ЮЛЬЯН УРСЫН НЯМЦЭВІЧ
КАНСТАНЦІН АСТРОЖСКІ Гістарычная песня І Калі занядужаў Рэвера[1] славуты, І спаць не даваў боль забойчы, Каб неяк аблегчыць начныя пакуты, Паклікаў ён пажа аднойчы. ІІ «Мой паж, – папрасіў ён, – прысядзь тут, ля ложа, І лютню вазьмі ў свае рукі. Пра рыцараў ты паспявай мне прыгожа». І вось – паплылі з лютні гукі: ІІІ «Быў муж у часы Жыгімонта Старога – Не знаў ён, што страх, што трывога. Магутнай быў сілы, хоць росту малога, Знаў свет Канстанціна з Астрога[2]. IV Яшчэ юнаком маскалёў пад Вядрожай[3] Ён біў з кап’янерамі
ўдала. Ды знёс яго конь да заслоны
варожай. Яна малайца ўміг звязала. V Уздзеў яму цар найцяжкія аковы І ў чорную кінуў вязніцу. Ніколі людской там не чулася
мовы, Святло не трапляла ў цямніцу. VІ Тым часам Маскву аблажылі атрады Татараў – усюды іх поўна. У
роспачы цар, што жыццю быў не рады, Тут стаў перад вязнем
раптоўна: VІІ «Астрожскі, ты, ведаю, хваткі
геройскай, У бітвах адважны і здольны. На шлем свой і шчыт, узначаль
маё войска, Разбі татарву – будзеш
вольны!» VІІІ Ушчэнт разграміў татарву князь
з Астрога, Ды царскаму слову пустому Не верыў зусім – ці ж там
шчырасці многа? Баржджэй на каня – і дадому! IX Шмат дзён прабіраўся лясамі
густымі І ўбачыў там храм паміж букаў. Пачуў ён малітвы пад букамі
тымі, Лагоду арганную гукаў. X Зайшоў, ля іконы суняўся з
паклонам: «Мой Божа спагадны, адзіны, Ты зычыш дабра ўсім, даеш піць
апрагнёным, Вярнуцца ж мне дай да Айчыны». XІ Тым часам пасланыя ўперад
баяры Яму расчышчаюць дарогу. Князь гэтак адолеў лясы ўсе,
імшары, І вось – ля свайго ён парогу! XІІ Шмат выцерпеў ён. Тут – далі
яму ўлады Літвы булаву: знай героя! Калі цар прывёў сюды войскаў
армады, Іх князь стрэў пад Воршаю
зброяй! XІІІ На грудзі – кальчугу, штурмак
свой – на голаў, З булатам аголеным строгім Вось ён аб’язджае
ўсё войска наўкола На верным кані беланогім: XIV «Браты
мае, рыцары, будзьце мужамі!» На кліч яго ўсталі дружыны. Скрозь пікамі колюць, рубаюць
мячамі, Крыві навакол – ручаіны. XV Іх восемдзесят ажно тысячаў
нашы Паклалі ўдвая меншай сілай. Жахлівая сеча! Крыніцы ўсе,
пашы Крывёю яна счырваніла. XVІ Ды ў замку Астрожскім князь з
жонкай сваёю Не доўга на волі час бавіў. Нахлынуў татарын усёю ардою, Паўсюль баль крывавы свой
правіў. XVІІ Ён, гетман Літвы, тут сабраў
усё войска, Пайшоў к Вішняўцу[4],
дзе татары Свой табар раскінулі ў полі
па-свойску, Наўкол плюндравалі абшары. XVІІІ «Сябры! – Канстанцін гаварыў
так ва ўздыме.– Час помсты настаў і адплаты! Зноў – нашыя месты і сёлы – у
дыме, Гараць нашы нівы і хаты! XIX Плач нашых нявест у татарскім
палоне Здалёку сюды далятае. Капыцяць наш край дзікіх
варвараў коні, У лес паўцякалі ратаі». XX Князь сеў на каня, булаву
ўверх падкінуў І тут жа ўхапіў зноў рукою: «Чэсць тым, хто памерці гатоў
за Айчыну! Хто мужны і смелы – за мною!» XXI Дарэмна чужынец з-за ўзгор’я,
з чароту, Пускаў стрэлаў чорныя хмары. Бясстрашны наш гетман літоўскі
з налёту Змяў хціўцаў – пабеглі татары! XXIІ Ён з трыццаці бітваў вярнуўся
са славай, Кароль з ім вітаўся, як з
братам. Увенчаны лаўрамі быў ён
дзяржавай, Страчаў яго люд скрозь
віватам». XXIІІ Далей паспяваць думаў паж наш
вучоны Аб рыцарскай славе прымцелай. Ды сон яго ўзяў тут, і голаў,
стамлёны, Схіліў ён над лютняй сцішэлай. | |
[1] Рэвера – мянушка вялікага
гетмана Рэчы Паспалітай Станіслава Патоцкага. [2] Астрог – горад на Украіне,
адно з уладанняў князёў роду Астрожскіх, ад якога яны і атрымалі сваё
прозвішча. [3] Вядрожа (ці Вядроша) – рака
на Смаленшчыне, каля Дарагабужа. Там 14 ліпеня 1500 года ў бітве з маскоўскім
войскам К. Астрожскі трапіў у палон, адкуль выбавіўся толькі ў 1507 годзе. [4] Вішнявец – мястэчка на
Украіне. Там і адбылася ў 1512 годзе пераможная бітва войска ВКЛ з татарамі. |