Да зместу

 

Шляхцiц Завальня,

або Беларусь у фантастычных апавяданнях

 

АПАВЯДАННЕ ПЕРШАЕ.

ПРА ЧАРНАКНIЖНIКА I ПРА ЦМОКА,

ШТО ВЫЛУПIЎСЯ З ЯЙКА, ЗНЕСЕНАГА ПЕЎНЕМ

 

Не кожны чытач зразумее беларускую мову, дык гэтыя народныя апавяданнi, якiя пачуў я з вуснаў простага люду, вырашыў (наколькi змагу) у даслоўным перакладзе напiсаць па-польску.

Падарожны гэты быў чалавек не маладых гадоў; валасы меў сiвыя, але быў здаровы i моцны. Калi апавядаў пра сваё мiнулае, здавалася, маладзеў; крыху падумаўшы, пачаў так:

– Не казку пану раскажу, а тое, што было ў сапраўднасцi, што здарылася нават са мною. Горкiм бывае часам нашае жыццё, але хто спадзяецца на Бога, – Бог злiтуецца i ўсё пераменiць на лепшае. Бяда таму, хто, прагнучы багацця, прадае сваю душу пеклу.

У маладосцi маёй, памятую, мелi мы пана К. Г. Злы гэта быў пан, страшна ўспомнiць, што ён рабiў: хлопцаў i дзяўчат жанiў i замуж выдаваў, не хочучы i ведаць нi пра iхнiя сiмпатыi, нi пра iх мінулае шчасце: нi просьбы, нi слёзы не маглi яго ўлагодзiць; вяршыў сваю волю, здзекуючыся з людзей без усялякае лiтасцi, конь i сабака былi яму даражэйшыя, чым хрысцiянская душа. Меў ён лёкая Карпу, злога чалавека; i яны абодва, спачатку пан, а пасля пахолак, прадалi свае душы д’яблу. А было гэта так.

З’явiўся ў нашым маёнтку – невядома адкуль – нейкi дзiўны чалавек. I цяпер яшчэ памятаю аблiчча, твар i адзенне яго: нiзкi, худы, заўсёды бледны, вялiзны нос, як дзюба драпежнае птушкi, густыя бровы, пагляд яго – як у чалавека ў роспачы цi вар’ята, апранахi яго – чорныя i нейкiя дзiўныя, зусiм не такiя, як у нас носяць паны цi ксяндзы; нiхто не ведаў, цi быў ён свецкi, цi манах якi, з панам размаўляў на нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што гэта быў чарнакнiжнiк, якi вучыў пана рабiць золата i iншыя д’ябальскiя штукi.

I хоць у той час я быў зусiм маладзён, аднак мусiў адбываць у маёнтку чаргу начнога вартаўнiка, абыходзiць усе панскiя будынкi i стукаць малатком у жалезную дошку. Няраз бачыў, як акурат апоўначы ў панскiм пакоi гарэла святло, i ён там з чарнакнiжнiкам пастаянна быў нечым заняты; усе заснулi, i цiш панавала на панадворку, над дахам панскага жылля сюды i туды снавалi кажаны i нейкiя чорныя птушкi. Сава, апусцiўшыся на дах, то рагатала, то плакала, нiбы немаўля. Мяне апанаваў люты страх, але калi перажагнаўся, пашаптаў пацеры, – зрабiлася крыху лягчэй, i, адчуўшы ў сабе больш смеласцi, вырашыў я цiхенька падысцi да панскага вакна i паглядзець праз шыбу, што яны там робяць. Толькi падышоў, як ля сцяны ўбачыў жахлiвую пачвару. Страшна ўспомнiць, гэта была велiзарная жаба-рапуха. Яна кiнула на мяне вогненны позiрк. Я адскочыў назад, пабег, як шалёны, прэч i ледзьве спынiўся праз дзве сотнi крокаў. Увесь дрыжаў. Мне падумалася, што гэта шатан у аблiччы таго страшыдлы пiльнаваў вокны майго пана, каб нiхто не ўбачыў сакрэтаў, якiя там чынiлiся. Я змовіў “Анёла Божага”1 i хоць ноч улетку была ясная i цёплая, дрыжаў, нiбы на марозе. Дзякуй Богу, што хутка заспяваў певень, патухла святло ў пакоi, i я, крыху ўжо супакоiўшыся, дачакаўся ўсходу сонца.

Другое здарэнне таксама было дзiўнае. Я сек у лесе дровы. Сонца заходзiла. Гляджу: iдуць па дарозе пан з чарнакнiжнiкам i раптам павярнулi да густога яловага лесу. Я, маючы цiкавасць, крадуся цiхенька следам i хаваюся за дрэвам, будучы ўпэўнены, што там павiнны дзеяцца нейкiя чары. Усюды цiха, толькi дзесьцi далёка стукае дзяцел на спарахнелым дрэве. Бачу: на старым вывернутым дрэве сядзiць пан, каля яго стаiць чарнакнiжнiк i трымае за галаву велiзарную гадзюку, якая чорнай стужкаю абвiла яму правую руку. Не ведаю, што было далей, бо я ад страху ўцёк.

Трэцяе здарэнне было яшчэ страшнейшае. Хоць я яго i не бачыў, аднак чуў ад надзейных людзей, дый пра гэта гаварылi ва ўсiх навакольных вёсках. Апоўначы наш пан, той госць шатанскi i лёкай Карпа ўзялi ў аборы чорнага казла, завялi яго на могiлкi. Кажуць, што выкапалi яны з магiлы наўца2, чарнакнiжнiк надзеў на сябе нябожчыкаву чамарку3, забiў казла i яго мясам i крывёю адпраўляў нейкiя страшныя ахвяры. А што там дзеялася тае начы, нельга ўспомнiць без страху. Казалi, што нейкiя страшыдлы запоўнiлi ўсё неба, нейкiя звяры, падобныя да мядзведзяў, дзiкоў i ваўкоў, бегалi вакол, равучы так, што пан i Карпа ад страху знепрытомнелi i пападалi на зямлю. Не ведаю, хто iх прывёў да прытомнасцi, але пасля тае страшнае ночы чарнакнiжнiк знiк, i нiхто яго потым не бачыў. Пан увесь час маркоцiўся, хоць меў шмат золата i iншага багацця – чаго толькi не захоча – усё ёсць; зрабiўся яшчэ больш люты, нiхто яму дагадзiць не мог, нават Карпу выгнаў з маёнтка.

Калi падарожны апавядаў гэта, дык было чуваць, як шапталiся слухачы: “Вот ужэ страх так страх, аж мароз па скуры падзiраець”. I дзядзька адазваўся такiмi словамi:

– Мусiць, спачатку ён быў фармазонам4 цi пабратаўся з недаверкамi5, а чалавек без рэлiгii на ўсё гатовы. Але што ж далей?

Падарожны апавядаў далей:

– Карпа, выгнаны з маёнтка, аддадзены быў у работнiкi аднаму заможнаму гаспадару. Ды там ён болей замiнаў, чым быў памочнiкам, бо, жывучы з дзяцiнства ў маёнтку, зрабiўся лайдаком, да таго ж упартым i неслухмяным. Да аканома часта даходзiлi скаргi, i той пераводзiў яго з аднае хаты ў другую, але нiдзе не мог ён застацца надоўга. Нарэшце Карпа папрасiў аканома заступiцца за яго перад панам, каб далi яму хату i колькi дзесяцiн зямлi, бо калi ён сам зробiцца гаспадаром, дык будзе, маўляў, больш старанны. Пан згадзiўся. Пабудавалi яму новую хату, адрэзалi лепшае зямлi, далi пару коней, колькi кароў ды іншае жывёлы на развод. Урэшце задумаў ён жанiцца. Але нiводная гаспадарская дачка не хацела iсцi за яго, бо нiхто нi на яго, нi на ягоную гаспадарку не спадзяваўся, бо ведалi ўсе, што ў яго нi веры, нi Бога ў сэрцы няма.

У гэтай вёсцы жылi колiсь мае бацькi, i быў у нас сусед Гарасiм. Чалавек ён быў старанны, усяго яму хапала, служыў добра пану, спраўна плацiў падаткi. Меў ён адзiную дачку, Агапку. Пекная была дзяўчына: здаровая, румяная, як спелая ягада. Даўней, як прыбярэцца i прыйдзе на кiрмаш з жычкаю6 ў касе, у чырвонай шнуроўцы7 – свецiцца, як цвет макавы, усе не могуць на яе наглядзецца, кожны любiў з ёй патанцаваць, i дудар для яе граў найахвотней. Ах! прызнаюся: i мне ў той час яна так прыпала да душы, што i сёння ўспамiнаю яе ўздыхаючы.

Падабалася яна i Карпу. I вырашыў ён дамагацца яе, але, ведаючы, што не любiць яго дзяўчына, а бацькi не хочуць мець сабе такога зяця, i сватоў, прысланых ад яго, не прынялi, Карпа, каб было па-ягонаму, iдзе да пана, просiць, каб загадаў Агапцы iсцi замуж толькi за яго. Бацькi ж яе, даведаўшыся пра гэта, прасiлi аканома i ўсю воласць8 заступiцца, бо Агапка яшчэ занадна маладая i не здолее добра ўпраўляцца ў ягонай хаце; i гаспадарка ў яго ўвачавiдкi развальваецца, нiчога добрага ад яе не прычакаеш. Па просьбе аканома i вяскоўцаў пан адклаў вяселле на наступны год, а Карпу загадаў, каб напрыканцы гэтага тэрмiну паказаў, што зрабiў карыснага i колькi зарабiў грошай.

Кахаў i я Агапку, але каб пабрацца з ёю – пра такое i думаць не мог. Баяўся панскага гневу, i з Карпам цяжка было спрачацца, бо быў ён дворскі9, з рознымi чараўнiкамi меў фамiльярнае сяброўства i калi б толькi даведаўся пра маю прыхiльнасць да Агапкi, дык, пэўна, зрабiў бы са мною што-небудзь кепскае. Дык я толькi пакрыёма ў душы сумаваў, прасiў Бога, каб гэтая нявiнная авечка не трапiла ў кiпцюры да шалёнага ваўка. Але сталася ўсё iнакш.

Карпа – чалавек несумленны i лянiвы – iдзе на параду да Парамона, найстрашнейшага чараўнiка ў нашай ваколiцы, апавядае яму пра сваю сiмпатыю да Агапкi, пра ўмовы, якiя пан загадаў яму выканаць за год. Словам, просiць яго, каб адкрыў спосаб, якiм хутка можна забагацець, а ён гатовы на ўсё, хоць душу д’яблу прадаць, абы толькi дамагчыся свайго.

Парамон выняў са скрынi загорнутыя ў паперу нейкiя зярняткi i, даючы iх Карпу, так раiць:

– Калi не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-небудзь, накармi яго гэтым зернем, i ён праз колькi дзён знясе яйка, не большае за галубiнае. Гэтае яйка ты павiнен насiць цэлы месяц пад леваю пахаю. Праз месяц вылупiцца з яго маленькая яшчарачка, якую будзеш насiць пры сабе i кожны дзень кармiць малаком са свае далонi. Расцi яна будзе хутка, а па баках у яе вырастуць скураныя крылы. Праз месяц яшчарка ператворыцца ў крылатага цмока. Ён будзе выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным аблiччы прынясе табе жыта, пшанiцы i iншага збожжа, а калi прыляцiць, палаючы агнём, дык гэта значыць, што будзе мець пры сабе золата i срэбра. Жывi з iм у дружбе, калi хочаш быць багаты, бо калi ўгнявiш, дык ён можа спалiць табе хату i ўсё тваё дабро.

Гэтую бязбожную параду Карпа выканаў ахвотна. Выгадаваў жахлiвага цмока, але чары яго не засталiся тайнымi, бо гэтае страхоцце няраз пасля захаду сонца з’яўлялася на вачах вяскоўцаў, што вярталiся дахаты позняй парою.

Аднойчы i я, калi пасвiў коней на начлезе, бачыў, як ляцела тое страшыдла, з шумам рассыпаючы вакол сябе iскры, нiбы распаленае жалеза пад молатам каваля, i над дахам Карпавае хацiны распалася на дробныя частачкi i знiкла. Неба ў той час было яснае, нiводнае хмурынкi на iм, i зоркi зiхацелi на нябесным скляпеннi. “О Божа! – падумаў я. – Перад Табою няма нiчога таемнага. Ты будзеш суддзёю спраў людскiх, але людзi пра гэта забываюць”.

Ужо праз колькi месяцаў Карпа стаў багатыром. Калi прыйдзе на кiрмаш або ў якое свята да арандара10, дык у карчму заходзiць падпёршыся ў бокi, чырвоная шапка набакiр, галава задзёртая, i здаецца, што ўсе для яго нiшто, жменяю грошы шпурляе на стол, кажа падаваць тое, што толькi яму заманецца, частуе ўсiх i смела крычыць, што пан яму, як брат родны, нi ў чым не адмовiць, i ён усё зробiць, што яму толькi захочацца, што Агапка павiнна радавацца, калi можа выйсцi за яго замуж, бо ён за свае грошы можа купiць жонку, якую толькi пажадае.

Агапка, чуючы пра гэта, залiвалася слязьмi, бо ведала, што яе выбар i жаданне бацькоў – нiшто. Усё было ў руках пана, а той не меў нi спагады, нi лiтасцi. Ведала яна добра i душу Карпаву, i звычкi ягоныя. Часам чула гаворку суседзяў мiж сабою, што ён ужо пабратаўся с Парамонам, што ўжо служыць яму шатан, якi назапасiў для яго безлiч грошай. Не цешыла тое золата маладую дзяўчыну, бо яна бачыла ў лятунках сваiх мужа стараннага, цнатлiвага ды пабожнага.

Прайшоў год. Карпа накупляў пану ў горадзе багатых падарункаў i прыехаў на гожым канi нагадаць пра абяцанае. Паслалi па Агапчынага бацьку, загадалi рыхтавацца да хуткага вяселля. Плакаў бедны Гарасiм са сваёй жонкаю над лёсам дзiцяцi i малiўся, каб Бог быў ёй апекуном. Агапка ж хавала скруху свайго сэрца, каб не растрывожыць яшчэ больш бацькоў. Узяўшы ядвабныя стужкi, якiя найбольш любiла, i колькi кавалкаў кужалю, што сама ткала, пайшла да касцёла i, павесiўшы ўсё гэта на абраз Прачыстае Мацi, пала нiц, енчачы i залiваючыся слязьмi; i ўсе, хто быў там, таксама не маглi стрымаць слёз. Пасля набажэнства яна выцерла слёзы i вярнулася да бацькоў са спакойным аблiччам, як быццам усцешаная.

Спагада i любасць да гэтае дзяўчыны перамаглi ў ва мне ўсякi страх. Iду да хаты, дзе жыў Гарасiм. Нечаканыя думкi i смелыя намеры выспяваюць у маёй галаве. Вырашыў: ад тыранства i напасцi схаваць яе дзе-небудзь у далёкай старане. Iдучы да вёскi, убачыў Агапку. Самотная, яна хадзiла па полi, плачучы, спявала жаласным голасам звычайную песню-падзяку бацькам за iх клопаты. Наблiжаюся да яе, бяру за руку (а сам быў у той час як непрытомны). Хочучы аблегчыць яе пакуты, так прапаную свае паслугi:

– Агапка! Ведаю я прычыну слёз тваiх, ведаю аб пакутах бацькi i мацi. Карпа – бязбожны чалавек. Ён падкупiў пана, несумленна пагарджаючы тваiм выбарам i воляю тваiх бацькоў. Паслухай мае рады, калі маеш хоць частку тае прыхільнасці да мяне, якую я маю да цябе і да тваіх бацькоў. На зямлi ёсць высокiя горы, зарослыя густым лесам; ёсць цёмныя пушчы, што чарнеюцца каля нашых вёсак. У засень iх нетраў нiколi не заглядвала чалавечае вока; яны цягнуцца бясконца. Давай пойдзем прэч з гэтых краёў. Давай схаваемся ад усiх знаёмых у гэтых дзiкiх пустэльнях. Я буду тваiм вартаўнiком i праваднiком. Свет вялiкi, знойдзем i мы дзе-небудзь свой куток. Ёсць i людзi з ласкавым сэрцам, якiя даюць прытулак уцекачам ад суда, а мы ж невiнаватыя нi перад Божым судом, нi перад людскiм i дзе-небудзь працаю заслужым сабе кавалак хлеба. Добры Бог дасць нам здароўе i сiлы, падтрымае ў тых цёмных лясах сваёй апекаю.

Калi я казаў гэта, слёзы зацьмiлi мае вочы. Агапка, гледзячы на мяне, адказала так:

– Я кахаю цябе, але не магу згадзiцца i пайсцi з табою, бо бацькi мае будуць пакутаваць. Няхай лепш я сама буду ахвяраю свайго няшчасця, каб толькi яны былi спакойныя.

Сказаўшы гэта, яна шпарка пайшла дадому.

Я доўга стаяў на тым месцы, не ведаючы, што рабiць. У роспачы вярнуўся да свае хаты; як непрытомны, зноў пабег у поле, блукаў па лясах; не ведаў, за што зацяць рукi, ад самоты ледзь не памёр.

Далі запаведзь11. У нядзелю Карпа з Агапкаю бярэ шлюб у касцёле. Ён, вясёлы i выхвальны, стаяў проста, валасы на галаве падстрыжаныя па-панску, на шыi ядвабная хустка, на нагах блiшчастыя боты, вопратка з тонкага сукна (такая, якую пан часам апранае). Словам, калi б хто не ведаў, што Карпа наш брат, – за паўвярсты яшчэ зняў бы шапку i пакланiўся. Яна, наадварот, смутная, твар – бледны: змянiлася ўся, нiбы ў яе сухоты, бляск вачэй пагашаны слязьмi. I казалi, што свечкi ў маладых гарэлi так цьмяна, што сёй-той са страхам паглядаў на гэта, шэпчучы суседу: “Не будзе тут шчасця. Жыццё iх зацьмiцца смуткам”.

З касцёла Карпа з дружынаю i маладою жонкаю паехаў на паклон да пана, а з маёнтка – да хаты Агапчаных бацькоў. Вяселле было Бог ведае па-якому. Карпа з дзяцiнства быў дворскі; звычаi нашы вясковыя яму ўжо здавалiся смешнымi i былi не даспадобы. Не пераязджаў ён на кані праз падпаленую салому, не гаварылi госцi нiякiх арацый, не спявалi вясельных песень, не паклiкалi нават дудара, i моладзь не патанцавала. Вяселле ў Гарасiмавай хаце падобнае было да хаўтураў. I хутка маладая пара з гасцямi паехала адгэтуль да свае хаты, дзе ўжо Карпа кожным учынкам хвалiўся сваiм дворскiм глянцам ды багаццем i хацеў, каб яго ўсе хвалiлi.

Паклiкаў дудара, кiнуў яму, нiбы чыноўнiк якi, колькi срэбранiкаў i загадаў граць. Добра заплацiў таксама i кабетам, каб спявалi; з вымушанай ветлiвасцю, нiбы панiч якi, прасiў хлопцаў i дзяўчат скакаць. Не было там щчырасцi, а вось ежы i пiтва – аж занадта. Чаркi з гарэлкаю амаль без адпачынку пераходзiлi з рук у рукi. Шум у хаце, музыка грае, моладзь скача; ён апавядае пра сваю дворскую службу, пра прыхiльнасць, якую заслужыў у пана. Адна Агапка – як забiтая; было шкада нават на яе глянуць.

На панадворку хоць i цёмна, але цiха. На чыстым небе поўнач. Сітка12 змяніла сваё становішча. Госцi, захмялелыя ад моцных напояў, весялiлiся. Нечакана нiбыта маланка асвяцiла хату i нейкi незвычайны шум пачуўся за сцяною. Пацямнела полымя свечак, усе зацiхлі ды пазiралi адно на аднаго. Карпа быццам змянiўся з твару i, як непрытомны, гучна прамовiў: “Прыбыў мой госць” – i адразу ж загаварыў да сваiх сяброў пра нешта iншае. Але пасля гэтага здарэння дзiўная была перамена ў той хаце; кожнага апанаваў нейкi неспакой, некаторыя з прысутных бачылi загадкавыя i страшныя праявы: то на дварэ, то ў цёмных кутках хаты. Аднаму падалося, што нейкае страшыдла, зарослае валасамi, з-за сцяны ўглядаецца ў вакно; другому здалося, што на печы сядзiць нейкi карузлiк з велiзарнай галавою, чорны, як вугаль; iншы бачыць нiбыта таго чарнакнiжнiка, якi вучыў пана штукам шатанскiм i золата рабiць. Карпа, убачыўшы трывогу асобных гасцей, смяяўся, казаў, што гэта моцная гарэлка стварыла такiя дзiвы, загадваў дудару граць i спяваць песнi. Сярод гаманы i тлуму забылi пра ўсё.

Адчыняюцца дзверы: уваходзiць чараўнiк Парамон. З-пад густых броваў агністым вокам прабег ён па гасцях i, стоячы яшчэ ля парога, так абазваўся:

– Кланем13 вам, шаноўная дружына! Няхай вашую вясёлую кампанiю радасць не пакiдае, а маладой пары зычу згоды, любасцi, багацця i заўсёды так весела прымаць i частаваць суседзяў i добрых сяброў.

Карпа вiтае яго i просiць, каб сядаў на лаве на покуць. Расступаюцца госцi, Парамон сядае за стол, спiнаю апiраецца аб сцяну i ганарлiва разглядвае ўсiх, хто стаiць перад iм. Карпа падносiць яму гарэлкi i закуску.

– А дзе ж твая Гапуля, гаспадыня маладаяў Цi яна так занятая, цi, можа, таксама мяне не пазнала? Я пастарэў, а яна маладая вельмi, i ёй яшчэ трэба вучыцца, як жыць на свеце.

Карпа падвёў Агапку. Парамон зiрнуў на яе маркотны твар i кажа:

– Не смуткуй, пажывеш, пакахаеш, i добра будзе.

Акiм, селянiн гэтае самае воласцi, падданы пана К. Г., быў колiсь з Парамонам у вялiкай непрыязнi. Будучы ў добрым гуморы, бо не любiў абмiнаць чарку, успомнiў нязгоды мiнулых часоў, заклаў рукi за пояс, адставiў правую нагу i ў такой паставе, стоячы перад Парамонам i гледзячы яму ў вочы, так абазваўся:

– А! Кланем!

 

Няўчом14 кошка хвост свой лiзала,

Аж ёна цебе ў госьцi чэкала.

 

Усе паглядзелi на Акiма. Не рады, што ён, захмялеўшы ад гарэлкi, асмелiўся жартаваць з Парамонам. Баялiся, каб не выйшла з гэтага якога няшчасця, бо ўсе i раней верылi ў сiлу Парамонавых чараў; верылi, што ён не толькi можа наслаць на людзей розныя хваробы i шаленства, але, калi захоча, дык i цэлае вяселле аберне ў ваўкоў.

Парамон зiрнуў на яго са з’едлiвай усмешкаю:

– А ты, – кажа здзеклiва, – часам так падкрадаешся да панскае або суседскае спiжарнi цi туды, дзе беляць палотны, што цябе не толькi вартаўнiк не пачуе, але i сабака такога госця не знюхае.

– Га!15 Я добра памятаю, як вiнавацiлi мяне ў крадзяжы палатна, – адазваўся Акiм, – ты варажыў на рэшаце, называючы iмёны ўсiх сялян воласці. Рэшата павярнулася на маiм iменi i на iменi Грышкi-дудара. Жонка аканома паверыла тваiм чарам, i нас лупцавалi без мiласэрнасцi. А пасля адкрылася, што мы без вiны прынялi тыя пакуты. Подлыя твае ўчынкi, i ў чарах тваiх няма нiякае справядлiвасцi.

Тут адгукнуўся i дудар Грышка:

– Га! Так, памятаю i я. Варта было б за твае хлуслiвыя чары кiем падзякаваць, ды так, каб ты i з зямлi не ўстаў.

Парамон не мог вытрываць, што ману прыпiсваюць ягоным чарам. Заiскрылiся вочы, пачырванеў ён увесь, усхапiўся з лавы. Усе перапалохалiся. Карпа хапае яго за плечы ды просiць, каб дараваў iм, бо п’яныя, не памятаюць, што кажуць. Бачачы гэтае бязладдзе, прыбягае Агапка, хапае яго за руку, перапрошвае, што ў iх меў такую непрыемнасць, i просiць прабачыць. Таксама Акiму i Грышку кажа, каб яны забылi пра мiнулае i памiрылiся з Парамонам. Карпа ставiць на стол гарэлку i вельмi просiць, каб, выпiўшы па чарцы, яны забылi, што было даўней.

Чараўнiк крыху супакоены.

– Добра, – кажа, – не турбуйцеся, я памiруся. Няма ў мяне не толькi ахвоты перапынiць забавы ў вашай хаце, але хачу, каб яны зрабiлiся яшчэ весялейшыя. Няхай сабе Грышка весела грае на дудзе, а Акiм скача, – i з хiтраю ўсмешкай дадаў: – Ну, iдзiце, запрашаюць нас гаспадар i маладая гаспадыня выпiць адзiн да аднаго па чарцы гарэлкi. Яшчэ пеўнi не спявалi: цяпер самы час павесялiцца.

Карпа, Агапка i госцi вельмi просяць Акiма i Грышку, каб селi за стол з Парамонам. Акiм не адмовіўся ад гарэлкi; дык і Грышка па яго прыкладзе выпiў з Парамонавых рук па кiлiшку; пасля яшчэ раз паўтарылi.

– Згода! Згода i мiр памiж намi, – крычаць госцi. – Сталы гнуцца ад пачастункаў, досыць i пiтва, i закускi, давайце пiць, гуляць, зычачы маладым багацця, здароўя i доўгiх гадоў.

Заспявалi песнi. Грышка надзiмае свой скураны мех, гучаць музыка i спевы. Моладзь скача. Парамон, задумлiва i са здзеклiвым тварам, пазiрае то на дудара, то на Акiма. Кароткi час працягвалася дружная i вясёлая забава. Але раптам Грышка пачынае нейкага шалёнага казака16, госцi крычаць, просяць, каб iграў “Цярэшку17, спяваюць: “Цярэшкі бiда стала, з кiм яго жына спала”. Ён не зважае на гэта, нiкога не слухае, а ўсё грае ды грае сваё без усякага ладу. Тут Акiм выбягае на сярэдзiну i пачынае, як шалёны, скакаць невядома што; дзiвяцца ўсе, гледзячы i не разумеючы, што з iм зрабiлася: вочы вырачылiся, твар змянiўся. Просяць аднаго i другога, каб адзiн пакiнуў граць, а другi – скакаць. Нiчога не дапамагае. Нiякiх просьбаў не чуюць. Звар’яцелi абодва. Хацелi ўтрымаць – мармыча нешта незразумелае, вырываецца, зноў скача, i дудар грае беспярэстанку. Парамон збоку глядзiць на гэта i гучна смяецца.

– Не рушце iх, – кажа, – няхай павесяляцца. Другi раз не захочуць з кожным задзiрацца.

Карпа просiць, каб дараваў iм i загадаў спынiцца.

– Няхай яшчэ пагуляюць, – адказаў Парамон. – Гэта iх навучыць паважаць i шанаваць людзей, разумнейшых за сябе.

Доўга пакутавалi дудар i Акiм ад гэтага шалу. Ужо i поўнач мiнула, i другi раз певень праспяваў. Нарэшце Грышку пакiдаюць сiлы: ён выпускае з рук дуду i падае, самлелы, на дол. Акiм хiстаецца, увесь учарнеў, нiбыта перад смерцю. Гэтак задаволiўшыся помстаю, Парамон нешта пашаптаў, даў iм вады i, калi яны супакоiлiся, узяў шапку, пакланiўся гаспадарам i пайшоў дадому.

Гэты выпадак парушыў увесь лад. Госцi адзiн за адным дзякавалi гаспадарам за iх ветлiвасць i, зычачы багацця i шчаслiвых дзён, выходзiлi за дзверы.

Тут пан Завальня перапынiў:

– Кажуць, што некалi даўней, калi людзi больш дбалi аб славе Божай, такiх чараўнiкоў палiлi на агнi або кiдалi ў ваду. Чуеш, Янка, што робяць людзi, калi пабратаюцца з д’ябламў На свеце трэба быць асцярожным, чуў я за сваё жыццё шмат пра каго з такiх шкодных чараўнiкоў, як Парамон.

– Можа, дзядзечка, рабiў ён гэта з дапамогаю нейкіх зёлак, можа, дудару i Акiму падлiў у гарэлку блёкату цi iншае атруты, ад якой чалавек шалее.

– Не зёлкі такое робяць, а моц шатанская. I шкада, што вучоныя людзi не надта ў гэта вераць. Сам я ведаў аднаго панiча, якi пра ўсё так казаў, быццам нiколi не вучыў нi катэхiзiса, нi дзесяцi прыказанняў Божых. Але што ж далей?

– Пасля свайго вяселля Карпа пачаў жыць не па-нашаму: хутка пабудаваў другi дом з вялiкiмi вокнамi, завёў сад, дзе цвiлi вiшнi i яблынi, i жыллё яго больш было падобнае да шляхетскае сядзiбы, чым да простае хаты. Так зафанабэрыўся, што пасадзiў пад вокнамi такiя ж самыя кветкi, як i ў панскiм садзе, з якiх анiякае карысцi няма. Агапцы забаранiў насiць шнуроўку i хустку, а загадаў апранацца ў такiя паркалёвыя сукенкi, якiя носяць шляхцянкi. Не хацела яна мяняць свайго ўбору. Ведала, што ўсе, бачачы яе ў дворскай вопратцы, будуць называць гультайкаю. Але ўсё ж мусiла пагадзiцца з ягонаю воляю i ў такiм уборы палiвала кветкi: Карпа меў шмат парабкаў – было каму iсцi з сярпом на жнiво. Пан бываў у яго на гасцiнах. Меў Карпа грошы, меў i павагу, але цi ж у гэтым шчасце?

Заўсёды ён быў неспакойны ў думках сваiх; нiводнаму парабку нiколi не сказаў ласкавага слова, i Агапка не магла яму дагадзiць. Яе рэдкая ўсмешка здавалася яму здзеклiвай, яе цiхмянасць ён называў глупствам, яе сцiплась i пацеры, якiм навучыла мацi, былi яму быццам пакаранне. Аднойчы загадаў, каб нi з адным парабкам не размаўляла, i гневаўся, што яна неруплiвая. Бог ведае чаго хацеў.

Часам лаяў сваю жонку, што яна лайдакаватая. Адразу пасля захаду сонца iдзе адпачываць, i не хацеў, каб яна займалася да позняга якой-небудзь работай або малiлася. Апоўначы часам уставаў з пасцелi i ля дзвярэй цi праз вакно размаўляў невядома з кiм, выбягаў за дзверы i невядома дзе прападаў, аж пакуль певень не заспявае.

Меў ён прыяцеляў, якiм даваў грошы i з якiмi залiваў свой неспакой гарэлкаю; бывала, што па некалькi дзён не бачылi яго дома.

Аднойчы, калi чэлядзь пасля дзённае працы ўжо адпачывала, Агапка сядзела самотная ў пакоi i чакала мужа. Тут знянацку, нiбыта ад маланкi, святло асвяцiла сцены. Пасля зноў зрабiлася цёмна. На Агапку нападае нейкая трывога. Нiбы баючыся чагосьцi, паглядае яна ў цёмныя куткi. Кот, пырхаючы, скочыў ад дзвярэй i, натапырыўшыся, застыў сярод хаты, свецячы неспакойным вокам. I тут заходзiць малады мужчына, прыгожа апрануты, на руцэ шмат залатых пярсцёнкаў, падпяразаны шырокiм чырвоным поясам. Агапка ўзiраецца ў незнаёмы твар, што здаваўся досыць прыемным, толькi пагляд яго быў пранiклiвы, i першае ўражанне ад яго было страшнае.

– Кланем маладой гаспадыні, – кажа незнаёмец. – Што ж ты сядзiш такая самотная, нiбы сiрата якая? Глядзiш мне ў вочы: незнаёмы табе, але я цябе часта бачыў i добра ведаю. А дзе ж Карпа, мужык твой?

– Не ведаю. Трэцi дзень, як яго не бачу. Дзесьцi ў знаёмых, а можа, паехаў у горад. Чула, нешта такое казаў.

– Што яму рабiць у горадзе? Гуляе сабе, а карыстацца шчасцем не ўмее. Золата i срэбра мае шмат, а якая з яго карысць? Мог бы цуды тварыць. Мог бы збудаваць дом лепшы, чым гэты; такi, пра якi старыя апавядаюць у казках, што ўвесь свяцiўся золатам i срэбрам ды чыстым золатам быў накрыты. Мог бы сад развесцi, як той, дзе спелi залатыя i срэбныя яблыкi, дзе спявалi б райскiя птушкi; пад вакном раслi б у яго кветкi, ярчэйшыя, чым зоркi на небе. Вось гэты кот, варкочучы, баяў бы яму старыя дзiўныя гiсторыi. З’ехалася б шмат паноў паглядзець на тыя цуды. I ён бы жыў лепш за караля. Ты маладая, прыстойная i разумнейшая за яго, пачынай жа сама гаспадарыць, а я буду табе памагаць, i мы здзiвiм свет.

Гаворачы гэтак, ён сеў на лаву поруч з ёю.

Агапка, гледзячы яму ў вочы, спыталася:

– Цi даўно ты знаёмы з маiм мужам?

– Ведаю яго з дзяцiнства. Я вандрую па свеце i служу шчаслiвым людзям. Ты шчаслiвейшая за iншых, табе хачу шчыра служыць.

– Хто ж ты такi i як тваё iмя?

– Навошта табе ведаць маё iмя? Я твой прыяцель. Згадзiся толькi на мае жаданнi i мае паслугi, а пасля даведаешся пра ўсё. – I, сыплючы золата на зямлю ды гледзячы на Агапку, дадаў: – Бачыш, што я магу.

– Я не хцiвая, хачу толькi спакою душы. I няхай мяне апякае Прачыстая Мацi Сiрацiнская.

Ледзь вымавiла iмя Маці Божае, – успыхнуў ён полымем i знiк у iмгненне вока. Агапка з пранiзлiвым крыкам выбягае за дзверы i падае непрытомная. Ад гэтага крыку прачынаюцца парабкi, бягуць на дапамогу i знаходзяць яе ў сенцах: яна ляжыць як нежывая. Ледзь змаглi вярнуць ёй дыханне. Бяссонная была тая ноч. Не спала Агапка, сядзелi ля яе слугi, хвалюючыся за здароўе панi.

Ранiцою вярнуўся дахаты Карпа. Калi яму расказалi пра гэтае здарэнне, змянiўся з твару i з неспакойнымi думкамi доўга паходжваў сюды-туды. Нарэшце падышоў да жонкi, кажа:

– Што ж ты нарабiла? Калi пасеяна, дык трэба i жаць, а iнакш – людскi смех i няшчасце.

– Не сеяла я тых злых зярнят, – адказвае яна, плачучы. – Лепей памерцi, чым карыстаць з таго жнiва.

Ён кiнуўся да жонкi з кулакамi, але яна выскачыла за дзверы i схавалася, пакуль не прайшла ягоная злосць.

Карпа зусiм занядбаў гаспадарку i рэдка калi пасылаў на паншчыну сваiх парабкаў. Аканом абыякава глядзеў на гэта i ўсё яму дараваў, бо Карпа заявiў пану, што хоча быць вольны, i вялiкiя грошы абяцаў, каб выкупiць сябе i зямлю, на якой жыў.

Аднойчы ўвечары ў хаце паводле свайго звычаю Карпа ўсхоплiваецца, падыходзiць да вакна i сядзiць ля яго задумлiвы. Чуваць было, што ён размаўляў сам з сабою. Жонка просiць яго, каб супакоiўся. Карпа толькi адказаў:

– Вярнуся заўтра, – стукнуў дзвярыма i пайшоў невядома куды.

Агапка паклiкала да сябе кабету, бо баялася адна начаваць. Ледзь толькi задрамала, чуе, што нехта дакрануўся да яе рукi гарачай далоняю. Глянула i бачыць: той мужчына, што яе нядаўна напалохаў, стаiць, дзiўна апрануты, пазiрае на яе, i вочы ягоныя гараць, як дзве свечкi, на галаве шапка і пояс, якiм ён падперазаўся, чырвоныя, як вуголле цi распаленае жалеза. Агапка здранцвела ад страху, ледзь руку змагла падняць, каб перажагнацца. I ён умомант знiк. Разбудзiла Агапка сваю таварышку i расказала ёй пра гэты прывiд. Размаўлялi нейкi час, а калi супакоiлiся, – зноў тая здань з’явiлася перад iмi i зноў знiкла, як успомнiлi iмя Езуса i Марыi. Дык усталi з ложка i, запалiўшы святло, малiлiся, аж пакуль певень не заспяваў.

Пасля гэтага здарэння пасылае Агапка перад узыходам сонца да сваiх бацькоў кабету, каб паведамiла пра тыя зданi, i прасiла наведаць яе ды параiць, што ёй рабiць у такiх выпадках.

Па ўсёй воласцi разышлася пагалоска пра тое, што цмок колькi разоў палохаў Агапку, прыходзячы да яе ў розных аблiччах. Карпа ж даводзiў усiм, што гэтыя весткi фальшывыя, што ягоная жонка быццам звар’яцела, а можа, д’ябал i прыходзiць да яе за нейкiя грахi.

Гарасiм са сваёю жонкаю, калi сонца ўжо хiлiлася да захаду i ў полi скончылi працу, пайшлi пераведаць сваю дачку. Агапка, як убачыла iх праз вакно, з вялiкай радасцю выбегла насустрач, прывяла iх у хату i са слязьмi апавядала пра свае пакуты, аб пераменах у мужавым жыццi, аб з‘яўленнi ў чалавечым аблiччы таго цмока, якi яму служыць.

– Ну вось, – адказаў Гарасiм, – калi я яшчэ перад вяселлем казаў аканому i iншым дваровым людзям, што Карпа выгадаў сабе цмока, якi дае яму багацце, дык смяялiся i кпiлi з мяне, гаварылi: “Грубы, дурны мужык, пляцеш немаведама што”. А калi гэта дайшло да пана, дык ён, угневаны, сказаў: “Слухай, хаме, калi ты будзеш малоць гэтую лухту, атрымаеш соцень пяць розгаў i палову галавы агалю, як вар‘яту”. Што ж яны цяпер на гэта скажуць?

Мацi, плачучы, кажа ёй:

– Хутка збяром з поля, тады пойдзем разам да Прачыстае Мацi Сiрацiнскае. Падгаворвай i яго, каб iшоў з намi i там паспавядаўся. Бог злiтуецца. А вось гэта ў мяне свянцоныя зёлкi i касцельнае кадзiдла, якiмi кожны вечар будзеш акурваць хату, i, можа, дасць Бог, што ўсё наладзiцца.

Так, седзячы, размаўлялi яны пра сёе-тое, а Карпы ў той час у хаце не было. Ужо i змрок. У пакоi пацямнела. Ноч была цёплая, неба чыстае. Паветра такое цiхае, што, здаецца, волас не паварушыцца на галаве. Пасля вячэры, бо надвор’е было цудоўнае, парабкi пайшлi начаваць у поле, пры конях; iншыя ж – у адрыну на свежае сена. У хаце толькi Агапка не магла закончыць прыемнае размовы са сваiмi бацькамi. Цiха было ўсюды, толькi раз-пораз патрэскваў кнот свечкi, якая дагарала. Агапка раздзьмухала агонь i кiнула на яркiя жарынкi-вугольчыкi свянцоных зёлак. Адразу ж з-за сцяны данёсся як бы шум раптоўнага ветру, i бляск прабег па хаце. Задрыжалi ўсе.

– Вось ён, – паведамiла ўстрывожаная Агапка. Змоўклi i, мовячы пацеры, чакалi, што будзе далей. Ля печы стаялi гаршкi. Адзiн з iх падлятае ўгору, падае на падлогу i рассыпаецца на дробныя чарапкi. Збан з квасам, якi стаяў на лаве, ускоквае на стол, а са стала кiдаецца на зямлю i разлятаецца на друзачкi. Кот перапалохаўся, заiскрылiся вочы, i ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае хатняе начынне пачало лятаць з кута ў кут.

Гарасiмава жонка зняла з сябе медны крыжык (колiсь высвенчаны пры адпушчэннi грахоў у Юхавiчах у час Юбiлею18).

– Няхай ён будзе тваiм абаронцам, – сказала i надзела на шыю дачцэ.

Калi набожная кабета вымавiла гэтыя словы, дробныя, як град, каменьчыкi, вылятаючы з цёмных куткоў, адскоквалi ад сцен; i камянi па некалькi фунтаў выляталi з-за печы, аднак бацькi i дачка, заклiкаючы на дапамогу Прачыстую Мацi, цэлымi выбеглi за дзверы.

Сабралася ўся чэлядзь ды са страхам i здзiўленнем паглядалi на хату. З вокан i ад сцен ляцелi камянi рознай велiчынi; нiхто туды i наблiзiцца не адважваўся. Усе, стоячы, пазiралi на гэтую праяву i не ведалi, што рабiць.

Мiнулася поўнач, заспяваў певень. Тая стралянiна крыху супакоiлася. Аднак нiхто не адважваўся ўвайсцi ў хату. Чэлядзь чакала ўзыходу сонца на падворку, а Агапка пайшла з бацькамi да iхняга жытла.

Калi сонца было ўжо высока (выгналi ў поле жывёлу, i парабкi, адны з косамi, iншыя з сохамi, выйшлi на работу), прыязджае Карпа. Дом пусты. Сустрэў адну толькi кабету, якая прыйшла з поля, убачыўшы, што вяртаецца гаспадар. Пытаецца ў яе:

– Што тут чыніцца i дзе жонка?

Кабета апавядае яму, як усё было. Карпа перапалохаўся, змянiўся з твару.

– Яна мяне загубiла, – закрычаў ён i адразу пайшоў да чараўнiка Парамона.

Вестка пра здарэнне ў той самы дзень разышлася па ўсёй ваколiцы. У панскiм маёнтку адны паверылi, што ўсё гэта ад сiлы шатанскае, iншыя ж смяялiся, кажучы, што тут проста нейкае свавольства. Гарасiм паведамiў пра ўсё пробашчу, просячы, каб ён гэтага ж дня прыехаў да Карпавае сядзiбы i пасвянцiў небяспечны дом, у якiм завёўся шатан.

Адвячоркам цiкаўны люд папрыходзiў з усяе воласцi, каб пабачыць тыя дзiвы. Прыйшоў аканом i з iм шмат маладых ды смелых хлопцаў з маёнтка, якiя, не верачы ў моц шатанскую, спадзявалiся, што зловяць якога-небудзь свавольнiка. Колькi з iх, не зважаючы нi на што, нават адчынiлi дзверы i хацелi ўвайсцi ў хату, але не паспелi стаць на парозе, як усе з крыкам кiнулiся назад, бо камень выцяў аднаго з iх так, што хлопец ледзьве апрытомнеў. Люд, паглядаючы на гэтыя дзiвы, стаяў здалёк ад дома, а камянi штораз гусцей сыпалi адтуль.

Карпа ад роспачы змянiўся ўвесь i, быццам непрытомны, праклiнаючы жонку, суседзяў i лёкаяў, хацеў уварвацца ў хату, але яму не дазволiлi. Парамон, што стаяў побач, шаптаў нешта, але сваiмi чарамi ўжо не мог дапамагчы. Пан К. Г., апанаваны цiкаўнасцю, таксама прыехаў i, не адважваючыся наблiзiцца да хаты, загадаў акружыць сядзiбу i чакаў, якi канец будзе гэтым жахам.

А вось i ксёндз у капеланскiм уборы прыехаў. Учынiў ён святы абрад i, калi са свянцонай вадою хацеў наблiзiцца да сцен, – iмгненна ўвесь дом ахапiла полымя, i хутка будынак рухнуў.

Здзiўлены люд, гледзячы на гэткую помсту злога духа, пацiскаў плячыма. I кожны з тых, хто быў тут пры поўнай свядомасцi, з трывогаю пакiдаў на месцы, дзе стаяў дом, ужо толькi вуголле i дымныя галавешкi. Ксёндз вяртаўся дадому ўзрушаны, шкадуючы аб неразумнасцi свае паствы. Калi адыходзiў Парамон, дык лаяў, трасучы галавою, нешчаслiвага Карпу: “Добра дурню: як паслаў, так i выспаўся”. Па ўсёй ваколiцы, у простай хаце i ў панскiм палацы, доўгi час гаварылi пра гэтае здарэнне.

Карпа невядома дзе падзеўся пасля таго страшнага пажару. Знiк i ўжо больш не наведваў нi сваiх прыяцеляў, нi цесця, нi жонкi. Рознае пра яго думалi. Адны меркавалi, што ён злыгаўся з лiхадзеямi, якiя пераганялi крадзеных коней з Беларусi пад Пскоў цi да Вялiкiх Лук. Дык пан паслаў арандара Хаiма на зведы. Iншыя сяляне казалi, што сустракалi Карпу ў роспачы, i ад iхняга голасу ён, як дзiкi, уцякаў у лес.

Прайшло колькi тыдняў. Шукаючы качак, нейкi паляўнiчы з выжлам iшоў ля берага возера. Дзень быў нейкi хмарны, хвалi бiлiся аб бераг. На пяску ля самае вады здалёк убачыў ён чараду груганоў. Стрэлiў. Груганы паляцелi i схавалiся ў пушчы. Падышоў блiжэй – i бачыць выкiнуты вадою труп, якi хваля яшчэ пакрывала пенаю. Адразу ж ён паведамiў у маёнтак. Далi знаць у суд. Цяжка было пазнаць, чыё гэта цела, але вопратка i пярсцёнак на руцэ далi магчымасць апазнаць Карпу.

Так няшчасны скончыў сваё жыццё. Без малiтваў i без ксяндза там жа на беразе труп закапалi.

Тут падарожны змоўк.

– Скажы ж, – просiць пан Завальня, – а што сталася з Агапкаю?

– Агапка колькi гадоў жыла пры бацьках, ад смутку i спалоху ўвесь час хварэла. Пасля смерцi бацькоў i яна згасла, як свечка. Няхай пануе на небе. У сваiм дабрачынным i цнатлiвым жыццi была яна прыкладам усiм кабетам нашае ваколiцы. Хоць было гэта даўно, аднак i цяпер там, дзе яна са слязьмi палiвала кветкi, зелянеюць вiшнi i яблынi, i краскi тыя кожную вясну найпрыгажэй цвiтуць, дзяўчаты ў святочныя днi плятуць з iх вянкi i аздабляюць абраз Прачыстае Мацi.

– Чаму ж ты не ажанiўся з ёю, калi яна была ўжо ўдавою? – спытаўся пан Завальня. – Ты ж яшчэ раней кахаў яе. Меў бы найлепшую жонку. А добрая жонка – скарб найдаражэйшы, бо дзе ў хаце каханне i згода, там i блаславенне Божае. Вось i я жыву сяк-так, дзякуючы Богу, а ўвесь гэты лад у гаспадарцы зрабiлi разам з маёю нябожчыцай.

– Пасля таго смутнага вяселля я прасiў пана, каб дазволiў мне пайсцi ў чужую старонку, дзе лягчэй набыць грошы дзеля гаспадаркi ды на падаткi. А яшчэ меркаваў, што, як буду далёка, хутчэй забуду на ўсё тое, што доўга стаяла ў мяне перад вачыма i наводзiла смутак. Я блукаў колькi гадоў па Расii, ля Ноўгарада i Старое Русы, i быў нават пад самым Пецярбургам, увесь час робячы самую цяжкую работу там, дзе вялi дарогi праз багны i дзiкiя лясы; капаў глыбокiя канавы, часам увесь дзень стоячы ў вадзе. Усё гэта, дзякуй Богу, вытрываў, не падарваў здароўя i вярнуўся дадому з грашыма, i тут мне расказалі пра тое страшнае здарэнне з Карпай i пра смерць нешчаслiвае Агапкi.

– А цi жыве Парамон?

– Памёр без споведзi, i магiла яго ў полi без крыжа.

– А што, Янка, цi падабаюцца табе нашы простыя апавяданнi? Яны праўдзiвыя, i iх лягчэй зразумець, чым гiсторыi пра даўнiх паганскiх багiнь i бажкоў, пра якiх ты мне апавядаў. Такую байку нiхто не запомнiць, хiба толькi чалавек вучоны.

– Я люблю падобныя апавяданнi. Шмат у гэтай народнай фантазii Божае праўды.

Калi пан Завальня размаўляў са мною, дык мiж чэлядзi чуваць былi такiя словы: “Вот добры так добры, усю ноч бы ня спаў да слухаў”.

– Ну, будзем жа зараз слухаць, – сказаў Завальня, – што нам раскажа твой таварыш. Але здарэннi з твайго жыцця. Страшныя i цiкавыя19.

 

 



Hosted by uCoz

Да зместу