ЛІСТ У РЭДАКЦЫЮ “Gazety Polskiej

Жывучы сярод люду, які размаўляе па-беларуску, прасякнуты яго ладам думак, марачы аб долі гэтага братняга племені, анямеўшага ў маленстве ад невуцтва і цемнаты, вырашыў я для заахвочвання яго да асветы ў духу яго звычаяў, паданняў і разумовых здольнасцей пісаць на яго ўласнай гаворцы; са здзіўленнем заўважыў хутка, што выдадзеную мной “Ідылію”, затым “Гапона”, “Вечарніцы”, “Дудара”, “Купалу” і г. д. люд прыняў з найвялікшай прыхільнасцю, а моладзь з запалам пачала вучыцца чытаць і завучваць на памяць мае, так мілыя ёй творы. У выніку чаго ўжо цяпер часткова над Віллёй і Нёманам, над Свіслаччу, Беразіной, Дзвіной, Дняпром і г. д. распаўсюджваецца чытанне беларускіх твораў, а абуджанае жаданне і запал да духоўнага жыцця знойдзе сабе багатыя матэрыялы на роднай мове.

Гэтая мая ідэя і імкненні былі зразуметы і ацэнены ў Каралеўстве і засталіся незразуметымі ў Літве; на літаратурным сходзе ў пана К... я чуў меркаванне: “пішучы на беларускай гаворцы, я насаджваю сярод вясковага люду правінцыялізм”, на што вымушаны адказваць:

Наша нешчаслівае мінулае давяло вясковы люд да заняпаду; зусім не думаючы аб яго разумовым і маральным выхаванні, трэба хоць памятаць, што гэта дзеці адной маткі, што гэта пакрыўджаныя браты і хрысціяне, маючыя права на веды, як на нябесны хлеб.

Ці ж трэба здзіўляцца, што ні адзін польскі орган, нягледзячы на амаль стогадовыя намаганні, не здолеў зрушыць гэтага люду? Мог жа які-небудзь орган дайсці да слыху і пераканаць селяніна, якому спосабы авалодання польскай мовай былі такімі цяжкімі, які, паліваючы крывавым потам нівы сваіх паноў, не меў часу для разумовых заняткаў? Калі іншы раз гук матчынай гаворкі даходзіў да прагнага вуха бедака, то гэта быў паток пагроз і лаянак на пагарджаную сірату.

І вось, наглядаючы згубныя намаганні адштурхнуць ад нас народ, вырашыў я праз творы ў яго гаворцы, якія адпавядаюць паняццям, што знаёмы яму з дзяцінства, і якія палягчаюць яму спосабы азнаямлення з іншай літаратурай, заахвоціць яго неяк да асветы і паправіць маральна. Які жыватворны ўплыў аказалі на яго гэтыя творы, можна меркаваць па тым, што сёння кніжкі на народнай гаворцы ўжо зусім разышліся, а новыя не друкуюцца.

Яшчэ ёсць час, каб нашы грамадзяне спахапіліся і, утвараючы школкі, прытулкі і прыносячы іншыя магчымыя ахвяры, імкнуліся гэтую малодшую браццю сваю, якая ўмее быць удзячнай, прытуліць да сэрца і для ўсеагульнага дабра з ёй моцна аб’яднацца.

Навум Прыгаворка

 

 



Hosted by uCoz