Да зместу

Грыгорый Цамблак

СЛОВА НА АДСЯЧЭННЕ ГАЛАВЫ СВЯТОГА І СЛАЎНАГА ПРАРОКА І ПАПЯРЭДНІКА І ХРЫСЦІЦЕЛЯ ЯНА[1]

Пакуль Юдэя жадае прарочае крыві, пакуль прароказабойствам дыхае, пакуль Езавель Іллю шукае на смерць, пакуль на калясніцы гоніць і яна не даганяе праведнага. Тое беззаконным прашэннем галаву папярэдніка на сподзе пасярод гасціны непатрэбнай насіцца дазволіў, галаву, якая анёлам святая, галаву, якая голас Айца чула і Сына хрысціла і Святы Дух бачыла, галаву, якая бессаромнага Ірада агідную юрлівасць выкрыла, галаву, для вачэй Ірадзіяды страшную.О хітрыя жанкі, такую галаву на гулянне мячу і дзясніцы забойцы зрабілі!

І якая яго віна? Бо кажа Іраду: “Нельга табе меці жонку Піліпа, брата твайго”. І тым болей, о Ірадзе, ласку боскую павінен спавядаць і болей таго, у пашане павінен быць нябесны гэты, і тым болей – чалавек чалавека, і тым болей любіць яго, бо цябе ад беззаконня адводзіць і грэх адсякае. Ты ж супраціўнае творыш. Чысціню настаўніка, пакаянне праведніка забіваеш? Калі ж надумаўся таго з цямніцы вывесці і ў яго прасіць даравання і гасціну асвяціць мужа прышэсцем і тых старэйшын галілейскіх і ўсіх, хто прыйшоў павесяліцца, ты вяселле на плач прамяняў і гасціну крывёю, не віном, частуеш. О, апошняга неразумення! Хто бачыў гасціну з крывёю змяшаную, Хто бачыў галаву, што на сподзе, як пачастунак, прапаноўвалася?

Гэта бо Ірад кажа: “Вазьмі Яна, звяжы яго і пасадзі яго ў цямніцу”. Казаў бо яму Яан: “Нельга табе меці яе!” Ірадыяда ж раззлавалася на яго і вырашыла яго забіць і не змагла. Ірад жа баяўся Яна, ведаючы, што ён муж праведны і святы. І быў у яго паслушэнстве і з прыемнасцю яго слухаў. Яго свет злачынца ў цямніцу закрывае і хоча застрашыць яго і загадвае, каб той не выкрываў яго. Быў звязаны ён, але слова Боскае не звязваецца. Гэты Ірад быў больш злы ад лютага Васіліска, род якога шмат дзяцей, што былі ад веку бязгрэшнымі, пабіў і мацярок зрабіў бяздзетнымі. Ад яго Ян тады быў захаваны і здзяйсняў добрыя справы, як рабілі продкі яго.

Чаму не пасаромеўся мужа гэтага, раней баючыся яго, яго, праведнага і святога? Чаму з прыемнасцю не паслухаў яго? Дрыжыш, што ўсе даведаюцца пра пралюбадзейства і прароказабойства, якое агіднае не толькі бессаромнасцю, бо ў законе сказана: тады можна ўзяць жонку брата, калі ён памрэ і семя пасля сябе не пакіне. Тут жа Піліп памёр і семя пасля сябе пакінуў – тую, што скакала, у якой д’ябал скакаў, і прасіла плату – галаву Яна.

Гэта адбылося аднойчы, калі Ірад у дзень свайго нараджэння вячэру рабіў старэйшынам галілейскім. “Быў, – сказана, – дзень нядобры”. Інакш кажучы, падахвочаны д’яблам, таксама і злахітрай жонкай, ён вырашыў зрабіць незразумелае. І прыйшла дачка той Ірадыяды, той агіднай, той любадзейкі, нясталай мужу свайму, што не прызнавала боскіх законаў, той, якая забыла закон Богам дадзены. Прыйшла дачка тае Ірадыяды, ад Піліпа, а не ад Ірада. “Калі Піліп яшчэ быў жывы, Ірадыяда была ўзята Ірадам”, – кажа Язэп. І што зайшла, о вялікамудрыя евангелісты, хіба дзевам не трэба сарамаціцца і хаваць сваю аздобу, ціхмяна хадзіць, прыстойна мовіць і маліць цара з замілаваннем словамі наймудрэйшых. “Не, – сказана, – не тое зрабіла яна, скакаць пайшла, скокамі і аздобай вельмі дагадзіла Іраду”. Слушна кажа евангеліст: “Дагадзіла цару”. Такія такім і дагаджаюць, распуснікі грахамі вытанчанымі забаўляюцца. Што ж штурхае іх рабіць гэткія паганыя гульбішчы: скакаць з аголенымі да лакцей рукамі, выкрыкваючы неверагодныя гукі і словы, такія ж распальваюць пажаду, выкручваюцца, скачуць, галавой трасуць туды і сюды, распусціўшы валасы, як шаленцы, а не цнатліўцы.

О, бессаромная, хіба дзевам можна скакаць пасярод гасціны гэтай, пасярод распуснікаў бегаць бессаромна. Што гэта за цар, калі яму прыемна бачыць бессаромнасць дзяўчыны?

“Прасі ў мяне, – кажа, – што хочаш і я дам табе!” І кляўся ёй: “Калі папросіш мяне, то аддам табе аж да паловы царства майго!” Ад душэўнага п’янства толькі такія праклятыя, толькі рабскія духам клянуцца. Гэта грэх, калі хто ахвотай аддае ў палон свабодную душу, і толькі глядзіць і робіць тое, што яму прыемна. Так і гэты пракляты не зважае на сваю вялікасць, не памятае царскай велічы, не глядзіць на гасцей, але толькі на вартае смеху дзяўчо, шукаючы любові яе маці.

Яна ж выйшла і сказала маці сваёй: “Чаго мне прасіць?” Тая ж кажа: “Галаву Яна Хрысціцеля!” І замаркоціўся цар, але не захацеў парушаць клятву, якую даў перад гасцямі. І ў тую ж хвіліну паслаў цар ката, і загадаў яму прынесці галаву. Той пайшоў, адсек у цямніцы галаву, прынес яе на сподзе і аддаў яе дзяўчыне, а тая – маці сваёй.

Што робіш, о Ірадзе! Што так без аглядкі звязваеш сябе клятваю? Што так спяшаешся, калі ніхто не гоніць цябе? Што клянешся вялікім імем Сына Божага перад дзіцем? Хіба не мог ты за скокі даць крыху золата або срэбра, а не гэтак абяцаць: “Што папросіш, то дам табе аж да паловы царства майго!”

О ганарліўства, о шаленства! Насяліў Госпад Бог зямлю і даў любаснаму Ізраілю ў спадчыну, дык навошта ты агіднай дзяўчыне дзеля гульбішча бессаромнае прапаноўваеш!

О вар’яцтва! Хіба галаву Яна Хрысціцеля з паловай царства свайго параўнаеш? Лепей бы ты клятву не выканаў, чым такое беззаконне ўчыніў! А калі б тваю галаву папрасілі, даў бы ты яе адсекчы? Ды не вытрымаў бы і закатаваў бы тую, якая гэтага прасіла! А ты ж клятву не пераступіў і паслаў ката прынесці галаву яго. Сказана: “Па ката паслаў і загадаў яму прынесці галаву Яна!”

О жахлівасць! Не сказаў пачакаці, не адклаў да наступнага дня, не забараніў, не зірнуў злосна, а як раб паслухаў. Яна ж як валадарка, а не прасіцелька казала: “Хачу, каб ты падаў мне”. Яшчэ загадвае: “Хачу, каб даў тут, перад усімі”. Спалохалася, каб не перадумаў цар: “Хачу, каб прынеслі сюды галаву Яна Хрысціцеля!” Ён жа ката паслаў і загадаў галаву прынесці. Дзіва, як вымавілі вусны цара, ведаючы, што ў жалобе будзе ўся Юдэя? Тады жахнулася ўся Юдэя, зараз – увесь сусвет. Як ішлі ногі забойцы? Якімі вачыма глядзеў на нябеснага пустэльніка? Як падступіў, як дастаў меч, як не сарвалася агідная рука, дакранаючыся да святое шыі? Не разумею і здзіўляюся, думаю і знясільваю розум: як можна было ісці і адсекчы, і прынесці галаву на сподзе, і аддаць яе дзяўчыне, а тая – сваёй маці.

О агіднае частаванне і мярзотнае скліканне, о нараджэнне бессаромнае, як непакарана была паганая тая, калі бессаромнымі рукамі святую галаву прыняла? Як не абрынуўся храм, убачыўшы галаву на сподзе, убачыўшы пачастунак забойства? Як тая кроў у цямніцу маўкліва ракою пацякла, а не патапіла тут жа Ірада, як калісьці глыбіня Чырвонага мора ганарлівага фараона! Усё, што тут адбылося, патрабуе такой жа адплаты. Ён жа не выгнаў беззаконнікаў і яшчэ на заступніка ўгнявіўся. Гэты ж найвялікшы з усіх прарокаў большы за самога Майсея, і ачысціў людзей Хрыстом, і паказаў народам народжанага па запавету, і прапаведаваў Госпада. Такога анёла і большага за анёла несправядліва забіць! І за гэта трэба адпомсціць, а не маўчаць аб гэтым.

Ты забойства ўчыніў, о Ірадзе, люцейшае, якое не бачыў свет, найвялікшага з прарокаў забіў, найвялікшага з народжаных жанчынай! Голас слова забраў ад нас, трубу пакаяння прымусіў маўчаць! Але ж ніколі не асіліць ліхата дабрадзейства! І ты гэткае асмеліўся зрабіць злачынства, пра якое гавораць ва ўсім сусвеце. Ён жа Хрыста прапаведуе і на сподзе цябе выкрывае пасярод гасціны: “Нельга табе меці жонку Піліпа, брата свайго!” Марна Ірадыяда задумамі сваімі агіднае тое робіць, спадзеючыся адсячэннем выкрывальнага пазбегнуць голасу. Зараз многія пачнуць выкрываць, бо галава на сподзе пасярод балявання бессаромнай дзяўчыны, усіх запэўнівае, што пацярпела за ісціну. Да беззаконня дадала беззаконне, о новая Іезавель, ганьбу да ганьбы і вечнае выкрыццё. Да гэтага адзін язык Хрысціцеля вінаваціў, да пакаяння прыцягваў цябе, зараз жа ва ўсіх царквах языкі евангелістаў тваю бессаромнасць выкрываюць: “Дай мне, – кажа, – тут, на сподзе, галаву Яна Хрысціцеля!” О прымнажэнне ліхаты, не на плашчаніцы, не на абрусе, не на дошцы, а на сподзе, нібы наедак салодкі! Так прагнула тая яго смерці, так моцна, такімі вачыма, у якіх была нібыта атрута духоўная. “Дзеля гэтага на сподзе і прынясі, – сказана, – галаву яго і аддай яе дзяўчыне” і дзяўчо занесла яе да маці свае, “злая ільвіца, злейшая за скімну, атрымаўшы пажаданага таго ўлову, нясе яго маці”.

Прымі павучэнне, прымі, калі пажадаеш, з асалодаю, прымі маю працу, прымі мой дарунак! Не таго бойся, што замоўкне голас, які не дае табе спакою і ляцяць стрэлы, якія колюць цябе, але не спыняецца тая, што скача, ніколі не спыняецца!

У той жа час, – сказана, – пачуў Ірад-тэтраўладнік пагалоску аб Ісусе і сказаў рабам сваім: “Гэта Янн Хрысціцель, які ўваскрос з мёртвых. І валодае ён вялікай сілай”. Глядзі, як спалохаўся, калі пачуў гэта! Гэткае апаганенае сумленне ў вечным клопаце было, вечна ў трымценні, вечна ў развагах: “Ён устаў, – сказана, – з мёртвых”. Раней, калі забойства ўчыніць вырашыў, ты аб уваскрэшанні і не падумаў! Не згадаў ты Саламона, які сказаў: “Тады адважна паўстане праведнік перад тым, хто зняважыў яго”. Зараз жа ён упэўнівае, што ёсць пакаранне, і таму кажа: “Сілы думаюць пра яго”. Калі б Ян дзіва не ўчыніў пры жыцці сваім, думалі б, што ён пасля ўваскрэшання стаў цудатворцам. І баяліся, і дрыжалі жывыя перад мёртвым, забойцы забітага, які ў парфіры і ў вянцы валасяніцу насіў з поўсці вярблюда, які блукаў па пустыні.

І раней былі забойствы, многія з якіх выкрываліся, але не такія жудасныя: калі ж Ірад гэта зрабіў, то агарнуў яго жах. Тады згадалася Янава ласка боская, якая ад нараджэння была яму дадзена, які Духам Святым быў надзелены ад маці свае, на Іллю падобны, той жа пустыні жыхар – хрысціцель і прарок, змагар за ўсіх. А пра тое, што быў ён свяцейшы за іншых – пачуў словы Язэпа, які сведчыў, расказваючы пра пагібель войска Ірада ад Арэты Араўляніна: “Нейкія юдэі задумалі, што пераможана будзе войска Ірада, і сапраўды, пераможана было яно пасля смерці Яна, званага Хрысціцелем”. Забіў бо гэты Ірад добрага мужа, які юдэям загадаў дабрачыннасць трымаць і адзін аднаму праўду казаць, і да Бога звяртацца, хрышчэнне тварыць, бо і хрышчэнне прыемна здзяйсняць – аб чысціні цела і душы дбаючы. Тут усе ўсвядомілі, які ён быў цнатлівы, які святы! Гэта ўсё не разгледзеў, не заўважыў новы Ахаў. Гэты муж варты толькі пахвалы, а не смерці, але калі ён забіты, калі ўжо выкрывальніку перарэзана горла, тады злачынец сам сябе выкрывае. Ірад кажа: “Я адсек яму галаву, ён устаў з мёртвых і мае вялікую сілу”. Калі загінуў праведнік, тады грэшнік у палацы голас пачуў: “Нельга табе валодаці ёю”. Сказана: “Ты ўстаў з мёртвых, каб асудзіць забойства неправеднае”. Чуў бо Каін боскае слова: “Кроў Авеля, брата твайго чую я з зямлі”. І як Каін сем разоў быў адпомшчаны, цябе чакае больш жудасная помста. І цябе, і іншых, хто злосць памнажае, той сам сабе ворагам бывае!

Што ж мы пра Хрысціцеля скажам? Як яго памяць ушануем? Якімі вянкамі ўпрыгожым яго галаву? На яе жалеза ніколі не ўзнімецца! Якім мірам яе памазаць, на якую Дух Святы сыходзіць, як некалі міра сыходзіла на галаву і бараду Аарона? Якімі рукамі даткнемся тае галавы, якую кранала рука Творцы, якімі вуснамі пацалуем, якія песні ёй спяем? Не спасцігае розум, знемагае язык! Хачу ўбачыць месца, на якім была яго святая кроў! Хачу, каб хто занёс мяне туды, каб мог я прыпасці да яго святога праху! Каб гэта здзейснілася! Дзеля Хрыста Ісуса Госпада нашага, якому слава давеку! АМІНЬ!

 

Пераклад з царкоўнаславянскае мовы
Таццяны Казаковай

 



[1] НБ Беларусі. Аддзел старадрукаў і рэдкіх выданняў. № 214. “Торжественник”. XVIII ст. С. 267-273.

Hosted by uCoz

Да зместу