Каятан Марашэўскі КАМЕДЫЯ Кароткі змест Селянін, калі яму апрыкла праца, пачаў наракаць на сваё становішча і на першага чалавека Адама. Тым часам да яго з’явіўся Чорт, кажучы: “Не наракай на Адама, бо ты і сам не ўстрымаўся б, каб не пакаштаваць забароненага яблыка, калі ты і зараз не можаш змаўчаць, але наракаеш”. Селянін абяцае на пэўны час захоўваць маўчанне. Чорт ідзе з ім у заклад на душу. Селянін не вытрымаў абяцання і прайграе Чорту душу. А С О Б Ы С е л я н і н Хлапчукі Ж ы д Тры браты Ч о р т П а к у т н і к Дзея адбываецца ў полі, непадалёк ад лесу АКТ ПЕРШЫ Сцэна 1-я С е л я н і н. Ох, як нешчаслівае жыццё маё! Хаджу я, хаджу пераз цалюхенькі дзень, аж ногі анямелі, рук не чуваць ад працы і тапара, а горш яшчэ ад цапа. Малачу ад самых курэй, аж мала што не да паўдня, як бы сам адзін. Праўда, што і жонка памагала. Да што ж яе за работа? Ведама, жаноцкая справа. Цюкнець колька разы цапом, аж зараз яе ліха і берэць – то сядзець, то ляжэць, то колікі падапруць; толькі чорт лоньскі яе дусіць. А потым яшчэ з гоманам і кляцьбою пойдзець. Папытаюся я тылькі яе: “Куды пойдзеш?” Аж зараз скажэць: “Дзяцей карміць, страву варыць”. А я як пачую – аж яна ўпіўшыся ў карчме, пад лаўкаю, як свіння, качаецца... А я сам адзін як цюк, так цюк; малачу аж да поту. А як свет, аж жонка і тут, ужо кажэць, што і дроў нада насеч. Хоть ты трэсні і прападзі з тапаром! Ад цэпа [рукі] яшчэ не адойдуць, аж тут ад тапара мала што не адсохнуць. Гэта жарт – нарубай у печ, у асець, у бровар. А ўсё як адзін, так адзін. Сына пералом удавіў – не расцець, а парабка не за што наняць. Вот і цяпер, у лес трэба ехаць, а не з кім. Гэта жарт – аднаму сасну спусціць, пашчапаць і на воз. Хоць ты трэсні, зваліць трэба, а прывёзшы дахаты, і парубаць. А ўсё як я, так я. Памагчы некаму. Прападзі яно нешчаслівае жыццё нашае, бо ўсё як гараваць, так гараваць мусім. Э, э! (смакуе.) Каб то Адам, першы наш ацец, не саграшыў, так бы і мы гэтак не працавалі б. Ох! Дурак ты, дурак! Нашто табе было ірваць яблык з дзерава праклятага? Прападзі яно! Каб мне не велена было, то бы я ані парухаў бы, а што горшае, ані парухаў бы. А мы б у раю, як паны б на зямлі, жылі б, клопату жаднага не мелі б, аб сярмягу тагды бы не клапаціліся б і голыя б у раю перахадзілі б. А цяпер, як сярмяжка здзярэцца, хоць ты з галавы выйдзі, неадкуль узяць, а горш, што незашта купіць. А тут і зіма надходзіць, і ўстыдно. А я і шэлега пры душы не маю. Да душы ж, не маю! А пан, аднак, на тое не глядзіць, да ўсё крычыць: “Заплаці, з курвы сын! Заплаці, вужава кроў, мужык! Ага, ту! Ага, ту на цябе!” Адам, Адам, як ты нас пагубіў! Ох, каб то я, я, я... Сцэна 2-я Ж ы д, С е л я н і н Ж ы д. Ню, на цябе цёрны год! Хадзіль я, хадзіль за табою, буль я двойцы ў тваёй хаце, аз ледво тут я цебе знасоў. Калі ты мне аддасі за гарэлку? С е л я н і н. Прападзі ты! Не маю гдзе ад цябе падзецца. Аддам, ліха не возьмець! Ж ы д. Усё казэсь, сто ад’ям, ад’ям, а я даздацца не магу твайго “ад’ям”. Арэнду мне трэба цяпер плаціць. Коньцо, аддай! С е л я н і н (бярэ жыда за руку). Ну, пане арэндару, ужо я табе шчыра кажу, што аддам. Відзь жа ты ведаеш добра, што я ілгаць не ўмею. Ж ы д (смяецца). Ню, і сто ты казэсь! І калі ты тагды аддаў, калі абяцаў? Аддай, канецна, цяпер. Узо табе болей верыць не буду. С е л я н і н. Прападзі ты з тваёю гарэлкаю! Не, не! Не буду ніколі на павер браць. Ж ы д. Бяры, не бяры. І хто цябе просіць? Толькі маё мне ты цяпер аддай. С е л я н і н. Ідзі ты проч ад мяне! Вот мне дроў трэба рубаць, не з табою балакаць. Ж ы д. Аддай ты маё мне, так я і пайду. С е л я н і н. Не лезь жа ты мне ў вочы, я табе кажу! Бо я табе тут як задам, то ты ані пантофляў, ані ярмулак сваіх не пазбіраеш! Ж ы д. Ню, і сто ты, свіння, не аддаес таго, сто вінен? (Жыд тут цмокае, а потым кажа.) Ой, ой! Вэй мір гвалт! І есцо лаессе! С е л я н і н. Ідзі ж ты ад мяне! Ідзі хоць у хату маю, а я, дроў насекшы, прыіду. Ж ы д. Ню, і гдзе я цябе буду сукаць? Узо я і так много за табою нахадзіўсе! Лепс ты мяне сукай. (Здзірае у селяніна шапку з галавы.) Се л я н і н. Ах ты, нехрэснік, паганьскі сыну! Што ты мяне, чы злодзея знайшоў? (І, схапіўшы жыда, тармосіць яго, адбірае сваю шапку, нават здзірае з жыда плашч.) Ж ы д. Гвалту, гвалту! Ратуйце, ратуйце сінагогі, мае Соранькі, Ецкеле, Мацкеле! С е л я н і н. Крычы, каб табе ражон у горла ўлез! Каб табе скулка горла растачыла! Ж ы д. Ню, і сто ты, разбойнік, цорны год на цябе, мяне кленес, і б’ессе, і сто вінен – не аддаес!? Аддай прынаймней хоць плашч! С е л я н і н. Аддам табе тагды плашч, калі ты мне прыабяцаеш той доўг дараваць, што я ў цябе напіў. Ж ы д. Але, пане Дземідзе, па сумленню толька сам падумай, цы магу з я тое сказаць, сто ты мне не вінен, калі аб гэтым даўгу мае Соранькі, Ецкеле, Мацкеле даўно ўзо ведаюць? Я дарую, сто ўзо не пайду да пана на скаргу за тое, сто ты мяне акрававіў, забіў, абдзёр, як разбойнік у лесе. (Цмокае тут і кажа.) А за тое б усё ў с...у ўзяў бы! С е л я н і н. На табе апаньчу, прападзі ты ад мяне. Ж ы д. Ці мне ў хату тваю ісці? С е л я н і н. А цябе чы чорт там пагоніць? Ж ы д. Відзь жа ты казаў мне пераз, каб я ў хату тваю пасоў і цябе цакаў. С е л я н і н. Добра, добра. Круціся, хоць к чорту! Ж ы д. Будзь здароў! Дзякую, сто з дусою мяне пусціў. Сцэна 3-я С е л я н і н. Бедны я, бедны чалавек! Вот і жыда чорт на маю галаву нагадзіў. Усяму гэтаму бацька наш першы, Адам, вінават. Каб то ён не саграшыў, то бы жыд пракляты, смярдзюх астатні, мне ў вочы за гарэлку не лез бы. А я б у раю штодзень на паўтара б гарца з квартаю і палавінкаю выпіваў бы і ўсё б сабе спяваў: ай, ай, аю, гога, гога, годзгі, дзга! А цяпер больш клопату, ніж піцця. Ага, ту на цябе! Адам, Адам, на ліха табе было слухаць жэншчыны? Было б табе яе вяроўкаю, вяроўкаю! От так, як я сваю часта свянчу, каб да яе ліха не прыступіла. Так бы і яна б табе ў вочы б не лезла. (Тут селянін цмокае і кажа далей.) Эге! Каб то я быў табою, ужо б я і Еве задаў бы вяроўкаю. Ох, даў бы, даў бы! А сам у карчму, да й пагуляў бы. А цяпер хоць ты, пане, трэсні, гаруючы, працуючы. Ох, Адаме, Адаме! Сцэна 4-я Ч о р т, С е л я н і н, Ж ы д Ч о р т. За што ты так моцна наракаеш на Адама? С е л я н і н. Няўжо ж ты, пане, не ведаеш, што з яго ўсё на нас ліха ўзышло? Ч о р т. Якое ліха? С е л я н і н. Вот і цяпер мазоліцца трэба, аддыхнуць некалі. Мала што кроўю не пацею, аж пакуль не пакуль хлеба кавалак зараблю. Зямля ўжо неўраджайная стала. Дужа многа наклапоцішся і нагаруешся, пакуль не ўродзіць. Усё нам напроціў ідзець. Усё на няшчасце. Не спадзявацца дабра. Нішто так не ўдаецца, як мы хочам. Чы пазнаў ты, вашэць, цяпер нашу бяду? А як жа нам на яго не наракаць і не плакаць? Хэ-хэ-хэ. (Плача.) Ох, Адам, Адам! Каб цябе ніколі больш не ўспамінаў! Ч о р т. Але хіба ў тым Адам вінаваты, што ты яго так часта і з дакорам успамінаеш? С е л я н і н. Эге! Калі ты, вашэць, не ведаеш і не спытваў яшчэ таго прабаваць, так і не пытайся. Ч о р т. Але, а, а, а... С е л я н і н. Ідзі проч, кажу! (Замахваецца.) Каб ты скрозь землі пайшоў! Ч о р т. Але, а, а, а... С е л я н і н. Ага, ту на цябе! Усё толькі кажаш: а, а... А каб ты сам пайшоў да папрацаваў так, як мы, не бойся, і цябе б ліха ўзяло б. Ч о р т. Але, пане Дзёмка, не будзь жа такім строгім. С е л я н і н. Адкуль ты, вашэць, ведаеш а маім іменю? Ч о р т. Для мяне няма нічога тайнага, і таму я ведаю, што такое праца. Я толькі пытаюся, чаму ты на Адама наракаеш? С е л я н і н. Скажы ж ты, вашэць, мне, за што ты так чорны, як чорт? Ч о р т. Я крыху, праўда, працаваў, але, аднак, аж счарнеў. С е л я н і н. Не пазнаў я, што ты казаў. Для чаго, для чаго? Ч о р т. Таму, што не так рабіў, як мне належала. С е л я н і н. Да што да таго належыць? Я і часта так не раблю, як мне паны кажуць, аднак я не чорны. Ч о р т. Ты часта быў чорным, толькі не бачыў сябе. С е л я н і н. Што ты кажаш, я сябе не відзеў? Ілжэш, ілжэш? Вот я табе кажу, што ты ілжэш. Ч о р т. Ты і зараз чорны, паглядзіся. (Паказвае люстэрка.) С е л я н і н. Прападзі ты! На што мне гэтае зеркала? Я сягоння, ідучы касіць, у чыстым ручаю, калі піць захацелася, глядзеўся, аднак не чорны. Ч о р т. Не так, як належыць, глядзеў на сябе. С е л я н і н. А як жа там у чорта? Ч о р т. Вось так, вось так. (Скачучы каля яго, зноў паказвае яму люстэрка.) С е л я н і н. Не хачу, не хачу! Ч о р т. Трэба ўсебакова сябе пазнаць. С е л я н і н. Як жа там належыць сябе пазнаць? Скажы ты мне. Ч о р т. Недастаткова глядзець на сябе знешнім зрокам, трэба яшчэ і ўнутраным. С е л я н і н. Мой дабрадзею! Скажы ты, вашэць, мнё, чы душа маець вочы? Я ведаю, што маю душу і цела, і ў галаве ёсць дзве вочы; так у душы мусіць быць болей, бо мне казалі папы, што душа большая ёсць, як цела. Ч о р т. Праўда, бо больш пазнаеш, чым бачыш. Бачыш толькі адну рэч, а з яе і дзесяць внёскуў зробіш. С е л я н і н. Ты, вашэць, мусіш быць дужа мудрым, бо калі што кажаш, так я і пазнаць не магу. Скажы ты, вашэць, мне, што гэта за падвёнскі? Ох не! – за звёнскі, за звёнскі? Ч о р т. Я не кажу пра дзявочыя звёнскі, але пра тое, калі табе з адной пазнанай рэчы выплывае другая. С е л я н і н. Да душы ж, гэта праўда мусіць быць, бо мне часта кроў з носа плывець. Ч о р т. Ох! Не пра гэта я табе кажу. Але калі ты бачыш, што жонка твая, разлажыўшы агонь для прыгатавання вячэры, ідзе на агарод, дык ты падумаеш сабе, што ёй якойсьці рэчы не хапае для прысмаку. С е л я н і н. Да душы ж, гэта заўсім шчырая праўда! Я ёй часта прыпамінаю, каб яна мне хрэну, часныку, рэдзькі, цыбулі, пастарнаку, пятрушкі ды агурцоў прынясла. Ч о р т. Вось і ведай, што такое внёсэк. С е л я н і н. Знаю. Але ты, вашэць, мой дабрадзею, калі ты, вашэць, гэтак мудры, парадзь мне, якім спосабам я магу быць багатым; бо, здаецца, што я досьць дужа цяжка працую, аднакава як не маю нічога, так не маю. Ох, Адам, Адам! У якое ты нас гора ўвёў!? Ч о р т. Чым жа вінен перад табою Адам? За што ты яго клянеш? С е л я н і н. А як жа не клясці, каб яго чорт узяў! (Б’е сябе па губах.) Адпусці, Божа, грэха! Відзь жа ты відзіш, як я працую. А гэта ўсё з яго ласкі. Ч о р т. Цыц жа, цыц! Не ўскладай на яго віну. Ты сам часта больш вінаватым бываеш. С е л я н і н. Адкуль ты знайшоўся ў ліха гэтакі патрон? Ведама нет. Я знаю, што ён мяне ў гэтае ліха ўправіў і ўсіх нас мужычкоў паеў. Ч о р т. Якім чынам? С е л я н і н. Ох, які ж ты вялікі дурак! (Смеючыся, кажа.) А звёнсках мне гаварыў, а гэтага не знаеш. Ч о р т. Я ведаю ўсё. Аднак хачу ведаць, якім чынам цябе Адам згубіў? С е л я н і н. Вот як сарваў яблычак з дзерава праклятага, так і сам пракляты застаў, і нас праклятымі пачыніў. Ох, каб я тагды на яго мейсцы быў, так бы я ніколі таго не ўчыніў, прападзі яно! Ж ы д (крычыць, выходзячы). Дзёмка! Дзёмка! Гдзе ты ў ліха згінуў? А я... (Хоча далей казаць, але, убачыўшы Чорта, просіць прабачэння.) Выбач, вашмосць пан, што я, не заўважыўшы васпана, крычаў Дзёмку, бо ён мне вінаваты. Ч о р т (да Жыда). Ніякай крыўды гэтым ты мне не ўчыніў. (Жыд кланяецца, а Чорт, махаючы рукой, тым часам кажа селяніну.) Не ведаеш, што пляцеш. Вось ты меншай рэчы не ўберажэш! Ж ы д. Дзёмка! Пытайся, якое. С е л я н і н. Смярдзюх, пайшоў ты вон! Я без цябе з гэтым панічком разгаваруся. Ж ы д. Да ну ты, дурак! Пытайся, якое. (Чорт прыглядваецца да іх.) С е л я н і н. Да ўжо ж папытаюся... Ох, ох, забыўся, прападзі ты! Эге, эге! Якое ты, панічок, казаў рэчы? Ч о р т. Не вытрымаеш вось, каб на працягу адной гадзіны нічога не сказаць і не піснуць. Ж ы д. Гэта праўда, што васпан-дабрадзей мувіс. С е л я н і н. Ідзі проч, смярдзюх! Я не выцерплю, калі табе ў морду [не] дам. А што маўчаць, без цябе патрафлю. Ч о р т. Не здолееш! С е л я н і н. Аб заклад хадзі са мною. Ч о р т. Добра. Аб які заклад? Ж ы д (кажа ўбок). Дай бог Дзёмку выграць: то бы мне зараз за гарэлку заплаціў! С е л я н і н. Ты, вашэць, мне дасі сто рублей, калі я дацярплю! Ч о р т. Добра, добра! Дам і дзвесце, і трыста. Жыд (зноў убок). Ох, ох! Які ён будзець вялікі пан, калі губу засыець! С е л я н і н. Пад сумленнем толькі кажы ж, вашэць, што аддасі. Ч о р т. Так і ёсць. Але калі ты не вытрымаеш, што будзе? С е л я н і н. Тагды я тваім буду падданым. Ч о р т. Добра, добра. Ж ы д. Дзёмка, скарэй перабівайце рукі! С е л я н і н. Дай жа ты, вашэць, на тым мне руку, што калі я дацярплю, грошы мне аддасі. Ч о р т. Памятай жа, што будзеш маім падданым. (Дае селяніну руку.) С е л я н і н. Пане арандару, перабій, вашэць, нам рукі. Ж ы д. Дай бог Дзёмку выйграць! (Тут жа перабівае ім рукі.) Ч о р т. А чы ведаеш, хто я такі? С е л я н і н. Не ведаю. (Жыд прыглядаецца.) Ч о р т. Я – д’ябал! (І скідае з сябе плашч.) Ж ы д (уцякае і, лямантуючы, крычыць). Гвалту! Гвалту! (Селянін хоча уцякаць. Чорт трымае яго за рукі. Селянін трасецца.) Ч о р т. Калі не вытрымаеш закладу, душу тваю вазьму ў пекла і ўжо без ніякага прабачэння. Памятай жа аб гэтым! С е л я н і н. Ах, ах! Да што тут мне рабіць? Да ўжо ж, пане д’ябле, датрымаю, датрымаю. Ч о р т (адыходзячы, кажа). Глядзі ж! Ж ы д (з парывам да Селяніна). Дзёмка! На табе іголку, засый губу сабе. Сцэна 5-я С ел я н і н. Ну ж папаў жа я залажыцца!.. Ох, каб я ведаў, хто ён ёсць, не ашукаў бы тагды ён мяне! А цяпер і рады сабе даць не магу; што маю рабіць? Аднак заклад датрымаць трэба, бо з д’яблам жартаваць не патрафлю. Ашукаў жа ён мяне! Каб то можна было, адрокся б і закладу, ды ён не адступіць. Вот бяда. Не а цяжкую то, праўда, рэч тут ідзець. Маўчаць, здаецца, патрафлю. Гэта ж невялікая рэч – пераз гадзіну маўчаць. Я на пару пераз цалюхенькі дзень маўчу, калі ў полі раблю. Так мне няцяжка будзець закладу дадзяржаць. Да як жа ўжо дадзяржу, так буду мець сто рублей, а можа, і болей, як ён сам казаў. Тады ж я сабе статку накупляю; пану, што вінен, аддам і яшчэ на гарэлку, з малацьбы ідзя напіцца, застанецца. Арандар тагды не скажэць, што не дам. Ох, каб ён тагды сказаў, што не дам, то я б яго ў морду, у морду. Або адною рукою за пэйсахі, а другою паказваў бы грошы. Тагды б ён быў для мяне лепшы! (Размаўляючы так, паказвае, як бы біў Жыда.) І суседзі тагды будуць мне кланяцца, калі абачуць, што я багаты. А Гарасім, хоць мой вялікі непрыяцель, аднак, спадзяюся, што будзець кланецца, каб я толькі яму на чынш грошы пазычыў. Ды нет! Не вырвець. З’есць чорта – не дам... Не дам, хоць бы і з’еў. Няхай розуму наўчыцца... І д’ябла ўжо чорт нясець. Трэба губу затыкаць. Ужо мусіць быць тая гадзіна? Сцэна 6-я Ч о р т, С е л я н і н Ч о р т. Ужо набліжаецца час, калі ты павінен будзеш выконваць сваё абяцанне. Зараз праб’е гадзіна, і ты пачнеш маўчаць. С е л я н і н. А чы скора? Ч о р т. Вось зараз. Памятай жа, каб добра трымаўся свайго абяцання! Я табе, без сумнення, аддам сто рублёў і больш. Звыш таго абяцаю яшчэ, што буду даваць іх табе кожны год, калі вытрымаеш. С е л я н і н. Дацярплю, бо губу пакулем, у дзёгаць памачыўшы, заткаю. Ч о р т. Не трэба. Ты так вытрымай на працягу гадзіны ў маўчанні. С е л я н і н. Вытрымаю, да душы ж, вытрымаю. Што гэта? Ч о р т. А калі не? С е л я н і н. Так душа твая будзець. Ч о р т. Глядзі ж! Я цябе перасцерагаю, каб потым на мяне не наракаў; бо як не вытрымаеш закладу, я табе дараваць не думаю. С е л я н і н. Я табе кажу, што дацярплю! Дацярплю. Чаго ты хочаш ад мяне? Ч о р т. Слухай жа! Як ударыць гадзіна, каб ты зараз жа замоўк. С ел я н і н. Без твае казкі я гэта ведаю. Ідзі сабе проч. Ч о р т. Глядзі ж! (Адыходзіць.) С е л я н і н. Добра, добра! Сцэна 7-я С е л я н і н. Вот цяпер абачым, хто каго пераможэць. Ён кажэць, што мяне возьме да пекла, калі маўчаць не буду. А я кажу, што ён і з родам сваім не дажджэць, бо я гатоў сабе губу на калодку замкнуць. Але, праўда, прыпамінаю сабе, нашто мне тыя калодкі, нашто тое пакулле з дзёгцем. Вот калі захочацца гаварыць, так я рукою губу заткаю. Вот гэтак. (Паказвае.) Абачым, што ён мне тагды зробіць! А коньчо – выйграю сто рублёў. Вот тагды мне будзець добра! (Садзіцца. Гадзіна б’е. Цыц, цыц,! Паказвае на мігах.) Сцэна 8-я Х л а п ч у к і і С е л я н і н П е р ш ы х л а п ч у к. Ужо кліча і нас Бог да сваёй славы, і будзем мы ўжо радавацца з ім вечна. Д р у г і. Але як жа мы падымемся, калі так высока? Т р э ц і. Бог прыдумае спосаб, каб мы падняліся. П е р ш ы. Глядзіце, глядзіце! (Вымаўляе з вялікай радасцю, бачачы, як спускаецца лесвіца.) Вось спускаецца ўжо лесвіца! Д р у г і. Гэта, мусіцьбыць, дарога на неба. Але як па ёй ісці? Т р э ц і. Вось так. (Ставіць толькі ногі на перакладзіны, але не дакранаецца да іх рукамі.) П е р ш ы (адпіхвае). Не так, а гэтак! (Павісае на руках без дапамогі ног.) (Селянін, бачачы ўсё гэта, калоціцца ад злосці. Другі хлапчук. пралазіць паміж перакладзінамі. Селянін злуецца, паказвае на мігах, як трэба лезці. Хлапчукі спрабуюць некалькі разоў, але ў іх нічога не выходзіць.) С е л я н і н (не вытрымаў, памкнуўся да лесвіцы і кажа ім). Вот гэтак трэба лезці. Вы не ўмееце. Абачыце, як я зараз узлезу да неба. (Як толькі Селянін узяўся за лесвіцу і паставіў на яе нагу, лесвіца пацягнулася ўгару. Селянін звальваецца, хлапчукі з жалем адыходзяць.) Сцэна 9-я Ч о р т і С е л я н і н Ч о р т (выскачыўшы, хапае Селяніна і цягне). А дзе ж прысяга? Ты ж заракаўся, што будзеш маўчаць! Пайшоў у заклад і вось не ўстрымаўся. Зараз я цябе павяду ў пекла. (Цягне. Селянін падымаецца.) С е л я н і н. Мой ты, наймілейшы дабрадзею! Прапрашаю! Выбачай мне, бо гэтыя блазны да астатняе злосці мяне ўвялі. Чы ім Бог розум адабраў, чы што ў чорта? Як ім не пазнаць таго, як лезці трэба па драбіне? (Сам трасецца і кланяецца.) Ч о р т. А што табе да гэтага? Ты ж павінен быў маўчаць, бо такі наш заклад. С е л я н і н. Да як жа было сцярпець, калі аж у злосць уступіў. (Кланяецца.) Ч о р т. Што мне да гэтага? Я маю права на цябе, ты мой. С е л я н і н (становіцца на калені і складвае рукі). А дабрадзею! Да даруй жа ты, вашэць, мне! Ужо папраўлюся. Ч о р т. Нельга. Такая была наша ўмова. С е л я н і н. А панічэньку, а будзь жа ласкаў! Ч о р т. Бачыш, як няслушна ты наракаў на Адама, калі ты сам вось яшчэ горш зрабіў. С е л я н і н. Да знаю тое, толькі пазволь яшчэ хоць трошачкі, а ўжо ж буду маўчаць. Ч о р т. Прымаючьі пад увагу тваю нягегласць, дазваляю табе на час які фору. Але глядзі, каб ты зноў, як я загадаю табе маўчаць, маўчаў упарта, бо ў другі раз я ўжо табе не дарую. (Селянін кланяецца, Чорт адыходзіць.) Сцэна 10-я С е л я н і н. Вот у якую я бяду ўлез! Хвароба тых блазнаў на маю галаву прынясла. Вох! Якія яны дуракі?! На драбіну хацелі ўлезці то аднымі нагамі, то аднымі рукамі, то вешаліся. Ліха ведаець, што яны рабілі. А я бачыў, што дужа прыгожа з гары нехта іх прасіў. Да як жа было маўчаць, хоць трэба было, бо я пайшоў у заклад. Але я тагды і забыўся, як мяне ў злосць увялі. Няхай жа – буду на другі раз астаражнейшым! З’ясі ты ліха, пане д’ябле, калі мяне болей ашукаеш! Каб ты цяпер і медзвядзёў на мяне спусціў, то ўжо буду маўчаць. Цяпер яшчэ схаджу дадому, пакуль тая пара не прыйдзець. Трэба абачыць, што там дзеецца: работку якую сабе загадаць, а ўзад потым сюды прыйсці. Гэтыя сто рублей мушуць такі мае быць, – коньчо. (Адыходзіць.)
АКТ ДРУГІ Сцэна 1-я С е л я н і н. Што гэта ёсць такое? (Азіраецца.) Здаецца, што тое ж самае мейсца, а цяпер ужо адмянілася так борзда. Да чаго я дзіўлюся?! Шак гэтаму пану д’яблу нічога не трудна. Мусіў я трохі доўга забавіцца. Чы не быў ён ужо тут? Чы не біла ўжо гадзіна? Праўда, каб была ўжо пара, знайшоў бы ён мяне. Мусіцьбыць, што нет яшчэ тое пары. Пачакаю я тут троха, гдзе маю хадзіць; калі прыйдзець, так добра. Але ведаю, што прыйдзець, бо яму дужа душы мае хочэцца... Не, не! Хоць сабе і лбы, і галовы паўкручваюць, лезучы на драбіну, ужо я ім не пакажу, як лезці. Не! Другі раз мяне не ашукаюць. Я цяпер, як пара прыйдзець, вазьмуся за лупы, а дзяржаць моцна буду, хоць і хацець буду што гаварыць, то не буду магчы. Раз удалася штука, другі раз не – заўтра мяне падмануць. Дзяржыся, Дзямідзе... дзяржыся, нябожа! Ой, буду, буду. Не ўхопіць ужо цяпер. З’есць чорта! Ну што ж дзелаць? Ужо сталася. На другі раз буду астаражнейшым. Цяпер усе абачуць, як буду маўчаць. Вот гэтак, напрымер (бярэцца за губы і трымае іх). Хоць хацелася б што гаварыць, тагды б гэтак. (Зноў стрымлівае сябе.) Сцэна 2-я Ж ы д, С е л я н і н Ж ы д. Дзёмка! Сказы ты мне, як ты ад цорта адкаснуўсе? С е л я н і н. Ох, каб ты і з чортам разам прапаў, тагды б я смяяўся. Ж ы д. Да ню, Дзёмка, сказы ты мне, чы выйграў ты? С е л я н і н. А табе што да таго, чы я выйграў, чы не? Ж ы д. Я для таго пытаюся, калі ты выйграў, так ты мне за гарэлку заплаці. С е л я н і н. Не бойся. Чорт не возьмець – заплачу. Але абачым, чы возьмеш і чы захочаш мае заплаты. Ж ы д. Чаму не! Аддай толькі. С е л я н і н. Чорт за мяне табе меў заплаціць. Ж ы д. Я не хацу, каб мне цорт плаціў, ты сам мне заплаці. С е л я н і н. Да не будзь жа ты дураком! Ён зараз заплаціць. Ж ы д. Не хацу я! Не хацу, каб ён плаціў, ты сам мне заплаці. С е л я н і н. Ужо я яго прасіў, і ён мне прыабяцаў табе заплаціць. А вот і ён з грошмі ідзець. Ж ы д. Гдзе? Гдзе? (Трасецца.) С е л я н і н. Восе-ка, восе-ка. (Паказвае у той бок, адкуль выходзіць Чорт, і сам спалохаўся.) Ж ы д (крычыць). Гвалту! Гвалту! (І ракам уцякае.) С е л я н і н. Арандар, арандар! Вазьмі грошы. Сцэна 3-я Ч о р т, С е л я н і н Ч о р т. Ужо набліжаецца ўмоўленая гадзіна, калі ты павінен маўчаць. Я табе раз дараваў, на другі раз не спадзявайся. Тваё тое нараканне на Адама не дазваляе мне, каб я табе дараваў другі раз. Ты ж ведаеш, што ён саграшыў толькі адзін раз, а пакутаваў усё сваё жыццё, а пасля яго – увесь род людскі. Твой лёс не іншы. А таму не наракай на Адама, а на сябе, бо ты горшы, чым ён. Ты для дасягнення свайго вечнага шчасця маеш напісаныя законы, але не прытрымліваешся іх. Ты не любіш Бога і бліжняга свайго, хоць гэта з’яўляецца першай і самай моцнай запаведдзю, на захаванні якой заснавана ўсё ваша шчасце і ад выканання якой залежыць увесь ваш лёс. Ты не захоўваеш яе, бурчыш супраць Бога, якога я, хоць і адрынуты, прызнаю за Бога, а ты не хочаш усхваляць яго ў часе, вызначаным табе для выслугі. С е л я н і н. Да я гэта, васпане, знаю, да калі ж чорт зводзіць. Ч о р т. Як жа ты можаш гаварыць, што д’ябал зводзіць, калі я цябе ад гэтага адводжу? С е л я н і н. Можа, вашэць, адзін такі пачцівы, а іншыя не такія. Ч о р т. Адкуль жа ты гэта ведаеш? С е л я н і н. З прыказкі. Ч о р т. З якой прыказкі? С е л я н і н. Відзь, у нас кажуць, што д'яблы ёсць вялікае пужала. Ч о р т. Праўда, бо мы тых палохаем і для тых з’яўляемся страшнымі, хто гэтага заслугоўвае. С е л я н і н. Кажуць яшчэ, што ўсе хітрыя, як сабакі. Ч о р т. На хітрасць вашу мусім і мы быць хітрымі. С е л я н і н. Кажуць, што ўсіх нас хочуць мець у пекле на пячонку сабе. Ч о р т. Адносна гэтага ты ўгадаў, бо падтрымка для бедных – мець спагаднага чалавека. Але тым часам ты слухай добра, бо зараз праб’е гадзіна. Глядзі ж, каб маўчаў! Другі раз ужо я табе не дарую. С е л я н і н. Ужо мяне цяпер хлопцы не ашукаюць. Ч о р т. Я табе не пра хлопцаў гавару, а пра маўчанне. С е л я н і н. Так добра. Я ж кажу, што буду маўчаць. Ч о р т. А калі ты не вытрымаеш, то ўжо пэўна не дарую. С е л я н і н. Дадзяржу, дадзяржу! Гэта ж не цяжкая рэч маўчаць. Ч о р т. Глядзі ж, як гадзіна праб’е, каб маўчаў! С е л я н і н. Буду глядзець; добра, добра. (Кланяецца.) Ч о р т. Памятай жа, што не з хлопцамі будзе табе справа. С е л я н і н. Няхай яны прахам пойдуць. Чорт іх знаў, чаго яны хацелі. Ды тыя ўжо блазны мяне болей не ашукаюць. Шчасце іх, што ім раз удалося. Ч о р т. Глядзі ж, бо душа твая будзе ўжо мая! С е л я н і н. Каб ты не даждаў! (І плюе з пагардай.) Ч о р т. Глядзі ж! Гэта я цябе ўжо другі раз папярэджваю, каб на мяне не наракаў. С е л я н і н. Не дачакаеш ты з родам тваім. Ч о р т. Эй, не спадзявайся так моцна на самаго сябе. С е л я н і н. Не бойся. Не будзець так другі раз, як было. Буду я шупнейшы. Цяпер хоць бы і сотня блазнаў прыйшло, то не ашукаюць, бо і губы не раззяўлю. (Тым часам пазяхае.) Ч о р т. Маўчы ж, бо зараз праб’е гадзіна. С е л я н і н. Не бойся. Вот і рызынаю зараз заткаю губу. (Затыкае.) Ч о р т. Глядзі ж, бо будзеш нешчаслівы! (Адыходзіць.) С е л я н і н. Што, што ты кажэш, пане д’ябле? (Махае рукой.) Круціся, хоць к чорту. Сцэна 4-я С е л я н і н. Вот другі раз без’языкім трэба зрабіцца для закладу... Ох, каб я яго ніколі не знаў! Вот саграшыў! Захацелася сто рублей мне. Здалося, што малая рэч – маўчаць. А цяпер, як я пазнаў, з кім я ў заклад пайшоў і ўсе яго фіглі, як ужо абачыў і пазнаў, чаго ён ад мяне хочэць, так і дужа душа мая трасецца маркотная, хоць я не баюся. Ведаю, што дацярплю маўчаць, хоць бы цяпер тыя блазны і голавы сабе паўкручвалі. Сцэна 5-я Ж ы д, С е л я н і н Ж ы д. Дзёмка, а Дзёмка! Я знаю, што ты дужа маркотны. Сказы ты мне, як ты ад д’ябла адкаснуўся? С е л я н і н. Не лезь жа ты мне ў вочы. Мне і так ужо на душы ўсяка. Ж ы д. Да ню, Дзёмачка! Сказы, а сто табе? С е л я н і н. Да не сто! Адна, да ліхая. Вот і жывот баліць і ўсяму ледаяк, і гаварыць не хочацца. Ідзі ты сабе проч. Ж ы д. Чы не нап’есся ты гарэлкі? С е л я н і н. А чы маеш жа ты тут? Ж ы д. Я цяпер па сеўбаваным ездзу, есцо засталося тросацка. Вот тут і конь мой за ляском стаіць. С е л я н і н. Ах, змілуйся, пане арандару! Пакрапі ты мне. Ж ы д. Заплаці ты за тую гарэлку, так я табе дам. С е л я н і н. Пане арандару! Павер жа мне ты, змілуйся. (Кланяецца.) Хоць гэтат разок! А я прысягаю, што за паўдня з гасцінчыкам табе аддам, толькі з д’яблам закончу. Ж ы д. Дай жа руку на тым, што ты сам мне аддасі, а пана д’ябла не будзеш прасіць. С е л я н і н (падае руку і кажа). Верна і шчыра табе як казаў, так і кажу. Ж ы д. Ці гнаўся тагды за мною д’ябел, як я уцякаў? С е л я н і н. Хацеў гнацца, да я не пусціў. Да дай жа мне гарэлкі! Дай. Ж ы д. Ой! Як я напузаўся, і дусы ў мяне не было. С е л я н і н. Арандар! Да ідзі ж ты па гарэлку! Ж ы д. Да сказы с ты мне, як ты яго ўздзерзаў? С е л я н і н. Не. Ужо досыць мне з табою балакаць. Не дасі ты мне гарэлкі?! Зараз свісну ж я на Чорта, а ён прыбяжыць зараз да дасць жа табе, дасць. (Хоча свіснуць.) Ж ы д. Не заві, не заві! Я зараз прынясу. (Адыходзіць.) С е л я н і н. Не бойся ж! Ох! Як ён баіцца д’ябла. Зараз ён тут гарэлкі мне прынясець, ужо ж тагды, напіўшыся, ашукаю і чорта. Чы не казаў я, што ён будзець бавіцца. (Жыд нясе бутэльку.) Ж ы д. На, на, на! Толькі цорта не заві. С е л я н і н. Не буду, не буду. (П’е.) Ж ы д. Змілуйся, змілуйся. С е л я н і н. Чаго ты чорта баішся? Я табе кажу, што не бойся, а так у заклад з нім ідзі, як я. Ж ы д. Не хацу, не хацу. С е л я н і н (п’е і аддае бутэльку). Дзякую. Ж ы д. Хто гэта стукаець, ці не д’ябал ідзець? С е л я н і н. Можа, і ён. Ж ы д (трасецца і азіраецца). Ой, ой, ой. С е л я н і н. Не трапячыся! (Бярэ жыда за плашч.) Ж ы д. Пусці, пусці! Пайду, пайду! С е л я н і н. Пане д’ябле, да ідзі сюды. (За заслонаю стукаюць.) Ж ы д (вырываецца і, уцякаючы, крычыць). Ой, ой, ой! Вэй мір, цорны год на табе! С е л я н і н (смяецца). Ох! Які жыд дурак. Чаму я д’ябла не баюся? А ён трасецца, мала што не ўробіцца. А вот і чорт ідзець. Сцэна 6-я С е л я н і н, Ч о р т Ч о р т. Цікуй, бо зараз праб’е гадзіна. А як толькі праб’е, дык зараз жа без ніякіх затрымак ты павінен брацца за выкананне абавязку, абумоўнага прысягай. С е л я н і н. Добра, добра. Але жыд цябе баіцца. Ч о р т. Тут не пра жыда справа, але памятай, што я табе гаварыў. Адзін раз я табе дараваў, але будзь пэўны, што ў другі раз я не буду такім спагадным да цябе. Сцеражыся. я цябе папярэджваю. Не будзеш потым гаварыць, што цябе д’ябал спакусіў, бо я ж цябе ясна перасцярагаю. Глядзі ж, каб ты гэта памятаў! Больш перасцерагаць цябе я ўжо не буду. Памятай мае папярэджанні. (Адыходзіць.) Сцэна 7-я С е л я н і н. Да душы ж, не ведаў я і не чуў аб тым, каб д’ябал быў так пачцівы. Вот ён сам мяне наўчаў, як трэба быць асцярожным. А! Да, цяпер ведаю я аб тым, што ён усіх нас хочэць мець у пекле. Вот цяпер згадаць няможна, што яму ў чорта сталася, што ён мяне так напамінаў, так напамінаў, што і папы лепш на споведзі не будуць напамінаць. Ага! Мусіцьбыць, і д’яблы дваякага роду: адныя, мусіцьбыць, добрага, а другія – лядашчага. Гэты, мусіцьбыць, з роду добрага. Ах! Я забалакаўся, а можа,ужо біла гадзіна? Да трэба было б чуць, каб біла. Не, не, – не спадзяваюся. (Падстаўляе вуха.) Да чорт усюды маець загаркі. Можа, ён у балоце гдзе і тут кінуў які, каб я ведаў і чуў, як першага разу? Толькі хвароба яго ведаець, гдзе яго кладзець. Я б зараз украў, да ён так мудра хаваець, як нашыя паны грошы хаваюць; ўкрасць нельга. Так ён свой загарак мусіў схаваць. (Б’е гадзіна: цыт, цыт... ) Сцэна 8-я Тры браты: А л я к с а н д р, К л е а ф а с і З о с і м а с А л я к с а н д р. Браты мае любыя, напаткала нас вялікае гора са смерцю нашага шаноўнага бацькі, які быў нам павадыром да ўсяго добрага. К л е а ф а с. Праўда, дарагі брацейка. Толькі, паміж намі кажучы, быў вельмі строгі. З о с і м а с. Не вяла нас яго строгасць да кепскага, наадварот, яна адводзіла нас ад таго, што нам не трэба, і вяла да выканання таго, што мы павінны. К л е а ф а с. Толькі ж... праўда, што ўсё гэта было добра, але толькі крыху занадта. А л я к с а н д р. Можа, табе, братка, уяўлялася, што занадта, а нам было яно дарэчы. К л е а ф а с. Таму што вы вельмі падлізваліся да бацькі. А л я к с а н д р. Не маеш права так гаварыць, бо мы толькі выконвалі бацькаву волю. К л е а ф а с. Аднак і я не працівіўся, наадварот – заўсёды слухаўся. З о с і м а с. Але ж ты слухаўся не так, як хацеў бацька. Ты заўсёды рабіў насуперак бацькавай волі. Бацька хацеў, каб ты маўчаў, а ты крычаў на ўвесь двор. Бацька хацеў, каб ты пакараўся яму, ты ж толькі пад прымусам станавіўся на калені і рабіў адзін выгляд пакоры. А ці добра гэта? Ці доказ сыноўскай павагі да бацькі? Я малодшы за васпана, але ведаю, што бацькоў трэба шанаваць і выконваць іх загады. А васпан старэйшы за мяне, а так нягодна паводзіш сябе, і магу сказаць, што бязбожна мяркуеш пра нашага бацьку нябожчыка. К л е а ф а с. Што паробіш? Усё гэта я ведаю, але ўсяму таму вінавата маладосць. З о с і м а с. Я ж маладзейшы за васпана, а чаму ж я трымаюся супрацьлеглага васпану погляду. К л е а ф а с. Бо васпан ідзе па бацькоўскіх слядах. З о с і м а с. Я задаволены тым, што магу назваць сябе сынам, а не вырадкам майго бацькі. К л е а ф а с. А я што – вырадак? З о с і м а с. Калі ты так хутка пасля смерці ўжо бацьку і ведаць не хочаш, дык пэўна што вырадак. К л е а ф а с. Адкуль ты гэта ўзяў? Малады яшчэ, каб павучаць старэйшага брата. З о с і м а с. Я не павучаю, а толькі праўду гавару. К л е а ф а с. Адкуль яна ў цябе? А л я к с а н д р. Ціха, Клеафасе! Ты павінен слухаць мяне, як старэйшага брата, замест бацькі. Крыўдзішся, што табе малодшы брат праўду кажа. А ці ж можа так паводзіць сябе кемлівы сын, які любіць бацькоў сваіх? К л е а ф а с. А што я кепскага сказаў? А л я к с а н д р. А што ж і добрага? Ці няпраўду казаў наш малодшы брат Зосімас? К л е а ф а с. І што з таго? А л я к с а н д р. Каб вось лепей скарыўся і прызнаўся, што ты не адзін раз быў прычынаю бацькавага хвалявання і жалю. К л е а ф а с. Ну што ж, звычайная рэч – я малады і вясёлы. А л я к с а н д р. Але твая весялосць адымала ў бацькі здароўе. К л е а ф а с. Што за прычына, якім чынам? А л я к с а н д р. А вось гэтак. Бачачы цябе неслухмяным, бачачы, што ты не звяртаеш увагі на яго волю, ён баяўся, што ты, не ўтаймаваўшы свае страсці, калі падрасцеш, дык можаш пайсці на любое зло і станеш ганьбаю нашай сям’і. Гэта і ёсць прычына смерці нашага нябожчыка бацькі. К л е а ф а с. Гэта ўжо адбылося і вярнуцца не можа. Нават каб ты, брацейка, і тысячу цяпер перасцярог і разваг даваў, імі ўжо бацьку не вернеш да жыцця. Дарэмна, з магілы ўжо не ўстане. А таму не будзем губляць часу і пойдзем у скарбніцу, каб падзяліцца. Але, што гэта за чалавек сядзіць і чаго ён хоча? Сцэна 9-я Тыя самыя і С е л я н і н К л е а ф а с. Хто ты такі, мой чалавеча? (Селянін вітаецца, нічога не гаворачы.) К л е а ф а с. Ну скажы ж ты мне, хто ты такі? Чый ты падданы? А л я к с а н д р. А можа, і вольны. К л е а ф а с. Што з таго? Я толькі хачу ведаць, хто ён. Хто ж ты? (Селянін кланяецца.) Ну гавары ж? З о с і м а с. Можа, ён нямы, чаго ты да яго чапляешся? К л е а ф а с. Скажы нам, чаго ты сюды прыйшоў? (Селянін паказвае на мігах, што не можа размаўляць.) А л я к с а н д р. Так яно і ёсць, ён нямы. Аднак вазьмемся за сваю работу, пабачым, ці багата там знойдзем скарбу. К л е а ф а с. Багата... Багата... ужо больш не знойдзем, як ёсць. З о с і м а с. Але ж толькі не будзем дарэмна губляць часу. К л е а ф а с. Калі ты так шкадуеш часу, дык ідзі ад нас прэч. А л я к с а н д р. Табе хочацца ўсё цвяліцца. А ведаеш, што гэтыя справы трэба закончыць хутчэй, чым сюды папрыходзяць бацькавы крэдыторы. К л е а ф а с. А што маюць да нас бацькавы крэдыторы? А л я к с а н д р. Праўда, не да нас, але да бацькавых рэчаў. З о с і м а с. Як гэта да рэчаў? Усе ж яны належаць нам, як сынам. А л я к с а н д р. Праўда, і я хацеў бы, каб і ўсе так думалі, як і мы. Але калі скажуць – рэчы нябожчыка належаць вам, дык, значыць, і даўгі таксама, а іх трэба аплаціць. К л е а ф а с. Гэта зноў была б недалікатная цырымонія. А л я к с а н д р. І я пра тое ж самае кажу. З о с і м а с. Не мае значэння. А вось гэта праўда, што кажа пан Аляксандр. Ведаем мы пра даўгі, павінны ведаць таксама і пра выплату іх. К л е а ф а с. Гэта праўда. Але чаго сядзіць тут гэты чалавек? А л я к с а н д р. А што табе да гэтага чалавека? Пойдзем, вазьмемся за справу. К л е а ф а с. А калі так, дык пойдзем ужо. З о с і м а с. Хто з вас першы ўвойдзе? К л е а ф а с. Натуральна, што пан Аляксандр, як старэйшы. А л я к с а н д р (хоча увайсці, але не можа). Але як жа тут увайсці, калі нельга? К л е а ф а с. Калі не ведаеш, дык і не парывайся... сапраўды, нельга. З о с і м а с. Паспрабую я, можа, вы вельмі аб’еліся, а таму і патаўсцелі. Я ж сёння мала што еў... праўда, нельга. Як жа гэта наш бацька тут скарбы клаў? К л е а ф а с. Мабыць, ён меў вучонага пацука, які яму ўсё гэта пераносіў. А л я к с а н д р. Нічога гэта баламуцтва не значыць. Мушу я абавязкова ўлезці. (Селянін увесь час непакоіцца.) К л е а ф а с. Не, дарэмна. Не ўвойдзем. Трэба праламаць сцяну. (Селянін і смяецца, і злуе на іх.) З о с і м а с. Дык я пайду па чалавека, які здолее выламаць. (Селянін у спакусе паказвае на мігах, што не трэба чалавек, бо можна і так увайсці.) А л я к с а н д р. Дык ты доўга не баўся. Ведай, што з гэтым нельга марудзіць. З о с і м а с. А што ж там у д’ябла рабіць? К л е а ф а с. Можа, і так увойдзем. А л я к с а н д р (спрабуе ужо інакш улезці). Праўда, немагчыма. Што ж тут рабіць? К л е а ф а с. Можа, я ракам улезу? (Спрабуе.) Нельга. (Селянін як не лопаецца са смеху і злосці.) З о с і м а с. А можа, я так праціснуся? (Кладзецца і пасоўваецца.) А л я к с а н д р. І так нельга. Сцэна 10-я С е л я н і н і тыя самыя С е л я н і н. Мне здавалася, што вы мудрыя людзі, а гэтае фрашкі не знаеце. Як жа вам таго не пазнаць, што пераз вузкія дзверы грубым пералезці няможна. Праўда, што вы не дужа грубыя, ды ваша плацце панскае вам пераз гэтыя дзверы ўлезці не дазваляець. Вот я ў сярмяжачцы сваёй зараз улезу. (Праціскаецца, але не ўлазіць.) А да душы ж, няможна. Ага, ага! Вот цяпер даразумеўся. А глядзіце толькі, як лезці патрэба. (Уваходзіць бокам.) Вот відзіце, якія вы дуракі, хоць паны! Нічога б вы не даказалі б, каб не я. (Выходзіць і кажа.) Ідзіце ж вы цяпер! (Азіраецца.) Скарбы скарэй бярыце ды ўцякайце, бо зараз хто-кольвек прыкруціцца... Скарэй... Скарэй! Дзвярэй не замыкайце. Няхай як былі адчыненыя, так і будуць. Б р а т ы (усе разам). Дзякуем за параду. Будзь здароў! С е л я н і н. Будзьце на другі раз разумнейшымі і астаражнейшымі... Вох, вох! Можа, зараз д’ябла чорт прыкруціць. Пайду я толькі на сваё мейсца сяду, так ён не пазнаець. што я гаварыў, чы чорт яму скажэць. (Садзіцца і насоўвае шапку.) Сцэна 11-я Ч о р т, С е л я н і н Ч о р т. Я ўжо раз табе дараваў у надзеі на тваё выпраўленне, а ты стаў яшчэ горшым. Першы раз ты апраўдваўся недасведчанасцю, а зараз я табе ўжо не дарую, бо я цябе перасцерагаў. Ды нават калі б і не перасцерагаў, ты павінен быў трымацца ўмовы. А зараз пасля столькіх перасцярог, пасля столькіх табе настаўленняў, ужо дапоўненых пасля таго ж учынку, ты зноў у тым жа правініўся. Не наракай жа больш на Адама. Цяпер вечна будзеш наракаць на самога сябе. Ідзі за мною, ты ўжо мой. (Селянін паказвае на мігах, што яшчэ не павінен размаўляць.) Ч о р т. Што ты выдаеш сябе за нямога, раней жа, калі мяне не было, добра гаварыў. (Селянін усё яшчэ паказвае на мігах, што яму нельга размаўляць.) Ч о р т. Гавары ж, кажу я табе! Чаму ты не захаваў маўчання? (Селянін кланяецца і вырабляе на мігах, як толькі можа.) Ч о р т. Я ж ведаю, што ты паказаў тым панам, як улезці ў гэтую скарбніцу і што ты размаўляў з імі. (Здымае з Селяніна шапку і з усяе моцы нібы са злосці кажа яму.) Гавары ж ты мне, бо я табе ўраз галаву адарву! (Селянін паказвае на мігах, што не павінен яшчэ размаўляць, бо захоўвае прысягу.) Ч о р т. Што ты мне блюзніш? Ведай: ты мяне не ашукаеш. Ты, праўда, мог ашукаць Жыда, але мяне ашукаць табе не ўдасца. Гавары, кажу табе! (Селянін паказвае Чорту, што той не мае права яму загадваць, і адштурхоўвае яго. Чорт, крыху адскочыўшы, з парывам зноў падбягае да яго.) Досыць мне быць добрым, хопіць табе ўжо злоўжываць маёю цярплівасцю. (Цягне Селяніна.) Сцэна 12-я С е л я н і н, Ч о р т С е л я н і н. А дабрадзею, а панічэньку, хіба ж за пазваленнем вашэціным буду гаварыць! Ч о р т (адпускае яго). Гавары ж, што хочаш казаць. С е л я н і н. Я тое самае кажу, што і паказваў перш на мігах, што з нікім не гаварыў і нікога не відзеў. Ч о р т. Ты хочаш махлярствам ашукаць таго, хто з’яўляецца яго вынаходнікам? С е л я н і н. Не, пане д’ябле, я праўду кажу, што нікагухна не відзеў і ні з кім не гаварыў пераз цалюхенькую гадзіну. Каб ты цяпер не прыйшоў, так бы я, як зямля, маўчаў бы. Ч о р т. Як жа ты гэта можаш гаварыць, што нікога не бачыў, калі я табе пэўна заяўляю, што ты паказаў тром братам, як улезці ў скарбніцу і размаўляў з імі. С е л я н і н. Добра ты казаў перш, што ты першы махляр і лгар. Ты для таго ілжэш, каб мне грошы скруціў тыя, каторыя я выйграў. Ч о р т. О, які ты неразумны чалавек! Хіба ж ты не ведаеш, што я магу бачыць усё тое, што дзеецца ва ўсім свеце? С е л я н і н. Недажданне тваё, каб ты ведаў. Вот і цяпер не ведаеш нічога, толькі напастуеш на мяне. А я ані паўчалавечка не бачыў і паўслоўка не казаў. Ч о р т. А калі я табе дакажу? С е л я н і н. Не дакажаш. (Гаворыць з пагардай.) Ч о р т. Зараз я пастаўлю табе тых трох братоў, з якімі ты размаўляў. С е л я н і н. Пастаў, калі яны прысведчуць, так добра, твая будзець праўда. Ч о р т. Чакай жа тут, зараз яны сюды прыйдуць. (Адыходзіць.) С е л я н і н. Добра, добра. Сцэна 13-я С е л я н і н. Да! Гэта не жарты, калі ён іх вока на вока паставіць. Не ведаю, як я выкручуся. Да, можа, яны з чортам не будуць гаварыць. Я ж ім добра зрабіў, бо яны хоць пукнулі б, так бы ў гэтыя дзверы не ўлезлі б. Яны яму не скажуць, спадзяваюся, што я з німі гаварыў. Толькі трэба будзець, як толькі яны прыйдуць, на іх кіўнуць, каб не сведчылі. А вот ліха ўжо іх нясець. Да, дай Бог, каб яны не выказаліся. Сцэна 14-я Ч о р т, С е л я н і н і тры браты Ч о р т (у плашчы). Шаноўныя рыцары! Я вас прывёў сюды толькі для таго, каб вы, памятаючы пра свой стан, праўдзіва засведчылі нам тое, аб чым вас спытаюць. (Селянін моргае, кланяецца і непрыкметна. просіць, каб не сведчылі.) А л я к с а н д р. Заяўляю і ад сябе, і ад братоў маіх, што мы не прывыклі махляваць. К л е а ф а с. Бо махлярства прыніжае кожнага прыстойнага чалавека. З о с і м а с. І бацька наш, паміраючы, пакінуў нам перасцярогу. Ён казаў, калі вы хочаце жыць у павазе і карыстацца пашанай у людзей, дык ніколі не займайцеся махлярствам. (Селянін тут кланяецца яшчэ ніжэй.) А л я к с а н д р. Гавары, што маеш сказаць, а мы табе шчыра пацвердзім, калі толькі будзем ведаць. Ч о р т. Пайшоў я з гэтым вось чалавекам, якога вы тут бачыце, у заклад. А ён мала таго, што парушыў прысягу, захацеў яшчэ сваё злачынства прыкрыць махлярствам. А таму будзьце ласкавы паведаміць мне, ці прыходзілі вы сюды да гэтай вашай скарбніцы? К л е а ф а с. А табе што да таго, прыходзілі мы ці не? Калі і прыходзілі, дык да ўласнай нашай. Ч о р т. Але, панове мае, я не таму пытаюся, што сумняваюся, быццам гэтая скарбніца вам належыць, а таму, каб вы відавочна паказалі гэтаму чалавеку яго махлярства, паколькі ён аспрэчвае мяне і сцвярджае, што і нагі вашай тут не было. А л я к с а н д р. Гэта ўжо першая яго хлусня, бо мы тут былі. К л е а ф а с і З о с і м а с. Так і ёсць, а не інакш. С е л я н і н (убок). Ох, каб вам скулле горла растачылі! Ч о р т. Вось і маеш доказ. Такім чынам, ты ўжо мой. С е л я н і н. За што? Яны ж толькі кажуць, што былі, а больш нічога. Ч о р т. Панове мае! Вечна буду вам удзячным за ваша праўдзівае сведчанне, толькі будзьце ласкавы паведаміць яшчэ мне, ці казаў вам, вяльможным панам, што-небудзь гэты чалавек? К л е а ф а с. Спачатку быў нямым... З о с і м а с. Вельмі мы ўжо налягалі на яго... але... С е л я н і н. Дай божа вам здароўе за вашае свядэцтва. (Кланяецца.) Ч о р т. А ці не казаў ён вам што і ці не паказаў спосабу, як увайсці ў гэтую скарбніцу? К л е а ф а с. Дык у гэтым жа няма нічога благога, што ён нам паказаў. Ч о р т. А ці не размаўляў ён у той час з вамі? А л я к с а н д р. Мала што гаварыў, ён толькі засцерагаў нас, павучаў і паказаў нам спосаб, але з намі мала гаварыў. К л е а ф а с і З о с і м а с. Гэта праўда, што кажа наш брат, і ён сам не можа адступіцца ад гэтага. С е л я н і н. Каб вас усіх д’яблы пабралі за такое свядэцтва. Ч о р т. Вялікае дзякуй вашмосцям панам, даруйце мне, што патурбаваў. Т р ы б р а т ы (адыходзячы, кажуць). Кланяемся. А ты, небарака, больш не хлусі. Сцэна 15-я С е л я н і н, Ч о р т С е л я н і н. А панічэньку дабрадзею, ужо ж цяпер не буду болей таго чыніць. Ч о р т. Ты і першы раз тое самае гаварыў, аднак не вытрымаў. С е л я н і н. Цяпер, мой дабрадзею, датрымаю. Ч о р т. Але як табе верыць, калі ты ўжо раз схлусіў і яшчэ ашукаць мяне хацеў. С е л я н і н. Ох! Я сам не ведаю, хто гэта мяне спакусіў. Ч о р т. Ты сам сябе. Табе ж сам бог прыдаў інстынкты, а ты іх не паважаеш. Я нават сам перасцерагаў цябе, але ты не слухаў мяне. Цяпер табе ўжо не дарую. Ідзі за мной! (Бярэ Селяніна, а ён пачынае крычаць.) С е л я н і н. Ах, дабрадзею! Змілуйся! Даруй! Ч о р т. Не дарую. Ужо гэта другі раз. С е л я н і н. Да галубенька ты мой! Да кукулачка ты мой! Зязюлечка ненаглядная! Да ты ж маё ні сёе ні тое! Да даруй жа гэтат разочак! (Становіцца на калені.) Даруй! Ч о р т. Зноў, зважаючы на тваю нягегласць, дарую табе і другі раз. Але разам з тым і папярэджваю цябе, калі ты не вытрымаеш ужо ў трэці і апошні раз свайго маўчання, каб ты мяне не вінаваціў, бо кожны ведае, што ты сам вінаваты. Да таго ж, я цябе сам адводжу ад гэтага сваімі перасцярогамі і настаўленнямі, якія калі б бог дазволіў скіраваць на маё збаўленне і калі б я сам тады прыняў гэтыя настаўленні да сэрца, напэўна, не быў бы самай шчаслівай істотай. С е л я н і н. Добра, мой дабрадзею, добра. Ч о р т. Адумайся зараз і глядзі, каб вытрымаў свой заклад. Я цябе папярэджваю, што ўжо ў трэці раз табе не дарую. Будзь уважлівым. Як толькі пачне біць гадзіна, каб ты зараз жа змоўк і на працягу ўсёй гадзіны моцна трымаўся, каб ані піснуў, бо ведай, што ў трэці раз я ўжо табе не дарую. Тут будзе табе і канец. Адумайся! (Сам адыходзіць.) Сцэна 16-я С е л я н і н. Ах, як я нешчаслівы! Ублутаўся ў заклад, чы яго ліха на мяне нагадзіла! То хлопцы звялі, а цяпер панічы, а Чорт сам хіба ведаець, што гэтай гадзіны будзець. І сапраўды не ведаю, што я цяпер рабіць буду. Закладу адрачыся няможна, прасіць яго больш не патраплю. Вот як худа, так худа. Бяда, мая бяда! Чы мяне чорт у гэта ўплутаў? Ах, праўда, што чорт. Да я яго не знаў і нядужа тагды чорным быў. Хоць кажуць людзі, што чорт чорны, а вот ён не чорны быў. Чорт яго дзяры? Пайду толькі я ў хату, пакуль тая гадзіна ўдарыць. Нядужа мне там доўга можна бавіцца, аднак пайду, хоць кароценькі час. Ведаю, што незадоўга тая гадзіна ўдарыць, аднак хоць трошэчку з жонкай пацешуся, гаворачы.
АКТ ТРЭЦІ Сцэна 1-я С е л я н і н. Аж змарыўся, бегучы. Аддыхацца яшчэ не магу. А ліха знаець, можа, ужо і запазніўся... Сапраўды, здаецца, што ўжо спазніўся. Чы не быў ужо тут д’ябал? Да яшчэ, здаецца, што яшчэ рана. Не мусіў яшчэ ён прыходзіць, бо мне здаецца, што ён аба мне лепей мусіць помніць цяпер, бо і яму а рэч ідзець. А толька кажуць людзі, калі ўдаецца раз і другі, так трэцяга ўжо не спадзявацца. І ён казаў, трэці і астатні раз пазволіў мне маўчаць. Вот тут мне альбо прайграць прыйдзецца. Аднак прайграць не спадзяваюся, бо як два разы я прайграў, так і ўму набраўся. Не, не! Не выйграеш – трэці раз за мной, пане д’ябле! Ужо цяпер ані на хлопцаў, ані на панічоў уважаць не буду. Няхай яны сабе што хочуць, так робюць. Хоць бы сабе і на галаве хадзілі б, то я ані паўслоўца не скажу. А яны сабе хоць голавы няхай круцяць, я маўчаць буду, а ў духу смяяцца: ха-ха-ха... калі што смешнага рабіць будуць. А гаварыць, да душы ж, не буду ані слоўца, хоць бы што захацелася, так я і губу заткаю. І вочы завяжу, калі б толька нічога не гаварыць, ані абачыць. Але ж калі дацярплю – сто рублей маіх будзець! Сцэна 2-я С е л я н і н, Ж ы д С е л я н і н. Ах, бяда, мая бяда! Не ў каго мне і парадзіцца: жане не хочацца сказаць, што я з д’яблам пазнаўся, а больш некаму і зверыцца. Вот калі ліха на мяне прыходзіць. Калі я прайграю, ніхто не будзець ведаць, гдзе падзенуся. І памінкі па мне ніхто не справіць. Пайду толька я да арандара, аднак ужо ён ведаець. Нап’юся гарэлкі, буду яго прасіць, каб ён пры мне быў. Да ён чорта баіцца, не захочыць. Падарую яму палавіну грошы, што выйграю, тагды, можа, намысліцца. (Кліча.) Арандар, арандар! Хадзі толька ты сюды. Ж ы д. Ню, чаго ты ў чорта гамоніш? С е л я н і н. Да хадзі ж сюды, нешта табе скажу. Ж ы д. Не, не ашукаіс болі! Досіць табе, раз удалося, што я за табой наха[дзіўся]. С е л я н і н. Да хадзі сюды! Будзем грошы тыя дзяліць, што я ў д’ябла выйграў. Ж ы д. Ці ўзё ты выйграў? С е л я н і н. А ўжо ж! Нашто я буду ілгаць? Ж ы д. Сора, Сора! Падай мне бутэльку гарэлкі, пайду я пана Дзёмку пацястую. С е л я н і н. Да не баўся ж! Ж ы д. Зараз, зараз. С е л я н і н. Ашукаецца ён. Сцэна 3-я Ж ы д, С е л я н і н Ж ы д (выходзіць з бутэлькаю). Кланям вашэці. На, Дзёмацку, гарэлку, напіся! А сказы, як табе ўдалося выйграць з д’яблам? С е л я н і н. Дзякуй за гарэлку. Мусіцьбыць, шабасоўка? Ну, пане рандару, чы ведаеш ты, што я мыслю? Ж ы д. Пацым я магу ведаць. С е л я н і н. Я мыслю – колька табе даць грошы. Ж ы д. Колька ты хоцісь? С е л я н і н. Я б табе і многа даў, каб ты мяне ўсягды слухаў. Ж ы д. А колька дасі? С е л я н і н. Папалам бы с табой падзяліўся б. Ж ы д. Ню і сто ты хочаш, каб я цябе слухаў? С е л я н і н. Калі толька я цябе зазаву, каб ты з гарэлкай прыйшоў. Ж ы д. Добра, добра. С е л я н і н. Я табе цяпер не дам яшчэ грошы. Ж ы д. Цаму? С е л я н і н. Ты мяне потым не будзеш слухаць. Ж ы д. Ню?! Буду, буду! На табе рука! С е л я н і н. Яшчэ д’ябал мне не аддаў. Кажыць, што не абяцаў сто рублей. Ж ы д. Я сам цуў, сто ён табе абяцаў толька. С е л я н і н. Змілуйся ж, пане арандару! За гадзіну прыйдзі тут, і д’ябал тагды тут будзець. Не бойся яго, ён маець троха сумлення. Ж ы д. Баюся, баюся. С е л я н і н. Да душы ж, кажу табе, не бойся. Ж ы д. Дзёмацка, не зводзь ты мяне! С е л я н і н. Ну, дурак, я ж табе кажу, што не бойся. Ж ы д. Дзёмацка! Дай зэ ты мне руку на тым, сто д’ябал мяне не возмець, хоць я няхрэснік. С е л я н і н. На табе руку, што пры мне не возмець. Ж ы д. Не бойся, цяпер прыйду. Толька – грошы. С е л я н і н. Будуць, будуць. Ж ы д. Будзь здароў, Дзёмка! Сцэна 4-я С е л я н і н і Ч о р т С е л я н і н. Здаецца, што тут ужо і баўлюся, аднак д’ябла дачакацца не магу. Мусіць, ён мысліць, як мяне ашукаць. Ашукаецца ён сам уперад. А мяне ўжо не ўварвуць болей. Вот і нет, і нет, ага, мо яшчэ гадзіна не тая, бо ён бы зараз прыбег. Ён і даўней усягды перад гадзінай прыходзіў. Мусіцьбыць, яшчэ далёка. Да глядзі, вялікая шкода, што даўжэй не заб[ав]іўся жонкай. Да, у страху вочы вялікі. Два разы ашукаўся, так на трэці раз і на зімнаю ваду дзьмухаць трэба. Гэта не жарты – з гэтакім панічом мець справу! Каб то ён пачцівы быў, так можна б было ад яго адпрасіцца. Да ён – веданы непрыяцель. У яго ад пушчэння не дастаць. Праўда, што мне два разы дараваў, а чаго ж мне за трэцім разам спадзявацца. Пэўна то, што ўжо не даруе, як ён сам казаў, што два разы ўдалося, а болей не спадзявацца. Ч о р т. Добра, што ты тут знаходзішся, бо ў неўзабаве ўжо праб’е гадзіна. Памятай жа, у чым пакляўся! С е л я н і н. Помню. Ч о р т. Знаеш, што з таго вынікае? С е л я н і н. Знаю і добра знаю. Ч о р т. І што ж ты знаеш? С е л я н і н. Ах, знаю, знаю, што ты мне трэці раз не даруеш. Ч о р т. Ты ўгадаў, што я не дарую. Раней прымаў пад увагу тваю цемнату і таму я дараваў табе два разы. Але ўжо ў трэці раз не думаю і не магу; да двух разоў удаецца фокус. Глядзі ж, каб потым ты не наракаў на мяне, як наракаў на Адама, калі табе не хацелася працаваць. Вось ты і пераканаўся, што сам горшы за яго, бо, маючы столькі перасцярог, не выканаў і малога абавязку. С е л я н і н. Знаю я тое сам усё. Але што ж я меў рабіць, калі раз блазны ў злосць увялі, другі раз – панічы. Хоць ужо вялікія, але зусім глупы. Як ім таго не знаць, што пераз цесныя дзверы, шырока ўбраўшыся, улезці інакш няможна, як толька бокам. А яны таго не пазналі. Дуракі зусім! Ч о р т. А што было табе да таго? Ты ж павінен быў пільнавацца свайго абавязку. С е л я н і н. А што ж я меў рабіць, калі няможна. Ч о р т. А навошта тады скардзішся на Адама, калі ты сам горшы? Самай найменшай рэчы выканаць не можаш. Падумай цяпер аб тым, я цябе перасцярагаю, бо ведай, што ў трэці раз я ўжо табе не дарую; хай у цябе не будзе нават самай малай надзеі. Просьбы твае будуць ужо дарэмнымі, а слёзы – марнымі. Я цябе папярэджваю – сцеражыся! (Селянін хоча схавацца.) Стой! Я кажу, каб захоўваў маўчанне, бо тут будзе табе канец. Сачы! Як ударыць гадзіна, каб замоўк. Сцэна 5-я С е л я н і н і Ж ы д С е л я н і н. Ідзі ты сабе, я тое ўсё ведаю, што ты казаў. Але мне трэба жыда, майго падданага, пазваць; ці будзець ён мне паслушным? Калі будзець, а я прайграю, так я яго за сябе аддам. Зазаву яго толька. Арандар, арандар! А хадзі толькі сюды. Ж ы д. Ці ўзо пара? С е л я н і н. А табе што да таго, ці пара, ці не? Ты павінен слухаць. Ж ы д. Зараз, зараз, пане Дзёмка. С е л я н і н. Скарэй жа ты. Ж ы д. Ню і сто ты сказісь? С е л я н і н. Дай гарэлкі. Ж ы д. Зараз, зараз. С е л я н і н (п’е гарэлку). Ах, добрая гарэлка! Я цябе на тое пазваў, каб ты паслушны быў і каб ты не баяўся чорта. Ён і тагды за табой не гнаўся. Я табе толька жартам сказаў. Ужо я і яму казаў, што ты прысведчыш. Ж ы д. А ён сто на тое? С е л я н і н. А ён казаў, як ты прысведчыш, так аддасць. Ж ы д. А падзелішся ты са мной? С е л я н і н. Падзялюся. Ж ы д. Дай руку. (Селянін дае руку.) Не бойся ўзо прысведцу! Сцэна 6-я С е л я н і н. Прападзі жыд, а мне рупіць, як з д’яблам закончыць. Гэта не жарт! Ні разу д’ябал так сярдзіта са мной не гаварыў. Тагды мог яшчэ пазнаць, што падаруець. Але што цяпер – не спадзяваюся. Бедны я цяпер! Ці нядобрая мяне ў гэта ўплутала ліха? Адрокбыся ўжо і сто рублей, і другія б сто адрабіў бы. Але то не з чалавекам справа. Не патрэба яму грошы. Ён і сам каму можаць даць. Ён толька душы хочыць. Гэта праўда, што душа найдаражэйшая за ўсё, бо калі яе раз пацяраеш, болі яе не сышчыш... Вот як у бяду я ўлез. Вот як, наракаючы на Адама, з’еўся. Аднак яшчэ спадзяваюся, што гэтат трэці раз вымаўчу. Здаецца, што хоць бы і самае ліха хацела са мной гаварыць, прыйшоўшы ка мне, не адкажу ані паўслоўка... што гэта ў чорта, ці не б’ець... не... праўда ж. (Б’е гадзіна. Селянін на мігах паказвае розныя знакі.) Сцэна 7-я П а к у т н і к і С е л я н і н П а к у т н і к. Вопыт мяне навучыў, што свет шмат можа. Ён сваімі спакусамі вядзе да замілавання сабою. Ён спакушае да пажадання таго, з чым нельга прымірыцца. Ён уводзіць у зман нават у тым, што ёсць добрага, даючы парады, якія пярэчаць цноце і спрыяюць граху. Ён усхваляе гэта і робіць іх бязвіннымі, нават рашаецца выдаць іх за гонар. Вось гэта і адлучае мяне ад свету, прымушае мяне развітацца з ім. Я не хачу зведаць на сабе ўздзеянне тых няшчасных вынікаў. Я ўжо дастаткова наглядзеўся, дастаткова да гэтага часу нахваляваўся і папсаваў нямала сабе крыві з гэтай прычыны. Іду цяпер у пустыню, каб ніхто з жывых ужо не ведаў пра мяне. Іду, каб астатак свайго жыцця прысвя ціць служэнню Творцу. Не перашкодзяць мне аніякія страсці, бо я іх бачу ў сабе ўжо ўтаймаванымі. Не спалохаюць мяне ніякія страхі, бо я гэтаму не веру і верыць не буду, хоць бы мне няведама што казалі. Хіба, каб мне сам паказаўся Люцыпар, але што я кажу?.. Саграшыў я, што ўспомніў таго, які з’яўляецца ворагам роду людскога, што ўспомніў яго знарок і ў развазе, і яшчэ тым, што такі самаўпэўнены ў сабе. Божа, будзь літасцівы да мяне... Дапамажы мне, каб я вытрымаў у той пустыні і ніколі не вярнуўся з яе... Ой, не... не... я буду знаходзіцца і жыць у ёй аж да смерці. Будзь здароў, яснавяльможны пане свет!.. Я цябе зараз тытулую, бо ўжо пакідаю ўсе тытулы табе. Будзь здароў! (Ідзе і наступае на дудку.) Ах, даруй Божа! Што гэта робіцца? На самым уваходзе ў пустыню мяне ўжо спатыкаюць такія прыгоды. Мой першы крок пазначаны такой варожасцю лёсу. Нават само ўяўленне малюе мне агідны канец. Ах! Што мне рабіць, нешчасліваму? Куды звярнуцца, што рабіць, як я здолею ўратаваць маё жыццё ад небяспекі? Вазьму ж, аднак, я кій у рукі ды пайду. Хіба не перамагу гэтай гадзюкі? (Ідзе і ўдарае, а Селянін смяецца і непакоіцца.) Ах, яна яшчэ і кія не баіцца і не саступае з дарогі. А я паабяцаў Богу жыць у пустыні, праводзіць там самотнае жыццё. А зараз на самым уваходзе ў яе мяне хацела з’есці лютая гадзюка. Ды яшчэ такая страшная, што не магу і глядзець на яе. Раздулася, быццам з’ела трое цялят. Што я кажу? Ад цяляціны і не так можна распаўнець. Касматая, як маладое цялё; пашча, як у льва; ног не злічыць і дакрануцца не дазваляе... Ах, няхай мяне сам Бог беражэ. Не бачыў я яшчэ такой пачвары за ўсё сваё жыццё, жывот надзвычай вялікі, шыя доўгая. Вось якія перашкоды для службы Богу. Баюся ўжо і ступіць далей. Першы ў гэту пустыню ўваход стаў мне бар’ерам для праходу ў яе глыбіню. Прагну сапраўды жыць у пустыні, але што ж калі на самым подступе ў яе я сустракаю перашкоды. Дух мой ахвочы, але цела слабое. Баюся спакусіць лёс, каб не выклікаць варожасці майму рашэнню. Лічу за лепшае вярнуцца. Але што, хіба ўжо з гэтай злой прычыны павінна марнець маё пачынанне. Не, з гэтага нічога не будзе. Пайду, абыйду яе вакол, а можа, мне ўдасца. У такім разе іду і больш не вярнуся. (Ідзе.) Аднак паварушу яе кіем, каб лепей разглядзець. (Паварушвае кіем, дудка пішчыць і крычыць.) Гвалту, гвалту! (Селянін ледзь не лопаецца ад смеху і злосці. Пустэльнік адскоквае.) Баюся ісці далей. Хто ведае, што гэта азначае? Гэта гадзюка прадракае мне фатальныя ў той пустыні здарэнні... Аднак яе трэба перамагчы, каб я мог стаць добрым пустэльнікам. Пайду і заб’ю яе. (Ідзе і хоча біць.) Баюся, каб яна не з’ела мяне. Божа, хай будзе воля твая! (Б’е дудку, дудка пішчыць.) Мусіць, раззлавалася, бо ўжо пішчыць іншым голасам. (Прыцягвае яе кіем да сябе, дудка пішчыць, пустэльнік гвалту крычыць.) Ах! О Божа, не ведаю, што мне рабіць? (Трасецца.) Сцэна 8-я С е л я н і н і П а к у т н і к С е л я н і н. Чаго, ваша, баішся, ці не знаеш, што гэта ёсць? П а к у т н і к. Не ведаю. С е л я н і н. Гэта не гадзіна, гэта дуда руская. П а к у т н і к. Як гэта руская дуда? С е л я н і н. Вот какая, што можна на ёй граць. П а к у т н і к. Што ты пляцеш? С е л я н і н. Я не пляту, але праўду кажу. Калі хочаш, так і зараз зайграю. П а к у т н і к. Не веру гэтаму, каб ты яе і ў рукі ўзяў. С е л я н і н. Вот абачыш. (Бярэ і грае.) А што, альбо не прыгожа? А ты, дурак, баяўся. Паскачы цяпер, бо яшчэ пайграю. (Грае.) П а к у т н і к. Цяпер ужо веру, але здзіўляюся, хто прыдумаў гэты інструмент і хто на ім можа граць, яго ж страшна ў рукі ўзяць. С е л я н і н. Як твой дурны ум, так баішся. Не мусіў ты быць з нашымі брацьмі ў карчме. А мы, калі збяромся да карчмы, мала яе не развалім ад гуку – толька дуд нашых! П а к у т н і к. Але навошта патрэбен гэты мяшок? С е л я н і н. А які ж ты дурак! Без яго і граць няможна было б... А гдзе б дух дзяржаўся? П а к у т н і к. Бачу, ваша, што вы майстра граць на гэтым інструменце. Сыграй жа нам на ім! Можа, васпану трэба табурэтка? С е л я н і н. Магу я зайграпь і стоячы. П а к у т н і к. А як жа, вяльможны пан, будзеш перабіраць? Трэба было б яе пакласці на стол, а потым пальцамі, дзе трэба, затыкаць. С е л я н і н. Не дзіва было б, каб які блазен гаварыў так, як ты, вашэць. Няўжо ж, вашэць, таго не пазнаў, што так трэба іграць. (Грае.) Вот гэтак губой трэба дуць, а пальцамі перабіраць. Відзіш, як трэба іграць. П а к у т н і к. А там што за страшыдла? С е л я н і н. Вот цяпер даждаўся на сваю галаву. Ой, бяда, бяда! Я думаў, што ён ўжо не прыйдзець. Сцэна 9-я Ч о р т, С е л я н і н, П а к у т н і к Ч о р т. А дакуль жа вось гэта будзе? Пасля столькіх перасцярог і яшчэ не памятаеш свае прысягі! С е л я н і н. Да панічаньку, каб ты ведаў, які ён вялікі дурак! Разумеў ён, што гэта гадзіна, а гэта дуда руская. Ч о р т. Што табе было да гэтага? Табе ж трэба было толькі маўчаць. Ты ж ведаеш, на які заклад пайшоў! Ведаеш і тое, што я ўжо табе два разы дараваў. Я цябе папярэджваў, што трэці раз ужо не дарую. Аднак ты не стрымаў абяцання, ты пераступіў мой загад, які, калі б ты захаваў, быў бы шчаслівым, але [цяпер будзеш] вечна нешчаслівым. Ты наракаў на Адама, а ці справядліва? С е л я н і н. Не ведаю, пане д’ябле. Ч о р т. Вось калі ты не ведаеш гэтага, то я цябе навучу. Адам быў такі чалавек, як і ты. Ён меў наказ ад Бога не ўжываць забароненага плода. Але ж ён не ведаў тых таямніц нашай здрады, як ведаеш ты. Ён нічога не чуў пра пасткі, якія мы расстаўляем штодня на чалавечы род. Ён не бачыў ніякага падобнага прыкладу для сябе. Ты ж асвечаны пропаведзямі, перакананы на прыкладах і падмацаваны штодзённым вопытам, адважыўся парушыць тры разы клятву прысягі. Цяпер я ўжо немагу табе дараваць. С е л я н і н. Ты, вашэць, дабрадзею, паслухай толька, што тот дурак не ведаў, што гэта дуда. Ён думаў, што гадзіна нейкая. Ч о р т. А гэта хіба тычылася цябе? Табе трэба было думаць толькі пра маўчанне, а ён хай бы сабе што хацеў, тое і гаварыў. П а к у т н і к. Ён жа мяне толькі папярэдзіў. Ч о р т. Тым горш зрабіў, што папярэдзіў, бо і ты, можа, быў бы мой. С е л я н і н. А яж яму нічога аб нашай гаворцы не казаў. Ч о р т. Калі б ты і пра гэта нічога не казаў, дык было б лепей. С е л я н і н. Ці ж я гэтага, панічэньку, спадзяваўся? Ч о р т. Хіба ж ты можаш гаварыць, што не спадзяваўся?! Я ж два разы табе дараваў, дык таму ў трэці раз трэба было быць асцеражнейшым. П а к у т н і к. Але ж даруй яму на гэты раз. Ч о р т. А, добра, я дарую яму, але вазьму цябе. П а к у т н і к. А згінь ты, прападзі! (Жагнаецца і адыходзіць.) Знайшоўся мне дабрадзей! С е л я н і н. А дабрадзею, а даруй жа ты, вашэць, гэтат раз! Ч о р т. Ніяк не магу. Дазваляю табе яшчэ мінуту часу. Рыхтуйся ўжо быць вечна са мною. Сцэна 10-я С е л я н і н. Ой, бяда, мая бяда! Гора ж маё! Нешчаслівы на векі цяпер. Вот што я сабе зрабіў! Лепей каб я таго глядзеў, што да мяне належыць. Каб не жаліўся на пана і на страву для сябе, жонкі і дзяцей, як дагэтуль я рабіў, ніколі б я так нешчаслівы не быў бы. Вот што гультайства мне зрабіла! Да які ж я вялікі дурак! Як мне не зважаць! Столька ён раз мяне перасцерагаў, каб заклад дадзяржаў, каторы каб дадзяржаў, меў бы вялікую суму грошы. Аднак я не выцерпеў, як ён мне казаў, і для таго стаў нешчаслівы. Ах... ах... мне беднаму... Што б я даў, каб тут цяпер мае суседзі былі, мае таварышы, каторыя клясці Адама памагалі; каторыя казалі, каб я быў няверным пану; каторыя самі так рабілі; каторыя акрасць пана за грэх не мелі; каторыя ашукваць пана і другіх па злосці ўядаць перад панам радзілі; каторыя пры малацьбе колька разы па колька чвёртак у карчму насілі са мной разам на гарэлку; каторыя замкі адмыкаюць, ціха падходзяць пад свірны падкапацца, сцены і памосты круціць і збожжа тачыць учылі; каторыя, як паном адказаць, як з віны выкруціцца, вучылі. Праклятае тоя таварыства! Праклятае з шэльмамі жыццё! Ніколі б я гэтак не згінуў бы. Ніколі б я гэтак нешчаслівы не быў ба, каб з тымі не таварышыў, каторыя з д’ябламі жывуць, каб у таварыстве з імі не быў і іх не слухаў. Але што ж? Віць, і я мужык! З панам мне было, а за се з шляхціцам дастаў бы пазаўшку. Што ж я бедны меў рабіць? Трэба, коньча, было з мужыком жыць! Збытнае маё п’янства, частыя байрамы, гэтыя мяне нешчаслівымі учынілі. Ах, бяда ж, мая бяда! Беражыцеся, мужычкі, беражыцеся! Я вас асцерагаю. Не ругайце ані на Бога, ані на Адама, але на сябе. Мы горшы яшчэ, як Адам. І ён, праўда, саграшыў, але раз толька, і за раз пакутуваў. А мы дзень на дзень грашым і пакутуваць не хочам. Гэта-то прычына нашай згубы! Гэта ў пекла нас вядзець! Ах, як на тое, цяжка ўздумаць, што цярпець зараз буду! А яшчэ цяжэй на тое, што вялікая моц у пекла дастаецца для таго, што не помнілі на перасцераганні папоў. Ох, многа, многа рабят, што бацькоў, падданыя паноў, не слухаюць у тым, што да збавення вядзець. Многа бацькі дзецям, паны падданым напрыкраюцца ў тым, каб добрымі былі! Жалаваць таго будуць некалі, да па часе так, як я цяпер. Помню, што мне бацька казаў, каб я не хацеў багацства, а дзякаваў Богу за тое, што Бог даў. Каб пацераў не апушчаў! А я нічога гэтага не рабіў. Не прыйшлося часам і пераксціцца. Устаўшы, за кляцьбу, як за малітву, хватаўся. Гэта-то мяне згубіла. Гэта-то мяне цяпер у рукі чорту ўпхнула. Гэта-то мяне на векі нешчаслівым учыніла. Ах, бяда мне, бяда... Да чаго ж тужу, аднак? Мяне чорт возьмець. Трэба, коньча, жыда прызваць, каб ён быў, як чорт прыдзець. А можа, яго за мяне возьмець?! (Стукае і крычыць.) Арандар, арандар! Сцэна 11-я Ж ы д і С е л я н і н Ж ы д. Ню, а сто ты сказісь? С е л я н і н. Бяда мая, не магу дачакацца майго таварыша. Ж ы д. Якога? С е л я н і н. Таго самага, ад каторага ты ўцякаў. Ж ы д. Ці цорт твой таварыс? С е л я н і н. Так ёсць, што чорт мой таварыш, разам будзець і твой. Ж ы д. А я не хацу, не хацу. С е л я н і н. Чаго ты не хочаш? Ці ж ты забыўся, што я з табой прыабяцаў папалам падзяліцца? Ж ы д. А ці выйграў за ты? С е л я н і н. Выйграў, толька ты будзь мой, а я твой друг. Ж ы д. Добра. С е л я н і н. Як прыдзець д’ябал, так ты не ўцякай, бо калі ён захочаць круціць грошы, ты прысведчыш. Ж ы д. Баюся. С е л я н і н. Не бойся, дурак! Я табе кажу, хоць бы ён і сярдзіт быў, ён табе ані слоўка не скажыць. Ж ы д. Ці праўду казісь? С е л я н і н. Вер ты мне. Ж ы д. Добра, я ж яго буду дазыдаць. А вот і ён ідзець. С е л я н і н (кажа ўбок). Дажджэшся ты нечага. Сцэна апошняя Ч о р т, С е л я н і н і Ж ы д Ч о р т. Ужо прыходзіць табе час развітацца з гэтым светам, на які ты цяпер паглядаеш. Пойдзеш са мною, спазнаеш вечную цемру. Не маеш права цяпер ні на кога наракаць. Ты ж наракаў на Адама. Спазнаеш жа, ці справядліва? Ты горшы за яго і павінен гэта прызнаць сам. С е л я н і н. Знаю то, але выбачай, мой дабрадзею, бо гэта з няўвагі сталася. Ж ы д (з цікавасцю прыслухоўваецца). Дзёмка, упамінайся гросы! Ч о р т. Што ты мне кажаш?! Хіба ж я табе не дараваў два разы і не засцерагаў за кожным разам, каб ты захоўваў маўчанне? С е л я н і н. Праўду ты кажаш. Аднак, мой дабрадзею... Ч о р т. Нічога з таго не будзе. Ж ы д. З прапрасанем твоей годнасці, віць, васпан пабяцаў даць. Ч о р т. Праўда, што я абяцаў даць яму грошы, але тады, калі ён будзе варты. Ж ы д. Я сведцу, сто ён выйграў. Ч о р т. Дык ты прайграў! Ж ы д. Я с табой не братаўся. Ч о р т. А чаго ты хочыш? С е л я н і н. Ён таго хочыць, пане д’ябле, каб ты быў ласкаў (становіцца на калені і кланяецца) і яго ўзяў за мяне. Аднак ён твой, бо няхрэснік. Ж ы д (уцякаючы, крычыць). Гвалту! Ч о р т. Я не маю прычыны яшчэ яго браць. Гэта праўда, што ён будзе мой, але ты... С е л я н і н. Да вяльможны мосьці дабрадзею! Ужо ж цяпер кажу, што шчыра папраўлюся, толька прашу цябе, даруй мне гэтат раз! Ч о р т. Нічога з гэтага не будзе. Ты быў папярэджаны. Я ж табе ў самым пачатку казаў і засцерагаў. А каб ты не наракаў на мяне, я навучаў цябе, як паводзіць сябе. Аднак ты ўсё гэта не прыняў пад увагу. Ты не памятаў, што абяцаў. Зараз ужо пойдзеш са мною. Гледзячы на цябе, усе, хто не захоўвае абавязкаў свайго стану, пазнаюць, што іх чакае. Гэта датычыцца, можа, не толькі адных вас, мужычкоў. Скажу больш, што ў такое самае няшчасце лёгка можа патрапіць і пан, калі не будзе паводзіць сябе разумна, паводле правіл, заснаваных на боскіх і касцельных правах... Я гавару гэта ўсім і папярэджваю... Не наракайце з гэтага часу на д’ябла, мовячы, што нас д’ябал спакусіў. Праўда, мы хочам спакусіць. Але на таго, хто паслухмяны, хто замацаваў у памяці і сэрцы боскія запаветы і стараецца іх выконваць, мы не маем ніякага права бо з ім жыве Бог. (Да Селяніна.) Ты не можаш паскардзіцца на Бога, бо ён дазволіў нават мне засцерагаць цябе. Але ж ты легкадумна паставіўся і да маіх перасцярог, і да сваіх учынкаў, а таму і прыйшоў да гэтага нешчаслівага канца. Ідзі ж за мною! Будзеш ужо са мною вечна нешчаслівым. (Цягне Селяніна ў пекла.) С е л я н і н (крычыць). Квасу! Дайце квасу! |