Да зместу

ПУБЛІЦЫСТЫКА 30-40 гг. ХІХ ст.

(Аляксандар Рыпінскі, Франц Савіч, Ігнат Храпавіцкі)

Аляксандр Рыпінскі[1]. Вызначыць сваю нацыянальную прыналежнасць беларусу было лягчэй, калі ён пакідаў родныя мясціны і трапляў у сталічныя расійскія гарады Маскву ці Пецярбург. На Бацькаўшчыне зрабіць гэта – як ні дзіўна – было цяжэй, а на эміграцыі – амаль немагчыма: моцны польскі нацыянальна-вызваленчы рух у 30–40-я гг. XIX ст. цалкам нейтралізоўваў нараджэнне беларускага сепаратызму. Што гэта так, пераконвае лёс шматлікіх беларусаў, якія былі вымушаны эміграваць на Захад, папаўняючы асяродкі палякаў і салідарызуючыся з іхняю барацьбою за вызваленне. Толькі адзінкі захавалі сваю нацыянальную адметнасць, і адзін толькі А. Рыпінскі здолеў расказаць пра народ на тэрыторыі геаграфічнае Беларусі, адрозны і ад польскага, і ад расійскага. Знаходзячыся ў Парыжы, ён наведвае тамтэйшае Польскае літаратурнае таварыства, бо яшчэ з пятнаццацігадовага веку піша вершы[2]. Сябры таварыства па альфабэтычнай чарзе мусілі чытаць свае творы. Што мог падаць на суд патрыятычна настроеных слухачоў А. Рыпінскі, сам прасякнуты прапольскаю ідэалогіяй? Відаць, слабенькімі вершыкамі, падобнымі на тыя, што пісалі амаль усе, немажліва было крануць публіку і, што найбольш важна, заслужыць ейную павагу і аўтарытэт. Дык апавядаючы пра Беларусь, якая “колькі ёсць і будзе Польшча, складае непадзельную частку нашай дарагой Айчыны”[3], А. Рыпінскі, як былы жыхар гэтае Беларусі, аспрэчваў сцверджанні расійскага друку і палітыкаў, што Беларусь – гэта спрадвечная тэрыторыя Расіі. Сваю думку ён падмацоўвае довадам, што “мова беларуская не ёсць маскоўская, і што яна мае больш польскіх словаў, а нават і цэлых зваротаў, чым усе іншыя гэтак званыя дыялекты рускія” (Rypiński A. Białoruś. S. 23–25). Ды і наогул А. Рыпінскі ўсю лекцыю падпарадкоўвае абгрунтаванню свае ідэі. Лекцыя ўсцешыла нацыяналістычныя пачуцці палякаў:

I ледзь закончыў чытаць, як мяне з усіх бакоў абдымалі, дзякавалі, хвалілі! (…) Бо прадмет быў новы. Меркаваў, аднак, што была гэта толькі прыхільная гжэчнасць калегаў – звычайныя кампліменты, якія за сцены дому не выйдуць і закончацца адначасова са сконам узрушанага пачуцця. Але калі праз тыдзень, месяц і яшчэ пазней – нязменна мне пра тое казалі, ды шмат хто прасіў, каб я прыватна тое прачытаў, калі і ў пратаколе, на чытанні якога я не быў, прызнаны кіраўніцтвам нават усе тыя пахвалы – міжволі я і сам замілаваўся сваёю працаю, дык падахвочаны такім ласкавым яе прыняццем, вырашыў, дапоўніўшы на колькі можна, надрукаваць яе дзеля Землякоў, дзеля Польшчы (Rypiński A. Białoruś. S. 82–83).

За лічаныя дні ён у тры разы павялічвае аб’ём сваёй працы, “паклікаўшы разам усе сілы памяці”, а таксама выкарыстоўваючы дапамогу “землякоў-беларусінаў”. А. Рыпінскі паспрабаваў сістэма­тызаваць вядомыя яму творы вуснае народнае творчасці беларусаў. Ён вылучае рэлігійныя, вясельныя, хаўтурныя, гістарычныя, працоўныя, лірычныя, дзіцячыя і танцавальныя песні. Напрыканцы кніжкі змешчаны апісанні скокаў, гульняў і забаваў, а таксама невялікая колькасць прымавак і прыказак.

Для разумення поглядаў А. Рыпінскага варты ўвагі раздзел “Макаранічны верш”. Тут звычайна добразычлівы да сваіх землякоў аўтар абураецца і кпіць з чыншавае шляхты, якой

пра Польшчу, пра Айчыну, пра службу карысную дзеля краю не кажы нічога, бо, як шляхціц, ён да ўсяго гэтага не мае дачынення! Рэкруцтва не ведае, падаткаў не плоціць, яму б толькі за чынш заплаціць хапіла. Абуе сабе на адну нагу стары бот, з якога пальцы свецяцца, а на другую сякі-такі лапаць – і хоць яго за гэта ашмянскім шляхціцам назавуць – заўсёды ён Вашэць і ролі гэтае не саромеецца (адно, за што яго можна пахваліць), пасвіствае сабе за плугам або з касою ў руках, якую пэўна не прынясе ў аніводнае паўстанне за волю Польшчы, довады чаго ён ужо даў… А хочаце ведаць, на якой мове размаўляе пан шляхціц? Гэтага ён і сам не ведае! Чытаць не ўмее, друкаванага не церпіць, падпісваецца не па-шляхецку, бо толькі крыжыкам або, што ўжо па-вучонаму, якімсьці кручком, якога і не пазнае; размаўляе на дыялекце, прынятым у ваколіцы: казацкім, жыдоўскім, татарскім, маскоўскім, рускім, яму ўсё роўна! – бо заўсёды да яго прымешвае пару польскіх словаў, якія яму ў спадчыну ад прадзедаў яшчэ засталіся. Яны лепшы довад шляхецтва, як і збуцвелы дыплом пад страхою (Rypiński A. Białoruś. S. 200–201).

Такія ж адносіны А. Рыпінскага і да беларускіх мяшчанаў, якія маюць “шмат прэтэнзій (праўда, толькі прэтэнзій) да пальшчызны”, але польскую мову не разумеюць. Дык зусім лагічнымі з’яўляюцца аўтарскія заклікі да шляхты і мяшчанаў вывучаць польскую мову і далучаць да яе сялянаў: мова становіцца пасрэднікам у салідарызацыі беларусаў з палякамі. Менавіта таму кніжка прысвячаецца “Першаму з беларускіх мужыкоў, які спачатку навучыцца чытаць, а пасля гаварыць і думаць па-польску” (Rypiński A. Białoruś. S. 5).

З аднаго боку, паказваючы вялікую мастацкую вартасць твораў фальклору (“у іх адлюстроўваецца няраз кемлівасць нацыянальнага розуму, багацце мовы”), а з другога – агітуючы цурацца гэтае мовы, А. Рыпінскі пярэчыў сам сабе. Супярэчнасць гэтая можа быць растлумачана тым, што “паэт-фалькларыст не прадчуваў, не прадбачыў самастойнага развіцця беларускай літаратуры і шчыра імкнуўся падключыць вуснапаэтычную творчасць сваіх землякоў да сферы жыўлення польскага рамантызму народнасцю”[4], як і не прадбачыў ён самастойнага развіцця беларускай нацыі.

Зрэшты, гэтую супярэчнасць А. Рыпінскі, вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, дзе на яго перастане ўплываць польская эміграцыйная ідэалогія, здолее зразумець ужо ў 60-я гг. Так, у польскамоўным вершы ў “Альбоме” Арцёма Вярыгі-Дарэўскага лірычнаму герою ў сне з’яўляецца ў вобліку анёла Айчына і загадвае:

Wiedź, żeś poto tylko wrócił:

Abyś nam nucił a nucił.

Na Białoruskiej tu ziemi

Służ mi, jak służy Artemi…

А заканчваецца верш беларускамоўнымі радкамі:

Ты ж сам, суседзька, хацеў,

Штоб і я табе запеў;

Ну, я табе і паю –

Прымі песіньку маю!!.

Можа, ета ня песнь? Каша!?

Да ўсе ж дыкі свая – наша!!![5]

А ў 80-я гг. з-пад яго пяра з’явяцца і больш катэгарычныя словы: “Можа, дарэмна мы горнемся да гэтай няшчаснай Польшчы як народжаныя на Русі…”[6].

 

 

Франц Савіч (1815–1847), сын уніяцкага святара з вёскі Вяляцічы, што пад Пінскам, узначальваў тайнае Дэмакратычнае таварыства, большасць сяброў якога былі студэнтамі Медыка-хірургічнае акадэміі. Яшчэ ў Пінскім павятовым вучылішчы ён вылучаўся сваімі здольнасцямі сярод аднагодкаў. Наглядчык Франц Махцінскі звярнуў увагу на яго і стаў апекавацца ім, што мела добры плён.

З дзяцінства, колькі сябе памятаю, – пісаў Ф. Савіч ва ўспамінах[7], – мае мары былі пра волю, пра Айчыну. (…) Усе мы іх мець павінны, бо атрымалі з малаком маці, бо песня, якую спявалі ля нашых калысак, так гучала, бо дзецям старыя пра тое апавядалі (Pamiętnik Sawicza. K. 2).

Дзякуючы Ф. Махцінскаму, Ф. Савіч, паспяхова закончыўшы вучылішча, прыязджае ў Вільню і становіцца казённакоштным студэнтам Медыка-хірургічнае акадэміі. Бяспрэчна, Ф. Савіч не меў намеру быць вайсковым лекарам (сыну уніяцкага святара больш бы пасавала Віленская духоўная акадэмія), але з прычыны адсутнасці ў краі іншых навучальных устаноў ён мусіў набываць веды ў Акадэміі. З першых дзён навучання Ф. Савіч заўважыў, што тут

усё дзеялася наадварот, усё нават маральна ўпала; пасля выгнання столькіх заслужаных людзей, надышла рэакцыя. Вучні Зана зніклі амаль усе ў падзеях 1831 года; прыйшлі новыя вучні, змяніўся дух моладзі. (…) Сталі звычайнымі п’янкі, гульні, распуста (Pamiętnik Sawicza. K. 2).

Такі стан рэчаў быў да спадобы ўладам: моладзь не далучалася да патрыятычнага руху. Не адразу выбраў свой шлях і Ф. Савіч. Напачатку роспач і адчай валодалі яго натураю, але ён знаходзіць сілы адолець гэта:

Увесь час я працаваў над сабою, чэрпаў навуку з кніжак і жыцця, казаў сам сабе не раз: маючы душу і волю ад Бога дадзеную, ніяк іх змяніць нельга, бо гэта б супярэчыла дасканаласці Творцы, Святой кнізе. Але што я магу дзеля мае Айчыны ўчыніць – сам без прытулку, без усялякае волі, ва ўбогім стане? Сэрца маё адказвала: Хрыстос не нарадзіўся ні на троне, ні ў палацы, а ў галечы, у стайні на сене, усё жыццё быў ўбогі, хоць цараваў і царуе на зямлі і на небе. А сказаў вучням сваім: “Хто хоча мне наследаваць, няхай адрачэцца ад усяго, возьме крыж свой ды ідзе за мною”. Такія думкі пераканалі мяне, што маючы моцную волю, я магу быць карысны братам і пакласці вышэй адзін камень у будынак Айчыны нашае (Pamiętnik Sawicza. K. 3).

Галоўнаю справаю Ф. Савіча стала таварыства, якое выцягвала калегаў з марнатраўнага жыцця.

Мы вырашылі пачаць з малітвы, просячы ў Бога дапамогі, у Св. Духа – святла; прызначылі сабе дзень посту, назаўтра споведзь і камунію. Пасля св. імшы па звычаю продкаў нашых сабраліся на прысягу паводле складзенага тэксту. О! Урачыстасці тае не забуду ніколі. (…) Кожны з нас браў у рукі распяцце і перад Евангеллем гучна прамаўляў прысягу (Pamiętnik Sawicza. K. 3).

Ф. Савіч быў абраны за сакратара і скарбніка; вызначаны парадак прыёму новых сяброў ды іншыя арганізацыйныя моманты. Таварыства прыняло назву Дэмакратычнага (напачатку хацелі назваць “Крыж і Евангелле”) і, відаць, адразу быў створаны Статут[8] (Ф. Савіч назваў яго “Прынцыпы дэмакратызма”). Задачамі таварыства Статут абвяшчаў барацьбу з беззаконнем, аказанне дапамогі абяздоленым, уздзеянне на моладзь з мэтаю выхавання сумленных, справядлівых грамадзянаў. Неабходна было даваць дапамогу не толькі сябру таварыства, але і ўсім людзям без адрознення веравызнання, нацыянальнай і саслоўнай прыналежнасці. Вядома, з часам мэты таварыства становяцца больш акрэсленымі. Так, А. Валіцкі (адзін з намеснікаў Ф. Савіча) сведчыць, што Ф. Савіч у гутарках з таварышамі сцвярджаў:

Усе людзі маюць аднолькавыя правы да свабоды і роўнасці, што паколькі цяпер адны людзі прыгнятаюцца другімі, то гэта не зусім натуральна, і таму трэба ўнушаць усім тое перакананне, што кожны павінен карыстацца аднолькавымі правамі, што кожны мае права кіраваць і таму павінна быць рэспубліка і людзі павінны кіравацца адным натуральным правам[9].

Сябры таварыства невыпадкова звярнулі ўвагу на сацыяльныя нізы грамадства. Змоўшчыкі задумваюцца над тым, як змяніць адносіны між уладальнікам і прыгонным, але такія высновы, што “Савіч выступаў як няўмольны ганіцель памешчыкаў, (…) часта пасягаў на лютую помсту памешчыкам: усіх павесіць, усіх выразаць”[10], беспадстаўныя. Імкненне гісторыка, як найлепей давесці рэвалюцыйнасць Ф. Савіча, падмацоўвалася тэорыяй класавай барацьбы. Аднак факты сведчаць, што сябры таварыства шукалі іншыя шляхі дзеля дасягнення “натуральнага права”. Напрыклад, у маёнтку Франца Тарлецкага (таварыш Ф. Савіча па Пінскаму павятоваму вучылішчу) яны спрабавалі “дэмакратызаваць” адносіны між панам і прыгоннымі. Вось толькі працягвалася ўсё гэта нядоўга: як толькі студэнты паехалі – гаспадар ліквідаваў “дэмакратыю”.

Пра гэта ж сведчыць і тэкст Савічавае ўлёткі “Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам, або Якое наша становішча і што ў цяперашні час трэба рабіць людзям дабрамыслячым”:

Будзем загартоўваць дух, працаваць да канца жыцця! Хто ведае, дзе і як суджана нам памерці? Магчыма, не адзін з нас сканае пад рукою ката! Але няхай і смерць яго будзе працягам барацьбы за свабоду! I з вышыні шыбеніцы, як з высокага трона, павінен заклікаць: паўстаньце, народы! Паўстаньце ў імя растаптаных правоў чалавека! Вось кароткі нарыс барацьбы, якую вядзе Еўропа і якую трэба будзе нам весці з дэспатызмам. Калі дзейсна будзем у ёй удзельнічаць – наша хуткая перамога забяспечана. Ведаем, што велізарныя будынкі ўзводзіліся з малых цаглін, няхай жа кожны з нас падрыхтуе сваю цагліну і пакладзе яе на сваё месца, не пытаючыся аб заканчэнні справы. Бяздзейсныя людзі, людзі слабадушныя, у апраўданне бяздзейснасці гавораць, што ім няма чаго рабіць. Паглядзіце – народы ўсяе Еўропы ў працоўнай упартай крывавай барацьбе разбураюць старадаўні аплот дэспатызму і ўзводзяць храм свабоды. Нашы браты эмігранты (пілігрымы) закладваюць для гэтага храма краевугольныя каменні. Будзем дапамагаць нашым братам па меры сіл кожнага[11].

Гэтую ўлётку нельга назваць арыгінальным тэкстам, бо падобныя ідэі выказваліся ў шматлікіх нелегальных польскамоўных выданнях. А непасрэдным штуршком для яе напісання з’явіліся “Кнігі народа польскага і польскага пілігрымства” А. Міцкевіча, асобныя палажэнні якіх Ф. Савіч пераказаў у сваіх “Заўвагах”.

Нягледзячы на тое, што Ф. Савіч знаходзіўся пад магутным уплывам польскай ідэалогіі, польская мова не стала яго адзінаю моваю. Узгадаваны беларускаю вёскаю, ён шырока выкарыстоўваў ейную мову. Пра гэта, перадусім, сведчыць прыватны ліст Ф. Савіча да слуцкага лекара Фелікса Шаламіцкага ад 9 лютага 1837 г., сведчаць шматлікія беларусізмы ў яго польскамоўных “Успамінах”.

Нам вядомы толькі адзін вершаваны твор паэта – гутарка “Там, блізка Пінска”. (Тэкст гутаркі захаваўся ў справах следчае камісіі і прыведзены ў кнізе: Pawłowicz E. Wspomnienia z nad Wilji i Niemna. Lwów, 1883. S. 95–96). Хоць пазней Ф. Савіч прызнаваўся, што “займаўся часам літаратураю: пісаў вершы і прозу; удалося сёе-тое стварыць, магчыма, і было там крыху таленту, які не ведаю дзе сёння дзеўся” (Pamiętnik Sawicza. K. 13). Гэтая гутарка сведчыць: аўтар – здольны майстра, што добра валодае сілабічным вершаскладаннем.

Там, блізко Піньска, на шыроком полю,

Где між лугамі плыве Струмень быстры,

Там – сідя Літвін расказваў сву долю.

З боку Валынец сідеў заточысты,

З переду Пінчук веслом ся спірае,

I на гуторку пільна ўважае.

Нават не вельмі пісьменныя копіі данеслі да нас прыгожую форму, хоць куды больш важныя змест ды ідэя твора. Паэтычнае ўяўленне аўтара сабрала разам Ліцвіна, Пінчука і Валынца, каб паказаць паўсюднасць падзей 1831 г. Сцверджанне, што Ф. Савіч намаляваў прадстаўнікоў трох народаў – беларусаў, украінцаў і літоўцаў – трэба лічыць памылковым: паэт не ўзняўся, дый не мог узняцца да таго, каб карыстацца паняццем нацыянальнасць. Яго героі – насельнікі Рэчы Паспалітай (“Тады то Польша сьвяцілася Божа!”) – вядома, не палякі (гэта праз мову даводзіць Ф. Савіч), але іхняя Айчына – Польшча. Такое меркаванне падзяляла большасць адукаванага грамадства тагачаснай Беларусі, і Ф. Савіч вершаванымі радкамі распаўсюджвае яго сярод сялян, шарачковае шляхты і інтэлігенцыі.

Твор пабудаваны з маналогаў яго герояў. Першы пачынае апавядаць пра сваё жыццё Ліцвін:

Гдеж ся поділы эты давны літа,

Шчо мы за власны грошы соль куплялы,

Шчо мы без рашпорту[12], іді хоть в край сьвіта,

Шчо мы москаля і в очы не зналы!

(…) Малы падаткі – грошы як мякіны,

У хляве каровы, бычкі, сьвіні,

У каморе поўна, хоць сьпі на своях,

В хате чыстенько, як в панскіх пакоях.

Так то бывало ў нас і між вамі!

А тепер, гдеж тые шчасте ся поділо?

Где глянеш – люде брашчат ланцугамі,

Где кінеш – слезы, аж жыты не міло,

Бо з человека высысают сілы –

А всё то цары Москалі зробілы.

Два апошнія радкі – своеасаблівы бар’ер[13], “пераступіўшы” які лірычны герой твора расказвае пра тое, як на Літве – Наваградчыне і Ашмяншчыне – дзейнічалі паўстанцы:

А як тягнуў на дубіну,

То стоя на лану,

Пытаў: – А шчо вражы сыну,

Чы відіш Ошмяну?!

От тепер то невера побачыть,

Попомятае, шчо то Літва значыть.

Маналог Валынца надзвычай кароткі – адна страфа. Ён толькі і паспявае распавесці пра кіраўніка аднаго паўстанцкага аддзела:

А наш Ружыцкі – малая особа,

Перад нім Москаль і в хляве ховаўся,

Да-й там нездобреў, бо вытяг з-под жлоба

I в лоб собаце – а іді пся вяра

Там к черту в Москву, до своего Цара.

I, нарэшце, вуснамі Пінчука, яшчэ раз давёўшы агульнасць пачуццяў герояў, паэт выказвае погляды Дэмакратычнага таварыства:

Літвін, Волынец, подайтэж мі рукі,

Так, – прысягаем на Госпада Бога,

Царам на згубу – панам, для навукі,

Шчо на той землі неповстане нога,

Ані эта поганьска, ані эта тыраньска –

Хоть ся вкорэніт як сіла шатаньска…

Барацьба супраць дэспатаў – галоўны матыў і Статута таварыства і “Заўвагаў”. Але калі ў дакументах на першым плане маральная барацьба, дык гутарка агітуе за больш дзейсныя яе формы. Праўда, апавядаючы пра подзвігі паўстанцаў, Ф. Савіч часам нават любуецца жорсткасцю: (“І на Москалях дужо отомстіўся, // Бо біў як собак – резаў як телята // Аж мі дрыжалы со страху чертята”). Або: (“Ой сыпалісе Москалі, як мухы, // А было мяса, як патарухі”). Але ці зразумеў бы хто аўтара, калі б ён прапагандаваў хрысціянскую міласэрнасць да захопнікаў?! Дык невыпадкова гутарка “Там, блізко Піньска” карысталася шырокаю папулярнасцю, а сам Ф. Савіч становіцца кумірам віленскае моладзі. Хоць у вачах акадэмічных уладаў ён адно ўпарты малады чалавек, які настойліва абараняе сваіх таварышаў[14].

Вядома, дзейнасць Дэмакратычнага таварыства была толькі невялічкаю часткаю патрыятычнага рэчыпаспалітаўскага руху на Беларусі ў 30-я гг. ХІХ ст. Фактычна ў апазіцыі да царызму знаходзілася большасць сярэдняга класа насельніцтва. Любы кліч, любая таленавітая праца маглі ўзрушыць прывідны спакой грамадскага жыцця. Такім парушальнікам спакою ў краі стаў Шыман Канарскі (1807–1839). Ён здолеў аб’яднаць і ўзначаліць разрозненыя гурткі ды групы патрыятычных сілаў. Наспявала новае паўстанне, адну з галоўных роляў у якім мусіла выконваць Дэмакратычнае таварыства.

Але арыштаваўшы Ш. Канарскага і студэнтаў-медыкаў (1838), улады пазбавілі вызваленчы рух яго каардынатараў. Для Ф. Савіча пачаўся новы, пакутніцкі этап жыцця. Перш-наперш, дзевяць месяцаў вязніцы і допытаў.

Што такое ў нас следства – цяжка табе распавесці: хто не быў пад ім, не зможа ўявіць, што гэта за пакуты. (…) Можа ты чуў, як нашых вязняў мучылі голадам, бяссоннем, кіямі? Можа думаеш, што гэта выдумкі? Ледзь сотая частка енкаў даляцела з турэмных лёхаў (Pamiętnik Sawicza. K. 30).

Улады ведалі пра існаванне ў краі таемных арганізацый, дык, напаўшы на след, усімі сродкамі імкнуліся адкрыць усіх ейных сяброў. Асабліва стараўся старшыня ўтворанае царом Следчае камісіі князь Трубяцкой.

Быў гэта чалавек нізкі, худы, чорны, з набеглымі крывёю вочкамі, вераломны, хітры; ён то, як ліс, ласіцца, то зноў, як сабака, кусае; з чорнаю душою, а сумленнем яшчэ чарнейшы, без літасці, з сэрцам, у якім аніякіх пачуццяў шляхетных ніколі не было. (…) Пасля допыту, калі мяне прыводзілі ў цэлю, прыбягаў і раз’юшана крычаў: “Врёте, поросёнок!” Кожны ў яго меў сваю мянушку. На лаянцы звычайна не спыняўся, станавіўся шалёны, тузаў за валасы, біў кулаком у твар, валіў на падлогу, таптаў і мясіў нагамі, пакуль я не абліваўся крывёю. Толькі тады шатанскае задавальненне крывіла яго рысы. Пацешаны, выбягаў з мае цэлі (Pamiętnik Sawicza. K. 35).

Невыносныя пакуты даводзяць Ф. Савіча да роспачы. Аднойчы ён нават спрабуе закончыць жыццё самагубствам. Але за выняткам гэтае хвіліны слабасці ён трымаецца мужна. Ні 12 000 кіёў, ні карцэр, ні што іншае не могуць прымусіць вязня здрадзіць. У самыя цяжкія дні ён верыць, што праўда на яго баку, што прыйдзе час і Айчына будзе вольнаю. Паказальна, што калі на волі сябры таварыства неадназначна ставіліся да рэлігіі і, асабліва, да вышэйшае царкоўнае іерархіі, абвінавачваючы яе ў прыслужніцтве ўладам, дык цяпер вера ў Бога становіцца крыніцаю іх сілаў.

Раз я спаткаўся на калідоры з Янам Загорскім; выходжу са следства, а яго ўводзілі ў залу. Ён вельмі змяніўся, аднак смеласць і адвага адчуваліся ў яго руках, вачах. “Як маешся, калега? – запытаўся ён. – Як справы? Чым цешышся зараз?“ – “Найбольш малітва прыносіць мне палёгку”, – адказваю. – “Ведаеш, – кажа, – я ніколі не быў і не ёсць атэістам, але цяпер баюся маліцца шмат, абы не думаў Пан Бог, што гэта ад страха і боязі перад маімі катамі” (Pamiętnik Sawicza. K. 13).

Рэлігійныя перакананні, з аднаго боку, і ўплыў “Кнігаў народа польскага і польскага пілігрымства” А. Міцкевіча, з другога, спрычыніліся да таго, што Ф. Савіч 6 жніўня 1838 г. піша ў вязніцы “Споведзь пакутніка”– своеасаблівую спробу зазірнуць у будучыню. Наколькі важным лічыў гэты твор сам аўтар, сведчыць той факт, што ён усе цяжкія гады выгнання захоўваў, а перад смерцю зноў звяртаецца да яго:

На працягу шасці гадоў Бог пасылаў на мяне розныя кары і схіляў да одуму; тройчы я ледзь не памёр ад хваробаў, аднойчы ледзь не быў забіты, аднойчы шчырыя і сяброўскія паслугі іншым ледзь не давялі мяне да згубы. (…) Калі ўсім сэрцам прасіў у Бога літасці, абяцаючы ўчыніць ніжэйшае прызнанне, – знікалі цяжкасці і толькі злёгку трымалі мяне ў сваіх сілках[15].

Ф. Савіч шчыра верыць у аб’яўленае яму Богам і настойліва пераконвае чытача, што бачанае ім – праўда:

I вось убачыў я зямны шар і Езуса Хрыстуса з матуляю на ім. (…) А з ягонае раны ў правым баку выходзіў прамень святла, які ахінаў ўсе ўчынкі ды станы сучаснага свету ад краю да краю, ад полюсу да полюсу. I свет, і мора, улады і народы і стан іх; і была паўсюль цемра і здранцвенне, прыгнёт і няволя, несправядлівасць і сіла панавалі ўсюды (Spowiedź pokutującego. K. 62).

Нічога дзіўнага, што на цэлым свеце цемра: такога ладу, пра які марылі сябры Дэмакратычнага таварыства, не існавала ў прыродзе. Тыранія, дэспатызм, здавалася ім, найбольш яскрава праяўлялі сваю сутнасць у палітыцы Расійскае імперыі. А пакутніцкая роля народаў Рэчы Паспалітай нараджала думку пра выключную ролю Польшчы, якую яна мусіла споўніць дзеля выратавання чалавецтва ад несправядлівасці. Вядома, Ф. Савіч не з’яўляўся аўтарам гэтае думкі, ён адно пашыраў яе.

I лягчэй стала на душы маёй, бо ад Ягонае міласэрнасці я ўбачыў святло над Старым Светам, якое бывае пагодным ранкам пасля начы. А днела ўсё больш і больш, калі параўноўваць гэта да ледзь-ледзь узыходзячага сонца. А гэтае ззянне не было на цэлым Старым Свеце, а толькі на пэўнай прасторы, якая – як я на святле добра бачыў – была тоўстым слоем чалавечае крыві заліта, ванючае чалавечае крыві. Велізарная колькасць чорнае ванючае крыві – гэта маскоўская, за ёю – яснейшая паласа (і яе менш) – нязмерна сімпатычнае сэрцу відовішча: была гэта польская кроў. (…) I пазнаў я, што гэта наша Польшча, і Польшча гэта была, а не што іншае, бо я бачыў братоў маіх, яе жыхароў свабодных, вольных, што размаўлялі між сабою… (Spowiedź pokutującego. K. 64).

“Споведзь пакутніка” магла ўзнікнуць толькі ў атмасферы амаль поўнага панавання польскай нацыянальнай ідэалогіі, духам якое напоўнена кожная літара твора. I аніводным словам Ф. Савіч не ўспомніў тых, дзеля каго яшчэ нядаўна пісаў гутарку “Там, блізко Піньска”. Зрэшты, “Споведзь пакутніка” прызначалася напачатку толькі дзеля сябе. Надзея, што Польшча адродзіцца, падтрымлівала яго ў складаных абставінах вайсковага жыцця на Каўказе. Сасланы на ўсё жыццё ў дзеючую армію здабываць Расійскай імперыі землі непакорлівых народаў, Ф. Савіч вымушаны выконваць ускладзеныя на яго абавязкі:

Я мусіў страляць у чаркесаў, якія Айчыне маей і мне нічога кепскага не зрабілі, мусіў бараніць справы, што пярэчылі маім перакананням, змагацца ў шыхтах прыгнятальнікаў дзеля іхняе карысці ды інтарэсаў. Я стаў супраць тых, хто бараніў сваю волю (Pamiętnik Sawicza. K. 50).

Права забіваць (ці быць забітым) яго не задавальняе. З першага дня ён шукае шляхоў да Волі. Урэшце, пакінуўшы вопратку на беразе Церака, уцякае, узяўшы кірунак на Бацькаўшчыну.

Напачатку было цёмна; толькі мігалі зоркі; а калі а першай гадзіне выйшаў за Кізляр, узышоў месяц, асвяціў раўніну стэпу, поўную зданяў, далёкую і ціхую; я азірнуўся на горад і горы Каўказу: горкія слёзы жалю засцілалі мне вочы. Не мог глядзець. Вакол у стэпе быў такі спакой і ціша, што здавалася мне, быццам голас з роднае Літвы даходзіць да мяне, але гэта быў толькі голас надзеі ды голас майго сэрца (Pamiętnik Sawicza. K. 75).

Рызыкуючы быць схопленым і вернутым на Каўказ, адольваючы шматлікія перашкоды, Ф. Савіч нарэшце спыняецца на Валыні ў мястэчку Янушполь. Тут ён знаходзіць сяброў, мае мажлівасць падрыхтавацца да новага этапу барацьбы. Але перш патрэбна перамагчы эпідэмію халеры, якая ўспыхнула на Валыні ў 1847 г. Доктар Гельгега (так цяпер звалі Ф. Савіча) мужна змагаўся з ёю, ратаваў жыхароў, але не ўбярогся сам. Прадбачачы хуткі канец, ён здзяйсняе яшчэ адзін подзвіг: дзеля прыкладу і наследавання клапоціцца пра “Успаміны” – своеасаблівы жыццяпіс пакутаў, жыццяпіс свайго часу.

Гэтыя “Успаміны” доўгі час ашчадна захоўваў пісьменнік Аляксандр Гроза, які асабіста ведаў Франца Савіча. Пасля яны трапілі да Я. Іваноўскага (Я. Гэленіюша)[16], які ўключыў іх (дапоўненыя апавяданнем А. Грозы) і “Споведзь пакутніка” ў свае двухтомныя “Успаміны мінулых гадоў” ды выдаў у 1876 г. у Кракаве[17].

Захаваўся і рукапіс “Успамінаў” Ф. Савіча[18]. Ён у нашым літаратуразнаўстве лічыцца аўтографам аўтара, бо падстава да такога сцверджання даволі паважная – сведчанне самога Я. Іваноўскага-Гэленіюша: “Гэтыя тры рукапісы[19] былі ў А. Грозы, паўсюль вядомага ўкраінскага паэта. Рукапіс Савіча ён найбольш шанаваў, як аўтэнтык, атрыманы з рук аўтара, знанага яму асабіста”[20]. Аднак моўныя ды іншыя асаблівасці рукапісу даюць мажлівасць гаварыць, што пісаў яго не Ф. Савіч, а нехта іншы.

Бясспрэчна тое, што рукапіс пісаны адным чалавекам і адным атрамантам. Аднак, калі асноўны тэкст ідзе ад імя Ф. Савіча (“Бацькі мае былі бедныя…”), дык зноску на першай жа старонцы (“Маці яго, удава уніяцкага святара, жыла ўбога ў Пінску яшчэ напрыканцы 1848 года[21]. Я запытаўся ў яго, ці не пісаў да яе цяпер? “Не, – адказаў ён мне. – Я не магу быць ёй памочнікам. Маці мая даўно мяне ўжо аплакала, лічыць мяне нябожчыкам, навошта ж адкрываць ейныя прыгоеныя раны? Быць з ёю не магу. Навошта ж, каб другі раз аплаквала маю смерць?”[22]) пісаў, відавочна, не ён. Гэтую зноску, праўда, крыху яе змяніўшы, Я. Іваноўскі выкарыстоўвае ў пачатку “Успамінаў”, дадаючы ад сябе, што “выгнанне сваё, лёс нешчаслівы, ён называў другой смерцю”[23], хоць больш верагодна, што Ф. Савіч гаварыў гэтыя словы будучы безнадзейна хворым, акурат тады, калі ішла праца над “Успамінамі”.

На нашу думку, гэты рукапіс – копія з аўтографа Ф. Савіча, выкананая А. Грозаю. Ашчадна захаваўшы мову, стыль і правапіс арыгінала, ён сям-там даў свае тлумачэнні, пакінуў чыстымі старонкі 43–49 і 51–57, відаць, так, як было і ў арыгінале. “Споведзь пакутніка” ён перапісаў двойчы: у рукапісе гэта старонкі 62–72 і 149–173 – яшчэ адзін довад, што аўтэнтыка мы не маем, а Я. Іваноўскі-Гэленіюш карыстаўся копіяй А. Грозы.

Параўноўваючы надрукаваны Я. Іваноўскім-Гэленіюшам тэкст і рукапіс, неабходна звярнуць увагу на адрозненні. Па-першае, выдавец зрабіў стылістычную праўку, што надало твору пэўную зграбнасць, бо рукапіс – гэта запіс вуснага апавядання аўтара, пра што сведчаць пэўныя дэталі. Напрыклад, у сказе: “Што такое ў нас следства – цяжка табе распавесці”. Я. Іваноўскі-Гэленіюш апускае слова “табе”, бо не ведае, што Ф. Савіч дыктаваў свае “Успаміны”. Па-другое, праўка Я. Іваноўскага-Гэленіюша была неабходна па палітычных, рэлігійных ці якіх іншых матывах. Напрыклад, апавядаючы пра спатканне ў вязніцы Ф. Савіча з “сястрою Ганнаю”, выдавец апускае радкі пра “сястру” і ейнага бацьку: “Слова “Гут” было мне вельмі добра вядома, бо такое прозвішча насіў варты павагі ды шанавання лекар, які жыў у Вільні…” (Pamiętnik Sawicza. K. 40), бо не быў упэўнены, што нават праз сорак гадоў колькі неасцярожных слоў могуць нашкодзіць нашчадкам тых людзей. Па-трэцяе, Я. Іваноўскі-Галеніюш палічыў неабходным зрабіць моўную праўку: асобныя словы і выразы Ф. Савіча не ўжываюцца ў польскай мове. Напрыклад: “Маючы дзесяць аднадумцаў, я мог заснаваць збор”. Слова “збор” выдавец паўсюль замяняе на “zebranie” ці “zgramodzenie” або апускае яго; Ясь становіцца ў яго Янам ды інш. Па-чацвёртае, граматычныя праўкі Я. Іваноўскага-Гэленіюша амаль даводзяць мову Ф. Савіча да правільнай літаратурнай польскай мовы.

Лёс Франца Савіча – яшчэ адно красамоўнае сведчанне, як салідарызацыя беларусаў з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам запавольвала нараджэнне і развіццё беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Усе, хто стаяў, як Ф. Савіч, на польскіх пазіцыях, не здолелі вызваліцца ад рэчыпаспалітаўскага патрыятызму. Мясцовы (ліцвінскі ці беларускі) патрыятызм гэтых людзей цалкам падпарадкоўваўся агульнадзяржаўнаму: польская мова і касцёл былі тымі путамі, якія прывязвалі жыхароў Беларусі да кола праблемаў, што вырашалі вызваленчыя сілы Польшчы.

 

 

Ігнат Храпавіцкі. Беларускі гісторык у 40-я гг. ХІХ ст. не з’явіўся. А гэта значыць, беларускі рух, пазбаўлены такое важнае падтрымкі, мусіў шукаць іншыя сродкі сілкавання. I асноўным магла быць толькі гістарычная памяць народа, зафіксаваная ў паданнях, казках, песнях. Характэрная асаблівасць гэтага часу – самі беларусы пачалі збіраць фальклор, і кіраваліся яны не толькі чыста навуковымі ці літаратурнымі інтарэсамі. Праца гэта цяпер насіла не выпадковы (знайсці нешта незвычайнае, чым можна было б здзівіць літаратурную грамадскасць), а мэтанакіраваны характар. Прыйшло разуменне: тое, што захавалі сяляне, было колісь агульнанародным, належала як мужыкам, так і шляхце. Дык патрэбна было надаць (у вачах грамадскасці) простанародным паданням, песням і звычаям самую высокую вартасць. Каб дасягнуць гэтага, неабходна, па-першае, пераканаць у безпадстаўнасці пагардлівых адносінаў да вуснае народнае творчасці; па-другое, падрыхтаваць (сабраць ды сістэматызаваць) і выдаць гэты набытак народа; па-трэцяе, па-філасофску асэнсаваць яго. Праца з нялёгкіх, бо ісці трэба па цаліку, абараняючыся ад магчымых небяспечных выпадаў з польскага ды расійскага бакоў. Абачлівасць і асцярожнасць павінны быць уласцівыя ейнаму выканаўцу.

Узяўся за гэтую працу Ігнат Храпавіцкі (1817–1893), нашчадак старажытнага беларускага шляхецкага роду герба Газдава. Прадстаўнікі гэтага роду займалі важныя дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. Высокага становішча дасягнулі яны і ў Расіі, пасля таго як асобныя з іх, трапіўшы ў ХVІІ ст. у палон, перайшлі на царскую службу. Але і беларускія і маскоўскія Храпавіцкія памяталі пра свае карані, падтрымлівалі між сабою пэўныя адносіны. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларуска-ліцвінскім галінам гэтага роду стала патрэбнаю падтрымка сваякоў, набліжаных да царскага двара. Так, дзед Ігната – Юзаф (памёр у 1812 г.), апошні інстрыгатар літоўскі, стаў маршалкам навастворанае Полацкае губерні ды захаваў за сабою права на валоданне маёнткам Каханавічы ў Дрысенскім павеце (сёння Верхнядзвінскі раён). А Яўстах – сын Юзафа і бацька Ігната – атрымаў чын шамбеляна (па-расійску – камергера) двара яго імператарскае вялікасці. Пэўныя абавязкі пры двары вымушалі Яўстаха Храпавіцкага большую частку года жыць у Пецярбурзе. Там, відаць, ён і ажаніўся з Амеліяй Горскаю, там нарадзіліся і яго дзеці – дочкі Марыя і Амелія ды сын Ігнат. Апошні прыйшоў на свет 31 ліпеня 1817 г. і выхоўваўся зноў жа ў Пецярбурзе: ці то ў прыватных настаўнікаў-суайчыннікаў, ці то ў сталічнай гімназіі. Магчыма, каб працягваць адукацыю, Ігнат выязджаў у Заходнюю Еўропу, перадусім, яго верш “На руінах святыні сонца” (1839) напісаны ў ваколіцах Рыма. Зрэшты, у пачатку 40-х гг. ён ужо ў родных мясцінах, на Беларусі, служэнню якой сваім талентам ды працаю прысвеціць жыццё.

Пачынаючы з 1843 г. І. Храпавіцкі займае разнастайныя пасады – ад наглядчыка сельскіх ссыпных магазінаў да маршалка шляхты Віцебскае губерні. Як і большасць прадстаўнікоў роду Храпавіцкіх, Ігнат вылучаўся дэмакратычнасцю поглядаў, абвостраным пачуццём справядлівасці. Тут дарэчы будзе заўважыць, што яшчэ ў пачатку ХІХ ст. адзін з Храпавіцкіх, Міхал Васільевіч, адпусціў на волю ўсіх сваіх прыгонных. Невядома, ці меў якія звесткі пра гэта Ігнат, але ў другой палове 40-х гг., у эпоху, заўважым, мікалаеўскае рэакцыі ён са сваімі аднадумцамі Сяргеем Убры і Юстынам Шчытам падрыхтаваў праект скасавання прыгону ды здолеў правесці яго на шляхецкай зборні Віцебскае губерні. Праўда, не хапіла патрэбнае колькасці галасоў (206 супраць патрэбных 262). За гэтае вальнадумства І. Храпавіцкі трапіў у няміласць і мусіў адысці ад актыўнае грамадскае дзейнасці. Толькі пры ліберальным Аляксандры II у 1858 г. яго паклікалі ў склад губернскага камітэта дзеля выпрацоўкі прапаноў па паляпшэнні быту прыгонных. А вясною 1859 г. шляхта Дрысенскага павета абрала І. Храпавіцкага сваім маршалкам (пра што з задавальненнем пісаў у сваім лісце Адаму Кіркору Арцём Вярыга-Дарэўскі). 3 лістапада 1880 г. ён стаў маршалкам шляхты Віцебскае губерні. 25 снежня 1893 г. закончыўся яго зямны шлях.

Больш за пяцьдзесят гадоў жыцця І. Храпавіцкага звязаны з маёнткам Каханавічы. Пакідаў яго, здаецца, толькі на час шляхецкіх соймікаў у Дрысе і Віцебску ды іншых кароткачасовых выездаў. Грунтоўнае знаёмства з народнаю культураю скіравала І. Храпавіцкага на шлях навукова-літаратурнае працы дзеля Бацькаўшчыны, дзеля пераадолення тае пагарды, якую меў адукаваны клас да цёмнага, забітага старымі ды новымі парадкамі сялянства, адзінага ў ХІХ ст. захавальніка спрадвечных духоўных каштоўнасцяў гэтае зямлі, Беларусі.

Актывізацыя літаратурна-грамадскага руху ў пачатку 40-х гг. ХІX ст. закранула і Беларусь. Дыскусія пра ролю фальклору ў літаратуры, што пачалася ў “Tygodniku Petersburskim” (адзінай дазволенай польскамоўнай газеце, якая выдавалася ў Пецярбурзе для заходніх губерняў імперыі), паспрыяла звароту мясцовых літаратараў да народных скарбаў. У асяроддзі маладых паэтаў выспела думка пра неабходнасць друкаванага органа дзеля вырашэння тых праблемаў, якія нарадзіў час. І. Храпавіцкі быў адным з ініцыятараў выдання часопіса. Узрост К. Буйніцкага, яго літаратурны вопыт – галоўнае, чым кіраваліся ў выбары выдаўца браты Грымалоўскія і І. Храпавіцкі. Ды і матэрыяльнае забеспячэнне выдання шмат што значыла: К. Буйніцкі атрымліваў прыбытак ад сваіх маёнткаў, а Грымалоўскія і І. Храпавіцкі на жыццё зараблялі дзяржаўнаю службаю. У чэрвені 1841 г. у Асвеі на імянінах графа Шадурскага гэты праект абмяркоўваўся з удзелам Яна Баршчэўскага. Аднак, сам Я. Баршчэўскі, выдаючы ў Пецярбурзе “Niezabudku”, не прымаў удзелу ў рэдагаванні альманаха, не з’яўляўся яго аўтарам. І толькі аднойчы, калі перастаў выходзіць уласны альманах, Я. Баршчэўскі даслаў свой твор (другую частку аповесці “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта”) у “Rubon”.

Невыпадкова першы томік “Rubonu” адкрываецца вершам І. Храпавіцкага “Дзвіна”. Паэт выказаў канцэпцыю (ці то праграму) выдання: альманах павінен зрабіць усё, каб беларусы абудзіліся. Напачатку ствараецца малюнак цёмнае маўклівае ночы і соннае рэчкі:

Месяц, як прывід пачварны, брыдзе цераз хмары,

Вісне туман апаўночы жалобным убраннем.

Носіць заклёны віхор цераз пушчы, імшары,

А на ўзбярэжжы струмень мільгане і растане.

                                             (Пераклад У. Дубоўкі)

Аднак цяпер іншы час. Рубон доўга чакаў, спадзяваўся, што яго дзеці самі прачнуцца ад мёртвага сну. Ды надзеі марныя, таму ён звяртаецца да іх з просьбаю-заклікам:

– Дзеці! Паможа вам хто са змартвеласці выйсці?

Колькі чакаю: мінаюць гады і сталецці.

Нашая ж мэта далёка й цяпер, як калісьці...

Ах, каб вы ведалі, як гэта сумна ўсё, дзеці!..

Па-над Віллёю, над Нёмнам спяваюць паэты,

А па-над Віслай красуюць паселішчы пышна.

Толькі сыны мае ўсе пасхадзілі адгэтуль,

Пуста ў ваколлі маіх берагоў і зацішна.

Рубон верыць, што абудзіцца і на яго берагах літаратурнае жыццё, што і мясцовая гісторыя будзе натхняць паэтаў:

Далей! – Да ветразяў, плуга, да светлае долі!

Пійце натхненне і моц з маіх нетраў узнятых!

Вам адамкнёна-адчынена ўсё ў наваколлі,

Тысячы мар дам паэтам з прадонняў заклятых.

Цікавае завяршэнне верша. З аднаго боку, заклік Рубону пачуты, абудзілася літаратурнае жыццё на Беларусі, але, з другога боку, існуюць значныя перашкоды дзеля нармальнага развіцця літаратурнага працэсу ў краі.

Чаc пераходзіць. Людская прыкметна ўжо праца,

Хор, з галасоў розных зліты, спявае ўсё ж песні.

Доўга хмызняк на палетках яшчэ узрастацьме,

Вецер сіберны зглушаць будзе спевы Прадвесні[24].

Бясспрэчна, гэта лепшы з тых дзесяці вядомых сёння польскамоўных вершаў І. Храпавіцкага. У гэтым жа томіку паэт надрукаваў яшчэ адзін верш – “Восень”. Тая пара года асацыіруецца ў яго са смерцю: засыхае кветка, ападае з дрэва лістота і ў хворага паэта ўзнікаюць думкі пра магілу. Твор гэты, як і нешматлікія іншыя, не вызначаюцца асаблівымі вартасцямі, няма на ім адзнакі таленту вялікага паэта, а толькі бачна карпатлівая праца над радком. Верагодна таму з двух дзесяткаў твораў І. Храпавіцкага, вядомых нам па публікацыях у “Rubonie”, палову складаюць пераклады: дзевяць беларускіх народных песняў і верш Ё.В. Гётэ “Kenst du das Land?”, усе пераклады паэта змешчаныя ў ІІІ томіку “Rubona”, які выйшаў у 1843 г.

Асветніцкая ды сентыментальная паэзія прываблівала яго нядоўга. Асноўным полем дзейнасці І. Храпавіцкага стаў беларускі фальклор. Перш-наперш ён запісвае народныя песні, рыхтуе пераклады на польскую мову вясковых песняў і мяркуе надрукаваць іх разам з арыгіналамі ў “Rubonie”. Паэт лічыць, што народная песня здольна крануць душы суайчыннікаў, калі ўзноўленая па-польску загучыць пры фартэп’яна ў панскіх пакоях. Фактычна, ён паўтарае думкі Я. Чачота, зборнічак якога “Вясковыя песні з-над Дзвіны” (1840) ведаў, а, магчыма, дзейнасць філамата і сябра А. Міцкевіча была штуршком і натхніла І. Храпавіцкага заняцца зборам і вывучэннем вуснай народнай творчасці беларусаў. Але выдавец альманаха К. Буйніцкі, якому беларуская мова, як ён пісаў, “няміла кранала вуха”, лічыў, што беларускі люд – гэта грубая некультурная маса, дык і народныя песні, за рэдкім выключэннем, не маюць вартасці. Ён згодны, што трэба запісваць фальклор, можна друкаваць у часопісах сёе-тое, але чытаць нейкія там зборы – гэта тое ж, што частаваць каго сырым мясам, мукою, карэннямі без кухарскае апрацоўкі. Гэта матэрыялы, якія не толькі трэба збіраць, але і ўмець выбіраць[25]. Фальклор, на яго думку, – гэта толькі матэрыял дзеля польскамоўнай паэзіі (“як мяса і мука дзеля адмысловых страваў”), і таму ён не змяшчае дасланыя І. Храпавіцкім і Г. Марцінкевічам народныя песні[26]. І толькі пад націскам тых, хто дапамагаў выдаваць яму альманах, К. Буйніцкі мусіў уключыць іх (пераважна пераклады) у напісаны ім самім артыкул “Беларускія народныя песні” (Rubon. 1843. Т. 3).

А вось артыкул І. Храпавіцкага “Погляд на паэзію беларускага люду” ўбачыў свет толькі дзякуючы Р. Падбярэскаму. Правёўшы ў 1843 г. колькі месяцаў на Беларусі і пазнаёміўшыся з гэтаю працаю ў рукапісе, пецярбургскі выдавец настойліва прасіў К. Буйніцкага дзеля поступу навукі і літаратуры надрукаваць артыкул[27]. Просьба Р. Падбярэскага прагучала ў нарысе-аглядзе беларускай літаратуры “Беларусь і Ян Баршчэўскі” (прадмова да “Шляхціца Завальні” Я. Баршчэўскага). Важна, што ў гэтай працы літаратуразнаўца палічыў неабходным расказаць пра І. Храпавіцкага, пра ягонае даследаванне “філасофскіх паняццяў” у беларукай літаратуры. Ён справядліва адзначае, што

гэта першы самастойны філасофскі погляд на паэзію беларускага народа, першая адзнака набліжэння нацыі да самапазнання ў сутнасці свае паэзіі. Праца гэтая ўяўляе сабою поўны ахоп тэмы, пранікненне ў глыбіню і высвятленне паэзіі песні, экстракт глыбокіх даследаванняў і самых смелых высноваў пра паэзію простага народа. Самыя разнародныя элементы народнай паэзіі набліжаны, раскладзены і падведзены пад шырокі погляд самастойнага розуму. Да моцы думкі, адшліфаванае шматбаковай адукацыяй, далучае пан Храпавіцкі гэтую прамяністасць стылю, якая надае яго працы пэўную прывабнасць. Першы раз бачу, каб думка беларускага пісьменніка звярталася да прадмета, які кожнаму кідаецца ў вочы і пра які рэдка хто можа сказаць некалькі разумных слоў. Звычайна мы ведаем пра ўсё, апрача таго, што нас больш за ўсё павінна цікавіць. Ведаем, што гавораць у англійскім парламенце або ў палаце дэпутатаў, у салонах мудрагелім з міс Тралоп або панам Таквілем пра звычкі амерыканцаў, а з панам Шэвалье пра чыгункі, але не ўмеем сказаць трох слоў пра край, які нас нарадзіў і ўзгадаваў. Гэта праца – агульны вынік таго інтэлектуальнага руху, які ўжо некалькі гадоў праяўляецца ў наддзвінскай правінцыі[28].

І. Храпавіцкі дасканала ведаў прадмет, пра які вёў гаворку. Але апрача згаданае ўжо кніжкі Я. Чачота ды яшчэ збораў К. Вуйціцкага ён хутчэй за ўсё не меў і не ведаў аніякіх працаў (іх, за выняткам “Пра Славяншчыну да хрысціянства” Зарыяна Далэнгі-Хадакоўскага, і не існавала). Адно што ён меў магчымасць пазнаёміцца з паэтычнымі маніфестамі еўрапейскіх рамантыкаў, нямецкіх філосафаў, што звярталі пільную ўвагу на вусную народную творчасць. Перад ім у першую чаргу стаяла задача абгрунтаваць несправядлівасць пагардлівых адносін адукаваных беларусаў да народнае песні. Гэта, на яго думку, можна зрабіць “пры больш блізкім знаёмстве з нашым людам (калі пры гэтым здолеем адарвацца ад сферы ўяўленняў, пасеяных чужою культураю)”[29]. Ён перакананы, што тады

мы адкрыем у амаль кожным з тых цёмных ды грубых на выгляд твораў ці то вартасць сапраўднага пачуцця, ці то глыбокае сімвалічнае значэнне, ці то гістарычную каштоўнасць (S. 43).

І. Храпавіцкі справядліва лічыць, што эпоха рамантызму паклікала да жыцця народную паэзію, хоць і тут на першым плане чужаземшчына, наследаванне замежных твораў. Яго непакоіць, што замілаванне еўрапейскімі літаратурамі перашкаджае развіццю ўласнай. І толькі тады, калі з’явяцца працы, што пазнаёмяць чытача з уяўленнямі простага люду, што здабудуць “з-пад пылу забыцця” рэшткі “духоўнага жыцця” продкаў, – уваскрэсне дух нацыі. Для І. Храпавіцкага народная песня – гэта сапраўдная паэзія. Вось толькі адсутнасць пэўных гістарычных ведаў не дазваляе “адукаванаму класу” зразумець народную паэзію. Так узніклі думкі пра ейную грубасць ды наіўнасць. І. Храпавіцкі ж, наадварот, гаворыць пра прыгажосць фальклорных твораў і, каб пераканаць апанентаў, падае іх у арыгінале.

Наступнае, на чым засяроджвае ўвагу даследчык, – гэта сімвалізм народнае паэзіі. Як бы яна выйграла, каб былі растлумачаны цяжкія дзеля разумення месцы! На прыкладзе выразу “калінавы мост” ён паказвае, што недасведчанасць у адной нейкай драбніцы пазбаўляе народны твор такой неабходнае яму сёння прывабнасці. Разблытаць народную сімволіку надзвычай цяжка.

Было б тут да месца, – піша І. Храпавіцкі, – больш грунтоўна пагаварыць пра сімвалізм нашага народа і славян увогуле, пра тую нітку Арыядны, што вядзе чалавечы розум у лабірынце свету; але адчуваю недахоп маіх сілаў, каб мець адвагу забрацца ў тыя глыбіні, што мяжуюць з таямніцамі рэлігіі ды філасофіі. Скажу толькі, што было б пажадана, каб тыя, хто працуе з фальклорам славянскіх народаў, не грэбавалі вышукваць у ім сімвалічнае значэнне (S. 80).

Дастаткова абазнаным выяўляе сябе І. Храпавіцкі і тады, калі спрабуе вытлумачыць амаль поўную адсутнасць у беларускім фальклоры гістарычных песняў. Ён выказаў даволі слушныя думкі на гэты конт:

Калі мы будзем шукаць у ёй (беларускай народнай песні. – М. Х.) адлюстравання палітычных здарэнняў, якія адбываліся колісь у краі, успамінаў пра людзей, што маглі на іх уплываць і вартасцямі ці заганамі прыцягваць да сябе ўвагу народа, баюся, каб наша праца не была зусім марнаю. Люд у беларускіх правінцыях з таго часу, як гісторыя наша пачынае высветлівацца, аніякага не браў удзелу ў кіраўніцтве краем, ні ў беспарадках, якія бесперапынна мянялі палітычную арганізацыю. Ён падпадаў пад уплыў Літвы, Польшчы і Расіі, абыякава пазіраючы на войны, якія вялі між сабою гэтыя дзяржавы. Дык нас не павінна здзіўляць, што ён не захаваў у памяці тыя здарэнні і не апяваў учынкаў ваяра, якога не ведаў як назваць, ворагам ці братам (S. 60–61).

Развагі пра гістарычныя песні прывялі даследчыка да думкі, што патрэбна пэўным чынам сістэматызаваць народныя песні, каб аблегчыць працу па іх вывучэнню. Традыцыйная класіфікацыя (падзел на гістарычныя, абрадавыя, пазаабрадавыя песні) яго не задавальняе[30]. Асаблівасці палітычнага жыцця беларускага народа і характару беларуса падштурхнулі І. Храпавіцкага да класіфікацыі паводле трох галоўных палітычных пераменаў, што адбыліся ў краі: уваход Беларусі ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расіі. Веданне фактараў, што ўплывалі на творчы працэс, дае мажлівасць даследчыку больш дакладна характарызаваць народныя песні. Невядома, ці ўдалося І. Храпавіцкаму зрабіць такую класіфікацыю, але падыход абяцаў плён.

Цікава, што даследчык спрабуе разгадаць і таямніцы паходжання беларусаў-крывічоў. На аснове народных песняў ён робіць выснову пра шлях нашых продкаў з поўдня (Дунаю) на поўнач, тлумачыць, што крывічы атрымалі сваё найменне ад іншых славянскіх плямёнаў за стасункі з ліцвінамі, ад якіх прынялі веру. Любоўю да роднага краю можна вытлумачыць і думку фалькларыста пра місіянерскую ролю беларускага народа ў будучым:

Няхай будзе дазволена нам выказаць думку, што Беларусь, якая (…) зазнала столькі разнастайных уплываў, можа быць калі-небудзь акажа падобнае ўздзеянне на братнія плямёны, недастаткова прасякнутыя духам тае ўзаемнае сімпатыі, якая павінна кіраваць любым палітычным саюзам, пазбаўленым без гэтага варунку ўсялякае трываласці і сапраўднага сэнсу ў прагрэсе цывілізацыі (S. 72).

І. Храпавіцкі выдатна разумеў, што яго ведаў недастаткова, каб асэнсаваць такую складаную з’яву, як паэзія беларускага народа. Дык невыпадкова так часта гучаць заклікі да больш абазнаных суайчыннікаў пачаць навуковае даследаванне беларускага фальклору, пазнаўшы які можна будзе разгадаць не адну славянскую таямніцу:

Я быў бы шчаслівы, калі б гэтыя старонкі маглі заахвоціць недасведчаных да знаёмства з паэзіяй беларускага люду, якая заслугоўвае гэтага як сваёю ўнутранаю вартасцю, так і святлом, якое кідае на свой край (S. 72).

Адна з галоўных ідэй артыкула “Погляд на паэзію беларускага люду” – гэта думка пра дэмакратызацыю літаратуры. Заканамерна паставіць пытанне: а пра якую літаратуру ідзе гаворка? Пра польскую? Відаць, не. Больш верагодна, што І. Храпавіцкі мае на ўвазе беларускую польскамоўную літаратуру. Але можна зрабіць дапушчэнне, што сапраўднаю беларускаю народнаю літаратураю, як і Р. Падбярэскі, даследчык лічыць літаратуру на беларускай мове. Перадусім, асобныя радкі працы даюць падставы дзеля такіх думак:

З больш грунтоўным, чым раней, разуменнем справы пачалі даследаваць звычаі, песні, паданні простага люду, не шукаючы ў іх асаблівае прыгажосці выпадковага ўрыўка, а намагаючыся сабраць іх у цэлае, з якога б вымалёўваліся характэрныя рысы племені. Колькі маладых пісьменнікаў, выхаваных у рамантычным духу, вызначылася ў гэтай новай працы. Асабліва на аднаго з іх мы вельмі спадзяёмся. Яго паэтычныя творы, недастаткова яшчэ сёння прызнаныя, дазваляюць нам зрабіць выснову, што яго імя знойдзе месца побач з імёнамі Каханоўскага і Міцкевіча (S. 39–40).

Каго збіраўся паставіць І. Храпавіцкі ў адзін шэраг з Каханоўскім ды Міцкевічам? Можа, тут варта зноў згадаць радкі з ліста А. Грозы да М. Грабоўскага пра трох братоў Грымалоўскіх, што дбалі пра кутні камень новай літаратуры? Здаецца, ніхто, апрача Грымалоўскіх, не адпавядае вышэйпрыведзенаму азначэнню І. Храпавіцкага.

Аграмадную задачу ставіў перад сабою І. Храпавіцкі. Аднак “Погляд на паэзію беларускага люду” стаўся яго апошняю друкаванаю працаю. З другое паловы 40-х гг. ён ужо не будзе займацца ні літаратураю, ні фалькларыстыкаю. І, нягледзячы на тое, што на гэтым полі дзейнасці зроблена Ігнатам Храпавіцкім няшмат, яно мае значную каштоўнасць і вартае нашае ўвагі.



[1] Рыпінскі Аляксандр (1811–1900?) нарадзіўся на Віцебшчыне; закончыўшы Віцебскую гімназію, у 1829–1830 гадах вучыўся ў Дынабургскай школе падхарунжых. Пасля Лістападаўскага паўстання эміграваў у Францыю. З 1846 г. жыў ў Лондане, займаўся выдавецкай дзейнасцю. У 1858 г. атрымаў дазвол вярнуцца на Бацькаўшчыну. Тут удзельнічаў у літаратурна-грамадскім руху, збіраў матэрыялы па гісторыі беларускае літаратуры.

[2] У Асалінэуме (Вроцлаў) захаваўся рукапіс падрыхтаванае ў 1883 г. кніжкі “Poezje ulotne”, якая не была выдадзена. Апрача твораў, якія ўжо друкаваліся, А. Рыпінскі ўключыў сюды новыя, а таксама юначыя. Самы ранні – ”Pierszy wierszyk” – датаваны 1826 г.

[3] Rypiński A. Białoruś. Kilka słów o poezji prostego ludu tej naszej polskiej prowincji, o jego muzyce, śpiewach, tancach etc. Paryż, 1840. S. 13. Далей, спасылаючыся на гэта выданне: Rypiński A. Białoruś. S…

[4] Мархель У.І. Прадвесце. С. 65.

[5] Арцём Вярыга-Дарэўскі. Альбом // Пачынальнікі. З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ стагоддзя. Мн., 1977. С. 273–274.

[6] Аляксандр Рыпінскі. Пісьмо да Адама Плуга // Тамсама. С. 176.

[7] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 4509. Pamiętnik Sawicza. K. 1. Далей, спасылаючыся на гэты рукапіс: Pamiętnik Sawicza. K…

[8] Ф. Савіч, пераканаўшыся, што ў існаванні таварыства следчая камісія не сумняваецца, вырашыў даць ёй у рукі схаваны незадоўга да арышту Статут. Ён разлічваў, што змест Статута абвергне абвінавачванні. Гл.: Рукапісны аддзел б-кі ПАН у Кракаве. Рук. 3339. Арк. 270.

[9] Цыт. па кн.: Смірноў А. Франц Савіч. Мн., 1961. С. 35.

[10] Тамсама. С. 37.

[11] Цыт. па кн.: Смірноў А. Франц Савіч. С. 43.

[12] Зусім верагодна, што героі гутаркі – не сяляне, як лічыцца ў нашым літаратуразнаўстве, а шляхта: сяляне Рэчы Паспалітай, як і Расіі, былі прыгоннымі.

[13] Такі ж “бар’ер” ёсць і ў маналогу Пінчука, а вось адсутнасць яго ў маналогу Валынца сведчыць, што словы апошняга захаваліся не цалкам.

[14] Смірноў А. Франц Савіч. С. 55.

[15] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рукапіс 4509. Spowiedź pokutującego. K. 62. Далей, спасылаючыся на гэты рукапіс: Spowiedź pokutującego. K…

[16] Іваноўскі Яўстаф (1813–1903) – збіральнік і выдавец літаратурных ды гістарычных матэрыялаў.

[17] Helenijusz Eu… Wspomnienia lat minionych. Kraków, 1876. T. II. S. 187–215.

[18] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 4509.

[19] АпрачаУспамінаўіСповедзі пакутнікаФСавіча, гэтым рукапісе знаходзяцца яшчэ два творы: “Kompromiss braci Radawieckich na Padolu” i “Życie i przygody starego wiarusa St. Zwierzchowskiego z r. 1831”.

[20] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 4509. Арк. 181 адв.

[21] Невядома чаму Я. Іваноўскі-Гэленіюш змяняе ў выданні гэтую дату на 1838 г.

[22] Рукапісны аддзел Ягелонскай б-кі ў Кракаве. Рук. 4509. Арк. 1.

[23] Helenijusz Eu… Wspomnienia lat minionych. Kraków, 1876. T. II. S. 193.

[24] Гл.: Дубоўка У. Salus populi… // Полымя. 1994. № 5. С. 100–101.

[25] Rubon. 1845. T. VI. S. 218.

[26] КБуйніцкі лічыць за лепшае друкаваць слабенькія вершы пачаткоўцаў. Напрыклад, юначыя вершы таго ж ІХрапавіцкага – “Стансы”, “Касцёл”, “Баркарола”, “На руінах святыні сонца”, напісаныя пад час знаходжання паэта ў Заходняй Еўропе, пра што сведчыць іх змест. Акалічнасці гэтае рэдакцыйнае справы спрычыніліся да таго, што і браты Грымалоўскія, і ІХрапавіцкішчыра зацікаўленыя ў адлюстраванні беларускае тэматыкі на старонках альманахаадмовіліся ад супрацоўніцтва з КБуйніцкім. Так, КГрымалоўскі не захацеў друкаваць у “Rubonie” апошняе дзеі свае драмыСонцаварот”.

[27]Узнаўляем просьбу, каб выдавец “Rubonu” не марудзіў далей з публікацыяй гэтага цікавага, з такім агнём напісанага даследавання, пасля якога прадмет беларускае простанароднае паэзіі, здаецца, будзе вычарпаны” // Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня. С. 346.

[28] Тамсама. С. 345–346.

[29] Chr… I. Rzut oka na poezje ludu białoruskiego // Rubon. 1845. T. V. S. 43. Далей спасылкі на гэтую працу даюцца ў тэксце з пазначэннем у дужках старонкі.

[30] Сам жа ён працягвае сваю працу і мае намер выдаць у Пецярбурзе беларускі “Збор песняў”. У лісце ад 10 студзеня 1844 г. Р. Падбярэскаму І. Храпавіцкі пісаў: “Належнае размеркаванне простанародных песняў пасля адпаведнае іх сістэматызацыі мела б немалую карысць, бо аблегчыла б будучае іх даследаванне. Добра вядомы вынікі гэтага метаду ў гістарычных росшуках, а таксама ў іншых даследаваннях. Аднак зрабіць гэтае размеркаванне даволі цяжка. Класіфікацыя на песні гістарычныя (калі яны выявяцца), абрадавыя, веснавыя, летнія, на думы і прыпеўкі, як прыходзіла мне спачатку ў галаву, нічога не дасць. Толькі адзін падзел быў бы па-сапраўднаму рацыянальны – падзел, які адпавядае тром галоўным палітычным пераменам, што адбыліся ў гісторыі правінцыі. Велізарная з гэтага, напэўна, выйшла б карысць” (Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990. С. 346.



Hosted by uCoz

Да зместу