Да зместу

 

ТАРАС НА ПАРНАСЕ

 

I

Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,

Што палясоўшчыкам служыў?

На Пуцявішчы, у Панаса,

Ён там ля лазні блізка жыў.

Што ж, чалавек ён быў рахманы,

Гарэлкі ў губы ён не браў,

Затое ў ласцы быў у пана —

Яго пан дужа шанаваў.

Любіла тож Тараса й паня,

I войт ні разу не збрахаў,

Затое ж ён балота з рання

Да цёмнай ночы пільнаваў.

Чуць золак — стрэльбу ён за плечы,

Заткне сякеру за паяс, —

Заўсёды ходзіць бор сцярэгчы

I птушак біць з ружжа Тарас.

Хадзіў ці многа ён, ці мала,

Ды толькі нешта адзін раз

Бяда ў бары яго спаткала...

Во як казаў нам сам Тарас.

 

II

«На самага Кузьму-Дзям'яна

Пайшоў я біць цецерукоў.

Устаў я нешта дужа рана, —

Здаецца, з першых петухоў.

Іду сабе я панямногу,

Але й на пень крыху прысеў,

Аж тут — лоп-лоп! — цераз дарогу

Як быццам цецярук зляцеў.

Злажыўся стрэльбай — кляпсь! — не паліць,

Крамзель з другога! — не пякець!

Гляджу — аж вось з-за елі валіць

Як ёсць хароміна-мядзведзь!

Хоць не труслівы я дзяціна,

Але затросся, як асіна,

Зубом, як цюцька, лапачу.

Аж бачу — зломана лясіна,

I ўздумаў: дай-ка ускачу!

 

III

Скакнуў — не трапіў, паслізнуўся

I ў яму старчаком лячу!

Ляцеў, ляцеў — як разануўся, —

Аж стала зелена ўваччу!

Ляцеў ці доўга я, ці мала,

Таго ніяк я не ўцямлю,

Але ўжо ладна рассвітала,

Як я зваліўся на зямлю.

Устаў з зямлі, абкалаціўся, —

Бо быў ў гразі я, як свіння,

I доўга сам сабе дзівіўся, —

Дзе апынуўся гэта я?

 

Рукой паскробшы каля вуха,

Дастаў з кішэні рагавень

I храпы напіхаў цяртухай, —

Бо ўжо не нюхаў цэлы дзень!

Як прасвятлелі мае вочы,

Мядзведзя ўжо я не шукаў.

Закінуў стрэльбу я за плечы

I па баках глядзець пачаў.

 

IV

Авохці мне! Як там прыгожа!

Як быццам хто намаляваў!

Чырвоны краскі, мак і рожа, —

Ну, як сукенку хто паслаў!

I птушкі ёсць там, дужа стройна

Пяюць, палепш за салаўя!

А-ай! авохці мне! авой-я!

Куды патрапіў гэта я?

Стаяў я доўга і дзівіўся,

Разявіў зяпу і глядзеў,

Аж вось адкулечка з'явіўся —

Ці то прыйшоў, ці прыляцеў —

Хлапчына нейкі круглалікі,

Увесь кучаравы, як баран,

I за плячмі ў яго вялікі

Прычэплен лук быў і калчан.

Адкуль, куды дарога гэта? —

Спытаў я ў хлопчыка той час.

Дарога гэта з таго света,

I проста йдзе аж на Парнас! —

Сказаўшы, хлопчык таго часу

На крыллях шпарка паляцеў,

Дарогу ж паказаць Тарасу,

Не меўшы часу, не хацеў.

 

V

Памысліў я тады нямнога:

Што за шайтан Парнас такі?

Пусціўся проста той дарогай,

Узяўшы ў рукі добры кій.

Прайшоў вёрст дзесяць той дарогай,

Аж бачу я — гара стаіць,

А пад гарой народу многа,

Як бы кірмаш які кішыць.

Прыйшоў я бліжай, што за ліха:

Народ не просты, ўсё паны.

Хто дужа шпарка, хто паціху,

Ўсе лезуць на гару яны,

Як жыды ў школе, галасуюць,

Гатоў адзін другога з'есць,

Бо кожны морду ўперад суець,

Каб першым на гару узлесць.

 

VI

Усе з сабой цягаюць кніжкі,

Аж з іншых пот руччом плюшчыць,

Друг дружцы выціскаюць кішкі.

Аж нехта з-паміж іх пішчыць:

«Памалу, братцы, не душыце

Мой фельетон вы і «Пчалу»,

Мяне ж самога прапусціце

I не дзяржыце за палу!

А не, дык, дадушы, ў газеце

Я вас аблаю на ўвесь свет,

Як Гогаля у прошлым леце, —

Я ж сам рэдактар ўсіх газет!»

Гляджу сабе — аж гэта сівы,

Кароткі, тоўсты, як чурбан,

Плюгавы, дужа некрасівы,

Крычыць, як ашалелы, пан.

Нясе вялікі мех пан гэты,

Паўным-паўнюсенька набіт.

Усё там кніжкі ды газеты,

Ну, як каробачнік які!

Таварыш  поплеч з ім ідзе

I несці кніжкі пасабляе,

А сам граматыку нясе,

Што ў семінар'ях вывучаюць.

Вось нехта, сеўшы ў тарантасе,

На гору цягнецца трушком;

Знаць, любяць тых і на Парнасе,

Хто ездзіць конна,— не пяшком.

 

VII

Во нешта разам зашумелі,

Народ раздаўся на канцы,

I, як бы птушкі, праляцелі

Чатыры добрых малайцы.

Народ то быў ўжо не такоўскі:

Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі

I Гогаль шпарка каля нас

Прайшлі, як павы, на Парнас.

Ну, словам, многа тут народу

Сабралась лезці на Парнас:

Былі паны, было і зброду,

Як часам і на свеце ў нас.

Праміж людзей і я штурхаўся

I ціснуўся, што ёсць пары;

Вось чуць-не-чуць такі прабраўся

I лезу проста да гары.

 

VIII

Узлез. Гляджу — будынак новы

Стаіць, зазвычай панскі двор,

Кругом абнесен тын яловы:

Нябось, сюды не ўлезе вор!

А на дварэ тым свінні ходзяць,

Каровы, козы, бараны...

Знаць, і багі хазяйства водзяць,

Калі свіней дзяржаць яны.

На грошы ў тронкі тут гуляюць

Парнаскі хлопцы-дзецюкі,

А хто капейкі з іх не маець,

Той лупіць проста у шлягі.

Улез к багом тады я ў хату…

Авохці мне! Hi даць ні ўзяць

Як у казарме там салдатаў —

Багоў — не можна сашчытаць!

 

IX

Тарасу ліха што здаецца, —

Ну, як бы ў рандзе ён сядзіць:

Хто піпку курыць, хто смяецца,

А іншы песню буруздзіць.

Глядзіць ён, аж на лаўцы шыюць

Шаўцы багіням хадакі,

Багіні ж у начоўках мыюць

Багам кашулі і парткі.

Сатурн там, лыкі размачыўшы,

Падсвіркай лапці падплятаў;

Па свеце добра пахадзіўшы,

Лапцей ён многа патаптаў.

Нептун на лаўцы чыніць сеці

I восці садзіць на шасты,

Пры ім жа, мусіць, яго дзеці

Дзіравы ладзяць нераты.

 

X

Вось б'юцца Марс ды з Геркулесам,

А Геркулес, як той мядзведзь, —

Каб цешыць старага Зевеса,

Хахол ён Марсу добра мнець.

Зевес жа наўзніч лёг на печы,

Сярмягу ў голавы паклаў...

Ён грэў на печы стары плечы

I нешта ў барадзе шукаў.

Во перад люстрам задам меліць

I маслам мажа валасы

Ды нечым белым твар свой беліць

Венера, знаць, дзеля красы.

Амур жа з дзеўкамі жартуе,

Ну, проста смех ажно бярэ!

То ён знянацку пацалуе,

То хустку з галавы здзярэ;

То на гармоніку зайграе,

То німфам песню запяе,

То адным вокам заміргае,

Як быццам бы каго заве.

 

XI

Вось затраслася ўся гара:

Зевес на печы зварухнуўся,

Зяўнуў і дужа пацягнуўся

Ды кажа: «Есці ўжо пара!»

Тады праворна дзеўка Геба

Гарэлкі ў чаркі наліла

I, як жарон, букатку хлеба,

Прынёсшы, — бразь! — сярод стала!

Яна ў найміткі ў неба ўзята,

Каб есць варыць і плацці мыць.

Нябось, не дарам яе плата —

Ці ж лёгка столькіх накарміць?!

Во, з усяго сабралісь неба!

Як тараканы каля хлеба,

Багі паселі ўкруг стала,

I стравы смачны з печы Геба

Насіць да столу начала.

 

XII

Наперш дала яна капусту,

Тады са скваркамі кулеш,

На малацэ крупеню густу

Дае уволю, толькі еж.

I з пастаялкай жур сцюдзёны,

А з кашы сала аж цякло,

Ды і гусяціны смажонай

Уволю ўсім багом было.

Як унясла ж на стол каўбасы,

Бліны аўсяны ў рашаце,

Аж слінкі пацяклі ў Тараса

I забурчала ў жываце.

Багі гарэлку піць пачалі,

3 насадкі ў чаркі так і льюць!

Падпіўшы, песні заспявалі

Ну, як у рандзе, усе пяюць.

Бах сп'яну пеў такі прыпеўкі,

Што аж няможна гаварыць,

Аж засароміліся дзеўкі,

Так стаў ён брыдка развадзіць.

А Зеўс тым часам насцябаўся,

Што носам чуць зямлю не рыў, —

Ён вочы плюшчыў і ківаўся

Ды быццам нешта гаварыў.

Хоць не маё то, праўда, дзела,

Не след мне можа і казаць,

Любіў ён цешыць грэшна цела

Ды часам лоўка падгуляць.

 

XIII

Але багі такі усталі,

Як ўсё паелі, папілі.

Во... разам у дуду зайгралі,

Скакаць багіні пачалі.

Узяўшы хустачку, Венера

Пайшла «мяцеліцу» скакаць.

Прыгожа, стройна цераз меру,

Пяром не можна апісаць.

Чырвона, тоўста, круглаліца

I вочы, як на калясе,

Як жар, гарыць яе спадніца,

Істужкі ўплецены ў касе.

Хапіўшы келішак гарэлкі,

Амур яшчэ павесялеў —

Іграць пачаў ён на жалейцы

I дзеўкам стройна песні пеў.

Нептун з прыгожанькай наядай

Пайшоў ўпрысядку «казака», —

Нябось, і у старога гада

Кроў грае, як у дзецюка.

А во і сам Юпітэр з Вестай, —

Пусціўся, стары хрэн, у пляс,

Як бы жаніх перад нявестай,

Заткнуў ён рукі за паяс.

А во і Марс у новых ботах;

Ён, мусіць, ботаў не жалеў,

Бо з німфамі скакаў да поту,

Гуляў у жмуркі і шалеў.

I кожны бог так разгуляўся,

Што аж не можна удзяржаць.

А хто гарэлкі насцябаўся,

Таго пад лаўку клалі спаць.

 

XIV

Калі зайграў дудар «скакуху»,

Ніяк Тарас наш не ўцярпеў,

I ад парогу, што ёсць духу,

Скакаць на хату паляцеў.

Як стаў прытаптываць атопкам,

Аж рот разявілі багі:

То ён прысвісне, то прытопне,

То шпарка пойдзе у кругі.

Глядзеў Юпітэр і дзівіўся,

I пад дуду ў далоні біў,

Ў канцы к Тарасу прыбліжыўся

I так яго перапыніў:

«А ты адкулечка, прыяцель?

Зачым прыйшоў ты на Парнас?

Ты хто такі? Ты не пісацель?»

«Не, мой панок! — сказаў Тарас, —

Я палясоўшчык з Пуцявішча,

Чуць золак сёння са двара,

Прыйшоў сюды я апаўдні шчэ,

Ды ужо й дадому мне пара.

Ці не была б, паночак, ласка

Адсюль дамоў мяне завесці?

Хадзіўшы па гары Парнаскай,

Мне дужа захацелась есці.

Ды і сварыцца будзе жонка,

Што я дасюлечка не йду.

Куды ж ісці, ў яку старонку,

Калі дарогі не знайду?»

 

XV

Кіўнуў Зевес — і мігам Геба

Крупені ў міску наліла

I добрую краюху хлеба,

Сказаўшы: еж, — мне падала.

Крупені смачнай пахлябаўшы,

Усіх падзякаваў багоў;

Кашэль за плечы прывязаўшы,

Сабраўся ўжо ісці дамоў.

Але зефіры падхапілі,

Хто за руку, хто за паяс,

I, як бы птушкі, паташчылі

Яны мяне цераз Парнас.

Няслі на крыллях, быццам вецер,

I проста прыняслі ў наш лес.

Гляджу я: мусіць ужо вечар,

Бо маладзік на неба ўзлез...»

 

З тых пор Тарас ужо не ходзіць

Так дужа рана па лясах,

А дзеля гэтага не шкодзіць

Бярвенне красці па начах.

Дык вось што бачыў наш Тарас,

К багам узлезшы на Парнас.

Ён гэта мне апавядаў,

А я ў паперку запісаў.

 



Hosted by uCoz

Да зместу