Да зместу

ПАЭЗІЯ 30-40 гг. ХІХ ст.
(Ян Чачот, Ігнат Легатовіч, Тадэвуш Лада-Заблоцкі)

Ян Чачот (1796–1847) пачаў сваю літаратурна-фалькла­рыстычную дзейнасць яшчэ ў філамацкія часы, калі ў яго творчай працы з’явілася арыентацыя на беларускую народную песню, на беларускае слова. Растлумачыць гэта можна тым, што сябра А. Міцкевіча паходзіў з найбяднейшае шляхты, роднаю моваю якое была беларуская. Пра гэта сведчыць і прыпіс да песні “Панічыку, наш кароліку”, змешчанай у “Вясковых песенках з-над Нёмана і Дзвіны”:

Гэтую песню я вывучыў ад жней у 1806 ці 1807 годзе ў Баранавічах, у Мышанскай парафіі, Наваградскім павеце, будучы яшчэ хлапчуком, і да гэтага часу захаваў яе разам з мелодыяй у памяці[1].

Да паступлення ў дамініканскі калегіум у Наваградку дачыненні Я. Чачота з польскаю моваю насілі нерегулярны характар, хоць рыхтуючыся да вучобы, ён мусіў вывучаць яе. Апынуўшыся ў коле віленскіх студэнтаў, большасць якіх выхоўвалася ў польскамоўных сем’ях, а беларускую мову ведала павярхоўна, Я. Чачот становіцца першым, хто ўводзіць беларускі фальклор (а пасля і мову) у літаратурны ўжытак філаматаў, прадвызначыўшы гэтым узлёт рамантычнага генія А. Міцкевіча. Сам жа Я. Чачот так і застаўся на прадрамантычных пазіцыях[2], але вусная народная творчасць беларускага народа становіцца яго ўлюбёным захапленнем.

Ужо ў філамацкі перыяд ім быў падрыхтаваны зборнік песняў у трох частках (1. “Песні Яна, спяваныя дзеля Зосі”; 2. “Зосіны песні, прыстасаваныя да народных вясковых песняў, з музыкай”; 3. “Элегіі”), у якім шмат твораў, напісаных паводле беларускіх песняў, якія ён памятаў з дзяцінства. Характэрна, што Я. Чачот не мае ў гэты час фальклорных запісаў[3]: пра гэта сведчаць шматлікія прыпісы ў зборніку, накшталт: “Радкі, узятыя ў двукоссе, пазычаны з песні, якая спяваецца на гэтую ноту. Наступных не ведаў і “даштукаваў”. У “Дадатку” да зборніка паэт абгрунтаваў сваю задуму пісаць творы паводле народных песняў. Па-першае, гэта імкненне, “каб прыемныя мелодыі народных песняў сталі сваімі дзеля вышэйшага класа”[4], г. зн. што ён, адзін з нешматлікіх абазнаных у гэтай справе, робіць тое, чаго не могуць іншыя: з дапамогаю народнае песні збліжае сялян і шляхту. Ён за тое, каб яго творы прыйшлі “ў пакоі”, а таксама, каб вярнуліся пад страху, апрацаваныя ды на іншай мове. Па-другое, прыцягнуць увагу да вясковых песняў, абудзіць ахвоту да іх збірання – зноў жа з тою мэтаю. Па-трэцяе, усё гэта, на ягоную думку, будзе пабуджаць пана да палягчэння быту сялянаў.

Дзесяцігадовая ссылка не перамяніла асветніцкіх поглядаў Я. Чачота, не перамяніла і яго дэмакратызму. Атрымаўшы дазвол пасяліцца ў Лепелі, Я. Чачот, нягледзячы на клапатлівую службу сакратара ў дырэкцыі Бярэзінскага канала, пачынае займацца тым, да чаго ўсё жыццё цягнулася яго душа: за год-два ім быў падрыхтаваны (пра гэта сведчыць прадмова, напісаная ў 1834 г.) першы томік “Вясковых песняў з-над Нёмана”. Верагодна, дзеля перакладу паэт выкарыстаў фальклорныя запісы, зробленыя ў ваколіцах Беліцы і вёскі Стокі. Іх дасылала яго малодшая сястра Тэкля. Што штурхала паэта перакладаць беларускі фальклор, ён тлумачыць сам у прадмове да зборніка:

Слухаючы з ахвотай вясельныя, дажынкавыя, купальскія ды іншыя песні, не раз будзем мы прыемна задаволены і, што яшчэ больш важна, набудзем большую прыхільнасць да нашых добрых земляробаў[5].

Як бачым, Я. Чачот фактычна паўтарае тыя ж думкі, што і ў “Дадатку” да “Зосіных песняў”. Разам з тым, з’яўляюцца і новыя:

Як бы я быў шчаслівы, калі б гэтыя песні былі скарыстаны ў нас на святкаванні Дажынак, Купалы і павялічылі тую ўзаемную прыхільнасць пана і селяніна, ад якой так многа залежыць![6]

Найвялікшая мара паэта – каб сяляне заспявалі яго польскамоўныя песні! Як растлумачыць гэта? Тым, што цёмны беларускі люд трэба далучаць да асветы праз польскую мову, ці што польская справа на Беларусі загіне, калі не будзе збліжацца з простым людам? Ці, можа, клопат пра маральнае ўдасканаленне грамадства больш хвалюе Я. Чачота?

Першы томік “Вясковых песняў з-над Нёмана” ўбачыў свет у 1837 г. у віленскай друкарні Завадскіх і меў, пэўна ж, поспех. Гэта заахвоціла Я. Чачота да працы. Ён просіць сваіх знаёмых дасылаць яму вясковыя песні. Па падліках Л. Малаш, толькі наддзвінскіх песняў было ў Я. Чачота 557[7]. Ён крапатліва працуе над імі і, урэшце, у 1839 ды 1840 гг. выдае яшчэ два зборнікі[8]. Параўнанне народных песняў двух рэгіёнаў дало мажлівасць паэту-перакладчыку зрабіць важную выснову: калі ў прадмове да першага томіка ён пісаў, што “на адлегласці колькі міль, нават паўмілі зусім розныя спяваюцца песні”[9], дык у прадмове да трэцяга, што

нават у далёка адлеглых паміж сабою вёсках яны вельмі падобныя, з невялікімі часам адхіленнямі ў словах. Нёман і Беліца ад Дзвіны і Бярэзіны і лепельскіх аколіц няблізкія, а песні іх усё ж падобныя; гэтакія ж песні і над Віліяй у Завілейскім павеце. Хто іх папераносіў? Не друк і творы, а памяць, сэрца і вусны братніх плямёнаў[10].

Шчыраю любоўю да простага чалавека, надзеяю, што прамень святла загляне ў цёмную хату, прасякнуты верш-прысвячэнне Я. Чачота “Любым сялянам з-над Нёмана і Дзвіны”, змешчаны ў трэцім томіку “Вясковых песняў”:

Калі ж вы чытаць ужо будзеце, брацця?

Вы ўведалі б з Божае ласкі,

Што вам неслі шчыра мы гэта багацце –

Ніў вашых калоссе і краскі.

Я з сэрцам удзячным дар шчодры во гэты

Кладу перад вамі мрою:

Калі і да вас блісне промень асветы,

Вы возьмеце дар мой з сабою.

А сёння хай знаюць вяльможныя людзі,

Хто працай узнёс іх у свеце.

Уклаў Бог адны нам пачуцці у грудзі,

Мы ўсе – адной мацеры дзеці[11].

                                 (Пераклад К. Цвіркі)

Варта адзначыць, што ўжо ў прадмове да першага томіка Я. Чачот абяцае, “Калі збор песняў павялічыцца”, выдаць іх разам з тэкстам арыгіналу. На справе гэта стала магчымым толькі ў 1844 г. у чацвёртым томіку “Вясковых песняў”. У гэты час хворы паэт атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму: да снежня 1844 г. жыве і працуе ў Шчорсах бібліятэкарам графа Адама Храптовіча. Дык дзеля чацвёртага томіка выкарыстаны песні Наваградчыны. Праўда, падаючы арыгіналы беларускіх песняў, Я. Чачот захоўвае наступную прапорцыю: 10 наднёманскіх і столькі ж наддзвінскіх.

Але найбольш цікавае ў томіку – гэта 28 твораў на беларускай мове, гэтак званыя “Уласныя вясковыя песні”. Тут Я. Чачот асноўную ўвагу звяртае на маральнае ўдасканаленне сялянаў. Ён вучыць цёмнага, забітага горам мужыка самым простым рэчам: не губіць сваё жыццё ў гарэлцы, не гультайнічаць, быць сумленным чалавекам, руплівым гаспадаром. Прычыны народнае нядолі паэт бачыў у абыякавасці пана, у ліхім аканоме, а таксама і ў самім селяніне, які прапівае грошы, не ўмее ўжыць іх так, каб яны прыносілі карысць. Ва “Уласных вясковых песнях” Я. Чачот сцвярджае, што чалавек ад прыроды разумны і добры, трэба толькі ўмець дапамагчы яму:

Паночкі, нашы кветачкі,

Вучыце нас, свае дзетачкі,

Як мы маем лепей жыці,

На вас, на сябе рабіці[12].

Яго ідэал мужыка ўвасоблены ў вобразе такога селяніна, які

     Трэзвы, гаспадарны!

Для такога ў цэлым року

     Жадын час не марны!

Лад у грамадстве, на яго думку, можа ўсталявацца, калі стануць гарманічнымі адносіны між селянінам і панам:

Пана Хрэптавіча мужыкі харошы,

Вясёлы, адзеты да і не без грошы.

(…) Мы панам шчаслівы! Да Бога заклічам:

Дай век доўгі жыці з нашым Хрэптавічам!

Дасягнуць такой салідарызацыі немагчыма з-за аканома, які “грош пану ў кішэню, // А два сабе ўложыць”. Фактычна, Я. Чачот паўтарае асветнікаў XVIII ст., якія з дапамогаю “ідэі добрага пана” збіраліся “даць грамадству мільён свядомых грамадзянаў”. Салідарызацыя ў тагачасных умовах давала патрыётам шанец і надзею на адраджэнне. Па гэтай прычыне паэт шмат увагі надае гаротнаму становішчу простага люду: праз іх маральнае ўдасканаленне, верыць ён, можна прыйсці да справядлівага жыцця.

Цікава, што да “Уласных вясковых песняў” Я. Чачот дадае і польскамоўныя іх адпаведнікі. Гэта ці не самая вялікая Чачотавая загадка. Польскія даследчыкі задаюцца пытаннем: навошта паэт перакладаў з беларускай мовы, ці не лягчэй было б адразу напісаць іх па-польску? I даюць адказ:

Справа ў тым, што ён свядома працаваў на народную культуру беларускай вёскі адначасова ў двух кірунках. Мясцовыя тэксты прызначаліся дзеля беларускага люду, асабліва дзеля тых, хто ўмеў чытаць, у той жа час польскія тэксты паэт скіроўваў да дзедзічаў, аканомаў і дворні, да асяроддзя, якое ў вялікай ступені адказвала за ўзровень вясковае культуры[13].

Але калі ўлічыць, што адукаваны селянін не горш чытаў па-польску за аканома ці дворню, а Чачотавыя зборнікі магла набыць толькі заможная шляхта, дык становіцца зразумела, што пытанне гэта такім чынам не вырашыць. На нашу думку, зварот Я. Чачота да творчасці на беларускай мове – гэта падсвядомае выяўленне стану ягонае душы, не цалкам яшчэ атручанае польскаю школаю, польскім касцёлам, польскаю ідэалогіяю. Менавіта думкі, што да маральнага ўдасканалення грамадства неабавязкова ісці праз польскую культуру. Аднак пра тое, што думкі паэта насілі супярэчлівы характар, сведчыць пераклад “Уласных вясковых песняў” на польскую мову. Пра гэтую ж супярэчнасць сведчаць і два наступныя томікі “Вясковых песняў”[14]. Зборнік 1845 г. – гэта, фактычна, вяртанне Я. Чачота ў 30-я гг.:

Народныя песні, аздобленыя музыкай вядомых кампазітараў і пры выкананні добрымі галасамі, абудзяць больш жывую ўвагу да аўтараў гэтых песняў – сялянаў[15].

Тут на першым плане і задача ўзбагачэння польскай культуры: дзеля разнастайнасці паэт перакладае нават украінскія песні, пачутыя ім ад знаёмых, а таксама са зборніка Вацлава з Алеска і Жэгота Паўлі. Зусім іншы наступны, апошні томік. Мяркуючы па ім, можна казаць пра тое, што Я. Чачот бачыў будучыню беларускай мовы, беларускай культуры:

Выдаючы сто песень, крыху прыказак на славяна-крывіцкай мове і яе самабытных слоў, я хацеў бы мець столькі ведаў і здольнасцей, каб даць нейкі граматычна-гістарычны нарыс гэтае мовы і падрыхтаваць для даследчыкаў славяншчыны грунтоўныя заўвагі, але паколькі гэта немагчыма, мушу абмежавацца адной падрыхтоўкай для іх невялікага матэрыялу да падобных заўваг і накідаць некаторыя, хоць сціплыя назіранні, якія ў мяне ў гэтых адносінах узніклі. Грунтоўны роздум над гэтай мовай, на якой на нашай памяці любілі размаўляць паміж сабою старыя паны, што яшчэ жывуць, на якой дагэтуль гавораць паны і аканомы з сялянамі, на якой пісалі ў нас некалі афіцыйныя акты, застаецца цалкам якому-небудзь здольнаму, можа селяніну, што праз навуку ўзнімецца да дольш глыбокага разгляду дасканала вядомай яму мовы[16].

Здавалася б, у грамадстве адбыўся пэўны зрух, які даў магчымасць гаварыць пра раней забароненае. Але ніякіх пераменаў у дзяржаўнай палітыцы і ў грамадскай свядомасці ў сярэдзіне 40-х гг. не было. Не з’явілася ў гэты час аніякіх навуковых працаў, дзе б закраналася гэтае пытанне. Таму слушна сцвярджае У. Мархель, што ў працэсе паглыблення ў працу над перакладамі беларускіх народных песняў Я. Чачот перагледзеў свае зыходныя пазіцыі і “ў рэшце рэшт востра ўсвядоміў неабходнасць таго, каб адрасаваць фалькларыстычную працу і ўласную песенную творчасць не толькі польскамоўнаму, але і беларускамоўнаму чытачу”[17]. Аднак жа “Песні земляўласніка”, “Маральныя апавяданні для дзяўчат”, “Рэлігійная паззія”, “Літоўскія песні”, “Жмудзь і Літва ў карыкатуры” ды інш. працы паэта абавязваюць вельмі асцярожна гаварыць пра перамену ў поглядах Я. Чачота. Польскамоўнае асяроддзе настолькі моцна трымала паэта, што зрабіўшы крок ад яго, пасля даводзілася рабіць ледзь не столькі ж назад. Народжанаму на гістарычнай Літве ў той час немагчыма было ўзначаліць беларускі рух: аднаго спачування і любові да русінскага ці крывіцкага племені мала. Беларуская дзейнасць Я. Чачота, што вынікала з яго беларускага паходжання і абароны беларускага прыгоннага селяніна, сталася сапраўдным каталізатарам росту нацыянальнай свядомасці адукаванага беларускага абывацеля. Чачотаў уплыў быў настолькі магутны, што наступныя пакаленні беларусаў залічылі яго ў шэраг пачынальнікаў новай літаратуры.

 

Ігнат Легатовіч (1796–1867) нарадзіўся ў маёнтку Малая Капліца Гродзенскага павета ў шляхецкай сямі. Атрымаўшы дыплом магістра Віленскага універсітэта (1817), працаваў выкладчыкам лацінскае мовы ў Мінскай гімназіі (1817–1839), школьным інспектарам ў Лепелі і Вілкаміры. У 1846 г., страціўшы зрок, пераехаў у Мінск, дзе заняўся рэпетытарствам і літаратурнаю творчасцю. Вершы і эпіграмы І. Легатовіча карысталіся вялікаю папулярнасцю ў тагачасным грамадстве. Паэт высмейваў і агульначалавечыя заганы, і непрыстойныя паводзіны ды ўчынкі канкрэтных асобаў. Эпіграмы І. Легатовіча скіраваны супраць зладзеяў, п’яніцаў, злосных жонак:

“Харон! Маю нядаўна перавёз ты жонку

Элеанору?” – “Так”. – “То дзе ўжо тая ведзьма?” –

“На Елісеях”. – “А ў якую мне старонку?” –

“Туды ж”, – сказаў Харон. – “То лепш у пекла едзьма”[18].

                                         (Пераклад У. Мархеля)

З’едліва іранізуе паэт са скупых

Хто болей бліжнім спрыяе,

Болей любві да іх мае,

Чымся скупец? Бог да раю,

Пэўна, яго ўжо залічыць:

Грошы жыццё ўсё збірае

Тым, хто яму смерці зычыць[19].

               (Пераклад К. Цвіркі)

і графаманаў

– Вой, вой! Дом мой абабралі!

– Ах, шкадую, пан цябе я.

– Вершы ўсе мае пакралі!

– Ах, як шкода мне зладзеяў![20]

                     (Пераклад К. Цвіркі)

“Асаблівы рахунак выстаўляў ён дактарам праз шматварыянтнае раскрыццё вобраза эскулапа, лячэнне якога не толькі спустошвае кішэню хворага, але і скарачае яго чалавечы век. Тут, найхутчэй, выявіўся горкі жыццёвы вопыт паэта: страціўшы зрок, ён доўга і безвынікова спрабаваў вярнуць яго з дапамогаю медыцыны”[21]:

Павел-лекар без сумнення

Не жыве з таго ўжо лета;

Ён памёр, як збаўца света,

Дзеля нашага ўцалення[22].

     (Пераклад У. Мархеля)

Самым вядомым творам І. Легатовіча была эпіграма на смерць жорсткага прыгонніка маршалка Мінскае губерні Леана Оштарпа:

Са смерцю Оштарпа

усё інакшым стане:

Панове кінуць піць,

Пачнуць есці сяляне[23].

  (Пераклад К. Цвіркі)

Сацыяльны аспект з’яўляецца асноўным і ў эпіграме “Адказ хлопа”:

Лямпы ўсе гараць: да пеўняў

Зноў банкет у пана, пэўне,

У палацы – скрыпак зыкі,

Жарты, радасныя ўсклікі,

Скокі, тосты, а задзіры

Унь салют даюць з марціры.

“Хлоп, з якой той баль прычыны?

Там вяселле? Імяніны?”

Хлоп жа, бледны, абадраны,

У адказ: “Фэст гэткі ў пана

Кожны дзень: з заморскіх чашаў

За здароўе там п’юць наша”[24].

                  (Пераклад К. Цвіркі)

Пэўна, антыпрыгонніцкі пафас дадзеных твораў І. Легатовіча стаўся тою акалічнасцю, якая звязала асобу паэта з ананімна надрукаваным у альманаху Адама Пянькевіча “Bojan” (1838) вершам “Скажы, Вяльможны Пане…”

– Скажы, Вяльможны Пане,

Шчо в нашым будзе стане?

Бо мне не што ш казалі,

Што вы неслушне давалі

У марцу подымнэго?

– A tobie, chłopie, co do tego?

– Правда што вы панамі,

Покуль жывеце над намі!..

Але шчо з того будзе?

Колі станем на судзе?

Не скажэш, пане, тэго:

Co tobie, chłopie, do tego[25].

“Яго змест вельмі паказальны: у ім заключаецца нібы кароткі пераказ пазнейшай беларускай літаратуры, якая дзесяцігоддзямі будзе асвятляць выключна дачыненні селяніна да шляхты”[26], – пісаў польскі вучоны Юзаф Галомбак, сцвярджаючы ўслед за Раманам Суніцаю (Рамуальдам Зямкевічам)[27] аўтарства І. Легатовіча. Аднак прыняўшы пад увагу шматлікія недакладнасці ў працах Р. Зямкевіча, можна ўсумніцца ў гэтым. Сапраўды, выдавец “Bojana” А. Пянькевіч (1811–1879) у трыццатыя гады яшчэ не меў стасункаў з мінскімі літаратарамі. Закончыўшы (1837) Віленскую медыка-хірургічную акадэмію, ён заняўся літаратурна-выдавецкаю дзейнасцю. Кола яго знаёмых нешматлікае: у асноўным гэта блізкія на радзіме, віленская інтэлігенцыя, студэнты. (Прозвішчы апошніх, у тым ліку і Ф. Савіча, сустракаюцца ў спісе падпісчыкаў на сямітомнік А. Пянькевіча “Wybór poezyj z pisarzów polskich”. Wilno, 1835–1837). Дык мажліва, што верш “Скажы, Вяльможны Пане…” быў напісаны нейкім з сяброў Дэмакратычнага таварыства, атмасфера якога больш чым спрыяла нараджэнню такіх радкоў. Апрача таго, у Вільні жыў літаратар і паэт ксёндз Людвік Трынкоўскі, антыпрыгонніцкія творы якога шырока вядомы[28]. Цікава, што менавіта Л. Трынкоўскаму паказваў Ф. Савіч свае вершы. Адносна забароны і канфіскацыі альманаха, здаецца, няма канкрэтных матэрыялаў. Хутчэй за ўсё другая частка “Bojana” не выйшла па фінансавых прычынах. Так, на першы томік падпісаліся 72 асобы (увесь наклад склаў 75 экзэмпляраў[29]), а г. зн. падпіска не пакрывала выдаткаў на выданне. Дык, як часта было ў тыя часы, выдаваць наступныя, нават падрыхтаваныя часткі не мела сэнсу.

 

 

Тадэвуш Лада-Заблоцкі нарадзіўся 28 жніўня 1811 г. у маёнтку Лугінава Сенненскага павета. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Віцебскай гімназіі[30]. Гэты перыяд паэтавага жыцця быў надзвычай спрыяльны дзеля таго, каб звярнуцца да творчасці на беларускай мове, бо уніяцкія святары і настаўнікі, хоць мова мясцовага насельніцтва і не вывучалася гімназістамі, звярталі на яе ўвагу[31]. Цікавым з’яўляецца і тое, што прыкладна ўвесь 1829 г. Т. Лада-Заблоцкі быў хатнім настаўнікам дзяцей пана Дышлеўскага ў вёсцы Вышадкі Суражскага павета, а пані Кацярына Дышлеўская, паводле Р. Падбярэскага, мела ў сябе аўтограф беларускай “Энеіды”[32]. Нават пад час вучобы ў Маскоўскім універсітэце Т. Лада-Заблоцкі не забываўся пра Бацькаўшчыну. Праўда, калі ў Маскву ён ехаў “с чувством приверженности к правительству из благодарности к Карташевскому”[33], дык уплыў тамтэйшых суайчыннікаў хутка прывёў яго ў лагер патрыётаў: “Я жадаў бы ператварыцца ў пошасць, каб адным подыхам мог атруціць і знішчыць творцаў няшчасцяў нашае зямлі”[34], – так напіша паэт у лісце да свайго сябра-аднадумца Зянона Міхалоўскага. Нягледзячы на настойлівую просьбу Т. Лады-Заблоцкага, З. Міхалоўскі ліст гэты не знішчыў, а перадаў настаўніку лацінскае мовы Віцебскае гімназіі Гаўдэнты Шалялевічу. У час вобыскаў на кватэрах віцебскіх гімназістаў, якія мелі неасцярожнасць спяваць патрыятычныя песні, паліцыя знайшла і ліст маскоўскага студэнта. Паўтара гады ўлады вялі следства, у выніку якога некалькі чалавек, у тым ліку і Т. Лада-Заблоцкі, былі прыцягнуты да судовай адказнасці. Праўда, па невядомай прычыне да суда іх выпусцілі на волю: пра гэта сведчаць прыпісы да вершаў 1834–1835 гг. Т. Лады-Заблоцкага, напісаных ў розных мясцінах Віцебшчыны.

Фактычна да сваёй высылкі паэт жыў на Беларусі, добра ведаў народныя звычаі і, вядома ж, тутэйшую мову. Найбольш яскравае сведчанне таму – балада “Зачараваная дзяўчына”, створаная на аснове падання, пачутага аўтарам яшчэ ў дзяцінстве “з вуснаў сляпога старца на гары Вегзаль (Замкавая), уласна на тым месцы, дзе, паводле гэтае балады, была колісь даліна з зачараваным замкам”[35]. Змест балады мае выразную рэлігійную афарбоўку: мужны сын полацкага князя, маючы намер трапіць у зачараваны замак, дзе спала непрасыпным сном дзяўчына, перамагае цёмныя сілы цудадзействам крыжа. Калі ж абуджаная дзяўчына выклікае ў княжыча палкае пачуццё, дык нябесныя сілы губяць яго, бо

… Ojca’ś omawił, krzyż tchnieniem złym splamił

I daru’ś jak trzeba nie użył[36].

Канфлікт героя з богам – тыповая з’ява для рамантычнае балады, а вырашае яго Т. Лада-Заблоцкі па законах хрысціянскае маралі і згодна з фабулаю народнага падання. Надзвычай важным для разумення асобы Т. Лады-Заблоцкага з’яўляецца прыпіс да гэтае балады. Ужо ў 1833 г. паэт пісаў:

Мне толькі застаецца пашкадаваць, што народныя песні беларускага люду, іх аповесці і паданні яшчэ дасюль не прыцягнулі ўвагі адукаваных маіх землякоў. Я перакананы (і, можа, слушна), што калі будуць сабраныя гэтыя матэрыялы, дык беларуская паэзія будзе мець сваю ўласцівую адзнаку і здольная будзе абудзіць такую ж самую цікавасць і прывабнасць, як польская ці літоўская[37].

Такім чынам, Т. Лада-Заблоцкі ведае пра багацце вуснае народнае творчасці беларусаў, мае надзею, што менавіта фальклор надасць беларускай паэзіі большую вартасць і паставіць яе поруч з польскаю і літоўскаю. Верагодна, паэт мае на ўвазе літаратуры польскамоўныя, хоць нельга выключаць мажлівасць (ведаючы пра шырокае бытаванне твораў на жамойцкай мове) што гаворка ідзе і пра разнамоўныя літаратуры.

Звяртаючыся да землякоў з заклікам уважліва прыгледзецца да скарбу ўласнага народа, сам Т. Лада-Заблоцкі, здаецца, не зрабіў аніякіх крокаў у гэтым кірунку. Так, змест яшчэ аднае вядомае нам балады “Ляшка” пазычаны з твораў М. Стрыйкоўскага (ці Гільзена): ліцвін, вяртаючыся з паходу на Польшчу, разам з багатай здабычаю вязе паланянку-ляшку. Тая ж, вырашыўшы лепей памерці, чым стаць жонкаю “дзікага ліцвіна”, ашуквае яго:

Слухай, пусціш дадому –

Я сакрэт табе выдам,

Невядомы нікому!

Той сакрэт дапаможа

Назло сціжме варожай

Выйсці з сечы ўцалелым.

(…) Ты смяешся на гэта?

Тады сілу сакрэта

На мне спробаваць можаш.

Вынімай жа, ліцвіне,

Шаблю вострую з ножан,

Раз не верыш дзяўчыне![38]

(Пераклад К. Гадыцкага)

Ліцвін, загубіўшы паланянку, горка перажывае: здавалася б пераможаная перамагае яго. Унутраная свабода героя мае немалое значэнне для самога паэта, які знаходзіўся ў той час (1835) пад судом (чакалася зацвярджэнне судовага выраку Дзярждэпартаментам).

Выкарыстоўваючы, як і А. Міцкевіч у “Трох Будрысах”, гістарычны факт з даўняе вайны ліцвінаў і палякаў, Т. Лада-Заблоцкі сімпатызуе прадстаўніцы народа, мова якога стала яго літаратурнаю моваю. Сімпатыі ж А. Міцкевіча цалкам на баку ліцвінаў. Таму балада А. Міцкевіча – гэта патрыятычны ліцвінскі твор, балада Т. Лады-Заблоцкага – ухваленне вальналюбства як з’явы, безадносна да канкрэтызацыі нацыянальных ці рэгіянальных патрыятычных пачуццяў.

Балада “Ляшка” пацвярджае думку, што беларуская нацыянальная самасвядомасць Т. Лады-Заблоцкага знаходзілася ў зародкавым стане. Таму казаць пра беларускамоўную творчасць паэта трэба надзвычай асцярожна, яна можа быць вытлумачана толькі як водгук на факт судакранання з паэзіяй і моваю простага люду.

Высылка Т. Лады-Заблоцкага ў 1837 г. на Каўказ у дзеючую армію перапыніла натуральны ход развіцця яго беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Але адвечная чалавечая цяга да таго кутка зямлі, дзе нарадзіўся і гадаваўся, да Бацькаўшчыны, да Беларусі прабівалася ў творах паэта-жаўнера. Найбольш характэрным у гэтых адносінах з’яўляецца верш “Да бярозы на Каўказскіх гарах”, які па форме і думцы нагадвае вядомы верш П. Панчанкі “Сустрэча з бярозай”, напісаны больш чым праз стагоддзе:

Wichrów swawola, czy człeka wola

Rzuciły ć brzoza na świata kraniec?

Może twe ziarno pod burzą czarną

Przyniosł z Północy błędny wygnaniec,

I na Kaukazu zasiawszy szczycie

Rękami ć pieścił własnemi;

I o dnia zmierzchu, i o dnia świecie

Polewał łzami rzewnymi[39].

Гэты верш напісаны 29 ліпеня 1839 г. у крэпасці Куба. Тым жа днём пазначаны і ліст да грузінскага паэта-рамантыка князя Міхала Туманішвілі, дзе апавядаецца пра пакуты выгнанца, пра яго ўдзел у вайсковых кампаніях расійскае арміі на Каўказе:

Наўючаны ранцам і сухарамі, са стрэльбай у руцэ, карабкаючыся па высях і абрывах, я не раз праклінаў каўказскія горы, не заўважаючы іх прыгажосці, і яны болей давілі на мяне, чым абуджалі вытанчанае пачуцце эстэтычнае красы. (…) Мая душа нямаяі калі з яе глыбіні вырвецца які-небудзь стогн, то ён болей падобен на крык Праметэя, які прыкаваны да аграмадзін Каўказа і нутро яго раздзіраюць нябесныя арлы[40].

Параўноўваючы сябе з Праметэем, ТЛада-Заблоцкі спадзяецца, пэўна, і на зяўленне Геракла, што прынясе вызваленне. I сапраўды, знаёмыя літаратары і сябры вызвалілі яго з духоўнае няволі. Кола іх было даволі шырокае. Тут і грузінскі паэт НБараташвілі, дочкі АЧаўчаваддзеНіна Грыбаедава і Кацярына Дадзіяні, азербайджанскі пісьменнік АБакіханаў, расійскі паэт ААдоеўскі. Іх узаемаадносіны (пра што няраз згадваюць многія даследчыкі) пэўным чынам уплывалі на светапогляд ТЛады-Заблоцкага: не малавядомую Беларусь, а Польшчу прадстаўляе ён у іх вачах.

Польскія настроі выгнанца падмацоўваў нешматлікі, але моцны асяродак такіх жа, як і ён, пакутнікаў, што паходзілі з тэрыторый былой Рэчы Паспалітай. Гэтыя людзі выпісвалі дазволеныя польскамоўныя выданні, якія тонкімі ніткамі лучылі іх з краем.

У пачатку 40-х гг. XIX ст., калі адбыўся своеасаблівы ўсплёск друкаванага польскага слова, гэтая, раней аднабаковая, сувязь стала ўзмацняцца, стасункі пачынаюць насіць двухбаковы характар. Усе, хто як-кольвечы валодаў пяром, мелі мажлівасць сказаць пра сябе, пра свае пакуты, далучаючыся такім чынам да літаратурнага жыцця ў краі.

У пачатку 1840 г. і Т. Лада-Заблоцкі адважыўся паслаць свае творы ў Пецярбург. Але з прычыны недакладна напісанага адрасу вершы, прызначаныя для “Niezabudki” Я. Баршчэўскага, вярнуліся назад, а дасланыя ў альманах “Zorzа Północnа” не ўбачылі свету, бо выдаць яго Юзафу Працлаўскаму не ўдалося.

I толькі трэцяя спроба паклапаціцца пра лёс сваіх твораў мела поспех. На гэты раз Т. Лада-Заблоцкі звярнуўся з вялікім лістом да Ю.І. Крашэўскага, які пачынаў выдаваць “Athenaeum”. Пасылаючы колькі сваіх і Уладзіслава Стральніцкага твораў, Т. Лада-Заблоцкі вырашыў звярнуцца да першага літаратара ў краі з просьбаю, каб той паапекаваўся ўсім яго творчым даробкам. Гэты ліст (як, дарэчы, і восем наступных) уяўляе пэўную цікавасць і падсвечвае асобныя дэталі літаратурна-грамадскага руху на Беларусі. Напісаны ён 15 лістапада 1840 г. з Тыфлісу:

У 1836 годзе, калі я рыхтаваўся да выезду з краю, пан Ігнат Цеханавецкі, сын маршалка Віцебскае губерні, кандыдат Дэрпцкага універсітэта, намовіў мяне аддаць яму ўсе мае рукапісы, абавязваючыся як найлепш выдаць іх у Ліпску ў Брайцкопфа і Гартэля пры пасрэдніцтве дэрпцкага кнігара Клюгэ і дазволам тамтэйшае цэнзуры. Ужо быў падпісаны кантракт і надрукаваны падпісныя білеты ў Дэрпце. Давяраючы святому слову прыяцеля і лічачы гэтую справу закончанаю, я ад’ехаў у Грузію, зусім не хвалюючыся пра гэты інтарэс. У 1839 годзе я атрымаў ліст ад Цеханавецкага, у якім ён паведаміў мне, што мусіў разарваць кантракт з Клюгэ, які больш клапаціўся пра сваю карысць, чым пра агульнае дабро, і запэўніў мяне, што праз два месяцы, не больш, надрукуе ў Пецярбурзе як вершы, так і іншыя мае творы, што меў у сваіх руках. Але калі на наступныя мае лісты ён ані разу не адказаў, калі два апошнія з іх я атрымаў назад, я пачаў хвалявацца ў скрусе, ці не загінулі мае рукапісы, а таксама ці не сталася чагосьці з іх выдаўцом. Правёўшы дзіцячыя гады ў Расіі і атрымаўшы адукацыю ў Маскоўскім універсітэце, я больш маю стасункаў з цэнтральнаю Расіяю, чым з нашым краем, дык не магу даведацца не толькі пра лёс маіх твораў, але нават і пра іх выдаўца. Мае рукапісы на адной толькі польскай мове, пакінутыя ў Цеханавецкага, наступныя: “Вершаваныя творы” (больш за дзевяноста, у тым ліку некалькі вялікіх паэмаў) – два тамы; “Аксэль”, паэма Тэгнера[41], перакладзеная са шведскае, – адзін том; “Дзённік майго падарожжа з Віцебска ў Тыфліс і з Тыфлісу па размаітых краях за Каўказам” – тры часткі; “Збор новых вершаў, напісаных у Грузіі” (больш за сорак).

З іх толькі копію апошняга маю ў сябе, аўтографы двух сярэдніх аддаў ці адаслаў Цеханавецкаму, не пакінуўшы ў сябе аніводнага нават з іх вынятку, першага ж пакінуў на Белай Русі пяць копій. Першую, найбольш поўную, якая складаецца з усяго таго, што толькі напісаў вершам у часе майго побыту ў Расеі ці на Белай Русі, я аддаў Ігнату Цеханавецкаму; другая, не такая поўная, – у Аляксандра Абрампольскага, абывацеля Полацкага павета; трэцяя – у Вінцэнта Газдава-Рэвута, маршалка Гарадзецкага павета; чацвёртая – у нябожчыка Юзафата Яхімовіча, магістра Віленскага універсітэта, абывацеля Гарадзецкага павета; пятая (сам аўтограф-чарнавік, што складаецца з пяцідзесяці маіх вершаў) – у руках майго сваяка Юры Лады-Заблоцкага, абывацеля Себежскага павета Магілёўскае губерні. Я чуў, што пан Абрампольскі надрукаваў у “Birucie” колькі з гэтых твораў пад крыптанімам T. Ł. Z.[42] Але ці надрукавана дзе-небудзь штосьці яшчэ з іх – я зусім не ведаю. Дык просьбу сваю выкажу ў некалькіх словах. Ці не мог бы Пан Дабрадзей звярнуцца праз “Athenaeum” і “Tygodnik Petersburski” да ўсіх, хто мае мае рукапісы, каб выслалі іх Табе; а атрымаўшы, сістэматызаваць і надрукаваць іх ці то ў Завадскага, ці то ў Глюксберга. І хоць я сам не лічу, што мае працы маюць вялікую вартасць, але хацеў бы, каб яны, напісаныя з самымі чыстымі мэтамі, былі далучаны да агульнага скарбу нашага пісьменства, як удовін грош, пакладзены на алтар польскай мовы. Няхай я не атрымаю аніякае матэрыяльнае карысці, але буду шчаслівы, калі хоць адна мая думку, хоць адно пачуццё ўвойдзе ў сферу паняццяў маіх землякоў, – тады будуць узнагароджаны ўсе страты, якія я меў у жыцці. Як толькі Пан паведаміць адказ на маю просьбу, я збяру ўсё тое, што напісаў у Грузіі, і вышлю Яму. Прашу адказаць мне як можна хутчэй, бо ў першых днях сакавіка па абавязку мушу выехаць з Тыфлісу і не ведаю, як хутка вярнуся назад. На пачатку гэтага года я меў намер адведаць родны край, але акалічнасці ды справы не толькі цяпер затрымалі мяне за Каўказам, але нават цэлы наступны год не дазволяць мне выехаць адсюль. Больш за тое, маё аслабленае здароўе, што патрабуе цёплага паветра Усхода і тутэйшых мінеральных водаў, можа змусіць мяне назаўсёды застацца ў Грузіі або нават пераехаць далей на поўдзень у правінцыі, далучаныя ад Персіі. Не спадзяюся, каб калі-небудзь мог асабіста заняцца гэтаю справаю. Дык даручаю яе Пану Дабрадзею і хоць ведаю Пана толькі з літаратурнае славы, але ўнутранае перакананне кажа мне, што можаш выканаць маю просьбу, і што ў цяснінах Каўказу, у стэпах Грузіі і блізу гор старажытнага Арарату я паўтару са шчырай удзячнасцю Панскае імя[43].

Вядома, Т. Лада-Заблоцкі бачыў у асобе Ю.І. Крашэўскага найлепшага польскамоўнага (а значыць, польскага!) літаратара. Ідучы на супрацоўніцтва з ім, “каўказскі” паэт згаджаецца ісці шляхам Ю.І. Крашэўскага і выдаванага ім часопіса. Сказанае пацвярджаецца наступным лістом ад 3 сакавіка 1841 г., у якім Т. Лада-Заблоцкі, дзякуючы карэспандэнту за згоду прыняць на сябе клопаты па выданню яго твораў, шчыра паведамляе, што ў адчаі ён ужо схіляўся да думкі заняцца моваю і літаратураю чужога народа[44]. Фактычна, дзеля Т. Лады-Заблоцкага, як і дзеля шмат каго іншага, Ю.І. Крашэўскі становіцца пуцяводнаю зоркаю. Невыпадкова ў адным з лістоў выгнанец напіша: “I да каго ж бы мы звярнуліся, калі б Крашэўскі адмовіў нам у дапамозе?!”[45]

Праўда, нягледзячы на тое, што ў пяці лістах за 1841–1843 гг. Т. Лада-Заблоцкі просіць надрукаваць яго вершы ў “Athenaeum”, Ю.І. Крашэўскі не спяшаецца. Раздаючы ў лістах падзякі ды хвалячы творы, ён толькі ў 1844 г. надрукуе першую нізку вершаў “каўказскага” паэта. А ўвесь гэты час Т. Лада-Заблоцкі нерваваўся, яму нецярпелася ўбачыць свае творы надрукаванымі, бо здань смерці палохае яго. Яшчэ горш ішлі справы з пошукам рукапісаў паэта, што засталіся на Беларусі, хоць яшчэ ў восьмым нумары “Tygodnika Petersburskiego” за 1841 г. Ю.І. Крашэўскі звярнуўся да І. Цеханавецкага і А. Абрампольскага. Хворы паэт у кожным лісце пытае пра лёс рукапісаў, у адчаі раз за разам просіць Ю.І. Крашэўскага выдаць тое, што ёсць: напісанае “за Каўказам” і сёе-тое, што ўспомніў па памяці. Асабліва шкада яму паэмы “Ваколіцы Віцебска”, балады з беларускіх паданняў “Зачараваная дзяўчына”, іншых шматлікіх твораў. Яшчэ ў лютым 1843 г. Ю.І. Крашэўскі не меў рукапісаў Т. Лады-Заблоцкага. На жаль, іх ліставанне з гэтага часу да ліпеня 1846 г. не захавалася. Польскія даследчыкі лічаць, што Ю.І. Крашэўскі, відаць, усё ж атрымаўшы з Беларусі творы Т. Лады-Заблоцкага, звярнуўся да Р. Падбярэскага з просьбаю выдаць зборнік паэта. Аднак гэта толькі здагадкі.

Р. Падбярэскі друкаваў вершы Т. Лады-Заблоцкага ўжо ў першым томе свайго альманаха “Rocznik Literacki” (1843). Яшчэ ў чэрвені 1842 г. Т. Лада-Заблоцкі даслаў яму ў Пецярбург чатыры “каўказскія” вершы[46]. А вось выдаючы другі том “Rocznika”, Р. Падбярэскі ўжо мог выкарыстаць атрыманыя рукапісы паэта: альманах выйшаў з друку раней за зборнік літаральна на некалькі месяцаў. Зрэшты, можна дапусціць, што рукапісы Т. Лады-Заблоцкага, якія захоўваліся на Беларусі, не дасылаліся Ю.І. Крашэўскаму, а былі перададзены Р. Падбярэскаму пад час яго чатырохмесячнае вандроўкі на Віцебшчыну і Полаччыну ў 1844 г. Перадусім, у лістах Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага няма гаворкі пра перадачу рукапісаў. Наадварот, пецярбургскі выдавец у лісце ад 22 ліпеня 1844 г. паведамляе:

Я хачу выдаць даволі вялікі том вершаваных твораў Лады-Заблоцкага. Добра, што ты ў апошнім нумары “Athenaeum” надрукаваў нізку яго вершаў; гэта хоць крыху пазнаёміць з яго сапраўдным талентам, што палегчыць падпіску, якую я аб’явіў. (…) Мяркую, што лішнім у зборніку яго вершаў будзе друкаваць творы, змешчаныя ў “Athenaeum”; ты пазбавіў мяне гэтым пары аркушаў друку, але прэтэнзій да цябе не маю. (…) Прыбытак ад продажу асобнікаў пасля вяртання выдаткаў пойдзе на карысць аўтара[47].

Верагодна, ужо з чэрвеня 1842 г. пачалося ліставанне Р. Падбярэскага з Т. Лада-Заблоцкім. Апошні не адразу ўбачыў ў рэдактары пецярбургскага альманаха выдаўца сваіх твораў. Ён лічыць за лепшае, калі гэтым зоймецца найслыннейшы ў краі літаратар. Дык у пачатку (у студзені і лютым) 1843 г. паэт яшчэ двойчы просіць Ю.І. Крашэўскага, пачакаўшы шэсць месяцаў вестак з Беларусі, выдаць хоць тое, што захавалася. Ды Ю.І. Крашэўскаму, які жыў за сотні вёрст ад Вільні, занадта цяжкім стаўся б яшчэ адзін выдавецкі клопат. Відаць, у гэты час і прапанаваў свае паслугі Р. Падбярэскі. Яго спрыту хапіла нават на тое, каб паехаць на Беларусь і асабіста заняцца пошукамі рукапісаў Т. Лады-Заблоцкага. Пабачыць І. Цеханавецкага яму не ўдалося: колькі твораў (у тым ліку баладу “Зачараваная дзяўчына”) пазней надрукуе “Rubon” пад тытулам “З нідзе не друкаваных вершаваных твораў Т. Лады-Заблоцкага першага і другога перыяду”, але шмат што адшукана. Прыпіс да “Ваколіцаў Віцебска” сведчыць, што паэма трапіла яшчэ і на Каўказ, дзе аўтар правіў яе. Урэшце, 15 студзеня 1845 г. (як паведаміў чытачам “Tygodnika Petersburskiego” Р. Падбярэскі[48]) зборнік быў здадзены ў друк, а ў чэрвені-ліпені трапіў да падпісчыкаў і ў кнігарні.

Па просьбе паэта выдавец вылучыў у зборніку тры раздзелы, адпаведна тром перыядам жыцця Т. Лады-Заблоцкага. “Вершаваныя творы першага перыяду” – гэта паэзія (ці нейкая частка яе), напісаная ў 1831–1833 гг., калі Т. Лада-Заблоцкі быў студэнтам Маскоўскага універсітэта. Байранскія матывы адчуваюцца ў вершах гэтага часу. Да каханае, што не падзяляе пачуццяў паэта, і сяброў, з якімі трэба разлучыцца надоўга, а можа навек, звяртаецца яго самотная муза. Ужо цяпер ноткі трывогі і прадчуванне бяды прабіваюцца ў лад гармоніі ды шчасця:

Ona płakała – może przeczuci tajemne

           Zadrzało wtedy w jej duszy tak tkliwej.

Ach! Czyż mogłem przyszłości przejrzeć chmury ciemne

           Ja? Co’m był taki szczęśliwy! (S. 17).

Каб яшчэ больш падкрэсліць трагічнасць свайго лёсу, паэт як з жывымі асобамі развітваецца з рэчкамі ды азёрамі роднага, краю (элегііВілія”, “Да Дзвіны”, “Даўжанскае возера”). Узяўшы пад увагу тое, што вершы зборніка дапрацоўваліся ў 1844 г. на Каўказе, можна было б не вылучаць матыву прадчування ростані з Бацькаўшчынай, але ж у творах, якія не ўвайшлі ў зборнік (надрукаваны пазней у часопісе “Rubon”) і якія не правіліся аўтарам, гучаць тыя ж самыя матывы. Відавочна, паэтава сэрца адчувала перамены задоўга да таго, як яны наступілі:

Дзе ж тыя мары юных уяўленняў,

Што вабілі мяне бесперастанку?

Дзе дружбы і кахання летуценні,

Якія песціў я ў жыццёвым ранку?

Мінула тое! Засталіся слёзы.

Чаму ж, маё ты сэрца, не сцвярдзела?

Чаму ж, Дзвіна, не споўніла пагрозы

І ў плынь cваю мяне ўзяць не схацела?

(…) Бывай, Дзвіна! Ужо дзень той недалёкі,

Калі пакіну бераг твой прыгожы,

І адплыву ў навечныя мо змрокі,

Скуль вецер праху нат прыгнаць не зможа[49].

                                     (Пераклад П. Бітэля)

Для паэта няма нічога мілей роднага краю, радзімы, землякоў. Пра што б ён не пісаў, дух Бацькаўшчыны заўсёды прысутнічае ў творы. Гэты дух, што часцей за ўсё вітае над вадою – рэчкамі ды азёрамі роднага краю, – яскрава выяўляўся ўжо ў першы перыяд творчасці. Т. Лада-Заблоцкі – паэт вады, воднае стыхіі. Лірычны герой яго вершаў нязменна ля рэчкі ці возера. Тут ён знаходзіць супакой сваім думкам, тут, ля “скалы, што вісіць над вадою”, сустракаецца ён з каханаю (элегія “Ноччу ў мае маладыя гады”), якую гатовы “перанесці ў глыбіні акіяну” (элегія “Да Н… М…ер”, “Каханне і помста паэта”); тут ён сустракаецца і развітваецца з сябрамі (“Да Лявіцкага”, “Да Дзвіны”, “На смерць А. Ліноўскага”, “Да В. Г. Р.”). Вада выступае ў яго як повязь чалавека з народам, традыцыямі, культураю.

Цябе я, возера Даўжанскае, і бачыў,

І песні чуў твае над берагамі,

І дух мой заклапочаны юначы

Лунаў – не чуў зямлі я пад нагамі.

Тады з тваёй зраўноваў я вадою

Маё жыццё ў трывогах несканчоных

І, як папрок Наталлі маладое,

Твой шум гудзеў мне ў сэрцы засмучоным[50].

                                     (Пераклад П. Бітэля)

Гаворачы пра вершы “першага перыяду”, варта звярнуць увагу на наступныя радкі з верша “Да В./інцэнта/ Г./аздава/ Р./эвута/”:

Co za okropne moje przeznaczenia?

Jakaż ma przyszłość?.. jest to otchłań ciemna,

Jak Scylla straszna, jak wieczność tajemna,

I blask nadziei jej nie rozpromienia!

Lecz i z przeszłoćci cóż mi się zostało?

Tłum gorzkich wrażeń, jedna szczęścia chwilka,

Kilka pamiątek i piosenek kilka,

Które’m rozrzucił śród gminu nieśmiało (S. 36).

Што гэта за “колькі песняў, якія нясмела раскідаў я сярод простага люду”? На нашу думку, паэт кажа пра творы на беларускай мове, напісаныя ім спецыяльна для простага люду, “gminu”, бо польскамоўныя вершы прызначаны, відавочна, дзеля вышэйшых класаў грамадства. Такім чынам, ёсць яшчэ адно ўскоснае сведчанне, што Т. Лада-Заблоцкі пісаў і па-беларуску.

“Вершаваныя творы другога перыяду” ахопліваюць 1834–1836 гг., як пазначана на тытульным лісце гэтага раздзела зборніка, і напісаны ў Віцебску. Верагодна, гэта астрожная паэзія, хоць вершы гэтага часу, што друкаваліся ў “Rubonie”, сведчаць, што паэт жыў у сваіх сяброў у розных мясцінах Беларусі.

У кожным з шаснаццаці твораў гэтае часткі зборніка прысутнічае матыў непазбежнае ростані, несправядлівага пакарання, злога лёсу. Лірычны герой Т. Лады-Заблоцкага развітваецца з родным краем, сябрамі, знаёмымі. Найбольш ярка такія пачуцці выяўляюцца ў паэме “Ваколіцы Віцебска”. Па сутнасці, гэта па-філасофску заглыбленыя ўспаміны-развагі пра гісторыю і пра былую веліч Бацькаўшчыны:

Тваёй даўніной, Беларусь, зноў я мрою…

Дзе ж сёння твае палкаводцы-героі,

Што колісь на бітвы выстройвалі роты?

Дзе славы тваёй песняры – вайдэлоты,

Што спеўнаю лютняй шматструннай сваёю

Шляхетныя сэрцы ўздымалі да бою?..

Цяпер жа героі твае ўсе забыты,

Дый лютні тых бардаў папробуй знайдзі ты…[51]

                                   (Пераклад К. Гадыцкага)

Аўтар падае свой уласны лёс на фоне забытае ўсімі гісторыі краю, а ваколіцы Віцебска становяцца тым сімвалам, які лучыць мінулае краю з яе сённяшнім днём, дзіцячыя гады паэта з яго будучыняй. Нягледзячы на тое, што паэма пісалася ў маркотныя хвіліны перад выездам, Т. Лада-Заблоцкі верыць у лепшае і мае надзею вярнуцца, хоць і не зусім звычайным чынам:

А ўсё-ткі дух мой паклічуць нябёсы –

Ён вернецца зноўку на бераг Лучосы.

Гэта асабліва падкрэслена ў зробленых у 1844 г. прыпісах да паэмы: з’явілася надзея адведаць Радзіму. Паэт цешыцца, што дачакаўся канца цёмнае ночы, і верыць, што Беларусь адродзіцца:

Цяпер, калі канчаткова пераглядваю рукапіс гэтае паэмы (за Каўказам, у Тыфлісе, у 1844 годзе) далятаюць да мяне годныя найвялікшага шанавання і павагі імёны паноў Казіміра Буйніцкага, графа Міхала Борха, Аляксандра Грот-Спасоўскага, Радзіслава (Гаўдэнтыя) Шапялевіча, Яна Баршчэўскага, Ігната Храпавіцкага ды шматлікіх іншых, якія так клапатліва бяруцца сёння на Белай Русі за справу краёвага пісьменніцтва. Дзякуй вам, адукаваныя мужы, што пры вашым пасрэдніцтве завітаў і да нас дух часу, што наша Беларусь пасля шматгадовага летаргічнага сну нарэшце прачнулася і пачынае новы перыяд разумовага жыцця (S. 65–66).

Трэці раздзел зборніка, прысвечаны сябрам і таварышам па зброі, складаюць вершы, напісаныя ў 1837–1842 гг. на Каўказе. Краявіды старажтных гор, абставіны жаўнерскага жыцця – усё гэта ўзбагачае тэматыку вершаў Т. Лады-Заблоцкага. Вада горных рэчак, як магніт, прыцягвае да сябе позірк паэта. Але іхняя імклівая плынь не мае здольнасцяў гаіць раны душы так, як гэта рабілі рэчкі на Радзіме. Таму невыпадкова ўзнікае ў паэта жаданне ператварыцца ў хмару, каб ляцець на Радзіму, да Дзвіны:

Ach puśćcie mię, puśćcie! mnie tutaj tak parno.

           Ach puśćcież, dla Boga! na wolę;

Nie wichrem – lecz chmurę gromami ciężarnę

           Przelecę po niebios rozdole.

(…) I złotym obłoczkiem, skępanym w promieniach

           Na niebie ojczystem zabłyśnę;

Odbiję się w Dźwinie, – w jej dolin zieleniach

           Nad głową kochanki zawiśnę.

Orzucę oczyma Krainy tak miłe

           I w srebrną się rosę roztopię… (S. 182).

Што ТЛада-Заблоцкі прагнуў адведаць Бацькаўшчыну, сведчаць не толькі яго паэтычныя творы, але і лісты да Ю.ІКрашэўскага. Разлічваючы атрымаць грошы за выдадзены РПадбярэскім зборнік, паэт вырашае зрабіць падарожжа па краінах Азіі, наведаць Палесціну, а пасля вярнуцца на Беларусь. Вядома, калі б ён да гэтага часу не выслужыў сабе чыну падпаручніка і не займеў прыхільнасць начальства, дык пра такое немагчыма было б і марыць. Пэўна, дапамог тут ТЛада-Заблоцкаму палкоўнік Войцах Патоцкі, літаратар, прыяцель Ю.ІКрашэўскага, які ў сярэдзіне 40-х гг. быў пасланы на Каўказ.

Т. Лада-Заблоцкі звяртаецца таксама да землякоў з просьбаю прыняць яго на “ласкавы хлеб” і атрымлівае станоўчы адказ[52]. Але

калі з ласкі пана Падбярэскага (які пры выданні маіх вершаваных твораў найганебней мяне ашукаў, бо намовіўшы на страту колькіх соцень рублёў, захапіў ўвесь наклад і карыстае з яго) ні першы, ні другі намер (падарожжа на поўдзень і вяртанне на Радзіму) не дайшоў да выніку і я, закінуты ў Грузію, змушаны асесці ў ёй можа назаўсёды…[53]

Як відаць, Р. Падбярэскі не стрымаў слова і не разлічыўся з Т. Лада-Заблоцкім. Гэты факт эфектыўна выкарыстае Ю.І. Крашэўскі напрыканцы 40-х гг. у сваёй барацьбе з Р. Падбярэскім, абвінавачваючы апошняга ў смерці “каўказскага” паэта.

На самай справе ўсё было крыху інакш. У адным з наступным лістоў да Ю.І. Крашэўскага Т. Лада-Заблоцкі назваў іншыя прычыны, што затрымалі яго:

Нягледзячы на палкае жаданне вярнуцца на Радзіму і прысвяціць сябе выключна літаратуры, лёс быццам наўмысна затрымаў мяне за Каўказам. Князь намеснік даў мне пасаду кіраўніка Кульпінскімі салянымі капальнямі, можа, найважнейшую ў Грузіі пасаду, якую дасюль займалі людзі, што больш дбалі пра ўласны, чым скарбовы інтарэс. Калі мне Бог будзе спрыяць, я спадзяюся прынесці нязлічоную карысць тутэйшаму краю…[54]

Праца захапіла паэта, і ўжо ў апошнім вядомым нам яго лісце да Ю.І. Крашэўскага[55] няма згадак пра вяртанне, а толькі адчай, што няма часу займацца літаратураю. Папрацаваць дзеля карысці тамтэйшага краю лёс адвёў Т. Лада-Заблоцкаму ўсяго некалькі месяцаў: у жніўні 1847 г. ён памёр пад час эпідэміі халеры.

На Беларусь вестка пра смерць выгнанца прыйшла няхутка, якраз у той момант, калі яго літаратурная слава была ў зеніце. Для землякоў ён быў вялікім паэтам, “паэтам-філосафам” (В. Газдава-Рэвут). Зборнік, выдадзены ў 1845 г. у Пецярбурзе, трапіў ў родныя мясціны Т. Лады-Заблоцкага, верагодна, нават да тых, хто захаваў рукапісы паэта. У знаёмых узнікла жаданне надрукаваць яшчэ неапублікаваныя творы. У сёмым томе “Rubonu” на 1846 г. іх цэлая нізка – восем. Апрача балады “Зачараваная дзяўчына”, пра якую была гаворка, гэта яшчэ колькі вершаў “Да Н… М…ерр” (каханай паэта Наталлі). Будуць друкавацца вершы Т. Лады-Заблоцкага (ужо “каўказскага” перыяду) ва ўсіх наступных (VIII–X) томіках часопіса, аднак, нават улічваючы змешчаныя Р. Падбярэскім у зборніку 34 творы “першага і другога перыядаў” і творы, надрукаваныя ў часопісах і альманахах, стала вядома чытачу толькі палова з тых дзевяці дзесяткаў, рукапісы якіх меў І. Цеханавецкі.

Даволі трапную характарыстыку творчасці Т. Лады-Заблоцкага даў Р. Падбярэскі, які разглядаў яе якраз у кантэксце беларускай літаратуры:

Няшчасце развіло ў ім пачуцці і схіліла да паэзіі. Вялікі талент, загартаваны ў агні пакутаў. Бо трэба пакутаваць, каб стаць геніем! Выхаваны на ўзорах еўрапейскай паэзіі, можа, у выніку гэтага ён страціў шмат з тае самабытнасці, якая пры іншых акалічнасцях зрабіла б яго сапраўдным народным паэтам. Падрыхтаваны грунтоўным навучаннем ва універсітэце і веданнем англійскай, нямецкай, французскай, а таксама ўсходніх моў, ён, можна сказаць, наблізіўся да таго ўзору паэта, які граф Генрык Равускі вызначыў для юнака. З родным краем яго звязвае хутчэй фантазія і пачуццё, чым памяць хатніх звычаяў. Талент ягоны, выхаваны на Байране, Шылеру і Муру, меланхалічным Муру, барду ўбогай Ірландыі, якога, здаецца, перш за ўсе аблюбаваў сабе, бо ён найбольш адпавядае яго перапоўненай горыччу душы, і якому наследаваў у столькіх элегіях, натуральна, мусіў прыняць характар еўрапейскай паэзіі[56].

 



[1] Piosnki wieśniacze z-nad Nimna i Dźwiny, z dołączeniem pierwotwórnych w mowie sławiano-krewickiej. Wilno, 1844. S. 47.

[2] Допарт Б. Творчасць Яна Чачота ў кантэксце філамацкае паэзіі // Шляхам стагоддзяў. Мн., 1992. С. 66.

[3] УДадаткуён гаворыць, што сабраў усяго каля трыццаці песняў.

[4] Чачот Я. Наваградскі замак: Творы. Мн., 1989. С. 169.

[5] Чачот Я. Наваградскі замак: Творы. С. 171.

[6] Тамсама. С. 172.

[7] Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка. Эпоха феадалізму. С. 118.

[8] Piosnki wieśniacze z-nad Niemna i Dźwiny. Wilno, 1839. (Тут 26 наднёманскіх песняў і 94 наддзвінскія). Piosnki wieśniacze z-nad Dźwiny. Wilno, 1840. (Тут усе сто песен наддзвінскія).

[9] Чачот Я. Наваградскі замак: Творы. С. 171.

[10] Тамсама. С. 172.

[11] Чачот Я. Выбраныя творы. Мн., 1996. С. 64.

[12] Чачот Я. Выбраныя творы. С. 187. Далей цытаты даюцца па гэтым выданні.

[13] Świrko S. Z Mickiewiczem pod rękę czyli Życie i twórczość Jana Czeczota. Warszawa, 1989. S. 257.

[14] Piosnki wieśniacze z-nad Niemna, Dniepra i Dniestra. Wilno, 1845; Piosnki wieśniacze z-nad Niemna i Dźwiny, niektóre przysłowia i idiotyzmy, w mowie sławiano-krewickiej, z postrzeżeniami nad nią uczynionemi. Wilno, 1846.

[15] Piosnki wieśniacze z-nad Niemna, Dniepra i Dniestra. S. XII.

[16] Чачот Я. Наваградскі замак: Творы. С. 178–179.

[17] Мархель У.І. Прадвесце. Беларуска-польскае літаратурнае ўзаемадзеянне ў першай палавіне ХІХ стагоддзя. Мн., 1991. С. 49.

[18] Цыт. па: Мархель У. На кампактнай мастацкай плошчы // Мархель У. Прысутнасць былога. С. 75.

[19] ЛіМ. 1996. № 40. 4 кастр.

[20] Тамсама.

[21] Мархель У. На кампактнай мастацкай плошчы // Мархель У. Прысутнасць былога. С. 71.

[22] Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Беларуская польскамоўная паэзія ХІХ стагоддзя. Мн., 1998. С. 263.

[23] ЛіМ. 1996. № 40. 4 кастр.

[24] Тамсама.

[25] Śpiewek z biało-ruskiego narzecya // Bojan. Część pierwsza. 1838. S. 224.

[26] Gołąbek J. Wincent Dunin-Marcinkiewicz. Wilno, 1932. S. 26.

[27] Гл.: Суніца Р. Нацыянальнасць у В. Дуніна-Марцінкевіча // Заходняя Беларусь. Вільня, 1924.

[28] Geniusz wieku // Pisma Rozmaite. 1838. S. 20–32; Biruta. 1837. S. 319–332.

[29] Гл.: Inglot M. Polskie czasopisma literacki ziem litewsko-ruskich w latach 1832–1851. S. 76–78.

[30] ЦДГА РБ у Мінску. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 431. Арк. 7.

[31] Як сведчаць дакументы, і сам Т. Лада-Заблоцкі быў уніятам.

[32] Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня. С. 339.

[33] ЦДГА РБ у Мінску. Ф. 3157. Воп. 1. Адз. зах.181. Арк. 77.

[34] Тамсама. С. 16.

[35] Rubon. 1846. T. VI. S. 150.

[36] Ibidem. S. 149.

[37] Ibidem. S. 150.

[38] Заблоцкі-Лада Т. Ляшка // Полымя. 1992. № 10. С. 137.

[39] Zabłocki-Łada T. Poezje. Petersburg, 1845. S. 141. (Далей спасылкі на гэтае выданне даюцца ў тэксце).

[40] Цыт.: Гадыцкі К. Творчасць Тадэвуша Лады-Заблоцкага // Полымя. 1992. № 10. С. 135–136.

[41] Тэгнер Эсаяс (1781–1846) – паэт, пачынальнік рамантызму ў шведскай літаратуры. “Аксэль” (1822) – лірычная паэма пра часы Карла ХІІ.

[42] У альманаху “Biruta” на 1837 год надрукаваны верш паэта “Мудрыя вочы. (З чэшскае паэзіі)”, а ў томіку на 1838 год – балада “Ляшка”.

[43] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 6458IV. Арк. 411–412 адв. Ліст Т. Лады-Заблоцкага да Ю.І. Крашэўскага ад 07.06.1842 г.

[44] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 6458IV. Арк. 413.

[45] Тамсама. Арк. 420. Ліст Т. Лады-Заблоцкага да Ю.І. Крашэўскага ад 05.01.1843 г.

[46] Тамсама. Арк. 417. Ліст Т. Лады-Заблоцкага да Ю.І. Крашэўскага ад 07.06.1842 г.

[47] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 6457IV. Арк. 271. Ліст Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага ад 22.07.1844 г.

[48] Tygodnik Petersburski. 1845. № 8.

[49] Лада-Заблоцкі Т. Да Дзвіны // Роднае слова. 1994. № 10. С. 19.

[50] Лада-Заблоцкі Т. Даўжанскае возера // Роднае слова. 1994. № 10. С. 19.

[51] Полымя. 1992. № 10. С. 139.

[52] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 6477IV. Арк. 155. Ліст В. Газдава-Рэвута да Ю.І. Крашэўскага ад 18.05.1846 г.

[53] Тамсама. Рук. 6482IV. Арк. 1. Ліст Т. Лады-Заблоцкага да Ю.І. Крашэўскага ад 30.07.1846 г.

[54] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 6482IV. Арк. 3. Ліст Т. Лады-Заблоцкага да Ю.І. Крашэўскага ад 09.01.1847 г.

[55] Тамсама. Арк. 5–6. Ліст Т. Лады-Заблоцкага да Ю.І. Крашэўскага ад 08.05.1847 г.

[56] Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня. С. 344–345.



Hosted by uCoz

Да зместу