Пра артыкул Аляксандра Ільіна “Кропку ставіць пакуль рана”
Публікуючы ў 1982 г. у газеце “Літаратура і Мастацтва” (30 ліпеня) артыкул “Арыгінал «Пінскай шляхты»”, Я. Янушкевіч ставіў пытанні: “Па-першае, чаму, В. Дунін-Марцінкевіч, прысвяціўшы сваю ліру апяванню прыгажосці беларускай прыроды, звычаяў і нораваў вясковага люду, звярнуўся да тэмы, звязанай з выкрыццём судовага справаводства <…> Па-другое, чаму драматург стварыў камедыю на пінскай гаворцы?”. Але ні ён сам, ні іншыя гісторыкі беларускае літаратуры адказу на гэтыя пытанні не далі, бо адно з іх – другое – аказалася неймаверна складаным і цяжкім.
Зрэшты, у распараджэнні літаратуразнаўцаў было шэраг аргументаў, якія не дазвалялі сумнявацца ў аўтарстве В. Дуніна-Марцінкевіча.
Па-першае, словы з ліста самога драматурга: “Właśnie jedzie jeden poczciwy szlachcic z naszych stron, który doręczy Panu Dudarza i Lucynkę, a do Wiszniewskiego wiezie dla przeczytania Pinskaja Szlaczta i Szkice prowincyonalne; poznajom się Pan z zacnym Wiszniewskim i, póki szlachcic wyjedzie z Wilna, zbierzcie się w Kółko domowe, przeczytajcie tę bazgraninę razem, dajcie o niej swój sąd razem z odesłaniem tych pism. Pan bardzo będzie rad ze znajomości P. Wiszniewskiego i on nie mało, a zwłaszcza wspólny nasz przyjaciel Mamert Renier, mogę dać Panu materjałów (do) ludowej literatury, u Reniera może Pan i Kupalę znajdziesz”.
Пра бясспрэчнае аўтарства В. Дуніна-Марцінкевіча сведчаць, па-першае, а). характарыстыка “Пінскае шляхты” і “Правінцыйных нарысаў” як tę bazgraninę (пісаніна, мазня, каракулі) – так можна сказаць толькі пра свой тэкст; б). прапанова прачытаць, выказаць сваё меркаванне пра творы і вярнуць іх.
Па-другое, сведчанні А. Ельскага, які меў у сваіх зборах “Залёты” і “Пінскую шляхту”. Прычым, з артыкула ў “Chwila” можна даведацца, што гэтыя творы захоўваюцца “ў пасмяротным партфелі аўтара, у сям’і”, а ў некралогу (сакавік 1885 г.) і беларускай бібліяграфіі (1892 г.) паведамлялася, што іх мае сам А. Ельскі.
Па-трэцяе, сведчанне Камілы Асіповіч-Марцінкевіч: “Апрача таго, пасылаю яшчэ адзін твор майго бацькі: “Пінская шляхта”. Калі Пан з прысланых рэчаў захоча што набыць, то прашу самому прызначыць цану, бо я ў гэтым не разбіраюся” (1887 г.).
Па-чацвёртае, рукапіс “Пінскае шляхты”, што захоўваецца ў фондзе Я. Карловіча, напісаны рукою В. Дуніна-Марцінкевіча.
Па-пятае, сведчанне М. Доўнара-Запольскага, які ў 1889 г. спрабаваў апублікаваць “Пінскую шляхту” ў “Календаре Северо-Западного края”. Рукапіс фарс-вадэвілю М. Доўнар-Запольскі мог атрымаць ад А. Ельскага.
Па-шостае, сведчанне Я. Лёсіка і “Вольнай Беларусі” (1918), дзе твор быў упершыню апублікаваны.
Такая колькасць аргументаў здольная пераканаць любога літаратуразнаўцу. І толькі людзі далёкія ад гісторыі беларускае літаратуры, якія павярхоўна ведаюць крыніцы, маглі засумнявацца ў традыцыйнай атрыбуцыі “Пінскае шляхты”.
Так з’явілася публікацыя мовазнаўцы Н. Мячкоўскай “Винцент Дунин-Марцинкевич не был автором водевиля «Пинская шляхта»” і шэраг публікацый гісторыка-краязнаўцы А. Ільіна.
Словам у адказ Н. Мячкоўскай і А. Ільіну былі нашы артыкулы: “Загадка «Пінскай шляхты»” (Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: навук. зб. Мінск 2002, вып. 2, с. 90–96), “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч як аўтар «Пінскае шляхты»” (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і працэс міжславянскіх літаратурных узаемасувязяў: Матэрыялы V Міжнародных Ракаўскіх чытанняў, Мінск 2005, с. 77–82), “Атрыбуцыя «Пінскае шляхты»: новыя гіпотэзы” (Acta Albaruthenica, 2009, № 9, с. 35–51, “Вакол «Пінскае шляхты»” (…Пачуць, як лёсу валяцца муры: Памяці Генадзя Кісялёва: навук. зб., Мінск 2009, с. 256–271), “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч як аўтар «Пінскае шляхты»” (Шляхамі да беларускасці: нарысы, артыкулы, эсэ, Варшава 2010, с. 553–573).
Асобныя нашы публікацыі прачытаў А. Ільін. Пінскі даследчык “не заўважыў” чамусьці, што ў іх ўсе яго “аргументы” і гіпотэзы зведзены на нішто. Але ж не будзе ён прызнаваць іх памылковымі!!! А таму А. Ільін прымае паставу пакрыўджанага, і ў часопісе “Arche” наракае на несправядлівасць: “Надрукаваўшы сваю версію, я выдатна разумеў, што яна непазбежна выкліча непрыняцце ў часткі беларускіх літаратуразнаўцаў” (458).
Вядома, хто ўкраў парася, у таго ў вушах пішчыць. Дзякуй Богу, што даследчык прызнаецца ў гэтым. Разумее, што ягоная версія не зусім добрая.
А я вось не разумею, чаму гісторыкі беларускае літаратуры не выказаліся адносна публікацыі (публікацый) А. Ільіна ў “Краязнаўчай газеце”. Хіба ж дастаткова двух сказаў Я. Янушкевіча: “За аўтаркай таннай сенсацыі пацягнуўся шлейф прафанаў, ахвочых паразважаць: хто ж насамрэч стварыў фарс-вадэвіль? Чарада “журналістаў” ільскіх, дзярмовічаў (і хто там на чарзе?) вылучаецца пакуль танным падыходам: сумнявайся, каб лічылі што і ты нешта ведаеш” (Я. Янушкевіч, Пінскі дыямент, [у:] В. Дунін-Марцінкевіч, Пінская шляхта: Аўтэнтык, Мінск 2009, с. 3).
Прафесіянал Я. Янушкевіч увогуле здзіўляе: за дзесяць гадоў не адважыўся сур’ёзна адказаць “аўтарцы таннай сенсацыі” і “шлейфу прафанаў”. Бо ж не будзем лічыць адказам колькі радкоў у каментарах да першага тому юбілейнага выдання твораў В. Дуніна-Марцінкевіча.
А. Мальдзіс і В. Рагойша, калі верыць пінскаму гісторыку-краязнаўцу, “рэкамендавалі матэрыял да друку”, бо ўбачылі ў ім “нешта рацыянальнае”. Што вы там убачылі, шаноўныя Адам Восіпавіч і Вячаслаў Пятровіч?
А што астатнія? Дзе іншыя гісторыкі літаратуры? Колькі ў нас філфакаў у вышэйшых навучальных установах? Дзе тыя, хто чытае курс гісторыі беларускае літаратуры ХІХ стагоддзя? Ці, можа, яны і не гісторыкі літаратуры? Хто ў такім выпадку “прафан”: той, хто высоўвае гіпотэзы, ці той, хто спакойна па збуцвелым ад часу падручніку вучыць студэнтаў і нічога больш не чытае?
Раней мы ўжо звярталі ўвагу на дзіўную здольнасць А. Ільіна ў чытанні гістарычных матэрыялаў. Цяпер можам тое ж сказаць і пра чытанне ім сучасных літаратуразнаўчых артыкулаў. Ну, напрыклад, ён піша: “Ад самага пачатку прафесар Хаўстовіч абвінаваціў мяне ў антыпольскасці, антыкаталіцтве і ў многіх іншых смяротных грахах” (458).
Праваслаўныя налічваюць восем, а каталікі сем смяротных грахоў. Але ні адны, ні другія не лічаць антыпольскасць і антыкаталіцкасць смяротнымі грахамі. Ды, увогуле, дзе ўбачыў А. Ільін тое абвінавачванне? Няўжо вось гэтыя словы: “Шмат каму не цярпіцца адсунуць «рыма-каталіка і паляка» на другі план у гісторыі культуры Беларусі” так абразілі гісторыка-краязнаўца і ён успрыняў іх як абвінавачванне ў “антыпольскасці, антыкаталіцтве”? Дзякуй Богу, ён не дадумаўся сказаць, што гэтыя абвінавачванні варта патлумачыць антысемітызмам.
А цяпер пра “дробныя памылкі” М. Хаўстовіча, якія “выявіў” А. Ільін.
Першую маю памылку пінскі гісторык-краязнавец прымае свой рахунак. Маўляў, “прафесар Хаўстовіч некрытычна перапісаў ініцыял «П.» следам за мною”. Вось жа сапраўды: калі памылка была ва ўласным тэксце (як тое бервяно ва ўласным воку), дык яе і нябачна, а варта іншаму працытаваць гэты тэкст, дык бервяно становіцца сучком. А чужыя сучкі здалёку відаць. Добра, што хапае смеласці прызнаць, што сучок у чужым воку з’явіўся як здабытае бервяно з уласнага.
Адносна А. Шырынскага-Шыхматава параю А. Ільіну звярнуцца да старых дакументаў, каб пераканаўся, што форма “Шырынскі-Шахматаў” сустракаецца не нашмат радзей, чым “Шырынскі-Шыхматаў”. І толькі пасля іранізаваць, што ў публікацыі 2000 года М. Хаўстовіч так груба памыліўся.
Другая мая “памылка”: “Прафесар піша, што 1866 г. у якасці даты напісання “Пінскай шляхты” першы назваў Язэп Лёсік у 1918 г. Насамрэч гэтую дату першы назваў Аляксандар Ельскі ў 1892 г. у сваім артыкуле “Беларуская літаратура і бібліяграфія” (460).
І дзе ж гэта А. Ільін прачытаў такое? Дзе ж ён выявіў памылку? Хіба тут: “У разлік ужо не прымаецца першапублікацыя і Я. Лёсік, які ў “Вольнай Беларусі” (1918. № 30–31) пазначыў: “Твор гэты напісаны аўтарам пінчуцкай гаворкай у 1866 годзе і да гэтага часу нідзе не друкаваўся”. Відавочна, у Я. Лёсіка быў рукапіс з пазначанай датай напісання. Характэрна, што гэты рукапіс не ідэнтычны рукапісу Я. Карловіча”.
Відавочна, трэба мець багатае ўяўленне, каб у маіх радках убачыць, што Я. Лёсік першы датаваў фарс-вадэвіль 1866 годам. Дапушчэнне, што Я. Лёсік меў рукапіс з пазначанай датай вынікае са слоў яго самога. Пацвярджаецца гэта тым, што з рэдакцыяй “Вольнай Беларусі” супрацоўнічаў М. Доўнар-Запольскі, які атрымаў копію “Пінскае шляхты” ад А. Ельскага.
Яшчэ адна “памылка” М. Хаўстовіча: “У пачатку арыгінальнага варыянту “Пінскай шляхты”, надрукаванага ў 1984 г. Язэпам Янушкевічам, нягледзячы на сцверджанне М. Хаўстовіча, няма фразы “Рэч адбываецца ў ваколіцы О…” – яна, падобна, з’явілася толькі ў 1918 г., падчас першага выдання п’есы”.
Што тут мае на ўвазе А. Ільін? Дзе я пісаў пра тое, што ў арыгінальным варыянце “Пінскае шляхты”, надрукаваным у 1984 г. Я. Янушкевічам, ёсць фраза “Рэч адбываецца ў ваколіцы О…”? Калі даследчык перачытае мой артыкул, дык, пэўна, і сам здзівіцца, што напісаў такую дурноту. Вядома, калі не зрабіў гэта спецыяльна; тым больш, што і не спаслаўся на канкрэтную старонку, бо быў пэўны: рэдактар “Arche” не будзе пераправяраць напісанае.
Маем уражанне, што фраза “Рэч адбываецца ў ваколіцы О…” вельмі ўжо не падабаецца А. Ільіну. Пэўна, ён лічыць, што дапісаў яе сам Я. Лёсік. Маўляў, калі яе няма ў рукапісе з фонду Я. Карловіча, дык яе не было і ў аўтара. Тым самым адмаўляецца існаванне іншых копій “Пінскае шляхты”. Заўважым: Я. Лёсік пры падрыхтоўцы публікацыі твора ў газеце “Вольная Беларусь”, якая друкавалася ў Мінску, не мог карыстацца рукапісам з фонду Я. Карловіча.
Чарговы закід А. Ільіна грунтуецца на маіх словах з артыкулу 2002 г.: “Ёсць усе падставы лічыць, што дадзеная гісторыя, зусім нядаўна здабытая пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім з архіваў, была вядома В. Дуніну-Марцінкевічу і менавіта яна натхніла драматурга на напісанне фарс-вадэвіля”.
Але мае словы зноў дзіўным чынам інтэрпрэтуюцца А. Ільіным: “Даследчык услед за пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім абвясціў, што судовая справа “Об учинении распоряжения к присоединению семейства шляхтича Иосифа Липского, совратившегося из православия в римско-католический обряд”, паклалася ў аснову сюжэта “Пінскай шляхты”, на той толькі падставе, што адзін з герояў судовай справы мае прозвішча Ліпскі” (460).
Нідзе ў маім артыкуле не сцвярджалася, што судовая справа “паклалася ў аснову” сюжэта, яна адно натхніла драматурга. Сёння дададзім яшчэ: імпульс для напісання твора драматург мог атрымаць і ад шэрагу іншых падзей.
Мы ўжо пісалі пра безадказнае стаўленне А. Ільіна да дакумента. Апошні ягоны артыкул дае падставы пацвердзіць наша ранейшае меркаванне. У лісце В. Дуніна-Марцінкевіча да Я. Карловіча чытаем: “З нашых краёў акурат едзе адзін пачцівы шляхціц, які ўручыць пану “Дудура” і “Люцінку”, а да Вішнеўскага вязе на прачытанне “Пінскую шляхту” і “Правінцыйныя нарысы”.
У “Краязнаўчай газеце” А. Ільін сцвярджае: “Беларускі класік піша, што нехта Вішнеўскі вязе ў Вільню для чытання рукапіс “Пінскай шляхты” і “Правінцыйных нарысаў”.
Пасля мае заўвагі А. Ільін “паправіў” сваё выказванне: “Я памылкова прачытаў, што нейкі шляхціц Вішнеўскі прывязе этнографу рукапіс “Пінскай шляхты”, а трэба было – што шляхціц прывязе рукапіс спачатку Вішнеўскаму, а той перадасць яе (sic!) Карловічу” (459).
Як бачна, А. Ільін зноў не палічыў патрэбным уважліва прачытаць ліст В. Дуніна-Марцінкевіча. Пра якую перадачу рукапісу “Пінскае шляхты” ён гаворыць? Што – ужо ў 1868 г. Ян Карловіч атрымаў у сваё распараджэнне рукапіс “Пінскае шляхты”? Навошта ж тады ён набывае яго ў 1887 г. у Камілы Асіповіч-Марцінкевіч? Увогуле, ці трапіў Я. Карловіч на тое калектыўнае прачытанне “Пінскае шляхты” ў А. Вішнеўскага? Адказу на гэтае пытанне няма. Як, дарэчы, і хто такі Аляксей Вішнеўскі? Чалавек, які ў 1868 г. трымаў у руках рукапіс “Пінскае шляхты” заслугоўвае нашае ўвагі.
А. Ільін часам бывае самакрытычным і шчырым: “Увадначас ляснулі ўсе мае папярэднія гіпотэзы, на спробу даказаць якія пайшло некалькі гадоў” (462).
Вашы гіпотэзы адносна “Пінскае шляхты” – і папярэднія, і апошняя – аднаго поля ягадкі. Не сумняваюся: як “ляснулі”, папярэднія, так “лясне”, даруйце, і гэтая. Мая Вам рада: стварайце гіпотэзы (я ніколі не забараняў і не магу забараніць Вам гэта рабіць), але перш чым іх публікаваць, добра абдумайце і праверце. Варта, часам нават колькі гадоў правяраць уласную гіпотэзу. Тым больш, калі справа тычыцца славутага твора беларускай літаратуры.
| | | |
|