Да зместу

ФРАНЦІШАК КНЯЗЬНІН

ЭЛЕГІЯ
ДА ФРАНЦІШКА БАГАМОЛЬЦА

Музаў дарамі багаты, Францішак, чаму ты дазволіў

  Выйсці такімі на свет вершам няўдалым маім?

Іх жа агонь спарадзіў амаль што юначы

  Не наталёны яшчэ чыстай пегаскай вадой.

Вершы такія не мілы ні хлопцам, ні гожым дзяўчатам,

  Не даспадобы яны сталым мужам – далібог!

Толькі загадваеш ты нясхільных да песень багіняў

  Клікаць і слухацца мне раіш тваіх настаноў.

Што ж, паспрабую. Калі ж Каліёпа не дасць мне

  Лаўры здабыць, не бяда! Досыць, што іх я жадаў.

Некалі, першаю толькі Парнаса любоўю крануты,

  Думаў, што буду палаць, лірныя струны бючы:

Гэткая мара была. Я прагнуў прыгожае славы:

  Зайздрасць благая тады шчэ не калола мяне.

Песні пяяў пра пагорак, дзе Віцьба раздвоенай плынню

  З хвалямі хуткай Дзвіны воды злучае свае.

Німфы ж, уніз з берагоў пахіляючы стромых галовы,

  Нешта салодкае мне паабяцалі тады.

Тая, прыгадваю я, асалода мне ўзрушыла сэрца:

  Раптам на розум найшлі і спадзяванні і шал.

Цешыўся ветламу знаку. Каго з нас чароўная мроя

  Не адарве ад навук, перадусім – юнака?

Зразу ж зямное усё паблякла, бо сэрца маё ужо

  Музаў ліхія шляхі вабіць тады пачалі.

Я заблудзіўся цяпер! Дык нашто столькі дзён, столькі ночаў

  Лепшае часткі жыцця страчаны мною былі?

Я палымнеў, летучы за вытворамі прывіднай мары,

  Мроі няздзейсныя ўсцяж зводзілі з тропу мяне.

Потым, калі карабель Лаёлы разбіла віхура,

  Трапіўшы ў скрушні за борт, дошку ў вадзе я схапіў.

Покуль шукаю прыстанку і ціхіх жыццёвых уцехаў,

  Знікнуўшы ў хвалі – ізноў з тоні вынырваю я

Цацкаю мора. Калісь Арыён дабрашчасны дэльфінаў

  Лірай салодкай сваёй на дапамогу прывёў.

Я ж ненадзейна трымаў, і з рук яна выпала кволых,

  Знікла амаль назаўжды ў сэрцы натхненне маім.

Хто б заблуканага вывеў і хто ахаваў бы ў дарозе,

  Хто дапамогу паслаць змог бы надзейную мне?

Схову сабе Меаніды мае і спачыну шукаюць,

  А не знайшоўшы таго, з сэрца знікаюць яны.

Што ж тут рабіць мне было? Не схацеўшы палаць пад прымусам,

  Той аўзанійскі агонь згаснуў раптоўна ў душы.

Не дагадзіўшы як след паднябенням распешчаным ляскім,

  Я не прыпаў да душы ні чытачу, ні сабе.

Што ж, пагарджаны раз, мой талент болей не ўзнёсся:

  Пэўна не тая ўжо моц, розум ужо не такі!

Лепшы з айцоў, надарэмна ўзнаўляеш пакінуты клопат,

  Ён, прызнаюся табе, мне не па сілах цяпер.

Пылам прыпалі даўно ад спеваў адвыклыя струны,

  Добра правіца мая ўдарыць не здолее ў іх.

Тое, што склаў я, павінна было б яшчэ шліфавацца –

  Пемзы не варта яно жорсткае, ведаю я!

Ты прымушаеш, аднак. Вазьмі ж, калі хочаш! Ды толькі

  Боязна, каб не было сорамна мне і табе.

Ўсё ж аддаю іх табе, бо абодвух нас лучыць Айчына,

  Дзе шчэ з даўнейшых часоў продкі аселі твае.

Бо Багамольцамі ўсцяж і цяпер ганарыцца і колісь

  Цешыўся славаю іх Віцебск, вядомы здавён.

Мой жа прабацька калісь перабраўся сюды са Смаленска,

  Стуль, дзе Маскаль аддаваў вольныя шыі ў пятлю.

Некалі нашыя, кажуць, на гэных змагаліся мурах,

  Што Абуховіч аддаў ворагу з ганьбай для нас.

Двое сюды перайшло братоў, бо іх заклікáла

  Волі жаданне тады, ветлая вашых рука.

Вось жа чаму ты, айцец, уласныя межы бароніш

  І суайчынніка ўсім хочаш свайго паказаць.

Толькі ж калі прачытае Куніхій, ці слаўны Замагна,

  Альбо Дурыні, – краса Рыму, тады я прапаў!

Да зместу



Hosted by uCoz