ХІБА Я СТАРЫ?
I
Я – кажуць – стары ўжо, мой адзіны Божа!
Не, гэта няпраўда, гэта быць не можа!
Дарэмна састарыць мяне захацелі,
Шмат я маю сілы і ў душы, і ў целе.
Гаворыць усё мне, што яшчэ другога
Заткну я за пояс хлопца маладога.
Чаму твар мой юным румянцам палае?
Чаму i душа па-юнацку ўздыхае,
Калі мае вока пабачыць анёла,
Які ўсіх красою чаруе наўкола?
Чаму боль у сэрцы, гэтакая скруха,
Калі нейкі блазен шапоча на вуха
Камплімент бяздумны ёй з ліслівым смехам
I яна смяецца −
значыць, ёй пацеха?
Вам гэта не рэўнасць шаленца старога,
Бо рэўнасць расце з пачуцця маладога.
Ці мае стары яго? Вось запытанне.
Ніхто мне на гэта адказаць не ў стане.
Чаму ж калі ўчора з ёй была размова
I яна сказала ветлівае слова,
Дык тыя пачуцці, што забыў, здаецца,
Прымусілі моцна біцца маё сэрца?
Дальбог, не стары я, бяру неба сведкай −
Ніхто не палюбіць, як я, з сілай гэткай!
II
Я – кажуць – стары ужо.
Мой каханы Божа! Чым пераканаць ix?
Ці старасць не можа працаваць як трэба?
Ці я не гадую
Дзяцей сваіх мілых, хіба не працую?
Хіба маладымі назавём мы гэтых,
Што бродзяць па свету беламу без мэты?
Вось марнатраўцы, якія бесклапотна
Гады маладыя трацяць беззваротна,
Не робяць нічога й здароўе
марнуюць,
Яго яны страту пад старасць адчуюць.
Над вераю строяць непачціва жарты,
Ад рання да ночы рэжуцца ўсе ў карты.
Альбо, ашалеўшы, з келіхам шампана,
Кпяць з гора людскога i смяюцца з
пана.
Більярд ім ды чарка, ці драмаць ляніва,
Ці па рэстаранах швэндаць ганарліва.
Сябелюб ламае галаву тупую,
Як лепей жанчыну ашукаць слабую.
Свайго ён даб’ецца,
а пасля пакіне,
Адданае сэрца ў засмучэнні гіне.
Мо гэта юнацтва? Дык тады без смеху
Стары я i ў гэтым маю сваю ўцеху!
III
Стары я – гавораць,– бо палову веку
Ужо давялося пражыць чалавеку.
Хто гэтак гаворыць, бачыць неглыбока:
Глядзіць яшчэ вельмі зорка мае вока,
Рука яшчэ мае дастаткова моцы,
Спатрэбіцца ў працы, прыгадзіцца
ў бойцы!
Чытаў і не раз я ў кнігах, бывала,
Што продкі ва ўзросце, вось як мой, з запалам
На бой ішлі мужна, ворагаў грамілі,
Айчыну з адвагай сваю баранілі.
I нашы прабабкі адкідалі жарты,
Калі хто з герояў тых, пашаны вартых,
Браў жонкай дзяўчыну векам маладую,
Але толькі векам – розумам старую.
Часта ў мудрым вочку думка мігацела,–
Хай муж пасівелы, ды глядзіць ён смела.
I кунтуш i шабля,
бярэ рукі ў бокі,
Прытупне ды гікне і пайшоў у скокі!
Не тое сягоння, нават думаць сумна.
Ледзь школу закончыць хлопец неразумны,
Як баба, раскісне, марай паланёны.
Удзень шпацыруе, увечар салоны
Наведвае гэты ветрагон аслаблы
I носіць ларнетку замест вострай шаблі.
Герой бальных танцаў і чаркі звінчастай,
Нібы індык, выхваляецца часта.
Аб мове бацькоў ён пачаў забывацца:
Баіцца, што будуць ў салонах смяяцца.
Калі ж ахвяруюць жанчыны пустыя
Такой маладосці пачуцці святыя,
Дык я не злуюся тады з той прычыны,
Што клічуць старым мяне часта жанчыны.
IV
Я – кажуць – здзяцінеў праз старасць i
вершы
I стаў вершаплётам у воласці першым.
Не будуць жа знаўцы французскае мовы
Мужыцкай гаворкай засмечваць галовы:
“Сялянскія словы, фі, як
непрыгожа,
Абраза салонаў, нам гэта нягожа!
Навошта нам трэба з мужыком яднацца?
Служыць абавязан ён нам сваёй працай.
Аддаць свой здабытак – вось доўг селяніна.
Нахабны народ, усе просяць няспынна.
Давай дапамогу галодным, убогім.
Якая ж карысць нам ад той дапамогі?
Каб бліжнім сваім зрабіць кожнага старца
Ці долю для кожнага даць галадранца,
Для гэтага грошай не хопіць i
часу.
Без грошай ні кроку. Вось трэба атласу
Купіць на сукенку. Вось трэба па густу
Набыць пару тузін батыставых хустак;
А футры каштоўныя, шоўк і саеты,
Балы, маскарады, абеды, банкеты?
I ўсё, што за год атрымаў, паляцела.
Яшчэ каб нам нэндза чыясьці балела!
Стары звар’яцеў,
што пляце, сам не знае,
Халопскія вершы чытаць прымушае!”
Для вас, паны, шкода халопскай мне мовы,
Для вас, чые мудрыя надта галовы,
Манеры салонаў засвоіўшы умела,
Смяюцца з таго, крытыкуючы смела,
Што тут адраджаецца на родных Глебах,
Чужое ж, хай кепскае, ўзносяць да неба.
Ваш суд мне не страшны, хай злосна скавыча
У будцы сабака, увагі на пса не
звярну я.
Як раіць пясняр Сыракомля, пішу я
Цяпер, як заўсёды, на мове мужычай.
Вы, ў вершах шукаючы вады ўсялякай,
Крычыце: “Здзяцінеў стары небарака!”