З атрыбуцыяй “Пінскай шляхты” – самага вядомага ў Беларусі твора Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, растыражыраванага школьнай праграмай, – узнікаюць пэўныя праблемы, варта толькі паглыбіцца ў змест і мастацкую спецыфіку твора.
Паводле сваёй праблематыкі гэтая п’еса прыкметна адрозніваецца ад іншых твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. Як прадстаўнік беларускага шляхецтва, носьбіт яго гістарычнай памяці і культуры, пісьменнік паслядоўна, ад твора да твора выступае з пазіцый шляхты. Ён ганарыцца гераічным мінулым шляхецтва, дзе была барацьба за незалежнасць супраць іншаземных заваёўнікаў (“Славяне ў XIX стагоддзі”, “Люцынка, альбо Шведы на Літве”), ён імкнецца развіваць маральнасць грамадства і сцвярджаць прыярытэт народных духоўных ідэалаў (“Гапон”, “Купала”, “Шчароўскія дажынкі”). Калі ў асяроддзі шляхты пісьменнік заўважае негатыўныя з’явы (маральную няўстойлівасць, адсутнасць усвядомленага пачуцця патрыятызму і грамадзянскай адказнасці), ён імкнецца сваёй мастацкай воляй (аднак не мастацкай логікай) удасканаліць грамадства, “паправіць” ці нават наогул выправіць яго маральны стан (“Ідылія”).
Пры гэтым В. Дунін-Марцінкевіч, калі зыходзіць з логікі яго твораў, зусім не імкнецца карэнным чынам перабудаваць грамадства, – ён паслядоўна ўвасабляе ідэю маральнага ўдасканалення чалавека і грамадства. Ён не адчувае таго сораму за антыгуманную пазіцыю шляхты-прыгоннікаў, якую выказаў яго сучаснік Уладзіслаў Сыракомля ў вершы “Вызваленне сялян”. Спачатку паэта (У. Сыракомлю) перапаўняе пачуццё гонару за прыналежнасць да шляхты як да вядучай грамадскай сілы (“Я горды быў, што род мой ад ліцвіна, // Што шляхціц я і маю герб з пячаткай”). Аднак жа мясцовая шляхта не змагла пераадолець свае карпаратыўныя інтарэсы і адраклася ад маральных ідэалаў, дзейснага, а не дэклараванага гуманізму (адраклася ад раней прынятага рашэння аб вызваленні сялян), і тады пачуццё паэта набывае гнеўны запал:
Апеку іх над людам і краінай.
Мне брыдка Вільні, брыдка быць ліцвінам
І ганьба мець вось гэты герб з пячаткай[1].
Наколькі падобныя перапады настрояў маглі быць уласцівыя В. Дуніну-Марцінкевічу?
“Пінская шляхта” паводле часу напісання (1866) займае месца паміж драматычнымі творамі “Ідылія” і “Залёты”, дзе ў адносінах аўтара да шляхты дамінуе ідэалізацыя – г. зн. тая эстэтычная ідэя, якая аспрэчваецца ў “Пінскай шляхце”. На першы погляд, п’еса “Пінская шляхта” з яе крытыцызмам у адносінах да шляхты не можа належаць аўтару, якому ўласціва зусім іншая ідэя, сцверджаная ва усіх астатніх (а гэта паўтара дзесятка) творах на беларускай і польскай мовах.
Нагадаем, што “Пінская шляхта” напісана ў 1866 г., а гэта значыць, неўзабаве пасля паўстання 1863–1864 гг. Як вядома, менавіта шляхта выступала арганізуючай сілай у паўстанні. Сам В. Дунін-Марцінкевіч меў пэўныя дачыненні да падзей 1863–1864 гг. У яго біяграфіі вядомыя факты ўдзелу сям’і пісьменніка (жонкі Марыі, дочак Камілы і Цэзарыны) у паўстанцкім руху, падазроныя, па вызначэнні паліцыі, раз’езды самога В. Дуніна-Марцінкевіча па Беларусі ў самы разгар паўстання, калі, на думку ўладаў, добрапрыстойны бацька і грамадзянін павінен быў бы ціхамірна сядзець дома, у асяроддзі сямейнікаў і стрымліваць безразважную моладзь ад неразумных учынкаў (маюцца на ўвазе антыўрадавыя дзеянні), нарэшце, прыцягненне самога пісьменніка да судовай адказнасці (з кастрычніка 1864 г. па снежань 1865 г.) В. Дунін-Марцінкевіч сядзеў у турме, а затым быў вернуты ў Люцінку пад нагляд паліцыі). Ігнараваць гэтыя падзеі, засведчаныя ў дакументах свайго часу, немагчыма. А гэта значыць, што факт удзелу пісьменніка ў антыўрадавых выступленнях павінен разглядацца як важкі чыннік яго грамадзянскай пазіцыі і светапогляду.
Вядома, крытыцызм В. Дуніна-Марцінкевіча ў адносінах да царскай улады меў іншы, істотна больш умераны характар, чым крытыцызм яго сучасніка К. Каліноўскага. Але ж, як вядома, антыўрадавы рух у Беларусі ў 1863–1864 гг. не вызначаўся аднароднасцю і спалучаў розныя сілы[2], і В. Дунін-Марцінкевіч, паводле свайго светапогляду, “упісваўся” ў агульную карціну палітычнай барацьбы як выразнік ліберальнай плыні гэтага руху.
Нагадваем тут вядомыя паводле біяграфіі В. Дуніна-Марцінкевіча факты, каб суаднесці іх са зместам і пафасам твораў пісьменніка “пасляпаўстанцкага” перыяду.
У наступным па часе напісання творы В. Дуніна-Марцінкевіча “Залёты” (1870) пісьменнік зноў вяртаецца да ідэалізацыі шляхты, але гэта ўжо іншая сітуацыя, прадыктаваная пошукам пазітыўнай грамадскай сілы, у процівагу гвалтоўнаму наступу розных Сабковічаў. Камедыёграф распраўляўся з нахрапістымі дзялкамі, што рваліся на змену разгубленым прадстаўнікам мінулай грамадскай традыцыі, ужо хоць бы тым, што прымушаў свайго героя хавацца ад людзей пад сталом і гаўкаць па-сабачаму... Чакаць ад В. Дуніна-Марцінкевіча іншай, больш акрэсленай, актыўна сцверджанай, дэмакратычнай пазіцыі ва ўмовах пасля ўдушэння паўстання не выпадала. Узгадаем тую характарыстыку, якую даў свайму паднагляднаму, палітычна “нядобранадзейнаму” В. Дуніну-Марцінкевічу нейкі павятовы спраўнік А. Сараеў: “Поведения хорошего и скрытного образа жизни”[3]. Не лічыць жа выяўленнем сапраўднай жыццёвай пазіцыі шляхціца В. Дуніна-Марцінкевіча тое амаль халопскае “раболепие” перад ўладамі, якое нібыта засведчыў пісьменнік: “Дряхлый 63-летний старец осмеливаюсь утруждать ваше превосходительство всепокорнейшею моею просьбою, умоляя правосудия и милости вашей!”[4] Камедыёграф валодаў пяром!
Ведаючы здольнасці В. Дуніна-Марцінкевіча да камедыйнага пераўвасаблення, адзначым, што ў дадзеным выпадку перад намі паўстае хіба што вобраз якога-небудзь халопа маскоўскага князя, а не шляхціца, паэта і драматурга В. Дуніна-Марцінкевіча, аўтара 7 кніг (арыгінальных і перакладных).
Важная акалічнасць для атрыбуцыі “Пінскай шляхты” – вызначэнне часу і месца напісання твора. Год напісання пазначаны дакладна паводле інфармацыі А. Ельскага: 1866. Гэта год, які ў беларускай гісторыі не можа лічыцца шараговым. Толькі што разгромлены вызваленчы рух, больш вядомы як паўстанне К. Каліноўскага. В. Дунін-Марцінкевіч не прымаў непасрэднага ўдзелу ў гэтым руху, тым больш ва ўзброеным паўстанні (даволі сталы для паўстанца ўзрост, ліберальныя палітычныя погляды, якія выключалі радыкалізм дзеянняў і інш.). Аднак жа ў біяграфіі пісьменніка час паўстання і бліжэйшыя пару гадоў пасля яго пазначаны цікавымі падзеямі. Як вядома з дакументаў, пісьменнік падазраваўся ў напісанні антыўрадавых агітацыйных твораў, абвінавачваўся ў “дрэнным” выхаванні дзяцей (дачка Каміла яшчэ ў лютым 1863 г. была арыштавана і выслана з краю), у “падазроных” раз’ездах па Мінскай, Віленскай, Ковенскай, Віцебскай губернях нібыта з мэтай распаўсюдзіць рэвалюцыйныя ідэі. Пасля доўгіх і марных спроб арыштаваць В. Дуніна-Марцінкевіча (месцажыхарства яго доўгі час не было ўстаноўлена) нарэшце ў канцы кастрычніка 1864 г. ён быў арыштаваны ў мястэчку Свір (цяпер Мядзельскага раёна). Больш за год, аж да канца 1865 г., пісьменнік сядзеў у турме ў Мінску. Падкрэслім яшчэ раз: з кастрычніка 1864 па снежань 1865 г. В. Дунін-Марцінкевіч сядзеў у турме, пакуль вялося следства па яго справе. А п’еса “Пінская шляхта” завершана ў 1866 г. Такім чынам, праца над “Пінскай шляхтай” адбывалася ў час турэмнага зняволення пісьменніка. А гэта тлумачыць пэўныя загадкавыя акалічнасці ў творчай біяграфіі В. Дуніна-Марцінкевіча.
Па-першае, гэта нежаданне В. Дуніна-Марцінкевіча афішыраваць сваю працу. Гэтую акалічнасць праф. Н. Мячкоўская тлумачыць тым, што твор не належыць В. Дуніну-Марцінкевічу[5]. Аднак у сувязі з вышэйназванымі абставінамі гэтае нежаданне можа быць растлумачана патрэбай рэпрэсіраванага пісьменніка не афішыраваць аўтарства антыўрадавага паводле крытычнага пафасу твора. Як вядома з дакументаў следчай справы Віленскага палявога аўдытарыята ад 1865 г., больш за год пісьменнік знаходзіўся пад следствам і за гэты час ён змог адвесці ад сябе найбольш цяжкія палітычныя абвінавачанні, але менавіта “Пінская шляхта” дазваляе адчуць і зразумець, што перажываў пісьменнік, пазбаўлены рознымі Кручковымі волі і магчымасці стваральнай творчай дзейнасці. Пісьменнік распраўляўся з імі словам.
Па-друтое, В. Дунін-Марцінкевіч, ствараючы выразна антыўрадавы паводле зместу і пафасу мастацкі твор, мусіў паклапаціцца пра сваю бяспеку. Калі б раптам тэкст “Пінскай шляхты” быў далучаны да следчай справы В. Дуніна-Марцінкевіча, пісьменнік мог бы адвесці абвінавачанні ў аўтарстве гэтага твора характарам мовы персанажаў: такой мовай, г. зн. палескай гаворкай, ён не валодае, нічога на ёй не пісаў.
Як вядома, В. Дунін-Марцінкевіч бываў на Палессі. Пад некаторымі яго польскамоўнымі вершамі пазначана месца напісання: Ольпень (верш “Вясна!”), на водах Прыпяці (верш “Прыпяць”) і дата: май 1849 г., Мазыр (верш “Вандроўнік”, 1834). Удакладнім толькі: Ольпень – гэта сучасная вёска Альпень Столінскага раёна (цікавая акалічнасць: адзін з персанажаў “Пінскай шляхты” мае прозвішча Альпенскі).
Менавіта там, на Століншчыне, жыла вялікая сям’я шляхціцаў Ліпскіх, з якой пазнаёміўся будучы пісьменнік у канцы 1830-х гг., калі Мінская духоўная кансісторыя пачала справу аб далучэнні сям’і Іосіфа Ліпскага да праваслаўя[6]. В. Дунін-Марцінкевіч супрацоўнічаў тады з каталіцкім епіскапам Мацвеем Ліпскім, які раней дапамог яму з вырашэннем асабістых праблем. Відавочна, што менавіта ў сям’і Ліпскіх на Палессі, у Альпені (Ольпені), і гасцяваў пісьменнік у 40–50-х гг., а пасля, ужо ў “спрыяльных” для асабістага одуму ўмовах турэмнага зняволення, успамінаў гісторыі пінскай шляхты і стварыў сваю драматургічную версію пачутага і ўбачанага.
Мова персанажаў п’есы імітуе палескую гаворку. Але менавіта імітуе, а не перадае дакладна. Бадай што ў кожным маналогу можна адзначыць змяшэнне розных марфалагічных і фанетычных рыс. Напрыклад, у песні Марысі, якой пачынаецца твор, рэфрэн дае такія формы дзеяслова: “Я хочу быт молодыцей” і “Я хочу быть молодыцей”[7]. У той жа час вельмі рэдкая, нават “анамальная” форма інфінітыва без “ь” (мяккага знака), што паслядоўна адзначаецца ў мове герояў “Пінскай шляхты”: любыт замест любыть, сладыт замест зладыть і г. д. – уласціва менавіта палескім гаворкам Тураўшчыны[8] (а вёска Альпень Столінскага раёна прымыкае да Тураўшчыны). На жаль, мова арыгіналу “Пінскай шляхты”, апублікаванага Я. Янушкевічам[9], дасюль застаецца недаследаванай, адзначаецца толькі яе прыналежнасць да палескіх гаворак – без канкрэтнага аналізу.
Аднак маючы на ўвазе вышэй адзначаныя абставіны стварэння “Пінскай шляхты“ (турэмную ізаляцыю пісьменніка), можна вытлумачыць пэўную няўзгодненасць марфалагічных формаў у палескіх тэкстах п’есы.
Калі ж прыняць за аксіёму, што ”Пінская шляхта” напісана некім іншым, а не В. Дуніным-Марцінкевічам, то трэба вытлумачыць, як мог гэты тэкст трапіць да пісьменніка, які ў адзначаны час сядзеў у турме, а затым знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам у сваёй Люцінцы.
Варта падкрэсліць і такую дэталь, якая сведчыць аб аўтарстве В. Дуніна-Марцінкевіча. Адзін з персанажаў “Пінскай шляхты” шляхціц Статкевіч з пачуццём гонару заяўляе: “Мне сам Юры Кабылінскі падпісаў грамату!”[10] Названы герой (Юры Кабылінскі) сустракаецца таксама ў вершаванай аповесці В. Дуніна-Марцінкевіча “Вечарніцы”. Між тым біёграфам пісьменніка добра вядома імя сакратара Мінскай дваранскай дэпутацкай зборні Юрыя Севасцьянавіча Кабылінскага. Цікавыя звесткі з жыцця рэальнай гістарычнай асобы Ю. Кабылінскага, прыяцеля В. Дуніна-Марцінкевіча, прыводзіць Г. Кісялёў[11]. Гэтыя акалічнасці мае сэнс нагадаць менавіта ў сувязі з асобай В. Дуніна-Марцінкевіча як аўтара “Пінскай шляхты”.
У навуковай літаратуры пра асобу і творчасць В. Дуніна-Мапцінкевіча няма адназначнага адказу на пытанне, ці з’яўляецца тэкст “Пінскай шляхты”, што друкуецца ў “Творах” 1984 г. у раздзеле “Дадатак”, апошняй аўтарскай рэдакцыяй п’есы. Менавіта ў гэтым пытанні ёсць разыходжанні. Дакладней сказаць, адсутнасць падрабязнага апісання рукапісаў В. Дуніна-Марцінкевіча па прычыне іх дрэннай (няпоўнай) захаванасці нараджае пэўныя сумненні адносна аўтарства тэксту “Пінскай шляхты”, на чым пабудаваны артыкул Н. Мячкоўскай. У той жа час дапушчэнні “скорее всего”, “можно думать”, неаднаразова паўтораныя ў артыкуле Н. Мячкоўскай, не прыводзяць да катэгарычнай высновы, вынесенай у загаловак публікацыі: “Вінцент Дунин-Марцинкевич не был автором водевиля “Пинская шляхта”. Як сведчаць аўтарытэтныя даследаванні Г.В. Кісялёва і Я.Я. Янушкевіча, рукапіс твора “Пінская шляхта”, вядомы сёння літаратуразнаўчай навуцы, належыць менавіта В. Дуніну-Марцінкевічу. Іншая справа, што маглі існаваць пэўныя аўтарскія рэдакцыі тэксту, але гэта толькі дапушчэнні: “У Ельскага, які ведаў год напісання камедыі, і ў рэдакцыі “Вольнай Беларусі”, былі, трэба думаць, больш познія тэксты”[12].
Наяўнасць аўтэнтычнага тэксту твора, апублікаванага Я. Янушкевічам, вымагае пэўнай карэкціроўкі пры выданні “Пінскай шляхты”. Для масавага чытача (а “Пінская шляхта” вывучаецца ў школе) варта публікаваць гэты твор з пазначэннем: “Апрацоўка...” Палескую гаворку персанажаў і рускія рэмаркі аўтара можна падаваць у традыцыйным для беларускай літаратуры варыянце, а рускамоўныя маналогі Кручкова – адпаведна аўтарскаму тэксту па-руску. Ва ўсякім разе, адаптацыя тэксту, зробленая Я. Лёсікам у 1918 годзе для газеты “Вольная Беларусь”, патрабуе ўдакладнення.
Аднак жа праблемы тэксталогіі не могуць падмяняць сабой іншыя літаратуразнаўчыя праблемы. Гісторыку літаратуры важна пазначыць месца пэўнага мастацкага твора ў творчасці пісьменніка і ў літаратурным працэсе часу.
[1] Сыракомля У. Добрыя весці. Мн., 1993. С. 61.
[2] Гл.: Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 122–187.
[3] Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. /Уклад. Г.В. Кісялёў. Мн., 1977. С. 155.
[4] Тамсама. С. 159.
[5] Гл.: Мечковская Н. Винцент Дунин-Марцинкевич не был автором водевиля “Пинская шляхта” // Wiener Slawistischer Almanach. 2000. № 46. С. 225–238.
[6] Гл.: Липский В Дунин-Марцинкевич и пинская шляхта // Нёман. 1998. № 4. С. 221–254.
[7] Дунін-Марцінкевіч В. Творы. Мн., 1984. С. 487.
[8] Гэтую з’яву ў мове сваёй маці, ураджэнкі Тураўшчыны, адзначае Андрэй Федарэнка. Гл.: Маладосць. 1995. № 8. С. 232.
[9] Гл.: Янушкевіч Я. Арыгінал “Пінскай шляхты” // Літаратура і мастацтва. 1982. 30 ліп.
[10] Дунін-Марцінкевіч В. Творы. С. 133.
[11] Гл.: Кісялёў Г.В. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1988. С. 102–103.
[12] Кісялёў Г.В. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. С. 45.