Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

ІДЫЛІЯ

Опера ў двух актах

(Скарочана)

А с о б ы:

КАРОЛЬ ЛЯТАЛЬСКІ

ЯН ДАБРОВІЧ, яго сваяк, ранейшы апякун

ЮЛІЯ, яго дачка

БАНАВАНТУРА ВЫКРУТАЧ, камісар маёнтка Лятальскага

УРШУЛЯ, яго жонка

ШЧЫРЭЦКІ, падданы, звольнены ад паншчыны; жыве пры двары з панскай ласкі

ЯН ГУБАЧ, слуга Лятальскага

ІЦКА, арандатар у маёнтку таго ж

НАВУМ ПРЫГАВОРКА, войт

ЦІТ і іншыя сяляне, мужчыны і жанчыны, з вёскі Лятальскага

А к т I

Сцэна IV

Хор сялян, Навум і камісар

Х О Р  С Я Л Я Н (да камісара, які уваходзіць)

Здароў нам будзь!

Вяльможны пане! (2 разы)

Усякі з нас

На твой прыказ

Перад табою

І з чарадою

Гатовы стане.

К А М І С А Р.   Добра, добра, мае дзеткі!

Н А В У М (убок)

А!.. Чы ваша ўжо гэткі?

I табе, знаць, бесі сыну,

Запялі у злу гадзіну,

Ты дзеткамі звеш цяпер,

А даўней – “хам”, “мужык”, “звер”.

Ой! недарам намі трос,

Да пары збан ваду нёс,

Х О Р  (паўтарае першыя 6 вершаў)

Здароў нам будзь і г. д.

К А М І С А Р (кажа). Я паклікаў вас сюды, дзеці мае, каб паведаміць а важнай навіне: наш пан, а дзедзіч тутэйшы, у гэтых днёх мае прыбыць з заграніцы; а тым часам даручыў вяльможнаму пісару Дабровічу, свайму сваяку і даўнейшаму апякуну, даведацца а стане тутэйшых сялян, ці не маюць ад мяне якой крыўды. Здаецца, што па-айцоўску з вамі абыходзіўся; і хоць трымаў вас строга, аднак справядлівасць заўсёды была маім правілам. Дык памятайце, каб ніхто не пасмеў паскардзіцца на мяне, бо інакш – бізун будзе ў рабоце. Вядома вам, як слухае мяне дзедзіч, і што ён не любіць мужыкоў. Толькі заікнуся перад ім, і я пэвен, што ён скажа скуру з вас паздзіраць. Дык памятайце гэта ды ідзіце ў двор: там чакае вас пан пісар.

Усе выходзяць.

Сцэна VІІ

Юлія (пераадзетая за дачку Шчырэцкага)

Ю Л І Я   (адна – рэчытатывам)

Ой, думкі, ой, мары

Дзіцячага веку!

Шмат будзіце чараў

У душы чалавека!

Як сягоння, здаецца, бачу век праснёны,

Калі з мілым Каролем у гэты лес зялёны

Мы хадзілі спакойна пад апекай Бога.

Нашы сэрцы дзіцячы не зналі трывогаў.

Раманс

О край мой любы, мой родны!

Ты знаеш думак прычыны.

Тут, як у раі, аздобна,

Ціснуцца дзецтва ўспаміны.

Сваймі вось гэта рукамі

Кусточак ружы саджала,

А тут павяўшы з слязамі

Тульпаны я палівала,

На месцы ўсё засталося,

Як вабна ўсё засталося!..

(Кажа) Вітаю цябе, родная краіна, якая на кожным кроку будзіш ва мне салодкія ўспаміны дзіцячых гадоў нашых з Каролем! Тут кожнае месца, кожны кусточак напамінае мне яго такім, якім я знала яго некалі: ласкавым, прыхільным да свае малое сваянкі, аказуючым ёй заўсёды довады сваіх турбот аб ёй і падтрымліваючы слабыя яе крокі. О гора! чаму побыт заграніцай так змяніў яго сэрца? Але што ж тут дзівіцца? Ён такім маладым, маласвядомым пакінуў нас... а папаўшы ў таварыства сапсутай моладзі, мог сказіць звычаі і забыць збавенныя рады майго добрага айца. О калі б план, укладзены мною, патрапіў яго накланіць да мяне і зусім паправіць! З лісту, пісанага з Варшавы, спадзявацца трэба, што сёння ён прыедзе. О Божа! памажы мне! Ты бачыш чыстату думак маіх.

Сцэна VIII

Дабровіч і Юлія

(…)

Д А Б Р О В І Ч.  Сумняваюся, каб ты не прайграла. Маладзён, што марыць толькі аб загранічных прыемнасцях, і не паглядзіць на цябе. Сапсутых звычаяў чалавек, усё будзе ганьбіць, што не падобна да французскага; на падданых сялян глядзіць горай, як на быдла, і імі пагарджае. А да таго, ён можа цябе пазнаць.

Ю Л І Я.  О не, мой войча! Ён бачыў мяне яшчэ малою, а так ніколі не падумае, каб яго кузіна ў адзежы простай сялянкі магла тут жыць. Ты, войча, скажаш, што я на навуках. Мяне тут ніхто не знае. Я смела за дачку Шчырэцкага магу сысці, а той не выдасць нашай таямніцы, бо ад душы хоча паправы сына пана і дабрадзея свайго. Тым большага дасягну трыумфу, што пад відам простай сялянкі патрапіла пакарыць яго сэрца і прывязаць да сябе. (…)

Сцэна ХІІ

Кароль, Ян і Навум (за дрэвам)

К А Р О Л Ь.  Вось мы і ў канцы нашай падарожы. Запраўды, калі ўспомню, што гэта тое месца, дзе трэба будзе пражыць канец свайго жыцця, то аж сэрца сціскаецца. О, чаму край наш дагэтуль яшчэ не можа набраць тае цывілізацыі, якою адзначаецца Францыя? Тут усё так панура! так глуха!

Я Н.  А карчмы, карчмы, пане дабрадзею, то чыстыя хлявы! У Францыі кожная аўстэрыя, як палац! У кожнай чалавек, як у раі! Віна па вушы! А тут, даруй божа, ніякай выгады! Не шукаючы далёка, глянь толькі, пане, на нашую карчму... І мы ж тут, пане, прыгожыя дні нашай маладосці змарнаваць маем? От лепей прадай, пан, сваю фартуну, а далей уцякайма да нашага неба, да ўлюбёнага нашага Парыжа!

К А Р О Л Ь.  О, калі б можна было гэта зрабіць! Калі б мне акалічнасці дазволілі! А тым часам буду старацца: бо гэта праўда, паміж нашых мядзведзяў не выжыву! І што за прыемнасць, проша пана, з мужыкамі? Гэта ж быдла, і нічога болей.

Я Н.  А дзяўчаты, пане, чыстыя каты: падсядзь да якой, то табе зараз без цырымоніі вочы гатова выдрапаць.

К А Р О Л Ь.  Праўду кажаш. Няма нідзе, як у Францыі!.. Там кожная хоць бы найпрасцейшая сялянка далёка асвячнейшая за тутэйшую паненку. О Францыя! Францыя! (...)

Спеў

Я Н

Ах, зірні ў бок гэны, пане!

К А Р О Л Ь

Што ж ты ўбачыў там, мой Яне?

Я Н

Вельмі пекную дзяўчынку,

Што, як сарна, лёгка, вабна,

Што, як лялька, стройна, зграбна,

Рвець малінку за малінкай.

Ў заклад стаўлю віна шклянку,

Што не ўступіць парыжанкам.

К А Р О Л Ь

Ах, калі хто гэта бачыў?

Ці табе ў вачах маяча,

Каб раўняці дзеўку тую,

Нерухавую, брыдкую,

Да парыжскіх ненаглядак,

Што сваёй красою, складам

Цэлы свет змагчы гатовы,

Ўсім закручваюць галовы?

Я Н

Пане, глянь: да нас ступае,

Складна, вабная такая!

Н А В У М  (з-за дрэва)

Ой! ведаю прыгаворку:

Не ўтаіш шыла ў ворку.

Хто ж з людзей не падзівіцца

Прыгожанькай маладзіцы?

Яны, на бяду Навума,

Угледзілі дочку кума.

Сцэна XIII

Тыя ж і Юлія (паволі ідучы, спявае)

Ю Л І Я

Зайшоў ужо месяц, свет спачывае,

А хто ж там кліча над борам?

Мабыць, філён мой мяне чакае

Пад маладым ясакорам.

(Заўважыўшы Кароля, прыкідваецца перапалоханай.)

Ах!.. (Некалькі тактаў паўзы).

Ю Л І Я

Што за дзіўны погляд бачу?

Не згадаю, што ён знача?

I пужае, і трывожа,

Памажы мне, моцны Божа!

К А Р О Л Ь   І   Я Н

Ці то чары, ці з’яўленне!

Вельмі ж мілае стварэнне!

Вочы, тварык глянуць міла!

Мне душу ўсю захапіла.

(…)

К А Р О Л Ь

Хто ты, мілая дзяўчына?

(...)

Ю Л І Я.   Вот, пане, Югася маё імя, а сама я дачка Шчырэцкага. Нябожчык бацька цяперашняга дзедзіча гэтага маёнтка даў вольнасць майму бацьку і ўсёй яго сям’і, за што пастаянна яго ў малітвах нашых успамінаем.

К А Р О Л Ь.  Але, як я ўважаю, дык ты добра гаворыш па-польску і нават няблага тлумачыш. Адкуль жа ты навучылася?

Ю Л І Я.   Я з дзяцінства гадавалася пры дачцэ пана Дабровіча; была болей яе дружкаю, як служкаю; разам мы выраслі і разам хадзілі ў пансіён.

Я Н  (убок). Ого! Дык гэта не простага выхавання ластавачка! Трэба да яе пазаляцацца. Яна, мусі быць, і парыжаніну закруціць галаву можа.

К А Р О Л Ь.  Але скажы мне, нашто табе прыдалося тое выхаванне, што ў пансіёне атрымала?

Ю Л І Я.  Чаму ж, пане? Хіба ж не на тое мы вучымся, абы лепш хваліць Бога ды вярней спаўняць тыя абавязкі, якія наш стан на нас накладае?

К А Р О Л Ь.  Запраўды, ты аднолькава чаруеш як сваім павабным тварыкам, так і сваёю водпаведдзю. Дадушы, з такім укладам ты б магла нават і ў салёнах Парыжа стаць на барацьбу не з адной прыгажуняй моднага там свету.

Ю Л І Я.  Пан волен жартаваць. Дзе там, каб бедная сялянка магла раўняцца з панямі, каторыя ад маладых лет да сталага веку пастаянна вучацца салённым манерам?

К А Р О Л Ь.  Прысягаю табе, што кажу праўду. Але думаю, мая дарагая, што ты добрая хітруха і сваёю скромнай мінкаю не аднаго ўжо каханка злавіць патрапіла. Прызнайся шчыра, шмат іх мела? (Бярэ яе за руку.)

Ю Л І Я.  Пане!.. Каханка ніводнага не мела, а скажу шчыра, што мы, сялянкі, тым рознімся ад вялікіх пань, што ніякай не маем хітрасці. Што чуе сэрца, тое без страху гавораць нашыя вусны. Але пусці, пане! Трэба спяшацца ў двор, каб разам з сялянамі прывітаць тутэйшага дзедзіча, каторы скора прыедзе к нам. Там грамада сялян нецярпліва чакае, каб выказаць пачуцці свае прывязанасці да таго, хто будзе ім замест айца.

К А Р О Л Ь.  Ніколі не спадзяваўся знайсці ў простай сялянцы столькі думак і такіх высокіх! Але скажы мне, мой анёл, для каго ты нарвала гэтых кветак? Ці не дасі хоць адну кветачку і мне на памяць тых звычаёвых навук, якія мне міла будзе захаваць вечна ў сваёй душы разам з вобразам тае, хто іх мне даў.

Ю Л І Я.  Гэтыя кветкі прызначыла я ў падарунак таму, каго любіць лічу сваім абавязкам: палажу іх пад ногі сына дабрачынца нашага пры павіншаванні яго з шчаслівым паваротам на родную зямлю.

К А Р О Л Ь.  Хіба толькі ты даеш свае падарункі тым, каторымі сэрца тваё занята?

Ю Л І Я.  Але, мой пане! Хіба ж я не казала, што мы, сялянкі, заўсёды шчырыя? Што вусны нашыя толькі тое паўтараюць, што ім гаворыць сэрца?

К А Р О Л Ь.  Аднак жа зважай, прыгожая дзяўчына, што той падарунак з твае рукі, якога я прашу, найчысцейшую і наймілейшую прынясе для сэрца майго радасць. Але... як жа, дасі мне хоць адну кветачку?

Ю Л І Я.  А чаму ж не? Няхай пану будзе гэтая польная ружачка. (Бярэ з кошыка ружу, падае яе Каролю ды, наіўна пакланіўшыся, выбягае.)

Сцэна XIV

Тыя ж, без Юліі

К А Р О Л Ь.  Дзіўная дзяўчына! Не магу апомніцца ад здзіўлення з самога сябе! Мімаволі закахаўся ў нейкую сялянку... я, каторы дагэтуль лічыў іх за быдла, цёмнае, нічым неўлагоджанае! О цуда! Што ж бы на гэта сказалі парыжскія прыгажуні?

Спеў

К А Р О Л Ь

Што за сэрца! што за вабнасць!

Я Н

А якая ручак зграбнасць!

К А Р О Л Ь

Што за розум! Што за вочы!

Я Н

А як шоўк косы дзявочы!

К А Р О Л Ь   І   Я Н (разам)

Ах! для гэтае дзявіцы

Памяць, розум я губляю!

Прэч усё, што з заграніцы!

Я над імі крыж стаўляю...

Сцэна XV

Змена дэкарацыі: вялікі панадворак; з правага боку панскі дом; па баках гаспадарскія будынкі; з аднаго боку стаяць сяляне і сялянкі, з другога ж – Дабровіч, камісар, Уршуля, яго жонка і ўсе дворныя, сярод іх Юлія. Калі ўваходзіць Кароль, паперадзе яго ідуць дзве дзяўчынкі, сыплючы яму пад ногі кветкі. Ён жа ідзе проста да Дабровіча і вітаецца з ім, а пасля дзякуе з абодвух бакоў сялян. За Каролем ідуць Ян і Навум.

Х О Р   С Я Л Я Н

Да прыбывай жа к нам яркае солнышка,

Да асвяці ж ты нам белы аконышка!

Да расцвітай у нас прыгожа красачка!

Да прыгалуб жа нас мілая ласачка!

Доўга ж мы ждалі ця наш ты кароліку!

Палётай жа пры нас смелы саколіку.

Х О Р   Д В О Р Н Ы Х

Зірні ў бок гэты, ласкавы пане!

I тут прыхільна цябе вітаюць.

Прымі ты шчыра гэта вітанне.

Хай табе шчасцем дні ў нас лунаюць!

Ю Л І Я (выступаючы, спявае)

Калі з далёкіх ластаўка ніваў

Вясной вяртае дамоў шчасліва,

Свой забывае далёкі вырай,

У роднай сялібе цешыцца шчыра.

I ты, о пане, сярод сабраных

Сялян застанься жыць назаўсёды;

Шукай пацехі сярод падданых;

Будзь для іх бацькам і асалодай.

К А Р О Л Ь

Радасць, якую тут спатыкаю,

Не меў у ніякім краю дагэтуль.

Я Н

Я з хвалявання слёз не стрымаю,

Ажна да чаркі збыўся імпэту.

К А М І С А Р (убок)

Ох, на такое пана вітанне

Дрыжу я цэлы! Што ж далей будзе?

Маё бабахне, знаць, панаванне,

Калі не з’едзе зноў ён у людзі.

Н А В У М (убок)

Над сіратою Бог з калітою.

Што ж, камісару, будзе з табою,

Як пан дзядзічны з намі асядзе!

Не будзеш болей глуміць нас, гадзе!

Х О Р

Здароў будзь дома, ласкавы пане!

Тутка прыхільна цябе вітаюць.

Прымі ты шчыра гэта вітанне.

Хай табе шчасцем дні ў нас лунаюць!..

А к т II

Сцэна І

Сад, у якім дзве альтаны па баках

Наперадзе сцэны дрэва, каля яго лаўка з дзёрну, а на ёй спіць Ціт.

Н А В У М (як падымаецца заслона, спявае)

Добра вучыць нас прымоўка:

Цягаў воўк, пацяглі воўка.

Цішком нас пан к сабе зваў,

Аб камісару пытаў.

Мы ж языка не шчадзілі,

Добра яму засалілі.

Цяпер пан на яго зол,

Наёжыўся, як сакол,

Досыць жа яму нас мучыць.

Добра прыгаворка учыць:

Папаўся, наш пане жучку,

Да ў панскую ты ручку.

Ты намі паневяраў,

Апошняе выдзіраў;

Цяпер мы, паганску сыну,

Дадзім добра чосу ў спіну!

Бо што будзе, тое будзе,

Саўка на куце не будзе.

(Кажа) Ой так! На што наважым, на то наважым, а яго адсюль, як мятлой, вымецем. Я пярвей маўчаў; але як пан начаў распытываць, прыпомніў сабе прымоўку: горш, калі баішся, і ліха не мінеш і надрыжышся; бяды ж горшай не будзе; дай ну ж пець да выспевываць усю праўду. У пана аж вушы павялі. Думаю сабе: сем бед, да адзін атвет. Чаго тут маўчаць? Чы ты мяне калі напаіў, чы накарміў? Добра гутарка кажа: ніколі я ў цябе брухам стол не адсунуў, і маўчаць не буду. Ой, пане камісару! Куды кінь, то клін. (...)

Сцэна II

Навум і камісар

К А М І С А Р.  Прынялі мяне сёння ў пана холадна, што я пачынаю думаць, ці няма на мяне нагавораў перад ім? Але вот і войт. Трэба яго выпытаць: бо гэта хітрая штучка.

Н А В У М (убок). Ой, цяпляк ідзе! Крапіся, Навум! і ты місцюк! Хоць чалавек не баіцца, а штось па скуры мароз так і падзірае!

К А М І С А Р.  Што чутно, Навум?

Н А В У М.  Нічога, пане! Ад ліха ціха, а дабра не чуваць.

К А М І С А Р.  Чы ты быў сягоння ў пана?

Н А В У М.  Я?.. не, гэта... бо... здаецца, быў. (Убок.) Не ведаю, як тут выверцецца?

К А М І С А Р.  Дак гэта ты, сабака, на мяне набрахаў штось перад панам?

Н А В У М.  Хто? я?.. Э! Панок!.. Пану тыкі і стыдна і брыдка гэтак аба мне падумаць. Гэта, як кажа прымоўка, ад Бога грэх, і ад людзей смех. Каб жа я каму, калі што якое; а то ніколі, нікому, нічога... Нашто ж тое?..

К А М І С А Р.  Пачакай, лайдача! я прыпільную! Але не прасі Бога, калі дазнаюся! Будзе канчук у рабоце.

Н А В У М (убок). Вялікага сабакі вялікі брэх! Баш ты яго, вёльмі пабаяліся! Ведаў Бог, каму не даў рог.

К А М І С А Р.  Памятай!.. Але нехта ідзе. А, гэта Югася! Ідзі папільнуй за форткаю, каб хто не падышоў; асабліва калі ўгледзіш, што мая жонка ідзе, то зараз жа скажы мне. Я хачу з Югасяй пагаварыць. (Навум не ідзе.) Ну!.. Чаго ж чакаеш? Балване!

Н А В У М.  Іду ўжо, іду! (Убок.) Ён тут гатовы сужанаю маю адмаўляць ад мяне! Пайду да прышлю тут яго жонку. Хіба яна дасць рады. Бо добра кажа прымоўка: куды чорт не даступіцца, туды бабу пашлець. (Адыходзіць.)

К А М І С А Р.  Адыдуся крыху ўбок, каб яе знячэўку не перапугаць. (Адыходзіць углыб.)

Сцэна III

Юлія і камісар

Ю Л І Я

Як вясна свет асвяціла,

Гоніць сон з сябе зямліца;

Ад вясенняй ласкі мілай

Ўсё смяецца, весяліцца;

Птушка песняй шчабятлівай

Славіць сонца над палянкай,

Апяваючы жычліва

Свайго мілага каханка;

Толькі ж мне журбуе сэрца,

Гэтай радасці не знае,

Да мінулых дзён імкнецца

І баліць, баліць без краю.

К А М І С А Р

Ах, каго так ты ўзлюбіла,

Што запела гэтак міла?

Ю Л І Я

Так не ўходзе, пан дабродзей,

Падслухоўваць, як злодзей.

К А М І С А Р

Калі тут на адзіноце

Жаласліва так спявае,

Песняй сэрца разахвоціць

І мне лёс мой разгадае.

Ю Л І Я

Калі я на адзіноце

Думку думаю аб любым,

Ён, як жораў на балоце,

Ладзіць, быццам хоча згубы.

К А М І С А Р

Мая Югаська!

Ціпачка, краска!

Мой ты мігдалік!

Мой спецыялік!

Мей жа вока на залёты!

Для мяне ўсім даўно ты,

Для цябе жыву, ўздыхаю

I з любосці высыхаю !.(…)

Так, Югася! Я ўвесь для цябе. А што жанаты, тым лепей для цябе: не буду такім спосабам хваліцца перад людзьмі, як дабіваўся твайго сэрца. Але не выпадае нам з табой цяпер доўга быць: можа хто-небудзь падысці. Ведаеш што, мая найдаражэйшая Югасечка? Зрабі мне адну ласку і назнач мне мінутку для размовы з табою ўвечар у гэтым садзе. Я буду чакаць цябе тут. Зробіш мне гэтую ласку? Паслухаеш жа маёй просьбы?

Ю Л І Я  (убок). Пачакай жа, мой ты марцавы дзедка! Зраблю я табе штучку! (Голасна.) Што ж рабіць! Можа б, то і не выпадала, але прыйду. Цікава ведаць, што гэта мне пан скажа? Дык каля поўначы няхай пан чакае мяне ў той альтане, што направа.

Сцэна ІV

Тыя ж і Уршуля; яна падкрадваецца і, як толькі канчае гаварыць яе муж, накідваецца на яго

К А М І С А Р.  О мая ты рыбка! пяшчотка мая! як жа я табе ўдзячны за тваю дабрату для мяне!

У Р Ш У Л Я.  А васан што тут робіш? гэ?

К А М І С А Р. Я? я? так, мо... вот я заказваў прыгон на заўтрашні дзень.

У Р Ш У Л Я.  І каму ж ты заказваў? гэтай дзяўчыне? што?.. А гэта добра! Яшчэ ні ў адной кніжцы гэтага не вычытала (а перабрала я іх на сваім вяку вельмі многа), каб камісар заказваў прыгон адной дворнай дзяўчыне. Ой ты, стары ветрагон! ветрагон! Заўсёды мне выдумляеш усялякія фіглі, і нічога добрага! Пайшоў мне зараз дадому! А васпанна застанься тут: я хачу распытацца.

К А М І С А Р (убок, да Юліі). Югася! не прагаварыся, будзь растаропна; і памятай, што абяцала. (Адыходзіць.)

Сцэна V

Тыя ж без камісара

У Р Ш У Л Я.  Ну, мая рыбка, што на гэта скажаш? Гэ?

Ю Л І Я.  Ах, мосця дабрадзейка! абарані мяне, бедную дзяўчыну, ад праследавання пана камісара. Як цень, ён ходзіць пастаянна за мною і надаядае мне сваім каханнем. Намаўляў мяне, каб я прыйшла сёння ўвечар на спатканне з ім вот у гэтым садзе. Я нібы згадзілася на гэта, але хацела наўперад паведаміць паню і прасіць, каб пані пайшла на маё месца. Няхай жа гэта пані зробіць, каб потым магла пакараць яго за тое, што да другіх заляцаецца.

У Р Ш У Л Я. Вот гэта называецца ветла з твайго боку! Яшчэ ні ў воднай кніжцы не вычытала я, каб дзяўчына, і асабліва дворная, так пачціва мысліла, як ты. О пачакай ты, круціглова! шэсцьдзесятгадовы баламут! выбю я табе з галавы гэтыя твае залёты! I дзе ж, у якім тут месцы хацеў ён з табою размаўляць?

Ю Л І Я.  Вот, пані, у той направа альтане.

У Р Ш У Л Я.  Добра, мая міленькая! дзякую табе, дзякую! Рабі гэтак заўсёды, а калі будзеш пачцівай дзяўчынай, то непраменна знойдзеш сабе добрага мужа, і благаславенства боскае не перастане свяціць над табою. (...)

Сцэна

Юлія, а потым Ян

Ю Л І Я.  Вот дык я яму ўслужыла! Але так яму і трэба: няхай не шалее ў такім веку! Але нехта там зноў ідзе? Ах, гэта Ян, камердынер Кароля. Па праўдзе сказаць, тая роля, якую я ўзлажыла на сябе, апрыкрыла мне трохі; але цешу сябе надзеяй, што папраўлю Кароля; і гэта думка асалоджвае мне цяжкасці, якія для яго дабра і свайго шчасця з ім пераношу. Ну, пабачым жа яшчэ аднаго залётніка!

Я Н

Добры вечар, маё каханне!

Ю Л І Я

Ваша служка, пане Яне!

Я Н

Як здароўе, як жывецца?

Ю Л І Я

Ў галаве мне штось вярзецца.

(...)

Я Н.  О! клянуся табе на неба і на пекла, што твае вочкі так прыцягваюць маё сэрца, як...(Думае) як... напрыклад, бутэлька, калі яна напоўнена нябескім нектарам шампану!

Ю Л І Я.  Аднак, пане Яне, будзь ласкавы, адыдзіся адсюль! Калі хто спаткае нас тут, гэта можа мяне скампраметаваць. Вось жа, калі хочаш мяне забавіць пяшчотнай тваёй дэкламацыяй ці спевам, прыходзь апоўначы да той налева альтанкі; а там, калі ўся прырода будзе спачываць, я пад месячыкам заслухаюся, як пан Ян у маіх ног будзе размаўляць і аб’ясняцца.

Я Н.  О мая ты Дульцынела! на крыллях кахання прылячу да цябе і з нецярплівасцю буду чакаць, калі зорачка шчасця заяснее на маім гарызонце. (Адыходзіць.)

Сцэна VII

Навум і Юлія

Н А В У М

Добра прымоўка нас учыць:

Панска вока каня тучыць.

Што сватоў к ей маю слаць,

Лепш самому папытаць.

Ю Л І Я

Вось дык нейкае насланне!

Шчэ паўзе і гэта зданне.

Н А В У М

Як бы тут ёй заляцацца,

Кабы лепей спадабацца?

Гутаркамі ёй заграю,

Пазнае, што розум маю.

Ю Л І Я

Але добра, што ён тутка.

Ў галаву прыйшла мне думка:

Гэта пудзіла ўпаўне

Дапаможа ў справе мне.

(…) Баш! Прыцапіўся ка мне Ян, панскі слуга, да і адбою не маю; прасіў, штоб я прыйшла сумеркам сюды ў сад з ім пагаварыць. Я, штоб адчапіцца ад яго, абяцала прыйсці.

Н А В У М.  Абяцанка цацанка, а дурному радасць.

Ю Л І Я.  Дак відзіш, Навумка, я хачу, штоб ты надзеў адзежу да на маё места прыйшоў сюда. Хадзі, я ўжо цябе навучу, як маеш з ім абайціцца.

Н А В У М.  Ой, цікунка ты, цікунка! відна, што дабры бабры. Глядзі, мая перапёлачка, штоб з гэтага піва не выйшла якога дуру, бо знаш прымоўку: хто пад кім яму капае, часта сам у яе ўпадае. Але што рабіць? Чалавек, калі важыў на рыбу, трэба важыць і на юшку. Відна ўжо, ты мяне не мінеш. Яно кажуць: калі шанцуе, то і Халімон танцуе. Пайдзём да навучы мяне, што маю рабіць. (Адыходзяць.)

Сцэна ІХ

Кароль і Юлія

Ю Л І Я (Убягае, ціха спяваючы; а ўбачыўшы Кароля, кланяецца і хоча далей ісці; ён яе затрымлівае.)

К А Р О Л Ь.   Куды ж гэта так спешна?

Ю Л І Я.  Бягу ў фальварак; бацька мяне пасылае; а сюдою якраз бліжэй будзе.

К А Р О Л Ь.  Ці не падаруеш мне хвілінку на размову?

Ю Л І Я. Што пан скажа мне? Я слухаю.

К А Р О Л Ь. Папраўдзе, Югася, я на цябе крыўджуся: здаецца мне, што ты ўхіляешся ад спаткання са мною. Другія далёка шчаслівейшыя: з імі ты гаворыш; толькі адзін я не маю гэтай ласкі.

Ю Л І Я.  Скажу пану шчыра: я іх не баюся і рада з імі сустракацца; але пан.... прызнаюся... пан здаецца мне небяспечным, і з гэтай прычыны я мушу ўхіляцца яго.

К А Р О Л Ь.  А чаму ж я небяспечны для цябе?

Ю Л І Я (сарамліва, праз сілу). Бо... бо...

К А Р О Л Ь (бярэ яе за руку). Што ж? На бога заклікаю цябе, дакажы.

Ю Л І Я. Бо… бо… пан здаецца мне вельмі мілым, пан мне падабаецца.

К А Р О Л Ь.  Ты не паверыш, як я за тваю шчырасць удзячны табе! Ах! Югася! ведай жа, што і я цябе люблю! вельмі люблю…

Ю Л І Я.  Тым горай для нас, і тым больш не павінны мы сустракацца.

К А Р О Л Ь.  Чаму ж?

Ю Л І Я.  Нашто ж нам гэтае дарэмнае каханне? Пан мяне не возьме; а я не веру, каб такая шляхетная постаць магла таіць у сабе сэрца, здольнае пакрыўдзіць бедную дзяўчыну.

К А Р О Л Ь. О Югася! чаму ж ты не радзілася роўнаю мне?

Ю Л І Я.  І што ж бы тады было?

К А Р О Л Ь. Ані жаднага вагання!.. Ахвяраваў бы табе сваю руку: бо сэрца маё ад першага спаткання запалонена табою.

Ю Л І Я.  Даруй мне, але я не вельмі таму хачу верыць. Мужчыны заўсёды так штораз новых здабыч прагнуць... так яны здрадлівы!..

К А Р О Л Ь.  Аднак жа, дарагая Югася, хоць ты такая зласлівая і так прыкра аб мужчынах судзіш, павінна мне паверыць: бо я цябе люблю, вельмі люблю, і нават не ведаю, да якога шаленства гэтая любоў давесці можа. Але ж твой погляд такі мілы, такі захопны, што душу палоніць! О! не глядзі так на мяне, не глядзі, бо розум страчу!..

Спеў

Не глядзі так на мяне ты!

Твой пагляд мне будзіць сэрца!

З губ тваіх плывуць прыветы,

Чарадзейка ты, здаецца.

Вабны ўсмех твой і наіўны,

Як на губках разальецца,

Гэткі мілы, гэткі дзіўны!

Чарадзейка ты, здаецца.

Стрэліш вочкам стрэл у мэце.

Тваёй ласкі не дабецца,

Хто пачаў любіць, цярпеці,

Чарадзейка ты, здаецца.

Твар твой кветкамі зіяе;

А краса, што з яго мкнецца,

Так узносіць! захапляе!..

Чарадзейка ты, здаецца.

Але не! зірні, прашу я!

Будзь ўзаемнай, будзь мне сталай.

За што ж мукі так знашу я?

Ой, нашто так счаравала?

(Кажа) Так, Югася! Югася! ты мяне ачаравала.

Ю Л І Я. Пане! а парыжанкі што на гэта скажуць?

К А Р О Л Ь.  О! яны ўжо зусім вылецелі ў мяне з галавы. Дый ці ж можна пры табе думаць аб кім іншым? Цяпер адзінае жаданне нарадзілася ў маім сэрцы: у шчаслівым вясковым зацішшы, далёка ад турбот і непакою свету, на ўлонні падобнае да цябе вернай таварышкі, сярод падданых, як сярод уласных дзяцей, праводзіць рэшту дзён жыцця і не жадаць на зямлі іншай раскошы. (...) Прыемна і соладка гаварыць мне з табою, але скора могуць нам перашкодзіць. Дык покі не разышліся мы з табою, прашу цябе, дарагая Югася, абяцай мне, што споўніш маю просьбу.

Ю Л І Я.  Што ж бы я пану адмовіць магла? Я ж пераконана ў тым, што нічога такога не пачую ад пана, што б не згодна было з шляхецкім сэрцам і спосабам яго мыслення.

К А Р О Л Ь.  О! будзь спакойна, – твой гонар для мяне так дарагі, як і свой уласны. Але прашу цябе, калі ўсё ў двары спачываць будзе, прыйдзі ў гэты сад. Я тут чакаць цябе буду. Падаруеш жа мне хвіль колькі самотных з табою? Ах, толькі час, праведзены з табою, здаецца вобразам надземскай раскошы!

Ю Л І Я (думае). Так... не адмаўляю... прыйду сюды. Каля таго дрэва няхай пан мяне чакае. Але памятай, але памятай, пан, што гонар для беднай вясковай дзяўчыны – бясцэнны скарб яе і ніякай ахвяраю ў свеце не можа быць акуплены. (Адыходзіць.)

Сцэна ХІІІ

К А Р О Л Ь (Ідзе паволі і вобмацкам, падыходзіць да дзярновай лаўкі пад дрэвам).

Прыйдзі, мой любы анеле!

Клічу цябе я ўлюбёны.

Сцежку табе тут усцеле

Кветкамі любасць да скону.

Ах! час падходзе да ранка,

Прыйдзі, мая ты каханка!

Тонучы ў хвілях прыемных,

Сэрцы два любасці смагай

Злучым навекі ўзаемна,

Верныя слову й прысягам.

Ах! час падходзе да ранка,

Прыйдзі, мая ты каханка!

Сцэна ХІV

З другога боку ўваходзіць камісар і тое ж спявае, а пасля з другога боку зноў уваходзіць Ян і гэтую ж песню паўтарае; урэшце ўсе спяваюць тое ж самае ў тэрцэце, ідучы кожны на сваё месца

К А Р О Л Ь

Калі слух мяне не зводзе,

Голас чуецца яе!

Ах! міг гэты ўзнагародзе

Ўсе ў жыцці бяды мае.

Сцэна ХV

Ян і камісар паўтараюць гэтыя 4 радкі. Тут паволі прыбліжаецца Юлія, акрыўшыся палярынай, і падыходзіць да дзярновай лавачкі пад дрэвам, час ад часу злёгку плешчучы ў далоні, а Уршуля да альтанкі направа, і крыху пасля Навум, пераадзеты ў вопратку сялянкі, да альтанкі налева

Ю Л І Я

О Кароль мой, о юнача!

Нікне цэлы свет у цьме.

Ці ты тут? ці дзе іначай?

Адкажы, прашу я, мне.

Н А В У М (убок)

Прымаўкам трэба даць веры:

Паночы ўсе каты шэры.

Цёмна ж ноч – ён не спазнае,

Пэўна мяне спадабае.

(Ідзе да альтанкі налева.)

К А Р О Л Ь,   К А М І С А Р   І   Я Н

Што за радасна часіна!

ІІІто на свеце з ёй зраўняе,

Як кахання цэль ядыны,

Сваю любу тут я маю?

Ю Л І Я

О Кароль! табой жыву я,

З сэрцам да цябе ляту я.

К А Р О Л Ь

О, каб магла чуць ты чуласць вось тую,

Што для цябе там у грудзях бушуе,

Маім бы словам паверыла пэўна

I пакахала мяне бы ўзаемна.

Ю Л І Я

Мой мілы! што я цябе спадабала,

Ці ж тваё сэрца таго не згадала?

Ах! вер, Кароль, мне! табе прысягаю,

Што мая любасць павек не сканае!

К А Р О Л Ь,   К А М І С А Р, Я Н (паўтараюць)

Што за радасна часіна! і г. д.

Ю Л І Я

Глянь! відаць, ужо світае,

Закаханых світ вітае.

К А Р О Л Ь,   К А М І С А Р,   Я Н (паўтараюць)

Што за радасна часіна! і г. д.

Я Н.   Але што ж гэта азначае? Дык жа гэта не Югася! (Зрывае чапец з галавы Навума.) О пекла! Якое гэта брыдкае пудзіла! Гэткая авантура нават і ў Парыжы ніколі мне не здаралася. (Выводзіць Навума наперад сцэны.) Адказвай, д’ябал пракляты, хто ты?

Н А В У М.  Да я ж Навум, войт тутэйшы. А мой жа ж ты міласніку! чаго ж ты чураешся цяпер ад мяне? Знаш прымаўку! любіў добрае, палюбі ж і злое.

К А М І С А Р.  А-ей, вось ліха! Маспане! дык жа гэта не Югася, а мая, пане, даруй, жонка! Прапаў я! (Выходзіць наперад сцэны.)

У Р Ш У Л Я.  Ага, ветрагон! папаўся! Гэта такая твая малжонская вернасць? га?

К А М І С А Р.  Мая любенькая! Калі ты не перастанеш верыць плёткам, дык у нас ніколі добрага жыцця не будзе.

У Р Ш У Л Я.  А ты ж мне баяў, што пан пасылае цябе ў другі фальварак і дзеля таго дома начаваць не можаш; а ты, мой міленькі, на ўсю ноч у залёты выбраўся! О пачакай, дабрадзею! Я ж табе пакажу залёты! (Вымае з фартуха дысцыпліну і б’е яго па плячах, трымаючы за руку, а ён кругом яе круціцца.)

К А М І С А Р.  Ай! ай! паволі, душачка мая! жонка каханая! Прысягаю табе на майго патрона, святога Банавантура, што ўжо з гэтага часу табе ніколі не здраджу, толькі гэты апошні раз даруй.

Н А В У М.  Баш ты яго! Не рад, што б’юць, да яшчэ і нагамі трапечыць.

У Р Ш У Л Я.  Ах! гэта ж і пан наш тут! (Да мужа.) Шчасце тваё! (Да Кароля.) Прабач, яснавяльможны пан дабрадзей. Сапраўды не заўважыла! (Робіць рэверанс, а потым, абярнуўшыся да мужа, гаворыць.) Ну!.. папомніш ты мяне, стары ветрагон!.. дамся я табе ў знакі! (Да Кароля, робячы рэверанс.) Перапрашаю яснавяльможнага пана!.. але ж гэта такая авантура, аб якой у ніякай кніжцы я не вычытала! (Да мужа.) Ну! ну! ну! пакажу я табе гэтыя плёткі, прыйдзі толькі да дому! (Выбягае, запыхаўшыся, усцяж паўтараючы.) Плёткі! ха! ха! плёткі!..

Сцэна ХVI

Дабровіч, Шчырэцкі і некалькі людзей на знак Дабровіча ўбягаюць

Д А Б Р О В І Ч.   Што гэта? адкуль гэты гоман?

Н А В У М.   Нічога, пане! палавілі катоў у мяшок.

Д А Б Р О В І Ч.   I ты, Кароль, тут? А гэта што? I Югася разам з табой? Гэта надта нядобра, што ты, маё сэрцайка, шпацыруеш па садзе ў начным часе, ды яшчэ і з кавалерам!

Ш Ч Ы Р Э Ц К І.  О Божа! чы я гэтага ад маёй дачкі спадзяваўся?

Н А В У М.   Вот табе на! хто парася ўкраў, а каму ў вушах пішчыць. (Да Шчырэцкага.) Нічога, нічога, пане куме! хоць яна з панам трошкі і пагаманіла, да мы ж тут былі блізка. Я не чураюся свайго слова, вазьму яе; бо знаш прымаўку: мая душа не крывая, усё прымае.

К А Р О Л Ь.  Годзе ўжо, мой кузыне! Здаецца, я ўжо паўналетні і не абавязаны даваць адказ за мае ўчынкі.

Д А Б Р О В І Ч.  Хто ж кажа іначай?

К А Р О Л Ь.  Вот жа перад усімі паведамляю, што, адкідваючы ўсялякую пыху з сэрца і не звяртаючы ўвагі на розніцу станаў, бяру Югасю за жонку; і асеўшы ў маёй фартуне, пакіну свет, і толькі ў шчасці яе і маіх падданых шчасце сваё знаходзіць буду.

Д А Б Р О В І Ч.  А я з радасцю вас благаслаўляю (злучае іх), дзеці мае! бо пазнай у Югасі Юлію, адзіную дачку маю! Можаш цяпер яе як хочаш пакараць за гэтую раманціку з табой, што ў вопратцы звычайнай сялянкі захацела запаланіць тваё сэрца і выправіць твой характар, крыху сапсаваны заграніцай. Спадзяюся, што цяпер ужо пэўна перастанеш марыць пра пекнату чужаземшчыны.

К А Р О Л Ь.  О! прысягаю, што ўжо больш не буду шукаць шчасця за граніцай. Хіба ж я не знайшоў яго на бацькаўшчыне? Але ты, пані, можаш судзіць, як моцна пакахаў я цябе, калі, пазнаўшы цябе як простую сялянку, аддаў табе ўраз сэрца маё і лёс свой не баяўся злучыць з тваім.

Ю Л І Я.  Даруй мне, Каролю, гэты мой нявінны падман. Але ж ці не давёў ён нас да мэты нашых жаданняў? (Цалуючы рукі бацькі.) Дарагі войча! Ці ж я не выйграла заклад?

Д А Б Р О В І Ч.  Перамагла, мая дачка! Няхай Бог у працягу ўсяго жыцця дарыць вас гэткай радасцю, якой цяпер перапоўнена маё сэрца.

Н А В У М (становіцца на калені). Гутарка кажа: гдзе ўвесяленне, там і прабачэнне. Даруй жа мне, паненачка, што я, дурань, асмеліўся сягаць па тваю ручку. Я ж такі калісьці молвіў, што няведанне – нягрэшанне.

Ю Л І Я.  Не толькі табе прабачаю, але яшчэ і дзякую табе, што, хоць не ведаючы, дапамог мне ў маіх планах.

Н А В У М (устае). Вот як добра, што я паслухаў паненкі. Добра кажа гутарка: кінь назад, а знайдзеш перад сабою.

К А Р О Л Ь.  Цяпер палічымся з другімі.

К А М І С А Р.  Пане! а я ці атрымаю тваё прабачэнне?

Н А В У М (убок). Ага! на злодзею шапка гарыць.

К А Р О Л Ь.  Дараваў бы яму гэтую апошнюю авантуру, але замнога даведаўся я аб ім, каб мог прапусціць бяскарна яго паступкі з маімі падданымі ў часе маёй адсутнасці. З гэтага часу траціш, пан, у мяне службу; за шчасце можаш палічыць сабе, што не патрабую рахункаў і справаздачы. Прашу цяпер перадаць усё Шчырэцкаму, які тут месца камісара зойме. (Тут камісар, выказваючы смутак і сорам, адыходзіць. Да Яна.) А ты што думаеш, Яне? калі табе не ўдалася любоў з тутэйшай сялянкай, можа, зноў шчасця за граніцай шукаць папрабуеш?

Я Н.  Дзякую пану! А я лепш скажу: mеа сulра! і выбіўшы з галавы думкі аб загранічных красунях, у сваім краі пастараюся знайсці сабе таварышку жыцця; а з гэтага часу не так лёгка дамся запутацца ў іхнія сеткі.

Н А В У М.  Эге! Знаш прыказку: хто апарыцца на малацэ, той і на ваду дзьмухае.

К А Р О Л Ь.   Значыцца, цяпер, пакінуўшы думкі пра заграніцу, пачнём жыццё ў вясковым зацішшы і шчыра выпаўнім свае абавязкі: я – добрага пана, а ты – шчырага і вернага слугі. (Да Дабровіча і Юліі.) Ах! дзякуй вам, мой паважаны апякуне, і ты, дарагая мая жонка! з вашай дапамогай я пераканаўся, што нашыя сяляне маюць добрыя сэрцы; што мы іх не ведаем; што ані жыць з імі, ані іх ужыць не ўмеем. Цяпер больш ніколі іхняга лёсу не паверу на чужыя рукі, але і свой уласны з імі злучу. Хачу іх любіць і каб яны мяне любілі; а мне з імі і ім са мной, за благаславенствам найвышэйшага, шчасліва і добра, спадзяюся, паводзіцца будзе.

(...)

Х О Р

Здаваленне, якое адчуць мы гатовы,

Будзем помніць удзячна ў кожнае хвілі,

Калі публіка шчыра нам скажа хоць слова,

Што ігрою сваёй мы яе захапілі.

 

 



Hosted by uCoz