Кафедра гісторыі беларускае літаратуры - Бібліятэка - XVIII стагоддзе - Магілёўская хроніка

Да зместу

Трафім Сурта і Юрый Трубніцкі.

МАГІЛЁЎСКАЯ ХРОНІКА

Гэтая кніга ягамосці пана Аляксандра Трубніцкага перапісана Юрыем Трубніцкім, рэгентам магілёўскай гарадской канцылярыі, у годзе 1747, месяца ліпеня, 30 дня з розных летапісцаў, а часткаю са сваёй памяці будучым часам на памятку, што дзеялася ў горадзе Магілёве і па розных гарадах, якія паходы, войны ды іншыя рэчы. Гэта ўсё не хлусліва напісана, а як сама справа была, так прышламу веку да ведама пададзена ў годзе 1747.

(...) У год 1526. Пры Жыгімонце, каралі польскім, калі шэсць гадоў было яго сыну Жыгімонту Аўгусту, горад Магілёў заклалі, а замак і воласць былі ўжо за некалькі соцень гадоў да гэтага (...).

Няма ніякай весткі, адкуль бы мог быць названы Магілёў. Паводле майго розуму, так патрэбна тлумачыць гэтую назву: магутны леў, па-славянску названы, тлумачыцца – моцны, дужы, вялікі леў, бо такі і ёсць, калі невымоўна шмат меў на сябе розных ваенных навалаў, пра што будзе ніжэй, аж з ласкі ўсемагутнага Бога і найсвяцейшай панны Марыі, Маткі Божай, якую горад адчуваў і адчувае, застаецца ён у сваёй годнасці.

Не ўступае горад Магілёў, з ласкі Маткі Божай, Кіеву (за выключэннем толькі святых рэліквіяў). (...) Гэты горад Магілёў багаты на людзей вучоных, набожных, гандлёвых і на розныя рамёствы багаты, цэрквамі ўпрыгожаны, цэрквы скарбамі, працамі і штодзённым квітнеючым грэка-рускім набажэнствам аздоблены, з-за чаго варта прыгадаць такі верш:

Богам ратаваны гэты горад Магілёў
Прабацька і бацька Яфетавых сыноў.

(...) У год 1576. Стафан Баторы, сяміградскі князь, быў абраны на Польскае каралеўства і каранаваны. Пасля гэтай каранацыі былі высланы да яго ад горада Магілёва паслы-гараджане для атрымання і прысуджэння згодна з парадкам Магдэбургскага права, які, як ласкавы бацька, іх прыняўшы, правам утытулаваў, і атрымалі, аб чым прасілі. Потым, у годзе 1577, пачаў горад Магілёў судзіць Магдэбургскім правам, якое мы і цяпер ужываем (...).

У год 1586. Памёр кароль Стафан Баторы, караляваў 10 гадоў, 7 месяцаў і 12 дзён. Праз чатыры гады пасля яго смерці, гэта значыць у годзе 1590, прыйшоў да Магілёва з войскам невядома адкуль нейкі казак ці гультай па прозвішчы Мацюша і нарабіў шмат шкоды, было на што паглядзець, аднак горад пан Бог уратаваў.

У год 1595. Прыйшла ізноў на Магілёў навала ад Налівайкі. Невядома таксама з якіх прычын гэта сталася, ці з гультайства, ці з маскоўскага нацкавання, бо ў гэты час міру з Масквою не было. Таму старэйшыя людзі часта успаміналі Налівайку, Мазепу і Лабаду. Відаць, нездарма не выходзіла гэта з людской памяці, бо нарабіла гэтая саранча новазбудаванаму і заселенаму гораду бед нязносных і крыві праліла нямала. Але пан Бог гараджан-мучанікаў бласлаўляў і бласлаўляе. Гэты Налівайка Магілёў зрабаваў і цэрквы папаліў (...).

У год 1610. У час каралявання Жыгімонта III, а за войтаўствам у гэты час Яраша Валовіча, падскарбія земскага і пісара Вялікага княства Літоўскага, войта магілёўскага, пачаліся былі ў Магілёве бунты. Зачыншчыкамі гэтых бунтаў былі Іван Харковіч, Мікіта Мілковіч, Максім Талбішчаў, Гаўрыла Івановіч, Міхал Чабатар, Лавар Міхайловіч і Ісай Шчасны. Гэтыя бунтаўшчыкі са сваімі хаўруснікамі не ладзілі з магістратам, плаціць падаткі гораду і выконваць розныя павіннасці магістрату не хацелі, на рады і сходы асобам сваім на месцы, асобна, у свой уласны звонік біць загадвалі, на ратушу і на магістрат нападалі, да гвалту перад ратушою заклікалі, на судовую хату напалі, дзверы адбілі. У гэты ж час вымушаны быў заставацца ў вялікай небяспецы і магістрат. Потым з выданнем уласна каралеўскай граматы вышэйназванаму магілёўскаму войту памянёныя бунтаўшчыкі былі асуджаны, дзе пасля выканання іскавымі бакамі прысягі пяцёра абезгалоўлены, але няма весткі, на якім месцы. Толькі даводзілася чуць ад старэйшых людзей, якія расказвалі, што былі яны пакараны на Ільінскай гары, на гэтым месцы, дзе цяпер стаіць крыж. Некаторыя гаварылі, што пакараныя людзі былі паспалітымі, аднак у пастанове пра гэта нічога не сказана. Калі хочаш пра гэта ведаць дакладна, чытай пастанову, упісаную ў акты магілёўскай магдэбургіі пад датаю года 1610, месяца ліпеня, 23 дня (...).

У год 1654. Маскоўскае войска наступіла, сіле якога горад Магілёў не змог працівіцца, быў вымушаны паводле рады правялебнага ў Бозе айца Іаіля Труцэвіча, ігумена Куцеінскага манастыра, паддацца. Яго маскоўскі цар з усёю братвою-манахамі, і каштоўны алтар з Куцеінскай царквы, гадзіннік таксама, вывез за Маскву, пад Вялікі Ноўгарад, міль за 30 ад Ноўгарада, а ад маскоўскай сталіцы міль 120, на востраў, на возера, якое называецца Святым. Там жа за вялікія грошы маскоўскага патрыярха Нікана манастыр з замкам і горад, названы Валдаем, на беразе заклаў і польскімі людзьмі засяліў (...).

У год 1661. Месяца лютага, 1 дня, на святога Трыфана, высеклі ў Магілёве гараджане-магілёўцы маскоўскі гарнізон, а траіх ваяводаў, Сямёна Савіча Гарчакова, Мацвея Андрэевіча Палуэктава і Сямёна Іванавіча Чэкіна, стралецкага галаву, паланілі і да караля Яна Казімера з пасланымі ад горада панамі Пятром Казановічам, войтам, Базылём Леашкевічам, Юзафам Порам, бурмістрам, адвезлі і аддалі. За такую значную паслугу і адвагу для ўсёй Рэчы Паспалітай і пячатку вялікую гораду зацвердзілі: на чырвоным полі адчыненая брама і ў ёй тры вежы, узброены рыцар з узнятым мечам, а наверсе, над сярэдняй вежай, літоўская пагоня з надпісам кругам на лацінскай мове: “Sigillum civitatis Mohiloviensis”, як тут бачыш. Гэтага вынішчэння маскоўскага гарнізона паводле рады на той час галоўных гараджан атаманам быў Пора, бурмістр, са сваімі памочнікамі на такое адважнымі. Аднак была тады і таемная змова паміж гараджанамі, што кожны гаспадар ноччу ў сваёй гасподзе выкруціць салдату з ружжа крэмень. І калі ўжо надыходзілі час і гадзіна, Пора, бурмістр, меў схаваны пад адзеннем катаўскі палаш, а калі ўбачыў, што маскалі гвалтам адбіраюць пірагі ў гарадскіх пякарак, перахрысціўся і пачаў маскоўцаў секчы, а гэтым часам на гвалт у брацкі звон ударылі, стаў галас, разруха, бойка, вайна. І пачалі былі маскоўцы браць верх, але нейкі гараджанін адамкнуў турму, у якой знаходзілася многа вязняў палякаў. Гэтыя вязні добра дапамаглі, бо за некалькі гадзін маскоўцаў збілі і абрабавалі. І так большую частку тут, дзе на Самусёвай гары стаіць крыж, голымі пахавалі, а частку каля Пакроўскага шпіталя, дзе лужына, а другіх пахавалі дзе было можна. Гараджан у гэтай бітве загінула мала, толькі некаторых паранілі (...).

У год 1688. У Варшаве на вальным сейме аб'явіўся супраць пана Бога, супраць Яго святой волі, блюзнерца, атэіста па прозвішчы Лышчынскі, брэсцкі падсудак, якога, хоць і бунтаваў, асудзілі на агонь і спалілі. Блюзнерства яго было цяжка і слухаць, якое я, каб не распуснічаць, апісваць пакідаю (...).

У год 1696. Месяца чэрвеня, 17 дня па рымскім календары, у тыдзень па Святым духу, на святую Тройцу, у полудзень, а па рускім календары сёмага дня, святло Польскай Кароны і Вялікага княства Літоўскага, кароль, пан наш міласцівы, Ян III развітаўся ў нядзелю са светам на вялікую жалобу гарадоў каралеўскіх, а менавіта нас, магілёўцаў, які над намі і іншымі гарадамі, як ласкавы бацька, панаваў ад каранацыі гадоў дваццаць, а ўсіх гадоў [67]. Быў гэты пан кемлівы, відны, разважны, здаровы, набожны, да народу рознага стану міласэрны, толькі высокія станы, што не даваў дарма вакансій, былі ім незадаволены. Кіраваў дзяржавай як у міры, так таксама і ў час вайны, а менавіта калі ў годзе 1684 растаптаў пад Венай такую вялікую і нечуваную сілу туркаў (...).

У год 1697. Перад Вялікаднем, у Вялікі пост, цар ягамосць Пётр Аляксеевіч выслаў самых адборных баярынаў за мора па розных княствах і нацыях для ваеннай навукі, дзейнасці і назірання за палітыкай і замежнымі звычаямі. Імёнаў іх, шкадуючы часу, я не змяшчаю. І сам таксама пайшоў за імі ў Рыгу, дзе быў некалькі дзён, а потым, бавячы час пацехамі, быў некалькі тыдняў у князя і курфюрста, якога добра раскашэліў, на мільён і болей... Адтуль потым праз розныя княствы да ягамосці хрысціянскага імператара аж у Рым. І там, нямала бавячыся, прыглядваўся ў розных народаў да нямецкіх ваенных і юрыдычных парадкаў. Там жа, падарожнічаючы па розных каралеўствах і княствах, не зважаючы, ва ўсе дні абедаў з мясам, аж пакуль не вярнуўся ў Маскву і ва ўсёй сваёй манархіі не ўвёў Магдэбургскае права, пра што будзе ніжэй. Вяртаючыся тады з нямецкіх краін, быў ён у ягамосці караля Аўгуста, бавіўся кампаніяй і пацехамі, потым ішоў на Шклоў і на мяжы, за Кадзінам, загадаў паставіць на памяць слуп (...).

У год 1707. 13 чэрвеня шведскі кароль з каралём Станіславам Ляшчынскім, паабяцаўшы добрую між сабою дружбу, развіталіся і раз'ехаліся. Шведскі кароль праз Літву на Русь у бок Масквы, а кароль Ляшчынскі са сваёй дывізіяй у Карону.

Шведскі кароль Карл, будучы ўзрушаны шчаслівым пачынам і гэтым ганаровы, задумаў такім жа чынам, як скінуў з трона караля Аўгуста, такое ж, і як найхутчэй, даказаць на цару Пятру Аляксеевічу, каб і яго з трона скінуць і пасадзіць іншага цара, а самому стаць маскоўскім самадзержцам. Але шчасце адвярнулася, і гэтага зрабіць ён не змог. І хоць маскоўскі цар схіліўся да прымірэння, да міру, аднак шведскі кароль, як піша гісторык, будучы, хоць і з нагавору сваіх найзычлівейшых і найвярнейшых міністраў і генералаў, нялюдскім, прыкрым, гарачым, незгаворлівым і ў сваіх задумах быццам бы ненайпадобнейшых непарушным, прычым такі люты, што яго лютасць сапраўды пераходзіла ў жорсткасць, нічога не дбаючы пра склізкасць урачыстай каралеўскай годнасці, у сувязі з заключэннем прымірэння з царом, што заключыў яго ў маскоўскай сталіцы, публічна, перад сваімі міністрамі, хваліўся. А цар на гэтыя словы адказаў: “Брат мой Карл хоча быць Аляксандрам Вялікім на Дарыя ў маёй асобе” (...).

Карнавал замежны ў Польшчы ab anno 1701-га ab annum 1705-га.

Закрычаў нейкі вар'ят: “Калі гуляць, дык гуляць, хутчэй за маскі”. Тады Польшча і Літва надзяваюць на сябе маскі ўбогіх сіротаў, апекуноў цара маскоўскага і караля шведскага; ксёндз-прымас – Генрыха французскага; ваявода пазнаньскі, вядома, маску караля Аўгуста, ноччу архітэктара, пры якім пан Чаракоўскі звяртаўся да Божай міласці на элекцыю, каб не евангельскае hic homo cepit edificare et non potuit consumare, гэта значыць – тут чалавек пачаў будаўніцтва, але не змог закончыць; маці яго – маску маці Нерона змяніўшы, occidat operat modo imperat; сенатары – маскі сляпых, глухіх, накульгваючых дзядоў; гетманы – жыдоў з сумкамі каля пояса; жаўнеры – баязлівых жанчын у плашчыках, тхарынымі шкурамі падшытых, і з кудзелямі; Сапегі – збяднелай шляхты з палашамі і босых; шляхта – сялян; маршалак варшаўскай канфедэрацыі – Фабія рымскага, манаха ў каўпаку; польскія дамы, шукаючы бяспечнага кута, – цыганак-гадалак, але адна з іх чараўніца; гараджане – шведскіх маркітантаў.

Так убраўшыся, гуляюць у Польшчы і Літве, адны пеша, другія конна, іншыя ўсляпую, без вазкоў, на вазах і санях, і толькі дзе сутыкаюцца, там людзі больш плачуць, чым смяюцца. Аж таксама адна кампанія ўварвалася ў палац князя-прымаса і, трапіўшы ў пакой, застае яго ўжо ў іншай масцы, менавіта Пілата, панційскага старасты, які так ім сказаў: “Innoces ego sum a sangvine isto”, гэта значыць – “невінаваты я ў гэтай крыві, даволі гэтых гульбаў, не я сам гэта ліха прычына”. Пачуўшы гэта, адышлі з агідаю. Аж ізноў урываецца іншая кампанія, але ўжо і князя знаходзяць у іншым пакоі і ў іншай масцы, менавіта святога Пятра-мучаніка, які запрог караля Аўгуста, як Пётр Хрыста. Пачуўшы яго набожныя стогны: “Ach, qvantum deo, qvantum mundo, qvantum celo animas saluti proprias, qvantum vanitatis corporis et fortunis hujus mundi sum reus”; гэта значыць – “Ах, як шмат Богу, як шмат свету, як шмат небу на забвенне ўласнай душы, як шмат марнасці цела і фартунам гэтага свету я вінаваты, былі такія здзіўленыя, што хутчэй уцяклі. А пасля гэтага ўрываецца ў палац трэцяя кампанія і застае ксяндза-прымаса ў трэцім пакоі, дзе былі раскладзены ўсе яго багацці, таксама мяшкі з грашыма, аж бачаць, сядзіць ён у масцы Заліхвея-мытніка, а хлопчык яму прыгожа спявае: “Qvid prodest homini si universum mundum lucretur, animas vero suas detrimetum patiatur”; гэта значыць – “Што ж будзе спажыткам чалавеку, калі ён цэлы свет у спажытак сабе адшукае, а душу сваю загубіць”. А ён на гэта басам адказвае: “Ecce dimidium honorum meorum do cosacis pavperibus et Polonecio, et si qven defravdavi reddo qvadruplum”; гэта значыць – “Гэтую маю палову я дам убогім казакам і Паланецкаму, а каго пакрыўдзіў, вярну ўчацвёра”. Адзін з пакаёвых тады распісвае багацці, забраныя шведамі, – якія якому касцёлу дастануцца, ці шведскаму, ці польскаму каралю, ці каралевічам. Другі лічыць грошы і запісвае ad restituendum. Аднак гэтыя зневажальнікі разышліся па гарадах і вёсках і найбольш гуляюць, а пазнанскі біскуп і лянчыцкі ваявода так зацягнуліся далёка, што агледзеліся аж у Саксоніі, дзе засталі і караля Аўгуста, а ён pertubam opticam, гэта значыць – гледзячы ў падзорную трубу, з польскага шаленства пасмейваецца, п'е добра і на дзіках супраць шведа закіроўвае (...).

Вячэра

Потым шведскі кароль адну вячэру ў Польшчы, другую маскоўскі цар у Літве спраўляюць. Каля стала шведскага караля ўсё толькі шведы і афіцэры, з палякаў відаць нікога. Толькі гербавы польскі арол, вараны і печаны, на стале. Панове Сапегі з талеркамі прыслугоўваюць, выглядаюць жвавымі, якім шведы, што з вуса ўпадзе, альбо што шведскі кароль на талерцы пададуць. Пан Кавячынскі што хутчэй талеркі мые, а, між іншым, пры поясе мае хвост. Вялікапаляне стаяць з бутэлькамі, адным віна, другім піва, якога наварылі, наліваюць, а шведы крычаць: “Gib wein, beynanter” А калі шведы так весела выпіваюць, у Львове з гармат на vivat так моцна ўдарылі, што аж затраслося. Толькі калі віна не стала, нясе пан пазнанскі ваявода касцельны келіх, поўны людской крыві; пан жа падскарбі літоўскі – чару людскіх слёз і падалі шведам, каб пілі. Шведы, упіўшыся віном і не менш му-зыкай дудароў-палякаў, не пазналі напіткаў, п'юць ненасытна штораз выкрыкваючы: “Gib win, szelmpolak” П'яных панове прусы да сваіх палацаў на начлег просяць, двары ім аблілі і асмуродзілі, бо ім такое міла, што не саксонцы, але госці і прыяцелі шведы, за што ім прускія гарады міла апладзіруюць.

Вячэра другая

А пры стале маскоўскага цара ўбачыш князёў Вішнявецкіх, паноў Агінскіх, Пацеяў, Заранкаў, Валовічаў, Катлоў і іншых. Усе п'юць за здароўе караля Аўгуста, што раз літоўскі каравай, па-татарску карваш, кроячы, баючыся толькі на канец бойкі, хутка яе не стане, толькі б самі з-за хваста не пабіліся. На абодвух сталах прысмакаў і марцыпанаў удосталь, толькі гэта дзіўна, што ўсё ў выглядзе чорта альбо д'ябла, пэўна, з-за людскога праклёну, каб цябе д'яблы з'елі, каб вас чорт трос, каб вас д'яблы парвалі.

Танец паўтараюць пасля вячэры не раз і не дзесяць. А на ўсё гэта прыглядваецца брандэнбургчык, са шведаў дзівіцца, маскаля паважае, а з палякаў смяецца. Ацнак жа гэта яшчэ не канец карнавалу, бо і вясною пачнуцца оперы (...).

(...) У гэтым жа [1704] годзе вайшаў з маскоўскай сталіцы строгі ўказ на вярбоўку і таксама загад маскоўскага цара Пятра Аляксеевіча, які, вывучыўшы і зведаўшы ўласнай асобай розныя нацыі, дзяржавы і народы, упадабаў нямецкі строй і для гэтага загадаў, каб ваенныя людзі і гараджане ўбіраліся па-нямецку і галілі бароды (бо перад гэтым быў у Маскве звычай, што не кожнаму было вольна галіць бараду). Але гэты загад быў не даспадобы паспалітым людзям, якія ў гэты час заставаліся ў прастаце. Адны з-за галення бародаў уцякалі за граніцу (дзе была з'явілася вялікая, побач з іншымі, слабада), пра што будзе сказана і напісана ніжэй. Іншыя за борады плацілі ў царскі скарб па некалькі дзесяткаў рублёў пошліны. А які б з гараджан не хацеў убірацца ў Маскве па-нямецку і ішоў бы які праз браму каля варты, якая там стаяла, таму загадвалі прыкленчыць і па калена кафтан абразалі. І адсюль уведзены на Маскве нямецкі строй, і ад гэтых часоў пачалі курыць і нюхаць табачны напой публічна, а перад гэтым курылі і нюхалі патаемна. І толькі ў горадзе Магілёве ёсць такі старасвецкі закон, каб ад Магілёва да Смаленска пад страхам смерці ніхто не адважыўся правозіць ні тытуню, ні гарэлкі (...).

Год 1706. Год, шчасліва наступіўшы тысяча семсот шосты пакінуў гораду нешчаслівую спадчыну, бо адбываліся ў гэтым годзе пераходы і пераезды розных войскаў, будаўніцтва мастоў праз Дняпро, прысутнасць у горадзе знатных асоб, засыланне інспекцый з павета, зборшчыкаў падаткаў і дэпутатаў, з-за чаго была ў горадзе вялікая неразбярыха, якую і апісаць цяжка, хіба што самае вартае кораценька апішам ніжэй (...).

21 чэрвеня ўдалося пачуць, што едзе цар ягамосць у Магілёў вадою, гэта значыць Дняпром. Тады магістрат, хуценька сеўшы ў лодкі, ездзіў у Холм на паклон, але, не дачакаўшыся, вярнуўся ў горад. І гарадская артылерыя была ўжо пастаўлена на выхадах, і пушкары з гарадской вартай, якім для стральбы на царскі прыезд выдалі з ратушы трыста фунтаў пораху.

Назаўтра, як толькі летні дзень настаў, пачалі ў лагеры барабаніць, маскоўскае войска, некалькі дзесяткаў тысяч, выстраілася з рыштункам, і далі знаць, што едзе цар ягамосць у Магілёў байдаком. Магістрат адразу пайшоў на сустрэчу. Прыбыў цар ягамосць у графства байдаком. Быў у гэтым байдаку і ягоны францымер, але не высядаў. Хутка шмат генералаў, афіцэраў і нямала польскіх паноў прыбыло на бераг на сустрэчу, і каня для цара прывялі. А калі цар ягамосць высядаў з байдака, магістрат на сярэбраным пазалочаным падносе вялікі каравай, а на другім сітны хлеб з паклонам падалі, але тут, на беразе, не прыняў, а загадаў стаць з хлебам каля кватэры. А сам, сеўшы на каня, з вялікай світай афіцэраў, немцаў і палякаў, бо тут прысутнічалі ягамосць пан Агінскі, Заранак і многа польскіх паноў, паехаў паміж палкамі, а праехаўшы раз і другі, тут і там, з канца ў канец, загадаў даваць агню, таму і стралялі беглым агнём тры разы, і з палкавых гармат таксама ў лагеры білі.

Аб'ехаўшы сваё войска, ехаў цар ягамосць Пётр Аляксеевіч з усёю світаю ў горад Магілёў. А калі прыехаў, далі з гарадскіх разбуральных гармат на вуглавым выхадзе накрыж агню, потым conseqventer на ўсіх выхадах. А калі ўехаў у Алейную браму, далі агню з гармат каля ратушы. Уязджаючы, такія літаральна сказаў словы: “Права, ізрядна”. А едучы праз рынак, зайшоў у Брацкую царкву, дзе ў гэты час айцец Трацэвіч, брацкі ігумен, пасля Божай службы адпраўляў малебен, і, мала ў царкве забавіўшыся, ехаў да кватэры генерала Баўра. А Баўр тады кватараваў у магілёўскага бурмістра пана Захара Аўтушкевіча. І калі ссеў з каня, хуценька магістрат ушанаваў цара хлебам і падаў на сярэбраным пазалочаным падносе вялікі каравай і сітны хлеб. Быў ён з гэтага вельмі задаволены, і магістрат прыняў цар ягамосць спагадліва. Прыйшлі таксама з хлебам і магілёўскія жыды і жывога асятря прынеслі ў чане, але цар ягамосць на іх і не глянуў, загадаў толькі прыняць ад іх хлеб.

Паабедаўшы ў генерала Баўра і мала што забавіўшыся, пад вечар ехаў цар ягамосць да байдака і заехаў да генерала Кікіна, а Кікін меў гасподу ў пана Фёдара Казановіча, дзе, калі прыехаў, гаспадар з гаспадыняю, сустрэўшы яго хлебам і соллю, упалі ў ногі. А калі спытаў у гаспадара, як бы зваўся, гаспадар, крыху сумеўшыся, адказаў, што Фёдар Казановіч, Пятровіч. Тады цар, паклаўшы рукі на яго плечы, сказаў: “Полна, не пугайся, я знаю, што за тваім бацюшкам маскву высеклі, на то вайна была, а масква тагда дурна была...” І тут, мала бавячыся, аб'ехаўшы палкі, сеў у байдак.

У гэты ж самы час на другім беразе Дняпра, на Лупалаве на лугах, стаяла тры тысячы рэкрутаў, якія, калі цар сядаў у байдак, закрычалі, просячы падаравання: “Асудар праведный, пожалуй!”. Ад гэтага крыку быў горад перапалоханы, бо людзі падумалі, што пачалі маскоўцы высякаць горад. А потым цар ягамосць хутка, у гэтую ж ноч, узяўшы праваднікоў, паплыў з Магілёва да Кіева (...).

Год 1707 (…). Браты Сініцкія, мечны і падстолі, будучы акаванымі і застаючыся ў вялікай небяспецы, напрамілы Бог прасілі генералаў, каб іх слугі, памочнікі і дарадцы, пяхотнае і коннае войска засталіся, паводле дагавораў, вольнымі. Што з імі сталася, ніякай весткі я не атрымаў, толькі тое добра ведаю, што абодвух Сініцкіх, акаваных, на параконным паланкіне праводзілі праз Магілёў, а за імі, як першага дарадцу, на звычайных калёсах везлі Міхала Петуха і ніякай світы Сініцкага не было. Як іх праводзілі праз Магілёў, ніжэй апішам. Маскоўскія генералы, прыдаўшы для канвою Сініцкіх да смаленскай граніцы некалькі палкоў маскоўскага войска, самі з немалым войскам, да далейшага распараджэння замкам, знаходзіліся ў Быхаве.

У апошнія дні ліпеня [1707 года] праводзілі Сініцкіх са значнаю маскоўскаю світаю праз горад Магілёў. Наперадзе ішла ў поўнай выкладцы і па-ваеннаму ўрачыста, з музыкай і барабанамі, пяхота, потым, з выцягнутымі палашамі, некалькі палкоў драгуноў, по-тым, перад паланкінам, у якім сядзелі акаваныя Сініцкія, неслі маскоўскія падпрапаршчыкі, паклаўшы на плечы дрэўкі і трымаючы іх каля грудзей, узятыя харугвы Сініцкага, якіх было восем доўгіх і шэсць кароткіх, а самі харугвы валакліся краямі каля конскіх хвастоў па самай зямлі. А гэта было зроблена па ваенным звычаі, дзеля ганьбы і крыўды, што непрыяцеля перамаглі. Абодва Сініцкія ехалі ў паланкіне акаванымі, так што і шапкі ні перад кім не маглі зняць. А за імі на звычайных калёсах везлі Петуха, пры Сініцкіх прыслужваў нейкі пакаёвы. Праводзіўшы гэтых Сініцкіх праз горад, сталі маскоўцы ў горадзе і на прадмесцях на адпачынак. І як сталі на адпачынак, старшы Сініцкі спавядаўся і прычашчаўся, а малодшы падстолі (бо быў кальвінам і блюзнерцам абразоў), хоць і ўгаворвалі, адмовіўся. І так у Магілёве абедалі.

У час абеду Сініцкі-старшы прыслаў свайго пакаёвага да магістрата, каб купілі яму з горада шапку для начнога сну. Магістрат, купіўшы яму новую шапку і помнячы на такую запаведзь, што калі пана вядуць вешаць, кланяйся яму, каб, пэўна, калі выратуецца ад віселіцы, не помсціўся (а Сініцкія былі на горад вельмі лютымі, горад мучылі і давялі да ўбоства, страшна каралі), уклалі ў гэтую шапку дзвесце злотых грошай капейкамі і з аканомамі адаслалі. Сам магістрат ушаноўваць не пайшоў, бо баяўся трапіць у няміласць да маскоўцаў.

Пасля заканчэння абеду маскоўцы з Сініцкімі хутка рушылі з горада. Згаданых Сініцкіх адправілі да смаленскай граніцы, а адтуль праз Маскву саслалі ў Сібір, яны там доўга жылі ў вялікіх нястачах, і там адзін з іх памёр, а другі, калі звар'яцеў, быў адасланы ў Польшчу. А Пятух неўзабаве быў вернуты са сталіцы на Русь, прыбыў у свае маёнткі, якія былі ў Магілёўскай эканоміі (...).

Год 1708. 0, горад, горад Магілёў! Першы летапісец, не могучы знайсці ніякай весткі, адкуль бы горад назваўся Магілёвам, растлумачыў, што ёсць гэта магутны леў, але ў год тысяча семсот восьмы Марс, завастрыўшы свае клыкі і зубы, аблупіў з цябе аздобную львіную шкуру і абвалок цябе чорным і грубым мяшком, які і ў будучым не забудуць, і з гэтага часу не можаш ты называцца магутным ільвом, хіба магілаю фартун тваіх грамадзянаў, пра што будзе ніжэй.

На пачатку гэтага года прыйшлося чуць, што шведскі кароль у сто тысяч войска пяхоты і драгуноў цягне праз Вільню на Русь. І хоць тут я не змяшчаю, у які час і пару быў у Вільні, аднак, будучы ў Вільні, шведскі кароль моцна абрабаваў горад, бо загадаў даваць на войска вялікі правіянт. Таксама, выбіраючыся з Вільні, забраў у няволю ў лагер віленскі магістрат. У гэтай няволі Мароз, віцебскі войт, памёр, а астатніх адпусцілі.

У гэтым годзе былі ў горадзе Магілёве бесперапынныя пераходы, пераезды, пастоі маскоўскага войска, даванне фуражу, правіянтаў, сухароў, гвалтоўнае бранне коней, прымус на будаўніцтва мастоў, і сапраўды ў гэтым годзе кіпела як у катле з той прычыны, што шведскі кароль ужо ўвайшоў у Літву і моцна заняволіў яе правіянтамі, а маскоўцы – Беларусь, аднак у Беларусі і ў Магілёве харчовыя рэчы былі таннымі. Маскоўская баявая варта з артылерыяй пастаянна стаяла на рынку ў пільнай асцярожнасці (...).

У гэтым жа годзе, месяца сакавіка, 14 дня Аляксандар Данілавіч Меншыкаў, маскоўскі князь і першы царскі дарадца, з вельмі пышнай кавалькадай і помпай, з многімі вайсковымі аксесуарамі і з немалой вайсковай світай уехаў у Магілёўскі замак. Шасціконных экіпажаў ішло некалькі дзесяткаў, на вярблюдах і мулах везлі ўюкі, вакол рабы. І так заняў сабе і свайму двару пакоі ў замку, а іншыя афіцэры сталі па багатых і сярэдніх дамах.

Тады магістрат, ведаючы і чуючы, што гэты чалавек ліхі, чэрствы масквіцін і вельмі на горад няміласцівы, каб быў літасцівы, пайшлі да яго ў замак з хлебам-соллю, з прыправамі, віном і цукрам. Яму ж, пры іншых паднашэннях, завезлі бочку венгерскага віна і падаравалі апраўленую ў серабро крыштальную шкатулку гданьскай работы, якая каштавала тысячу злотых.

Назаўтра сакратар князя Меншыкава, прыбыўшы ў ратушу да ўсяго магістрата, загадаў, каб тут жа і штодзённа выдавалі з гора-да ўсе харчы ад самай вялікай і аж да найменшай рэчы. Таму горад, сціснуты адусюль бедамі, мусіў, што толькі было з харчоў, загадам князевым выдаваць і карміць двор. І як толькі выйшаў загад, давалі фураж, бочкамі французскае і венгерскае віно, мёд і піва, вараныя буракі, капусту, соль таксама бочкамі, штодзённа жывога вала, некалькі дзесяткаў бараноў, гусі і куры давалі чародамі, хлеба сітнага і свежага па буханак сто, гарэлку звычайную і сівуху мернікамі, мыла на хусткі штотыдзень па некалькі дзесяткаў фунтаў, рыбы мёрзлай вазамі, а жывой – столькі можна было дастаць. А калі чаго не давалі, адразу бралі магістрат пад варту і каралі. Вэнджанай рыбы давалі штукамі, масла пастаянна кадушкамі, баравікі тысячамі, розныя прыправы, разынкі, міндаль дзесяткамі фунтаў, крокусы, кветкі, мускатавыя арэхі латкамі штодзённа, жалеза на каванне коней і экіпажаў пудамі, цыбулю, пятрушку і іншую гародніну ношамі, перац, імбір і іншыя вастрэйшыя прыправы фунтамі, цытрыны і алівы скрынямі, муку пшанічную, як найлепшую, меркамі, цукар штодзённа галовамі, асятрыну цэлымі і пасечанымі асятрамі, таксама і саміну, па некалькі дзесяткаў фунтаў, выпечаныя ў горадзе пірагі штодзённа, нават і ў святочныя дні, штодзённа давалі з рынку па некалькі дзесяткаў грэцкіх печаных аладак. Таксама давалі і харчавалі з горада краўцоў, рымараў, якія шылі для двара сукні, рабілі шоры, і за работу ім з горада плацілі. І юфты, і шкуры для абіўкі экіпажаў, калёсаў і шораў куплялі.

Вось так проста, ласкавы чытачу, і немагчыма тут усяго выпісаць, адсылаю я да скарбовага рэестру, які знаходзіцца ў ратушным архіве, дзе, прачытаўшы, мусіш ты са слязьмі здзівіцца, як мог горад Магілёў вынесці такія цяжары і іншае на гэта па-добнае, калі гэты пракляты чарвяк са сваім дваром, стоячы ў замку ад 14 сакавіка да 19 мая, тачыў і аб'ядаў горад, і якому на харч і на паднашэнні страчана вялікая сума. Але хоць пан Бог быў разгневаны на горад і караў такімі цяжарамі, аднак найсвяцейшая Божая маці на цудоўным брацкім абразе, якая горад у асадзе, праліваючы найдаражэйшыя слёзы, абараніла, так і цяпер горад абараняла, і апекавала, і ад непрыяцеля нябачна асцерагала (...).

Хоць і не атрымаў я весткі, калі гэта і ў які час адбывалася, аднак чуў ад аднаго манаха гэтага ж уніяцкага кляштара па імені Пафнуцій, які ў час гэтай звады схаваўся ў Фадрона, што калі цар ягамосць Пётр Аляксеевіч са сваімі князямі, дарадцамі і з немалым войскам быў у Полацку, наступіла свята святых апосталаў Пятра і Паўла, рускае свята. Таму пасля ранішняга набажэнства, выслуханага ў праваслаўнай царкве, цар ягамосць прымаў віншаванні ад сваіх афіцэраў, князёў і генералаў са святам святога Пятра, якіх потым крыху частаваў напоямі і развесяліўся сам, там жа быў і Аляксандр Данілавіч Меншыкаў, які, не чакаючы на банкет у цара ягамосці, па сваіх справах на невялікі час адлучыўся да сваёй кватэры. I, ідучы каля уніяцкай царквы, як бы выпадкам увайшоў у яе і застаў у ёй святара, які правіў казань на пахвалу святога Пятра, што ёсць галава царквы, а потым яго спадкаемцы папе. А ўбачыўшы ў царкве Меншыкава, пачаў надта выходзіць з берагоў, выхваляючы рымскую еднасць і прыніжаючы святое праваслаўе, называючы яго праклятай схіз-май. Калі святар закончыў казань, Аляксандр Данілавіч Меншыкаў, распаліўшыся гневам, ідучы каля святара, які яшчэ стаяў на амбоне, махнуў капелюшом і сказаў такую фармальнасць: “Пажджы, растакая твая мать”. I, не ідучы да сваёй кватэры, вярнуўся да цара ягамосці, дзе цар ягамосць, будучы на падпітку, спытаў у Меншыкава, дзе быў. Адказаў, што быў ва уніяцкай царкве і слухаў казань. Цар спытаў: “Какава была проповідь? На пользу лі нам, хрыстіанам?” Сказаў: “Какава польза, понеже тот казнадей рымскую і уніяцкую веру восхвалял, святую же благочестію хуліл і по премногу унічыжал”. Раззлаванага гэтымі словамі цара ягамосця чорт узяў, і адразу не супакоіўшыся, пайшоў ён з Меншыкавым і з іншымі да царквы. А набажэнства было ўжо закончана, толькі царква была яшчэ не зачынена. I, увайшоўшы ў гэтую царкву, глянуў на святара і, не сказаўшы яму ні слова, пайшоў проста да алтара, а ўбачыўшы келіх з накрыўкай, у якім было ягня, адкрыў і глядзеў. (А гэта шукаючы прычыны да сваркі). Калі ж святар сказаў цару, што не гадзіцца мірскім кранаць святасць, адказаў цар, што і я ёсць памазаннік Божы, і, паставіўшы келіх на прастол, выйшаў з алтара. Убачыў абраз святога Ясафата і, добра прыгледзеўшыся, спытаў у гэтага святара: “Какой ета святой?” Адказаў святар: “Святы мучанік Ясафат”. – “Да хто ево замучыл?” Сказаў святар, што замучыла праклятая схізма. “Да хто то схізма?” Святар паўтарыў: “Схізматыкі праклятыя”. Ізноў цар: “Да как оні верят?” Сказаў: “Так вераць, як вы верыце”. Пасля гэтых слоў запаліўся цар вялікім і неўтаймаваным гневам і скамандаваў сабаку, які быў пры ім, чорны, чужаземскі і вельмі паганы, паказаўшы пальцам на святара: “Ату!” У гэты ж момант у царкве кінуўся сабака на святара і кусаў яго да смерці. А калі далі знаць старшаму, прыбег старшы на царкоўны парог, а цар, выцягнуўшы шпагу, ці шціблет, пхнуў яго ў грудзі пад рабрыну, які ў гэты ж час свой дух і выпусціў... А калі царскі сабака замучыўся, але яшчэ не даеў святара, загадаў яму кінуць, а святара павесіць на варотах. У час гэтай звады хаваліся манахі па кутах дзе было можна, толькі чацвярых схапілі, і іх разам са святаром загадаў [цар] павесіць. Уніяты гэтых пецярых законнікаў шануюць за святых і ў святцы, ці ў царкоўны каляндар, упісалі. У той час і ўвесь горад заставаўся ў небяспецы і страху. А калі збегліся да цара афіцэры, з іх угавораў адышоў ад гневу, і пайшоў у гасподу, і гуляў, і піраваў. Назаўтра ж, прачнуўшыся, папракаў Меншыкава, што падбухторыў яго на такую справу, гаварыў: “Аляксандар, права, худа мы вчарась здзелалі, вчарась і полна, в другой раз не данасі мне нічаво”. А потым гэтую уніяцкую царкву загадаў напоўніць правіянтамі, у якой некалькі гадоў, аж пакуль не заціхлі ліхія часы, не было набажэнства. Гаварылі пра таго сабаку, які парваў святара, што быў ён чужаземскім, дзіўнай масці, пастаці і паганасці. Калі здох, загадаў цар ягамосць яго аблупіць, шкуру напхаць бавоўнай і паставіць сярод пачвараў у тым доме ў Маскве, дзе стаяць розныя пачвары (...).

У год 1708 (...). Праз тры дні пасля валахаў прыцягнуўся з усім сваім войскам шведскі кароль і стаў лагерам на Буйніцкім полі. Абоз з усім абсталяваннем быў даволі вялікім. У гэты ж час, як толькі прыбыў шведскі кароль, хадзіў да яго магістрат прасіць аб літасці. Адказаў праз перакладчыка: “Паколькі вы давалі правіянт маскоўцам, патрэбна, каб далі і мне”. I прынцыпова загадаў, каб усё шведскае войска было пад страхой. І адразу быў падзелены горад Магілёў на шаснаццаць кварталаў. Важныя чыноўнікі і кватэрмайстры размясціліся па пакоях у багацейшых дамах, сам кароль жыў у лагеры, а ягамосць пан Панятоўскі, шведскі камісар, кватараваў у замку. З прыходам шведскага войска хутка стала на розныя рэчы, а найбольш на харчовыя, невыносная дарагавізна, пра што буду я пісаць ніжэй (...).

Шведскі кароль быў малады, не меў і трыццаці гадоў, росту быў высокага, грузны, твар меў васпаваты і прадаўгаваты, нос доўгі, быў плячысты, валасы былі падстрыжаныя нажніцамі. І хоць бачылі мы яго больш дзесяці разоў, быў усё ў адным строі, меў пад нізом порткі і ласіную камізэльку, а верхнюю – цёмна-сінюю, суконную, толькі абшытую галунамі, і на адным, не надта ўбраным кані, які толькі што меў талісман, выязджаў (...).

Шведскі кароль, не задаволіўшыся такімі правіянтамі і кантрыбуцыйнымі грашыма, сам аб'ехаў найлепшыя цэрквы, але мала ўбачыў у іх серабра (бо лепшае было пахавана ў зямлю), аднак жа, маючы ад жыдоў вестку, што ў лепшых цэрквах серабро ёсць, загадаў, каб тут жа выдалі ад царквы некалькі соцень фунтаў серабра (бо ў шведскім лагеры заўсёды чаканілася шведская манета), і прыгразіў, што, калі не выдасць, загадае ўсё зрабаваць, а горад спаліць. І так гараджане, застаючыся ў руках суровага непрыяцеля, мусілі выдаць царкоўнага серабра, менавіта з магілёўскай Брацкай царквы: адну сярэбраную пазалочаную аправу з абраза найсвяцейшай панны Марыі, тры меншыя аправы, шэсць падвясных лямпаў, дзве кадзільніцы, сто вялікіх скрыжалеў і раму з абраза найсвяцейшай панны Багаслаўскай, якая стаяла каля кліраса, трыццаць скрыжаляў, ломанага серабра ў розных рэчах, у кубках, чарках, якое збіралася на аправу найсвяцейшай панны Марыі Брамнай. 3 царквы святога Міколы: аправу з абраза святога Дзімітрыя і вялікую сярэбраную кадзільніцу, чатыры падвясныя лямпы, пяцьдзесят вялікіх скрыжаляў. Таксама з іншых цэркваў узялі нямала аправаў, лямпаў, кадзільніц, крыжоў, скрыжаляў, келіхаў і іншага сярэбранага начыння і выдалі на шведскае войска. Гэта ўсё вышэйназванае серабро важыла трыста шэсцьдзесят чатыры фунты, dico фунтаў 364 (...).

У год 1708, месяца верасня, 8 [дня], на святога пакутніка Сазонта, напярэдадні нараджэння найсвяцейшай панны, пан Бог, які доўга цярпеў, караючы горад за нашы цяжкія грахі, дапусціў так, што горад Магілёў, нягледзячы на тое, што быў зрабаваны шведам, але застаючыся забудаваным дамамі, крамамі, на Божае свята ператварыўся за адзін дзень праз агонь у попел і тло, бо, паводле ўказу цара Пятра Аляксеевіча, маскоўцы, калмыкі і татары ў вышэйпамянёны дзень, разам з усходам сонца, акружылі горад з усіх бакоў. Пазачынялі брамы, па трывозе ўдарылі ,ў барабаны, а калі заўважылі, – замак ужо гарыць. Адчынілі брамы, прасілі літасці, але дарэмна, толькі далі гадзіну вольнага часу і прыставілі варту, пакуль пазносілі з ратушы ў склеп гарадскія кнігі. Тут калмыкі крамы адбіваюць, рабуюць, з другога канца паляць, заўважым, між іншым, людзей з адзення абабіраюць, грошы мацаюць, цэрквы адбіваюць, рабуюць і, калі ўжо, адным словам кажучы, загарэўся астрог, кінуліся на прадмесці і найперш абрабавалі багатыя дамы. А калі агонь заняўся з усіх бакоў, зрабаваўшы горад да асновы, ад'ехалі прэч. Калі калмыкі адбілі царкву святога Міколы і павыцягвалі сундукі, то некаторыя з-за агню ад'ехалі прэч, а астатняе дакончылі больш смелыя гараджане. Нават мікольскія папы і панамары тады добра ўзбагаціліся. У той час кожны нясмелы ад сваіх рэчаў уцякаў, а той, хто нічога не меў, падмацаваўся чужым дабром.

У гэты ж час, калі ўжо Божы гнеў, гарачнасць Божая за грахі людскія расплыліся агнём па ўсім горадзе, муж пра жонку, а жонка пра мужа нічога не ведаючы, хапалі толькі малых дзяцей, куды маглі, прэч з горада ўцякалі, да лясоў, да яроў, да Байнічаў, да Котуша, хаваліся, дзе хто мог. А так як горад быў запалены, то некаторыя крычалі: “Гэта ўжо маскоўцы выразаюць горад”. Не ў аднаго тады з такога вялікага страху вырываліся з сэрца апакаліпсічныя словы: “Горы-горы, прытуліце нас, бо хто ж сцерпіць дзень гневу Божага...” У гэты час набожны і акамянелы люд мусіў выплакаць апошнія слёзы, бачачы, як аздобныя Божыя святыні гараць, арнаментаваныя крыжы, Божыя цэрквы памаленьку, разгарэўшыся ў агні, валяцца на зямлю, царкоўныя купалы, адрамантаваныя з немалым выдаткам, гараць, а бляхі ад агнёвага імпэту лятаюць па паветры, як птахі, званы самі звоняць, гаспадарскія дамы без ніякага паратунку ў агні ў тло абарочваюцца, страх гэты цяжка і выпісаць, ласкавы чытачу. Дай, міласэрны Божа, каб да апошняга дня такое няшчасце мы на сабе не зазнавалі.

У гэты час згарэла кафедральная царква святога Спаса, збудаваная яшчэ ў старасвецкія часы, на якую вазілі бярвенне з Гваздоўкі, бо ў той час там была пушча, а цяпер жывуць людзі. 1 вялікія меладычныя спаскія званы парасплаўляліся. Згарэлі таксама аздобленыя верх і купал Брацкай царквы, алтар у царкве, адратаваны людзьмі, застаўся цэлы, у званоў пагарэлі калодкі, але званам нічога не нашкодзіла, бо стаялі пры вокнах. Згарэў таксама і брацкі гадзіннік. Абраз найсвяцейшай панны брамнай, які быў маляваны на сцяне ў старасвецкія часы, згарэў, бо ад агню паадпадаў ад сцяны тынк. Бліжняя Вазнясенская царква згарэла да fundatis, а званы парасплаўляліся. У царкве святога Міколы пагарэлі таксама аздобныя і прыгожыя купалы. У самой царкве пагарэлі ўсе хоры і дзверы, пачалі былі гарэць і лаўкі, але людзі лаўкі паразбіралі і алтар абаранілі. У званоў пагарэлі калодкі, а большы звон, калі падаў на акно, стукнуўся аб поручні і моцна ад гэтага падзення зверху патрэскаўся. А іншыя Божыя цэрквы, менавіта Уваскрасення, Глебабарысаўская, Прачысценка, Ільінская, Пакроўская, з Божага заступніцтва засталіся цэлымі. Лупалава не палілі, бо чаўны і паром былі адразу спушчаны ўніз Дняпра, таму не маглі перабрацца.

І гэта таксама напомню, бо потым была такая вестка, што калі б гараджане гэтым прысланым для спальвання горада калмыкам, татарам і маскоўцам паспрабавалі працівіцца альбо ўзброенай рукой абараняцца, то мілі за дзве стаяла некалькі палкоў, якія мелі загад спустошыць горад агнём і мечам да асновы, але ад меча пан Бог уратаваў. Тут вяртаюся я да пачатку аповеду.

Назаўтра, пасля нешчаслівага спальвання горада, калі ўжо ўсё стала тлом, агонь супакоіўся, бо не было ўжо чаму гарэць, адзін другога шукалі, малыя дзеці без малака, без калысак плакалі, падрослыя дзеці есці прасілі, але дарэмна, бо ўсё пагарэла, і калі, адзін аднаго знайшоўшы, прыходзілі на сваё дамашняе папялішча, не маглі пазнаць, дзе жылі, хіба што знаходзілі па печах, бо і ўсе сады згарэлі пад корань, так што не было дзе і прытуліцца ад дажджу і холаду. І так некаторыя, калі дзе якая халупа ацалела, прасіліся ў суседства, убогія капалі зямлянкі і рознага адведвалі, пакуль агледзеліся. А некаторыя, каму выпадала, пачалі будаваць невялічкія хаты (...).

Пасля смерці шведскага караля далі знаць маскоўскаму цару, што памёр. Цар ягамосць, даведаўшыся, што гэта праўда, горка па ім плакаў. А калі сенатары гаварылі, што нядобра плакаць па сваім непрыяцелю, адказваў, што з чужой смерці не трэба цешыцца, бо ўсе мы смяротныя, а што быў мне непрыяцелем, на гэта ёсць вайна, а чаму плачу па ім, плачу, што быў адважным кавалерам і дасведчаным у ваенных справах рыцарам, з якім, калі б заключылі мы мір і мелі адзінства, то ўсе народы перад намі дрыжалі б (...).

Пасля публікацыі прывілея, калі наступіў назначаны дзень 27 студзеня па рымскім календары, серада, як толькі дзень пачаўся, сталі біць у цэхах у барабаны і ў літаўры ў купецкай і ротмістрскай харугвах. А восьмай гадзіне, зранку, купецкая харугва пры ўсім парадку і ўборах ад коней і да ўладаў рушыла праз горад да Пячэрска, а за харугваю сваім парадкам пайшлі да Віленскай брамы рамеснікі. А на мосце Ветранай брамы была зроблена даволі аздобленая, з гербамі і надпісамі, Трыумфальная брама. Каля гэтай брамы магілёўскі магістрат чакаў на прыбыццё пана і пастара. І так першай прыйшла купецкая харугва, за харугвай ішоў кравецкі цэх і няслі царкоўныя святыні, за святынямі ішло духавенства, убранае ў рызы, між духавенства ішоў пан і пастар. А калі спыніўся перад Трыумфальнай брамай, кропячы народ, які быў кругом, пачалася ўрачыстая прамова вітання пастара. Ад магілёўскага магістрата з вялікай радасцю гаварыў Трубніцкі, у той час рэгент магілёўскай канцылярыі. Пасля ўрачыстай прамовы пан і пастар, блаславіўшы народ, увайшоў у горад і ўступіў у Брацкую царкву, дзе адпраўляў святую літургію. Пасля літургіі, у прысутнасці вельмі шаноўных людзей, з Брацкай царквы пеша ішоў да сабора Святога Спаса. Так можна сказаць, што тут усяго Магілёва і чужых людзей абодвух полаў быў вялікі кангрэс. Пасля прыбыцця да Спаса на месце таксама была адпраўлена ўрачыстая літургія. Пасля малітвы магістрат і ўсіх конных частавалі абедам пад брацкую музыку. Пасля пачастунку пан і пастар шчасліва сеў на прастол Магілёўскай кафедры (...).

Пераклад Віктара Таранеўскага



Hosted by uCoz

Да зместу