Да зместу

СІМЯОН ПОЛАЦКІ

 

ВЕРШЫ БЕЛАРУСКАГА ПЕРЫЯДУ

 

СА ЗБОРНІКА “САRMINA VARIA

(“Розныя вершы”)[1]

 

ЗМЕНЛІВАСЦЬ УСІХ СПРАЎ ЧАЛАВЕЧЫХ

 

Час днём і ноччу вечным кругам ходзіць,

Славе, багаццю ды разлікам шкодзіць.

Маці для пыхі – багацці зямныя;

Хто іх не мае – ці ж разумным слыне?

З глупствам на пару, пыха зайздрасць плодзіць:

Скарбу чужому тым нямала шкодзіць.

Сэрца атрута, зайздрасць родзіць шчасцю

Сваркі ды войны, разлады й напасці.

Войнам за дочак – бойкі, рабаванні,

Клопат, нястача, з голадам змаганне.

Беднасць, што маці рахманасці ціхай,

Веру адняўшы, вучыць стрымваць пыху.

Ціхасць рахманых мір нам спасылае,

Зайздросных, звадных разганяе зграі.

Мір, так жаданы, хараство асветы,

У доме дастатак дасць рахманасць свету.

 

НА П'ЯНІЦУ

 

Што, чалавеча, бачыш, калі хціва

Ты добра жлукчаш з гляка штодзень піва?

Што там у гляку? – Захарыя[2] бачыў

Цёмнае закуцце – вось што гэта значыць.

Ведама: п’яны з д’яблам рад вітацца,

Цвярозы – з ім жа хоча паквітацца.

Бо ці ж не п'янства да цемраў схіляе,

А моц на слабасць, глузд на дур змяняе?

Мудры заўважыў змея моцы лютай –

Змяюку ў гляку, поўную атрутай.

А ты што бачыш? Ды не служаць вочы,

Як хіліш куфаль, яд той піць ахвочы.

Што там здароўе – неяк будзем жыці.

Да д’ябла цела – абы піва піці.

Ведай напэўна – з куфля смерць прыходзіць

Целу навекі; многа піць – зашкодзіць.

 

НА ГУЛЬТАЯ

 

Дарма спяшаеш, гультаю, за стол ты,

Бо не ахвочы да людской работы.

Нават мурашка, глянь вось, як працуе:

Праз цэла лета корм сабе гатуе –

Бачыць наперад. Прыкладу трымайся[3]:

Доўга не думай – пра харчы падбайся.

Адна мурашка ўсім дапамагае –

Бліжніх любіці гэтым навучае.

Зерне здабыўшы, каб не прынялося,

Абточыць: вучыць, каб не разраслося

Сэрца дабрадзея – сябе прыніжала,

А ўласных цнотаў і не заўважала.

Цесная сцежка сведчыць: рушыць трэба

Цеснай дарогай да святога неба.

Норку мураш чысціць – просіць ён, здаецца:

Рэчы зямныя выкінь прэч ты з сэрца.

Маеш вось прыклад – ім ты і кіруйся,

Не бойся працы шэрай, не лянуйся,

Калі не хочаш быць гады ў патрэбе,

А ў асалодзе вечнай жыць на небе.

 

 

ПАЭТЫЧНАЯ АРЫФМАЛОГІЯ

 

 

ТРЫ ЗАКОНЫ

 

Закон прыроды

Вось тры законы, што дадзены свету[4]

Прыроды, Любові ды Запавету.

Дваццаць стагоддзяў першы пратрымаўся –

Злы чын і добры ў Прыродзе спазнаўся.

Той вобраз сэрцам бачыш; вось жа тое:

Будзь дабрадзеем, кінь усё ліхое.

 

Закон змяшаны[5]

Ён шчэ Майсею на гары паданы.

Зараз у пані бачыш напісаны:

Меч – справядлівасць, ён і пакаранне –

Помні Авірона, Карэя, Дафана[6].

 

Закон любові[7]

Выява любові ў нас навідавоку –

Разам з кроўю льецца з Хрыстовага боку.

Лаўры й карону нам дае Марыя;

Глянь, вось ягнятка кнігу ўжо раскрые[8].

Ведай, што неба нас ужо чакае;

Свет перамогшы, венчык атрымаем.

 

СЕМ ВЫЗВАЛЕНЫХ НАВУК[9]

 

Граматы хочаш добра сэнс пазнаці –

Мудрасці браму зможаш расчыняці.

Будзь жа як стравус, што не зводзіць вочы

З яек уласных, з кнігай так ахвочы.

Пекнай рыторыка вучыць нас вымове –

Слухай, чытаючы, настаўніка слова.

Слухай, і з часам скажаш сам прамову –

Ці ж не з натуры да таго гатовы?

А дыялектыку – навучання маці –

З часу Платона годна гэтак зваці:

Мудрасць і розум яна поўны мае,

Вузел разблытвае, розум прасвятляе.

Праз арыфметыку выгоды зазнаеш:

Хутка падлічыць – усё, што складаеш.

А геаметрыя змерыць пры патрэбе

Далечы й вышы да самога неба.

У астралогіі рухі неба маеш –

З бегу зор лёгка прышласць распазнаеш.

З рознасці гукаў новы спеў мелодый

Музыка вучыць ладзіць, і – сімфоній.

 

ЗМЕЙ[10]

 

Што толькі вокам кожны бачыць можа,

Тое, як прыклад, даў ты людзям, Божа.

Вось змей атрутны, сведчыць ён сабою:

Жыць трэба згодна з воляй найсвятою.

Не маўленнем сведчыць, але прыраджэннем.

Вучыць нас пакоры нізкім папаўзненнем.

Звіты ён колам, кола – вечнасць значыць:

Чуллівец вечнасць тут сваю пабачыць.

Сыты й зямлёю: попел хлеб пакрые

Нам, як Давіду, за правіны злыя.

Цела падставіць пад удар, не голаў,

Значыць: памерці кожны будзь гатовы

За Хрыстуса Пана. Не шкадуй нічога

Ты ў сваім целе, у тварэнні Бога.

Пост мае доўгі, а затым праз дзюру

Ціснецца, лезе са старое скуры:

Каб мы пашчэннем немач бед трывалі,

Гэтак старое ў сабе замянялі.

А як паўзе той змей спатоліць смагу,

Скіне яд люты. Пэўна, на заўвагу:

Каб, да крыніцы рушыўшы ў высоты,

Яд памяталі, званы “грэх смяротны”.

Нам трэба ў змея мудрасці набрацца:

Можа і бязногі сам перамяшчацца.

 

 

ПАПЯРЭДЖВАЙ НА ПАЧАТКУ

 

Кожнай злой справе чыні перашкоды,

Каб не ўзмацнела; будзь пільны і цвёрды.

Лёгка хвароба зразу паддаецца,

Цяжка ж лячыці, калі разрасцецца.

І звяры малыя да нас прывыкаюць,

Вось жа старыя дзіч сваю хаваюць.

Дубчык маладзенькі як хочаш скіруеш –

Дрэва ж старое ўжо не напрастуеш.

Рэчку з вытоку ўтаймаваці можна,

А разальецца – грэбля не паможа.

Полымя ў іскры тушаць: разгарыцца –

Можа так стацца – вады не збаіцца.

Кола, адразу раскручана, рыне –

Бег свой не хутка спыніць і застыне.

Стрымвай жа стрэлы, покуль не на волі,

Бо іх як пусціш – не зловіш ніколі.

Спіну дзіцяці, покуль шчэ малое,

Лупі, як хочаш шчасце мець якое.

Гэтак і думак брыдкіх не трымайся –

Выкінь без жалю, з імі развітайся;

Бо, як зрастуцца ўраз са справай, потым

Зможаш іх збыцца толькі праз турботы.

Вось жа псалтырнік раіць біць аб скалы

Сыноў няшчасных, покуль сіл іх мала.

Іх, шчэ маленькіх, той абраннік кажа

Злапаць, бо мігам злосць усіх павяжа.

Голаў змяюкі плюшчы-бі смялей жа:

Голаў працісне, то і ўся пралезе.

Думкамі голаў чорт людзіне муціць;

Хто зладумства стопча – чорту рогі скруціць.

Гэтак ён слаўным пераможцам стане.

Нам памажы ў тым, Езу Хрысце, Пане.

 

 

СЛОДЫЧ

 

З тварам людскім, Панам Богам наданым,

Бестыі мора, сірэнамі званы[11],

Топяць на морах у бурах заложных

Спевам сваім маракоў падарожных –

Псам на пакорм; калі ж Сцыла[12] паўстане –

Лютая смерць караблям там настане.

Слодыч, распуста – сірэны ўсё тыя ж,

Спеў падарожным спяваюць якія.

Пекнай здаецца – атрутай пякельнай

Ёсць, што да Сцылаў завабіць смяртэльных:

Лодку жыцця перакуліць рухава –

Вось жа Цэрберу[13] душа на расправу.

Слаўны Геракл, каля Сцыл спакушаны,

Быў ад спакусы да мачт прывязаны:

Спевам сірэнаў не даў ашукацца –

Лапам звярыным не прагнуў аддацца.

Крыж Хрыста Пана – мачта, да якое

Хай сам прывяжа кожны з нас ліхое,

Каб не паддацца спевам тых сірэнаў –

Не аказацца у Сцыле пякельнай.

 

 

КАРЦІНА ЧАЛАВЕЧАГА ЖЫЦЦЯ[14]

 

Толькі чалавека Бог у свет адправіць –

Год ён шаснаццаць, глянь жа, як час бавіць.

Пышнае ў розных бачыш выхаванне:

Бачыш пяшчоту, забавы ды гранне.

Потым, набраўшы розуму і сілы, --

Зведвай рамёствы, маладзёнак мілы,

Столькі ж гадочкаў, як маеш ахвоту;

Бо тут хапае рознае работы.

Зноў год шаснаццаць клопат трэ зазнаці –

Собскай работай харчу зарабляці.

Тут і пра неба час падумаць, можа:

Слухай старэйшых, знай закон, нябожа.

Восем і сорак злічаць разам летаў –

Тры па шаснаццаць – тут, на прыклад свету,

Смела другому ведаў не шкадуюць,

Скарб свой падзеляць, юным прапануюць.

Шэсцьдзесят летаў скончыш і чатыры –

Тры нагі маеш, бо не маеш сілы.

Цяжка галоўцы, вочы тут слязяцца –

Сядзь жа пры печы – досыць мо бадзяцца.

Май жа, што маеш, помні пра магілу –

Там прычакаеш хутка ўжо спачыну.

Пяць па шаснаццаць – вось канец і веку.

Што спадзявацца ўжо тут чалавеку?

Попел, у попел ты і абярнешся,

Звалішся мігам, хоць як кедр упрэшся.

Скіпетр, пашана, замкі ды ціяры

Скончацца, ведай. Твой канец – на марах[I].

 

 

МАЛІТВА ВА ЎТРАПЕННІ

 

Божа існых стварэнняў, Божа ўсемагутны,

З ласкі боскай натуры нёс ты крыж пакутны.

Глянь жа вокам ласкавым на мае цярпенні –

Дай руку на падмогу ты свайму стварэнню.

Вораг люты душэўны ўзяў мяне ў аблогу –

Хоча звесці няпраўдай, з добрай збіць дарогі.

Прагне кроўю напіцца і душу схапіці,

Слёзы горка я мушу – ў іх таплюся – ліці.

Прэ вялікай навалай злыдзень чалавечы –

Хоча моцна ў кайданы плечы мне запрэгчы,

Хоча з цела мне скуру спрэс ён аблупіці,

Буду з верай у Пана літасці прасіці.

Веру, ты не дапусціш, каб цярпеў нявінны.

Вокам светлым сваім свет бачыш Ты з вышыняў:

Існа ўсё, што на свеце, тайны сэрцаў людскíх,

Рух бурлівы ўзрушэння цёмных нетраў марскíх.

Вінен я прад Табою. Толькі, Божа слаўны,

Суд хай будзе праўдзівы, ды не ў гэткай справе,

Што мяне зараз мучыць подлай той хлуснёю.

Дай жа, Пане, ратунку сілай Ты сваёю.

Я – чарвяк, што без моцы, дзе знайду параду?

Не пакінь мяне, Божа, Божа добрай рады!

Шлю з сардэчных глыбіняў шчырае маленне:

Божа, дай ад паклёпу мне Ты выбаўленне!

Не пакінь абылганых, знішчы хлуса, Божа!

Хай слуга той шатанскі душ Тваіх не зможа.

Бачыш праўду маю Ты – выкаж сілу моцы,

У слязах я малюся, як удзень, і ўночы.

Каралева нябёсаў, Маці Пана Бога,

Будзь ласкава прыйсці мне ў час на дапамогу.

Дай яе ты мне сёння: буду я хваліці

Ласку Маці па свеце, покуль буду жыці.

Бога-Сына ўпрасі ты, каб душа без вінаў

Не зазнала прымусу ад няпраўды сына.

Вы, святыя, што ў небе сэрцы весяліце,

Ласкі літасці свету ў Бога папрасіце.

Мне, які так самотны, вы дапамажыце:

Я не маю ўжо рады; што мне ўжо рабіці?

Модлы Богу ўзнясіце вы ў маім няшчасці,

Каб мяне ён пазбавіў ад цяжкой напасці:

Каб я, клопат свой збыўшы, з чыстым сэрцам хвалу

Богу нашаму ўзносіў, вас па свеце славіў.

 

 


 

[I] На насілках; на катафалку.


 

Са зборніка “САRMINA VARIA

[1] Вершы, аб’яднаныя пад гэтай назвай, належаць да схаластычнай вучонай паэзіі і датуюцца гадамі вучобы Сімяона Полацкага ў Кіева-Магілянскай школе і Віленскай акадэміі (з 1640 па 1653 г.). Вершы захаваліся ў асабістым зборніку паэта, які зараз захоўваецца ў Маскве.

[2] Захарыя – юдэйскі жрэц бога Яхвэ, біблейскі прарок, які жыў у VIV стст. да н.э.

[3] Першакрыніцу гэтага выказвання знаходзім у біблейскай “Кнізе прытчаў Саламонавых” (6:6 – 8; 30:25 і наст.).

[4] Вось тры законы, што дадзены свету... – Сімяон Полацкі выкладае сярэднявечнае хрысціянскае вучэнне пра тры рэлігійныя эры (“законы”): час да напісання Майсеем Пяцікніжжа – першых кніг Старога Запавету, час дзеяння Старога Запавету і час Новага Запавету, дадзенага Ісусам Хрыстом.

[5] Маецца на ўвазе час панавання Старога Запавету.

[6] Помні Авірона, Карэя, Дафана – паводле Бібліі, правадыр бунтароў-лявітаў Карэй, а таксама сыны Еліава з роду Рувімавага Дафан і Авірон былі праклятыя Майсеем, пасля чаго зямля разышлася і паглынула іх (Кн. Лічбаў, 16:1 – 36).

[7] Маецца на ўвазе эра, што пачалася ад Уцелаўлення Хрыстовага.

[8] ...ягнятка кнігу ўжо раскрые... – Ісус Хрыстос у творах, прысвечаных канцу чалавечай гісторыі (т.зв. “канец Свету”), паказваецца ў выглядзе ягняці, якое павінна разгарнуць Кнігу Страшнага суда (гл. “Адкрыццё Яна Багаслова” ў Бібліі).

[9] У могіх еўрапейскіх школах XVII ст. асноўныя навучальныя дысцыпліны зводзіліся да так званых “вызваленых навук”, якія падзяляліся на трывіум – граматыку, дыялектыку, рыторыку – і квадрывіум – арыфметыку, геаметрыю, астраномію, музыку. Лічылася, што названыя навукі з’яўляюцца падрыхтоўчай прыступкай для вывучэння вышэйшых прадметаў – філасофіі і багаслоўя, таму яны атрымалі назву “вызваленых”.

[10] Верш напісаны дзеля вытлумачэння выявы змяі, што звілася ў скрутак і ўяўляе з сябе эмблему вечнасці.

[11] Бестыі мора, сірэнамі званы... – у грэка-рымскай міфалагічнай традыцыі сэрэны паказваліся паўжанчынамі-паўптушкамі з рыбіным хвастом, якія спакушаюць маракоў сваімі салодкімі спевамі (Гамер, “Адысея”, XII; Авідзій, “Метамарфозы”, V, 522 і інш.). Узгадваюцца яны і ў прароцтве Ісайі (Кн. прарока Ісайі, 13:21 – 22).

[12] Сцыла – дачка німфы Фаркіды, з рэўнасці ператвораная чараўніцай Кіркай у аточаную лютымі сабакамі марскую пачвару, якая праглынала ўсё, што праходзіла міма пячоры, дзе яна жыла.

[13] Цэрбер – у грэчаскай міфалогіі трохгаловы сабака, які ахоўваў уваход у падземнае царства, сын падземных бостваў Тыфона і паўжанчыны-паўзмяі Эхідны.

[14] У сярэднявечнай павучальнай літаратуры была распрацавана цэлая сістэма “пра ступені чалавечага ўзросту”, дзе падавалася градацыя жыцця на 5 або 7 перыядаў і змяшчаліся рэкамендвцыі, як найлепш павлдзіцца ў кожны з гэтых перыядаў.



Hosted by uCoz

Да зместу