Да зместу

Зося Манькоўская

З “ДЗЁННІКА КАБЕТЫ”

Вячорныя сны

 

І

Ці ты затужыш, калі пасля працы

Вернешся ў дом твой пусты, не сагрэты

Кімсьці, хто б выбег на гук тваіх крокаў,

Хто бы чакаў цябе, думаўшы: дзе ты?

І калі вэрхал жыццёвы адужаць

Цяжка табе, і захлёстваюць хвалі,

Хтосьці не скажа табе: будзь жа мужным,

Цяжар са мной падзялі і йдзі далей...

                   Ці ты затужыш?

Ці ты затужыш, калі замест хлеба

Камень дадуць табе подлыя людзі,

Але не скажа ніхто: я кахаю,

Вер у каханне, і шчасце ў нас будзе.

Ці ты затужыш, не чуючы ў доме

Шчэбет дзіцячы вясёлы і мілы,

Голас жаночы, што будзе і ў стоме

Звонкім ключом аднаўляць твае сілы,

                   Ці ты затужыш?

Ці ты затужыш, адчуўшы аднойчы,

Што на зямлі ёсць душа дарагая,

Цалкам табе прыналежная сэрцам,

Духам, крывёю? Дый лёс не з’яднае

Роднасць адчуўшыя блізкія душы.

Хоць да цябе яна шчыра імкнецца,

Прорвы на гэтым шляху не адужаць,

Як не шукае дарогі той сэрца,

                   Ці ты затужыш?

ІІ

Ах, ці ты марыш? Ці сны залатыя

Сняцца табе, як у дні маладосці?

Так, як зямля чарадзейныя кветкі,

Сны тыя сэрца з глыбінь сваіх росціць.

Часам сутоння, ці ноччу бяссоннай

Кола сяброў сваіх даўніх ці бачыш?

І калі схіліш свой твар засмучона,

                   Ах, ці ты марыш?

Ах, ці ты марыш аб велічным бою,

Дзеля якога жыццё тваё тчэцца?

Ці ўжо ахвярнасць і подзвігу прага

Марай юначай дарэмнай здаецца?

Што з нашых даўніх узнёслых прагненняў

Ты для нашчадкаў пакінуць разважыш?

Аб несупыннай хадзе пакаленняў

                   Ах, ці ты марыш?

Ах, ці ты марыш аб тым, што не згіне

Справа, якою былі мы сагрэты?

Хтосьці з нябыту яе зноў падніме

І давядзе да жаданае мэты.

Нават калі бледны прывід турботы

Будзе ля сэрца як вечны таварыш,

Аб залатых зорных вёснах употай

                   Ах, ці ты марыш?

ІІІ

Ведаеш, дзе мае мары блукаюць

У красавіцкім вясновым паўзмроку,

Як галасы ў мітусьні заціхаюць,

Робіцца існым нябачнае зроку?

Вось акурат пік вясенняе славы:

Бомкаюць клёнаў пупышкі і срэбны

Выгляд чаромхаў, і месяц ласкавы

Поўняць мне грудзі бальзамам лячэбным.

Чутна крактанне жаб з сажалкі блізкай,

З бору даносіцца шчэбет птушыны,

Дрэў вершаліны калыша вятрыска,

З іх атрасае расу на сцяжыны.

Так атрасае душа боль сумненняў

Толькі ў хвіліны кароткія мрояў,

Дотык вясны – знак святы ўваскрасення,

Што на спатканне з юнацтвам настроіў.

П’ю праз акно водар кветак, разліты

Ўсюды ў прыродзе. Чакання хвіліны...

Грудзі дрыжаць, быццам вось-вось з блакіту

З’явіцца хтось залатым херувімам.

Ціха! Гук крокаў... Як стукае сэрца...

Ты да грудзей маіх хілішся ў стоме.

Моцна цябе абдымаю, здаецца,

Дзіўным агнём запаліліся скроні.

О, як мне добра? І болю не чуе

Сэрца, не труціць ніякая горыч.

Лепшае долі сабе не хачу я,

Сэрца тваё адчуваючы побач.

Чуеш, суладна пульсуе кроў наша,

Стаўшы акордам у гімне прыроды.

Вусны да вуснаў прымкнуць, як да чашы,

Дзе эліксір маладосці і згоды.

Я забываю тугу і трывогі,

Ты – гэтаксама свой клопат і буры.

Кожны пазбыўся ў глушы тут знямогі,

П’ем асалоду вясковай натуры.

Дух маладзее, юначыя вёсны

Быццам вярнуліся дзіўнаю явай,

Сэрца парывам адданае ўзнёслым,

Думкі струменяць гарачаю лавай.

Тыя ўсе слаўныя думкі і мроі,

Што пахаваныя ў смутку жыццёвым,

Зараз апрануты ў пышныя строі,

Ззяюць абліччам святочным і новым,

Быццам тады, ў дні юначага шалу.

Ах, бо з табой мы адзіныя ў духу:

Злучаны зараз кахання запалам

Тут жа гатовы на росстань і скруху.

Ці ты кахаеш мяне? Не пытаю.

Ты не заводзіш размоў аб каханні.

Тут, каля вечнай мяжы небакраю,

Нас паглынула хвіліна яднання.

Ведаю, доўга зіма ў нас пануе,

Восень марозіць пачуцці і кветкі,

Але таксама жыццё нас чаруе

Шчасця імгненнем бліскучым і рэдкім.

Сонна твая галава мне на грудзі

Туліцца сцішана, соладка, міла.

Момант яшчэ больш шчаслівы ці будзе?

Горне нас ноч пад анёльскія крылы.

Мудрай Прыроды адчынена ўлонне,

Мы для яе – толькі вынік тварэння.

Гэта ж яна з міласцівай далоні

Кубак дае веснавога ўпаення.

ІV

Вось жа які сон прыгожы сасніла!

Ёсць жа яшчэ прыгажэйшы: лілеі

Сон увядальны... Прыслухайся, мілы:

Пульс замірае, дыханне слабее,

Блізкасць нябыту агортвае сэрца,

Скон перамогу над целам святкуе,

І ад апошняга кроку, здаецца

Варта грудзей тваіх толькі ратуе.

Не, не трывожся, не ўздрыгвай так! Чуеш?

Спеў маладосці нябёснаю сцежкай

Зноў прыплывае. Канаць не хачу я

З цяжкай пакутай, лепш з лёгкай усмешкай.

Зноў абдымі мяне палка, імкліва

Перад маім у засвет падарожжам.

Я ж заміраю ў абдымках шчасліва,

Пахам лілей твае вусны лагоджу.

Чула не раз: пі жыцця асалоду

Тут, на зямлі, бо ў труне ўсё іначай.

Перш, чым нябыту адчуць прахалоду,

Твой пацалунак запомню гарачы.

V

О слодыч мар у красавіцкі вечар!

Як ты палоніш думкі і пачуцці,

Якія мітусня штодня нявечыць,

Аддаючы іх смутку і пакуце.

Калі ж спадзе з вачэй той сон закляты,

Ахвярны зніч апаліць грудзі, потым

Напіша свой прысуд няўмольны Фатум:

“Тытан фантазій, у жыцці ніхто ты!”

О, страшны суд хвіліны прабуджэння!

Нібы акорды песні пахавальнай

Вястуюць ад ілюзій адрачэнне

І ўрэшце смерць ад хворасці банальнай.

VI

Жахлівы час, але ні на імгненне

Я не пагарджу тым узнёслым сном!

Ці з мёдам, ці з атрутай кубак пенны

Я асушу да дна, і ў дзень знаменны

                   Хай грымне гром!

Мяне заўсёды засмучалі воды,

Чый дух стухлеў.

Шукае іншы ў цішы асалоды,

Я ж – неба вольны птах – у знак свабоды

                   Складаю спеў!

Заўжды такіх бязлітасна карае

Няўмольны лёс.

Яны ж – асілкі духу ў кожным краі,

І кожны з іх скон годна сустракае

                   Без скарг і слёз.

Але ім ваша доля больш лядачай

Здаецца, брацця сонных цёплых хат.

Не боль хвароб іх знішчыў, а юначы

Агонь грудзей уласных і гарачых

                   Іх Бог і Кат!

 

Пераклад з польскай мовы

Ірыны Багдановіч    

 

Hosted by uCoz

Да зместу