Да зместу

ФРАНЦІШАК КАРПІНСКІ

ДА ЮСТЫНЫ. ВЯСНОВАЯ ТУГА

Так ззяе ўжо сонца – у небе, не ў марах,

Так свеціць, высокае, свету!

Маё ж па-ранейшаму сонца – у хмарах,

І ў іх – ніякога прасвету!

Ужо збажына зелянее ў наўколлі –

Усё ёй сяголета годзіць.

У рост гэтак дружна ідзе, як ніколі...

Пшаніца ж мая і не ўсходзіць!

Ужо ад шчаслівых салоўкавых песень

Садок дзень і ноч не змаўкае,

І ім адгукаюцца птушкі ўсе ў лесе.

Мой птах жа маўчыць, не спявае.

Вясна ўжо расквеціла краскі памалу

Пад цёплага сонейка ласкай,

У розныя фарбы лугі ўсе прыбрала.

Мая ж не цвіце яшчэ краска.

Дакуль жа прасіць цябе буду, о Неба,

З вясною пра ласку такую:

Паліў я слязамі даволі ўжо глебу,

Калі ж плён жаданы збяру я?

ВЯРТАННЕ З ВАРШАВЫ НА ВЁСКУ

Во з нізкай страхою, абмазаны глінай

Убогі дамок мой ці проста – хаціна.

Печ тая ж без кафлі... Усё, як было тут.

Ды штосьці дамок пахіліўся да плоту.

Шчаслівы, хто мае надзел свой пад небам,

Усё на ягоным стале ёсць, што трэба.

Свой хлеб, свая скварка, гарох з свайго току,

Напоі свае, свая жонка пры боку.

Каб гэтак раней думаў я, ашуканы!

Каб жыў сабе ў вёсцы, нікому не знаны!

Каб нат і ў павеце мяне не пазналі,

І толькі суседзі суседам назвалі.

Каб еў толькі хлеб, сваім потам здабыты,

Каб жыў я без вестак, памёр без граніту.

Што выйграў я, кінуўшы вёску ў даліне?

Аслеплены, плыў я ўвесь час супраць плыні.

Калі ж побач гінуў хто, сябра ці крэўны,

Я думаў сабе: «Плыць не ўмеў ён, напэўна».

Што далі мне ў свеце магнатаў парогі?

На слізкіх іх сходах збіваў толькі ногі.

Ні панам не стаў я і ні капітанам,

Адзін успамін, што піў чай разам з панам.

Мне бацька наказ даў такі перад сконам:

«Дзе б, сын, ты не быў, пад якім бы законам,

Знай: Праўда за скарб даражэй, за дакуты,

Ты бедны, ды з Праўдаю будзеш багаты».

Я помніў наказ, бацька твой, сярод тлуму –

Казаў і пісаў толькі так я, як думаў.

Не кпіў я з людзей, прабачаў іх правіны.

Калі ж каго славіў, то не без прычыны.

Ці выйграў я, што не служыў анікому?

Вярнуўся бяднейшы, чым выехаў з дому.

Але ж хіба Цноту адкідваць мне трэба

За тое, што ўсё ж не дае яна хлеба?

Хай шчасце мяне абміне, пачакае,

Я ж Праўду не кіну – так бацька мне раіў.

Так, штосьці Нябёсы і мне ўсё-ткі далі,

Ды хціўцы па хвілі жыццё маё кралі.

Каб жыў я для іх, пад іх вокам нядрэмным,

Каб стаў я навек іх валом падярэмным.

Адны абяцанкі яны мне давалі.

Людзей я не пхаў, хоць мяне скрозь піхалі.

Надзея! Цябе я не ў золаце бачыў

У мроях сваіх яшчэ з вёснаў юначых.

Што пыха маёнткаў! Зусім не па гэта

Я стукаўся ў дзверы Фартуны штолета.

Мне жыць бы на вёсцы, у хаце той простай,

Абы толькі хлеба было ў ёй удосталь.

Быць вольным хачу, не згінацца ў паклоне...

Хадзіць сабе з плугам па ўласным загоне...

Я думаў пра гэта штодзень і штоночы;

Ад кніжак я страціў здароўе і вочы...

Што ж кніжкі далі мне? Яны – тая ж ніва,

Што зрэдку й насення не верне ў час жніва.

Над імі карпеў я ўвесь век без спачынку,

Цяпер жа во мару пра хлеба скарынку.

У час Шымановічаў і Каханоўскіх

Знайшоў бы я, можа, Замойскіх, Мышкоўскіх[1].

Тады б мая ніва не знала няўроду,

Бо я ўвесь свой талент аддаў бы народу.

А так згіньце, кнігі – мой скарб нешчаслівы,

Я з вамі звязаўся дарма: давялі вы

Да торбы мяне і, на жаль мой вялікі,

Мяняю я вас на плугі ды матыкі.

Я думкі свае ўжо не выкладу ў творах.

Але маё сэрца на бліжняга гора

Усё ж адгукнецца. Я з радасцю буду

Спрыяць, памагаць неяк беднаму люду.

Марыя![2] Сястрыца! Пра ўсіх бы ты дбала:

Я толькі вярнуўся, і ты ўжо прыджгала!

Пры куце пустым, у дзятвы акружэнні,

Што ж раптам, жанчынка, ты стала ў зняменні?

На рукі зірнула мае: як няўмелы,

Парадкаваць буду я двор апусцелы?

Гняце й цябе беднасць – любы тут прыкмеціць:

Што ж, з Праўдай таксама ідзеш ты па свеце.

О родныя! Хай вас надзея не слепіць:

«Ён быў між панамі, і нам будзе лепей...»

Так, быў і служыў бы яшчэ ім і болей,

Але дагаджаць панству тому даволі!

Усё! Хай чужое, капаю ўжо груддзе.

Дамок падапру чым, і жыць у ім будзем.

ЧЫНШ

камедыя

Асобы:

Мілоскі, пан.

Статэцкі, панскі сябра.

Грозніцкі, падстараста.

Мальгрэта, жонка падстарасты.

Сымон, селянін.

Паўлінка, Сымонава дачка.

Бартэцкі, пісар Грозніцкага.

Дзея адбываецца ў доме падстарасты ў вёсцы пана Мілоскага.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Зява першая

Грозніцкі, Бартэцкі.

Грозніцкі. Бартэцкі! Вашэць яшчэ не ведае нашага пана? Малады, рухавы, апранаецца па-французску, фрызура большая за ўсю галаву; імгненна раззлуецца, а праз хвіліну – добры, і шкадуе, што гневаўся. Не ведаю, пра што ён там з іншымі гамоніць па-французску, але са мною заўсёды гаварыў толькі пра грошы. Аднаго разу, калі я яму прывёз падаткі, пасадзіў мяне за свой стол; але іншы раз, калі прыехаў па справах да пана, і гаварыць са мною не стаў, а толькі перадаў праз сакратара, што мае важнейшыя інтарэсы, чым памятаць пра нявыплачанае за тры гады плябану.

Бартэцкі. Што ж там наш пан робіць у той Варшаве? Маючы свае гарады і вёскі, чаго сядзець у чужым?

Грозніцкі. Хто ж бы ўсё гэта вытлумачыў, што паны робяць у Варшаве! Яны гэта адным словам называюць: бавіцца. Дык вось, бавяцца ў князя, у ваяводы, на оперы, на рэдуце, у цырку і гэтак далей.

Бартэцкі. Апрача князя і ваяводы, я нічога не разумею; што гэта за опера, рэдут, цырк?

Грозніцкі. Калі-небудзь я ўсё табе патлумачу. А што датычыць панскіх забаваў, дык слухай. Пан наш часта бывае запрошаны на абеды, то едзе ў калясцы, і два лёкаі, два стральцы, два гусары, негр і ганец мусяць быць пры ім.

Бартэцкі. Пэўна, гэтыя восем чалавек парамі ідуць перад каляскаю, і гэта павінна выглядаць прыгожа.

Грозніцкі. Чэпяцца ўсе на каляску! Ды я не ведаю, навошта нашаму пану ганец, калі, выязджаючы да каго, заўсёды мае з сабою вершнікаў? Ды і навошта яму нават вершнікі, калі едзе за колькі сотняў крокаў з аднаго палаца да другога? Негр жа панскі зусім нічога не робіць, толькі ёсць неграм.

Бартэцкі. А два стральцы? Што ім у Варшаве страляць?

Грозніцкі. Яны толькі называюцца стральцамі ды вопратку стралецкую носяць; а страляць аніводзін не ўмее, хіба па паўмісках і фарфурках. Цэлы год з Варшавы не выязджаюць, страляць у горадзе забаронена, а яны, як і раней, – стральцы. Колькі ж выдаткаў на ўсіх гэтых людзей! А ў большасці пану яны непатрэбныя. Ходзіць вельмі часта пешкі адзін па Варшаве ў сурдуце, у капелюшы і з кіем у руках, ходзіць Бог ведае дзе ды кажа, што гэта яго найлепей бавіць.

Бартэцкі. Я чуў, што наш пан на чужыя абеды выязджае; а да яго ці прыязджаюць калі на абед?

Грозніцкі. Вельмі часта таксама і ў сябе абеды дае. Той, хто не мае чым іншым заняцца, спраўляе ў Варшаве добрыя абеды. Кажуць, што у нашага пана абеды адны з лепшых. Ды і на балі і на кабетаў шмат грошай ідзе; і каб яго пан Статэцкі не стрымліваў, ён даўно б ужо прапаў. Хоць і так апрача прыбытку з маёнткаў ён яшчэ штогод вёску якую-небудзь прадае.

Бартэцкі. А хто гэта за пан Статэцкі?

Грозніцкі. Дзед пана Статэцкага быў дзедзічам усіх нашых вёсак, але, кажуць, што дзед пана Мілоскага несправядліва іх у яго выдраў ці выманіў; дык вось наш пан, які мае добрае сэрца, з тае прычыны хоча мець пана Статэцкага каля сябе; любіць яго, шануе, чыніць яму ўсялякія выгоды. Пан Статэцкі мае сёе-тое сваё, але яго ў Варшаве панам не называюць і таму толькі паважаюць, што ён чалавек вельмі прыстойны.

Бартэцкі. Нешта кажуць, быццам пан наш збіраецца сюды прыехаць!

Грозніцкі. На днях чакаем яго тут. Дык трэба і рэестры мець гатовыя, і падаткі з падданых цалкам сабраць; бо калі яго прывітаеш якою тысячаю злотых, дык няма лепшага пана за нашага.

Бартэцкі. Усе падданыя ўжо заплацілі, адзін толькі Сымон, які ў мінулыя гады першы выплочваў, а цяпер і шэлега не даў.

Грозніцкі. Вашэць кахае Паўлінку, Сымонаву дачку, дык, можа, яму наўмысна патураеш. Але клянуся, калі мне сёння грошай не будзе, то дзед сто бізуноў атрымае, не зважаючы на ягоную старасць. Ідзі, вашэць, зараз да яго ды скажы яму, што яго чакае.

Бартэцкі выходзіць.

Зява другая

Грозніцкі, Грозніцкая.

Грозніцкая. Чаго, вашэць, так разгневаўся?

Грозніцкі. А як жа мне не гневацца? Усе падданыя заплацілі падатак, а Сымон яшчэ не. Я ж пана на днях чакаю! Папомніць мяне гэты агідны стары. Маё сэрца, мая Мальгрэта, не прасі мяне за яго, бо я абяцаў, што яму сёння сто бізуноў загадаю даць, калі грошы да шэлега не заплоціць. Гэта зухаваты мужык, няраз ён мне адмаўляў, няраз на словах пярэчыў, – прыйшоў час і на Сымона.

Грозніцкая. Сто бізуноў Сымону! Гэта ж насмерць забеш! Дык ты, вашэць, пакляўся забіць чалавека?

Грозніцкі. О мая пані! На кожным мужыку па дзевяць скур, калі апошняе не чапаць, то вытрывае.

Грозніцкая. Мужыцкая скура такая ж, як і шляхецкая. Лепей кінуць у вязніцу, дык ягоная каханая дачушка зараз жа дастане грошы. Калі б гэта на мяне, то я нават не бацьку, але яе самую загадала б кінуць, а ейныя жаніхі, якімі яна нібыта пагарджае, імгненна б грошы прынеслі.

Грозніцкі. Чым жа дачка віноўная, што ейны бацька не хоча заплаціць скарбовы падатак? Яна адна корміць Сымона, а васпані раіш кінуць яе ў вязніцу! Вось лепш вазьмі яе, Мальгрэта, у двор на службу. Заплацілі б ёй папярэдне на гэты падатак, а яна з часам адслужыць.

Грозніцкая. Ага! Ужо вашэці Паўлінка ў фальварку патрэбна. Мне ўзяць яе ў двор хіба на тое, каб у падстарасты былі дзве жонкі?

Грозніцкі. Мальгрэта! Васпані ўжо пачынае?

Грозніцкая. Ці ж не вашэць пачаў?

Грозніцкі. То я й першы замаўчу.

Грозніцкая. А я другая змоўкну.

Зява трэцяя

Грозніцкі, Грозніцкая, Паўлінка.

Паўлінка. Маспане! Мой тата плача!

Грозніцкая. А чаму ж ты, каханая дачушка, замест яго не плачаш, а толькі кажаш, што яго вельмі любіш?

Грозніцкі. Мая Мальгрэта! Што табе да гэтага? Той плача, хто плакаць можа. Паўлінка, чаго плача твой бацька?

Паўлінка. Бо яго Ваша Мосць праз Бартэцкага пастрашыў караю за нявыплачаны падатак. Калі маці мая памірала, ён не плакаў і мяне суцяшаў. Сёння першы раз бачу слёзы майго таты, мусіць, сёння яму найцяжэй. Мой тата кажа, што больш баіцца сораму, чым болю, бо заўсёды быў пачцівым чалавекам...

Грозніцкая. Навошта ж табе, каханенькая, тыя твае сукенкі, у якія так любіш убірацца? Калі так, як кажаш, любіш бацьку, дык прадай усё, можа, і хопіць на падатак.

Паўлінка. Ваша Мосць пані! Хто ж сукенкі пашкадуе, каб адкупіць уласнага тату ад болю ды ганьбы?! Я ўжо казала яму пра гэта, але ён спадзяецца на ласку Вашай Мосці, васпане Грозніцкі, што, дасць Бог, дазволіш яму заплаціць увосень пасля збору ўраджаю падатак за два гады. Сукенкі ж мае за палову кошту (як ён кажа) аддаваць не хоча.

Грозніцкі. Магла ж і ты, Паўлінка, пайсці куды-небудзь на службу, дык і заплаціла б бацькаў падатак.

Паўлінка. Калі мы зямлю не зможам апрацоўваць, аддадзім яе ў скарб; а да таго часу я працаю рук уласных буду карміць майго тату; але ніколі, да смерці, яго не пакіну.

Грозніцкая (бярэ Паўлінку за руку і выводзіць яе з пакоя). Ідзі адсюль, ідзі, сарамяжная дзяўчына, але каб падатак абавязкова заплацілі, бо калі не бацька, дык ты атрымаеш.

Грозніцкі (як выйшла Паўлінка). Мальгрэта! Як жа васпані не мае літасці! Калі гэтая дзяўчына гаварыла, у мяне сэрца крывёю аблівалася. А васпані за дзверы яе выгнала.

Грозніцкая. Сэрца ў яго крывёю аблівалася, калі Паўлінка гаварыла, а нядаўна хацеў крывавіць бізунамі сямідзесяцігадовага старога.

Грозніцкі. Хацеў крывавіць, бо ён заслужыў гэта; але Паўлінка толькі Богу душой вінная. Яна ж пачцівая дзяўчына! Што ж ты, маё сэрца, маеш да яе?

Грозніцкая. Заўважыла, што ты на яе залішне часта пазіраеш.

Грозніцкі. Мальгрэта! Васпані зноў пачынае, а я цярплю.

Грозніцкая. Незважай на гэта, я пачала – я выйду з пакоя, а ты пакліч Паўлінку ды ўгамані яе пайсці на службу ў фальварак.

Зява чацвёртая

Грозніцкі адзін, пасля – Бартэцкі.

Грозніцкі. Дзіўная мая жонка! Ёй здаецца, што я кахаю Паўлінку. Нібыта нельга пахваліць пекную дзяўчыну альбо мець літасць над ёю, каб не закахацца? Па-праўдзе, я люблю пазіраць на пекныя тварыкі; і хто б не любіў глянуць на Паўлінку, калі да яе вочы самі прыцягваюцца? Але ж калі яна з вачэй, дык і з думак. Я гатовы яе і абняць, і пацалаваць, але гэта зусім нічога не значыць, бо Мальгрэта заўсёды будзе ў маім сэрцы. Бо яна – кабета любая мне і добрая гаспадыня. Калі б не рэўнасць ды залішняя прывязанасць да грошай – нічога б супраць яе не меў.

Заходзіць Бартэцкі.

Ну, Бартэцкі, Сымон плача, а твая Паўлінка пакутуе.

Бартэцкі. Сымон, Паўлінка і я з імі – усе там разам мы плакалі, бо Паўлінка, вярнуўшыся ад Вашае Мосці, выгнаная, як казала, паняю Грозніцкаю, пачаўшы з плачам апавядаць пра гэта бацьку, расчуліла нас абодвух.

Грозніцкі. Мне самому было яе шкада, але, каб плакаць толькі таму, што яна плача, – не разумею.

Бартэцкі. Я таксама ніколі не плакаў, хоць ужо шмат бачыў перад сабою ў слёзах. На пачатку, калі мяне Ваша Мосць паслаў у вёску на экзекуцыю, часта мяне ўражвала сялянская нэндза, але з часам пры дапамозе Вашае Мосці налаўчыўся. Дзеля захавання панскага скарбу біў у хатах гаршкі ды шклянкі, разбіваў посуд і печы, а дастаткова меў аўса для каня. Ходзячы між матулямі ды дзецьмі ў слёзах, я ўсю малітву звычайна без перапынку прамаўляў. Але з Паўлінкаю тут нешта іншае! Прыйшоўшы ад Вашае Мосці, яна кінулася на шыю бацьку і, плачучы, паведаміла пра тое, як яе выгналі з пакоя, гэта я яшчэ вытрымаў; стары ж, зразумеўшы, што яна нічога не выстаралася ў Вашае Мосці, ускінуў рукі ўгору і прасіў Бога, калі давядзецца атрымаць тое балючае і стыдлівае ў старасці пакаранне, каб яго не перажыў, каб памёр; а дачку сваю Божай апецы даручаў. Яна ж, абняўшы бацьку, плачучы, казала: «Не вырвуць яны цябе ад мяне, мой татка, не вырвуць! Разам з табою я пайду ў вязніцу, на пакаранне, на смерць». Вось тады я і плакаць пачаў ды плакаў датуль, пакуль Сымон, павярнуўшыся да мяне, не сказаў: «З-за гэтае дзяўчыны шкада мне яшчэ паміраць; калі кахаеш яе, ратуй мяне дзеля яе». Першы раз Паўлінка соладка глянула на мяне. Пакінуў іх і паляцеў да Вашае Мосці (кланяючыся Грозніцкаму), даруй тое пакаранне Сымону, каб Паўлінка мая не памерла.

Грозніцкі. Чаго ж ты, вашэць, хочаш? Я Сымонаў падатак не буду плаціць з уласнае кішэні. А гэта горды мужык, добра было б яго цяпер правучыць.

Бартэцкі. Усяму можна даць рады. Я кахаю Паўлінку і кахаць буду яе да смерці. На яе гатовы ўсё жыццё за хлеб і ваду працаваць. Загадай, Ваша Мосць, паклікаць Сымона, напачатку пагражай і крычы, а пасля нагадай пра мяне ды пасватай да ягонай Паўлінкі. Я заплаціў бы той падатак грашыма мае крывавае працы. Усяе сумы, праўда, не маю, але з ласкі Вашае Мосці ўзяў бы плату за паўгода наперад, дык, можа, было б і досыць на той падатак. Не ведаю, што Сымон мае да мяне, бо калі колькі разоў згадваў яму пра Паўлінку – заўсёды перапыняў і пра штось іншае пачынаў гаварыць. Дзяўчыну я, можа б, і ўгаманіў, а вось з ім – цяжка. Прыйшоў час, што і я яму спатрэбіўся: страх перад пакараннем, можа, схіліць яго да мяне. Змілуйся, васпане, ратуй мяне цяпер, а я сваім шчасцем Вашай Мосці віноўным буду.

Грозніцкі. Буду спрыяць як магу. Бяжы цяпер па Сымона.

Бартэцкі выходзіць

Зява пятая

Грозніцкі адзін.

Грозніцкі. Бартэцкі, бачу, не на жарт закахаўся, а Сымон быў бы дурнем, калі б яму не аддаў Паўлінку. Стары ўжо працаваць не можа, а любіць жыць выгодна, уласна, такога зяця яму і трэба. Сымон з ім будзе шчаслівы, як ніколі не быў. Але як Паўлінка да мужа ў фальварак пераедзе, то што мая жонка на гэта скажа? О, будзе і гром, і маланкі! Не бойся, Мальгрэта, не бойся! Паўлінка будзе сярод нас, а ты заўсёды будзеш маёй Мальгрэтай, а Паўлінка – Бартэцкага.

Зява шостая

Грозніцкі, Сымон, пасля – Грозніцкая.

Сымон. Я ўжо сам ішоў да Вашае Мосці.

Грозніцкі. А дакуль жа, мужычок, будуць хадзіць да цябе ды нагадваць пра незаплачаны дасюль падатак? Ужо ўсе даўно разлічыліся, ты адзін, уласна, жартуеш з кіраўніцтвам маёнтка; ды я не жартую і люблю трымаць слова; ведаеш, чым гэта пахне? (Паказваючы яму бізун.) Аж сто будзе, Сымоне.

Сымон. У мінулым годзе збожжа не ўрадзіла і жывёла прапала вясною; я стары, зарабіць не мог, – так і затрымаўся з падаткам, які штогод звычайна першы выплочваў.

Грозніцкі. Пра тое, што было, няма гаворкі, толькі пра тое, што цяпер ёсць; павінен – заплаці.

Сымон. Што ж я дам Вашай Мосці, не маючы сам нічога. Грозіш мне, Ваша Мосць, караю; калі яна будзе такою вялікаю, як абяцаеш, дык, пачуваючы сябе слабым, спадзяюся, што будзе яна і смерцю маёй. Зробіш мне, маспане, ласку, калі закончу нешчаслівае жыццё і ганьбу сваю не перажыву.

Грозніцкі. Не так гэта лёгка памерці, як табе здаецца; паляжыш рускі месяц, сем патоў сыдзе – і ачуняеш, дам табе нават на мыла. Але чаму ты дачкі свае замуж не выдаеш, калі жаніхі ёсць? Зяць дапамагаў бы табе ў старасці, асабліва калі выбраць такога, што не галяк: ён мог бы падатак цяперашні заплаціць.

Сымон. Мая Паўлінка бедная і, апрача дабрачыннасці, за якую я паручаюся, аніякага пасагу не мае; якому ж багатыру яна патрэбна?

Грозніцкі. Слухай! Я заўважыў, што Бартэцкі бегае за тваёю Паўлінкаю. Чалавек ён сталы, спрытны, хадзіў у школу, умее чытаць, пісаць, лічыць. Паўлінка лепшага мужа мець не можа; даверся мне, і я зраблю ўсё. Дачка твая будзе шчаслівая, ты пазбавішся пакарання, а падатак Бартэцкі заплоціць.

Сымон. Заўважаў і я, што Бартэцкі пазірае на маю дачку, што ён старанны і што ён спрытны, але!..

Грозніцкі. Што за «але»?! Бартэцкі ў мяне без «але»! Гэта чалавек, які не будзе без хлеба да смерці.

Сымон. Недастаткова гэтага, васпане, недастаткова. Горкі той хлеб, які ашуканствам альбо праз людскія слёзы дабываецца.

Грозніцкі. Што ж яшчэ?

Сымон. Бартэцкі любіць людзей ашукваць, а яшчэ мае сэрца каменнае. Над кім з вёскі ён злітаваўся, калі бізунамі каралі? Альбо калі некалькі гадоў таму быў на экзекуцыі, то як здзекаваўся з няшчасных людзей?

Грозніцкі. Ну, што яшчэ?

Сымон. Праўда, што мае талент чытаць ды пісаць, але калі б яго дзеля дабра ўжываў! З такім злым сэрцам, якое ён мае, лепей было б, каб пісаць не ўмеў, бо гэта дае мажлівасць шкодзіць болей.

Грозніцкі. Што ж яшчэ, пане Сымоне?

Сымон. Досыць і гэтага, маспане. Няхай мой зяць не мецьме нічога, як мая дачка, але няхай мае добрае сэрца; а шчасце раней ці пазней само іх знойдзе.

Грозніцкі. А цяпер, вашэць, чым падатак заплоціш?

Сымон. Не хачу плаціць няшчасцем мае дачкі, выдаючы яе за Бартэцкага; і калі не мае, Ваша Мосць, літасці да старога і не пачакаеш да позняе восені, каб я адразу за два гады заплаціў падатак, дык згодзен цярпець пакаранне. Лепей заплаціць уласным жыццём, чым жыццём свайго дзіцяці.

Грозніцкі. Што ж гэта, хаме, ты мяне катам робіш?

Сымон. Я – Сымон, а не хам!

Грозніцкі. Розаг, кіёў, бізуноў, пастронкаў! О, не, не! Дагаджу вашэці лепей. Гніць мне будзеш, агідны жабрак, галодны ў турме, пакуль падатак да шэлега не будзе заплочаны. (Хапае Сымона за грудзі ды выштурхоўвае з пакоя.) Гэй, войты, ахова, парабкі, кіньце яго ў вязніцу, у турму, на казу, замкніце яго на ключ; на ключ птушку! (Вяртаецца ад дзвярэй.) Ну і мужык! Бедны, але горды! Тут і анёл не вытрываў бы. Я яму загадаў падатак прынесці, а ён з казаннем прыйшоў пра добрую смерць. На каго ён спадзяецца для свае дачкі, як ужо і Бартэцкага не хоча. Ды, можа, паразумнее яшчэ дзед: турма і бычыная скура дадаюць розуму галаве.

Грозніцкая (убягае). Маё сэрца, маё сэрца! Улан прыскакаў: пан будзе праз чвэрць гадзіны.

Грозніцкі. Эй, варушыцеся, варушыцеся! Няхай у пакоях пазамятаюць! Павуціну, глядзіце павуціну! А ты, васпані Мальгрэта, абувай новыя чаравікі, надзень мантыю, канакі на шыю, каўпак на галаву.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Зява першая

Мілоскі, Статэцкі, Грозніцкі.

Мілоскі. Ну што, пане Грозніцкі? Ці добра тут гаспадарыце? Ці маеце грошы? Бо трэба, каб вашэць ведаў: грошы – гэта мэта кожнае гаспадаркі.

Грозніцкі. Гаспадарка ў нас ідзе добра, і грошы – мэту гаспадаркі – мы сабралі.

Мілоскі. Ці атрымаў, вашэць, кнігу Катона і Калумелі, перакладзеную з латыні, якую я нядаўна выслаў табе?

Грозніцкі. Sie est, мансіньёр.

Мілоскі. Ці прачытаў ты твор цалкам? Бо з яго шмат навукі можна ўзяць ды дастасаваць да нашае гаспадаркі.

Грозніцкі. Прызнаюся пану, што толькі зазірнуў у тую кніжку, бо, як мне здаецца, я добра ведаю гаспадарку, ведаю, што трэба ў панскіх вёсках... як пазнаць, дзе і што трэба сеяць, як належна ўгноіць глебу, як узараць зямлю да сыпкасці, як найлепш вычысціць яе ад пустазелля, як засеяць здаровым насеннем, ды ўсё ў свой час; і збіраць ураджай таксама ў свой час, не ў дождж, як належна вымалаціць, прадаць у час ды ў найлепшым гандлёвым месцы. Вось і ўся земляробчая навука. Я зазірнуў раз у тую дасланую кніжку, аж там чытаю, што дзеля паляпшэння глебы трэба браць гной з галубятні. А дзе ж бы я знайшоў столькі галубінага гною, каб ім чвэрць мілі зямлі ўгноіць? Рымская гаспадарка – гэта маленькія садкі, а не нашыя валокі. Я нават усіх галубоў загадаў пастраляць, бо пасля пасеву яны зядалі зярняты з раллі.

Статэцкі. Я згаджаюся з панам Грозніцкім, што земляробчай гаспадарцы лепей вучыцца на ўласнай раллі, чым з чужое кніжкі. Кожная ралля мае свае асаблівасці. Тутэйшы селянін, які ўрабляе яе з маладых гадоў, з свайго вопыту ведае яе лепей, чым самы дасведчаны замежны вучоны пра яе напісаць можа. Але таксама і ад чужаземцаў некаторыя спосабы гаспадарання пераймаць можна, асабліва тыя, што ашчаджаюць рукі працаўнікоў альбо памяншаюць колькасць патрэбнае ў працы жывёлы, дзякуючы вынаходніцтву розных прыладаў. Але тутэйшай раллі, думаю, стараннасці ды вопыту наглядчыка, а таксама шчырае да належнае працы падданых – дастаткова дзеля земляробчае гаспадаркі.

Грозніцкі. Я свайго абавязку, дзякуй Богу, ніколі не праспаў; а каб мужыкі ўсё паводле маіх распараджэнняў рабілі – дзеля гэтага я маю бізун.

Статэцкі. Даруй мне, пане Грозніцкі, бізун – гэта вельмі кепскі гаспадар; пакуль яго падданы бачыць, – працуе ад страху, але калі бізуна няма (а гэта бывае часцей), то наўмысна гатовы працаваць кепска, бо пана свайго ненавідзіць. Любоўю ўсё лепей атрымліваецца. Я не кажу, каб часам не пакараць; але няхай кара будзе радзей, дык, пэўна, паляпшэнне прыйдзе часцей. Не трэба дазваляць падданаму, каб меў залішнюю фамільярнасць да свайго кіраўніцтва, бо гэта яго напэўна сапсуе; але старацца, каб ён кіраўніцтва адначасова і любіў, і шанаваў. Словам, пане Грозніцкі, няхай пан будзе не братам, а бацькам свайго падданага.

Грозніцкі. Мы ўжо тут, Мосцю Дабрадзею, умеем усяго гэтага дасягнуць. У мяне мужык у часе пакарання крычыць: «Бацька дабрадзею!» Трэба часам і па шэрсці, а часам і супраць шэрсці; бо тутэйшы мужык прызвычаены да бізуна, і без яго мы нічога б, пэўна, не зрабілі.

Статэцкі. Тым горш для нас, што мы прызвычаілі людзей быць нешчаслівымі.

Мілоскі. Няхай там, пане Грозніцкі, падумаюць пра абед, хоць невялікі, але хуткі.

Грозніцкі выходзіць.

Зява другая

Мілоскі, Статэцкі.

Мілоскі. Ну як, Ваша Мосць, мой Грозніцкі?

Статэцкі. З таго, што гаварыў пра гаспадарку, можна зрабіць выснову, што разбіраецца ў ёй; аднак я не ведаю, ці робіць ён так, як кажа. Недастаткова паслухаць, трэба і паглядзець ягоную гаспадарку.

Мілоскі. Мне ўжо казалі, што ён ведае гаспадарку і клапоціцца пра яе, але суровы да людзей, чаго я ніколі ў маіх маёнтках мець не хачу.

Статэцкі. Гэта можна здагадацца з ягонае гаворкі. Тая загана была распаўсюджана сярод нашых аканомаў; але цяпер паны ў краі ў бальшыні сваёй выправіліся і выпраўляюць сваіх наглядчыкаў у вёсках.

Мілоскі. Тутэйшыя вёскі ўпарадкаваныя ў мяне найлепей, і гаспадарка ідзе тут адмыслова. Бо часта пытаюся і правяраю ўсё. Адгадай, Ваша Мосць, колькі з гэтага маёнтка маю курэй, якіх падданыя штогод даюць мне?

Статэцкі. Не ведаючы ні ліку падданых, ні іхніх павіннасцяў, як жа я адгадаю, колькі курэй у год атрымліваеш?

Мілоскі. Дык вось, усяго адсюль мне даюць чатыры тысячы дзвесце з гакам курэй. На такую колькасць трэба добры маёнтак.

Статэцкі. З дазволу Вашае Мосці, колькі, Ваша Мосць, маеш у гэтым маёнтку падданых?

Мілоскі. На гэта я не звярнуў увагу ў інвентары.

Статэцкі. Ды гэта тое, на што перш-наперш зважаць трэба! Меншымі рэчамі няхай займаюцца меншыя людзі, а пан вялікіх маёнткаў мусіць дбаць пра штосьці важнейшае. Пра колькасць падданых ды пра іх заможнасць найперш павінен задумацца дзедзіч-гаспадар. Толькі багацейшы падданы ўзбагачае пана; а беднаму абавязкова дапамагаць трэба. Параўнаўшы вынікі ягонае працы за год з тым, што даецца на дапамогу, ніякага, пэўна, прыбытку не будзе, а часам і страты мецьмеш. У інтарэсах кожнага пана, каб ягоны падданы заможным быў. Трэба, каб падданы болей прадаваў, чым купляў; і гэта будзе, калі яго забяспечым добраю зямлёю; калі яму дазволім пэўны спосаб гандлю; калі захаваем ягоную ўласнасць; калі часам лянівага нават прымусім, каб дбаў пра сябе; калі, нарэшце, па справядлівасці жыць будзем з ім.

Мілоскі. Буду Вашу Мосць прасіць, каб усё гэта майму камісару расказаў. Бо што да мяне, дык я ўжо цалкам пераканаўся ў слушнасці ўсяго гэтага.

Статэцкі. А вось што патрабуецца гаспадарцы на вёсцы ад дзедзіча. Ён павінен мець памежаванымі ўсе землі свайго ўладання; павінен ведаць, якую іх частку апрацоўваюць падданыя, а якая застаецца двару; павінен падлічыць дні працы падданых і браць адпаведна на апрацоўку зямлі двара. Рэшту выкарыстоўваць на паляпшэнне лугоў, асушэнне балотаў ды іншыя работы, якія з часам вялікую карысць прынясуць. Нагляд над камісарам ды аканомамі, а гандаль – які толькі здольнасці дазволяць. Вось, здаецца, усё, чым паны павінны займацца. Іншыя, драбнейшыя рэчы яны могуць пакінуць на сваіх падначаленых; аднак часам варта і ў драбніцы ўнікаць, каб не занядбаць гаспадарку.

Мілоскі. О, мой шляхетны Статэцкі! Давай не разлучацца да смерці (абдымае яго), у кожнай прыгодзе твая парада мне будзе патрэбнай; бо і мовіш, як сябра, і раіш, як чалавек, абазнаны ў тым, што раіць.

Зява трэцяя

Тыя самыя, Грозніцкі і Грозніцкая (з маслам).

Грозніцкі. Гэта мая жонка, якую разам з сабою і дзеткамі ласцы панскай даручаю.

Мілоскі. Ці даўно ты, Ваша Мосць, ажаніўся?

Грозніцкі. Ужо гадоў пяць, а ўзяў удаву.

Грозніцкая. У чатырнаццаць гадоў я выйшла за першага мужа, жыла з ім два гады і толькі год была ўдавою.

Грозніцкі. Мальгрэта, жонка мая, з роду Рэпскіх, а primo voto[3] была за Пагромскім.

Мілоскі. Гэта неістотна. А ці ведае, Ваша Мосць, хатнюю гаспадарку? Ну, напрыклад, як ткаць палотны, што рабіць з малаком?

Грозніцкая. Вось масла мае працы. І гэтая кашуля з палатна мае працы. Але я маю і швабскія кашулі.

Мілоскі. Гэта неістотна.

Статэцкі. Ці шмат трымаецце кароў у гэтым фальварку?

Грозніцкі. Кароў тут дзесяць дойных і пяць ялавак.

Статэцкі. А якія тут у вас пашы?

Грозніцкі. На гэтым фальварку можна было б трымаць яшчэ столькі ж кароў, але пан камісар (Грозніцкая з тылу цягне яго за вопратку, што ён аж азіраецца), але пан камісар прыслаў мне толькі пятнаццаць.

Мілоскі. Што гэта за людзі стаяць пад вокнамі?

Грозніцкі. Тутэйшы арандатар прынёс валовую тушу ды хоча пабачыць і прывітаць пана.

Мілоскі. Я ахвяры ягонае не хачу. Але хадзем паглядзім на арандатара.

Зява чацвёртая

Грозніцкі, Грозніцкая.

Грозніцкі. Навошта ж, васпані Мальгрэта, выхваляцца перад панам, што маеш швабскія кашулі? Ён пытаўся, ці ткуць тут палотны, а вашэць са сваёю швабшчынаю сунешся. Як добра адказаў табе: «Гэта неістотна».

Грозніцкая. А вашэць навошта сказаў, што я з роду Рэпскіх? Бо і табе тое ж самае пан адказаў: «Гэта неістотна».

Грозніцкі. Я сказаў, бо пра васпані ішла гаворка. Але васпані выскачыла са сваімі швабскімі кашулямі на торг, хоць ніхто пра іх не пытаўся. Уласна так, калі б я пачаў перад панам казаць пра мой бляшаны патранташ. Маю патранташ, бо купіў яго за свае грошы. Аднак якая справа пану да майго патранташу альбо да васпанінай кашулі?

Грозніцкая. Маё сэрца! А цяпер хто пачынае сварку?

Грозніцкі. Гэта навука, мая пані, не сварка. Бо не хацеў бы мець сорам за васпаню. І яшчэ. Навошта васпані мяне з тылу штурхала, калі я з панам пра каровы гаварыў?

Грозніцкая. Таму цябе штурхала, што ты часам гаворыш і што трэба, і чаго не трэба.

Грозніцкі. Бачу, што гэта надоўга пачалося. Вось лепей васпані паглядзі, што там на кухні дзеецца; каб кухарам усяго хапала, бо і пра іхняе добрае слова пану трэба паклапаціцца. Ды ветліва з людзьмі, мая панна, ветліва.

Грозніцкая выходзіць.

Зява пятая

Статэцкі, Грозніцкі, пасля – Паўлінка.

Статэцкі. Пан Мілоскі добра пра Вашу Мосць мне казаў; ды я і сам, гутарачы з Вашай Мосцю, мог зразумець, што ведаеш гаспадарку; але ў адной рэчы папярэджу Ваша Мосць: крыху ўтаймуйся. Данеслі твайму пану, і ён ужо размаўляў пра гэта са мною, што ты вельмі суровы да падданых. Гэтага пан Мілоскі зусім не хоча, і яно, калі не выправішся, будзе табе вельмі шкодзіць.

Грозніцкі. Калі я каго і пакараў, то заўсёды справядліва. Ці ж мне моўчкі сядзець на фальварку? Не трымаючы хама ў пакоры, нічога, пэўна, з усяе гаспадаркі не атрымаеш.

Статэцкі. Чаму ж ты, Ваша Мосць, называеш падданага хамам?

Грозніцкі. Бо ён – мужык, хам, не шляхціц.

Статэцкі. Гэтыя мянушкі, поўныя пагарды да селяніна, і ёсць довад спосабу мышлення Вашае Мосці. Прыгледзься, Ваша Мосць, да падданага: ён такі ж чалавек, як і кожны з нас. Будзь для яго чалавекам, а не зверам.

Грозніцкі. Ваша Мосць дабрадзей толькі бачыць селяніна альбо чуе пра яго, а я з ім, займаючы пасаду аканома больш за дзесяць гадоў, працую. Натура ў іх зусім іншая! Селянін калі плача, то тады ён найлепшы; але калі ён смяецца, то кусаецца. Калі ж пану мой парадак не падабаецца, дык я па панскаму загаду буду ласкавейшым да падданых; але таго дачакаюся, што вы з часам самі мне загадаеце: Грозніцкі ! Будзь ты зноў Грозніцкім.

Паўлінка (кепска апранутая, нясе сваю вопратку). Пра што мне дбаць на свеце, калі мой тата за той нешчаслівы падатак сядзіць у вязніцы? Вось, міласцівы пане Грозніцкі, прынесла сваю вопратку. Няхай войты вызначаць кошт, а што будзе не хапаць, тое я адпрацую ў двары, хоць бы мне давялося ўсю восень капаць бульбу (лічыць рэчы на стале). Вось гэта стужкі, гэта дзве будзённыя сукенкі, а гэта на свята, гэта дзве спаднічкі, і кашулі, і фартушкі, а вось каралі, – і гэта ўсё.

Грозніцкі. Навошта тут гэты падлік?

Паўлінка. Пакінула сабе толькі простую кашулю. А ў майго таты няма чаго забраць: уся яго вопратка на ім; апрача некалькіх кашуляў, якія сюды я не прынесла. Май, Ваша Мосць, літасць, пакінь іх яму, каб я мела магчымасць хоць раз у тыдзень перамяніць старому белую кашулю. (Падае на калені і з плачам гаворыць.) Маспане Грозніцкі! Выпусці, Ваша Мосць, тату; згадай, што і ў цябе быў бацька.

Грозніцкі. Устань жа, Паўлінка! Устань, бо я гэтага не люблю.

Паўлінка (на каленях звяртаецца да Статэцкага). Ваша Мосць дабрадзею! Ваша Мосць мяне не ведае, але бачыць мяне нешчасліваю. Можа, і вы, паны, маеце, як мы, літасцівыя сэрцы. Дык прасі са мною пана Грозніцкага, каб вызваліў майго тату.

Статэцкі. Маспане Грозніцкі, май жа, Ваша Мосць, літасць над беднымі. Цяпер тут іхні дзедзіч, дык скажам пану Мілоскаму, і гэты падатак можна пачакаць, а маглі б яго і дараваць нават беднаму селяніну.

Грозніцкі. Устань, Паўлінка! Мосці дабрадзею, гэта добрая дзяўчына, найлепшая ва ўсёй вёсцы; але ейны бацька – самы зухаваты селянін ва ўсёй вёсцы. Нясі, Паўлінка, гэтыя свае лахманы дахаты, нясі.

Статэцкі выходзіць.

Зява шостая

Грозніцкі, Паўлінка.

Паўлінка. Спачатку мне было шкада гэтых маіх апранахаў, але ўжо і не думаю пра іх, бо ж гэта за іх мой тата вернецца.

Грозніцкі. Сымон сам віноўны; мае магчымасць заплаціць падатак, але выкарыстаць яе не хоча.

Паўлінка. Якую магчымасць? Я нічога дома з рэчаў не пакінула; можна паслаць, каб усе куты агледзелі, а калі знойдуць што, няхай мяне караюць.

Грозніцкі. Не пра гэта гаворка, Паўлінка. Бартэцкі казаў мне пра цябе. Я гутарыў з Сымонам, а ён упарты. А Бартэцкі засведчыў, што ваш падатак заплоціць са свае кішэні. Ці ж знойдзеш ты лепшага мужа? Што скажаш на гэта, Паўлінка?

Паўлінка. Калі мой тата лічыць, што Бартэцкі не для мяне, – трэба тату верыць.

Грозніцкі. Але ты, здаецца, кахаеш Бартэцкага? Прызнайся ж мне шчыра, а я дапамагу, уладжу вашае шчасце.

Паўлінка. Выпусці, Ваша Мосць, тату, і гэта будзе маё найвялікшае шчасце.

Грозніцкі. Але што ж ты мне пра Бартэцкага скажаш?

Паўлінка. Ваша Мосць гаварыў, што яму ўжо мой тата адказаў; навошта ж пра адну рэч двойчы згадваць.

Грозніцкі. Твой бацька не ведае свайго шчасця, але ты май розум.

Паўлінка. Мой тата доўга жыве на свеце і, відавочна, лепей ведае людзей, чым я.

Зява сёмая

Тыя самыя, Мілоскі і Статэцкі.

Мілоскі. Што гэта за дзяўчына?

Грозніцкі. Гэта дачка тутэйшага селяніна.

Статэцкі. Тая самая, пра бацьку якое я казаў Вашай Мосці.

Мілоскі. Дзяўчына, як завуць цябе?

Паўлінка. Паўліна.

Мілоскі. А бацьку твайго?

Паўлінка. Сымон.

Мілоскі. Чаго ж ты ўздыхаеш, Паўлінка?

Паўлінка. Згадала пра тату.

Статэцкі. А чаму ж твой бацька да гэтага часу падатак не заплаціў?

Паўлінка. Плаціў ён штогод першы, пакуль было чым плаціць, а цяпер Бог забраў і збожжа, і жывёлу. Я прынесла пану Грозніцкаму свае сукенкі, каб ацаніў і забраў іх за падатак. Усё, што было ў хаце, – на стале.

Грозніцкі. Паўлінка, гэта – ваш дзедзіч, калі будзе воля панская, дык загадае пачакаць з падаткам.

Паўлінка. Калі б пан бачыў майго тату, які ён стары ды слабы, дык пэўна б злітаваўся над ім.

Мілоскі. Чаму ж гэта ты, Паўлінка, нязменна глядзіш у зямлю?

Паўлінка. Нічога мне на свеце не міла, пакуль мой тата сядзіць у вязніцы.

Мілоскі. Глядзі на мяне, а я загадаю выпусціць яго.

Паўлінка (плачучы). Хай хоць яшчэ ўбачу тату, бо думала, што ўжо памрэ ў вязніцы.

Мілоскі. Пане Грозніцкі, выпусці Сымона, ды няхай ён прыйдзе сюды.

Грозніцкі выходзіць.

Будзь весялейшаю, Паўлінка; табе да твару смяяцца, а не плакаць. Такая прыгожая і добрая дзяўчына павінна быць шчаслівейшаю.

Паўлінка (звяртаючыся да Статэцкага). Гэта Ваша Мосць такі добры, што выпрасіў мне ў пана тату. Мы з татам будзем памятаць гэтую ласку абодвух паноў.

Статэцкі. Варта было ратаваць цябе, што ты нешчаслівая, а ты яшчэ і пачцівая.

Мілоскі. А ты яшчэ і прыгожая.

Паўлінка (паціраючы рукі). Выйду насустрач тату, бо так хутчэй яго ўбачу.

Мілоскі (беручы яе за руку). Пачакай тут, Паўлінка, ён жа зараз прыйдзе.

Паўлінка. Я люблю тату; добра мне і на мінуту раней яго ўбачыць.

Мілоскі. Дык ты ведаеш, што значыць любіць?

Паўлінка. Хто ж бы не любіў тату, ды яшчэ такога!

Мілоскі. Трэба бацьку любіць, а кагосьці іншага – кахаць.

Паўлінка. Мой тата казаў мне, што той, каго я буду кахаць, першы мяне пакахае.

Статэцкі. Трымайся бацькавае парады, дык не памылішся.

Зява восьмая

Тыя самыя, Грозніцкі, Сымон.

Грозніцкі. Вось і Сымон, выпушчаны па панскаму загаду.

Паўлінка (бяжыць да бацькі і абдымае яго). Мы зноў разам! Абодва гэтыя паны мелі літасць над намі.

Мілоскі. Я загадаў выпусціць цябе, дзіця маё, але старайся выплаціць той падатак. Пачакаюць яго пэўны час.

Сымон. Дзякую панам, дзякую і буду ўдзячны, пакуль жывы, бо пазбыўся знявагі. а можа і смерці.

Статэцкі. Будзь ужо спакайнейшы, Сымоне: маеш справу з міласэрным панам. Усё будзе добра.

Сымон. О, калі б заўсёды з самімі панамі, але...

Грозніцкі. Я ўжо казаў тваёй дачцэ, каб занесла дахаты сваю вопратку, якую без патрэбы прынесла ў якасці платы за падатак.

Сымон (абдымаючы Паўлінку). О, мая каханая дачушка! Ты хацела застацца ў адной кашулі, абы толькі выцягнуць мяне з вязніцы. Так, маё дзіця, так! Сукенкі парвуцца, а твая дабрыня застанецца. Калі б не гэтае дзіця, панове, не думаў бы пра сваё нешчаслівае жыццё.

Мілоскі. Думай, Сымоне, пра сябе і пра сваю пачцівую Паўлінку; ты з ёю можаш быць яшчэ шчаслівейшы.

Паўлінка. Гэта я, панове, пры тату шчаслівая! Часам толькі кавалачак хлеба на вячэру маем, але калі мой тата сам мне яго падасць і сам крыху пасоліць – які ён смачны!

Статэцкі (убок). О, як мала трэба ім для шчасця!

Сымон. Я навучыў яе, што беднасць пры цноце не зяўляецца няшчасцем. Але хадзем, Паўлінка, дахаты, забірай лахманы, калі паны дазваляюць. Я буду старацца заплаціць падатак як найхутчэй, як толькі змагу; абы толькі мяне не каралі за тое, чаго не магу. (Кланяючыся, выходзяць.)

Мілоскі. Якая дзяўчына! Які ж чысты мае розум і сэрца чулае!

Статэцкі. Ды і бацька яе, бачу, чалавек прыстойны.

Грозніцкі. Калі б не быў такі зухаваты, які ёсць. Гэта праўда, што ён добра з суседзямі жыве і ў вясковых звадах першы ўсіх пагодзіць. Здаўна на чыншу сядзіць і колісь, кажуць, жыў няблага, але цяпер апусціўся ды толькі бурчыць, а не працуе.

Статэцкі. Як жа яму працаваць у такія гады?

Уваходзіць кухмістар.

Кухмістар. On a servi Monseigneur.

Усе выходзяць.

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Зява першая

Мілоскі, Грозніцкая.

Мілоскі. Мая пані Грозніцкая, рабі ўсё, што толькі можна, абы тую дзяўчыну намовіць ехаць са мною ў Варшаву.

Грозніцкая. З Паўлінкаю гэта прасцей, а вось з Сымонам цяжка, пэўна, нам давядзецца.

Мілоскі. Абы толькі Паўлінка сама хацела, я з ёю заўтра б адсюль выехаў, а пасля вы Сымону паведамілі б і асігнацыі мае паказалі, чым ён заплоціць падатак ды забяспечыць сабе апеку да смерці.

Грозніцкая. Пан не ведае яшчэ Сымона. Ён так верыць у прыстойнасць, што нічога яго не пацешыць, калі страціць дачку. І я, пахвалюся пану, у такім доме гадавалася, дзе прыстойнасць шанавалі так, як і Сымон.

Мілоскі. Скажыце яму, што я забраў Паўлінку, бо яна – дзяўчына прыстойная і здольная атрымаць адукацыю ў Варшаве. Пераканайце яго, што я хачу шчасця ягонаму дзіцяці. Яна вывучыць мовы, навучыцца танцам, іграць на клавікордзе; а пры тым прыродным розуме, які яна мае, знойдзецца, пэўна, які добры чалавек, што яе і Сымона ашчаслівіць. І сама, Ваша Мосць, вер мне, што ўсё так і будзе.

Грозніцкая. Калі гэта менавіта так будзе, дык, можа, лепш паведаміць Сымону – няхай будзе ўсё з яго ведама; бо я баюся, каб стары са скрухі не памёр, калі зробім пакрыёма.

Мілоскі. З прычыны ягонае прынцыповасці лепш паведаміць яму пасля нашага адезду. Бо ж хіба мне сварыцца з маім халопам? А гнацца за мною, як я адеду з Паўлінкаю, ён усё ж не будзе.

Грозніцкая. Калі пан хоча бачыць яе шчасліваю, дык ці не лепей выдаць яе за Бартэцкага?

Мілоскі. За якога Бартэцкага?

Грозніцкая. За пісара майго мужа. Ён – чалавек цвярозы, сурёзны, старанны. Ён кахае Паўлінку і ўжо казаў майму мужу пра гэта. Стары і дзяўчына не вельмі яго хочуць, але калі пан загадае, дык адразу ўсё пераменіцца.

Мілоскі. Але я не хачу, каб Паўлінка была паняю Бартэцкаю; я лепшага ёй жадаю; а той дурны бацька і не спадзяецца, якога мужа я знайду для ягонае дачкі. Таму нават лепей было б, каб я з ёю адсюль адехаў, абы Сымон не выдаў яе тут без карысці за каго-небудзь. Мая Грозніцкая, зрабі для Паўлінкі паслугу, убачыш, як я за яе буду табе ўдзячны. А пакуль вазьмі вось гэтую дробязь. (Дае грошы Грозніцкай.)

Грозніцкая. Дзякую, дзякую, шчыра дзякую пану.

Мілоскі. Дам і болей, абы толькі Ваша Мосць паспрыяла мне. (Выходзіць.)

Зява другая

Грозніцкая адна (лічыць чырвоныя злотыя).

Грозніцкая. Дзесяць чырвоных злотых – гэта... гэта... гэта сто восемдзесят злотых! Мой муж за цэлы год столькі не выслужыць, колькі я за чвэрць гадзіны. Які добры пан, які добры! Што мне да таго, з кім Паўлінка паедзе? Ды яшчэ калі так, як ён абяцае; ды яшчэ калі хоча ёй шчасця, як ён кажа; чаму ж бы мне не паспрыяць. Трэба перш-наперш схіліць да сябе Паўлінку. Яна мне даруе, што я нядаўна выгнала яе з хаты; і будзе дзяўчына, пэўна, удзячная мне, калі зраблю яе шчасліваю. Пан абяцае ласку, Паўлінка будзе пра мяне пану нагадваць, дык праз колькі гадоў стану я Вяльможнаю Яе Мосцю паняю Грозніцкаю, у раброне ў паланезе; і буду сядзець на першай лаўцы ў касцёле, і лёкай за мною, і ксёнжачка ў срэбра апраўленая перада мною, і ксёндз пасля імшы з пацінаю ідзе да мяне праз увесь касцёл.

Зява трэцяя

Грозніцкая, Бартэцкі.

Грозніцкая. Уласна і патрэбны быў мне нехта.

Бартэцкі. Уласна і мне патрэбна ласка Вашае Мосці.

Грозніцкая. Пакліч мне сюды як найхутчэй, пане Бартэцкі, Паўлінку.

Бартэцкі. Пра Паўлінку і я думаю. А яна цяпер якраз у фальварку; прыйшла пазычыць у гаспадыні хлеба, дык будзе ў Вашае Мосці праз хвіліну. Змілуйся, Ваша Мосць, пані Грозніцкая, выратуй мяне нешчаслівага, пагавары пра мяне з Паўлінкаю. Яна, можа б, і пайшла за мяне, але бяздумна бацькоўскае волі трымаецца. А яшчэ мне казалі, што нашаму пану вельмі спадабалася Паўлінка; дык ці нельга закончыць усё раней, чым яна яшчэ больш яму спадабаецца?

Грозніцкая. Неяк будзе. А цяпер бяжы па яе; няхай хутчэй ідзе сюды.

Бартэцкі выходзіць.

Бедненькі! Сёе-тое здагадваецца, але не ведае, што ягоную Паўлінку чакае! Аднак жа трэба ўслужыць пану, у руках якога маё шчасце... Дзяўчына, відаць, будзе супраціўляцца, але з дапамогаю цацкі ды соскі закалышам яе, хоць бы мне давялося даць ёй палову тых грошай, якія я атрымала ад пана; бо за гэта мяне добра ўзнагародзяць!.. Спадзяюся, што пан і дзеля яе не будзе скупіцца, калі дзеля мяне такі шчодры быў.

Зява чацвёртая

Грозніцкая, Паўлінка.

Грозніцкая. Ну, Паўлінка, ты задаволена, што выпусцілі твайго бацьку? Гэта я сказала пану, што Сымон – чалавек пачцівы, але не было шчасця, дык збяднеў. Потым пан убачыў яго і загадаў выпусціць з вязніцы.

Паўлінка. Дзякую, Ваша Мосць, што казала добрае пра майго тату. І хоць мяне Ваша Мосць выгнала з хаты, я тое ўжо не памятаю, бо ведаю, што пані столькі разоў заступалася за майго тату перад панам Грозніцкім.

Грозніцкая. Вось бачыш, я і бацьку твайго люблю, і пра цябе думаю. О! Калі б ты, Паўлінка, захацела, дык вельмі б шчасліваю стала.

Паўлінка. Я за Бартэцкага не пайду, бо тата шмат чаго мае да яго.

Грозніцкая. Ды не пра Бартэцкага гаворка. Ты, нябога, сядзіш у вёсцы і не ведаеш свету; хіба толькі тое, што бачна праз вакно. Вось калі б ты была ў Варшаве, дык выглядала б інакш.

Паўлінка. Як жа я магу трапіць у Варшаву? Мой тата пешкі туды не дойдзе, а каня ў нас няма.

Грозніцкая. Магла б паехаць на чужых конях, каб толькі захацела.

Паўлінка. Я не хачу ехаць у Варшаву на конях Бартэцкага.

Грозніцкая. Я ж ужо сказала табе, мая Паўлінка, што пра Бартэцкага няма тут гаворкі. Зараз я ўсё патлумачу. Наш пан казаў мне нядаўна вельмі добрае пра цябе. Хваліў цябе, хваліў, а пасля дадаў: вось каб навучыць гэтую дзяўчыну мовам, іграць на клавікордзе ды танцаваць – знайшла б яна ў Варшаве шчасце і сабе, і свайму бацьку. Я ж упала пану ў ногі ды прасіла за цябе, каб дапамог сіраце. А ён мне адказвае: можна зрабіць гэта. Паўлінка! Якой жа б ты была шчасліваю!

Паўлінка. А мой тата ці паехаў бы з намі ў Варшаву?

Грозніцкая. Навошта Сымону ў Варшаву? Яго ўжо не трэба адукоўваць.

Паўлінка. Я без таты ніколі не паеду; няхай там мяне найвялікшае шчасце чакае. Хто ж яму кашулі мыць будзе, хто паклапоціцца пра яго, як я клапачуся?

Грозніцкая. Пан, калі табе такую ласку зробіць, дык, пэўна, і пра бацьку твайго памятаць будзе. Прызначыць яму пенсію, і без працы будзе есці хлеб у старасці Сымон.

Паўлінка. Чужыя рукі, Ваша Мосць, не такія шчырыя, як мае.

Грозніцкая. Я бяру ўсё на сябе. Твой бацька, калі цябе не будзе, мецьме такія выгоды, якіх, можа, ніколі ў сваім жыцці не меў. Хіба ж ты розуму, дзіця маё, не маеш, каб пагарджаць ласкаю панскаю?

Зява пятая

Мілоскі, Грозніцкая, Паўлінка.

Мілоскі. Што ж ты тут робіш, Паўлінка?

Паўлінка. Я прыйшла ў фальварак пазычыць хлеба, а пані Грозніцкая паклікала мяне да сябе.

Мілоскі. Хіба ж вы не маеце ў хаце хлеба?

Паўлінка. Я толькі заўтра буду яго пячы, а мой тата іншае гаспадыні цяпер не мае.

Мілоскі. О ты, пекная гаспадыня! (Бярэ яе дзвюма рукамі за плечы.) Табе больш да твару сядзець у будуары, чым пячы хлеб у печы! Ці казала табе пані Грозніцкая, што я думаю пра твой лёс?

Паўлінка (паціраючы рукі ды гледзячы ў зямлю). Не магу адступіцца ад таты да смерці. Ён (як кажа) у сваёй старасці ды ўбостве мяне – адну пацеху – мае каля сябе. Як жа мне яго пакінуць? Ён жа памрэ ад тугі.

Мілоскі. Ты будзеш шчаслівая і бацьку ашчаслівіш, калі нашае парады паслухаеш.

Паўлінка. Я не магу быць больш шчасліваю, якою ёсць цяпер пры сваім тату.

Мілоскі (дастае грошы і дае Паўлінцы). Вазьмі, Паўлінка, гэта толькі табе. Бацьку не паказвай. Я Сымону і падатак дарую, і грошай яшчэ на выгоды пакіну. Бяры, мая Паўлінка, тое, што табе даю.

Паўлінка. Чаму я мушу браць грошы, калі іх не выслужыла?

Грозніцкая. Пан табе з ласкі свае дае; ці ж можаш ты пагарджаць ягонаю ласкаю? Вазьмі, мая Паўлінка, вазьмі; гэта табе прыдасца, а пана не адштурхвай.

Паўлінка бярэ, а Мілоскі абдымае яе.

Мілоскі. Добра, дзіця! А што? Паедзеш у Варшаву?

Паўлінка. Вось калі б тата сказаў, дык яго б я паслухала.

Грозніцкая. Пан болей, чым бацька. Слухайся пана, Паўлінка. (Уваходзіць Бартэцкі. Грозніцкая бярэ Паўлінку за руку і выводзіць.) Хадзем да мяне, Паўлінка, дам табе што прасці.

Зява шостая

Мілоскі, Бартэцкі.

Мілоскі. Ты хто, мой браце?

Бартэцкі. Я – Бартэцкі, пісар пана Грозніцкага.

Мілоскі. Чаго ты сюды сунешся?

Бартэцкі. Па справах, пане дабрадзею!

Мілоскі. Але ж тут няма пана Грозніцкага?!

Бартэцкі. Я маю пільны інтарэс да пані Грозніцкае.

Мілоскі. Пільнуйся сваіх папераў, а ў іншыя справы не лезь. (Выходзіць.)

Бартэцкі. Вось і маеш, Бартэцкі, сваё вяселле; варта было і спадзявацца на гэта. Пані Грозніцкая замест таго, каб дапамагчы мне з Паўлінкаю, яшчэ паведаміла пану, што я завіхаюся каля гэтае дзяўчыны, відаць, з-за гэтага пан так на мяне прыкрыкнуў. Гэта не проста так! Пан, пані Грозніцкая і Паўлінка заадно! Гэта не проста так! Вось як Сымоне, вось як! Цырымоніўся з ёю; а цяпер надзенуць на Паўлінку ўпрыгожанні, і не будзе яна такою ганарыстаю.

Зява сёмая

Бартэцкі, Сымон.

Сымон. Ці не бачыў ты, пане Бартэцкі, тут мае Паўлінкі?

Бартэцкі. Была толькі што, ды выйшла з паняю Грозніцкаю.

Сымон. Пайшла пазычыць хлеба ды так доўга бавіцца, а тут дваровых столькі! Як бы мне дзяўчыны не збаламуцілі.

Бартэцкі. Гэта яшчэ нічога, калі толькі дваровыя, але...

Сымон. Што за «але»?

Бартэцкі. Але, бо ты мяне выдасі.

Сымон. Не выдам, ты ж мяне ведаеш, Бартэцкі, што я слова трымаю. Скажы мне, што здарылася?

Бартэцкі. Нашаму пану вельмі спадабалася Паўлінка. А пані Грозніцкая, пэўна, ужо ў змове з панам, бо паклікала Паўлінку, а пасля я застаў тут пана, паню Грозніцкую і Паўлінку. Як толькі я ўвайшоў, дык пані Грозніцкая кудысьці Паўлінку павяла, і пан адразу ж за імі выйшаў.

Сымон. О! Гэтага мне яшчэ не хапала!

Бартэцкі. Пане Сымоне! Выбіла гадзіна майго шчасця! Аддай за мяне Паўлінку, дык пан пэўна не адбярэ ў мяне жонкі.

Сымон. Але я адзін не магу гэтага вырашыць, хіба што з дачкою разам. Ды дзе яна цяпер? Дзе яна? Навошта дажыў я да тае хвіліны, каб бачыць яе зняслаўленаю? Мой Божа! Ты даручыў мне апеку над дзіцём маім! Калі я не магу цяпер ратаваць яго, Ты яго ратуй, бо можаш! Навошта ж ты сказаў мне гэта, пане Бартэцкі? А можа, я дарэмна хвалююся?! Мая ж Паўлінка прыстойная! А пан жа павінен шанаваць прыстойнасць.

Убягае задыханая Паўлінка.

Зява восьмая

Сымон, Паўлінка, Бартэцкі.

Бартэцкі. Вось і Паўлінка!

Паўлінка (абдымае бацьку). О! Цяпер ужо яны не разлучаць нас з табою!

Сымон. Што такое, Паўлінка? Што такое?

Паўлінка. Яны хацелі, каб я цябе, татуля, пакінула. Але тады б я памерла.

Сымон. Як гэта?

Паўлінка. Пані Грозніцкая перш мне раіла ехаць у Варшаву, дзе мяне нібыта шчасце спаткае. Пасля прыйшоў сам пан і тое самае мне раіў; пасля даў мне грошы, пасля мяне абняў, пасля пані Грозніцкая ўзяла мяне за руку і вывела з пакоя.

Бартэцкі. Гэта праўда, я быў пры гэтым.

Сымон. Не перашкаджайце, пане Бартэцкі. Што было далей, маё дзіцятка?

Бартэцкі. Яна абяцала даць Паўлінцы пражу.

Сымон. Але, калі ласка, пане Бартэцкі, няхай сама Паўлінка раскажа.

Паўлінка. Яна вывела мяне з пакоя, і мы трапілі ў нейкую кладоўку, дзе нікога не было. Пасля пані Грозніцкая сказала мне, каб я не сумавала, бо яна мусіць пакінуць мяне на адну хвіліну. Пасля яна выйшла, і я пачула, што зачыніла дзверы на ключ. Ох, і перапалохалася я ў той вязніцы!

Бартэцкі. Як мне цябе шкада, Паўлінка! Слёзы набеглі ў мяне на вочы.

Сымон. Прасіў жа я, пане Бартэцкі, няхай яна сама закончыць.

Паўлінка. Пасля я прыгадала, што мяне намаўлялі ехаць у тую нешчаслівую Варшаву.

Бартэцкі. Паўлінка, можа, усё абыдзецца?!

Паўлінка. І мяне яшчэ большы страх апанаваў, каб паціху не ўзялі ды, не даўшы нават развітацца з татуляю, у Варшаву не завезлі.

Бартэцкі. Трэба было крычаць: «Ратуйце! Ратуйце!»

Сымон. Але ж чакайце, пане Бартэцкі!

Паўлінка. Падбегла я да акна і, адчыніўшы яго, шчасліва ўцякла. Барані ж мяне, мой татуля, каб мяне ў тую Варшаву не забралі.

Сымон. А дзе грошы, якія табе даў пан?

Паўлінка. Вось усе ў руцэ, бо з-за страху я нават схаваць іх забылася.

Бартэцкі. Пакажы, Паўлінка, трэба палічыць, колькі даў табе пан.

Сымон. Навошта іх лічыць! (Забірае ў Паўлінкі грошы.)

Зява дзевятая

Тыя самыя, Статэцкі і Грозніцкі.

Статэцкі. Што з табою, Сымоне? Што з табою, Паўлінка? Чаму вы такія збянтэжаныя?

Сымон. Адна бяда не ходзіць – сем за сабою водзіць.

Бартэцкі. Цяпер ужо з-за Паўлінкі, пане дабрадзею!

Грозніцкі. Што прычынілася з Паўлінкаю?

Сымон. Жонка Вашае Мосці ведае пра ўсё лепей.

Статэцкі. Але ўсё ж такі – што, Сымоне?

Сымон. Хто б ты ні быў, Ваша Мосць, але я ведаю, што ты – чалавек пачцівы. Тою прыстойнасцю, якую ты, пане, пэўна, шануеш, заклінаю, каб дапамог мне, бо ты ж панскі сябра.

Статэцкі. Чаго ж ты патрабуеш ад пана Мілоскага?

Сымон. Каб не браў у мяне тое, чаго не даваў, бо як возьме, дык не зможа нічым аддзячыць. А ён праз паню Грозніцкую намаўляў маю Паўлінку, каб мяне, старога, пакінула ды ехала з ім у Варшаву. Нават даў ёй грошы. Пасля яе завялі ў цёмную каморку, адкуль, на шчасце, яна здолела ўцячы. Ці ж я зайздрошчу панскім маёнткам? У хаце сваёй убогай азіраюся вакол сябе і нічога ў нэндзы астатняй не бачу, апрача прыстойнасці майго несапсаванага дзіцяці. Чаму ж адбіраюць у мяне гэтую адзіную ў жыцці пацеху?

Зява апошняя

Мілоскі, Статэцкі, Грозніцкі, Грозніцкая, Сымон, Паўлінка, Бартэцкі.

Мілоскі. Чаму гэта ты, лядачы дзядок, не згаджаешся на шчасце свае Паўлінкі?

Сымон. А чаму гэта пан называе абразу шчасцем?

Мілоскі. Маўчы, халоп! Мой пане Грозніцкі, адкуль гэтая зухаватасць?

Статэцкі. Ты, маспане Мілоскі, даруй Сымону, бо ён сказаў гэта ад жалю. (Трымае за руку Мілоскага.)

Грозніцкі. А я казаў панам, што гэта хам з хамаў.

Сымон. Маспане Грозніцкі, я цяпер з панам гутару, а не з вашэцем. Даруй мне, пане, але не варта рабіць мне гэтую крыўду і дзіця маё баламуціць. Вось тыя грошы, якія аддала мне Паўлінка. Яны – сведкі панскіх думак і мае знявагі. Усе іх аддаю. У нас тут не так, як у горадзе, дзе за золата прадаюць прыстойнасць.

Мілоскі. Дакуль жа гэта ён мне казань правіць будзе?! На што ты, халопе, спадзяешся?

Сымон. Спадзяюся на тое, што я такі ж чалавек, як і пан. І мяне пакрыўдзілі.

Грозніцкая. Вой, вой! Ён ужо з панам зраўняўся!

Мілоскі. Кроў шалёная! Дзякуючы мне выжыў, а які няўдзячны ды зухаваты!

Сымон. Не Вашае Мосці паветрам дыхаю, не Вашае Мосці сонца мяне грэе.

Грозніцкі. Бізуноў! Бізуноў! І ўсё адразу закончыцца.

Мілоскі. Я табе, халопе, больш не дарую.

Статэцкі. Супакойся, Ваша Мосць; ён кажа смела, бо кажа пра добрую справу.

Мілоскі. З-пад розаг, жабрак, не падымешся, а Паўлінку я ўсё ж забяру ды ашчасліўлю. Будзеш ведаць, халопе, як гэта са сваім панам ваяваць.

Бартэцкі (ціха Паўлінцы). Уцякайма, Паўлінка, у свіран!

Паўлінка. Я цябе, тата, не пакіну. Няхай і мяне разам з табою караюць.

Сымон. Калі ўжо дайшло да таго, што маё ўласнае дзіця забіраюць у мяне, дык ведай: я роўны Вашай Мосці, і ты не можаш бяскарна чыніць мне гэтую крыўду.

Мілоскі. Што гэта ён пляце?

Статэцкі. Я не разумею, але няхай кажа далей.

Сымон. Я, будучы ў такім убостве, утойваў сваё паходжанне. Бо навошта ганарыцца шляхецтвам, калі няма чым яго даводзіць? Я нават не казаў пра гэта свайму дзіцяці, каб яно, не заганарыўшыся часам, не адмовілася мазольна працаваць сваімі рукамі, якія могуць карміць яго. І чаго ад мяне людская пагарда, кухталі, а часам і пабоі не вымаглі, тое вымагае гвалт над прыстойнасцю і правам маім, гвалт над дзіцем маім учынены. Бацька мой, марна страціўшы маёнтак, двух сыноў пакінуў у нэндзы. Старэйшы Ян, што ўжо ўмеў чытаць і пісаць, выбраўся ў свет і, пэўна, шчаслівейшы. Я, малодшы, у дванаццаць гадоў нічога не ўмеючы, пакінуў нэндзу хатнюю ды шукаў нэндзы ў чужых кутах. У далёкім краі невядомы нікому, ажаніўшыся з такою ж беднаю, як сам шляхцянкаю, засумаваў па бацькаўшчыне. Дык прыйшоў у гэтую вёску і асеў тут; бо, прынамсі, міла было мне любавацца гэтымі рэчкамі ды лугамі, што мяне колісь у дзяцінстве бавілі. Дык вось: мой бацька быў гаспадаром усіх гэтых вёсак, дзе цяпер ты, Ваша Мосць, распараджаешся. Я – Сымон Статэцкі, другі сын Якуба Статэцкага.

Статэцкі. Што гэта я чую?

Мілоскі. Ці можа гэта быць, пане Статэцкі?

Статэцкі. Гэта сапраўды так, бо і бацька мой усё гэта апавядаў, нічога не ведаючы, дзе знаходзіцца ягоны брат Сымон. (Павярнуўшыся да Сымона.) Мой бацька, а твой брат Ян Статэцкі ўжо памёр. Цяпер ты мне за яго, бо калі ты дзядзька, дык будзь і бацькам. Не адштурхоўвае мяне твая сярмяга, у якой бачу цябе, – гэта гонар для мяне. Табе, Паўлінка, я брат, які, дзелячы з вамі прозвішча, будзе адначасна і дом, і ўвесь набытак мой дзяліць.

Сымон. О, Божа, што Ты са мною робіш?! Не так я табе служыў, не так, каб ты мяне такою вялікаю пацехаю ўзнагародзіў. (Абдымае Статэцкага, а Паўлінка цалуе яго ў руку.)

Статэцкі. Не цалуй мяне, Паўлінка, у руку, – я ж твой брат.

Мілоскі. Вы вось усе шчаслівыя, а я застаюся прысаромлены, бо дзед мой бацьку твайму, Сымоне, забраўшы маёнтак гэты, крыўду ўчыніў, а я табе самому, прагнучы звесці Паўлінку, учыніць хацеў. Я гэта выпраўлю, – калі вы згодны, – ажаніўшыся з прыстойнаю Паўлінкаю. Цяпер ужо, Паўлінка, з бацькам сваім не разлучышся. Я прышлю сюды людзей, якія цябе мовам ды ўсяму таму, што належыць да годнае адукацыі, навучаць. А ты з бацькам сваім прыстойнасці вучыць мяне будзеце.

Грозніцкі. Даруй мне, Ваша Мосць, маспане Сымоне, калі цябе чым крыўдзіў. Аднак няма зла, каб у дабро не перамянілася. Каб я не пасадзіў Вашу Мосць у вязніцу за падатак, дык не атрымалася б так, як зараз.

Сымон. Што было, тое ўжо мінулася. І ўсё ж лепей, Ваша Мосць, абыходзься з падданымі. Ім тое на дабро не пераменіцца, як са мною сталася, бо ўжо другога Статэцкага ў вёсцы няма.

Грозніцкая. І мне таксама даруй, Ваша Мосць, пане Сымоне!

Сымон. Вашай Мосці больш цяжка дараваць, ды належыць дараваць усім.

Бартэцкі (патэтычным голасам). Як цыназура на Эмпірэйскім небе...

Мілоскі. Маўчы ты ўжо з тою сваёю арацыяй.

Статэцкі. Няхай жа ён закончыць. Навошта ж яго аднаго засмучаць, калі мы ўсе цешымся!

Бартэцкі. Я хацеў сказаць прыгожа, але ў мяне ўжо ўсё з галавы вылецела. А трэба кожнаму з нас быць больш пачцівым, бо панна Паўлінка і пан Сымон таму сталі шчаслівымі, што былі прыстойнымі ва ўбостве.

Паўлінка. Добра сказаў Бартэцкі, бо і тата мой часта мне тое ж самае нагадваў: «Паўлінка! Будзь пачціваю – будзеш шчасліваю».

ПАДАРОЖЖА ПА ЗАЧАРАВАНЫМ КРАІ

Ледзь я пераправіўся праз Божую рэчку, што адасабляе зачараваны край ад рэшты зямлі, як неспадзявана пабачыў дзіўныя і жахлівыя відовішчы, больш праўдзівыя, чым падобныя на праўду.

1. Недзе праз гадзіну падарожжа, на адлегласці не больш за чвэрць мілі, зямля, якая ў гэтым месцы пакутавала, пэўна, ад нейкага гвалту, кідала вышэй дрэў якіясь камлыгі памерам у колькі локцяў і, узняўшы ў паветра на аднолькавую вышыню, апускала іх у тое самае месца, дзе брала.

2. Яшчэ на гэты глядзеў цуд, як новае відовішча прыцягнула маю ўвагу. Гурт людзей, з выгляду падобных на ліхадзеяў (можа, і ўбогасць, якую на іх бачыў, была прычынаю гэтага), ачапіў дом на маім шляху, відавочна, з мэтаю рабунку ды забойстваў. Адзін супраць столькіх разбойнікаў – я не мог ратаваць тых, хто трапіў у небяспеку, дык пра адно толькі марыў, каб жыхары як-небудзь уцяклі з свайго дому; аднак усё сталася інакш: дом пад выкрыкі тых лотраў (дзіўная рэч!) уцёк, а злоўленых жыхароў яны жахліва мардавалі ў мяне на вачах.

3. Устрывожаны гэтаю лютасцю, я зязджаў як можна хутчэй з тае дзікае мясціны ды тут убачыў чалавека, што скакаў на кані насустрач мне. За ім роўным конскаму бегу крокам гнаўся нейкі чорны волат на такой жа чорнай жывёліне, якая разам з вершнікам каля дваццаці, можа, локцяў мела ў вышыню. Гэты нешчаслівы на такога таварыша свайго падарожжа, пэўна, не зважаў, а вось у мяне тая аграмадная здань яшчэ дасюль не выйшла з думак.

4. Ужо прыйшоў час растрывожанаму столькімі жахлівымі відовішчамі шукаць начлег, і я знайшоў яго ў доме нібыта гасцінным, але з прычыны ўсеагульнае ў гэтым краі нядолі таксама жудасным. Начаваць давялося ў вялікім пакоі, дзе апрача агню ў куце ды пеўня, які часам пранізліва спяваў, не было бачна аніводнае жывое душы. Больш за гадзіну, пакуль сяк-так заснуў, даносіліся да мяне праз загароджаныя ў другі пакой дзверы толькі два галасы. Там якісь разюшаны кат мучыў нявінную, пэўна, ахвяру. Чуў я адно слова «gehar», грозна паўтаранае тым вылюдкам сотні разоў, і за кожным разам пакутнік плачлівым голасам прамаўляў колькі выразаў на незразумелай мове. Я, што шмат у жыцці адпакутаваў і маю сэрца схільнае да літасці, хацеў дапамагчы прыгнечанаму, але затрымала мяне думка, у якім гэта я краі знаходжуся, што неспадзявана пабачыў і што са мною самім можа яшчэ здарыцца, дык чакаў у неспакоі дня, які рыхтаваў для мяне яшчэ большыя жахі.

5. Пасля начлегу праз нейкую гадзіну падарожжа я ўбачыў надзвычай жахлівага чалавека, які труп маці, што ягоных дзяцей карміла, рассякаў сякераю напалам ды, пэўна, ад шалу грыз дрэва, і слёзы ліліся з ягоных вачэй. Колькі чалавек, што блізка каля яго стаялі, не толькі не перашкаджалі яму займацца бязбожнаю справаю, але яшчэ, здавалася, мелі нейкае задавальненне з гэтага. Гаротны край, падумалася, як жа тут далёка дзікунства, як далёка няўдзячнасць зайшла між людзьмі!

6. Як мага далей уцякаў я з тае мясціны, але мне перагарадзіла шлях рэчка з паромам – і зноў новае відовішча! Каля самага парома праз рэчку – мост, па якім штогод ідуць тысячы асуджаных на смерць бязвінных ахвяраў. І мост гэты тут пабудаваны толькі дзеля такіх вось бяздольных. Шчаслівы, што мне дазволілі пераехаць, я ніколі, як у гэты час, так ахвотна не плаціў за перавоз. На другім баку, ля самага берага рэчкі, на гары, наўмысна, напэўна, насыпанае кімсьці ў даўнія часы, стаіць заклятая святыня, зайсці ў якую тамтэйшы жыхар не жадае. Але калі ў ёй славілі Бога, што зяўляецца Богам усіх людзей, я ўшанаваў гэтае святое месца.

7. Едучы далей, калі сонца заходзіла і набліжаўся змрок – ужо сам па сабе сумны, а пасля столькіх страшных відовішчаў яшчэ больш трывожны для мяне – я заўважыў найпрыгажэйшую мясціну, але былі на ёй жахлівыя знакі моцы Боскае і нікчэмнасці чалавека. Мноства людзей, быццам тут іх застаў найвышэйшы вырак, перамяніліся ў камні. Гэты – рукі працягваючы да свайго, можа, сябра, той – угору вочы ўзняўшы, нібы літасці просіць, іншы – граючы весела, іншыя – у пакутах нараджаючы, – усе былі ператвораны ў камень. Непадалёку ад месца гэтага жахлівага перамянення ўзносіцца нейкая святыня ці аграмадны гмах, заведзены ў які па шматлікіх прыступках сходаў, я пакланіўся мясцовай багіні. Паўсюль, куды ні зірнуў, – мармур, крышталь ды золата, а гледзячы на багіню, мне здалося (бо начытаўся ў маладосці), што ўбачыў Юнону. Тым, хто ля яе стаяў, раздавала яна парады, загады альбо зняважлівую лаянку, але ніхто ёй не адказваў, а толькі – ці яго хвалілі, ці ганілі – аднолькава пакорліва кланяўся багіні. І хоць бавячыся там, я аніякае прыкрасці не зазнаў і нават з пэўнаю прыхільнасцю адносіліся да мяне, аднак нічога нікому не кажучы, пакінуў і багіню, і ейную святыню.

8. Нарэшце прыехаў у месца пошасці, з якога насустрач мне мноства вазоў вывозіла трупы. Нават тыя, хто іх вёз, былі такія хворыя, што самі ківаліся ды чакалі такое ж смерці. Змушаны маім абавязкам ехаць у гэтае месца, перадусім, стараўся засцерагчыся, а трапіў у такі спакой, дзе цэлымі днямі апрача птаства на дрэвах ды сабакі, які часам абзавецца, не чуў аніякага голасу. Усё там абудзілася толькі пасля заходу сонца, калі, як звычайна, прачнулася гаспадыня таго дому. Бачыць яе можна толькі пры начным асвятленні. Але за страчаныя дні яна ўзнагароджвае людзей, што з ёю бавяцца, прыветнасцю, а яшчэ болей – выдатнаю музыкай, слухаючы якую штоначы, я забыўся пра мае няшчасці і пра мае няспраўджаныя надзеі.

тлумачэнне гэтага падарожжа

Едучы з Пулаў на Валынь, я пераправіўся ў Владаве праз Буг, і гэта – Божая рэчка, якую, пэўна, славяне-паганцы шанавалі як Бога.

першы малюнак, нібыта кіданае ўгору і апусканае ў тым жа месцы зямлі, – гэта ветраны млын, якога я цалкам не бачыў, толькі па-над лесам, за якім быў гэты млын, заўважыў здалёк ягоныя крылы, што на аднолькавую вышыню ўзнімаліся ў паветры.

другі. Людзі, што ачапілі дом ля дарогі, – гэта сяляне, якія сеткаю лавілі ў сажалцы рыбу.

трэці. Чалавек і чорны велікан за ім – гэта вершнік, што скакаў перад захадам сонца ды меў аграмадны цень, які бег за ім.

чацвёрты. Начлег за Любомлем, дзе ў другім пакоі карчмы бельфэр вучыў чытаць хлопчыка-габрая, які са страху прамаўляў усяго па некалькі словаў, а бельфэр, калі хлопец замаўкаў, бесперастанна паўтараў слова «gehar», што па-габрайску значыць «хутчэй».

пяты. Чалавек, які напалам рассякаў труп маці, – гэта селянін, што забіў сваю старую карову, разбіраў яе ды паліў люльку, дым з якое выціскаў яму слёзы з вачэй.

шосты. Фатальны мост і святыня ў вёсцы Чэкня каля перавозу праз рэчку Стыр. Перавоз там – гэта паром, мост побач – толькі для валовых статкаў, якія штогод гоняць па ім у Владаву. Заклятая святыня – гэта царква на гары ля берага, у якую Масква ўвяла «благочестие», але сяляне, трымаючыся Уніі, пабудавалі сабе іншую царкву.

сёмы. Скамянелыя людзі – гэта каменныя статуі ў пекным парку жамойцкае старасціхі Хадкевічавае ў Млынаве. Там і найпякнейшы палац яе, багата абстаўлены ўнутры; гаспадарлівая пані дом свой і лёкаяў утрымлівае ў найвялікшым парадку.

восьмы. Месца пошасці – мястэчка Тэафільполь княгіні крайчае Сапегі. З мястэчка з рынку вярталіся пяныя сяляне, а іншыя трупамі ляжалі на вазах. Княгіня звычайна прачынаецца толькі пасля заходу сонца і цэлую ноч любіць бавіцца. Вось і знік міраж гэтага зачараванага падарожжа, калі глянуць на яго з іншага боку.



[1] Замоскія, Мышкоўскія – мецэнаты мастацтва ў XVI ст., былі апекунамі паэтаў С. Шымановіча і Я. Каханоўскага.

[2] Марыя Занькоўская – сястра Ф. Карпінскага.

[3] У першым шлюбе (лац.).

Да зместу



Hosted by uCoz