Мае пераклады

   29.03.2012   

Рамуальд Падбярэскі          

Пераклад твораў Рамуальда Падбярэскага

Рамуальд Падбярэскі - гэта пачатак новага этапа ў беларускай літаратуры. Усяго дзесяць гадоў літаратурнае працы - і такі вынік, якога немагчыма было дасягуць, нават паставіўшы перад сабою ў той час канкрэтную мэту. (Як прыклад, - браты Грымалоўскія).

Але здарылася тое, што здарылася. Думаецца, вынік быў бы нечаканым і для самога Рамуальда Падбярэскага. Вядома, у тым выпадку, каб ён змог з дыстанцыі часу ацаніць зробленае.



Рамуальд Падбярэскі. "Беларусь і Ян Баршчэўскі"

Рамуальд Падбярэскі. "Лісты пра Беларусь"

Рамуальд Падбярэскі. "Беларускае вяселле"

Рамуальд Падбярэскі. "Пра народую паэзію"

Рамуальд Падбярэскі. "Зарыян Даленга-Хадакоўскі"

Рамуальд Падбярэскі. "Пан Антон Абрамовіч, кампазітар"

Рамуальд Падбярэскі. "Ліст да Розы Сабанскае"







   06.03.2012   

Пан Падстоліц          

Пераклад кнігі Эдварда Тамаша Масальскага "Пан Падстоліц"

Сучаснікі называлі кнігу Э.Т.Масальскага "адміністрацыйным раманам", відавочна, правільна зразумеўшы аўтарскую задуму: даць карціну адно толькі эканамічнага жыцця беларускіх земляў і паказаць шляхі дзеля выхаду са стану, які склаўся ў выніку старых і новых злоўжыванняў. І аніякіх (ці амаль аніякіх!) патрыятычных лозунгаў.

Вельмі цяжка расчытваецца рукапіс "Успамінаў" Э.Т.Масальскага. Але ўжо можна сказаць: колішнія выдаўцы "Успамінаў" не звярнулі ўвагі на шэраг найцікавейшых - з пункту гледжання гісторыка беларускае літаратуры - момантаў.





Эдвард Тамаш Масальскі. "Пад Падстоліц"







   28.02.2012   

 Юльян Барташэвіч          

Пераклад артыкула Юльяна Барташэвіча "Ян Баршчэўскі"

Юльян Барташэвіч (1821-1870) падчас свайго побыту ў Пецярбурзе (1838-1842) пазнаёміўся з Янам Баршчэўскім. Блізкіх дачынненяў між імі хутчэй за ўсё не існавала - розніца ў больш-менш 25 гадоў наўрад ці магла спрыяць завязванню сяброўства, але істотна тое, што сваё захопленае юначае ўспрыняцце літаратара з Полаччыны ён перадаў у артыкуле-некралозе ў 1851 г. Вестку пра смерць Яна Баршчэўскага Юльян Барташэвіч, відавочна, атрымаў ад графа Жавускага. (Дапускаем, што Г.Жавускі мог выступіць і як ініцыятар некралогу ў газеце, заснавальнікам якое ён быў).

Цікава тое, што Ю.Барташэвіч "падпраўляе" асобныя сцверджанні Рамуальда Падбярэскага. Мы не ведае, ці рабіў ён гэта на падставе адно ўважлівага прачытання артыкула Р.Падбярэскага, ці меў дадатковую інфармацыю. Нібыта фраза "Аўтар "Завальні" жыў 61 год" павінна сведчыць пра апошняе, але як тады быць з "пахавальнай метрыкай", дзе ўзрост Яна Баршчэўскага акрэсліваецца 54 гадамі ("каля 54 гадоў"). У Цуднаве, усё ж, пісьменнік жыў паводле г.зв. "вида на жительство", на аснове якога складалася "пахавальная метрыка".

А можа, Юльян Барташчэвіч чэрпаў інфармацыю з нейкіх іншых, невядомых нам сёння крыніц?

Генадзь Кісялёў быў прыхільнікам версіі Юльяна Барташэвіч, і аніяк не пагаджаўся, што Ян Баршчэўскі належаў да "філамацкага пакалення". Ён адназначна старэйшы, казаў ён, хоць і шмат чаму навучыўся ад малодшых калегаў па літаратурнаму цэху.

Юльян Барташэвіч. "Ян Баршчэўскі"








   03.02.2012   

Рубон          

Пераклад артыкула Ігната Храпавіцкага "Погляд на паэзію беларускага люду"

Ігнат Храпавіцкі паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду герба Газдава. Ён прыйшоў на свет 31 ліпеня 1817 года, выхоўваўся ў Пецярбурзе: ці то ў прыватных настаўнікаў-суайчыннікаў, ці то ў сталічнай гімназіі. Магчыма, каб працягваць адукацыю, Ігнат выязджаў у Заходнюю Еўропу. На пачатку 40-х гадоў ён ужо ў родных мясцінах, на Беларусі, служэнню якой сваім талентам ды працаю прысвеціць сваё жыццё.

Артыкул “Погляд на паэзію беларускага люду” ўбачыў свет у "Rubonie" толькі дзякуючы Рамуальду Падбярэскаму. Правёўшы ў 1843 годзе колькі месяцаў на Беларусі і пазнаёміўшыся з гэтаю працаю ў рукапісе, пецярбургскі выдавец настойліва прасіў К. Буйніцкага дзеля поступу навукі і літаратуры надрукаваць артыкул. Сваю просьбу Р. Падбярэскі паўтарыў у нарысе-аглядзе беларускае літаратуры “Беларусь і Ян Баршчэўскі” (прадмова да “Шляхціца Завальні” Я. Баршчэўскага). Ён справядліва адзначае, што “гэта першы самастойны філасофскі погляд на паэзію беларускага народа, першая адзнака набліжэння нацыі да самапазнання ў сутнасці свае паэзіі".

Ігнат Храпавіцкі. "Погляд на паэзію беларускага люду"








   29.01.2012   

Габрыэль Карафа-Корбут          

Пераклад нататкі Габрыэля Карафа-Корбута "Беларушчына ў мове Міцкевіча"

Паходзіў Габрыэль Корбут з беларуска-ліцьвінскага роду Карафа-Корбутаў (таго самага, які даў беларускай літаратуры Ялегі Пранцішка Вуля, мажлівага аўтара «Тараса на Парнасе»), нарадзіўся ў Пецярбурзе, дзе ягоны бацька Юзаф, сапраўдны тайны радца, займаў высокую пасаду.

Аніякіх звестак пра кантакты будучага гісторыка літаратуры з Беларуссю не захавалася, але бясспрэчна тое, што беларускую мову ён ведаў добра. І пазнаў яе, відаць, не толькі з кніжак, па якіх вучыў славянскую філалогію ў Дэрпцкім універсітэце пад кіраўніцтвам Яна Бадуэн дэ Куртэнэ. Зрэшты, нават і пасля 1895 г., пераехаўшы ў Варшаву, Г.Корбут мог мець пэўныя кантакты з беларускімі ўраджэнцамі ў Польшчы, а то й з прадстаўнікамі роду Карафа-Корбутаў.

Габрыэль Карафа-Корбут. "Беларушчына ў мове Міцкевіча"








   26.01.2012   

Казімір Буйніцкі          

Пераклад нататкі Казіміра Буйніцкага "Беларускія народныя песні" з альманаха "Rubon"

Буйніцкі Казімір (1788–1878) – польскамоўны пісьменнік, выдавец альманаха “Rubon” (1842–1849). Паходзіў з Інфлянтаў – паўночнага, “латышскага” рэгіёну Беларусі. Дадзеная нататка змешчана ў III т. альманаха (1843) пад крыптанімам “W[ydawca] R[ubonu]”.

У ягоных маёнтках жылі латышы, але вось жа ведаў беларускую мову!

Казімір Буйніцкi. "Беларускія народныя песні"








   22.01.2012   

Dziennik Poznański          

Пераклад нататкі Пламеньчыка "Беларуская песня пра Касцюшку" з газеты "Dziennik Poznański"

У газеце «Dziennik Poznański» (№ 68 за 1882 год) змешчана нататка Пламеньчыка "Беларуская песня пра Касцюшку".
Хто схаваўся за псеўданімам Пламеньчык, мы не ведаем. Магчыма, гэта быў В.Савіч-Заблоцкі; магчыма, нехта іншы, замілаваны ў беларускую гісторыю ды беларускі фальклор. Адно бясспрэчна: публікатар паходзіў з паўночнай Беларусі (Лепель ці Дзісна) і меў сувязі з польскімі выданнямі па-за межамі Расійскай імперыі.

Уласна, ці не адзіны выпадак, калі перакладаў непасрэдна ў бібліятэцы. А было гэта ў 1990 годзе ў Ягелонцы.

Пламеньчык. "Беларуская песня пра Касцюшку"








   21.01.2012   

Генрык Жавускі          

Пераклад раздзелаў з рамана Генрыка Жавускага "Успаміны Сапліцы"

Не перакласці "Сапліцу" было немагчыма. Кінутыя ўсе справы. Абклаўшыся "Старапольскаю энцыклапедыяю" З.Глогера, сказ за сказам адольваў стылізацыю пад даўніну Г.Жавускага.
Але натхнення хапіла толькі на некалькі раздзелаў. Ды яшчэ А.Лойка патрабаваў, каб падаў на абмеркаванне кандыдацкую.

Пасля "Сапліцу" пераклаў, але не выдаў А.Дышлевіч, а пазней А.Фядута надрукаваў пераклад М.Кенькі.

Генрык Жавускага. "Князь Радзівіл Пане Каханку" ("Успаміны Сапліцы")








   20.01.2012   

Францішак Карпінскі          

Пераклад твораў Францішка Карпінскага: "Чынш" і "Падарожжа па зачараваным краі"

Пераклады твораў Ф.Карпінскага (1741-1825) з'явіліся не толькі таму, што свае апошнія 30 гадоў жыцця пісьменнік быў звязаны з беларускім краем. Больш істотнае іншае: ягоныя тэксты выдатна адлюстроўвалі жыццё ў Рэчы Паспалітай, г.зн. і на беларускіх землях. Вёска Мілоскага "знаходзіцца" хутчэй на Львоўшчыне, але падобных вёсах было вельмі шмат і на Літве-Беларусі.

Ф.Карпінскі, у адрозненне ад іншых літаратараў эпохі, паказваў праўдзівае вясковае жыццё. Ідэя "добрага пана" асветнікаў, прапагандаваная Ф.Багамольцам, М.Радзівілам і інш., пана, які прыедзе з Варшавы і ашчаслівіць падданых, трактавалася Ф.Карпінскім крытычна, хоць з-за пэўных прычын ў фінале драматург адступіўся ад праўды жыцця і пайшоў шляхам літаратурнае традыцыі.

Ад "Чыншу" Ф.Карпінскага можна наўпрост ісці да "Ідыліі" В.Дуніна-Марцінкевіча.

Францішак Карпінскі. "Чынш"

Францішак Карпінскі. "Падарожжа па зачараваным краі"








   15.01.2012   

Ганна Мастоўская          

Пераклад твораў Ганны Мастоўскай: "Не заўсёды так робіцца, як гаворыцца: Беларуская аповесць, расказаная стогадоваю дамаю" і "Здань у Замачку: Праўдзівая аповесць"

Адукаваная Радзівілянка, пакінутая мужам, шмат гадоў старалася давесці яму, што заслугоўвала на лепшае стаўленне да сябе. І ў той жа час яе літаратурныя творы - спроба давесці сабе і віленскаму атачэнню, што яна лепшая за іншых.





Ганна Мастоўская. "Не заўсёды так робіцца, як гаворыцца: Беларуская аповесць, расказаная стогадоваю дамаю"

Ганна Мастоўская. "Здань у Замачку: Праўдзівая аповесць"








   14.01.2012   

Плацыд Янкоўскі          

Пераклад апавядання Плацыда Янкоўскага "Тры браты дзедзічы"

Чытаючы прозу першае паловы ХІХ стагоддзя, немагчыма было не звярнуць увагу на Плацыда Янкоўскага (1810-1872). Сучаснікі высока цанілі яго гумарыстычны талент, хоць, відавочна, асноўную ролю адыгрываў тут святарскі сан літаратара.

Навуковую працу пра П.Янкоўскага меў заданне пісаць аспірант кафедры гісторыі беларускае літараратуры, але сённяшняя моладзь не жадае адольваць тыя цяжкасці, якія ўзнікаюць на шляху гісторыка літаратуры.

"Тры браты дзедзічы" - лепшае, на нашу думку, апавяданне ў даробку пісьменніка. Людзі накшталт трох братоў былі заўсёды, але сёння іх хіба значна болей, чым было ў часы П.Янкоўскага.

Плацыд Янкоўскі. "Тры браты дзедзічы"








   14.01.2012   

Беларускія элементы          

Пераклад кнігі Станіслава Станкевіча "Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі"

У сярэдзіне 1990-х давялося распрацоўваць і чытаць на філфаку БДУ курс лекцый па гісторыі беларускае літаратуры XVIII - першае паловы ХІХ стст. Распрацаваўшы іншую, адрозную ад папярэдняе (А.Лойкі), канцэпцыю інтэрпрэтацыі літаратурнага працэсу на беларускіх землях, мусіў пацвярджаць свае высновы спасылкамі на аўтарытэты. Як найлепш падыходзіла кніга С.Станкевіча "Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі". Варта было яе перакласці і рэкамендаваць студэнтам.

Праўда, "Беларускі кнігазбор", напачатку выявіўшы зацікаўленасць да колісь забароненага выдання, пазней адмовіўся ад С.Станкевіча. А вось часопіс "Спадчына" мог надрукаваць крамольнага аўтара. Тым больш - набліжаўся юбілейны год Адама Міцкевіча.
А ў 2010 годзе выйшла асобнае выданне кнігі.

І няўжо цяпер хто-небудзь скажа, што ў паэзіі А.Міцкевіча няма нічога беларускага?

Станіслаў Станкевіч. "Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі"








   14.01.2012   

Тадэвуш Лада-Заблоцкі          

Пераклад лістоў Тадэвуша Лады-Заблоцкага да Юзафа Ігнацы Крашэўскага

Увосень 1990 года ў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта натрапіў на лісты Тадэвуша Лады-Заблоцкага (1811-1847) да Юзафа Ігнацы Крашэўскага. Вядома, аніякіх звестак пра беларускамоўную творчасць паэта там не было (у допісах да польскага літаратара іх і быць не магло), але цікавасць уяўлялі шматлікія факты літаратурна-грамадскага жыцця на Беларусі ў 30-40-я гг. ХІХ ст. Мая дысертацыя без гэтага абысціся не магла, а таму затраціў колькі дзён, каб расчытаць і перапісаць карэспандэнцыю ўраджэнца Віцебшчыны.

Перакладзены лісты былі ў сярэдзіне 90-х, а надрукаваны ў "Віцебскім сшытку" ў 1997.



Лісты Тадэвуша Лады-Заблоцкага








   11.01.2012   

Авантуры майго жыцця          

Пераклад кнігі Саламеі Пільштыновай-Русецкай "Авантуры майго жыцця"

У 1989 годзе Уладзімір Арлоў, у той час рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура", прапанаваў перакласці кнігу наваградскай лекаркі і акулісткі Саламеі Пільштыновай-Русецкай. Г.зн., трэба было адкласці падрыхтоўку дысертацыі і ўзяцца за даволі складаны, бо напісаны малапісьменнаю кабетаю, тэкст. Працавалася цяжка, пракансультавацца з дасведчанымі людзьмі не было магчымасці, польска-расійскі слоўнік не заўсёды дапамагаў, але ўсё ж праз некалькі месяцаў рукапіс кнігі быў здадзены ў выдавецтва. У.Арлоў, рэдагуючы мой пераклад і нават саму аўтарку, давёў тэкст да чытабельнай кандыцыі.

Выдалі кнігу ў 1993 годзе накладам у 5000 асобнікаў. А праз пятнаццаць гадоў 3000 асобнікаў другога выдання мусілі папоўніць школьныя бібліятэкі Беларусі.
Пасля У.Арлова новаму рэдактару М.Шавыркіну фактычны правіць нічога не давялося. Вось толькі незразумела чаму ён выкінуў вельмі важны кампанент у структуры кнігі - прадмому аўтаркі "Да ласкавага чытача". А там жа тлумачэнне тых прычын, з-за якіх С.Пільштынова ўзялася за пяро.


Саламея Пільштынова. "Авантуры майго жыцця"








   8.01.2012   

Вулічныя весткі          

Пераклад сатыры Антона Марціноўскага "Машына для біцця сялян"

Лічыцца, што яшчэ ў 1812 г. Антон Марціноўскі (1781–1855), выпускнік Віленскага універсітэта, публіцыст, выдавец, адзін з арганізатараў Таварыства шубраўцаў, пісаў і выдаваў па-беларуску ўлёткі.
У 8 нумары газеты-ўлёткі “Wiadomości brukowe”, заснаванай у Вільні ў жніўні 1816 г. Казімірам Контрымам, месцілася сатыра “Машына для біцця сялян” Антона Марціноўскага. Відавочна, сын уніяцкага святара з Радашковіч выказваў думку, якая не была новаю ў віленскім грамадстве, але форма выяўлення гэтае думкі была арыгінальнаю. У час станаўлення механізацыі і тэхнічнага прагрэсу А. Марціноўскі знаёміў шляхту з машынай, якая нібыта вырашала адну з самых складаных задач вясковага гаспадара, – дазваляла трымаць сялян у паслушэнстве, што абяцала без асаблівых намаганняў павысіць прадукцыйнасць працы, а г. зн. давала надзею на вялікія прыбыткі.
Выхад трохтысячнага накладу восьмага нумару газеткі “Wiadomości brukowe” для 30 тысячнае Вільні быў накшталт выбуху магутнае бомбы. Менавіта гэтая публікацыя прыспешыла стварэнне Таварыства шубраўцаў, арганізацыі, якая на новы ўзровень узняла разумовае і культурнае жыццё краю.

Антон Марціноўскі. "Машына для біцця сялян"








   6.01.2012   

Аляксандар Рыпінскі ў 1853 годзе          

Пераклад кнігі Аляксандра Рыпінскага "Беларусь"

Яго вельмі не любілі беларускія савецкія літаратуразнаўцы. Прачытаўшы прысвячэнне да "Беларусі" "Першаму з беларускіх сялян, які перш чытаць, а пасля гаварыць і думаць па-польску навучыцца, гэтую маю нікчэмную працу ў довад высокае любові і павагі прысвячаю і дзеля яго друкую", яны адразу закрывалі кнігу і пачыналі лаяць А.Рыпінскага апошнімі словамі.


Аляксандар Рыпінскі. "Беларусь"

          Аляксандар Рыпінскі пасля вяртання з эміграцыі







   2.01.2012   

Марцін Асорыя-Цяплінскі          

Пераклад апавядання Марціна Асорыя "Нешта тут сабакам смярдзіць"

У сярэдзіне 90-х гг. рэдактар часопіса "Крыніца" Валянцін Акудовіч паспрыяў друку перакладу апавядання Марцін Асорыя [1802(?)–1847]. Сапраўднае прозвішча літаратара – Марцін Цяплінскі. Выпукніка Варшаўскага кадэцкага корпусу за ўдзел у паўстанні 1830–1831 гг. сасланы на Каўказ, адкуль пасля цяжкага ранення ён быў адпраўлены на радзіму (Слонімшчына). Пісаў вершы, балады, гумарыстычныя апавяданні, вывучаў беларускі фальклор, рыхтаваў зборнік прыказак і прымавак. У 40-я гады ў Варшаве выдаваў “Snopek Nadwiślański”, дзе змешчана ягоная аповесць “Кадэт”, ды марыў пра выданне альманаха “Snopek Nadniemeński”.
У аснове апавядання "Нешта тут сабакам смярдзіць" пэўная жыццёвая гісторыя з родных мясцінаў пісьменніка. Асобныя даследчыкі з-за мовы твора прапануюць лічыць яго двухмоўным.
Упершыню надрукавана ў альманаху Ю.І. Крашэўскага “Athenaeum” (1846, nr.3).

Факты біяграфіі якога прэзідэнта знойдзеш ты ў вобразе пана Прэзідэнта?

Марцін Асорыя. "Нешта тут сабакам смярдзіць"








   1.01.2012   

Аляксандар Гроза          

Пераклад аповесці Аляксандра Грозы "Нечаканы госць"

Аповесць А.Грозы трапілася выпадкова. Чытаў яе "па дыяганалі", але натрапіўшы на "піва айцоў полацкіх езуітаў", пачаў больш уважліва прыглядацца да тэксту: як ні як у полацкіх езуітаў вучыўся Ян Баршчэўскі. Паступова расло перакананне, што галоўны герой аповесці А.Грозы "спісаны" з біяграфіі самога Яна Баршчэўскага. Даступныя факты пацвярджалі дадзенае меркаванне. Праз чатыры гады пасля смерці Яна Баршчэўскага А.Гроза напісаў твор паводле аповедаў беларускага літаратара пра сваё юнацтва.

Знайдзі ў вобразе Севярына факты біяграфіі Яна Баршчэўскага.

Аляксандар Гроза. "Нечаканы госць"








   31.12.2011   

Кніга Ігнацы Яцкоўскага          

Пераклад кнігі Ігнацы Яцкоўскага

З тэкстамі Ігнацы Яцкоўскага пазнаёміўся ўвосень 2005 г. (Вядома, не лічыцца чытанне раздзелу "Аповесці з майго часу" ў "Пачынальніках", калі пісаў на другім курсе філфака курсавую працу пра Паўлюка Багрыма. Дарэчы, апякунка курсавой Люба Тарасюк захавала мае каракулі і праз 10 гадоў прынесла на маю абарону кандыдацкай дысертацыі.)

Але толькі пераканаўшыся, што пісьменнік мае самыя непасрэдныя дачынненні да верша "Заграй, заграй, хлопчэ малы...", узяўся за пераклад кнігі "Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды". Шмат дапамагала Галіна: значную частку тэкста твора яна набрала, а пасля яшчэ няраз чытала-вычытвала.

Выдаць хоць тысячу асобнікаў у Беларусі -- ніхто не возьмецца, бо сёння Ігнацы Яцкоўскі не мае чытача. І наўрад ці будзе мець. А таму, можа, хоць тут хто прачытае.

Ігнацы Яцкоўскі. Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды. Варшава 2010








   31.12.2011   

Кніга Ігнацы Ходзькі          

Пераклад кнігі Ігнацы Ходзькі

"Успаміны квестара" перакладаў у 90-я гады. Вялікім накладам яны ніколі не друкавалася. Зрэшты, твор вядомы і славуты. Пры жаданні лёгка можна знайсці ў Сеціве і польскі арыгінал, і беларускі пераклад.

Прыемнага чытання!

Ігнацы Ходзька. Успаміны квестара. Мінск 2007





Hosted by uCoz