Да зместу

МІХАЛ КАРЫЦКІ

КАЗКА

Дзень дагарэў, скацілася сонца з Алімпа крутога,

Глянула ў захада воды, калі расцягнуўся пастух на спякотным

Полі, зайграў на жалейцы цудоўную смутную песню,

Зваў шэрсцяносных атару на пашу сакоўную шчодра.

Раптам са сховаў лясных і з пячор глухамані і цемры

Зграя ваўкоў падаспела злавесных – выгляд жахлівы.

Жоўтым бліснуўшы аскалам, махнатая гібель навісла,

Вочы іскрыліся чырванню, густою крывёю гарэлі.

Блізка зусім падпаўзлі да здабычы, што ў полі хадзіла,

Зубы востраць, глядзяць на авечак, кінуцца рваць іх гатовы.

Пільны шчанюк, спартанскага роду, нечакана адважна

Брэхам залівістым, віскатам ворагаў выдаў каварных.

Тут жа сабакі-дазорцы сваім адгукаюцца брэхам.

Статка былі аховай Меланк і Асбол раззлаваны,

Дромес і Леляпс, Ляціска з сынамі пабегла.

Хутка яе абагналі Малос, ваяўнічы Пцярэлес,

Ярасны Хілякс, і браты лаконскія, і Тоус без страху

Кінуўся ў бойку імкліва на дапамогу атары.

Зубы, каб вораг баяўся іх пашчы, скалілі са злосцю.

З хрыплым вурчаннем разюшаныя сабакі люцеюць,

Выюць і выюць, паветра дрыжыць ад страшэннага брэху.

Нібы з высокага замка сцяны празорлівы вартаўнік,

Бачачы, як чужынец на валы крапасныя узлазіць –

Кліча, трывогу ўзняўшы, у рог перарывісты трубіць.

Шумам і крыкамі воінаў, гулкім бразганнем зброі

Поўніцца крэпасць рагоў зазываннем, скрыгатам, громам.

Так разбуральнік аўчарні, драпежнікаў злосная зграя,

Вартай авечак малоскаю псярняй раскрытая, знікла.

Верныя іх абавязку разюшана брэшуць сабакі.

Вось і пастух прыбягае узброены дзідай, каменнем,

Каб зберагчы палахлівых авечак, ваўкаўю не паддацца,

Прагне якое атары нявіннай крывёй пажывіцца.

Воўк тут адзін, вельмі спрытны знайшоўся, за ўсіх разумнейшы,

Шчырым прыкінуўся ветліва, быццам з усмешкай хлуслівай,

(Хай немагчыма на мордзе махнатай пяшчота такая),

Злёгку памахваў хвастом, выражаючы ласку сяброўства,

Просіць умольна паслухаць, зусім не кароткае слова.

Ён, як бізун, расцягнуўся на цвёрдай зямлі дружалюбна.

Змоўклі сабакі, пастух жа гатовы ўважліва слухаць,

Што ім надумаўся злодзей сказаць, валасаты разбойнік

Бачыць, сабакі ўняліся, і пастухі не гамоняць,

Ветлівым голасам, ціхім такім пачынае размову:

«Муж знакаміты, атары ахоўнік, пастух найхрабрэйшы,

Шум і трывога навошта, навошта знішчальная зброя?

Мы не прыйшлі ваяваць і шкодзіць нікому не хочам.

Імем Дзіяны клянуся, сатырамі я заклінаю,

Праўду кажу вам, хлусні і падману няма ў маім сэрцы.

Марс не адмовіцца сведкаю быць, што я непавінны.

Голад спакусны ніколі, ні гідкая прага забойства

Нас не прымусілі кінуць спакойнага логава ў пушчы.

Мне не здабычу шукаць, а падыхаць хацелася часам

Свежым паветрам, лянота каб не псавала нам цела,

Хіба прагулка па полю бывае таксама злачыннай,

Крыўда якая, калі дарагіх аглядаем авечак?

Белых авечак руно так падобна да скіфскага снегу!

Славіць красу, захапляцца, няўжо гэта так кепска?

О, хараство, так прывабнае гэтых авечак, парука,

О, ты такая цудоўная, што сам Юпітэр, як тканым

Золата бляскам, сувоем сузоре Авена аздобіць.

Ззяць на вянках палкаводцаў вялікіх аздобе прыгожай,

Увысь над нябёсамі ёй бы узносіцца, быць ёй у цэнтры

Зорак Задыяка і, змогшы мароз, адорыць зелянінай

Дрэвы, зямлю, каб гняздзіліся птушкі ў лістоце.

Кветкі, чабор накормяць пчалу, а росы – цыкаду.

Слава авечак такая ніколі ў вяках не замоўкне.

У шэрсцяносных, не будзем хлусіць, ёсць свае недахопы.

Шып да прыгожай ружы звяртаецца, як друг неразлучны,

Сыпкай-жамчужыны быццам – золата шлакам пакрыта.

У смертнага ў сэрцы жывуць і спагада, і гордасць, і доблесць, і

Можа псаваць часцяком іх заган усялякіх суседства,

І ў авечак прыемных ганебныя ёсць недахопы:

Горкае зло абуджаюць у нас і не без прычыны.

Мілы нашчадак багоў, свойскі і ціхі адростак!

Чым жа цябе пакарылі сабакі – змеі-страшыдлы?

Дні ўсе і ночы праводзіць з Царбера злога патомствам

Хіба не сорам? І лес падабаецца ім давяраць неразумным,

Племю, чыя найвялікшая слава у вечных пакутах

Роду і нашай, ваўкоў, напівацца крывёю бязбожна.

З ворагам ты ненавісным шчыра сябруеш і дружыш?

Гэтым варожасць сваю даказаўшы, заслужыш ты кару.

Не было б зла неадступных сабак, не закіпеў бы наш воўчы

Гнеў, адпачылі б ваўкі, не парушылі б міру ніколі!

Вер мне, пастух, калі згінуць лаконскія злыя сабакі,

Хай сведкаю будзе Юпітэр, не кранем ні авечкі!

Як зразумець, адкуль такі клопат аб родзе праклятым,

Чорным яго накарміла атручаным зеллем Медэя.

Помніш злачынствы сабак? Ненажэрныя вечна,

Шыі на прывязі – і парушаюць спакой і дрымоту,

З вечнаю злосцю не расстаюцца, маўчаць у засадах,

Дражняць людзей і багам не даюць аніколі спакою,

Вось вераломства рода удачы, такая іх доблесць:

Ад здрады зграі сваіх жа сабак Антэён пагібае,

Нават на Дзіяну-багіню гаўкалі злыя сабакі.

Кінь ненавісны і людзям і нам палахлівы сабачы

Зброд. А я богам клянуся – навекі ўстановіцца згода.

Статак ніхто не зачэпіць, мы будзем карміцца

Зеллем, зямлёй і травою. Марудзім, а час не чакае, –

Звычай змацуем яднання, давайце ягнятка зарэжам!»

Так красамоўнічаў воўк, а пастух абапёрся на дроцік,

Варта сабак ахоўвала верных саратнікаў зубам,

Нібы надзейнай бранёй захінёны, гаворыць такое:

«Колерам, знаю, падманным пакрыта хлусня крывадушша,

Цёмная ласка скажонасці міра абліччам пакрыта.

Супраць сабачага племя ваўкі, сабакі пільнуюць

Статак, яны берагуць ад вашага здзеку, знішчэння,

І неадступных сабак, што хітрую тайну раскрыюць,

Зубы драпежнікаў зубам сваім адагнаць прэч гатовых,

Выпхнуць жадаеце ў далеч марскую і на край свету,

Самую верную варту прагнаць, каб ёй дзесьці загінуць,

Жудаснай пашчы ахвярамі статак авечы зрабіце?

Будзе страшней, чым вайна, для авечак без варты сабачай

Воўчы мір ваш цудоўны, і жорстка загіне аўчарня.

Робіцца яснаю справа, ясней, чым праменнае Сонца:

Страціць калі непадкупных сабак, то канец і авечкам».

ВІНШАВАННЕ

Найяснейшаму і шаноўнаму пану Марціну Пачобуту,
каралеўскаму астраному,
рэктару Віленскага універсітэта[1]

Дзе мне цябе адшукаць: на зямлі ці ў нябёсах, Марціне?

Зоркі цябе забіраюць, зямля ж пакідае для працы

І даручае табе клапаціцца пра гай лаўраносны,

Рупіцца толькі аб ім; Акадэма[2] ж я буду па свеце

Славу разносіць, выдатнага ў мудрых навуках.

Тыя абодва заняткі народжаны небам, бо першым

Стаў астраномам Гасподзь і ён напачатку ў эфіры

Гоні бясконцыя зоркамі скрозь пазасейваў, без ліку,

Розныя змены ім ён, пазіраючы з горняга трону,

Вызначыў, і гэта ўсё, з дасканаласцю дзіўнай стварыўшы,

Для назіранняў старанных навекі ён іншым пакінуў.

Вышнія душы тады, ад гібелі вольныя плоцкай,

З розумам вострым, калі гэта ўсё аглядаюць вачыма,

Дзівяцца боскаму твору, што сілай адзінага слова

Здзейснены быў дасканала, і зорак няўхільнаму бегу,

Целам таксама цяжкім, што вісяць у прасторах эфірных,

Розным характарам зорак і розным уплывам і зменам

Рознай парою. Нарэшце, сышоўшы з нябёсаў на землі,

Гэтая веда прынесла з сабой далікатную працу,

Што чуйнаваць чалавека і ўдзень і ўначы прымушае.

 

Гэта навука, якой навукі астатнія пальму

Мусяць па праву аддаць, бо яны бяруць для разгляду

Целы зямныя, яна ж уздымаецца вышай і кліча

Сяброў сваіх у нябёсы, дзе стромы Алімпу (адгэтуль

Выйшла калісьці яна), даючы ім такую загадку:

Гэтакім бляскам калі прамяніцца прадмесце, якім жа

Ззяннем ахоплена места паднебнае вышных істотаў?

І калі двор каля дому такой бліскавіцай зіхціцца,

Што ж тады ў дому самім? Што ў царстве Грымотнага слаўным?

О найвышэйшы палац! О гожыя боскія гмахі!

О род смяротных, які ў жыццёвыя кінулі смуты!

Тут твая прыстань, сюды імкніся пад ветразем поўным,

Бо на выгнанні няміла; дык шчаснай шукай ты радзімы!

Стань і да зор паднімі занураны ў рэчы зямныя,

Розум і сэрца звярні на тое, што нам рыхтавана!

Зоркі часцей астраномам, што ў іх узіраюцца пільна,

Ведаць такое даюць. Што можа выдатней за гэта

Быць ці карысней? На сэрцы тваім выцінае

Словы такія, Марціне, тваё назіранне за небам.

Імі кіруешся ты і ўчынкі свае вымяраеш

Мераю іх, залатога Алімпу даследчык заўзяты

І яго моцы у справах сваіх паслядоўнік няўхільны!

 

Ды акадэмія, што пад нагляд твой была перадана,

Весці змушае цябе таксама і справу зямную.

Толькі ж і гэта пасада спусцілася з высяў Алімпу.

Хто першым доктарам быў? Ім стаўся Гасподзь усявышні!

Ён, калі геніяў небных са змрочных нябыту прадонняў

Вывеў, то семя ўсіх рэчаў, якія спазнаць неабходна,

Ў душах іх вышніх засеяў і ўсё чалавецкае племя

(Ім запоўніў ён свет) навучыў усялякім навукам

Важным, і светачаў ззяннем сваіх ён заўсёды імкнецца

Справы ім тыя паказваць, якія рабіць яны мусяць.

Геніі ж небныя, тыя, што стан утвараюць вышэйшы,

Тых, хто ніжэйшае месца займае паводле заслугаў,

Вучаць нязведаным рэчам. І ў нас гэтаксама магістры

Ёсць, якім даручылі дбаць пра людскі паратунак.

Неба павінна таму акадэміяй першай лічыцца,

Што дактароў столькі сама у сценах прасторных змяшчае,

Колькі і геніяў тых, што магістрамі лічацца, здольных.

Вучыць Гасподзь сам у ёй, усё адкрываючы Духам.

Ў небе таму, я кажу, акадэмія першая ўзнікла.

Рэктарам стаўся Гасподзь, які на сходах вучоных

Лаўрам вянчае заслугі заслужанай вартых пасады.

Бачыш цяпер ты: абедзьве пасады, якія прынеслі

Добрыя справы табе, змушаюць імкнуцца да зорак.

Шчасця ў дарозе табе, абавязкі выконвай абодва,

Пільна на зоркі глядзі, каб яны паспрыялі, каб зоркі

Мірныя неслі табе заўсёды шчасце, Марціне;

Лаўры каб ты раздаваў заслужаным людзям па праву!

Вышнія ж вынікам добрым няхай твае ўвенчаць намеры!

ДА АДНАГО ПАЭТА

I

Сіла-табе я -гізм[3] пасылаю, найлепшы з паэтаў,

Сэнс калі хочаш яго ведаць, чытай да канца!

II

Да каго прыхільны лёс, да таго

хінуцца і людзі.

(Юстын. Кн. V)

Бачыў я днямі, як ружа тырыйскаю барвай[4] квітнела,

     Золатам ззялі наўкол ўладна пялёсткі яе.

Зараз жа шумны натоўп медасочных гіблейскіх крылатых[5]

     Кветку абсеў, гудучы хорам салодкім сваім.

Толькі як сіла Барэя красу забірае ад ружаў,

     Кветак апалых тады бачыць не хоча пчала.

Гэтак тады разважаю з сабой: пэўна, кветак аздобу

     Любіць, не кветку саму, пчолаў рухлівы народ.

III

параўнанне пчолаў з музамі

Ёсць і для пчолаў свой мёд і ёсць свой мёд у Камэнаў[6],

     Ды не чакае ніхто плёну ад кветкі гнілой!

Музы заўжды вастрыё дасціпнага розуму маюць,

     Тоненькім джалам сваім спрытна ўцінае пчала.

Толькі як Фэб у гуморы, прыходзяць песні да Музаў,

     Сонца спрыяе калі – працу закончыць пчала.

Як сабіральніцы мёду са спевам заўсёды працуюць,

     Так і для Музаў няма песні без працы жывой.

Музы, спяваючы гожа, з салодкім карыснае лучаць,

     Пчолам карыснае ўсё трэба з салодкім зяднаць.

Гэтыя й тыя паўсюль імкнуцца да горных вяршыняў:

     Музам мілейшы Парнас, пчолы ж на Гібле жывуць.

Кожная з іх сваё дрэва шануе – пчала і Камэна,

     Муза жадае сабе лаўру, а ліпы – пчала.

Можна і гэтак: сярод кастальскіх сёстраў[7] цнатлівых

     Месца пачэснае ўсцяж панна займае пчала.

Імя падобнае ў іх: замяні ты літару толькі,

Музай адразу ж стае тая, што мухай была[8].

IV

З гэтага ты зразумей, Паэце, куды нашыя песні

     Мкнуцца і мэты якой хочуць яны дасягнуць.

Гэткаю згодай калі зяднаныя з пчоламі Музы,

     Хай твая Муза тады стане руплівай пчалой.

З яснага ў гэтых радках, схаванае зведаць імкніся;

         Толькі тады Апалон зробіцца твой мудрацом.



[1] Пачобут-Адляніцкі Марцін (1728–1810) – нарадзіўся ў маёнтку Саломенка цяперашняга Гродзенскага раёна. У 1738–1745 гадах вучыўся ў Гродзенскай калегіі. У 1780–1799 гадах – рэктар Віленскай галоўнай школы (універсітэта).

[2] Акадэм – антычны герой, імем якога называўся гай, дзе ўзнікла платонаўская Акадэмія.

[3] Сіла-...-гізм – тут Карыцкі ўжыў тмэсіс, мастацкі прыём, пры якім часткі аднаго слова ставяцца асобна ў розных месцах сказа.

[4] Тырыйскаю барвай – з Тыра, сталіцы Фінікіі вывозілася высакаякасная барва, што выраблялася са смаўжоў барвовак.

[5] Гіблейскіх крылатых – пчолаў. Гара Гібла на в.Сіцылія славілася мёдам.

[6] Камэнаў – лацінскае слова «Камэна» адпавядае грэцкаму «Муза».

[7] Кастальскія сёстры – Музы. Касталія – крыніца на Парнасе, каля Дэльфаў, прысвечаная Апалону і Музам.

[8] У арыгінале – гульня слоў, якая грунтуецца на сугучнасці musca – муха, пчала і Musa – Муза.

Да зместу



Hosted by uCoz