Першым на беларускі характар твораў Яна Баршчэўскага звярнуў увагу Рамуальд Падбярэскі:
Тое, што піша пан Баршчэўскі прозай, не датычыць непасрэдна ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але мае сувязь з рэччу больш важнай, а менавіта з духам і паэзіяй народа, адкуль выйшлі і гісторыя, і літаратура, і мова. Ухапіўся ён за самую жыццёвую аснову і вырашыў паказаць у мастацтве вялікі народны вобраз. Ён мае перад сабою народ, часта з усёй прывабнасцю яго яшчэ паганскіх фантазій, якія апраменьвае сваім, так бы мовіць, беларускім гафманізмам. Як у баладах ён імкнуўся паказаць пачуццёвы бок паэзіі народа, так у апавяданнях – яго творчасць і нібыта нейкую філасафічнасць паняццяў пра быт, авеяных ягонай фантазіяй. У гэтых апавяданнях, якія памылкова называюць аповесцямі (але метафізічнасць выразу не мае значэння), толькі адно ядро належыць простаму народу, увесь малюнак – фантазія аўтара, сатканая на аснове нацыянальных колераў[1].
І сапраўды, як ніхто раней, Я. Баршчэўскі здолеў паказаць беларуса, беларускі характар, Беларусь; заклікаў суайчынніка не адракацца ад свае Плачкі-Беларусі. Няхай сабе яна ў бедным сялянскім строі, няхай яна сёння без аздобаў, але гэта з-за выпадкаў лёсу, з-за здрады, збегу акалічнасцяў. Ды будзе і на нашай вуліцы свята. Пісьменнік шчыра верыў у гэта і як мог набліжаў гэтае свята.
Год нараджэння Я. Баршчэўскага, нягледзячы на шматгадовыя намаганні даследчыкаў, высветліць пакуль яшчэ не ўдалося. У навуковых працах сустракаем і 1790 (Ю. Барташэвіч), і 1794 (Р. Падбярэскі), і 1796 ці 1797 (Г. Каханоўскі). Паходзіў Я. Баршчэўскі з беднай беларускай шляхты. Зусім верагодна, што яго бацька быў уніяцкім святаром у Марогах (сёння – Мурагі Расонскага раёна), невялічкай вёсцы ці засценку на беразе Нешчарды[2].
Цікава адзначыць, што і сапраўды ў Марогах была уніяцкая царква, што ў 1833 г. стала праваслаўнаю:
Мороговской приходской церкви, помещицы Полоцкого уезда маиорши Софии Бошняковой крестьяне в имении Шнитовок униаты, равно все дворовые люди по воли ее и их согласию 19 августа приняли благочестие, филиальная церковь, находящаяся при ее господском дворе, отдана со всей утварью в ведение греко-российского духовного начальства навсегда и уже отправляется в оной богослужение”[3].
Яшчэ ў дзяцінстве будучы літаратар меў магчымасць наладзіць адносіны з езуітамі, якія апекаваліся уніяцкаю царквою і давалі адукацыю уніяцкім светарам. Так Я. Баршчэўскі апынуўся ў Полацкай езуіцкай калегіі. Дапамогі ад бацькоў ён не меў, дык мусіў зарабляць на жыццё і вучобу, выхоўваючы дзяцей заможных гаспадароў. Там, у калегіі, выславіўся Я. Баршчэўскі як паэт, займеў славу вершапіса.
Там пры кожнай урачыстасці выступаў з вершам, арацыяй, так што была гэта фігура святочная, урачыстая, якую няраз узнімалі да годнасці лаўрэата. Вось тады ён напісаў знакамітую паэму пра “Пояс Венеры”, у якой наракаў на адсутнасць кахання ў навейшыя часы і, прыгладзіўшы яе на класічны ўзор, атрымаў воплескі ад сваіх таварышаў” (Р. Падбярэскі).
Ю. Барташэвіч пры напісанні некралога пра Я. Баршчэўскага шырока выкарыстоўваў, пераказваў артыкул Р. Падбярэскага, але часта дапаўняў яго сваімі ўспамінамі:
Не толькі ў школе, але і на вёсцы ў бацькоў ці ў засценках у суседзяў, у свята або на ўрачыстасць, на вакацыях выхваляўся сваімі паэтычнымі здольнасцямі. (…) А часам, калі пакідаў засценкі, цягаўся Баршчэўскі па беларускіх кірмашах: Арцейкавічы, Галубова, Межава і Галоўчыцы. То шляхціц Урвойскі зловіць паэта і як дарагі скарб возіць па кірмашах, то Латышэвіч падарожнічае з ім ад мястэчка да мястэчка. Смяяліся, спявалі песенькі, якія складаў для іх малады паэт. Гэтыя песенькі вывучвалі на памяць засцянкоўцы браты Заленскія, Праленскія, Юрагі, Урвойскія і Сівохі. Ідучы такім шляхам, Баршчэўскі мог зрабіцца паэтам простага люду ці ўласна народным, калі б адчуў у грудзях сапраўднае натхненне вестуна. Сярод вёсак забыў бы ён пра класічныя формы і спяваў бы не дзеля літаратуры, а дзеля Беларусі на мове яе народа[4].
Як вядома, Я. Баршчэўскі не застаўся ў родных ваколіцах і не “спяваў” усё жыццё па-беларуску. Але тры яго творы, што ўзніклі ў маладыя гады, дзякуючы пэўным акалічнасцям, захаваліся і былі надрукаваны ў 40-я гг. ХІХ ст. Верш “Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?”[5] напісаны ў адпаведнасці з паэтыкай класіцызму. Бясспрэчна тое, што малады паэт ведаў сатырычныя творы польскамоўнай літаратуры ХVIII ст. (Адама Нарушэвіча ды яго наступнікаў) і паспрабаваў у сваіх вершах адлюстраваць мясцовыя полацкія праблемы ды з’явы, перадусім тыя, якія ён ведаў, якія пераказваліся з вуснаў у вусны. Удала “адлітыя” ў паэтычную форму, полацкія здарэнні трывала і надоўга зафіксаваліся ў свядомасці народа.
Можна разглядаць беларускамоўныя вершы Я. Баршчэўскага і як своеасаблівую рэакцыю на г. зв. “эротыкі” ды “анакрэонтыкі” Францішка Князьніна. У адпаведнасці з народнай мараллю Я. Баршчэўскі падае свае дыдактычныя перасцярогі (“Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?”)[6] і з пазіцый класіка парадзіруе сентыментальную пачуццёвасць. І ў першую чаргу паэт асуджае сваю гераіню за жаданне “выйсці” за межы ўласнага асяроддзя.
А вось персанаж “Гарэліцы” паказваецца “знутры”. Прычым, у адрозненне ад “анакрэонтыкаў” ХVІІІ ст., якія апявалі віно ды п’яныя ўцехі, увага засяроджваецца на негатыўных, непрывабных момантах з гледзішча чалавечае маралі (“жонцы – вяроўка”, спроба ашукаць пана). “Грубаваты досціп, характэрны для краю” (Р. Падбярэскі) як нельга лепш падыходзіў дзеля такіх мэтаў.
Паэма “Бунт сялянаў” (Р. Падбярэскі, пэўна, улічваючы цэнзурныя патрабаванні, называў яе “Рабункі мужыкоў”, але ў аўтарскай назве, відаць, усё ж мелася слова “Бунт”: так было ў Паўлюка Багрыма ды Аляксандра Рыпінскага) напісана “з нагоды вядомага ў ваколіцы выпадку, у маёнтку пана Маліноўскага, у Шнітаўках, за 50 вёрст ад Полацка, у 1812 годзе”. Сучаснікі лічылі гэты твор народнай паэмай, пра якую
апрача (…) шляхты ніхто дагэтуль не ведаў, што гэта твор Баршчэўскага. Гэтая паэма, калі хочаце, – помнік беларускай гаворкі – ставіць яго нароўні з Манькоўскім на чале сапраўды народных беларускіх пісьменнікаў (Р. Падбярэскі).
Відавочна, Я. Баршчэўскі не ставіў перад сабою мэты апаэтызаваць сялянскі бунт, хоць і імкнуўся выказаць незадавальненне новымі панамі, а “старых”, якія “нас у некруты не бралі” і пры якіх немагчымым быў такі бунт, ухваліць. У першую чаргу паэт выказвае патрыятычныя думкі, погляды, якімі жыла тагачасная шляхта: “Стала і нас карціць, // Як бы то Польшчу звраціць”. Прычым, падобныя думкі аўтар укладвае не толькі ў вусны апавядальніка, але надзяляе імі і кіраўніка сялянскага бунту: “Трэба нам за калы брацца, // Старой Польшчы дабівацца”. Пэўна, рэчыпаспалітаўскія парадкі былі больш прымальнымі і для сялянаў. А ў выніку бунт супраць “цяперашняга” пана (ці аканома) перарастае ў выступленне супраць прыгону ўвогуле: “Хоць мне паб’юць штаны, // Ды ужо не будуць паны”.
Тыя нешматлікія біяграфічныя звесткі, якія сам Я. Баршчэўскі пакінуў у сваіх творах, гавораць пра тое, што паэт закончыў вучобу ў Полацку, адолеўшы шосты, перадапошні клас, клас філасофіі, неўзабаве пасля вайны 1812 г. Паводле Р. Падбярэскага, Я. Баршчэўскі меў званне кандыдата акадэміі ды збіраўся працягваць вучобу ў Віленскім універсітэце. Нават ужо накіраваўся ў Вільню, але ў апошні момант прыняў прапанову свайго знаёмага і заняўся гувернёрствам. Ён некалькі гадоў служыў у “шаноўных людзей”, а пасля па невядомых прычынах перабраўся ў сталіцу Расійскае імперыі. Зусім верагодна, што гэта адбылося ўвесну 1817 г.: пра тое сведчаць апошнія старонкі “Шляхціца Завальні” (там якраз згадваецца віленскі каляндар на гэты год) ды таксама пачатак аповесці “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта” (герой праз семнаццаць гадоў наведваецца ў родны край, а з лістоў Я. Баршчэўскага да Юлі Корсак вядома, што толькі ў сярэдзіне 30-х гг. паэт штогод пачаў прыязджаць на Полаччыну). У той жа час шэраг фактаў пярэчыць гэтай даце: першыя біёграфы Я. Баршчэўскага сцвярджаюць, што “прыняў яго там зямляк, калега і прыяцель пан Гаўдэнты Шапялевіч, адзіная жывая душа, якую ён ведаў у велізарнай сталіцы” (Р. Падбярэскі), “ва ўсім велізарным горадзе ён спаткаў аднаго толькі знаёмага, гэта быў пан Гаўдэнты Шапялевіч, беларус, таварыш яшчэ па вучобе ў Полацку” (Ю. Барташэвіч). Сам Г. Шапялевіч, паводле “Miesięcznika Połockiego”, яшчэ ў 1820 г. лічыўся студэнтам Полацкае езуіцкае акадэміі. І Р. Падбярэскі і Ю. Барташэвіч добра ведалі пра ўзаемаадносіны Я. Баршчэўскага ды Г. Шапялевіча, дык, здавалася б, памыліцца яны не маглі, але праўдападобна, што гэта якраз Я. Баршчэўскі сустракаў у Пецярбурзе свайго малодшага сябра (Г. Шапялевіч пасля закрыцця Полацкае езуіцкае акадэміі, як сведчаць дакументы, служыў у 1820–1830 гг. калежскім сакратаром у Дэпартаменце духоўных спраў замежных веравызнанняў.) Сцверджанне Ю. Барташэвіча, што Г. Шапялевіч “даўно пасяліўся ў Пецярбурзе” не зусім дакладнае: у такім выпадку Я. Баршчэўскі мог трапіць у Пецярбург толькі ў сярэдзіне 20-х гг. А гэта не стасуецца з тымі “семнаццацю гадамі” адсутнасці ў родным краі, пра якія ідзе гаворка ў аповесці “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта”.
Па пратэкцыі знаёмых (відаць, калегі па Полацкай езуіцкай акадэміі Канстанціна Сербіновіча) Я. Баршчэўскі ўладкаваўся на дзяржаўную службу “і пачаў працаваць у марскім (у Расіі ў той час існавала Марское міністэрства. – М. Х.) аддзеле” (Ю. Барташэвіч). Гэта дало мажлівасць “зрабіць колькі марскіх ваяжаў, бачыў берагі Францыі і Англіі” (Р. Падбярэскі). Сам Я. Баршчэўскі ў тым жа “Драўляным Дзядку” пацвярджае гэта:
Я апавядаў маім землякам аб прыгодах, што здараліся ў маім жыцці, як пакінуў Беларусь. (…) Але найбольш іх займалі небяспечныя марскія падарожжы, буры, малюнкі гор і берагоў чужых краін.
Архівы, здаецца, не захавалі звестак пра службу Я. Баршчэўскага, хоць ён пасля “марскога аддзела” даваў “урокі грэцкай і лацінскай моў у некалькіх дзяржаўных установах” (Р. Падбярэскі). Праўда, Ю. Барташэвіч крыху інакш гаворыць пра гэты этап жыцця Я. Баршчэўскага:
Палымянае замілаванне да навукі і цалкам паэтычная натура, якая прымушала яго імкнуцца да незалежнага спосабу жыцця, былі прычынаю таго, што Баршчэўскі хутка кінуў службу і зноў заняўся гувернёрствам. Даваў, такім чынам, урокі ў прыватных дамах Пецярбурга, а пасля ў некалькіх дзяржаўных установах… Больш за дзесяць гадоў Баршчэўскі навучаў грэцкай і лацінскай мовам.
У 20-я гг. у жыцці Я. Баршчэўскага адбылася яшчэ адна надзвычай важная падзея: сустрэча ў Пецярбурзе з Адамам Міцкевічам, які ўпершыню прыехаў туды 6 лістапада 1824 г. і знаходзіўся ў сталіцы да 24 студзеня 1825 г. І хоць А. Міцкевіч меў пэўныя дачыненні з ліцвінска-беларускім зямляцтвам, перадусім, з мастаком Юзафам Аляшкевічам, але хутчэй за ўсё з Я. Баршчэўскім сустрэцца ён мог толькі напрыканцы 20-х гг., калі спрабуючы наладзіць выданне часопіса “Irys”, прыязджаў і жыў у сталіцы імперыі з 6 снежня 1827 да 27 студзеня 1828 г. А яшчэ праз некалькі месяцаў, у красавіку 1828 г., А. Міцкевіч перасяліўся ў Пецярбург, дзе знаходзіўся да 15 мая 1829 г. – дня выезду за мяжу. У дзённіку Канстанціна Сербіновіча, калегі Я. Баршчэўскага па Полацкай езуіцкай акадэміі, занатаваны звесткі пра частыя кантакты суайчыннікаў. Пэўна, пад час аднае з сустрэчаў і меў месца факт, які прыгадаў у артыкуле-некралозе Ю. Барташэвіч:
Быў тады якраз у Пецярбурзе знакаміты аўтар “Конрада Валенрода” і “Гражыны”, які раптам заззяў на небасхіле польскай паэзіі як зорка першае велічыні. Маладыя літаратары прыносілі Адаму плён свае працы, туліліся пад крылом вестуна. Баршчэўскі прынёс таксама сшытак паэзіі. І любіў часта паўтараць потым перад маладзейшымі, што аўтар “Гражыны” чытаў яго вершы, пахваліў іх і сваёй рукою паправіў некаторыя. Баршчэўскі захоўваў гэтыя аркушы як дарагую памятку. Праўкі, аднак, не закраналі саму паэзію – няўдаласць формы, а не духу папраўляў знакаміты мастак.
Рамуальд Падбярэскі ці то не ведаў гэты факт біяграфіі “ільва” свайго артыкула, ці то з-за цэнзуры не адважыўся яго прывесці, бо ў Расіі з 1834 г. улады забаранілі перавыдаваць творы і згадваць імя А. Міцкевіча ў друку. Не напісаў ён таксама і пра ўплыў А. Міцкевіча на творчасць Я. Баршчэўскага, хоць апавяданні “Шляхціца Завальні” паказваюць на пэўную залежнасць ад паэзіі Вялікага Ліцвіна.
Пра перыпетыі жыццёвага шляху Я. Баршчэўскага другое паловы 30-х гг., апрача артыкулаў сучаснікаў паэта, зафіксаваны ў яго карэспандэнцыі да Юлі Корсак у маёнтак Рудня, што каля Невеля. Упершыню ў друку лісты Я. Баршчэўскага выкарыстаў нехта Wit. F. (верагодна, сын Вацлава Федаровіча, вядомага віцебскага краязнаўцы) у альманаху “Z okolic Dźwiny” (Віцебск, 1912). У 20-я гг. нашага стагоддзя краязнавец Даніла Васілеўскі ў сваіх публікацыях (Аршанскі маладняк. 1925. № 2; Полымя. 1925. № 5; Маладняк. 1928. № 1) дастаткова падрабязна перадаў змест 31 допісу паэта. Праўда, ён памылкова лічыў Юлю Корсак другою жонкаю Гаўдэнтыя Шапялевіча. Недакладным быў і Г. Каханоўскі, калі сцвярджаў, што “ладу ў сям’і было няшмат, і муж едзе ў Пецярбург[7], піша свае манерныя вершы ў стылі класіцызму”[8]. І на самой справе жонку Гаўдэнтыя звалі Юля (толькі не Адамаўна, а Іванаўна), але ў Рудні жыла яшчэ адна Юля – родная сястра сябра Яна Баршчэўскага[9]. Менавіта да яе і піша паэт свае лісты з Пецярбурга. З упэўненасцю можна сказаць, што цёплыя адносіны звязвалі гэтых людзей. Асабліва ў першых лістах адчуваецца тое пачуццё закаханасці, якое меў паэт да Юлі. Але яна адно толькі сястрою дазволіла называць сябе. Відаць, памяць пра мужа[10] не дазваляла ёй адказаць узаемнасцю на пачуцці Я. Баршчэўскага. Больш за тое, пані Юля забараняла і гаварыць пра іх:
І другую, таксама бяссонную ноч майго падарожжа мае думкі нязменна былі пра Паню. (...) Правініўся, не выканаў волі Пані, не напісаў у сваім лісце нічога цікавага, нічога вясёлага, а толькі тое, што няраз было паўторана вусна, што няраз выклікала слёзы ў мяне на вачах і пра што мне забаронена гаварыць. (...) Прыехаўшы ў сталіцу, я натрапіў сярод папер на партрэт Пані. Ненаўмысна зрабіў гэта, а забыўшыся, дык няхай Паню не гневаюць мае гэтыя ўчынкі, бо яны для мяне найпрыемнейшыя (ліст ад 4.08.1837 г.).
Але пані Юля не магла забараніць паэту выказваць свае пачуцці ў вершах. Мажліва, таму іх так шмат у лістах: у першых шаснаццаці Я. Баршчэўскі абавязкова змяшчаў санет, верш ці баладу. І абавязкова ў творы мелася алюзія на асабістыя ўзаемаадносіны:
Juliana kazałaś wierzyć przeznaczeniu,
Gdzie szuka człowiek ulgi w okropnej kolei.
Ach! Czemuż ani slówka z ust twych o nadziei.
Асабліва спрыяў выказванню ўнутранага свету душы паэта жанр балады. Змешчаная ў лісце ад 15 лістапада 1838 г. балада “Фантазія” перадавала настрой самога Я. Баршчэўскага. Лірычны герой твора, пакахаўшы дзяўчыну, мусіць жыць у далёкім краі. Але свае пачуцці ён годна праносіць праз усе выпрабаванні і заўсёды можа сказаць:
Raz poznało serce trwogę,
Uczuć dzielić mych nie mogę,
Raz kochałem, raz narzekam,
Tak jak jednej śmierci czekam.
Але нягледзячы на гэта, лірычнага героя балады чакае такі ж лёс, як і паляўнічага са “Свіцязянкі” А. Міцкевіча. Відавочна, балада “зроблена” на ўзор літаратурнае традыцыі.
А вось у лістах мы не знойдзем фактаў, якія непасрэдна датычаць узаемаадносінаў Я. Баршчэўскага і ягонае каханае. Паэт звычайна піша пра невыноснае для яго жыццё ў Пецярбурзе, пра тое, як ён з нецярплівасцю чакае лета, вакацый, каб ехаць у Рудню.
Увосень 1837 г. ён пераязджае на новую кватэру ў цэнтры горада (даючы ў 1839 г. абвестку пра падпіску на альманах “Niezabudka”, Я. Баршчэўскі паведамляе свой адрас:у доме купчыхі Касаткінай № 14 па вуліцы Кананерскай), каб быць бліжэй да сваіх вучняў. Праўда, новае месца жыхарства не вельмі яму падабаецца: гаспадар-немец любіць паспрачацца па філасофскіх пытаннях. Але цяпер Я. Баршчэўскі мае мажлівасць часцей сустракацца са сваімі землякамі (так, у лісце ад 3 снежня 1837 г. ён паведамляе, што Ян Эйнерлінг і Канстанцін Сербіновіч чакаюць у сталіцы брата Юлі – Гаўдэнтыя.) Увогуле, паэт падтрымлівае стасункі з многімі людзьмі, у тым ліку не толькі ў Пецярбурзе; маскоўскія знаёмыя нават запрашаюць яго да сябе, а ў Віленскай губерні ён мае пэўныя справы.
Ліпень 1838 г. Я. Баршчэўскі быў на Беларусі, а ў Пецярбург вярнуўся 2 жніўня. І адразу заняўся сваімі абавязкамі. Аднак літаральна праз некалькі дзён піша ліст да Юлі:
Калі я вярнуся дадому на адпачынак, мае думкі ляцяць далёка і толькі там хочуць быць, дзе могуць сустрэць погляд сястры ды пачуць ейную гаворку.
Разам з лістом паэт дасылае ў Рудню асобнік “Noworocznika Literackiego” і просіць звярнуць увагу на твор, які яму найбольш падабаецца, – верш Адама Міцкевіча “Роздум у восеньскую ноч”. Адразу трэба сказаць, што Я. Баршчэўскі памыляецца: ён, як і выдавец альманаха ксёндз Аляксандр Красінскі, не ведаў імя сапраўднага аўтара твора (ім з’яўляўся малавядомы польскі паэт Стафан Гарчынскі (1808–1833), які ў апошнія гады жыцця сябраваў з А. Міцкевічам), але мастацкія асаблівасці “Роздуму...” аказалі пэўнае ўздзеянне на пісьменніка. Пазней ён колькі разоў будзе выкарыстоўваць яго вобразы, напрыклад, партовага ліхтара.
Гэтым жа летам Я. Баршчэўскі пазнаёміўся на Невельшчыне з Юзафам і Аўстэрбертай Буйніцкімі, што звычайна жылі ў маёнтку Ігнаполле ці фальварку Панова, але зрэдчас прыязджалі ў Пецярбург. Шчырае сяброўства доўгі час будзе лучыць паэта з гэтаю сям’ёю. Тым больш, што прывязанасць да Буйніцкіх мела і Юля Корсак. З гэтага часу літаральна ў кожным лісце Я. Баршчэўскі згадвае сваіх новых знаёмых: ён ці то сустракаецца з Юзафам у Пецярбурзе, ці то дзякуе Юлі за ліст, перасланы праз Буйніцкага, ці то перадае прывітанне ў недалёкі ад Рудні фальварак Панова. Сяброўства з Буйніцкімі знайшло свой водгук і ў паэзіі: у часе сваіх прыездаў да іх Я. Баршчэўскі напісаў верш “Małemu Bujnickiemu” і санет “Dla W. P. Bujnickiej”, якія пазней будуць змешчаны ў “Niezabudce”.
Увогуле, хоць Я. Баршчэўскі ў другой палове 30-х гг. і не надрукаваў аніводнага твора (а магчымасцяў у яго было шмат, бо ў Пецярбурзе і Вільні выходзілі разнастайныя перыядычныя і неперыядычныя выданні. Перадусім, двойчы на тыдзень у сталіцы імперыі выдаваўся “Tygodnik Petersburski”, газета ўраджэнца Слонімшчыны Юзафа Працлаўскага, які нягледзячы на яе афіцыйны характар, ахвотна змяшчаў літаратурныя творы землякоў, крытычныя матэрыялы і гістарычныя даследаванні), аднак пісаў даволі шмат. Пра гэта сведчыць яго карэспандэнцыя:
У буднія дні з раніцы да вечара займаюся сваім абавязкам, а ў свята – чытаннем або пяром. Цяпер, калі тут у верасні найпрыемнейшае надвор’е, у вольныя ад працы дні, ці то дзеля адпачынку, ці то дзеля баўлення часу, калі сонца схіліцца да вечара, я бяру з сабой якога-небудзь грэцкага паэта і накіроўваюся за горад. Прыемная самота з кніжкаю! (Ліст ад 14.09.1838 г.).
Пра гэта сведчаць творы, дасланыя Юлі Корсак. На працягу 1837–1839 гадоў у шаснаццаці лістах іх было змешчана васемнаццаць – больш за 700 вершаваных радкоў. Сёе-тое будзе пазней надрукавана ў “Niezabudce”, але большасць так і застанецца ў неадшуканым да сённяшняга дня рукапісным архіве Я. Баршчэўскага. Напрыклад, вершаваная аповесць пра напад татараў, што “можа заняць сем і болей аркушаў”, толькі пачатак уступу да якое паэт надрукаваў у трэцім томіку свайго альманаха.
Зусім верагодна, што напрыканцы 30-х – пачатку 40-х гг. Я. Баршчэўскі сустракаўся ў Пецярбурзе з Тарасам Шаўчэнкам. Перадусім, у нас няма падстаў не верыць вядомаму бібліяфілу ды калекцыянеру Рамуальду Зямкевічу, які, маючы архіў Ігната Легатовіча, у адной з сваіх публікацый у “Нашай Ніве” пераказвае ліст Вінцэнта Газдавы-Рэвута:
Першым з украінцаў, каторы зацікавіўся пачаткамі беларускага літаратурнага адраджэння, быў вялікі Кабзар Украіны Т. Шаўчэнка. Жывучы ў Пецярбурзе, пазнаёміўся Шаўчэнка ў 1839 гаду з беларускім пісацелем Я. Баршчэўскім. Каля Баршчэўскага сабіраліся тады і другія беларусы, і вось яны пад уплывам Баршчэўскага сталі цікавіцца беларушчынай і пастанавілі друкаваць свае творы. Шаўчэнка пазнаёміўся з усімі гэтымі беларусамі, прасіў іх, каб чыталі яму свае беларускія творы, і асабліва зацікавіўся народнымі беларускімі песнямі. Адзін з маладых беларусаў, Р. Падбярэскі, знаў многа песень; ён прапяяў іх Шаўчэнку і апроч таго чытаў яму ўсе беларускія творы Баршчэўскага і пераклад Манькоўскага украінскай “Энеіды” Катлярэўскага. Шаўчэнку народныя песні спадабаліся, штучныя літаратурныя творы беларускіх пісацеляў ён крыху пакрытыкаваў, кажучы, што ў іх мала чыста народнага элементу. Аб “Энеідзе” Манькоўскага Шаўчэнка заўважыў, што гэты твор мае найбольш чыста беларускага элементу і што дзеля таго ён найбольш цікавы для яго. Пасля гэтага Шаўчэнка заахвочваў беларусаў, каб не пакідалі сваёй працы для народа, бо гэта іх павіннасць, а праца іх, нягледзячы на цяжкія варункі, не прападзе дарма, і сляды гэтай працы застануцца. Вось і ўсё, што вядома нам аб Шаўчэнку. Ведамасці гэтыя мы маем з прыватнага лісту Вінцука Рэута да Легатовіча[11].
Як пацвярджэнне факту сустрэч Я. Баршчэўскага з Т. Шаўчэнкам можа служыць тое, што ў сярэдзіне 40-х гг. ХІХ ст. Р. Падбярэскі меў пэўныя кантакты з украінскім Кабзаром. Таксама і ідэйна-тэматычная накіраванасць творчасці Я. Баршчэўскага шмат у чым пераклікаецца з паэзіяй Т. Шаўчэнкі.
Увосень 1839 г. пецярбурскія студэнты, што паходзілі з Беларусі, Літвы і Польшчы, вырашылі мець свой друкаваны орган. Яны назвалі яго “Niezabudka”, як напамін пра родны край, ды звярнуліся да Я. Баршчэўскага з просьбаю прыняць на сябе абавязкі выдаўца альманаха, бо ў царскай Расіі студэнты не мелі права займацца камерцыйнай дзейнасцю. У выніку з’явілася паведамленне ў № 84 (15 лістапада) “Tygodnika Petersburskiego” за 1839 г.:
Хутка будзе аддадзены ў друк альманах “Niezabudka”. Выдавец Ян Баршчэўскі, хоць вядомы дасюль толькі ў коле знаёмых ды прыяцеляў, цешыць сябе думкаю, што чытацкая публіка не будзе ашукана густам, з якім зроблены падбор твораў.
І паэт, апрача свае штодзённае выкладчыцкае працы, клапатліва ўзяўся за збіранне падпіскі. Ён меў шмат знаёмых у Пецярбурзе, нават сярод арыстакратаў, але асабліва шырокія сувязі былі ў яго на Беларусі. Сярод падпісчыкаў на зборнік мы бачым імёны Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Рамуальда Падбярэскага, кампазітара Антона Абрамовіча. Шмат дапамагае Я. Баршчэўскаму Юля Корсак ды Гаўдэнты Шапялевіч: яны знаходзяць на Невельшчыне і Полаччыне шматлікіх будучых чытачоў пецярбурскага альманаха.
Напрыканцы лютага 1840 г. “Niezabudka” выйшла з друкарні Караля Края і шчаслівы выдавец адразу ж дасылае яе асобнікі вядомым польскамоўным літаратарам Міхалу Грабоўскаму ды Юзафу Ігнату Крашэўскаму, спадзеючыся пачуць іх водгукі: усё ж пяць сваіх твораў паэт упершыню аддаў на суд чытацкае публікі. І хоць асаблівае пахвалы Я. Баршчэўскі не дачакаўся, аднак прыязна ацэненая Тамашом Буцельскім з Масквы ды Ю.І. Крашэўскім “Niezabudka” атрымала санкцыю на далейшае існаванне.
Калі для першага томіка студэнцкіх твораў было дастаткова, дык другі не выратоўвалі ні 16 – Вінцэнта Давіда, ні 7 – выдаўца. Патрэбны былі маладыя, перадусім, невядомыя нікому літаратары. Дык Я. Баршчэўскі звяртаецца да сваіх знаёмых на Беларусі ды ў Пецярбурзе з просьбаю напісаць штокольвечы для яго альманаха. Асабліва ўдала атрымалася з Людвікам Штырмерам, пачынальнікам псіхалагічнае прозы ў польскай літаратуры:
Выдавец пецярбурскага альманаха п. Баршчэўскі быў нашым штодзённым госцем і прыяцелям. Не ведаю, адкуль яму прыйшла думка прасіць мяне напісаць які-небудзь артыкул у альманах. Мой муж, будучы сведкаю ягонае просьбы, а мае адмовы, сказаў жартам: “Будзь спакойны, Баршчэсю, даю табе слова, што будзеш мець аповесць”. Сапраўды, з’явіўся “Пантопель”. Аповесць мела поспех...[12].
Дзякуючы творам Л. Штырмера, альманах збіраў значную колькасць падпісчыкаў[13], а яго выдавец меў заробак. Сам Л. Штырмер тлумачыў Ю.І. Крашэўскаму, што толькі жаданне прыйсці на дапамогу Я. Баршчэўскаму схіліла яго да напісання сваіх твораў:
Вядома Пану, што альманах – гэта цыстэрна дзеля няспелых літаратурных помыслаў, у якіх, аднак, належыць цаніць добрыя жаданні моладзі ды чыстыя ейныя памкненні. Скажу таксама Пану, што высакародны Баршчэўскі апрача альманаха не мае (як мне здаецца) іншага заробку, каб мець на жыццё ў сталыя гады. Так як я ведаю яго здаўна, лічу сваім абавязкам быць яму, паводле мае мажлівасці, карыснаю (ліст Людвік Штырмер піша ад імя свае жонкі Элеаноры. – М. Х.). Вось найважнейшая прычына, дзеля якое перамагаю сваю нясмеласць ды ляноту да пісання і, як Пан мовіш, на 24 гады аддала свае працы п. Баршчэўскаму... Трэба было ўсяе мужчынскае ды настаўніцкае адвагі майго мужа (бо ён запаліў першую паходню ў цемры мае галавы), трэба было такога, даўно знаёмага, такога цярплівага ды настойлівага чалавека, як п. Баршчэўскі, каб прымусіць мяне ўзяць пяро ў руку. Пасля напісання “Пантопля” дванаццаць месяцаў я асцерагалася падобнага граху, пакуль высакародны старац зноў мяне не збаламуціў[14].
Аповесць Л. Штырмера вылучаецца ў другім томіку “Niezabudki”, але і творы самога Я. Баршчэўскага дастаткова высокага ўзроўню. Перадусім, балады “Русалка-спакусніца” і “Дзявочая крыніца”. Крытыка і на гэты раз адгукнулася на выхад альманаха, але калі станоўчую рэцэнзію рэдактар “Tygodnika” надрукаваў, дык пра адмоўную пяра Р. Падбярэскага толькі паведаміў у прыпісе.
У чэрвені 1842 г. Я. Баршчэўскі адпачываў у сваёй любімай Рудні, фальварку Г. Шапялевіча і Ю. Корсак, а ў Пецярбург вяртаўся праз Полацак і Асвею. Гэтае сваё падарожжа ён выкарыстоўвае дзеля збору падпіскі на “Niezabudkę”, дзеля сустрэчаў з сябрамі ды новых знаёмстваў. Так, у Асвеі паэт знаёміцца з Валяр’янам, Клеменсам і Юльянам Грымалоўскімі ды Казімірам Буйніцкім, беларускімі літаратарамі, што рыхтавалі да выдання альманах “Rubon”.
У Пецярбурзе Я. Баршчэўскі адразу ж пачынае клапаціцца пра трэці томік “Niezabudki”: Вінцэнт Давід, галоўны ініцыятар і рэдактар выдання, закончыўшы ў 1841 г. універсітэт, вярнуўся ў Варшаву, дык цяпер увесь цяжар рэдактарскае ды выдавецкае працы кладзецца на паэта. Дапамагае яму Станіслаў Аўгуст Ляховіч:
“Niezabudkа” цалкам перайшла пад рэдакцыю Баршчэўскага і апынулася на новай дарозе. Тое, што гэтая новая дарога давядзе яе да заняпаду – няма нічога пэўнейшага. (...) Баршчэўскі неспадзявана ды міжволі неяк, без аніякіх літаратурных прынцыпаў рэдагуе гэты альманах, напіхваючы яго ўласнымі вяршыдламі, – якіх і ў тым годзе было шмат у рукапісе “Niezabudki”, а што не ўбачылі яны свету – чытач абавязаны толькі мне, апошняму з даўніх супрацоўнікаў, спадкаемцу Давіда. Але і так з прычыны ўпартасці выдаўца засталося іх шмат і шмат. Грахоў гэтых не бяру на сябе[15].
Вядома, С.А. Ляховіч быў незадаволены, што альманах перайшоў не да яго, “спадкаемца Давіда”, а да Я. Баршчэўскага. Вось і выказвае крыўды Ю.І. Крашэўскаму, адгароджваецца ад “слабых” твораў паэта.
– Усю польскамоўную паэзію Я. Баршчэўскага яшчэ ў 40-я гг. нашага стагоддзя Навум Перкін слушна падзяліў на тры групы. Па-першае, гэта творы суб’ектыўна-лірычнага плана; па-другое, – балады літаратурна-рамантычнага характару; па-трэцяе, – балады, напісаныя паводле беларускіх народных легендаў ды паданняў. Найбольш шматлікая і, відавочна, ранняя паэзія – гэта паэзія першае групы. Асноўнае месца тут займае лірыка кахання. Перш-наперш Я. Баршчэўскі адрасаваў яе канкрэтнаму чалавеку – Юлі Корсак, а пазней, дапрацаваўшы, друкаваў на старонках альманаха “Niezabudka” (праўда, з прысвячэннямі часам і іншым асобам). Верш “Да Юлі” можна разглядаць як праграмны, як найбольш поўнае выяўленне настрояў ды пачуццяў паэта:
А калі неба яснае хмары схавалі,
Зашумелі глыбіні ў пагрозным уздыме,
Хмар апалу адрынула зорка ў запале,
Гэта першаспатканне з вачыма тваімі.
Меркаваў – зорка лёсу паслала дарогу,
Па якой плыць шчасліва мне без перастану.
Асмялеў, што дастану сваю перамогу,
Грозьбы мора скару, ў ціхім порце прыстану.
Толькі не для мяне зорка ў бэзавым дыме,
Закацілася ў змрок, лопнуў якар надзеі.
Перш чым, лёсу пакорніка, дол мяне прыме,
З ласкі буры плыву. Вір чакае й шалее.
(Пераклад Р. Барадуліна)
Значнае месца ў паэзіі Я. Баршчэўскага займаюць вершы-рэфлексіі, вершы-разважанні на рэлігійна-філасофскую тэматыку.
Навакольнае жыццё не задавальняе, не вабіць да сябе паэта; гэта, на яго думку, крыніца ўсялякага зла і пакут, доўгі ланцуг выпрабаванняў для чалавека, цяжкая і суровая неабходнасць. Яму здаецца, што ў сучасным грамадстве людзі парушылі першапачатковы закон, папсавалі і пакпілі з ідэалу. І толькі ў некранутай, першабытнай натуры, дзе няма фальшу і штучнасці, можна знайсці заспакаенне ад жыццёвых нягод. Гэтак узнікае адзін з асноўных матываў усёй творчасці Баршчэўскага – супрацьпастаўленне натуры цывілізацыі[16].
Найбольш яскравыя творы падобнага плану – “Смутак”, “Да Станіслава Юр’евіча”, “Вясна ў сталіцы”, “Пачаноўская гара”, санеты. Такія вершы “падрыхтавалі” паэтавы балады, напісаныя на ўзор літаратурнае традыцыі. Так, напрыклад, у “Фантазіі” адчуваецца ўплыў “Свіцязянкі” А. Міцкевіча, у баладзе “Ніна” (у лісце да Ю. Корсак твор пададзены пад тытулам “Цэлесціна”) – “Святланы” В. Жукоўскага. Як наследаванне заходнееўрапейскае “паэзіі магіл” можна разглядаць балады Я. Баршчэўскага “Роспач” і “Курганы”.
Але не было ва ўсёй гэтай вершаванай прадукцыі “натхнення, а толькі выкутая на стары лад, па-класічнаму, рыфма. І не гэтай дарогай павінен быў ісці Баршчэўскі, каб набыць імя ў літаратуры. Неўзабаве заўважыў ён гэта, а можа яго перасцераглі” (Ю. Барташэвіч). Пад уплывам Р. Падбярэскага паэт піша шэраг баладаў паводле беларускіх народных легендаў ды паданняў – “Русалка-спакусніца”, “Дзве бярозы”, “Дзявочая крыніца”, “Зарослае возера”. З’яўленне гэтых твораў сталася значнай падзеяй у тагачасным літаратурным жыцці (трэба заўважыць, што літаратурная грамадскасць яшчэ не ведала баладаў Я. Чачота. Толькі як выключэнне, публікацыя асобных баладаў Т. Зана (“Цыганка”), А. Ходзькі (“Маліны”), а таксама А. Грот-Спасоўскага). Балады Я. Баршчэўскага з іх падкрэслена рэгіянальным, полацкім каларытам выклікалі захопленыя водгукі ў тагачаснай перыёдыцы. Нават М. Грабоўскі, які дастаткова крытычна ставіўся да апрацовак беларускага фальклору А. Грот-Спасоўскім, на гэты раз не меў аніякіх пярэчанняў, адно што рэкамендаваў Я. Баршчэўскаму перадаць змест беларускіх паданняў прозаю:
Балады паэта заснаваныя на народных беларускіх традыцыях; гэтыя традыцыі маюць сваю прыгажосць і не варта перапісваць іх на ўзор літаратурных баладаў, а лепей бы даць у першапачатковай чысціні[17].
Не адзін М. Грабоўскі бачыў недахопы паэзіі Я. Баршчэўскага. Пецярбурскія сябры ды знаёмыя ўжо даўно настойвалі, каб ён заняўся больш адпаведнаю працаю, асабліва Л. Штырмер, І. Галавінскі ды Р. Падбярэскі. Апошні, прыехаўшы ў маі 1841 г. у Пецярбург, хутка наладзіў стасункі з мясцовымі літаратарамі. Больш за тое, ён робіць спробы актывізаваць літаратурнае жыццё ў сталіцы імперыі. Асабліва ўдала атрымалася з гуртком беларускай інтэлігенцыі: беларусаў Р. Падбярэскі, як “сусед-зямляк”, заахвочвае да творчасці, заклікае болей выказваць народнага духу; урэшце, звяртае ўвагу на адметнасць ды самабытнасць беларускага краю і люду. Жаданне стаць выдаўцом альманаха ці часопіса вымушала яго прасіць творы ў слынных польскамоўных пісьменнікаў – Ю.І. Крашэўскага, М. Грабоўскага, Г. Равускага ды інш. Я. Баршчэўскі не ўваходзіў у іх лік, але Р. Падбярэскі знаходзіць, якім чынам выкарыстаць і яго:
Пан Баршчэўскі заняўся больш адпаведнаю для сябе працаю; ён узяўся за апісанне ўсіх класаў пецярбурскага грамадства; мае цікавы артыкул пра літаратурныя суполкі. Ён заўсёды мае на мэце нашых землякоў, а беларусам дасталося больш за ўсіх; ужо ў палове твора. Сама душа Баршчэўскага праяўляецца на кожнай старонцы, але шкада, што праца яго не шмат мае прывабнасці, бо, пэўна, толькі вершам умее пісаць. Аднак гэтая асаблівасць не перашкаджае маляваць сцэны найарыгінальнейшым спосабам, зусім не простым. Для мяне ён піша “Нарысы Беларусі”, бо не ведаю, ці ёсць дзе другі чалавек, каторы б са шмат якіх бакоў знаў так Беларусь. Калі ёсць, дык гультай які, не здольны да пяра. Адкрыўшы гэту якасць у Баршчэўскім, я стараўся адвесці гэтага 50-цігадовага дзядульку ад вершавання. А гэта – найпрыстойнейшы арыгінал. Рукапіс яго носіць тытул “Пан Тузальскі”, твор, у якім выявіўся ўвесь Баршчэўскі са сваёй паэзіяю, розумам, практычнай абазнанасцю і паняццем пра свет. Ён мае дзве заслугі: знаходка таленту п. Штырмер і напісанне “Тузальскага”, у якім накрэсліў самабытнасць сваіх землякоў. Мусіў і я граць не апошнюю ролю, бо абудзіў ад сну лайдака[18].
Пра надзвычай напружаную творчую працу Я. Баршчэўскага напрыканцы 1841 – на пачатку 1842 гг. знаходзім звесткі і ў лістах да Ю. Корсак:
Цяпер я вельмі заняты: апрача карэктуры альманаха “Niezabudkа”, пішу “Нарыс Паўночнае Беларусі” для “Дзённікаў” пана Падбярэскага; да таго ж літаратурныя вечары, на якіх бываю ў асобных рускіх выдаўцоў, ладзяцца так часта ды доўжацца часам да трэцяе гадзіны пасля поўначы, што становяцца цяжарам (ліст ад 28.01.1842 г.).
Відаць, Я. Баршчэўскі ўжо пакінуў невыносную для яго выкладчыцкую працу ды цалкам прысвячае сябе літаратуры ды знаёміць сяброў са сваімі творамі. Невыпадкова ксёндз Ігнат Галавінскі, што добра ведаў свайго парафіяніна, у лісце да М. Грабоўскага напіша:
Пан Баршчэўскі паўстае перад намі самым дасканалым выразнікам простанароднае фантастычнасці ды звычаяў беларускага народа. Я ўпэўнены, што ён у сваім родзе не саступіць Сапліцы (апавядальнік у гістарычным рамане Г. Равускага “Успаміны Сапліцы” – М. Х.). Пачаў ён прозай пісаць аповесці: не магу табе перадаць сваё вялікае ўражанне. Усё там выканана па-майстэрску пад выглядам найвялікшае прастаты. Гэта не збіральнік народных паданняў; у яго ёсць усе патрэбныя ды незвычайныя для гэтага ўмовы. Шчыры беларус, не цяпер, а з самага дзяцінства, правёў усё жыццё з народам. Яго твар, загарэлы, не кабінетны, выказвае ў ім чалавека дзеяння, не спекуляцыі; выхоўваўся ён у езуітаў, але гэта не пазбавіла яго пачуцця і прастаты; поўны сапраўднае веры ў тое, пра што піша, а гэта немалая ўмова, бо з верай кожнае апісанне непараўнальна жывейшае ды праўдзівейшае; Беларусь ён ведае дасканала, бо разоў трыццаць абышоў усю яе пешшу і штогод і цяпер наведваецца на Радзіму з Пецярбурга, і усюды ён там жаданы, усюды яго міла прымаюць, бо як бард таго краю апавядае няспынна – показкі, аповесці сыпле як з рукава. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў, амаль нічога свайго не дадае, а ўсё – яго ўласнасць: голая казка не мела б аніякае вартасці, але ён аздабляе яе іншымі паданнямі, дасканала драматызуе, і раптам вырастае нешта суладнае, поўнае простанароднае праўды і самага сапраўднага жыцця. Я ведаю адно апавяданне “Пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем”. А будзе гэта збор апавяданняў на якія чатыры томікі, накшталт “Тысячы і аднае ночы”, але з далёка лепшаю завязкаю, бо яна ўзята з рэчаіснасці. На вялікім возеры Некарысцень (пазней яно стане Нешчардаю. – М. Х.) ёсць маленькі астравок; там жыў досыць заможны шляхціц; калі зімою замерзне возера, дык едуць па ім людзі, каб скараціць шлях; а з прычыны частых завірухаў сяляне ды падарожныя блудзяць, дык ён вывешвае на жэрдцы ліхтар, абы толькі людзі маглі знайсці ягоную хату; усіх ён прымае бясплатна, але хоча, каб яму баялі казкі, бо толькі так прызвычаіўся засынаць. Гэта завязка, згодна з якою падарожныя адзін за адным апавядаюць рознымі вечарамі казкі. Выдатна там і сябе паказаў аўтар: ён нябог шляхціца і прыехаў на Каляды з езуіцкіх школаў ды таксама мусіць апавядаць байкі, але іх не ведае, дык мусіць пераказваць “Адысею”. І, ведаеш, меркаванні шляхціца пра тыя паганскія казкі слаўныя ды пададзены з адпаведнага боку. Уся байка пра “Цмока” – гэта сапраўдная паэма, заснаваная на глыбіннай практычнай філасофіі. Я мог бы пераказаць табе змест, але не хачу пазбаўляць цікавасці. Кранула мяне перш-наперш сцэна сялянскага вяселля, поўная дзівосаў ды праўдападабенства, а таксама жахі, вытрыманыя ў найдраматычнейшы спосаб, што нечувана цяжка. Мова зусім простая, не польская, а беларуская, – у кожным слове быццам чуеш беларуса. Малюнкі краявідаў простыя, але чароўныя, маляўнічыя ды праўдзівыя. Словам, вялікі скарб атрымае наша літаратура, калі выйдзе колькі томікаў такіх выдатных апавяданняў, як я чуў адно. Друкавацца яны будуць з малюнкамі ў Пецярбурзе[19].
Увосень 1842 г., вярнуўшыся з падарожжа на Беларусь, паэт зноў заглыбляецца ў творчыя клопаты, мроіць “аб зданях, чараўніцах і шатанах”. Яму больш да спадобы засяроджвацца на сваіх думках, чым “быць на літаратурных вечарах і часта сядзець да трэцяе гадзіны пасля паўночы, слухаючы лухту розных разумнікаў” (ліст да Ю. Корсак ад 20.12.1842 г.). Прыязныя адносіны з Р. Падбярэскім спрыяюць таму, што выдавец “Rocznika Literackiego” ў першы томік свайго альманаха ўключае артыкул Я. Баршчэўскага “Нарыс Паўночнае Беларусі”, а таксама і яго партрэт:
Пан Жукоўскі намаляваў мяне ў нейкім рамантычным стылі. Я стаю ля ракі Нява, у капелюшы, засяроджаны ў думках, абапёршыся на прыбярэжны граніт; перада мною ўзносяцца вежы сталіцы. Пэўна, гэты сюжэт ён запазычыў з майго апісання Беларусі, дзе я згадваю, што мае думкі часта адлятаюць ад берагоў Нявы да роднае зямлі, дзе столькі мілых успамінаў. А партрэт мой (...) занадта прыхарошаны і таксама мала падобны, бо (...) ён маляваў па памяці” (ліст ад 20.12.1842 г.).
Пра “Нарыс...” захоплена выказаўся М.Грабоўскі, прапануючы выкарыстаць яго ў якасці ўступу да зборніка фантастычных апавяданняў:
У “Нарысе Паўночнае Беларусі”, дзе прынамсі, малюнак краю, здаўся нам, выкананы выключна таленавіта і з пачуццём, бачым мы ўступ да тых фантастычных апавяданняў, заснаваных на паданнях ці, хутчэй, на забабонах беларускага люду, якія, паводле прыватных паведамленняў (пра новы твор Я. Баршчэўскага пісаў М. Грабоўскаму ксёндз Ігнат Галавінскі. Яго ліст М. Грабоўскі ўключыў у свой артыкул, надрукаваны ў часопісе “Pielgrzym”. Т. ІІ. 1843 г. – М. Х.), маюць абудзіць цікавасць. Яшчэ ў мінулым годзе, мовячы пра “Niezabudkę”, я раіў п. Баршчэўскаму, каб даў нам адно змест сваіх баладаў, і цяпер паўтараю, каб паданні, нават апрацаваныя вершам, перадаў прозаю. Спадзяюся, што ў творы, пра які нам паведамлена і які, здаецца, будзе называцца “Апавяданні беларуса Янкі”, убачым у дзеянні тыя малюнкі народнай беларускай фантазіі, якія гэтым разам у агульны толькі абраз звёў аўтар “Нарыса”[20].
У тым жа томіку “Rocznika Literackiego” Р. Падбярэскі змясціў два беларускамоўныя вершы Я. Баршчэўскага – “Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?” і “Гарэліца” – з нотамі Антона Абрамовіча. Праўда, пададзены яны як народныя песні: пэўна, з-за цэнзуры выдавец не адважыўся яшчэ павесці гаворку пра літаратуру на малавядомым “наречии”.
У чацвёртым томіку “Niezabudki” Я. Баршчэўскі надрукаваў чатырнаццаць сваіх твораў, рэцэнзуючы якія, Гервазы Бомба (псеўданім Людвіка Штырмера) палічыў неабходным падкрэсліць:
Пра балады з беларускіх паданняў слушна сказаў п. М. Граб...[21], што лепш было б іх не рыфмаваць, а даць ў той арыгінальнай прастаце, у якой між людам кружляюць. (…) Смела выказваем гэтую думку пра вершаваныя творы п. Б., бо мелі мажлівасць чытаць ягоную празаічную аповесць паводле беларускіх паданняў пад тытулам “П. Завальня”, якая (калі толькі будзе крыху прыгладжана) забяспечыць яму знакамітае месца ў нашай літаратуры[22].
Літаратурная грамадскасць чакала шырока разрэкламаванага твора, а Я. Баршчэўскі не спяшаўся, хоць Р. Падбярэскі яшчэ ў 1843 г. меў намер выдаць “Шляхціца Завальню”:
Выданне ды ілюстраванне таго твора Яна Баршчэўскага, вынятку з якога кс. Галавінскі даслаў пану, я бяру на сябе (супольна з Жукоўскім). І калі хоць адзін том будзе напісаны раней, дык можна будзе надрукаваць да кантрактаў кіеўскіх[23].
Аднак да студзеня 1844 г. (да чарговых кантрактаў кіеўскіх) выдаць кнігу не ўдалося, бо толькі вясною 1844 г. быў завершаны першы томік.
А сам Я. Баршчэўскі ў гэты час мог трапіць у небяспеку. Вінцэнт Давід, былы рэактар альманаха “Niezabudka”, у 1843 г. быў абвінавачаны ў Варшаве ў напісанні забароненых вершаў. Змушаны, відаць, следчымі, ён залішне шчыра апавядае пра патрыятычныя настроі ў асяроддзі палякаў ды беларусаў у Пецярбурзе і пра асабліва значную ролю ў жыцці зямляцтва Я. Баршчэўскага: “А больш за ўсё захапляў мяне Баршчэўскі”[24]. Гэта ён увёў В. Давіда ў дамы выхадцаў з заходніх губерняў імперыі:
А калі Баршчэўскі пазнаёміў мяне з Абрамовічамі, а пазней з домам Асташкевічаў, я купаўся ў памыях дурнога патрыятызму. Калі прыходзіў хто незнаёмы, не рэкамендавалі мне яго інакш, толькі як добрага патрыёта, а ён адразу выкладваў мне ўсё, што ведаў. Фатальныя вершы, якія мне даў Казлоўскі, абудзілі ў мяне жаданне патрыятычнае творчасці, тым больш, што мне заўсёды прапаноўвалі новыя вобразы то калегі, то Абрамовічы сваімі апавяданнямі ды показкамі[25].
Гэтыя прызнанні В. Давіда выдатна характарызуюць атмасферу, у якой жыў і якую нават ствараў Я. Баршчэўскі. І толькі дзякуючы нейкай шчаслівай акалічнасці ён не быў арыштаваны, хоць жандары звычайна пільна сачылі за пецярбурскімі палякамі ды беларусамі.
Мажліва, пазбегнуць непрыемнасцяў паэт змог па той прычыне, што ўлетку 1843 г. зноў паехаў на Беларусь, каб сустракацца з сябрамі, распаўсюджваць чацвёрты і збіраць падпіску на пяты томікі “Niezabudkі”. А прыехаўшы 18 жніўня ў Пецярбург, ён зоймецца альманахам, “карэспандэнцыяй, а вечарамі – аповесцямі” (ліст да Ю. Корсак ад 10.09.1843 г.). Па просьбе Ю.І. Крашэўскага восенню 1843 г. Я. Баршчэўскі даслаў у “Athenaeum” адно апавяданне (“Пра Чарнакніжніка і пра Цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем”), якое будзе надрукавана ў першым томе часопіса на 1844 г. пад тытулам “Шляхціц Завальня”. А вось для свае “Niezabudki” на 1844 г. пісьменнік падрыхтаваў яшчэ адзін твор – аповесць “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта”. Відаць, напісаўшы шэраг апавяданняў, ён вырашыў тэматычна падзяліць іх на два творы: адзін з іх мае надзею выдаць асобна, а другі – прызначыў для свайго альманаха[26]. Праўда, непрыхільная крытыка аповесці невядомым рэцэнзентам “Niezabudki”, а таксама тое, што па невядомых прычынах Я. Баршчэўскі перастаў выдаваць альманах, сталі прычынаю таго, што працяг “Драўлянага Дзядка і кабеты Інсекты” з’явіўся толькі ў 1847 г. у “Rubonie” Казіміра Буйніцкага.
Актыўная творчая праца Я. Баршчэўскага знаходзілася ў полі зроку Р. Падбярэскага: для другое кніжкі “Rocznika Literackiego” (1844) ён атрымлівае ад пісьменніка “Успаміны пра наведванне роднага краю”, прыпісы да публікацыі якіх сведчыць пра ягоную абазнанасць у справе падрыхтоўкі “Шляхціца Завальні”:
Гэта вынятка з вялікага твора, у якім малюецца Беларусь, пад тытулам “Шляхціц Завальня, або Аповесці беларускага люду, пададзеныя ў яго фантастычных уяўленнях”. Гэтая вынятка складае ўступ да 2-га томіка, а 1-шы ўжо падрыхтаваны да друку. Уступ да першага томіка друкаваўся ў 1-ым сшытку “Athenaeum” на 1844 год.
Апрача недакладнасці назвы (яна, увогуле, магла выкрышталізавацца на апошнім этапе падрыхтоўкі), Р. Падбярэскі гаворыць пра першае апавяданне “Шляхціца Завальні”, надрукаванае ў “Athenaeum”, як пра ўступ да першага томіка, хоць ім з’яўляецца змешчаны ў “Roczniku Literackim” на 1843 г. “Нарыс Паўночнае Беларусі”. Атрымаўшы 25 мая 1844 г. цэнзурны дазвол на другую кніжку свайго альманаха, ён разам з Р. Жукоўскім заняўся падрыхтоўкаю першага томіка “Шляхціца Завальні” да друку. Апрача ўсяго іншага яны маюць намер літаграфаваць малюнкі Р. Жукоўскага да выдання, якія “падаюць галоўныя сцэны апавяданняў”. Аднак у ліпені 1844 г. Р. Падбярэскі вымушаны адмовіцца ад свае задумы:
Я хацеў ілюстраваць апавяданні Баршчэўскага, але капіталу не стала. Дык п. Эйнерлінг узяў іх і гэтымі днямі аддаў у друк (ліст Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага ад 22.07.1844 г.).
Я. Баршчэўскі, пяць гадоў выдаючы альманах “Niezabudkа” па падпісцы, так і не здолеў сабраць грошай, каб выдаць свой галоўны твор. “Niezabudkа” яго карміла” (Р. Падбярэскі), але прыбытку не прынесла. Аб’явіць падпіску на шматтомнае выданне Я. Баршчэўскі не адважыўся, дык мусіў шукаць выдаўца для свайго твора. Паводле звестак Г. Каханоўскага, фінансавую падтрымку Я. Баршчэўскаму “аказаў віленскі пісьменнік Аляксандр Здановіч”, але больш верагодна, што Ян Эйнерлінг, закончыўшы выдаваць творы М.М. Карамзіна, за свае сродкі ўзяўся друкаваць апавяданні свайго знаёмца яшчэ па Полацкай езуіцкай акадэміі. У лістападзе 1844 г. выходзіць першы томік, а ў газетах з’яўляюцца абвесткі наступнага зместу:
У класічнай кнігарні (Кнігарня належала самому Яну Эйнерлінгу. – М. Х.), на Неўскім праспекце, у доме лютэранскае царквы св. Пётры, на трэцім паверсе (сходы, дзе цукерня Даменіка) наступны новы твор – “Беларусь у фантастычных апавяданнях” п. Яна Баршчэўскага – будзе выходзіць томікамі, такімі ж як і першы, кожны з якіх будзе каштаваць 50 кап. срэбрам. Перад Новым Годам я маю намер выдаць 2-гі томік, перад месяцам маем – 3-ці, а ў снежні – чацвёрты і так увесь твор завяршыць. Ян Эйнерлінг.
Другі томік “Шляхціца Завальні”, як і абяцаў выдавец, выйшаў перад Новым 1845 г., а вось далей справы пайшлі не так гладка. Выдаўшы ў другой палове 1845 г. трэці томік, Ян Эйнерлінг перадаў справу Я. Баршчэўскаму, мажліва, каб той меў які заробак перад сваім ад’ездам з Пецярбурга. Зрэшты, маглі быць і нейкія непаразуменні між былымі школьнымі сябрамі, у выніку чаго спынілася іх супрацоўніцтва. На такую думку наводзіць той факт, што чацвёрты томік “Шляхціца Завальні” выйшаў пасля 22 сакавіка 1846 г. не ў друкарні Караля Края, як папярэднія (а таксама пяць томікаў альманаха “Niezabudkа”), а ў Эдварда Праца.
Р. Падбярэскі, змушаны акалічнасцямі адмовіцца выдаваць “Шляхціца Завальню”, не адмовіўся ад супрацоўніцтва з Я. Баршчэўскім. 8 верасня 1844 г. ён завяршае вялікі артыкул “Беларусь і Ян Баршчэўскі” – першы нарыс беларускай літаратуры новага часу. А задума Р. Падбярэскага даць ва ўступе да асобнага выдання аповесці “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта” “больш падрабязны разгляд (…) апавядальніцкага таленту” Я. Баршчэўскага магла ператварыцца ў сур’ёзную рэцэнзію творчасці пісьменніка.
Яшчэ да выхаду “Шляхціца Завальні” з друку крытыка горача вітала новы твор Я. Баршчэўскага. Але толькі Р. Падбярэскі здолеў даць (наколькі гэта было мажліва ў падцэнзурным артыкуле) грунтоўную ды аб’ектыўную характарыстыку кнігі пісьменніка. Іншыя рэцэнзенты звычайна звярталі ўвагу толькі на асобныя аспекты творчасці Я. Баршчэўскага. Так, вядомая тагачасная пісьменніца рэлігійна-кансерватыўнага кірунку Элеанора Зяменцкая адзначыла:
Малюнкі ўсіх гэтых апавяданняў – дакладна народныя, маркотныя, чуллівыя ў сваёй прастаце. Табе здаецца, што ты з гэтым людам, што ты дзеліш перасцярогі, радасць і гора, якія па чарзе праходзяць у тым наіўным апавяданні. Так, паўторым, Ян Баршчэўскі – гэта з’ява, вартая найвялікшае ўвагі. У час, калі цэніцца выключна навуковасць, тлуміцца самародная сіла, якіх жа шчаслівых акалічнасцяў, якога інстынкту трэба было ў паэта, каб выключыць, пазбыцца ўсякага штучнага дзеяння, каб карыстаць з жыцця, захоўваючы ўласны характар, словам, сярод замяці бурнае абазнанасці выхаваць так рупліва ў сабе тып пісьменніка люду[27].
Ідэйная канцэпцыя кнігі Я. Баршчэўскага ўжо тады выклікала пэўнае непрыняцце асобнымі публіцыстамі. Напрыклад, Вінцэнт Пракаповіч рашуча запярэчыў аўтару:
П. Баршчэўскі, злоўжываючы сваім становішчам між намі і людам, частуе нас сяды-тады апавяданнямі, якія маюць выразна іншы характар, чым народны. Гэта яго ўласныя творы, што з’яўляецца перш-наперш святатацтвам, калі народныя паданні нешта святое, пакінутае нам мінуўшчынаю, а яны, паўтару, – непрыемная неспадзяванка чытачу, якога адштурхоўвае адсутнасць мастацкасці, намёкі эгатычныя або іншыя, ужо паўсядзённыя. Гэта такія, як “Сын Буры”, “Пакутны Дух”, “Белая Сарока” ды іншыя[28].
Літаратуразнаўцы, што жадалі бачыць у творы беларускія фальклорныя матэрыялы, былі расчараваны: беларускі рэгіянальны патрыятызм Я. Баршчэўскага, беларускасць “Шляхціца Завальні”, ідэалізацыя мінулага не заўсёды з разуменнем успрымаліся тагачаснай моладдзю, якая выхоўвалася на прагрэсіўнай еўрапейскай філасофіі.
“Шляхціца Завальню, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” справядліва называюць галоўнаю кнігаю Я. Баршчэўскага. Гэта паўнавартасны мастацкі (а не фальклорны або напаўфальклорны зборнік – як часта без усялякае аргументацыі сцвярджаецца ў нашым літаратуразнаўстве) твор, вобразна-выяўленчыя сродкі якога накіраваны на выяўленне беларускай нацыянальнай ідэі. Кампазіцыйна “Шляхціц Завальня” складаецца з трыццаці васьмі частак: апавяданняў-прытчаў, устаўных навелаў, лірычных адступленняў ды ўспамінаў. Звязваюцца яны пры дапамозе шырокавядомага са старажытнасці прыёму: асобаю слухача да каментатара апавяданняў шляхціца Завальні. Пэўнае значэнне ў кампазіцыйнай структуры твора адыгрывае і вобраз пляменніка пана Завальні – Янкі. А вось даручыўшы ролю асноўнага апавядальніка розным асобам – сялянам, падарожным, шляхціцам і нават цыгану, – пісьменнік мае мажлівасць пазнаёміць чытача з рознымі сацыяльнымі пластамі насельнікаў Беларусі, з іх уяўленнямі, настроямі, і ў той жа час паказаць, што асноўная ідэя твора выводзіцца з усяе сукупнасці апавяданняў, г. зн., любоў да роднага краю, да спрадвечных звычаяў ды традыцый уласціва прадстаўнікам усіх гэтых пластоў.
Выкарыстоўваючы творчы вопыт А. Міцкевіча, гнасеалагічную ды эстэтычную сістэмы рамантыкаў, Я. Баршчэўскі развівае “фальклорна-міфалагічную лінію” (В.А. Каваленка) вялікага ліцвінскага песняра. Як і А. Міцкевіч, Я. Баршчэўскі дзеля свае творчасці ўзяў не збор асобных тэкстаў – паданняў, легендаў, песняў, а ўсю вуснапаэтычную культуру народа – фальклор. Я. Баршчэўскі зразумеў, што менавіта там, у фальклоры, у першапачатковай чысціні захаваліся спрадвечныя ісціны, тое разуменне дабра і зла, якое характэрна для беларускага народа. У фальклоры Я. Баршчэўскі здолеў разгледзець светапоглядную сістэму свайго народа ды імкнуўся стварыць яе паэтычны эквівалент у “Шляхціцы Завальні”. Яго зварот да мінуўшчыны – гэта не імкненне ідэалізаваць яе. Гэта, у першую чаргу, разуменне таго, што менавіта там, у патрыярхальным ладзе жыцця знаходзяцца карані тых асноў, якія абумоўліваюць, прадвызначаюць экзістэнцыю народа. Для Я. Баршчэўскага і яго асяроддзя, што ўжо прайшло этап нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, гэты аспект быў надзвычай важны. Іхняя думка не згаджалася з тым, што народ, прадстаўнікамі якога яны з’яўляюцца, мусіць растварыцца ў масе суседняга народа. У разлік яшчэ не бралася мова: у той час здавалася неверагодным, што мова народа можа знікнуць. Істотнай лічылася страта нацыянальных звычаяў ды традыцый. Вось чаму ў “Шляхціцы Завальні” адзін з асноўных аб’ектаў крытыкі – гэта Чарнакніжнік ды асташы. Тыя, хто спустошыў амаль усе азёры, навучыў моладзь бязбожным учынкам, чарам, бессаромным песням. Тыя, хто знішчае і кпіць са звычаяў ды традыцый беларусаў.
Я. Баршчэўскі ішоў тым жа шляхам, што і А. Міцкевіч: адлюстраваць у мастацтве космас беларуса, сцвердзіць ягоную годнасць, абудзіць гістарычную памяць. Але калі А. Міцкевіч праз космас беларуса імкнуўся да агульначалавечых вышыняў духу, дык Я. Баршчэўскі, наадварот, канцэнтраваў сваю думку на рэгіянальным, не ўзнімаўся вышэй нацыянальнага. У адпаведнасці з гэтымі задачамі выкарыстоўваў пісьменнік і патэнцыял фальклорна-рэлігійнае міфалогіі беларусаў. Характэрна, што ўжо ў той час усведамлялася ўся складанасць такое з’явы, як беларуская міфалогія: “Дзяды нашыя маюць тую асаблівасць, што паганскі абрад змешаны з уяўленнямі хрысціянскае рэлігіі” (А. Міцкевіч). Уся беларуская міфалогія ёсць сімбіёз двух сістэм – свае, спрадвечнае і хрысціянскае. Прычым, дамінуе свая; хрысціянская ж толькі дастасавалася, нязначна змяніўшы яе.
Здавалася б, выхаваны ў езуітаў, аўтар павінен быў выразна размяжоўваць паганскі і хрысціянскі пачаткі, павінен быў асуджаючы паганскі светапогляд беларуса, узвялічваць хрысціянскую ідэалогію. Аднак у такім разе Я. Баршчэўскі знаёміў бы чытача не з беларусамі, а з прадстаўнікамі нейкага іншага народа. Знітаванасць паганскае міфалогіі з хрысціянскаю дагматыкаю ў беларусаў была настолькі моцнаю, што ў чыстым выглядзе гэтыя дзве сістэмы ніколі не існавалі. І гэты эклектызм – галоўная адметнасць беларускага нацыянальнага светапогляду, асноўныя рысы якога Я. Баршчэўскі адлюстраваў у “Шляхціцы Завальні”.
Адной з асноўных тэмаў “Шляхціца Завальні” з’яўляецца і тэма сацыяльнага пратэсту. Часцей у алегарычнай, аднак часам і ў адкрытай публіцыстычнай форме пісьменнік асуджае прыгнятальнікаў люду, “новых паноў”, што дзеля ўласнага дабрабыту шматкроць павялічваюць прыгон, забываюць пра міласэрнасць ды спагаду, зневажаюць ды кпяць з традыцый народа, які з’яўляецца асноўным захавальнікам нацыянальнага менталітэту. Рамантык Я. Баршчэўскі з уласцівай усім рамантыкам энергіяй адмаўляе новы грамадскі лад, які нясе яго народу не толькі пагаршэнне ўмоў жыцця, але і разбурэнне спрадвечных ісцін, нацыянальнага светапогляду, а, урэшце, і “знікненне” самога народа.
Варта яшчэ звярнуць увагу на зусім недаследаванае пытанне – а менавіта, на прытчавы характар кнігі “Шляхціц Завальня”. Бяспрэчна тое, што амаль усе апавяданні гэтае кнігі маюць алегарычную накіраванасць. Я. Баршчэўскі звярнуўся да жанру прытчы з-за некалькіх прычынаў. Па-першае, яму, выхаванаму езуітамі ў любові да Бібліі, яна, прытча, была блізкаю, была дзейснаю, яна была ўзорам літаратурнага твора. Па-другое, у тагачаснай грамадскай атмасферы толькі з дапамогаю алегорый, іншасказанняў можна было ўплываць на чытача (больш дакладна – толькі літаратурны твор прытчавага характару мог трапіць да чытача).
Я. Баршчэўскі пісаў, што “не пераймае формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія”, бо сапраўды не мог ісці іх шляхам: тыя тэмы і праблемы, якія стаялі перад еўрапейскімі літаратурамі, не былі актуальнымі для Беларусі. Зусім верагодна, што ён мог напісаць мастацкі твор (ці шэраг твораў), дзе б расказаў бы пра жыццё беларускага грамадства. Перадусім, ён добра ведаў гэтае жыццё: як у асяроддзі пецярбурскіх беларусаў, так і на Бацькаўшчыне. Але проста расказаць пра тое, што ён ведаў, Я. Баршчэўскаму было мала. Стварэнне літаратурных тэкстаў накшталт заходнееўрапейскага прыгожага пісьменства было неактуальным для Беларусі, для краю, які не меў дзяржаўнасці, над якім вісела пагроза поўнае асіміляцыі. Зусім відавочна, што патрыёт роднага краю Я. Баршчэўскі мусіў шукаць пэўныя шляхі дзеля звароту да розуму ды сэрцаў сваіх суайчыннікаў. Мы не ведаем дакладна, хто (ці што) паўплывала на пісьменніка, што прымусіла яго змяніць свае адносіны да літаратуры. Бо ж уся яго вершаваная прадукцыя – гэта прадукцыя зусім іншага гатунку. Яна амаль не адрозніваецца ад прадукцыі паэтаў трэцяга ўзроўню, паэтаў, якія на літаратурны ўзор “апявалі чужыя пачуцці”, выдаючы іх за свае. Калі чым і вылучаўся Я. Баршчэўскі з гэтага кола, дык толькі сваімі баладамі. Але, думаецца, якраз зварот Я. Баршчэўскага да баладнай творчасці, выкарыстанне ім самабытных паданняў, якія не ўжываліся ў літаратуры, якраз і сталася тою акалічнасцю, на якую звярнуў увагу нехта са знаёмых пісьменніка. Верагодна, быў гэта Людвік Штырмер, чалавек якога добра ведаў Я. Баршчэўскі, якога часам называлі “Пецярбурскаю бомбаю” (такім псеўданімам ён падпісваў свае літаратурна-крытычныя артыкулы, друкаваныя ў “Tygodniku Peterburskim”). І хоць Р. Падбярэскі і прыпісваў знаходку таленту сабе, але хутчэй за ўсё асноўная роля належала тут Л. Штырмеру[29]. Якраз яго літаратурны талент, яго літаратурная праца і з’явіліся тымі акалічнасцямі, якія падштурхнулі Я. Баршчэўскага звярнуцца ў сваёй творчасці да жанру прытчы.
Зрэшты, пэўную ролю Р. Падбярэскага таксама нельга адмаўляць ў гэтай справе. Р. Падбярэскі, дзякуючы сваім сувязям з славянафіламі (прынамсі, у маскоўскі перыяд свайго жыцця), ведаў пра нацыянальна-вызваленчую барацьбу паўднёва-славянскіх народаў, ведаў пра ролю літаратуры ў тагачасным грамадскім руху.
Такім чынам, скіраванасць Л. Штырмера на алегарычнае адлюстраванне рэчаіснасці ў мастацкім творы дапаўнялася скіраванасцю Р. Падбярэскага да выяўлення ў літаратуры нацыянальных адметнасцяў. Гэтыя ўплывы трасфармаваліся ў Я. Баршчэўскага ў цэласную сістэму, у аснове якое – беларуская нацыянальная ідэя.
Вядома, асобныя раздзелы “Шляхціца Завальні” цалкам падыходзяць пад вызначэнне “прытча”, але калі прыгледзяцца больш уважліва, дык ледзь не ўсе апавяданні адпавядаюць патрабаванням гэтага жанру. І сапраўды, як і належыць прытчы, у Я. Баршчэўскага яна ўзнікае толькі ў пэўным кантэксце і звычайна не мае развітага сюжэта, аднак нясе пэўны сімвалічны змест. Прытча Я. Баршчэўскага напоўнена рэлігійнаю маралістыкай. Паэтыка прытчы Я. Баршчэўскага падпарадкоўваецца законам сярэднявечнае хрысціянскае прытчы; звычайна адсутнічае апісальнасць мастацкае прозы заходнееўрапейскага тыпу: прырода і рэчы выкарыстоўваюцца надзвычай рэдка, дзеянне характарызуецца амаль поўнаю адсутнасцю дэкарацый. У пераважнай большасці выпадкаў героі прытчаў Я. Баршчэўскага не маюць “характара”. Не маюць героі (за рэдкім выключэннем) і партрэтнае характарыстыкі. Двух–трох штрышкоў пісьменніку звычайна дастаткова, каб вылучыць свайго героя з кола дзеючых асобаў. Часам гэтыя штрышкі замяняюць герою ўласнае імя. Напрыклад:
З’явіўся ў нашым маёнтку – невядома адкуль – нейкі дзіўны чалавек. І цяпер яшчэ памятаю аблічча, твар ды адзенне яго: нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны нос, як дзюба драпежнае птушкі, густыя бровы, пагляд яго – як у чалавека ў роспачы ці вар’ята, апранахі яго – чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас носіць пан ці ксёндз; ніхто не ведаў, ці быў ён свецкі, ці манах які, з панам размаўляў не нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што быў гэта чарнакніжнік…
Калі аўтару ў іншай прытчы патрэбны зноў гэты герой, дык ужо можна даць і карацейшую ягоную партрэтную характарыстыку:
чалавек на танюсенькіх нагах, худы, вочы круглыя, дробным і вострым тварам падобны да птушкі.
Або:
нейкі згорблены старац у чорнай вопратцы; твар бледны, ясныя вочы свяціліся з-пад густых броваў.
Ці яшчэ:
худы, заўсёды бледны, нос велізарны, бровы густыя, пагляд як ў вар’ята, вопратку меў чорную, доўгую і нейкую дзіўную.
Большасць іншых герояў Я. Баршчэўскага маюць уласныя імёны. Але зноў жа – пры амаль поўнай адсутнасці партрэта і характара.
Паспрабуем прааналізаваць схему пабудовы прытчаў Я. Баршчэўскага. Яна ўяўляецца нам наступным чынам. З пэўнага краю (аднекуль звонку) з’яўляецца на Беларусь “госць”. Ён непадобны на тутэйшых людзей (гл. ягонае апісанне вышэй); ён прыйшоў уплываць на насельніцтва гэтага краю, згуртоўваць сабе прыхільнікаў. Звычайна ён звяртаецца да пэўнае катэгорыі людзей, асобаў з пэўнымі асаблівасцямі характару (хоць і тут ёсць выключэнні). Аўтар называе яго чарнакніжнікам, чорным госцем, падкрэслівае гэтым самым яго пэўныя мажлівасці ўплываць на акружаючых. Праз нейкі час чарнакніжнік знікае (часцей за ўсё яго выганяюць ці ён, адчуўшы небяспеку, уцякае сам), але пасля сябе пакідае плады свае працы: яго падвопытныя становяцца зусім іншымі: да сваіх ранейшых заганаў яны атрымліваюць яшчэ заганы (з гледзішча здаровай беларускай маралі) і ад навукі “чорнага госця”. Гэта прыамбула ўсіх апавяданняў-прытчаў у “Шляхціцы Завальні”. У саміх жа прытчах пісьменнік даследуе лёс сваіх суайчыннікаў – прыхільнікаў чарнакніжніка; тых, каго чарнакніжнік спакусіў або яны былі змушаны звярнуцца да яго, пайсці да яго на службу. Лёс гэтых прыхільнікаў чарнакніжніка зазвычай трагічны: апынуўшыся па-за грамадствам, грамадою, яны або гінуць (як Карпа з апавядання “Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем” ці Васіль з апавядання “Зухаватыя ўчынкі”), або мусяць перабірацца ў “краіну чарнакніжніка” (як пан Скамароха з апавядання “Белая Сарока”), або ім наканавана пакутаваць за здраду, учыненую ці то дабраахвотна (як Альберт з апавядання “Вогненныя духі”), ці то несвядома (як Марка з апавядання “Ваўкалак”). Пры дапамозе гэтае трагічнасці Я. Баршчэўскі папярэджвае сваіх суайчыннікаў: не будзе шчасця тым, хто здрадзіў свайму краю; не прынясуць карысці тыя трыццаць срэбраннікаў, хто згодны часам за дробязь служыць акупантам; што хлеб калабаранта – горкі.
Выкарыстанне Я. Баршчэўскім народнае фантастыкі – гэта мастацкі прыём пісьменніка, неабходны яму дзеля ўвасаблення пэўнай ідэйна-эстэтычнай канцэпцыі. Тое ж, праўда, менш таленавіта ажыццяўляў і П. Шпілеўскі. Адно што ідэйная канцэпцыя Я. Баршчэўскага і П. Шпілеўскага прынцыпова адрозныя. У разнастайных перыядычных выданнях П. Шпілеўскі выкладае “сваё” разуменне беларускасці і Беларусі. Спачатку ў сваім “Даследаванні пра ваўкалакаў” ён супрацьпастаўляе вобразу ваўкалака-здрадніка, створанага Я. Баршчэўскім, вобраз забабоннага беларуса. Пра схаваную палеміку сведчыць пераказ (можна казаць нават пра пераклад) апавядання з “Шляхціца Завальні” “Ваўкалак”, у якім П. Шпілеўскі змяняе імёны герояў Я. Баршчэўскага ды пазначае, што запісаў дадзенае паданне “ў Аршанскім павеце Магілёўскае губерні”[30]. У тым жа 1853 г. П. Шпілеўскі дае сваю версію “фантастычнае Беларусі”. Яго праца “Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических ее сказках”[31] узнікла, бясспрэчна, пад уплывам “Шляхціца Завальні”, пра што сведчыць і назва, і спасылкі на асобныя вобразы твора Я. Баршчэўскага (перадусім, князя Боя і яго сабак Стаўры і Гаўры). П. Шпілеўскі запазычвае мастацкую схему свайго папярэдніка: ён стварае фантастычныя казкі на аснове беларускага фальклору і падае іх уперамежку з абрадавымі нарысамі і бытавымі замалёўкамі.
Відавочна, што разгляд твора Я. Баршчэўскага як структурна-кампазіцыйнага і мастацкага адзінства дасць мажлівасць адказаць на шэраг пытанняў. Заўважым: у нашым літаратуразнаўстве цэласнага аналізу “Шляхціца Завальні” яшчэ не праводзілася. Былі адно спробы аналізу асобных кампанентаў паэтыкі, стылю, эйдалогіі і г. д. Асобныя трапныя назіранні даследчыкаў-літаратуразнаўцаў тым не менш не склаліся ў цэласны малюнак і не далі сутнаснае характарыстыкі прозы Я. Баршчэўскага. Глыбінны сэнс твораў пісьменніка ўсё яшчэ застаецца недаступны. Тагачасныя палітычныя ўмовы вымагалі ад Я. Баршчэўскага стараннай кадзіроўкі ідэйна-мастацкае сутнасці сваіх твораў, а неабходнасць уздзеяння на чытача – абавязковага размяшчэння ў тэксце ключоў дзеля дэкадзіроўкі.
Творы еўрапейскага рамантызму, а таксама Біблія “падказвалі” Я. Баршчэўскаму шлях да адлюстравання сваіх погладаў на тыя працэсы, што адбываліся на Беларусі. У адрознасць гэтых поглядаў ад афіцыйных, ад поглядаў сярэдняга “благонамеренного” грамадзяніна імперыі (пра гэта можна даведацца са следчай справы В. Давіда), нягледзячы на нешматлікасць матэрыялу, сумнявацца не даводзіцца. І гэта першы (пазатэкставы) ключ да твораў Я. Баршчэўскага.
Усе іншыя ключы мы мусім шукаць непасрэдна ў саміх тэкстах. Надзвычай істотнаю падказкаю з’яўляецца, на нашу думку, вынясенне аўтарам у тытул твора наймення “Беларусь”. Гэтая назва, замацаваная царскай адміністрацыяй за пэўнай тэрыторыяй Вялікага княства Літоўскага, успрымаецца пісьменнікам як найменне яго роднага краю і становіцца аб’ектам даследавання, аб’ектам ягонае любові і натхнення. Беларусь і беларусы для Я. Баршчэўскага – гэта адметныя, самадастатковыя з’явы ў Сусвеце, у цывілізацыі. Пісьменнік бярэ на сябе адказнасць пазнаёміць чытача з гэтым краем, з “фантастычнай” Беларуссю, расказаць пра Беларусь пры дапамозе фантастыкі – алегорый і сімволікі. Відавочна, што аповяд пра Беларусь не мог быць без адлюстравання ейнага мінулага. Адсутнасць гістарычных даследаванняў пра край не магла быць тут перашкодаю: з аднаго боку існавала гістарычная памяць народа (асабліва пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў), а з другога – існавалі навуковыя працы пра гісторыю Рэчы Паспалітай (А. Нарушэвіча, Ё. Лялевеля), часткаю якое з’яўлялася Беларусь. Паказальна, што менавіта гісторыя Беларусі, мясцовыя гісторыя ў першую чаргу цікавіць Я. Баршчэўскага:
Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.
Зрэшты, гістарычнае мінулае толькі эпізадычна (наколькі захавалася ў памяці люду падзеі трох-чатырох стагоддзяў) з’яўляецца на старонках “Шляхціца Завальні”: у “Нарысе Паўночнай Беларусі” аўтар згадвае пра “валы, узнятыя чалавечаю рукою”, пра курганы-пахаванні, пра “страшнага волата Княжа”; у раздзеле “Успаміны пра наведванне роднага краю” – пра падзеі 1812 г.; у раздзеле “Думкі самотніка” – пра падзеі Паўночнай вайны (1700–1721). Аднак дадзеныя фрагменты гісторыі Беларусі з’яўляюцца толькі фонам асноўнае гістарычнае канцэпцыі Я. Баршчэўскага. Не яны валодаюць яго увагай, не яны (пры ўсёй іх значнасці) вызначалі тагачаснае жыццё Беларусі і беларусаў. Увага Я. Баршчэўскага нададзена зусім іншаму перыяду гісторыі Беларусі. Шэраг дэталяў, “раскіданых” у апавяданнях “Шляхціца Завальні” і “Драўлянага Дзядка і кабеты Інсекты”, паказвае, што асноўныя падзеі ў творах пісьменніка адбываюцца прыкладна ў адзін час. Зыходным пунктам дзеля такога сцвярджэння можа быць “Віленскі каляндар на гэты, 1817 год”, падараваны арганістам Андрэем шляхціцу Завальні. Безумоўна, гэта ключ-падказка: апавяданні сялянаў-падарожных, шляхціцаў, цыгана “гучалі” ў хаце Завальні на працягу восені 1816 – вясны 1817 гг. Прыняўшы пад ўвагу гэтую дату, няцяжка вылічыць час, пра які апавядаюць госці пана Завальні. Дзеля гэтага знаходзім наступныя ключы-падказкі. Напрыклад, у апавяданні першым пісьменнік дае лапідарную характарыстыку апавядальніка: “Гэта быў чалавек не маладых гадоў: валасы меў сівыя, але быў здаровы і моцны”, а пасля гэтага селянін расказвае пра сваё юнацтва: “Я быў зусім маладзён”. Тое ж падкрэслівае і “яго таварыш” – наступны апавядальнік: “Калі быў я яшчэ зусім малады”. Можна вызначыць і час дзеяння ў апавяданні “Радзімы знак на вуснах”, звярнуўшы ўвагу на ключы-падказкі: “Варка памерла” і “Калі было ўжо Варцы шаснаццаць гадоў”. Гэта самае знаходзім і ў апавяданні “Стогадовы стары і чорны госць”: “У маладосці я ведаў старога (…) прамінула гадоў дваццаць, як ён памёр”.
Апавядальнікі “Шляхціца Завальні”, пераважна сталыя, а то і старыя людзі (маладыя звычайна папярэджваюць: “чуў і я ад старых”), у 1816–1817 гг. прыгадваюць падзеі пяцідзесяцігадовае даўнасці, г. зн., падзеі 60–70-х гг. XVIII ст. Аўтар анідзе не называе дакладнае даты, не апісвае рэальных падзей, што мелі месца на Беларусі ў той час (спецыфіка мастацкага твора і не патрабуе гэтага!), але ў нас ёсць падставы казаць пра гістарызм Я. Баршчэўскага, гістарызм асаблівага роду: у прозе пісьменнка адлюстраваны не рэаліі, а дух пэўнага часу, пэўнага перыяду гісторыі Беларусі. Гэта міфалагічны гістарызм, гэта спроба вытлумачыць у форме рамантычна-прытчавых катэгорый пераломны момант у жыцці краю – першы падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога Полаччына (Беларусь Я. Баршчэўскага) увайшла ў склад Расіі.
Прынцыпы гістарызму Я. Баршчэўскага своеасаблівыя. Бясспрэчна, што ў аснове іх не “дакументальна-дакладнае апісанне ў літаратурных творах сапраўдных гістарычных падзей, фактаў і рэальных гістарычных асоб”[32]. І ў той жа час падыход Я. Баршчэўскага да рэальнасці характарызуецца “разуменнем яе дыялектычнай зменлівасці ў часе, сацыяльнай абумоўленасцю падзей і паводзін чалавека”[33]. Гістарызм Я. Баршчэўскага – гэта гістарызм рамантычнага тыпу, які ідзе ад нямецкага класічнага ідэалізму. Пісьменнік толькі на першы погляд, нібыта пазбягае гісторыка-канкрэтнай рэальнасці, але, па сутнасці, яго проза з’яўляецца міфалагізаванай копіяй гэтай рэальнасці. Беларуская рэчаіснасць 60–70-х гг. XVIII ст. адлюстроўваецца Я. Баршчэўскім праз прызму фальклорна-міфалагічных уяўленняў беларуса-селяніна, беларуса-шляхціца. І гэта быў адзіны магчымы шлях, каб, апавядаючы пра лёсавызначальную падзею ў жыцці народа, паказаць і сённяшні стан рэчаў, і актуалізаваць патрыятычныя пачуцці, і падтрымаць веру ў лепшае будучае.
Тэксты пісьменніка ўжо першапачаткова мелі адмыслова-вобразнае адлюстраванне рэчаіснасці. Сутнасць гістарычнае падзеі, яе прычыны і вынікі падаюцца ў сімволіка-алегарычнай форме. І гэтым проза Я. Баршчэўскага адрозніваецца ад народнае казкі, легенды, падання, якія ўзнікалі звычайна як дастаткова рэалістычнае адлюстраванне канкрэтнага факта і былі зразумелыя слухачам як у пэўнай ступені саўдзельнікам ці назіральнікам тае ці іншае падзеі. Фантастыка Я. Баршчэўскага хоць і нараджалася на аснове рэальнасці, але большасць чытацкае аўдыторыі, адарванае ад падзеяў некалькімі дзесяткамі гадоў, не заўважала аніякае сувязі між імі. Фантастыка Я. Баршчэўскага была для іх ці то наследаваннем рамантычнае фантастыкі Гофмана, ці то перакладам на польскую мову беларускай народнай творчасці. Відавочна, аўтарам рабілася стаўка на дасведчанага чытача; бо толькі ён мог спасцігнуць сэнс сакральнага пласта твора. Менш абазнаная публіка трапляла пад поле ўздзеяння незвычайнае любасці да роднага краю, Беларусі; таго поля, якое актуалізоўвала ў свядомасці заснаваныя на хрысціянскіх традыцыях пачаткі дабра і зла, характэрныя беларусам традыцыі і філасофію. І ўжо зусім не знаёмы з беларускім краем і народам чытач атрымліваў першапачатковыя звесткі пра Беларусь, яе амаль незакранутую цывілізацыяй культуру, дзіўны і шмат у чым дзікі (адносна адукаванага чалавека сярэдзіны XVIII ст.) лад жыцця (або космас) беларуса. Вучоны – фалькларыст ці этнограф – бачыў у апавяданнях Я. Баршчэўскага свет беларускіх прымхаў і забабонаў.
Мы не ведаем, наколькі чытацкае ўспрыняцце твора задавальняла аўтара: ён не пакінуў, здаецца, аніякіх допісаў на гэты конт, як, зрэшты, і не даў тлумачэння (каментару, высноў і г. д.) сваім апавяданням-прытчам, не пастараўся данесці іх нашчадкам. У падцэнзурным выданні ён не мог ісці шляхам байкапісца, які ў апошняй страфе свайго твора звычайна акрэсліваў кола закранутых праблемаў; не мог ён ісці шляхам Гофмана, які напрыканцы сваіх аповесцяў расшыфроўваў сваю алегорыю; не мог выкарыстаць дзеля гэтага паэтыку прытчаў Новага запавету: апошні кампанент прытчы – тлумачэнне – у Я. Баршчэўскага адсутнічае.
Дадзеныя акалічнасці, надаючы твору (увогуле, усёй прозе) Я. Баршчэўскага арэол таямнічасці і нават алагічнасці асобных апісанняў, прыцягваюць нашу ўвагу, але, бясспрэчна, патрабуюць грунтоўнага аналізу, каментару, дэкадзіроўкі тэксту. Літаратуразнаўчы аналіз творчасці Я. Баршчэўскага праз прызму міфалагічнага гістарызму дапаможа высветліць шмат якія аспекты паэтыкі пісьменніка, высветліць яго мастацкія прыёмы адлюстравання рэчаіснасці.
– Схематычна гістарычную канцэпцыю Я. Баршчэўскага можна падаць наступным чынам: на Беларусь прыходзяць чужынцы, якія з дапамогаю подкупу атрымліваюць уладу над асобнымі панамі, пазней нават сялянамі. Беларусы, трапіўшы ў залежнасць ад чужакоў або дабраахвотна пайшоўшы да іх на службу, дапамагаюць ім апанаваць увесь край, у якім карэнным чынам змяняецца ўвесь лад жыцця. Дадзеная схема выяўляе ледзь не агульную беларускую грамадскую думку адукаванае часткі насельніцтва першае паловы ХІХ ст. адносна акту анексіі Расійскай імперыяй часткі Рэчы Паспалітай.
Нязгода з новым станам рэчаў вымушала прыхільнікаў аднаўлення незалежнасці краю шукаць і аналізаваць прычыны заняпаду, прапаноўваць шляхі да адраджэння. Якраз гэтую праблему паспрабаваў вырашыць у мастацкім творы Я. Баршчэўскі. Чыста палітычную схему ён ажывіў мастацкімі сродкамі і прыёмамі, агітацыйную рыторыку замяніў літаратурнай вобразнасцю, надзённы нацыянальна-вызваленчы змест захінуў формаю прымітыўнае сялянскае гутаркі пераважна на бытавую тэматыку з элементамі народнае фантастыкі. Дадзеная асаблівасць стылю пісьменніка прадвызначала прынцыпы кампазіцыі твора: Я. Баршчэўскі не мог пераймаць “формаў, якія любілі пісьменнікі ангельскія, нямецкія або французскія”, бо не меў мажлівасці падаць чытачу цэласны малюнак, сатканы на аснове нацыянальных колераў. Заставалася адно хаатычна размясціць фрагменты гэтага малюнку, аддаўшы чытачу права самому адшукаць істотнае, вылучыць яго на пярэдні план, пакідаючы ўсё астатняе ў якасці фону.
Асноўную нагрузку павінны былі несці апавяданні – адносна завершаныя гутаркі-гавэнды пра нібыта розныя жыццёвыя здарэнні на Беларусі. Такіх апавяданняў у “Шляхціцы Завальні” чатырнаццаць, але цэлы шэраг раздзелаў твора, на атрымаўшы статусу апавядання, мала чым адрозніваецца ад яго. Напрыклад, – “Рыбак Родзька” (тут, дарэчы, выкарыстана тое ж паданне, што і ў баладзе “Зачараванае возера”), “Сын Буры”, “Твардоўскі і вучань”, “Таварыш у падарожжы”, “Рада”.
Нельга лічыць, што кніга Я. Баршчэўскага – гэта зборнік сюжэтна не звязаных апавяданняў-фантасмагорый, (зрэшты, ужо пэўная незавершанасць апавяданняў пісьменніка “падказвае” шукаць у іншых частках вырашэння тае ці іншае праблемы). Відавочна, што сюжэтны ланцуг мы можам выявіць не толькі ў формаўтваральнай абалонцы твора (восень 1816 – вясна 1817 гг., дом шляхціца Завальні, госці гаспадара ды іх аповяды), але і ў змесце асноўнага тэксту. Не маючы матэрыялаў і рукапісаў пісьменніка, амаль не ведаючы гісторыі стварэння “Шляхціца Завальні”, няпроста прасачыць фабулу твора. Тым болей, што мы, відавочна, не маем усіх апавяданняў. Прыгадайма, напачатку аўтар сцвярджаў, што “павінна выйсці адзін за адным шэсць томікаў”, а, урэшце, з’явілася толькі чатыры. Магчыма, інакш арганізаваныя апавяданні абяцаных двух томікаў утварылі аповесць “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта”; магчыма, аўтар не надрукаваў тыя з апавяданняў, алегорыя якіх “прачытвалася” няўзброеным вокам. З гэтае прычыны сёння ўзнавіць фабулу “Шляхціца Завальні” цяжка. Храналагічна ледзь не ўсе тэксты маюць прыкладна адзін пункт адліку – 60–70-я гг. XVIII ст. Але на дапамогу прыходзяць тэксты “Драўлянага Дзядка”. Вынаходніцтва Г. Грубера прывязвае час дзеяння раздзелаў аповесці да ўсё тых 70-х. І толькі ў адным апавяданні твора – “Кабеце Інсекце” – аўтар пераносіць дзеянне ў далёкае мінулае. Пісьменнік з дапамогаю прыёма градацыі падкрэслівае “старадаўняе” паходжанне свае гераіні: “Даўней жыла ў нашым краі багатая пані”, “яна ўжо састарэла”, “дазволіў [Бог] доўга жыць на гэтай зямлі”, “гадоў сто пані пражыла”, “доўга так жывучы”, “шмат гадоў прамінула”. І толькі тады пачынаюцца асноўныя падзеі, а менавіта, за грахі і злачынствы свайго жыцця гераіня (Я. Баршчэўскі не падае ні імя, ні прозвішча) “сохла і пакрысе змяншалася”, урэшце ператварылася ў інсекту. Характэрна, што пераўвасабленне багатае пані ў інсекту супадае па часе са з’яўленнем новага гаспадара ейных уладанняў. Цікава, што аўтар называе гэтага героя – пан А. Тым самым, відавочна, пазначаючы, што падзеі адбываюцца ў часы Аляксандра І, таго, хто спрыяў рэфармаванню Полацкае езуіцкае акадэміі. І, менавіта, цяпер адбываецца яшчэ адна метамарфоза – кабета Інсекта ператвараецца ў Плачку:
З’явілася яна аднойчы ксяндзу ў пекным аблiччы, падобная да анёла, нiмб вакол чароўнага твару, сукенка бялейшая за снег. Яна падзякавала за малiтвы, навукi i клопаты дзеля яе i ў мiг вока знiкла.
На нашу думку, дадзеная навела з’яўляецца алегарычным увасабленнем мінулага Беларусі: Я. Баршчэўскі імкнецца патлумачыць, чаму край надзвычай лёгка, амаль без супраціву быў захоплены іншай дзяржаваю. Асноўную прычыну пісьменнік бачыць у тым, што гаспадары краю забылі “пра веру і абавязкі хрысціянскія” ды здзекаваліся са сваіх падданых. Напачатку, нягледзячы на ўсё гэта, люд даруе крыўды сваім гаспадарам:
Бачачы свой блiзкi скон, яна перамянiла свае звычкi, зрабiлася пабожнаю i мiласэрнаю, давала мiласцiну жабракам, адпiсала нейкiя грошы на кляштары ў Полацку, абы малiлiся ўсюды, каб Бог даў ёй здароўе i дазволiў доўга жыць на свеце. Зазванiлi ва ўсiх касцёлах, сабраўся люд, абвясцiлi пра гэта з амбона, паляцелi ў неба малiтвы пабожных людзей i весткi пра святыя ахвяры. Залагоджаны малiтвамi вернiкаў, Бог злiтаваўся над грэшнiцаю, дазволiў доўга жыць на гэтай зямлi i чакаў пакаяння.
Але калі праз нейкі час “гнеў і жорсткасць яшчэ болей выраслі”, насельніцтва краю адраклося ад сваіх уладароў. Край пачаў змяншацца, “усыхаць”, каб пазней знікнуць зусім з карты свету і толькі пад уплывам хрысціянства маральна перамяніцца ды ў вобліку Плачкі нагадваць пра сваё мінулае.
Дадзеная трактоўка навелы “Кабета Інсекта” дазваляе зразумець спецыфіку вобразнае сістэмы як аповесці “Драўляны Дзядок”, так і “Шляхціца Завальні”. Відаць, невыпадкова гэтая навела з’явілася ў друку (сакавік 1844 г., “Niezabudka”) раней за першы томік “Шляхціца Завальні” – пісьменнік даваў чытачу мажлівасць зразумець палітычныя алюзіі свайго галоўнага твора праз агульнасць алегарычных вобразаў. Нягледзячы на тое, што гэтыя персанажы не ідэнтыфікуюцца аўтарам з дапамогаю ўласных імёнаў, чытач павінен быў звярнуць увагу на апісанне іх знешняга вобліку.
Знаёмства з героем пры дапамозе прыёму апісання характэрных яго асаблівасцяў дастаткова часта выкарыстоўваецца пісьменнікам. Прычым не толькі дзеля герояў, створаных фантазіяй Я. Баршчэўскага, але і дзеля рэальных гістарычных асобаў. Напрыклад, Кацярыны ІІ: “Белая Сарока мудрасцю свет здзіўляе, яе твар – цуд прыгажосці, постаць высокая, велічная” або “кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці”. Увогуле, здзіўляе смеласць пісьменніка, што адважыўся падаць дадзены тэкст з такімі празрыстымі партрэтнымі намёкамі ў цэнзурны камітэт. Відавочна, ён разлічваў на здольнасць кантэксту гэтага апавядання і гэтага персанажу рэтушаваць сапраўдную сутнасць ідэйнае скіраванасці твора. Навела “Белая Сарока”, на нашу думку, займае адну з самых значных пазіцый ў структуры “Шляхціца Завальні”. Перадусім, аўтар вядзе тут гаворку пра асобаў, якія адыгралі важную ролю ў анексіі Вялікага княства Літоўскага – Беларусі. Фактычна, пісьменнік паказвае, што адбывалася ў вышэйшым свеце беларускага грамадства напярэдадні і ў часы падзелу 1772 г., падкрэслівае, што іхняя змова з агрэсарам становіцца асноўнаю прычынаю таго, чаму край пераходзіць пад уладу суседняе імперыі. Я. Баршчэўскі не быў далёкі ад праўды, калі працэс анексіі трансфармаваў наступным чынам: пасланец Белае Сарокі прапануе пану Скамароху, што не вызначаўся прыхільнасцю да свайго (краю, традыцый і г. д.), перайсці на службу да ягонае гаспадыні. Герой, пачуўшы пра бляск жыцця гаспадыні Паўночнае краіны і маючы надзею атрымаць належную ўзнагароду за свой учынак, дабраахвотна згаджаецца дапамагаць Белай Сароцы.
Пісьменнік зводзіць усё да асабістых якасцяў героя: “пан Скамароха быў надзвычай неспакойнага нораву, фанабэрлiвы i хцiвы, да суседзяў ездзiў толькi з прэтэнзiямi, меў грошы i заўсёды судзiўся, крыўдзiў бедных, удоў i сiрот. Яго падданыя мелi пекла на гэтым свеце”. Пасланец Белае Сарокі напачатку выклікае ў яго непрыязнь: “відаць, перада мною злы дух”. Нават сцверджанне госця, што “я падобны да цябе” не пераконвае пана Скамароху. Звернем увагу на гэтае выказванне пасланца Белае Сарокі. Я. Баршчэўскі адным штрышком пазначае: пан Скамароха гатовы служыць злу, бо ён усё тое ж зло. Думкі, мары і намеры пана Скамарохі, хоць пра іх нічога і не гаворыцца, з’яўляюцца для Белае Сарокі “памыснымі” і “прывабнымі”. Белай Сароцы надзвычай патрэбны ў краі, у Беларусі вось такія прыхільнікі, тыя, з дапамогаю каго яна за “велізарныя мяхі золата” зможа без вялікіх намаганняў і “законна” апанаваць край. Пра гэта яна двойчы просіць-папярэджвае пана Скамароху: “Я даўно мелася пабываць тут, спазнаць гэты край i яго жыхароў. Спадзяюся, што знайду тут сабе зычлiвых прыяцеляў” і “Я яшчэ наведаю гэты край. I ты пазнаёмiш мяне са сваiмi добрымi суседзямi”.
“Добрыя суседзі” неадназначна ўспрынялі звесткі пра намеры Белае Сарокі. З’явіліся як прыхільнікі, што “радавалiся i прасiлi пана Скамароху, каб пахвалiў iх перад Белай Сарокаю, калi яна другi раз наведаецца ў яго палац, i з нецярплiвасцю чакалi дня, калi змогуць яе ўбачыць”, так і недабразычліўцы чароўнае пані з Поўначы: “Некаторыя даводзiлi: тут схавана нейкая здрада i што заплацяць за яе вялiкiм няшчасцем”. Цікава, што характарыстыка Белае Сарокі просталюдзінамі сугучна негатыўная: для першага лёкая з’яўленне Белае Сарокі – гэта жыццё поўнае небяспекі сярод страшных гадзюкаў і пачвараў, гэта цёмная, доўгая і страшная ноч з невялікаю надзеяй дачакацца ранішняе малітвы і ўзыходу сонца. Другі лёкай прадбачыць жорсткія рэпрэсіі супраць усяго, што неадпавядае ўстаноўленаму парадку. Як вынік гэтага – аняменне (акамяненне) усяго жывога, якое цяпер паслухмянае волі Гаспадара і здзекліва смяецца з таго, што яшчэ спрабуе супраціўляцца: “Я крычаў, просячы дапамогi, ды на мой крык толькi камянi адказвалi дзiкiм смехам, i гул ад iх здзекаў лунаў над берагамi”. Вобраз закамянелае пустыні, скалы якое нагадваюць людзей, пазней пісьменнік здолее развіць у апавяданні “Дзіўны кій”, але ўжо ў гэтым апавяданні заўважаецца сур’ёзная праца пісьменніка над вобразамі свайго твора, прадуманасць малюнкаў.
Прылёт пасланца Белае Сарокі ў край у народным уяўленні – гэта прылёт цмока, які “нёс золата для нейкае душы, што пабраталася з д’яблам”. І адначасна ўяўленне больш асвечанага класа (“аканом казаў”) нараджае зусім іншыя малюнкі: “бачылi кабету, якая плакала на цвiнтары, ды так, што яе голас наводзiў на ўсiх трывогу i смутак”. З’яўленне Белае Сарокі, пачатак ажыццяўлення ейных намераў выклікае адпаведную рэакцыю Плачкі-Беларусі, яе “голас” трэба разглядаць як заклік-папярэджанне да ўсіх сумленных суайчыннікаў.
Я. Баршчэўскі яшчэ раз падкрэслівае: Белая Сарока – гэта зло для краю і зло ў першую чаргу для простых людзей: яны гэтае зло прадчувалі, але з-за здрады вышэйшага грамадства не змаглі перамагчы гэтае зло і зараз адчуваюць яго наступствы ва ўласным жыцці: “Тая страшная чараўніца патаемна разаслала ва ўсе бакі шкоднікаў, каб яны крыўдзілі бедных сялан”. Я. Баршчэўскі не ставіць перад сабою задачу распавесці пра тое, што здарылася, калі Белая Сарока апанавала ўвесь край. Пісьменніку дастаткова аднае невялічкае гісторыі, якую ён падае з дапамогаю народна-фантастычных сродкаў абагульнення. Беларускімі прымхамі пра чараўніцу, якая адбірае ў кароў малако, Я. Баршчэўскі, відавочна, тлумачыць тое рабаўніцтва, тыя захады гаспадыні з Поўначы, каб прыўлашчыць багацці гэтага краю (бо ж яна і раней цікавілася імі). Пры дапамозе прыёму градацыі пісьменнік яшчэ і яшчэ раз акцэнтуе на гэтым увагу: чараўніца забірае малако, з’яўляюцца такія “порсткія звяркі, што забіць іх было немагчыма, і яны па аборах стрыглі авечак, а мядзведзі, нападаючы ўсюды на пчальнікі, забіралі мёд”. І як зусім заканамерны працяг справы Белае Сарокі – з’яўленне зграяў ваўкалакаў, пярэваратняў, такіх як Марка з чацвёртага апавядання, тых, хто дабраахвотна ці па прымусе служыць Белай Сароцы.
На нашу думку, апавяданне “Белая Сарока” можна разглядаць як спецыфічнае мастацкае ўвасабленне падзей на Беларусі ў 70-я гг. XVIII ст., як шырокае панарамнае палатно падрыхтоўкі падзелу Рэчы Паспалітай, а таксама першых мерапрыемстваў царызму на забраных тэрыторыях. Прычым, асноўным персанажам з’яўляецца адзін з ініцыятараў падзелаў – Кацярына ІІ, а таксама ўплывовыя беларускія магнаты, што спрыялі расійскай царыцы ў ажыццяўленні ейных планаў.
У большасці іншых апавяданняў Я. Баршчэўскі аналізуе іншыя – дробныя ці то прыватныя – выпадкі, якія мелі месца ў час вызначальнай для лёсу краю падзеі. Пісьменнік спрабуе даць адказ: чаму так здарылася, чаму і селянін, і шляхціц, і пан адракаюцца ад свайго, ідуць на службу да чужынцаў. Ён імкнецца паказаць усе тыя шляхі, якія вядуць да здрады, скіроўвае сваю ўвагу на лёс суайчыннікаў-пярэваратняў.
Напачатку Я. Баршчэўскі ў якасці асноўнага (адмоўнага – падкрэслім) героя выкарыстоўвае прадстаўніка сялянства. У першых пяці апавяданнях толькі ён, прыгонны селянін-беларус, становіцца аб’ектам яго даследавання. Прадстаўнікі іншых класаў з’яўляюцца ў гэтых раздзелах эпізадычна, хоць іхняя роля часам больш чым вызначальная. Але, відаць, пісьменнік яшчэ не адважваецца перакласці адказнасць і віну за перамены ў грамадстве на паноў і шляхту. І таму выключнае (бо сялянству не было характэрна адмаўленне ад свайго – і гэта пазней падкрэсліць аўтар) становіцца прадметам адлюстравання пісьменніка. Дадзены літаратурны прыём быў проста неабходны ў пачатку кнігі, змест якое – паводле заявы самога аўтара – складаюць народныя аповеды.
З’яваю ў літаратурным жыцці краю 40-х гг. ХІХ ст. стала аповесць “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта”. Папулярныя ў той час успаміны (перадусім, “Домік майго дзядулі” Ігната Ходзькі) падштурхнулі паэта паспрабаваць свае сілы ў гэтым жанры. А праца над “Завальняю” напоўніла гэтыя ўспаміны дзівоснаю народнаю фантастыкаю. Гэтыя празаічныя творы Я. Баршчэўскага ўзніклі прыкладана ў адзін час, іх аб’ядноўвае тэматычная ды ідэйная еднасць, шэраг сімвалічных ды алегарычных вобразаў, а таксама асоба самога аўтара. Дзеянне ў іх абодвух адбываецца на Беларусі. Вось толькі калі ў “Шляхціцы Завальні” гэта 1816–1817 гг. – час развітання апавядальніка з родным краем перад далёкім падарожжам “на поўнач”, дык у “Драўляным Дзядку” – сярэдзіна 30-х гг., як герой пасля семнаццацігадовае адсутнасці вяртаецца на Бацькаўшчыну.
Закончыўшы выдаваць “Шляхціца Завальню”, Я. Баршчэўскі хутчэй за ўсё ўвосень 1846 г. назаўсёды пакідае “паўночную сталіцу”. Ю. Барташэвіч, які інфармацыю пра апошнія гады жыцця пісьменніка атрымаў ад Генрыка Равускага, пра прычыны пераезду кажа так:
Апрача Беларусі, Баршчэўскі зусім не ведаў іншых ваяводстваў даўнейшае Рэчы Паспалітай. Настаўніцкая праца яму ўрэшце надакучыла, і ён захацеў на старасці адпачыць. Літаратар з шырока ўжо вядомым імем, ён марыў пабачыць іншыя куткі роднае зямлі. Выказаў гэтае жаданне пані графіні Юлі Равускай, якая якраз выпраўлялася з Пецярбурга ў свае маёнткі на Валыні. Баршчэўскі быў ужо колькі гадоў у доме графіні амаль сваім чалавекам. Пані Равуская вельмі ўзрадавалася і запрасіла яго з сабою ў Цуднаў[34].
Пэўна, па дарозе на Валынь Я. Баршчэўскі наведаўся ў Рудню, каб яшчэ раз сустрэцца з Юляй Корсак ды пакланіцца магіле Гаўдэнты Шапялевіча. Меў ён таксама нейкія справы ў Вільні ды іншых мясцінах Беларусі. Урэшце спыніўся ў Цуднаве (сёння г. Чуднаў) у доме графаў Равускіх. Прыязныя адносіны гаспадароў, наяўнасць вольнага часу дазволіла Я. Баршчэўскаму вандраваць па наваколлі, сустракацца са старымі ды новымі знаёмымі, сябрамі. Відаць, у часе адной з такіх вандровак пісьменнік наведаў маёнтак Аляксандра Грозы Салагубаўку. Літаратары маглі сустракацца і раней. Перадусім, у пачатку 40-х гг., калі А. Гроза стала жыў на Беларусі, а Я. Баршчэўскі штолета прыязджаў з Пецярбурга на Бацькаўшчыну. Але ва ўсякім выпадку цяпер Я. Баршчэўскі стаў для гаспадара Салагубаўкі нечаканым госцем. Іхняя сустрэча, апавяданні Я. Баршчэўскага пра сваё юнацтва, а таксама творы беларускага пісьменніка натхнілі А. Грозу на напісанне фантастычнае аповесці “Нечаканы госць”, вытрыманае ў стылі “Шляхціца Завальні”. А вось вандроўка ў мястэчка Янушполь і знаёмства з Францам Савічам (ці, хутчэй, з людзьмі, якія ведалі яго) ужо самога пісьменніка падахвоціла напісаць аповесць “Душа не ў сваім целе”, у якой, як і ў ранейшых творах пісьменніка, выяўляюцца рамантычныя тэндэнцыі. Усе тры персанажы падыходзяць пад вызначэнне рамантычнага героя. Напачатку аўтар стварае вобраз “пераўтваральніка прыроды” Гайнара, заснавальніка незвычайнага саду. Характэрна, што Я. Баршчэўскі апавядае пра Гайнараўскі сад пасля таго, як яго герой наведаў славутую Сафіеўку, апетую паэтамі ХVIII – ХІХ стст. Жывое супрацьпастаўляецца мёртваму. Пісьменнік нібы кажа: мастацтва павінна служыць роднаму краю. Яно можа быць простым, без аздобаў-упрыгожанняў, але мусіць мець практычную карысць. Невыпадкова, трэба думаць, змешчана тут і сімвалічная сцэна з габрэем-музыкам: выдаткаванне велізарных сродкаў на стварэнне Сафіеўкі – гэта з працы прыгонных, гэта вынішчэнне свайго ўласнага народа. Гайнар у адрозненне ад музыкі, – здаровы і моцны. Яго сад, яго праца, ягонае наследаванне прыродзе – гэта першая прыступка ў іерархічнай перамідзе служэння Бацькаўшчыне. Гэта той мінімум, якім можа (ці нават павінен) займацца кожны.
А вось у “таямнічага вучонага” пана Рыльца мэты больш складаныя. Яму нават жыць даводзіцца інкогніта. Яго праца (невыпадкова, трэба заўважыць, немагчымая без працы Гайнара) – уваскрашаць мінуўшчыну, уваскрашаць дапатопны час, г. зн. час да падзелаў Рэчы Паспалітай, каб мець мажлівасць параўноўваць мінулае ды сучаснае, каб выхоўваць гістарычную памяць суайчыннікаў. Пан Рылец абураецца сваімі землякамі, якіх цікавіць толькі камерцыйны інтарэс, якія не разумеюць яго і яго паплечнікаў. Няшмат яшчэ тых, хто можа смела сказаць: “Няхай славіцца Саламандра!”, хто верыць, што Саламандра адродзіцца, бо яна не можа загінуць.
Як і Гайнар, пан Рылец ведае абсяг свае дзейнасці і лічыць, што за межы гэтага абсягу выходзіць нельга. Яшчэ, маўляў, не прыйшоў час іншае працы, іншага віду барацьбы.
На трэцюю, самую высокую прыступку іерархічнае піраміды служэння Бацькаўшчыне Я. Баршчэўскі ставіць свайго галоўнага героя – “лекара” Саматніцкага. Прайшоўшы “навуку” ў Гайнара і Рыльца, ён выбірае іншы шлях, чым яго настаўнікі. Няспешна ісці да мэты – гэта не для яго. Ён хоча сучаснасць ператварыць у рай. А гэта патрабуе адпаведных сродкаў і нават ахвяравання сабою. Трагічны фінал аповесці як адлюстраванне рэальнага становішча ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе зусім заканамерны. Гінучы, герой прагне, каб пра яго ведалі і памяталі ў родным краі, на Бацькаўшчыне, якою ён трызніў усё сваё свядомае жыццё і народ якое не разумеў свайго сына.
Думаецца, што ўсіх сваіх герояў Я. Баршчэўскі “заўважыў” у рэальным жыцці. Ідэя служэння Бацькаўшчыне была даволі папулярнаю ў тагачасным грамадстве. І пісьменнік па-мастацку абагуліў пошукі лепшымі людзьмі краю шляхоў служэння Беларусі. Што датычыць вобраза Саматніцкага, дык ён (як слушна заўважыў яшчэ ў 60-я гг. Адам Мальдзіс) шмат у чым “спісаны” з беларускага паэта-выгнанца Франца Савіча. Верагоднасць сустрэчы Я. Баршчэўскага з Ф.Савічам вялікая: у другой палове 40-х гг. яны жылі ў суседніх мястэчках на Валыні.
У тым, што аповесць “Душа не ў сваім целе” нешта большае, чым апісанне незвычайных дзівосаў ды фантазій, пераконвае надзвычай паважнае стаўленне Я. Баршчэўскага да літаратурнае працы, разуменне ролі літаратуры ў грамадскім жыцці. Ва ўсіх яго празаічных творах змест пераважае над формаю, а алегарычнасць і сімвалізм фактычна ператвараюць асобныя іх часткі ў навелы-прытчы.
Зусім верагодна, што ў аснову паэмы “Жыццё Сіраты” пакладзены рэальны выпадак, які меў месца на Полаччыне ў маёнтках Лоўжа, Мосар ды мястэчку Сіроціна (сёння гэта Шумілінскі раён Віцебскае вобласці). Тыя мясціны Я. Баршчэўскі добра ведаў, бо ў маёнтку Мосар у пачатку 40-х гг. ХІХ ст. жыў супрацоўнік яго альманаха “Niezabudka” беларускі літаратар Вінцэнт Газдава-Рэвут, які, як сведчыць Генадзь Кісялёў, страціў сваю маёмасць (мажліва, якраз у сярэдзіне 40-х гг.).
Праўда, паэт не абмежаваўся адлюстраваннем у паэтычным творы сумнае гісторыі сіраты-дзяўчыны, якую апякун давёў да вар’яцтва ды завалодаў яе маёнткам. Гэтая жыццёвая гісторыя пад пяром Я. Баршчэўскага перарастае ў алегарычны малюнак нешчаслівае долі нашага краю, нашае Беларусі. Сірата – гэта той самы персанаж, які мы сустракалі ў “Шляхціцы Завальні”, гэта тая гераіня, што з’яўлялася ў сялянскім строі на вяршыні Пачаноўскае гары ды дапамагала сумленным людзям стаць беларусамі. Гэта тая ж Плачка-Беларусь, якая смуткуе па сваіх неразумных дзецях, што забыліся пра Яе, адракліся ад Яе, аддалі на здзек чужым людзям. Як і ў “Шляхціцы Завальні”, сімвалічны вобраз Беларусі выступае ў драматычнай паэме “Жыццё Сіраты” ў розных абліччах. Апрача Сіраты, гэта і Альма. Ужо само імя нясе важную сэнсавую нагрузку: па латыні alma – карміліца; тая, што корміць. У выніку розныя абліччы вобраза з розных бакоў характарызуюць яго. Так, пра Сірату – галоўны вобраз твора – мы даведваемся, што Яна мела добрых бацькоў, за якімі някепска жылося падданым; сяляне і зараз услаўляюць іх, моляцца за іх. Усё змянілася, калі Цэлінка (у беларускім перакладзе – Геленка) трапіла пад уладу Апекуна: падданыя “ў старасці жабруюць кавалак хлеба (…), палі зарастаюць дзікай травою, раскашуецца бяда й галеча”. Апякун праз нейкі час выдае Цэлінку замуж за такога ж як сам недавярка Собаля і разам з ім ужо па закону авалодвае набыткам Сіраты, якая не ў стане супрацьдзейнічаць гэтаму. Як лагічны канец – смерць Сіраты, і яна,
Як Анёлак з малітвай ў неба ўзляцела.
(…) Там гарыць над чалом з зор карона жывая.
Паралельна паэт падае іншае аблічча гэтага вобраза. Калі Сірата – гэта прошласць, дык Альма – гэта сённяшні дзень, гэта павадырская зорка для нешматлікіх абраных (накшталт Музыкі). Яна зрэдчас нагадвае ім:
Хай хоць азяблыя ў снах успаміны
Дух твой суцешаць загнаны...
Так, няхай хоць памяць пра былую веліч прынясе палёгку, прынясе надзею:
Хто спазнаў пазнаку духу,
Сам як дух непадупалы,
Здужае любую скруху.
І пярун не зрушыць скалы.
Бура скорыцца аблокам,
Бо святло смялей яснее,
Не цялесным бачыць вокам
Будучыню і надзеі.
Яна, Альма, верыць у вялікую сілу мастацтва, што можа абудзіць ад летаргічнага сну народ:
Pieśni wieszcza czas nie zmienia,
Burze, wiatry nie rozwieją,
Będą śpiewać pokolenia,
Ona ludu jest nadzieją.
Другі цэнтральны персанаж твора – гэта Севярын-Музыка, вобраз, што можна разглядаць як працяг такіх герояў “Шляхціца Завальні”, як Сын Буры, Пакутны Дух, Летуценнік Севярын; тых, хто зразумеў і ведае, хто такая Плачка, хто такая Сірата, хто такая Альма. Музыка, як і яго папярэднікі, не можа знайсці спакою на гэтым свеце, не можа змірыцца з тым, што чыніцца ў яго краі. Ён не можа “звыкнуцца” з светам, як раіць яму таварыш па полацкай школе Казарын. Ён у адчаі, бо яго песні разбіваюцца аб каменныя сэрцы адукаваных землякоў, а просты люд “стогне (…) ад непасільнае працы”. Музыка можа яшчэ скалынуць асновы несправядлівага ладу (як, напрыклад, напрыканцы першае часткі яго песня выклікае разбурэнне дома Апекуна), але змяніць яго карэнным чынам ён не здольны. Дык невыпадкова “гук” ягонае “арфы канае”. Рэчаіснасць не давала Я. Баршчэўскаму падстаў для аптымізму.
Паэтыка драматычнае паэмы “Жыццё Сіраты” – рамантычная. Прычым, спосаб асэнсавання народнае архаікі на ўзровень вышэй, чым у “Шляхціцы Завальні”. Хоць Я. Баршчэўскі і пісаў, што “не пераймае формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія”, але дзеля пабудовы гэтага твора шырока выкарыстоўваў літаратурныя прыёмы ды літаратурныя традыцыі. Колісь А. Мальдзіс пісаў пра ўплыў другое часткі “Дзядоў” А. Міцкевіча на асобныя фрагменты паэмы. Сёння можна ўпэўнена сцвярджаць, што і Міцкевічава “сяганне ў Краіну Духа” перанёс Я. Баршчэўскі ў свой твор.
Усюды, куды ён прыходзіў, яго міла прымалі, і ён гасцяваў па колькі дзён і тут і там. То вучыў панскіх дзяцей, то гутарыў з бацькамі. Не ленаваўся працаваць, заўсёды быў здаровы і бадзёры. Нарэшце вясковы спакой і свабода перамаглі. Калі пані Равуская вярталася ў Пецярбург, Баршчэўскі ўжо не хацеў з ёю ехаць; так упадабаў Цуднаў і жыхароў гэтае ваколіцы, што марыў назаўсёды застацца ў вясковым доміку графіні, хацеў пражыць тут рэшту жыцця і нават памерці ў гэтым шчаслівым вясковым кутку. (…) Толькі аднойчы з’ездзіў ён з Цуднава ў Адэсу, а астатні час бавіў у Кёлераў. (…)У студзені гэтага года ён смяртэльна занядужаў. Сумны канец прадбачыў Кёлер і сам Баршчэўскі. Поўны веры, праз увесь час хваробы аўтар “Завальні” думаў толькі пра Бога. Колькі разоў спавядаўся і прымаў Цела Збавіцеля. У дзень перад смерцю сам папрасіў пра апошняе памазанне Святым Алеем і прыняў гэты сакрамант у поўнай свядомасці, пасля чаго ўсё больш і больш пачаў слабець. Графіня Равуская і Кёлеры былі пры ім да апошняе хвіліны. Уладальніца Цуднава падала яму апошні кубак напою, а праз дзве гадзіны Баршчэўскі сканаў на руках у Кёлера – 11 сакавіка 1851 года. Чатырнаццатага сакавіка Баршчэўскага пахавалі на могілках у Цуднаве. Канстанцін Піятроўскі спрыяў таму, каб гэты сумны абрад меў адпаведную ўрачыстасць. Яму належыць падзяка ад літаратурнае браціі (Ю. Барташэвіч).
Чытаючы Я. Баршчэўскага, мы спасцігаем сваю гісторыю, спасцігаем светапогляд беларуса першае паловы ХІХ стагоддзя, спасцігаем саміх сябе, бо пісьменнік дастаткова поўна адлюстраваў у сваёй мастацкай творчасці космас беларуса, філасофію ды светапоглядную сістэму народа.
У той час, калі расійскі цар Мікалай І сваім загадам забараніў ужываць у афіцыйных дакументах тэрмін “Беларусь” (1840), г. зн. “аб’явіў” пра пачатак працэсу поўнае русіфікацыі беларусаў, Я. Баршчэўскі змяшчае гэты тэрмін на тытульным аркушы свае кнігі. Беларусь для яго адно толькі ў марах, уяўленнях, “фантастычных апавяданнях”, але яна ўжо ёсць, яна ўжо існуе. Выказаная аднойчы ідэя не знікае; тым больш, што гэтая ідэя матэрыялізавалася ў мастацкім творы. Дзякуючы Я. Баршчэўскаму, вобраз Беларусі становіццца сакральным, а беларуская ідэя – набыткам літаратурнае грамадскасці. Але пройдуць дзесяцігоддзі, перш чым знойдуцца ў Я. Баршчэўскага наступнікі, якія ўвасобяць ў жыццё мары і надзеі пісьменніка.
[1] Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня. С. 355.
[2] Архіепіскап Антоні [А. Зубка] ва ўспамінах “О греко-унитской церкви в западном крае” пісаў: “Иезуиты учили, что священнические дети суть незаконнорожденные, так по каноническому праву священники должны быть безбрачные. Поэтому священнические дети, во избежание насмешек, скрывали свое происхождение и переходили в латинство; в числе таковых был и родной мой брат. Один дальний родственник, сын священника Муроговской церкви Иван Барщевский, воспитанник иезуитский, сделавшись после польским литератором и описывая свою жизнь и отношения свои к отцу, ни одним словом не намекнул, что его отец был священником унитским, а назвал его шляхтичем из околицы Муроговской” // Русский вестник. Т. 53. 1864. Сентябрь. С. 287.
[3] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. СПб., 1907. Т. 2. С. 935–936.
[4] J.B. Jan Barszczewski // Dziennik Warszawski. 1851. N 22.
[5] Творы Я. Баршчэўскага цытуюцца паводле: Баршчэўскі Я. Выбраныя творы. Мн., 1998.
[6] Сцвярджэнне Р. Падбярэскага, што верш, напісаны “з нагоды залётаў да маладое панны Максімавічанкі”, трэба лічыць адно толькі літаратуразнаўчым тлумачэннем, пэўнай містыфікацыяй.
[7] На самай справе з 1834 г. і да смерці (1846) Гаўдэнты Шапялевіч, звольнены з Віцебскае гімназіі па справе Тадэвуша Лады-Заблоцкага, займаўся гаспадаркаю і літаратурнаю творчасцю ў сваім маёнтку Рудня.
[8] Каханоўскі Г. Вандраванні // Маладосць. 1984. № 10. С. 157.
[9] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Цэнтр гістарычнае дакументацыі. Фонд 2635. Воп. 1. Адз. зах. 1057.
[10] Звестак пра мужа Юлі Корсак у нас няма. Аніводнага разу ён не згадваецца ў лістах Я. Баршчэўскага. Хутчэй за ўсё, напрыканцы 30-х і ў 40-х гг. ён не жыў у маёнтку Рудня. Мажліва, быў сасланы ці эміграваў пасля паўстання 1831 г.
[11] Зямкевіч Р. Тарас Шаўчэнка і беларусы // Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн., 1964. С. 31.
[12] Рукапісны аддзел Нацыянальнай б-кі ў Варшаве. Рук. 2976. Арк.185. Ліст Э. Штырмер да А.Валіцкага.
[13] У 1841 г. падпісаліся на 302 асобнікі (наклад – 321. Сярод падпісчыкаў – В. Дунін-Марцінкевіч, П. Кірэеўскі, А. Міцкевіч, які падаў свой голас з далёкае Лазаны, дзе пэўны час чытаў ва універсітэце курс рымскае літаратуры). У 1842 г. падпісалася 218, 1843 г. – 231, 1844 г. – 281.
[14] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 6458ІV. Арк. 251 адв. – 252. Ліст Э. Штырмер да Ю.І. Крашэўскага.
[15] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 6457ІV. Арк. 12. Ліст С.А. Ляховіча да Ю.І. Крашэўскага.
[16] Перкін Н. Абсягі думкі. Мн., 1980. С. 205.
[17] Tygodnik Petersburski. 1842. № 46.
[18] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 6457ІV. Арк. 244. Ліст Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага ад 15.01.1842 г.
[19] Pielgrzym. 1843. T.II. Czerwiec.
[20] Tygodnik Petersburski. 1843. № 54.
[21] М. Грабоўскі, рэцэнзуючы “Niezabudkę” на 1842 г.
[22] Tygodnik Petersburski. 1843. № 61.
[23] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 6457ІV. Арк. 264. Кіеўскія кантракты – кірмаш, які звычайна адбываўся ў студзені.
[24] Rewolucyjna konspiracja w Królewstwie Polskim w latach 1840–1845. Edward Dembrowski. Wrocław, 1981. S. 294.
[25] Ibidem. S.299.
[26] Р. Падбярэскі меў намер надрукаваць гэтыя творы Я. Баршчэўскага асобнымі выданнямі. Гл. яго артыкул “Беларусь і Ян Баршчэўскі“.
[27] Pielgrzym. 1845. T. I. S. 205.
[28] Tygodnik Petersburski. 1845. № 74.
[29] Пра ўплыў М. Грабоўскага мы ўжо гаварылі.
[30] Шпилевский П. Исследование о вовколаках // Москвитянин. 1853. Т. ІІ.
[31] Шпилевский П. Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических ее сказках // Пантеон. 1853. Т. VIII. Кн. 3, 4. Т. IX. Кн. 5, 6. Т. Х. Кн. 7 ды інш.
[32] Прашковіч Л. Гістарызм у літаратуры // ЭліМБ: У 5-ці т. Мн., 1985. Т. 2. С. 84.
[33] Тамсама. С. 83.
[34] J.B. Jan Barszczewski // Dziennik Warszawski. 1851. N 24.