшаныя, гэтыя ўспаміны ўзмацніліся ў тое імгненне і паўздзейнічалі на маю слабую галаву так моцна, што сама каралева варажбітак не змагла б зачараваць мяне лепш. У імгненне вока агонь прабег у мяне ўнутры, пасля зрабілася холадна, пасля ізноўку горача, вочы міжволі закрыліся; быў прытомлены, але адчуваў сябе ўжо блага і урэшце самлеў.

Калі ж я апрытомнеў, то незямное войска і музыка зніклі. І не дзіўна бо сонца ўжо ўзыйшло. Ах, чаму ж і другая частка маіх нядаўніх мрояў не адляцела разам з першымі сонечнымі промнямі! Але страшныя памяткі смерці, як і дагэтуль, атачалі мяне. Не мог цяпер сумнявацца ў тым, што правёў ноч на могілках і што гэта былі вядомыя ў нашым наваколлі шведскія магілы, па-над якімі няраз раней, як чуў ад старых, бачылі ноччу палкі палеглых у гэтай мясцовасці рыцараў, што ў паветры змагаліся між сабой.

Але я ўжо быў на гасцінцы і бег з усяе моцы, ды толькі было такое адчуванне, што бягу не сваімі нагамі і мяне зачаравалі.

– Куды ж ты гэта так ляціш, маё дзіцятка? – спытаў мяне якісьці старац, якога я нагнаў па дарозе. О, нельга выявіць маёй радасці ад гэтага пытання.

– Ці ж я сапраўды бягу, мой ойча? Ці бачыце мяне? – усклікнуў я, смеючыся і плачучы папераменна. –Дакраніцеся да мяне!

І хацеў з гэтымі словамі скочыць яму на шыю. Дзядок з перасцярогаю адхіліўся ад мяне, палічыўшы, відаць, за вар‘ята.

– Блаславі цябе Божа, маё беднае дзіцятка! – сказаў ён заікаючыся і адмахваючыся кіем. – І даўно з табой гэтае няшчасце здарылася?

– Сёння! Сёння! – загаласіў я. – Ах, як мяне цяжка пакараў Бог!

– Бог з табою, маё дзіцятка! А ці чыталі над табой экзарцызмы?

– Ах, не! Не яшчэ! Завядзіце хутчэй, мой ойча, мяне да касцёла! Заўжды буду ўспамінаць вас у сваіх малітвах! – І з гэтымі словамі ўпаў перад ім на калені.

Стары паглядзеў мне ў вочы, бы хацеў ўбачыць, ці не ёсць гэта рэлігійны экстаз, а пасля сказаў лагодна:

– Добра! Зрэшты, я сам іду на імшу да фарнага касцёла, ідзі за мною, дзіцятка, і я завяду цябе да пробашча.

Па тых словах прыспешыў ён хаду і высунуў трошкі кій з рукі. Кій пачаў валачыцца за ім па зямлі, і я пазнаў у гэтым звычайны манеўр жабракоў, калі тыя праходзяць праз вёску і абараняюцца ад сабак.

Больш размоў паміж намі не было, я ішоў на адлегласці, якую паказаў мне дзядок; ўжо з першага ўзгорку ўбачыў мястэчка. Не дайшоўшы трохі да яго, мы звярнулі на сцяжынку, што вяла наўпрост да касцёла.

– Стань тут, маё дзіцятка, на бабінцы, – сказаў дзядок, калі мы прыйшлі на месца, – і прасі Бога пра цуд; а я пакуль зайду да арганіста і папытаюся, ці прачнуўся ўжо ксёндз.

Я ўкленчыў ля касцела і пачаў паўтараць усе вядомыя мне малітвы. Перажытыя нядаўна відовішча і абрад, да якога прыгатаваўся, так захапілі мае думкі, што ўвесь свет падаўся мне іншым. Ніколі яшчэ зямля не была такая зялёная, а нябёсы – блакітнымі. І ў самім сабе адчуваў вялікія змены. Спрычынілася да гэтага нядаўняя непрытомнасць і тое, што ўжо суткі нічога не еў.

Праз некаторы час пачуў за спіною шоргат ад крокаў і галасы. Азірнуўшыся, убачыў за сабою некалькі чалавек, якія назаўжды засталіся ў маёй памяці такімі, якімі я іх убачыў у тую хвіліну. Бліжэй стаяў, а хутчэй лунаў нада мною, невымерна высокі і худы чалавек у кароткім белым кажушку, у акулярах і з экзарцыстыйнай кніжачкай у руках. Быў ён, што смерць, сухі і бледны, а ногі меў такія доўгія і цыбатыя, што сапраўды ўражвала тая адвага, з якою ён хадзіў на іх. Нос быў вялікі і акуляры выглядалі на ім, як маленькія дзеці на спакойным гальштынскім кані. Гэта быў арганіст. Трохі далей, склаўшы рукі, прыглядаліся да мяне з найвялікшай увагай нейкія дзве старыя кабеты. Як ластаўкі на даху, схілялі яны свае галовы то ў адзін, то ў другі бок, калі глядзелі на мяне, і ў бесперапынным шэпце між сабой дзяліліся нейкімі перасцярогамі. Праз колькі дзён, калі мы пазнаёміліся бліжэй, я не мог знайсці ў іх аніякага падабенства з ластаўкамі, але ў той час быў яшчэ зачараваны. Адна з іх была жонкай арганіста, другая – ахмістрыня плябані. Абедзьвюм разам было блізу ста двадцаці год. А за імі стаяў мой знаёмы дзед.

– Як цябе завуць, маё дзіцятка, і ці быў ты бежмаваны? – спытаў у мяне арганіст урачыстым харальным голасам.

Я сказаў яму, як праз сон, сваё імя і дадаў, што яшчэ не бежмаваўся.

– Ну, калі так, то перш трэба да ксяндза. Можа на такі выпадак ёсць якая асобная апастрофа?

Сказаўшы гэта, ён пайшоў, а на мяне пасыпаліся іншыя пытанні: “Ці даўно ў цябе гэтая хвароба? Ці часта ёю хварэеш? Ці не абліў цябе хто знянацку халоднай вадой? Альбо можа хто даў напіцца якога зелля? Альбо калі-небудзь сарваў залом на збожжы? Ці можа калі зрываў кветкі, што так прыгожа квітнеюць ружовым, а ў сярэдзіне маюць зярняткі падобныя да макавых? Можа калі еў такія зярняткі?“

– Што ў мяне пра гэта пытаецеся? – адказаў я трохі са злосцю. – Ці ж я не ведаю, што гэта блёкат?

– Божа мой! – сказала, не хаваючы надалей свайго шкадавання, жонка арганіста. – Ён пры памяці і з твару не выглядае на вар‘ята.

– Так, – адказала ахмістрыня, – але ці ж не бачыш, якія ў яго вочы!

Насамрэч, не дужа ветліва мусіў я паглядаць на абедзьвюх маіх экзаменатарак. Страх і голад, як вядома, надаюць нейкую дзікасць погляду чалавека, а ўва мне зараз спалучалася ўсё гэтае. На шчасце, хутка вярнуўся арганіст і загадаў ісці да пробашча.

Ксяндзом быў сівы чалавек з поўным дабрыні поглядам. Пераканаўшыся з асобных маіх адказаў, што я не вар‘ят, ён адпусціў арганіста і стаў распытваць пра маё паходжанне, узрост, здароўе і рэлігійныя веды: ні адным словам не даў мне зразумець, што быццам бы лічыць мяне вар‘ятам і не забыўся нават спытаць, ці снедаў я сення. Калі ж даведаўся, што не еў ад учарашняга, добры стары даў мне келішак віна і булку, а калі ўбачыў, што здолеў абудзіць у мяне давер, толькі тады спытаўся, пра прычыну, што прывяла мяне сюды. Я распавёў яму ўсё, як на споведзі. Слухаў ён мяне з увагай і толькі часам усміхаўся, калі я ў запале апавядаў пра сваю хваробу ці пра паветранае войска.

– Вось цяпер бачыш, маё дзіця, – сказаў пасля ён лагодна, – як блага пакідаць бацькоўскі дом без дазволу і богаславення бацькоў. Калі ты баяўся пакарання, трэба было спрабаваць пакорай і саступлівасцю перапрасіць бацьку, і хоць бы ён, урэшце, ужыў суровыя меры, але гэтае пакаранне не было б такім, пра якое ты распавёў.

– Ах! – перапыніў я, – калі мой бацька лупцуе, то заўсёды лічыць, што ніколі не памыляецца.

– І пасля, – працягваў далей ксёндз, пакінуўшы мае словы без увагі, – не мусіў ты начаваць у полі, бо мог захварэць ад холаду і страху, і не ўбачыў бы тое паветранае войска, якое сёння зранку з‘явілася да нас у мястэчка.

– Гэта, напэўна, звычайнае войска сюды прыйшло, бо я ж і раней бачыў нашу армію. А тое, якое я сёння назіраў, было ў белым, на белых конях і відавочна плыло на паўлокця ад зямлі.

– Так табе падалося ад імглы, – тлумачыў пробашч, – а коней і белы ўбор салдат можаш зараз убачыць на ўласныя вочы. Гэта летняя вопратка коннага войска. Рух адбываецца звычайна ноччу ці пад самы ранак, бо тады не так горача і не морацца людзі і коні.

Я слухаў тое тлумачэнне з адкрытым ротам і не мог нічога запярэчыць, але ж у душы быў перакананы ў існаванні паветраных шведаў.

– Малітваў ніякіх над табой чытаць не буду, бо не трэба гэтага; паслухаеш імшу, паснедаеш са мной, а пасля адпраўлю цябе да бацькі, – сказаў ён урэшце.

– О, няхай пане дабрадзею змілуецца нада мною! – загаласіў я. – Далібог, тата так проста мне гэтага не спусціць!

– Ну, то я наперад напішу пра цябе, маё дзіцятка, бацьку, а як ён прыедзе, то будзем прасіць разам прабачэння.

– Так ужо лепей, – крыху супакоіўся я, – але Бог ведае, што з гэтага атрымаецца. Бацька калі ужо намераўся што зрабіць, то кажа: “Не дарую, хоць бы сам ваш дзядуля-нябожчык прасіў мяне за вас“.

– Ну-ну, убачым! Зараз можаш пайсці і паглядзець здалёк на сваё паветранае войска, але не забудзь вярнуцца, як толькі зазвоняць да імшы.

Я пацалаваў руку гэтага добрага чалавека, і з хлопцам, якога даў мне ксёндз, мы прыскокам пабеглі на кірмаш. На самой справе, там стаялі белыя коні і ля іх хадзілі ў белым палатняным адзенні жаўнеры, бачыў сярод іх і трубачоў, але гэта ўсе было такім звычайным, так мала падобным да маіх цудоўных эскадронаў.

“Трэба ж было, – думаў сам сабе, – каб у гэты ж час прыйшлі сюды і гэтыя жаўнеры! Быццам спецыяльна, каб мне не паверылі, што я бачыў, і чаго ніхто з іх і ўявіць не можа!”

Але ў гэты час зазванілі да імшы.

НЕКАЛЬКІ УНIВЕРСІТЭЦКІХ УСПАМІНАЎ

Заняткi перад iспытамi, у час да якога адносiцца нашае апавяданне, слушна называлiся крыжовымi днямi ў акадэмiчным календары. Усялякi рух у горадзе цiшэў цi не на палову, бо колькасць той маладой, вясёлай, бегатлівай, смехатлівай моладзi, што вечна за чымсьцi спяшаецца, сягала за дзесяць, за двадцаць тысяч чалавек. I раптам увесь гэты маляўнiчы тлум, як па чыiмсьцi загадзе цi закляццi станавiўся сур‘ёзным, смутнеў, збiваўся ў маленечкiя групкi i знiкаў дзесь, нiбы пачыналiся рэкалекцыi.

Ну, дзякуй Богу, панiчы ўжо вучацца! А калi быць з коньмi?” – пыталiся час ад часу, злёгку прыадчыняючы дзверы, гарадскiя маклеры i фурманы. Выраз «ужо вучацца» выглядаў трохi анахранiчна i запознена як за некалькi дзён да вакацый, але ён, не крыўдзячы нiчым запалу i працавiтасцi старанных вучняў, надаваўся зараз, у такiм рэдкiм заўсёды прымяненнi, да цэлай грамады. Гэта быў час неабмежаванай яшчэ анiякімі правіламі свабоды прысутнасцi цi непрысутнасцi на лекцыях. Статус навучэнца унiверсiтэта, per excellentiam[1] акадэмiка, набываўся законна i сапраўдна толькi запiсам у альбом: цэлы год моладзь была прадастаўленая сама сабе, нiбы талент эвангелiчны, аднак належала апасля здаць экзамен альбо амэн, як любiў гаварыць адзiн стары выкладчык.

Далёкiя мы ад пахвалы таго старога, на волю лёсу даверанага, парадку iнструкцыi, аднак не можам не здзіўляцца, што не менш за дзве трацiны навучэнцаў прысвячалi сябе навуцы з любоўю i запалам, так што нават юнакi, для якіх унiверсiтэцкая адукацыя была больш прыгожай аздобай, чым сродкам да змянення лёсу, старанна працавалi разам з беднымi студэнтамi цэлы год, i толькi трэцяя частка злоўжывала, так бы мовiць, стрыманасцю, заўсёды спадзеючыся на сваю здольнасць, памяць, настойлiвасць, дапамогу таварышаў, а пры самым няўдалым збегу абставiн – i на само шчасце, што як-небудзь атрымаецца, i год часу не змарнуецца на той непрыемнай апошняй стаўцы. Вох! Год часу для юнака, які ўсёй душой i з палкім дыханнем нудзiцца i гонiцца за надзеяй, – гэта найдаражэйшы i самы жаданы скарб ад тых нешматлiкiх дзён, поўных пакутаў i хвароб, якія ўсё-такi, з ласкi неба, вельмi любяць нават на схiле жыцця, iмкнучыся затрымаць старасць.

Калi ж вялiкiя былi намаганнi нават вучняў старанных у тым часе, як трэба было здаць iспыты за гадавы курс, то справы тых, што абяцалi сабе кампенсаваць недахоп ведаў у днi рэпетыцый i апускалiся урэшце на «можа», былi сапраўды роспачныя. Як горача яны малiлiся ля Вострай Брамы, як сардэчна сцiскалi рукi вучняў-выдатнікаў, як пiльна сачылi за гадзiнамi рэпетыцый, як заўчасна прыходзiлi на iх, з якiм ушанаваннем i ўвагай слухалi лекцыю...

(...)

– Цi ёсць у вас хоць цэлая свечка? – сказаў, адкрываючы шафу, Марцінкевiч. – Гэтага недапалка не хопiць нават i да поўначы! Iдзi ж выпрасi ў брата Чэслава яшчэ трохi. А тым часам было б зусiм не дрэнна, калi б паставiлi самавар.

Мы забылі вам нагадаць, што кватэра Адама[2] месцiлася ў кляштары кармелiтаў босых, на трэцiм паверсе, які паводле цяперашняга спосабу маўлення пазначылi б як другi. Але да гэтага неалагiзму, напэўна, нiколi б не прызвычаiлiся браты кармелiты i не змяншаецца ад гэтага спосабу анi адной прыступкi на лесвiцы (як нам раз распавялi ў абарону старога звычаю), бо досыць ужо цяганiны з-за двух календароў, не прымаючы той навiны, мажлiва, з якой антысацыяльнай мэтай, мы вымушаныя застацца пры старым, рэакцыйным выразе.

Келлi на ўсiх трох паверхах кляштару (цяпер ужо значна пераробленага i прыстасаванага да iншых мэтаў) былi такiя шматлiкiя i маленечкiя, што ўвесь кляштар мажлiва было палiчыць мадэллю нейкага аграмаднага будынка, для якога магло б хапiць жыхароў гэтага места. Увесь трэцi паверх кляштар часта аддаваў вучням унiверсiтэта. Плата была невялiкая i кватаранты мелi за абавязак толькi два першыя абеты манаскага закону: з тае прычыны, што ў другiм з iх – “убостве” – яны былi такімі загартаванымі i прыкладнымі, што няраз нават не былi здольныя заплацiць у час за кватэру, натуральна, што значная была зручнасць пражывання i паразумення з абодвух бакоў. Адныя толькi навучэнцы медычнага факультэта мелi дадатковае i надта суровае правiла – не рабiць прэпаратаў i анатамiчных даследаванняў пад пагрозай хуткага высвячэння (выгнання) з кляштару. Раз цi два, праўда, спакусiлiся яны дазволiць сабе гэтае прыемнасцi, але калi ў абодвух выпадках ксендз-прыёр аказаўся няўмольным i цвёрдым ва ўмове, то гэта мела станоўчы ўплыў на будучае. У цэлым, спосаб жыцця бяднейшых вучняў, што гняздзiлiся пад страхой разам з ластаўкамі, досыць добра стасаваўся са звычаямi кляштару. Лагоднасць i рахманасць, уласцiвыя славянскаму характару, спрыялі таму, што абыходзiлася без крыку, звадак, оргiй i паядынкаў. А апошняга (i гэта з‘яўляецца, напэўна, адной з найлепшых рысаў былога унiверсiтэта) мы нiколi не бачылi прыкладу i не чулi нават пра яго. Хоць яшчэ нiхто не сказаў пра баязлiвасць цi бессардэчнасць славянскага племенi. Бо добрасумленная адвага далёкая ад юнацтва i бачная толькi пры пiльнай патрэбе. Закрануўшы гэтую тэму, трэба яшчэ зазначыць, што тая шматлiкая моладзь не мела нараканняў з боку гараджан нi за адну гучную бойку, нi за адну начную пагулянку, нi за адну chаrivari[3], нi за адзiн шумны паход, – словам, нi адным намерам i злоўжываннем весялосцi. Але, нягледзячы на гэта, нiчога жывейшага, нiчога весялейшага i мiлейшага нельга сабе ўявiць перад асобна ўзятым выглядам i паводзiнамi той выбранай моладзi. Ды нават ейнымi свавольствамi i штукамi кiравала якаясь прыстойнасць, якiсь верны i беспамылковы iнстынкт, што не дазваляў нiколi перайсцi межы i забыцца на меру.

(...)

Праз колькi дзён было штогадовае закрыццё унiверсiтэта. Пасля падзячнага набажэнства ў касцёле Св. Яна i ўзнёслай прамовы унiверсiтэцкага прапаведнiка, які сваiм голасам i постаццю (як паўтаралi адзiнагалосна ўсе, хто калi-небудзь чулi Maury), дзiўным чынам нагадваў слаўнага кардынала, адбылося ў актавай зале ўрачыстае вучонае пасяджэнне. Якое ж яно было прыгожае i прадстаўнiчае! Наперадзе рэктарскi скiпетр, паважна-пунсовыя тогi прафесараў, мантыi i берэты дактароў, словам, тая старажытная атмасфера, у якой вучоныя мужы, калi б i хацелi, не маглi б быць падобнымi да рэшты бедных смяротных. Усё гэта праймала мiжвольным ушанаваннем, пра якое, вiдаць, капланы муз ведалi здаўна, калi сваiм паседжаннем надалi статус Сенату Акадэмii. Не толькi шматлiкiя госцi з гораду i правiнцыi, але нават самi навучэнцы унiверсiтэта, хоць i знаёмыя са сваiмi выкладчыкамi, не маглi не паддацца глыбокаму ўражанню, калi бачылi ўсiх iх перад сабой. Слаўнейшыя i ўлюбёныя iмёны ў тысячных шэптах плылi па зале, бо кожны з гасцей хацеў пазнаць i забраць з сабой у памяцi хоць вобраз тых людзей, што навукай прыносiлi пекную i чыстую славу краiне: шмат пазнавала па самой постацi знакамiтых асоб, шмат памылялася, i прыходзiлася iм не лёгка, бо цяжка разлучацца з сваёй марай, адтуль здзiўленнi, недавер, жарты, смех, словам, той гоман, бязвiнны i спакойны, як сама прычына, што сабрала гэты шматлiкi і разнастайны сход.

Усё гэтае, аднак, дзеялася ў глыбiнi залы, наводдаль ад узвышэння, на якім па абодвух баках сядзелi прафесары i стаялi бюсты iх слаўных папярэднiкаў. Якое ж то было шляхетнае i ганаровае суседства!

Паблiзу ад гэтага ганаровага ўзвышэння заўсёды панавала глыбокая цiшыня i ўвага. Прафесары чыталi даследаваннi па прадметах кожнага факультэта. Мусiлi то быць, напэўна, доўгiя i досыць нялёгкiя гадзiны для паненак i дылетантаў, бо працы ішлi альбо вельмi вучоныя, альбо чыталiся на замежных мовах. Але што ёсць прыкрасць быцця ў параўнаннi з прыемнасцю слоў “што было!” Затое настаўнiкi школ, кандыдаты ў настаўнiкi i найлепшыя вучнi слухалi тыя прамовы з найвялiкшай уважлiвасцю. Не чутно нiдзе, праўда, у такiх выпадках, французскiх воплескаў, бо абражалi б яны годнасць навукi i ў разлiк знакамiтых дакладчыкаў не ўваходзiла нiякай лiслiвасцi краёвай думцы, нi палiтычныя гульнi, нi мiгатлiвыя водблескi жартаў. Аднак кожная думка, пекная, новая, узнёслая, была несумненна схопленная, адзначаная ў памяцi, захаваная ў пачуццях слухачоў. Прымушала, да гэтага i неабходнасць да ўзнёслай, так бы мовiць, рапсадычнай увагi. Даследаваннi, чытаныя на паседжаннях унiверсiтэта, вельмi рэдка друкавалiся i тое па большай частцы за межамi, чым на месцы. Было гэта, з аднаго боку, агульнай рысай прафесараў былога Лiтоўскага унiверсiтета, асаблiва мясцовых, што, ацэньваючы сваё месца i працы знакамiтых калегаў, нялёгка аддавалi свае працы на суд грамадства; з другога боку, недахоп перыядычных выданняў i прадпрымальнiцкай ахвоты з боку кнiгавыдаўцоў (якія абмяжоўвалiся нейкiмi элементарнымi справамi i не маглi яшчэ лёсавацца з нашай публiкай) было таму прычынай.

Увесь гэты ўрачысты абрад замыкала прамова рэктара, развiтальная, вiншавальная, бацькоўская, пекныя ўзоры якое мы маглi б убачыць у «Зборы твораў Яна Снядэцкага». Але найiстотнейшая для моладзi i нават для ўсiх сабраных, была, бяспрэчна, тая частка вучонага абраду, калi сакратар Рады унiверсiтэта чытаў пастановы факультэтаў i выклiкаў найлепшых вучняў, якім рэктар уручаў прэмii i ганаровыя граматы, слушна ацэненыя высока, бо даставалiся заўсёды толькi найздольнейшым. Пад тыя ганаровыя ўзнагароды, як калiсь пад вянец, iшла моладзь з нейкiм нават рэлiгiйным пачуццём. На самой справе, выраз твару кожнага з тых шчаслiвых, часам нават неспадзявана для iх паклiканых да ўзнагароды, змяняўся то бледнасцю, то румянцам, мог бы быць параўнаны толькi з тым святым i неапiсаным злучэннем шчасця i клопату, што такую незямную чароўнасць надае маладой пары ў хвiлiны, калi ля алтара мяняюцца мiж сабой пярсцёнкамi...

ТРЫ БРАТЫ ДЗЕДЗІЧЫ

Гэта быў маёнтак трох братоў паноў ***, пра дзіўны лад жыцця якіх я чуў няраз. Усе трое нежанатыя, з нераздзеленай уласнасцю, аднаго прыкладна ўзросту, з падобнымі схільнасцямі, жылі ў адным доме, ездзілі на адных конях, палявалі з аднымі сабакамі, насілі аднолькавыя шапкі, аднолькавыя вусы, словам, выказвалі ўсе характэрныя рысы найдасканалай згоды, супольнасці, братэрства. З гледзішча на разумовыя здольнасці падабенства трох братоў сягала яшчэ далей: гармонія ў гэтай сферы была такая поўная, вылітасць такая роўная, што, як выказаўся адзін з іхніх суседзяў – зласлівец па прафесіі – аніводная з вядомых казак пра трох братоў, дзе двое былі разумныя, а трэці – “так сабе”, не магла быць прыстасаваная да гэтага жывога ўзору, бо іначай трэба было б сапсаваць тэкст знакамітае казкі і расказваць пра трох братоў, якія ўсе былі “так сабе”!

Я добра памятаў усе гэтыя акалічнасці, як уязджаў на дзядзінец і нават як уваходзіў у сенцы сканадальнага маёнтку, але грымоты і залева былі такія жахлівыя і меліся быць яшчэ так доўга, што без ваганняў увайшоў бы нават у пячору Паліфема[4].

Тры вакны з правага боку палацу, як сымбаль трох братоў дзедзічаў, свяцілі яркім святлом, а ў сенцах тымчасам было цёмна, як у пекле. Зняўшы прамоклы плашч, я доўга соваўся з ім па ўсіх кутках, дарэмна шукаючы вешака; але, хоць і аціраўся паўз сцены, нарабіўшы шуму, як маляр, што займаецца пабелкаю, ніхто таго не пачуў і да мяне не выйшаў. Дык я пачаў тупаць нагамі і кашляць, што было сілы; але і тое, аднак, не памагло; тады, баючыся, каб хто не зайшоў знянацку і не вытлумачыў кепска майго знаходжання ў гэтым мейсцы, я адважна ўзяўся за клямку, якую неяк знайшоў, і пачаў ёю бразгацець. Мог бы лёгка адчыніць сам сабе дзверы, але належала нешта зрабіць для этыкету, абы не стварыць, уваходзячы, уражання, што, не будучы знаёмы з гаспадарамі, ужо знаёмы з іхняю клямкаю. Гэта, пэўна, клопаты перабольшанае асцярожнасці; але такое ўбогія, падарожныя, словам, усе, хто заходзіць у чужы дом ноччу, павінны памятаць, каб унікнуць двухзначнасці.

– Хто там? – пачуўся ўрэшце голас з сярэдзіны. – Гэта зноў, пэўна, праклятая Цацка! Шэльма буду, калі яе пушчу!

– Не! Усе сабакі ў хаце, – адазваўся іншы голас.

– Дык што ж там за кадук? Адчыняй!

– Падарожны, – адказваю адчыняючы, бо я ўжо меў, як бачыце, дазвол.

– Просім сюды, на святло!

– Я нібы з вады, – адказваю, затрымліваючыся ля дзверэй. – Гэткая страшная залева.

– Ды гэта вышэй усякага ўяўлення! – закрычаў адзін з гаспадароў, падыходзячы да мяне са свечкаю. – Выглядаеш цяпер, ха-ха! як пудзель з качкаю ў зубах!

І, нібы дзеля доказу трапнасці яго параўнання, вокамгненна наскочылі на мяне з усіх бакоў харты, ганчакі, выжлы і мае прататыпы – пудзелі, адны лашчучыся і скачучы мне на грудзі і плечы, іншыя бурчучы, гаўкаючы альбо скубучы мяне паціху за крысы.

– Да нагі! А бізуна вам! – закрычаў, ускочыўшы з-за стала дзедзіч № 2, і так свіснуў у мяне ля вуха бізуном, што я аж схапіўся за галаву.

Аднак жа мяне абараніў. Псарня, скавычучы і скуголячы, адбегла і ўклалася зноў на ложках і канапах.

– Просім сядаць! Можа, гарэлачкі з свежага паветра? – сказаў той самы дзедзіч, які спаткаў мяне са свечкаю.

– Дзякую, шчыра дзякую. – І мусіў сесці: мае ногі міжволі дрыжалі; трапіў, як кажуць, з агню ды ў полымя.

– Гэта, аднак, дзіва, – падаў голас дзедзіч № 3, – што нашыя сабакі кінуліся на Сам-пана! Яны маюць такі выдатны розум, што нападаюць толькі на жабракоў і жыдоў! Асабліва жыду, няхай сабе і перахрысту ў трэцім пакаленні, ніколі не даруюць!

Вельмі можа быць, што была гэта самая бязвінная дурнота, без следу нават абдуманых кпінаў; дзеля ўнікнення ад яшчэ чагосьці падобнага я адчуў абавязак адрэкамендавацца гаспадарам.

– Сардэчна, бясконца перапрашаем! – загукалі ўсе трое адзін перад адным. – Вось як слічна мы прывіталі каханага суседа! Івонак, самавар! А, можа, тымчасам люльку? Альбо на хуткую руку халоднага поньчыку? А дзе коні? Гэй, ёсць хто там? Завесці коней на стайню!

– Шчыра дзякую! – адказваю. – Я ўжо колькі дзён не быў дома і хачу абавязкова сёння трапіць туды. Разыдуцца хмары, зноў развіднее, дык гэтыя пару міляў лёгка адолею.

– Але ж, перадусім, вып‘ем поньчыку? І з‘ядзім лёгкую кавалерскую вячэру! Івонак! Бягом да аканомкі! Адкуль жа богі прыслалі нам пана?

– Быў я на імянінах у пана ***, які сваім звычаем не адпусціў нас усіх, пакуль не адседзелі трохдзённы каранцін. Яшчэ гэта было паўбяды, бо мы весела бавіліся; але дасканалы гаспадар, не паведаміўшы нам, адаслаў нашыя каляскі і нашых коней дадому і сёння ў сваіх някрытых брычках выставіў нас усіх на непачцівую слоту. Хоць я не з‘яўляюся аматарам коча (дадам – маючы намер пафанфараваць), аднак пасля сённяшняе навукі гатовы прысягнуць, што няхутка згаджуся выехаць у адкрытай калясцы.

(...)

Тымчасам сярэдні брат, відавочна, страціўшы цярплівасць, пстрыкаў картамі (тэхнічны выраз!), ссоўваў іх і рассоўваў веерам, паўколам, кшталтам літары “S”, урэшце наўпрост запытаўся ў мяне, ці не зычыў бы я дзеля баўлення часу распісаць невялічкі абывацельскі банк, – у стоса, д‘ябла альбо фараона[5], хоць на дробны куш[6], на колькі злотых; урэшце, хоць на што?

– Я не гуляю ў аніводную з гэтых гульняў! – сціпла адказаў я, баючыся, каб за гэта шляхетныя браты не дадумаліся навучыць мяне mores. – Але, – дадаў, – мне вельмі будзе прыкра, калі перашкоджу Вашамосціным забавам. Бачу газеты, якіх ужо колькі дзён не браў у рукі; дык дазвольце мне, Панове, зараз жа заглыбіцца ў палітыку.

– Але ж гэта даўнія газеты... здаецца, нават мінулагоднія! Затое знойдзеш, Пан, сярод іх колькі апошніх нумароў “Petersburskiego Tygodnika”, якія нам учора гвалтам упёр пробашч. Але калі такая Панская воля – не будзем чыніць прымусу. Май ласку ўжыць свой час, як ведаеш. А хутка дадуць гарбатку.

І праўда, яны спешна паставілі перада мною асобны столік; адзін брат прысунуў мне крэсла і ахвяраваў сваю люльку, другі зняў нагар з кноту свечкі, трэці строс пыл і падаў газеты; вокамгненна, як у карчме, я атрымаў усе выгоды, – а трое братоў зноў селі за перапынены банк.

Аказалася, што газеты былі папраўдзе мінулагоднія; апошнія нумары “Tygodnika” паходзілі з часоў прыкрае вайны пана Спас... і рэцэнзента[7]; дыпламатычны выдавец “Tygodnika”, як князь Метэрніх in ambiguis[8] адказваў, што яго “няма дома”, словам, за некалькі хвілінаў я цалкам занудзіўся, міжвольна расслабіўся, пачаў страляць вачыма па пакоі і прыслухоўвацца да выпадковых банкаўскіх выразаў.

Пакой быў вялікі і, як я зразумеў з першага погляду, выконваў шматлікія і цяжкія абавязкі гасцёўні, спальні, збраёўні, сталоўкі, псарні і г. д. трох братоў дзедзічаў. Піфагарэйская лічба тры панавала ў ім паўсюль. Тры ложкі і тры канапы (а ляжалі на іх у розных позах тыя самыя сфінксы і карыятыды, якія ледзь не з‘елі мяне колькі хвілінаў таму); тры вакны на дзядзінец, пра якія я ўжо згадваў; тры столікі: адзін пад банкам, другі з газетамі перада мною, трэці на самым відавоку ля ўваходу з рэчамі туалету трох братоў. Уважліва прыгледзеўшыся да гэтага апошняга, я знайшоў лік тры і ў канфортах[9] рэчаў туалету: тры блакітныя слоічкі ад памады, тры шчотачкі для валасоў вельмі падазронае ахайнасці, тры кішэнныя гадзіннікі, якія не цікалі, бо, відаць, не заведзеныя, тры гальштукі нейкіх незразумелых пры свечках колераў, тры скрыначкі ад цыгарэтаў, даўнія, бо без бандэролек, тры пачкі тытуню рыжскага альбо віленскага вырабу, vulgo[10] Kozak”, тры крэсівы, колькі крэмняў, мноства губкі, мноства запалак хатняе фабрыкі і г. д., і г. д., бо рэшту рэчаў здалёку нельга было палічыць; урэшце перасоўнае люстра на ножцы, сярэдніх памераў, гарніраванае ўкола білетамі суседзяў з імяніннымі віншаваннямі. Над туалетным столікам у вялікіх рамах, колісь пазалочаных, знаходзілася нейкае дрэва, вялікае, яркага колеру; не быў гэта, аднак, як падумаў адразу, малюнак леснянскае ці жыроўскае ігрушы, а дрэва генеалагічнае паноў дому – зверху на адным з найбуйнейшых пладоў ляцеў на зухаватым узмыленым кані і махаў мячом князь Рурык. На сценах, нібы ў нейкім старадаўнім замку васала, віселі фузіі, палашы, пісталеты, бізуны, ражкі, рогі, смычы, амброжкі, паляўнічыя торбы, раменныя пасы, фляшкі і г. д. Урэшце тры дзедзічы з грознымі чубамі і грозна натапыранымі вусамі, фляшкаю наліўкі, напоўненаю напалову, стос панітэрак[11], крэйда, шчотачкі et cetera parum grata, elegantissimeque omittenda[12], як казаў Гродак сваім высокім стылем.

Пакуль я моўчкі аглядаў усё гэта, да мяне даляталі раз пораз ці то вельмі ціхія, ці то з панітэрскім запалам вельмі гучныя словы:

– Шэць гарцаў гарэлкі!

– Чвэрць вераснёвае раты!

– Месячная арэнда!

– Дарэмшчына з мазаю![13]

– Цацка і Разбой!

Va![14] Паб‘ю саніка![15]

Attendez![16]

Напачатку я думаў, што браты дзедзічы, гуляючы дзеля забавы (бо на стале не было грошай), размаўляюць паміж хадамі пра разнастайныя гаспадарскія справы. Мне гэта падабалася.

Але як я здзівіўся, калі хутка вельмі выразна пачуў пра пастаўленага на карту Харытона з тыднёваю паншчынаю!

Гэты адметны спосаб панітэравання падаўся мне на столькі цікавым, што дазволіў сабе цалкам засярозіцца на банку. Гэта, як вядома, рэч дапусцімая, і нават невыказальна прыцягальная для асобных людзей, якія ніколі ў жыцці ў гульні не ўдзельнічаюць, аднак гатовыя цэлымі начамі сядзець ля гульцоў; хоць, з іншага боку, даведзена і бясспрэчна, што кожны з гэтых гледачоў аказвае сваімі вачыма несумненны ўплыў – нешчаслівы! – на нейкага пэўнага гульца. Ёсць у гэтым нешта магнетычнае, незразумелае і невытлумачальнае, але ёсць, і гэта бясспрэчна!

Гэтак мусіла быць і з маімі вачыма. Дзедзіч № 2 раз пораз прайграваў, рваў карты, злаваўся, нязменна крычаў: “гэта вышэй усякага ўяўлення”, выпіваў добры глыток наліўкі, чухаў патыліцу, кусаў вусы; урэшце, калі на карту паставілі нейкую ni fallor[17] Улляну, схапіў брата банкіра за руку і, перш чым што яму сказаць, улупіў па носе.

– Я казаў табе, што не дарую і дам пстрычку, калі хоць раз зробіш мне такую штуку!

Банкір ужо быў гатовы аддзячыць; аднак сярэдні брат затрымаў ягоную руку і, умаўляючы, супакойваючы, амаль цалуючы рукі, неяк прадухіліў братэрскую бойку, перадусім адтэрмінаваў яе.

Я падпёрся абодвума рукамі і ўважліва чытаў рэпліку пана Спас... І гэта трэба, каб мне, уласна, трапіў гэты артыкул!.. О, кажыце, што хочаце, але гэта магнетызм, – і гэта бясспрэчна!


 

[1] per excellentiam – пераважна, звычайна.

[2] Мажліва, гаворка пра Адама Міцкевіча.

[3] chаrivari – шум, гам, гвалт (з фр.).

[4] Цыклоп з “Адысеі” Гамера.

[5] Тагачасныя гульні ў карты.

[6] Стаўка ў гульні.

[7] Маецца на ўвазе дыскусія Аляксандра Грот-Спасоўскага з Міхалам Грабоўскім і Эразмам Ізапольскім ў “Tygodniku Petersburskim” (1840).

[8] in ambiguis (лац.) – у нерашучасці, у сумненні.

[9] ад фр. confort – камфорт.

[10] vulgo (лац.) – тут: па найменню.

[11] Карта, на якую ставяць грошы.

[12] et cetera parum grata, elegantissimeque omittenda – ды іншыя малапрывабныя, але якія адпаведна добраму густу трэба мінуць.

[13] Дзень дармовае працы з возам.

[14] Va! – Хадзі!

[15] Саніка – у фараоне першая карта, адкрытая банкірам.

[16] Attendez! – Чакайце!

[17] ni fallor (лац.) – калі не памыляюся.



Hosted by uCoz

Да зместу