Да зместу

 

Шляхцiц Завальня,

або Беларусь у фантастычных апавяданнях

 

 

АПАВЯДАННЕ ДРУГОЕ.

ЗУХАВАТЫЯ ЎЧЫНКI

 

– Ведаў i я ў сваiм жыццi такога чалавека, што быў падобны да Карпы, i за тое ж мусiў ён пакутаваць. Цяпер свет сапсаваны, шмат людзей зухаватых ды лайдакоў, гатовых на ўсё злое, а хто iм што добрае кажа – i слухаць не хочуць.

– I я памятаю, – сказаў пан Завальня, – лепшыя часы. Колькi паноў было добрых у гэтых краях! Люба было глянуць, якая сцiпласць i цiхамiрнасць панавала ў святынi Божай, кожны меў у руцэ венчык i ксёнжачку, пашана была старэйшым i любоў братэрская. А цяпер у касцёле чуеш адны шэпты ды смех; здаецца, для таго толькi й прыйшлi, каб паказаць свае модныя ўборы. Мода i фармазонiя iх загубiла, а праз iх i iншыя пакутуюць.

– Мне здаецца, дзядзечка, што людзi заўсёды аднолькавыя: i даўней, як i цяпер, былi злыя i добрыя, былi шчаслiвыя i нешчаслiвыя.

– О не, Янка! Табе не ўбачыць, што старэйшыя бачылi. Не вернуцца даўнiя часы, а будзе яшчэ, можа, i горш. Ну, кажы ж нам сваё апавяданне, – сказаў ён да падарожнага.

– Калi быў я яшчэ зусiм малады, памятаю, жыў у нашай вёсцi селянiн Антон. Меў ён добрую гаспадарку, беднасцi не ведаў, а што быў бяздзетны, дык узяў дзiця невядома ад якiх бацькоў. Яго ахрысцiлi i далi iмя Васiль. Гадаваў яго, як сваё роднае. Калi хлопец вырас, дык пачаў ганяць гавяду на пашу, але быў вялiкi гультай i свавольнiк. Заўсёды скардзiлiся на яго: то каровы пусцiць на засеянае поле, то аблае каго брыдкiмi словамi, то ў каго каменем кіне. Iдуць скардзiцца Антону, але Антон любiў яго, i калi казалi яму што, ён быццам i не чуў, патураў яму ва ўсiм, а той рос i рабiўся ўсё горшы i задзiрлiвейшы.

Сабралiся аднаго разу на паншчыну. Было тое пасля св. Пятра1, i Васiля таксама паслалi з хаты на працу. Ён, як звычайна, з кожным задзiраўся, нi пра аднаго чалавека добрага слова не сказаў. Быў тады дзень надта спякотны. Войт загадаў пакласцi косы i перакусiць чым хто мае, бо надышоў ужо час папалуднаваць i адпачыць. Усеўшыся на лужку ў кола, гаварылi мы пра тое ды пра сёе. Раптам бачым, як адзiн селянiн, што быў аддалiўся нечага ад нас, стоячы ля гаю, махае рукою i клiча да сябе:

– Хутчэй, хутчэй, хадзiце сюды, пакажу вам дзiва!

Бяжым усе туды. Селянiн паказвае рукою на недалёкiя бары:

– Паглядзiце, што дзеецца.

Бачым перад сабою дзiвосы нечуваныя. Лясун iдзе па бары, галава вышэй за хвоi, а перад iм выбягаюць на поле велiзарныя чароды вавёрак, зайцоў ды iншых звяроў; у небе засцяць сонца, адлятаючы прэч, цецерукi, курапаткi ды iншае птаства. Лясун выходзiць з лесу, ператвараецца ў карузлiка, i адразу ж з поля i лугоў паднялiся матылi i iншая жамяра, i як бы цёмная хмара закрыла нашу ваколiцу.

Зухаваты Васiль падхапiў камень на полi, падбягае туды, дзе Лясун, бачыць яго сярод травы, кiдае ў яго каменем i крычыць:

– Згiнь, прападзi!

Лясун закрычаў страшным голасам, што аж лiстота пасыпалася з дрэваў, падняўся з травы, нiбы велiзарны чорны птах i, падымаючы крыламi шум, схаваўся за лесам. Нас ахапiў неспакой. Глядзiм усе на Васiля, дзiвячыся яго адвазе. А ён, ад гордасцi за свой учынак, смяяўся да слёз. Быў мiж намi адзiн дасведчаны чалавек, якi сказаў:

– Чуў я ад старых людзей, што такая зухаватасць наводзiць няшчасце. Выгараць тут лясы i пушчы, будзе паморак на жывёлу, але i табе, Васiль, не пройдзе гэта беспакарана.

– Што мне да таго, – адказаў Васiль. – Я рады, што ў кадука добра каменем пацэлiў, няхай не выганяе з нашых лясоў птушак i звяроў.

Чуткi пра гэта разышлiся па ўсёй ваколiцы; такiя хлопцы, як Васiль, хвалiлi ягоную адвагу, i ён усюды ганарыўся сваiм учынкам. Але дасведчаныя людзi, якiя лепш усё гэта разумелi, з пагардаю слухалi тыя выхваляннi. I Антон, цiхi чалавек, засмуцiўся, калi пачуў пра тое.

Другi выпадак быў яшчэ страшнейшы; калi ўспомню – аж валасы на галаве падымаюцца. Аднаго разу (таксама на паншчыне) складалi мы сена. Дзень быў ясны i спакойны; на ўсходзе паказалася воблака, i далёка, быццам бы пад зямлёю, абазваўся гром. Тут бачым: iдзе накшталт слупа, вiхор, падымаючы ўгору пясок i ўсё, што яму трапляецца па дарозе. Круцячыся вiрам, праходзiць па полi недалёка ад нашае сенажацi. Са здзiўленнем пазiраем мы на гэта. Але вось Васiль кiдае граблi, бяжыць на поле, спатыкае слуп вiхору i, працягваючы яму руку, крычыць:

– Як маешся, браце!

А з клубоў пылу падае яму нехта чорную, як вугаль, руку. Слуп, круцячыся, пайшоў далей па полi. Страх агарнуў усiх нас. Вярнуўся Васiль, але нiхто яму слова не пасмеў сказаць. Зразумелi ўсе, што ён запанiбрата з духам праклятым.

З таго часу нiхто з iм размаўляць не хацеў; усе яго баялiся, i нават тыя пачалi ад яго ўцякаць, з кiм раней сябраваў.

Уся воласць пра гэта ўведала, дайшла чутка i да вушэй пана ды аканома. Яны не хацелi гэтаму даваць веры, i калi неяк пан у маёнтку запытаўся самога Васiля цi праўда тое, што кажуць, ён, лаючы ўсiх, адказаў:

– Тым дурным заўсёды нешта трызнiцца, абы разносiць хлусню i плёткi.

I пан яго не чапаў.

Антон, добры чалавек, заўсёды Васiлю ўнушаў страх перад Богам, iмкнуўся выправiць, змушаў хадзiць у касцёл i малiцца. Ён жа смяяўся з усяго, усiм пагарджаў ды iшоў заместа iмшы ў карчму.

Нарэшце вырашыў ажанiцца. Антон меркаваў, што добрая жонка i перамена ў жыццi выправяць яго. Пасылаў сватоў не толькi ў сваю, але i ў чужую воласць. Ды ўсюду адмаўлялi, бо слава пра Васiлёвы прыгоды i пра злосць ягоную разышлася далёка.

Васiль пагарджаў усiмi i кпіў з усяго, кажучы, што ён даўно ўжо сам сабе нагледзеў нявесту, якая яму найбольш даспадобы. Не хацеў спачатку пра гэта нiкому казаць, але цяпер аб’яўляе ўсiм, што закаханы ў Арынiну дачку Алюту*, што прызнаўся ёй ужо i атрымаў ад яе прызнанне.

Пачуўшы гэта, Антон вельмi засмуцiўся i раiў яму адмовiцца ад гэтага намеру, бо пра Арыну ходзяць чуткi, што яна кабета злая i чараўнiца, а яблык ад яблынi недалёка падае, дык, можа, i дачка будзе такою. Аднак усе парады былi дарэмныя, i Васiль яшчэ часцей пачаў наведвацца ў Арынiну хату.

Гледзячы на гэтую яго прыхiльнасць да Алюты, адны суседзi са смехам казалi:

– Пазнаў роўны роўнага, будзе пара поўная.

Iншыя хвалiлi: Алюта будзе добраю жонкаю i не пойдзе па матчыных слядах. Былi i такiя, што казалi, быццам ягонае каханне не сапраўднае, быццам яму паднеслi нешта ў пiтве i хоць ён i запанiбрата з д’яблам, – трапiў на лепшую i сам быў зачараваны.

Шчыра стараўся Антон змусiць яго адмовiцца ад свайго намеру. Нарэшце прыгразiў, што вырачацца яго, такую нявестку не прыме ў хату i маладым на гаспадарку нiчога не дасць.

– Я i не прашу нi ў кога нiчога, – адказаў Васiль. – Знайду ўсё сам, здабуду i грошы. I апякун такi, як ты, можа, сам прыйдзе калi да мяне ў пазыкі.

Антон пайшоў да кума Марцiна. Быў гэта чалавек пачцiвы i гаваркi, рады кожнаму параiць i дапамагчы, таму i любiла яго ўся воласць. Марцiн ахвотна паабяцаў прыгледзецца да гэтае справы i адлучыць маладзёна ад тае прывязанасцi. Даў нават слова, што будзе сябраваць з iм i кожны раз адгаворваць ад тае жаніцьбы.

Калi Васiль пачуў ад апекуна, што не будзе мець нiякае дапамогi, вырашыў шукаць скарбы, нават калi б i былi яны заклятыя цi моц шатанскую мелi. За дзве вярсты ад нашане вёскi быў ля дарогi пагорак, акружаны з двух бакоў яловым лесам. А на пагорку ляжаў велiзарны камень, якi людзi называлi “Цмокаў Камень”. Старыя людзi так пра яго апавядалi.

Аднаго разу ўлетку ў цiхую, пагодлiвую ноч з поўначы на поўдзень ляцеў, палаючы агнём, цмок, нёс нiбыта з сабою шмат золата i срэбра грэшнiку, якi прадаў д’яблу душу. Бачылi гэта падарожныя i людзi, што вярталiся з паншчыны. Раптам раскалоўся блакiт неба, разлiлося вялiкае святло, людзi, молячыся, кленчаць, а цмок, выцяты промнем нябеснага святла, дранцвее ўвесь, валiцца на пагорку i ператвараецца ў камень. Скарбы ж, золата i срэбра, якiя ён нёс з сабою, на тым самым месцы самi закапалiся ў зямлю, i з таго часу з’яўлялiся ўначы ў розных канцах пагорка ў розных постацях. Адны бачылi на каменi Плачку, якая выцiрала сабе слёзы агнёваю насоўкаю; другiя, iдучы позняй парою па дарозе, сустракалi карузлiкаў, чорных i тоўстых, як дзежачкі, што скакалi на пагорку; iншым мроiлiся чорныя казлы, што скакалi з зямлi на камень, а з каменя на дол, i шмат iншых дзiвосаў.

Казалi яшчэ, што калi хто асмелiцца ля гэтага каменя начаваць, таму тыя скарбы i здабыць наканавана. Васiль быў смелы, не баяўся нiчога, бо ўжо раз з шатанам, што ехаў на вiхоры, вiтаўся, як з братам.

Пасля захаду сонца, калi вечаровы змрок ахутаў палеткi, iдзе ён на пагорак i сядае на камень. Хмары закрылi неба, цямнее ў полi, усюды глуха, у лесе, што чарнеўся перад iм, абзываецца сава; Васiль бачыць, як снуюцца перад iм зданi, паўзуць з-пад каменя, сыкаючы, вужы, скачуць у скрутах вакол страшыдлы з сабачымi галовамi i казлiнымi нагамi. Васiль смела паглядаў на гэта, мяркуючы, што зараз яму пакажуцца скарбы. Раптам бачыць, як хтось зварочвае з дарогi i наблiжаецца да яго. Гэта быў Марцiн.

– Што ты тут робiш? – запытаўся ён з усмешкаю. – Пэўна, скарбы шукаеш?

– Шукаю, але чаго ты прыйшоў? Ты затрымаў мяне на парозе багацця, вырваў з рук маiх шчасце, варта, каб я табе галаву каменем раскроiў.

– Не гневайся. Я раскажу пра лепшыя скарбы. – I, сеўшы ля яго на каменi, кажа: – Слухай, Васiль, лепей iдзi дадому. Здароўе, пачцівая праца – гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калi хто шукае дапамогi ад нячысцiка. Ты яшчэ малады, працуй, Бог дапаможа. Антон, апякун твой, бяздзетны; калi будзеш паслухмяны, дык усё, што мае, табе перакажа.

Угневаны Васiль плюнуў i, мармычучы штосьцi, адышоў.

З таго часу ён не прыходзiў дадому. Антон, бачачы ўсё большую яго зацятасць, супакоiўся i чакаў, што з гэтага выйдзе. Знаёмыя прыносiлi розныя весткi пра Васiля. Адны казалi, што знайшоў ён нейкую гультайскую хеўру, крадзе з сябрукамi, а набытыя грошы прапiвае ў карчме. Iншыя – што жыве ў Арыны, вучыцца чарам, i нават бачылi, як з Алютай i Арынаю хадзiў па лесе i балоце каля азёраў, збiраючы зёлкi, на якiх нiколi раса не высыхае*. Трэцiя сцвярджалi, што з-за куста нават чулi, як Арына, вырваўшы з зямлi нейкую расліну, апавядала пра страшную яе моц.

Марцiн, настойлiвы ў сваiх задумах, iмкнуўся дзе-небудзь сустрэцца з iм, але не выпадала. Не асмельваўся iсцi да Арынiнае хаты, баяўся гасцiннасцi чараўнiцы.

Аднаго разу ў нядзелю пад вечар хто са знаёмым, хто з кумам iдуць у карчму, каб там пры гарэлцы пагаманiць, параiцца пра тое ды пра сёе i весела час прабавiць. З надзеяю, што, можа, спаткаецца з Васiлём, iдзе туды i Марцiн.

Сядаюць за стол. Жыд Ёсель рады гасцям, налiвае гарэлку, ставiць на стол i крэйдаю запiсвае на сцяне, умаўляючыся, што калi ўвосень будзе новы хлеб, дык прыедзе да iх, пачастуе гаспадара i гаспадыню гарэлкаю, а тыя сустрэнуць яго ветлiва i аддзячаць розным збожжам.

Заходзiць Марцiн. Сёй-той рады, што яго ўбачыў. Просяць госця за стол, частуюць гарэлкаю. Пачалася гаворка пра Васiля i яго каханую; адны хвалiлi Алюту, што добрая дзяўчына i была б добраю жонкаю, калi б выйшла замуж за добрага чалавека, а не за Васiля, якi пабратаўся з д’яблам; было колькi п’яных, што i Васiля хвалiлi; iншыя ж Васiля, Алюту i Арыну называлi найнягоднейшымi людзьмi.

Калi гэтая спрэчка i шум зацягнулiся, Ёсель, што стаяў у канцы стала, кажа:

– Паслухайце, вы несправядлiва гаворыце пра Васiля. Васiль – чалавек добры i акуратны; калi прыйдзе з таварышамi да мяне, дык заўсёды плацiць гатоўкаю, заўсёды мае грошы. А Алюта, ай да Алюта, добрая дзяўчына, апранаецца добра, як паненка, ды i ў Арыны я нiчога дрэннага не бачу. Ну i што, калi яна чаруе? Яна чаруе, каб мець грошы, а грошы вельмi патрэбныя кожнаму; яна i дапамагае: лечыць зёлкамi людзей.

Калi iшла гэтая размова, iмклiва i са стукам адчыняюцца дзверы, заходзiць Васiль з узнятай галавою, шапка ссунута набакiр, i з iм некалькi сябрукоў; агледзеўся, убачыў Марцiна i насупiў бровы.

– Як маешся, Васiль? – кажа Ёсель. – Даўно цябе не бачыў, ужо днi тры. Я i мая Сора думалi, што з iм такое, а цяпер вось толькi што гаманiў з людзьмi пра цябе.

– Я ведаю, што людзi пра мяне кажуць: сабакi брэшуць, а вецер носiць. Мне ўсё адно. – Ён сеў на лаве, узлокцiўся на стол, закрычаў: – Дай нам гарэлкi, але добрае.

– А можа, Васiль просiць гарэлкi салодкае? Я прывёз з горада, хоць яна і каштуе дорага.

– Дай дарагое. – I кiдае колькi грывеннiкаў3 на стол.

Жыд у мiг вока падае кiлiшак i бутэльку гарэлкi.

Людзi за другiм сталом глядзелi на гэта здзiўлена, некаторыя пазiралi спадылба, шэпчучыся мiж сабою i здзеклiва ўсмiхаючыся. Максiм, якi раней за iншых прыйшоў у карчму i быў ужо добра падвяселены, гучна засмяяўся i закрычаў:

– Ого! Як бачу, ты, брат Васiль, мусiш быць багаты не па-нашаму, ужо п’еш панскую гарэлку. Пэўна, начаваў пры Цмокавым Камені i знайшоў грошы або, можа, Арына, што мае быць тваёй цешчаю, нейкiмi чарамi насыпала табе срэбра поўныя кiшэнi. Ну й зух!

Васiль паглядзеў са злосцю.

– З табою, – кажа, – нiхто з нашае сябрыны не гаворыць i нiхто да размовы не просiць, дык не ўмешвайся, а то так завяжу табе вусны, што другi раз нiколi не адважышся лухту вярзцi.

– Завяжаш мне вусны? Вой, Вой! Глядзiце, вывучыўся ўжо чараваць ад Арыны, умее вусны завязваць! Вой, вой! Глядзi, каб не быў кульгавы, як твая будучая цешча. А цi ведаеш, чаму яна на левую нагу трохi кульгавая?

– Маўчы, калi з табою нiхто не хоча гаварыць.

– Нiхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсiм – паслухайце! – раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак. Сам апавядаў мне пад сакрэтам.

Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў i пачуў голас чараўнiцы, якая выклiкала каровы, называючы кожную паводле масцi. У вечаровай цiшы чуваць было, як па вёсках адзывалiся рыкам каровы; зарыкалi таксама i ў ягонай аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўнiца, падкрадваецца аселіцаю i што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымi валасамi, дзiкiм спевам спраўляла чары.

“Будзе дрэнна, – падумаў сабе. – Трэба ёй як-небудзь перашкодзiць”. Дык бяжыць дадому i кладзе над дзвярамi ў аборы свянцоныя зёлкi i васковую свечку. Ледзь адышоў колькi крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкi i дзяўбе свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набiтую дробным шротам. Стрэлiў – пасыпалiся пёркi, аднак сарока паляцела прэч.

На другi дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу i хворая ляжыць у ложку. Зразумеў усё i думае сабе: “Мае памятку”. Аднак баяўся помсты, бо хутка завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спалiў на асiнавых дрывах, i чараўнiца сама ледзь не загiнула.

Васiль у гневе схапiў бутэльку, кiнуў яе ў Максiма – трапiў у самыя грудзi. Падскочылi адзiн да аднаго, i ўсчалася бойка.

На шчасце, з блiзкага маёнтка ехаў конна аканом i, чуючы пранiзлiвы крык арандара, павярнуў да карчмы. Ёсель бяжыць насустрач аканому.

– Ай, дабрадзею, забойства ў карчме, гвалт, што тыя п’янiцы шкоды мне нарабiлi!

Саскочыў аканом з каня, умешваецца ў мітусню, пагражае, што заўтра за п’янства ўсiх сурова пакараюць i кожны з iх заплацiць за ўчыненую шкоду. Умомант угаманiлiся.

Аканом выганяе iх з карчмы i загадвае ўсiм iсцi па сваiх хатах. Гэтак i разышлiся ў розныя бакi, пагражаючы адзiн аднаму адпомсцiць.

Ёсель расказаў аканому, як усё было, пра ўсе прычыны звады, не вiнавацячы, аднак, Васiля.

– Трэба пра гэта пагаварыць з панамi. Плятуць дурнi немаведама што; дарэмна крыўдзяць бедную ўдаву i дзяўчыну, якая нi ў чым не вiнаватая. Балбочуць пра нейкiя Арынiны чары, я раней гэта не высвятляў, ды толькi ведаю, што яна зёлкамi многiм людзям дапамагае. Вось нядаўна сам бачыў, як у маёнтку паненцы Тарэзе вылечыла лiшай на твары. Праўда, кладучы ў халодную ваду нейкiя каменьчыкi, яна пашаптала, i халодная вада кiпець пачала, як бы на агнi; казала мыць гэтай вадою твар, i панi Тарэза хутка ачуняла. Такiя чары не толькi нiкому не шкодзяць, але, наадварот, карысныя людзям.

– Як пан аканом шчырую праўду кажа, няхай пан так i паведамiць ягамосцю i імосцi4, бо аж балюча слухаць, калi так людзей крыўдзяць. Ай, была ў мяне добрая салодкая гарэлка, ды бутэльку разбiлi жлукты i гарэлку выпiлi. Сора, падай – там яшчэ ёсць крыху салодкае гарэлкi, – падай яе пану аканому i прынясi марынаду на закуску. Маю выдатнага марынаванага шчупака.

Аканом выпiў гарэлкi, закусiў, супакоiў арандара, што яму за ўсё заплацяць, сеў i паехаў.

Назаўтра ў маёнтак прыходзiць заплаканая Арына i апавядае панам, што незычлiвыя людзi паўсюль гавораць пра яе, быццам яна напускае чары, каб шкодзiць iншым, завязвае заломы i адбiрае малако ў кароў. Клялася, што нiколi нiчога падобнага не чынiла. Вядома, старалася людзям дапамагчы ў хваробах i ў розных прыпадках, лекуючы iх зёлкамi, моц якiх толькi ёй вядомая. I гэтая незычлiвасць да яе пануе ва ўсёй ваколiцы. Пра Васiля, якога выгадаваў Антон, таксама кажуць, быццам i ён пабратаўся з д’яблам. Але ж i гэта злая прыдумка. Сапраўды, Васiль – чалавек малады, зухаваты, бо яшчэ не паспытаў у жыццi няшчасця, але з часам пераменiцца i будзе лепшы i больш увiшны. Ён заляцаецца да ейнае дачкi, але i гэтую сiрату людзi крыўдзяць, злое пра яе кажуць.

– Чуў я пра Васiля, што ён, бывае, i не слухае свайго апекуна, i быццам бы страчаўся з вiхорам i вiтаўся з iм, нiбы са сваiм братам. Гэта ўсё не варта рабiць, лепей трэба жыць з Богам. Скажы Васiлю, няхай не займаецца глупствам, ходзiць у касцёл i працуе. Ну, iдзi ж дадому i будзь спакойнаю, я тваёй дачцы спраўлю вяселле ў маёнтку, бо казала мне пра яе аканомка i ад iншых чуў, што дзяўчына яна добрая i працавiтая.

Таго ж дня пан загадаў паклiкаць Антона i каб Васiль перапрасiў свайго апекуна. Антону ж наказаў, каб не забараняў Васiлю жанiцца з Алютаю, але дапамагаў iм, бо яны абое сiроты. I сам абяцаў выдзелiць яму найлепшае зямлi i даць жывёлы на развод.

– Але ж, пэўна, i пан чуў пра тое, што людзi кажуць. Быццам Арына чараўнiца, i скардзяцца некаторыя, што кароў выдойвае i робiць iншыя шкоды, часам перакiдаецца ў сароку i лятае паўсюль, i гэта нават бачылi.

– Не слухай плётак. Арына добрая кабета, i Алюта, дачка яе, будзе добраю жонкаю i добраю гаспадыняю. Няхай табе гэта не рупiць, я ручаюся, што будзеш задаволены.

– Панская воля, – кажа Антон. Ён згорбiўся i, чухаючы патылiцу, пайшоў дахаты.

Праз колькi дзён далi пробашчу5 на запаведзь. А хутка i вяселле. Сабралася ў маёнтку цэлая воласць. Вiдаць, не таму, што былi зычлiвыя да маладых, а ведалi, што будзе добрая пачостка i гарэлкi ўволю. Не было там вясковых вясельных абрадаў, як звычайна робiцца ў вёсках, але перад шлюбам, просячы блаславення, маладыя ўпалi ў ногi спярша сваiм панам, потым Антону i Арыне. I пасля шлюбу гэтае самае ўчынiлi. Алюта была пекна ўбраная. Панi падаравала ёй нейкiя завушнiцы, якiя перад агнём як бы iскры кiдалi; чырвоная шнуроўка з залатымi гафткамi, чырвоныя стужкi, i калi села за стол i расплялi ёй чорную касу – з чорных воч па белым твары паплылi-пакацiлiся слёзы. Усе расчулена глядзелi на яе. А пасля заспявалi кабеты вясельную песню, якую спяваюць звычайна сiротам, што iдуць замуж. Усе плакалi, нават тыя, што раней пра яе злое казалi. Гэтую песню так я ўпадабаў, што i цяпер яе памятаю.

 

ВЯСЕЛЬНАЯ ПЕСНЯ СIРАЦIНЕ

 

Ах, знаць, знаць, па вяселiку,

Што ня бацюшка аддаець,

Двор вялiкiй, а збор не вялiкiй:

Нет у мяне радзiнушкi,

Ой, зашлю, пашлю серу зязюльку

Па радзiнушку.

Зязюлька ляцiць,

Радзiна едзець.

Ах, паслала б я саловеньку,

Ды салавушка атказываець.

Ах, паслала б я зязюльку

Па своего татульку:

Да за родненькiм бацьком

Серая зязюлька не прылятаець,

А татулька адмаўляець:

“Рад бы я ўстацi

К своему дзiцяцi

Ды парадушку дацi;

Грабавыя доскi

Сцiснулi ножкi,

Да не магу я ўстацi”.

Сырая зямля

Дзверцы залегла

I акошачка засланiла;

Майго бацюшку

На вяселiка не пусцiла6.

 

Прызнаюся, што i я не мог стрымаць слёз, бачачы перад сабою Алюту i слухаючы гэтую песню. Яна была сапраўднаю сiратою, бо, апрача старое маткi, не мела iншых сваякоў. Гэтую сям’ю пан прывёз з-за свету. Раней жылi яны дзесьцi далёка за Дзвiною, i бацька Алюцiн памёр адразу ж, як прыехалi ў наш край.

Госцi гулялi, пiлi адзiн з адным, добра падвесялiлiся, дуда зайграла песнi, i танцы не спынялiся ўсю ноч. Але ўсё было прыстойна, бо паны i аканом часта наведвалi вясёлае iгрышча.

Пасля вяселля пан i Антон добра дапамаглi маладым. З самага пачатку гаспадарання Васiль ужо меў колькi коней, кароў ды iншае жывёлы; новыя забудовы ды колькі дзесяцiн урадлiвае зямлi.

– Але цiкава, – сказаў пан Завальня, – цi перавыхавала яго Алюта, бо ёсць прыказка: хто ажэнiцца, той пераменiцца.

– Не, паночку, кажуць людзi, што калi родзiцца жарабя з лысiнкай, дык з той самай лысiнкай i ваўкi з’ядуць.

– Дзiўныя рэчы на свеце! Кажы ж далей.

– На сваёй гаспадарцы Васiль быў надта ж нешчаслiвы, хоць нейкi час, здавалася, i перамянiўся на лепшае. Дзiўна, што страчала яго адна бяда за другою. Выганяць пастухi чараду за вёску ў поле, выбежыць з лесу воўк, схопiць барана; калi разгледзяцца, дык бачаць, што той баран быў Васiлёў. Здаралася гэта некалькi разоў, i заўсёды воўк нiбы выбiраў толькi Васiлёвае. Ходзяць гусi па полi, ускочыць лiса i падушыць iх – гусi былi Васiлёвы. Карова ягоная раз заблудзiлася каля возера, убiлася ў балота, пакуль прыбеглi на дапамогу, ужо ўтапiлася. I гэтыя несканчоныя страты давялi яго амаль да галечы.

Неяк загарэўся бор, збеглася ўся воласць; не далi рады, полымя, як хваля на возеры, разышлося па ўсiм бары. Шугаючы ўгары, яно ахоплiвала густыя лапы ялiн i хвояў, а дым, як страшны туман, закрыў усё неба i зямлю так, што ледзь можна было дыхаць. Бегаючы па лесе i збiваючы веццем полымя, папалiлi мы на сабе вопратку. Але ўжо не было ратунку. Блiзка быў Васiлёў дом, iскрынка заляцела ў гумно, i згарэла збожжа.

У тыя днi вяскоўцы паўсюль казалi, што гэта адпомсцiў Васiлю Лясун, якога ён некалi выцяў каменем, калi той звяроў i птушак пераганяў з аднаго лесу ў другi; а стары чалавек прадказваў яму пажары i паморак на жывёлу.

Васiль ад гора яшчэ часцей пачаў завiтваць у карчму. Яго жонка i цешча працавалi дзень i ноч i старалiся адвярнуць яго ад благога.

Ён зноў вярнуўся да зухаватых i бязбожных сваiх учынкаў. Аднаго разу Антон, Марцiн ды iншыя, хто яму шчыра спрыяў, прыйшлi да яго ўвечары i нагадалi, каб цярплiва прымаў свае бядоты: мо калi-небудзь Бог усё пераменiць на лепшае? У гэты час насунулася хмара i пачалася навальнiца. Ён, задумлiвы, сядзеў ля вакна; вецер завыў за сцяною, а ён, як непрытомны, паведамiў:

– Мой брат выючы праiмчаў паўз маю хату i паляцеў гуляць па шырокiх палях i густых лясах. Хутка i я за iм туды падамся.

Чуючы гэтыя ягоныя словы, перапалохалiся ўсе, i жонка пачала плакаць. А калi Антон сказаў Васiлю, што ён зноў вяртаецца да бязбожных учынкаў, – той грукнуў са злосцю дзвярыма i выйшаў з хаты.

Аднаго дня пад вечар iдзе ён у карчму i там сустракае старых сваiх сябрукоў, з якiмi колiсь гуляў, i зноў пачынаюць яны банкетаваць. Васiль, калi ўжо добра падпiў, кажа iм:

– Згалеў я зусiм, але хутка буду багаты. Прыйшла мне ў галаву добрая думка: пайду начаваць да Цмокавага Каменя, пакланюся д’яблам, мо не пашкадуюць яны мне грошай?

Калi ж пачалi з яго смяяцца, што ён нiколi не адважыцца там пераначаваць (а быў ужо, дарэчы, познi час), ён схапiў шапку:

– Вось дакажу, што не баюся прывiдаў! – Кiнуў у карчме таварышаў i пайшоў на пагорак да Цмокавага Каменя. I адтуль ужо не вярнуўся дадому.

Мiнаюць днi, тыднi, месяцы... Васiля няма. Шкадуюць яго знаёмыя, плачуць жонка з цешчаю. Няма вестак, цi жыве ён, цi памёр.

Розныя былi думкi i чуткi мiж людзьмi; адны казалi, што недалёка ад Вялiкiх Лукаў i Пскова хаваўся ён у пушчах з хеўраю лiхадзеяў; другiя сцвярджалi, што Лясун завабiў яго ў свае нетры; сёй-той у грыбах чуў Васiлёў голас i Лесуноў смех. Рознае гаварылi. Васiль жа згiнуў назаўсёды.

Старая Арына, дзень пры днi гледзячы на слёзы сваей Алюты, страцiла здароўе i заручылася з зямлёю. Алюта i цяпер яшчэ жыве ў панскiм маёнтку – нi ўдава, нi замужнiца.

 Вось да чаго даводзiць п’янства i зухаватасць,  сказаў пан Завальня.  Меў добрага апекуна i паноў добрых, што яму дапамагалi,  жыў бы спакойна сабе. Трэба было заводзiць звады з Лесуном, шукаць заклятых скарбаў, вiтацца на полi з вiхорам, называць яго братам. Бачыш, Янка, якi асцярожны мусiць быць маладзён. Заўсёды, перш чым што рабiць, трэба падумаць.

 – Не ведаю, дзядзечка, у чым ён тут правiнiўся, калi назваў братам вiхор? I цяпер у завейную ноч вецер вые, сячэ снегам па вокнах, калi б я сказаў яму: “Ляцi, браце, на поўнач, можа, i я за табою хутка падамся”, – якi ў гэтым грэх?

– Называй братам толькi такога, як сам. А пра вiхор просты люд кажа, што гэта д’ябал ездзiць па полi i часам шкоду робiць.

Калi так гаварыў пан Завальня, падарожны глядзеў на Янку i кiваў галавою: не верыш, бо сам не паспытаў такога.

– Ну, цяпер нам трэцi раскажа, што бывала калiсьцi на свеце. Слухайма.

 

 



* Галена.

* Трава росiчка2, якая расце на купiнах i ўжываецца супраць чараў.



Hosted by uCoz

Да зместу