Да зместу

Сяргей Кавалёў

СЦІПЛЫ СЛУЖКА МУЗ
(
Творчасць Яна Казаковіча Літвіна)

Мяркуючы па колькасці вершаў, апублікаваных у канцы XVI – пачатку XVIІ ст. у віленскіх выданнях, самым актыўным сярод тагачасных паэтаў Вялікага Княства Літоўскага быў Ян Казаковіч. Пра вядомасць Я. Казаковіча сярод сучаснікаў сведчыць таксама наяўнасць ягоных вершаў-прысвячэнняў у кнігах іншых паэтаў (М. Рэя, А. Рымшы, Я. Радвана) і з’яўленне здзеклівай эпіграмы на самога пісьменніка ў кнізе Марціна Лашча „Okulary” (Вільня, 1594).

Значна менш пашанцавала Я. Казаковічу на ўвагу нашчадкаў, што тлумачыцца не толькі жорсткасцю часу, але і невысокім мастацкім узроўнем твораў паэта. Мы не знойдзем імя Я. Казаковіча ні ў польскім бібліяграфічным даведніку „Nowy Korbut”, ні ў „Polskim słowniku biograficznym”, ні ў біябібліяграфічным слоўніку „Беларускія пісьменнікі”. Зрэдчас ягоныя творы згадваюцца ў працах польскіх, літоўскіх і беларускіх вучоных (B. Мацяёўскага, А. Сайкоўскага, З. Флорчак, М. Тапольскай, А. Анушкіна, Д. Куоліса, Ю. Лабынцава, І. Саверчанкі і інш.), але пераважна з паблажлівымі каментарыямі накшталт: „дрэнныя вершы”, творы „пасрэднага вершапісца” і г. д.

Сапраўды, Я. Казаковіч не з’яўляўся выбраннікам муз: ён быў іхнім сціплым служкам. Але без ягонай спадчыны ўяўленне пра польскамоўную паэзію Беларусі XVI – пачатку XVIІ стст. было б няпоўным: творчая біяграфія Я. Казаковіча яскрава адлюстроўвае асаблівасці тагачаснага літаратурнага працэсу, яе рэканструкцыя дазваляе зразумець, якія  паэтычныя жанры былі найбольш запатрабаваныя шляхецкім грамадствам.

Біяграфічных звестак пра Я. Казаковіча не захавалася, невядома дакладна, дзе і калі нарадзіўся паэт. Але можна адназначна сцвярджаць, што ён быў грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, бо да свайго прозвішча дадаваў прыдомак „Літвін”. На землях Княства знаходзілася шмат шляхецкіх засценкаў з назваю „Козакі”: каля Трок, каля Менска і ажно пяць на Віленшчыне[1]. Напэўна, Я. Казаковіч належаў да таго самага пакалення, што і ягоныя прыяцелі А. Рымша і Я. Радван: да пакалення народжаных у 50-х гг. XVI ст. Паходзіў ён з дробнай шляхты, па веравызнанні быў кальвініст, звязаны з дваром Радзівілаў біржайскай лініі. Пісаў вершы па-польску і па-лацінску, займаўся перакладамі на польскую мову.

Першы вядомы нам твор Я. Казаковіча змешчаны пад крыптанімам „J. K.” ў выдадзенай Д. Лэнчыцкім кнізе Андрэя Рымшы  „Dziesięćroczna powieść wojennych spraw... Krysztofa Radziwiła...” (Вільня, 1585). Гэты невялікі дэдыкацыйны верш мае красамоўную назву: „Do autora dobry przyjaciel”. Я. Казаковіч піша пра свайго сябра як пра знакамітага паэта, што „jużeś niebo osławił nieraz swoim zdaniem I ziemiś pięknie służył książek swych wydaniem”[2]. Вядома, што да „Дзесяцігадовай аповесці...” А. Рымша апублікаваў толькі адну сціплую кніжачку: „Храналогія” (Астрог, 1581). Такім чынам, Я. Казаковіч альбо перабольшваў заслугі сябра, альбо лепш за сучасных бібліёграфаў ведаў ягоную творчасць. Ва ўсякім разе, ён чытаў выдадзеную па-старабеларуску „Храналогію...”, пра што сведчыць пераказ яе зместу ў вершы „Да аўтара добры прыяцель”.

Побач з вершам Я. Казаковіча ў „Дзесяцігадовай аповесці...” была змешчана невялічкая лацінамоўная эпіграма Яна Радвана. Праз тры гады творы гэтых паэтаў зноў з’яўляюцца пад адной вокладкай: у кнізе Я. Радвана „Radivilias sive de vita et rebus... Nikolai Radivili” (Вільня, друкарня Я. Карцана, 1588), прысвечанай памяці памёрлага ў 1584 г. віленскага ваяводы і гетмана вялікага літоўскага Мікалая Радзівіла Рудага. Усе творы ў кнізе, акрамя вершаў Я. Казаковіча і ананімнай „Sławy na szczęśliwe zwycięstwo... Mikołaia Radziwiła... pod Kiesią...” – на лацінскай мове: празаічныя прысвячэнні Яна Абрамовіча, Андрэя Валяна, Яна Руцкага, вершы і героіка-эпічная паэма Я. Радвана. Відавочна, кніга прызначалася не толькі для айчыннага чытача, але і для замежнага, каб пашырыць славу пра подзвігі Мікалая Радзівіла па ўсёй Еўропе. Дзіўна, што Я. Казаковіч, які аднолькава добра валодаў і лацінскай, і польскай мовай, выбраў гэтым разам апошнюю.

Я. Казаковіч змясціў у „Радзівіліядзе...” тры вершаваныя прысвячэнні маладым Радзівілам: Юрыю, Янушу і Крыштафу, падпісаўшыся пад апошнім з вершаў: „Jan Kozak Litwin”. У гэтым „трыпціху” цесна пераплятаюцца паміж сабой матывы фунеральнай, прэфацыйнай, дэдыкацыйнай і геральдычнай паэзіі, што характэрна і для творчасці Я. Казаковіча, і для тагачаснай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага ў цэлым. Вершы змешчаны ў кнізе ў гонар памерлага чалавека, таму натуральнай бачыцца згадка пра Смерць, якая бязлітасна нішчыць усё на зямлі (фунеральныя матывы). Цэнтральным творам у кнізе з’яўляецца аднайменная паэма Я. Радвана, і Я. Казаковіч усхваляе перад чытачамі „залатое пяро выхаванка Падуі” (прэфацыйная мэта). Вершы прысвечаны ўнукам Радзівіла Рудага, і паэт заклікае маладых магнатаў быць годнымі славы продкаў, прыўмнажаць яе новымі подзвігамі (дэдыкацыйная функцыя). Матыў пераемнасці родавай славы з’яўляецца лейтматывам геральдычнай паэзіі (а таксама і героіка-эпічнай), як заклік ён выказаны ў вядомай эпіграме А. Рымшы „На гербы... Льва Сапегі”: „Подаваите жъ потомъкомъ, што маете зъ предъковъ!”[3].

Варта падкрэсліць, што падобныя традыцыйныя заклікі набываюць у Я. Казаковіча выразную патрыятычную афарбоўку, як, напрыклад, у звароце да Януша Радзівіла:

                       ...Radziwił Radziwiłów świętych drog nie miiay.

                       Tak długowieczna swemu domowi cześć wzniesiesz,

                       Kiedy cnotą oyczysta potomkom zaszwieciesz.

                       Day Boże, byś się w sławie tey rozkochał z duszę,

                       Jeszczeby Litwa miała swoie Kurciusze[4].

У дэдыкацыйным трыпціху ЯКазаковіча прысутнічаюць найбольш папулярныя ў тагачаснай паэзіі вобразы: Смерці, Цноты, Славы, пры чым вобраз Славы зяўляеецца цэнтральным (само словаславапаўтараецца дзевяць разоў). Гэта дае падставы меркаваць, што вершСлава на шчаслівую перамогу Мікалая Радзівіла пад Кессю ў 1578 г.”, змешчаны ўРадзівіліядзе...”, таксама выйшаў з-пад пяра ЯКазаковіча. Гэтае меркаванне падцвярджаецца акрамя таго стылёвым падабенствам твораў і агульным пачуццёмлітвінскагапатрыятызму, выяўленаму ў іх. Напісаны ад імя персініфікаванай Славы верш ўяўляе сабой тыповы прыклад эпініцыі, вядомага са старажытных часоў і папулярнага ў эпоху Рэнесансу вершаванага жанру (грэцк. – epinikion, лац. – epinicium, carmen triumphale). Некаторыя вучоныя  лічаць аўтарамСлавы...” Андрэя Сапегу[5]5, што нібыта вынікае з фразы ў  падтытуле твора: „Przez porucznika swego Pana Andrzeia Sapehę, woiewodzica Nowogrodzkiego”. Але насамрэч Андрэй Сапега зяўляўся не аўтарам верша, а адным з галоўных герояў твора, „аўтарамперамогі над маскоўскім войскам 21 кастрычніка 1578 г. пад Кессю:

                          Wszystko ślachetnym na łup Rycerzom zostało,

                          Których się wielkie męstwo w ten czas okazało.

              Gdy сny Iendrzej Sapieha, twoy Porucznik śmiały,

              Którego przodków sprawy swoich nie wydały,

              Lecz ich zacnym przykładem iak oni działali:

              Przewiodszy swe fortelnie przez głębokie brody,

              Uszykował na uffy bez trwogi y szkody[6].

Верш у кнізе А. Рымшы і чатыры вершы ў кнізе Я. Радвана – такі сціплы творчы даробак Я. Казаковіча ў 80-х гг. XVI ст. Магчыма, некаторыя раннія вершы паэта да нас не дайшлі, але наўрад ці ў гэты час у яго былі ўжо асобна выдадзеныя творы.

На працягу наступнага дзесяцігоддзя Я. Казаковіч таксама ахвотна змяшчае свае вершы ў кнігах іншых аўтараў: робіць ён гэта, відаць, на замаўленне фундатараў (К. Зяновіча, М. Зяновіча, М. Нарушэвіча, М. Фрацкевіча) альбо непасрэдна друкароў (Я. Карцана, Я. Марковіча, М. Пяткевіча).

У кнізе М.Т. Цыцэрона „O powinnościach” (Вільня, 1593), перакладзенай С. Кашуцкім, а выдадзенай Я. Карцанам, змешчаны два творы Я. Казаковіча: лацінамоўнае прысвячэнне Мікалаю Нарушэвічу, падпісанае „Joannis Cosacouicij Lit.” і польскамоўны верш „Na też księgi”. Адзначым, што паэт ведаў жанравую прыналежнасць сваіх твораў, пазначыўшы ў падтытуле першага: „Dodecastichon”, а ў падтутуле другога напісаўшы: „Epigramma Jana Kozakowicza”. Лацінамоўны верш адносіцца да дэдыкацыйнай паэзіі, польскамоўны – да прэфацыйнай (выконвае функцыю прадмовы да чытача), абодва яны ўзыходзяць да жанру эпіграмы (таксама як і іншыя разнавіднасці кніжнай паэзіі: геральдычныя вершы і звароты да Заіла).

У сваёй вершаванай прадмове Я. Казаковіч раіць чытачу-хрысціяніну не дбаць пра нажыву, але прыслухацца да парадаў паганскіх мудрацоў:

                                                           <...> Raczey z Cyceronem

                       Baw się tą Cnotą, Cnota skarbiem nie zliczonym.

                       A uznasz snadnie, że się lepiey bawić Cnotą,

                       Niżli zyskiem do sztucznych przemysłow ochotą[7].

Матыў асуджэння шляхты за тое, што вышэй за рыцарскую годнасць і хрысціянскія цноты яна ставіць багацце, гучыць і ў вершах Я. Казаковіча з „Nowego Testamentu” (Вільня, 1593): у эпіграмах на гербы Крыштафа Зяновіча, Мікалая Зяновіча і Мікалая Нарушэвіча і ў прысвячэнні Мікалаю Зяновічу (пад вершамі подпіс: „Jan Kozakowicz.”). Падобныя нараканні абапіраюцца на традыцыйнае ўяўленне пра шляхецкую этыку, якое дажыло ў грамадстве ажно да ХІХ ст. Маральна-грамадскія праблемы хвалююць Я. Казаковіча больш, чым геральдычная выявы: ён  наракае на заняпад традыцый продкаў, на нядбайнасць гаспадароў і хцівасць ліхвяроў, а сваіх герояў-адрасатаў – прадстаўнікоў заможнай кальвінісцкай шляхты – ўслаўляе за тое, што яны не пашкадавалі грошай на выданне „Новага Запавету”. Такім чынам, у геральдычных і дэдыкацыйным вершах Я. Казаковіча прысутнічаюць ідэі, характэрныя для маральна-дыдактычнай паэзіі (згадаем ананімную паэму „Пратэй, або Пярэварацень”, вершаваны трактат М. Стрыйкоўскага „Ганец Цноты”) і нават – для рэлігійна-палемічнай: у прысвячэнні М. Зяновічу паэт выказвае ўпэўненасць, што выданне праўдзівага Божага слова дапаможа развеяць „фальшывы дым ад казак Антыхрыста”[8] (згадаем „Песню сабраную са з’яўлення св. Яна ... што папа ёсць праўдзівы Антыхрыст...” з нясвіжскага канцыянала 1563/1564 гг. і паэму „Апалагетык, гэта значыць Абарона канфедэрацыі...”).

Такім чынам, змест кніжных эпіграм залежаў не толькі ад жанравай канвенцыі, але і ад зместу, характару самой кнігі, у якой гэтыя эпіграмы друкаваліся. Услаўленне праўдзівай веры і антыкаталіцкія закіды прысутнічаюць і ў іншых вершах Я. Казаковіча, змешчаных у пратэстанцкіх выданнях рэлігійна-асветніцкай і рэлігійна-палемічнай накіраванасці.

У перавыдадзенай у Вільні ў 1594 г. кнізе Мікалая Рэя „Postilla polska” надрукаваныя два вершы Я. Казаковіча: эпіграма на герб Міхала Францкевіча і дэдыкацыя гэтаму шляхціцу, на сродкі якога была выдадзена кніга (пад дэдыкацыяй подпіс: „Jan Kozakowicz Litwin”). У эпіграме паэт услаўляе воінскія заслугі М. Францкевіча  перад Айчынай, а ў прысвячэнні дзякуе яму за наталенне „духоўнага голаду” чытачоў, за абарону праўдзівай веры і ратаванне „ўбогага Збору”[9].

Выразную рэлігійна-палемічную накіраванасць мае прэфацыйны верш Я. Казаковіча „Do łaskawego czytelnika”, змешчаны разам з эпіграмай на герб Януша Радзівіла ў творы Сымона Тэафіла „Zwierciadło nabożenstwa chrzescianskiego w Polszcze” (Вільня, 1594). Услед за Тэафілам (Турноўскім), паэт крытыкуе дзейнасць манахаў-езуітаў, згадвае міфалагічнага бажка Пратэя, здольнага прымаць любое аблічча, і пагардліва называе „сапраўднымі Пратэямі” каталіцкіх манахаў, не раз мяняўшых на працягу стагоддзяў назвы ордэнаў і колеры сутан. Я. Казаковіч не шкадуе з’едлівых і нават непрыстойных слоў у адрас езуітаў і папы рымскага:

              Iże takiey za czasow Apostolskich barwy

              Słudzy Boży nie mieli: bo się strzegli larwy

              Oney Rzymskiey, która to winem opoiona

              Miała wzbudzić takowe przedziwne imiona[10].

Паставіўшы пад востра-палемічным вершам свой традыцыйны подпіс: „Jan Kozakowicz Litwin”, паэт мог спадзявацца хуткага адказу з лагеру супраціўнікаў. У тым самым годзе выходзіць з друку кніга вядомага езуіцкага тэолага Марціна Лашча (пад псеўданімам: „Marcin Tworzydło”) „Okulary na zwierciadło nabożenstwa chrzescianskiego w Polszcze” (Вільня, 1594), дзе быў змешчаны верш Мацея Шалайскага „Do Jana Kozakowicza” (некаторыя даследчыкі прыпісваюць аўтарства гэтага верша М. Лашчу[11]):

                       A ty, miły Kozaczku, barzoś się poskapił,

                       Ześ się z Nizu do Litwy na zdobycz pokwapił:

                       Chcesz Mnichy po kozacku z kapice odzierać,

                       Nie tuta Niż, nie będziesz cudzego wydzierać.

                       Ja powiadam, Kozaczku, nie szarpay kapice,

                       Bo cię rychley niz pierwsze wyda takie lice[12].

Абыгрыўшы прозвішча Я. Казаковіча, М. Шалайскі прайшоўся не толькі па паэту-кальвіністу, але і па праваслаўных украінскіх казаках, якія падчас сваіх набегаў не шкадавалі каталіцкіх кляштараў і асабліва не любілі езуітаў. Можна меркаваць, што Я. Казаковіч мог адгукнуцца на здзеклівы верш езуіцкага паэта новымі творамі. Магчыма, менавіта Я. Казаковічу належыць аўтарства палемічных вершаў супраць М. Лашча на лацінскай і польскай мовах, рукапісы якіх адшукаў у свой час Ю. Новак-Длужэўскі[13]. Ва ўсякім разе, паэт і далей ахвотна друкуе свае прэфацыйныя і дэдыкацыйныя вершы ў кнігах братоў па-веравызнанні, прапагандуючы кальвінісцкія ідэі: абараняе ад арыян боскасць Хрыста у кнізе Гжэгажа з Жарнаўца „Clypeus, albo Tarcz duchowna” (Вільня, 1598), заклікае чытача прыслухацца да слоў праўдзівай веры ў новым перавыданні кнігі М. Рэя: „Postilla Lietuwiszka” (Вільня, 1600).

На працягу 90-х гг. XVI ст. Я. Казаковіч апублікаваў каля 15-ці вершаў у сямі кнігах іншых аўтараў. Але найбольшую вядомасць прынёс яму выдадзены Я. Карцанам пераклад на польскую мову кнігі Іосіфа Флавія „Woуna żydowska” (Вільня, 1595), з якога потым невядомым аўтарам быў зроблены пераклад на старабеларускую мову (на жаль, не выдадзены)[14]. У сувязі з карцанаўскім выданнем сачынення Іосіфа Флавія ў перакладзе Я. Казаковіча звернем увагу на дзве акалічнасці.

Па-першае, сваю працу паэт прысвячае Крыштафу Зяновічу, якому раней ахвяраваў верш у „Новым Запавеце” (1593). На адвароце тытульнага ліста „Гісторыі іудзейскай вайны” змешчаны герб Зяновічаў. Праўда, традыцыйнай эпіграмы пад ім няма: відаць усе свае творчыя сілы Я. Казаковіч скіраваў тым разам на выкананне перакладу. Напрыканцы празаічнага прысвячэння К. Зяновічу Я. Казаковіч пазначае сваё месцазнаходжанне і дату: „Z Mosara w dzień Nowego Lata Roku 1595”[15]. У XVI ст. мястэчка Мосар (каля Дзясны) належала роду Зяновічаў[16], такім чынам Я. Казаковіч знаходзіўся, відаць, на службе ў гэтых магнатаў. Але не толькі службовая залежнасць прымусіла прысвяціць пераклад „Гісторыі іудзейскай вайны” К. Зяновічу. У дэдыкацыі паэт выказвае берасцейскаму ваяводзе ўдзячнасць за дапамогу ў выданні кнігі і называе яго „maecenati et artium bono cultori”[17], што сведчыць пра значнасць асобы К. Зяновіча для тагачаснага культурнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага. Нагадаем, што К. Зяновіч быў адным з герояў „Радзівіліяды...” Я. Радвана і сам пісаў літаратурныя творы: па звестках Л. Кандратовіча (Сыракомлі) ён пакінуў пасля сябе мемуары „Tragedia albo początek upadku znacznego w Xięswie Litewskim”, дзе падрабязна апісаў славуты канфлікт паміж Радзівіламі і Хадкевічамі з-за Зоф’і Слуцкай[18].

Па-другое, „Гісторыю іудзейскай вайны” І. Флавія ў перакладзе Я. Казаковіча Я. Карцан выдаў адначасова з перакладам А. Рымшы твора А. Паляка „Chorographia, albo topographia, to iest osobliwe a okolne opisanie Ziemie Świętej” (Вільня, 1595). Відавочна, два літвінскія паэты не выпадкова ўзяліся раптам за пераклады, а, пэўна, адгукнуліся на прапанову амбітнага выдаўца (хаця творы для перакладу выбіралі самі, пра што пішуць у прадмовах). У экэмпляры Польскай нацыянальнай бібліятэкі (BN XVI 0387) пераклады двух прыяцеляў нават змешчаны пад адной вокладкай.

У віленскіх выданнях пачатку XVIІ ст. мы не знаходзім вершаў Я. Казаковіча, затое маем нарэшце дзве ягоныя паэтычныя кнігі: „Manes Danielani” (Вільня, 1603) i „Orzech włoski” (Вільня, 1603). Звернем увагу на парадаксальнасць творчай кар’еры паэта: на працягу двух дзесяцігоддзяў ён старанна змяшчаў свае вершы ў кнігах іншых аўтараў і раптам у адзін год выдаў ажно дзве ўласныя кніжачкі. Але заканамерна тое, што абедзве яны выйшлі з друкарні Я. Карцана, даўняга прыяцеля Я. Казаковіча і многіх іншых паэтаў Княства.

Выдадзены пры падтрымцы М. Нарушэвіча і Д. Прыстаноўскага фунеральны зборнік „Дух Данііла” не стаўся адметнай з’явай у тагачаснай паэзіі Беларусі. Восем польскамоўных і чатыры лацінамоўныя вершы, напісаныя з нагоды раптоўнай смерці кальвінскага святара Данііла Стэфана Тэаліпта і ягоных блізкіх (дачкі Сюзаны, сына Данііла, сястры Юдыты) аб’ектыўна адлюстроўваюць ўзровень таленту Я. Казаковіча. Эмацыянальнае ўзрушанне паэта трагедыяй, якая напаткала сям’ю набожнага Данііла, не адбілася на вершах, напісаных вычварным стылем (першы трэн у трыпціху Сюзане, мае назву зусім у духу Язэпа Бакі: „Smierć w zęby nie patrza”) і напоўненых традыцыйнымі хрысціянскімі топасамі  пра марнасць жыцця і ўсемагутнасць смерці:

                       Żonatyś iest, musisz się frasować o wsytko.

                       Nie masz żony, samemu mieszkać iakoś brzydko.

                       Masz dziatki – z wielką pracą wychowac ie przyjdzie,

                       A niemasz ich – żywot twóy bez potomstwa zyidzie.

                       Młodyś iest – więc twa młodość sliska y niestała,

                       A iesliś starym – wszytka czerstwość twa ustała.

                       Coż daley żadać: iedno, abo się nie rodzić,

                       Abo się urodziwszy, zaraz z świata zchodzić[19].

Значна большую цікавасць уяўляе выдадзены асобнай кніжачкай „Італійскі арэшнік”, гэты публіцыстычна-рэфлексійны верш Я. Казаковіча прыкметна пашырае далягляды тагачаснай польскамоўнай паэзіі Беларусі. Верш мае антычны першаўзор, пра што сведчыць ужо сама назва, і пра што прызнаецца паэт у прысвячэнні Станіславу Кішку:

                       Wszakże iż y ubogim kadzidłem czczą Bogi,

                       Przyimi ode mnie wdzięczną twarzą dar nie drogi,

                       Któryć przynoszę aże z Parnasu sławnego,

                       Orzech wyjęty na wzor z Poety Włoskiego.

                       Który urodziwszy się w pełnym wod Sulmonie,

                       Od Cesarza zasłany zmarł w Sarmackiey stronie[20].

Як і для польскіх творцаў эпохі Рэнесансу, для літвіна Я. Казаковіча старажытнарымскі паэт Авідзій блізкі найперш тым, што свой жыццёвы шлях ён завяршыў у Сармацкім краі (паводле легенды – не ў Крыму нават, а на берагах Віслы). Узяўшы за аснову для свайго твора элегію „Nux”, Я. Казаковіч не сумняваўся, што яе напісаў „паэт з Сульмоны”, хаця ўжо Альд Мануцы (1449–1515)  выказаў няўпэўненасць наконт аўтарства Авідзія. Няма пэўнасці ў гэтым пытанні і ў сучасных даследчыкаў: адны лічаць „Арэшнік” раннім творам аўтара „Метамарфоз”, другія – познім, напісаным у ссылцы, трэція прыпісваюць элегію невядомаму эпігону Авідзія[21]. Я. Казаковіч зрабіў вольны пераклад лацінскага першаўзора, амаль дакладна перадаўшы ягоны змест, і толькі злёгку насыціўшы „Італійскі арэшнік” мясцовымі рэаліямі і ўласнымі заўвагамі (у выніку польскі тэкст аказаўся на 24 радкі большы за лацінскі, хаця заключныя радкі арыгіналу і перакладу супадаюць).

Верш уяўляе сабой скаргу арэхавага дрэва на несправядлівы лёс: хаця арэшнік не вымагае ніякага дагляду і прыносіць толькі карысць (дае дзецям смачныя плады, хавае падарожных ад спякотнага сонца), людзі абыходзяцца з ім надзвычай жорстка, бо збіваюць арэхі кіямі і камянямі. Прычыну сваіх няшчасцяў пакрыўджанае дрэва бачыць у тым, што яно – простага, не шляхетнага гатунку і да таго ж нічыйнае, не абароненае законам пра прыватнаю ўласнасць. Нараканні арэшніка на свой лёс – гэта алегорыя становішча простага, незаможнага чалавека ў грамадстве і адначасова намёк на адсутнасць належнай павагі да дзяржаўнай уласнасці.

На думку даследчыкаў, праз нараканні арэхавага дрэва, што расце далёка ад саду, Авідзій выказаў скаргу на свой лёс выгнанніка, забытага ўсімі і ў першую чаргу – імператарам Аўгустам[22]. Я. Казаковіч хаця і наракае ў прысвячэнні С. Кішку на беднасць, але гэта – хутчэй літаратурны топас сціпласці (не маю золата, і таму ахвярую табе верш), чым канстатацыя факту ці просьба аб дапамозе. Літвінскі паэт у сваім перакладзе элегіі рымскага класіка акцэнтуе ўвагу не на ўласных, а на грамадскіх праблемах; у знявазе маральных нормаў ён бачыць вытокі парушэння законаў юрыдычных і небяспеку дзяржаўнай анархіі:

                       <...> Wolno brać i rwać, co przy drodze leży.

                       Ieśliże się to godzi, więc do zamczyskiego

                       Wnidz sadu, muszkatelki porwi, z wiszniowego

                       Drzewa pozryway owoc: a wziawszy sierp krzywy,

                       Zaczni żać cudze zboże, człowiecze złośliwy.

                       Niechay taka swawola y w mieściech panuie,

                       Niech co uyrzy cudzego, to gwałtem zaymuie.

                       Pobierzcie z kramów gwałtem sukną y korzenie,

                       Wyłupcie z skrzyń pieniądze y drogie kamienie.

                       Ale się rzeczy takie nie biorą, niе wzięte

                       Będą, póki ustawy i prawa brzmią święte.

                       Y póki rządzi możny Król śliczną koroną

                       Y też Księstwy Wielkiemi, będzie za obroną

                       Iego wszystko w całości trwac[23].

Арыентацыя на антычны першаўзор – фактычна, „Італійскі арэшнік” з’яўляецца парафразай элегіі „Nux” – дысціплінавала думку паэта і спрыяла яснасці, лаканічнасці стылю, чаго так бракавала ранейшым творам Я. Казаковіча. У гэтых адносінах „Італійскі арэшнік”  можна смела можна назваць вяршыняй творчасці Я. Казаковіча, які пачаўшы з прэфацыйных і дэдыкацыйных вершаў панегірычнага і рэлігійна-палемічнага зместу, паспрабаваўшы свае сілы ў эпініцыйнай і фунеральнай паэзіі, прыйшоў да вольнага перакладу лірыкі грамадзянскага гучання. Пасля 1603 г. мы не сустракаем вершаў Я. Казаковіча у віленскіх выданнях; ёсць падставы лічыць, што гэтым удалым годам завяршылася ягоная сціплая паэтычная кар’еры.

Вядомы беларускі даследчык І. Саверчанка выказаў меркаванне, што ў канцы XVI – першай палавіне XVIІ ст. у Беларусі жылі два паэты, якіх вучоныя памылкова лічаць адной асобай: Ян Козак – аўтар вершаў у „Радзівіліядзе” Я. Радвана і Ян Казаковіч – аўтар вершаў у „Гісторыі Іудзейскай вайны” І. Флавія [у „Гісторыі...” не было вершаў – С. К] ды кніг „Дух Данііла” і „Італійскі арэшнік”[24]. Гэтае арыгінальнае меркаванне не мае доказаў, затое ёсць яскравы доказ таго, што ў эпоху Рэнесансу існаваў толькі адзін паэт з Козакаў, які пад дэдыкацыйнымі вершамі ў „Радзівіліядзе” падпісаўся: „Jan Kozak Litwin”, а пад пазнейшымі творамі падпісваўся: „Jan Kozakowicz Litwin” альбо „Joannis Cosacouicij Lit.” Доказам з’яўляецца ўласцівы паэту літвінскім патрыятызм, як выявіўся не толькі ў змесце твораў, але і ў подпісах пад імі: з трыдцаці вядомых нам польскамоўных паэтаў Вялікага Княства Літоўскага толькі Ян Казаковіч ды Андрэй Рымша дадавалі да сваіх прозвішчаў прыдомак „Літвін”. Можна паверыць у тое, што адначасова ў Беларусі жылі два паэты з аднолькавымі імёнамі і амаль аднолькавымі прозвішчамі, але ў тое, што менавіта яны сярод усіх іншых паэтаў былі найбольшымі патрыётамі свайго краю – паверыць не магчыма.

Творчая біяграфія Я. Казаковіча, ягоныя прыяцельскія адносіны з А. Рымшам і Я. Радванам сведчаць пра тое, што ў 80–90-х гг. XVI ст. ў Беларусі існаваў літаратурны гурток, які беларускія даследчыкі, нібыта спасылаючыся на А. Сайкоўскага, памылкова называюць Нясвіжскім[25]25. Насамрэч, гуманістычны літаратурны гурток існаваў ў той час не пры двары Радзівілаў нясвіжскай лініі (каталікоў), а пры двары Радзівілаў біржайскай лініі (кальвіністаў), уваходзілі туды паэты і перакладчыкі, кальвіністы па веравызнані Ф. Градоўскі, А. Рымша, Я. Радван, Я. Казаковіч, Г. Пельгрымоўскі, былі блізкія да іх друкары Я. Карцан і Д. Лэнчыцкі. Пра сувязь гэтых паэтаў – а таксама М. Стрыйкоўскага – з біржайскім дваром Мікалая Радзівіла Рудага і Крыштафа Радзівіла Перуна пісаў і А. Сайкоўскі[26], невядома адкуль узялася згадка пра Нясвіж.

Комплекснае даследаванні творчасці вышэйзгаданых аўтараў, сістэмны аналіз паэтыкі іхніх твораў павінны адказаць на пытанне: быў гэта толькі гурток, асяродак вершапісцаў-аматараў ці можна сцвярджаць пра існаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім у апошняй чвэрці XVI ст. уласнай паэтычнай школы з усімі яе прыкметамі? Але ўжо на цяперашнім этапе даследаванняў не выклікае сумнення наяўнасць у шматмоўнай паэзіі Беларусі позняга Рэнесансу выразнай „літвінскай плыні”, да якой адносіўся і сціплы служка муз Я. Казаковіч.

 



[1] Słownik geograficzny Królestwa Polskiego. Warszawa, 1883. T. 3. S. 535.

[2] Rymsza A. Dziesięćroczna powieść wojennych spraw... // Archiwum literackie. Wrocław i inn., 1972. T. XVI. S. 136.

[3] Статут Великого Князтва Литовского... Вильна, 1588.

[4] Radvanas J. Radivilias sive de vita et rebus... Nikolai Radivili. Vilnae, 1588.

[5] Fłorczak Z. Udział regionów w kształtowaniu się piśmiennictwa polskiego XVI wieku: Studium z zakresu socjologii pisarstwa. Wrocław, 1967. S. 243.

[6] Radvanas J. Radivilias sive de vita et rebus... Nikolai Radivili.

[7] Cicero M.T. O powinnościach wszech stanów ludzi. Wilno, 1593.

[8] Nowy Testamеnt. Wilno, 1593.

[9] Rej M. Postilla polska. Wilno, 1594.

[10] [Turnowski] Theophil Sz. Zwierciadło nabożenstwa chrzescianskiego w Polszcze. Wilno, 1594.

[11] Fłorczak Z. Udział regionów w kształtowaniu się piśmiennictwa polskiego XVI wieku... S. 193; Rzepka W.R., Sajkowski A. Andrzeja Rymszy Dziesięćroczna powieść wojennych spraw... // Archiwum literackie. T. XVI. S. 136.

[12] [Łaszcz] Tworzydło M. Okulary na zwierciadło nabożenstwa chrzescianskiego w Polszcze. Wilno, 1594).

[13] Nowak-Dłuzewski J. Bibliografia staropolskiej okolicznościowej poezji politycznej (XVI - XVIII). Warszawa, 1964. S. 31.

[14] Анушкин А.И. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 86.

[15] Flawiusz J. Historia woyny żydowskiey. Wilno, 1595.

[16] Słownik geograficzny Królestwa Polskiego. T. 6. S. 691.

[17] Flawiusz J. Historia woyny żydowskiey.

[18] Кондратович Л. (У. Сырокомля). История польской литературы. М., 1861–1862. Т. 2. С. 476–477.

[19] Cosacouitio J. Manes Danieliani. Vilnae, 1603.

[20] Kozakowicz J. Orzech włoski. Wilno, 1603.

[21] Cytowska M., Szelest H. Literatura rzymska. Okres augustowski. Warszawa, 1990. S. 566.

[22] Cytowska M., Szelest H. Literatura rzymska. Okres augustowski. S. 566.

[23] Kozakowicz J. Orzech włoski.

[24] Саверчанка І. В. Старажытная паэзія Беларусі. XVI – першая палова XVII ст. Мн., 1992. С. 41.

[25] История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977. С. 221; Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі. XVI – першая палова XVII ст. С. 40.

[26] Sajkowski A. Od Sierotki do Rybeńki: W kręgu radziwiłłowskiego mecenatu. Poznań, 1965. S. 24.

Hosted by uCoz

Да зместу