Да зместу

Ігар Запрудскі

ШТРЫХІ ДА ТВОРЧАЙ БІЯГРАФІІ ВІНЦЭСЯ КАРАТЫНСКАГА

Крыкнуць на цябе паноўе,

Што ты шкоднік і місцюк, –

Страціш голас і здароўе

І дуду ўпусціш з рук.

Ялегі Пранціш Вуль

Імя паэта і публіцыста Вінцэся Каратынскага, які нарадзіўся на Наваградчыне 15 жніўня 1831 г., ніколі не было ў аналах згубленай памяці літаратуразнаўчай навукі. Пры жыцці пісьменніка ў 1882 г., даючы ацэнку творчасці краёвых польскамоўных літаратараў сярэдзіны ХІХ ст., Адам Кіркор адзначыў, што “вышэй за іх усіх стаяў і падаваў надзеі Вінцэнт Каратынскі, але ён даўно кінуў паэзію і шчыра і з вялікай карысцю працуе на публіцыстычнай і гістарычнай ніве”[1]. На 2001 г. прыпадаюць і журботныя ўгодкі – 110 гадоў з дня смерці пісьменніка, які, не дажыўшы колькі месяцаў да свайго 60-годдзя, сканаў за пісьмовым сталом у Варшаве 7 лютага 1891 г.

Варты ўвагі той факт, што В. Каратынскага ўключылі ў кагорту выбітных дзеячаў польскай і краёвай культуры, артыкулы пра якіх былі змешчаны ў “Альбоме біяграфій заслужаных палякаў і полек ХІХ стагоддзя”, выдадзеным у 1902 г. Р. Зямкевіч, Б. Тарашкевіч, В. Ластоўскі, М. Багдановіч, Я. Карскі, М. Гарэцкі, рэдакцыі газет “Наша ніва” і “Вольная Беларусь” так ці інакш спрычыніліся да ўвядзення творчасці пісьменніка ў кантэкст развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства. Ужо ў першай ”Хрэстаматыі беларускай літаратуры: ХІ век – 1905 год” (1922), складзенай М. Гарэцкім, былі надрукаваны тэксты ўсіх вядомых і сёння беларускіх твораў В. Каратынскага. Ён адносіцца да шэрагу тых нямногіх пісьменнікаў ХІХ ст., у дачыненні якіх, па выразу Г. Кісялёва, была “вырашана праблема беларускай кніжкі”[2]. “Творы” Вінцэся Каратынскага, укладзеныя і пракаментаваныя У. Мархелем, двойчы выдаваліся ў 1981 і 1994 гг. Нягледзячы на такія важкія крокі ў справе выдання творчай спадчыны літаратара, відавочна, што ступень асэнсавання і вывучэння яе, у чым і заключаецца парадокс, даўно не адпавядае патрэбам сённяшняга дня. На такую акалічнасць яшчэ ў 1987 г. звярнуў увагу А. Яскевіч у кнізе “Станаўленне беларускай мастацкай традыцыі”: “Застаецца толькі шкадаваць, што гэты культурны і нацыянальны па духу паэт ХІХ стагоддзя па гэты час яшчэ не знайшоў свайго належнага месца ў гісторыі беларускай літаратуры”[3]. Спадзяемся, што 170-гадовы юбілей з дня нараджэння В. Каратынскага, элементарная пашана да яго як аднаго з пачынальнікаў роднай літаратуры паспрыяюць супольнымі намаганнямі ліквідаваць гэты прыкры недахоп у нашым літаратуразнаўстве.

Паходжанне будучага пісьменніка выглядае даволі загадкава. Яго бацька, прыгонны селянін, быў адпушчаны на волю па прычыне жаніцьбы з шляхцянкаю-сіратою. Ні шлюб маладых, ні нараджэнне і хрышчэнне іх першынца Вінцэнта, відаць, па пэўных прычынах не фіксаваліся ў адпаведных касцельных кнігах. Дзяцінства В. Каратынскага не пазбегла драматычных калізій – нечакана загінуў у водах Нёмана бацька, а маці неўзабаве выйшла замуж за свайго колішняга апекуна. Веды Вінцэсь набываў пераважна саматугам і ўжо з малых гадоў шчыра працаваў на ніве “ліквідацыі непісьменнасці” сярод землякоў. “Дарэктарстваваў” ён да лета 1850 г., пакуль не быў “ашчасліўлены ласкаю” Людвіка Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлі), вядомага тады ўжо пісьменніка, які ўзяў здольнага юнака да сябе за сакратара. Хаця ў творчых адносінах Сыракомлеў уплыў быў вырашальным, памылкова глядзець на спадчыну В. Каратынскага як на бляклы адбітак мастацкага патэнцыялу яго патрона.

Першыя літаратурныя крокі, якія рэалізаваліся спачатку ў перыёдыцы, а затым у паэтычным зборніку “Чым хата багата, тым рада” (1857), зроблены пры падтрымцы вясковага лірніка ўжо падчас знаходжання ў падвіленскім фальварку Барэйкаўшчына. У кнізе В. Каратынскі імкнуўся сцвердзіць каштоўнасць чалавечай асобы незалежна ад яе грамадскага статусу, спачувальна маляваў напаўжабрачае жыццё сялян, што ядуць хлеб з мякінай, закранаў праблему сацыяльнай няроўнасці (верш “Маёй свіце”), трагічнай сірочай долі (верш “Сірата”), гаварыў пра сяброўства і каханне (вершы “Два каханні”, “Спакою мне дай!”), пра сваё разуменне ролі мастацтва і паэзіі і пра многае іншае. Мастацкая арганізацыя і кампазіцыя зборніка вызначаецца пэўнай эклектычнасцю: творы сацыяльнага пафасу мяжуюць з творамі інтымнай лірыкі, фальклорныя стылізацыі (вершы “Сваты”, “Казка маёй нянькі”) з філасофскімі творамі, у якіх раскрываецца інтэлектуалізм аўтара. Магчыма, гэта звязана і з тым, што першапачаткова зборнік “Чым хата багата, тым рада” павінен быў змяшчаць і беларускія творы, але па прапанове У. Сыракомлі В. Каратынскі адмовіўся ад білінгвістычнага (польска-беларускага) укладання кнігі, што не пайшло на карысць выяўлення шматграннага паэтычнага дару маладога творцы.

У Беларусі 1854–1855 і 1856 гг. выдаліся надзвычай неўрадлівымі, голад зазірнуў найперш у сялянскія хаты, нявечыў людскія лёсы. Наступствы страшнага голаду, пра якія В. Каратынскі не прамінуў нагадаць і ў першым зборніку, сталі, бадай, элементам фабулы, своеасаблівым фонам, на якім разгортваюцца падзеі ў паэме “Таміла”, выдадзенай у Вільні ў 1858 г. У другой палове 50-х гг. адбылося збліжэнне В. Каратынскага з віленскімі літаратурнымі коламі, ён стаў сталым супрацоўнікам альманаха Адама Кіркора “Teka Wileńska” і, пазнаёміўшыся з новымі ідэямі, у каментарыях да паэмы “Таміла” выступіў палымяным прыхільнікам так званай тэндэнцыйнай літаратуры або твораў, у якіх галоўная мэта – прапаганда актуальных ідэй і імкненне ўплываць на свядомасць чытача. Герой паэмы селянін Таміла – дбайны гаспадар-працаўнік, маральна трывалы чалавек варты лепшай долі – у фінале гіне, пакідаючы на волю нелітасцівага лёсу ўнукаў-сірот. Здавалася б, трывіяльная гісторыя сялянскага жыцця, у якой цалкам адсутнічае не толькі змаганне, але і якія б там не былі спробы пратэсту, знешне выглядае “антырамантычна”. Аднак імкненне аўтара выклікаць у чытачоў жаль і спачуванне да героя больш уласціва якраз для рамантычнай, а не для рэалістычнай эстэтыкі. “Таміла варты спачування, а не асуджэння” – вось што імкнецца давесці паэт, які ў чэрвені 1858 г. пісаў дзеячам чэшскага нацыянальнага адраджэння, што “выключная задача прыгожай літаратуры <…> – папулярызаваць Праўду!”[4]

Сёння вядомы тэксты трох беларускіх вершаў В. Каратынскага, яму таксама прыпісваецца аўтарства ананімных твораў – “Гутарка старога дзеда” і “Гутарка двух суседаў”. Вершы “Уставайма, братцы!..” і “Далібог-то Арцім…” датуюцца 1858 г., перыядам найбольш плённым у творчасці літаратара. Поўная назва першага з іх – “Найяснейшаму яго міласці гаспадару імператару Аляксандру Мікалаевічу песня з паклонам ад літоўска-русінскай мужыцкай грамады”. Ён напісаны з нагоды прыезду ў Вільню ў верасні 1858 г. цара Аляксандра ІІ, якому і быў прысвечаны. Хаця яшчэ М. Гарэцкі заўважыў, што гэта “песня”-верш”[5], доўгі час у творы адзначалі толькі яго ўяўны “казённа-панегірычны” характар, не звяртаючы ўвагу на надзвычай цікавыя жанравыя асаблівасці. Прыгадаем, менавіта “песні” пісаў Я. Чачот, цыкл “Песні” ёсць у зборніку “Смык беларускі” Ф. Багушэвіча, як паэт-песеннік увайшоў у французскую літаратуру Беранжэ (1780–1857), творы якога В. Каратынскі з У. Сыракомлем пераклалі на польскую мову і выдалі ў Вільні ў 1859 г.

Па сутнасці, жанр “песні” ўзнік ад судакранання кніжнай паэзіі і вуснай народнай творчасці. Як і ў народнай песні, у вершы “Уставайма, братцы!..” няма аналітычнай дэталізацыі і канкрэтызацыі: размова ідзе не пра сялянскі надзел, а пра ўсю “матку-зямліцу”, гаворыцца не пра клопаты нейкай асобы, а пра праблемы ўсёй “грамады”.

           Гдзе яго прымем? Чорна святліца,

           Залатых тканак не судзіў нам Бог.

           Што наймілейша – то матка-зямліца,

           Жоўты пясочак на яе палёг (С. 12).

Пастаўленая аўтарам задача (прыняць высокага госця), якая патрабуе неадкладнага вырашэння, як не дзіўна, вельмі ж нагадвае, бадай, ці не аналагічную, адлюстраваную ў жартоўнай песні “Вялічка ідзець – нечага надзець”. У вершы В. Каратынскага спецыфічным чынам апрацавана вобразнасць калядных і валачобных песень, з іх абавязковым узвелічэннем гаспадара, выяўлена роднасная і не аддзеленая яшчэ ад прыроды маштабнасць сялянскага светабачання. Зусім невыпадкова жыццядайнае сонца ў поўнай згодзе з міфа-паэтычнымі ўяўленнямі выступае ў абліччы царскага боства, да якога ў рэфрэне і звяртаюцца “братцы” з просьбамі, – “прывесці дзень”, “сказаць, што рабіць”, “падабраць расу”, “разагнаць туман”. Паэтычнае ўспрыняцце прыроды і чалавека ў творы настолькі звязана з народным светапоглядам, што здымае тыповую ў літаратурнай паэзіі ўмоўнасць эпітэтаў і параўнанняў.

                                   І наша сонца да нас прыбывае,

                                   Дабро і шчасце рассявае ён…

                                   Здароў будзь, велькі Гаспадару края!

                                   Здароў будзь, соўнейка! Паклон! О паклон! (С. 13)

В. Каратынскі пайшоў значна далей за Я. Чачота па шляху стылізацыі пад фальклор, бо напісаў верш у духу народнай песні, але ў той жа час ажывіў застылы ў народнай творчасці традыцыйны вобраз і трансфармаваў рэфрэн, кожны раз надаючы яму новыя сэнсавыя адценні. Як паэта-песенніка ўспрымалі В. Каратынскага і сучаснікі. У сувязі з яго вершамі невядомы аўтар тонка заўважыў у 1856 г. у “Gazecie Warszawskiej”, што не было “яшчэ таленавітых працаўнікоў, якія патрапілі б падхапіць настрой народнай песні… і развіць на яго аснове ўласны талент”[6].

Верш “Далібог-то, Арцім…” быў упісаны В. Каратынскім у “Альбом” А. Вярыгі-Дарэўскага 23 кастрычніка 1858 г. Гэта паэтычны зварот да сабрата па пяру з нагоды яго прыезду ў Вільню. Цікава, што паэт у ім параўноўваецца з сяўцом.

Ну, здароў будзь, Дудар!

Цяпер песні нам сей,

То і ўзыдуць жывей,

То і пусцяць пышы –

Будзе хлеб для душы. (С. 15)

Місія тагачаснага беларускага паэта, па В. Каратынскаму, – гэта, верагодна, місія песенніка, а не проста музыкі-дудара. “Далібог-то, Арцім…” уяўляе каштоўнасць не столькі ў эстэтычным плане, колькі з пункту гледжання зместу: гэты альбомны верш з’яўляецца, бадай, ці не адзінай крыніцай, паводле якой мы можам, хаця б у вельмі агульных рысах, меркаваць пра тэматыку, праблематыку, ідэйную скіраванасць і вобразнасць твораў А. Вярыгі-Дарэўскага.

Будзе пець мужыком

Аб Язуску святом,

Аб матульцы святой,

Аб зямліцы радной,

Аб сардэчных палёх,

Аб мужыцкіх панох,

Аб суддзях, што як змей,

Аб свабодзе людзей,

Аб дабры, што Бог дасць,

Як адрыне напасць! (С. 14)

Хрысціянская тэматыка, патрыятызм і сентыментальная любоў да родных палеткаў, ідэі сацыяльнага салідарызму, або так званае хлапаманства, выкрыццё судовага чыноўніцтва, услаўленне свабоды, будучая лепшая доля – вось пра што, відаць, апавядалася ў Вярыгавых творах, адрасатам для якіх быў беларускі селянін.

У той час як В. Дунін-Марцінкевіч і А. Вярыга-Дарэўскі ў беларускай творчасці – эпікі, В. Каратынскі – лірык. У гэтым пераконвае элегія “Туга на чужой старане”, адзін з самых неардынарных твораў беларускай паэзіі ХІХ ст. У апошнія дзесяцігоддзі пашырылася наступнае меркаванне, найбольш яскрава выкладзенае ў “Гісторыі беларускай літаратуры” А. Лойкі: “Верш стаў глыбокім выражэннем перажыванняў паўстанцаў, закутых у кайданы і адпраўленых у Сібір на катаргу, а таксама людзей, што пасля паўстання вымушаны былі эміграваць за мяжу, і ўвогуле ўсіх тых, хто глыбока перажываў горыч паражэння ў барацьбе з царызмам”[7]. Г. Кісялёў пайшоў яшчэ далей у адмаўленні індывідуальнага пачатку ў вершы: “10 студзеня 1864 года, калі Клімовіч (сябра В. Каратынскага і аўтар музыкі на верш. – І. З.) сядзеў у Мінскай турме, В. Каратынскі піша сваю элегію “Туга на чужой старонцы”. У гэтым творы ён выказаўся не столькі за сябе, хоць і ён сумаваў у Вільні, а пасля ў Варшаве па родных навагрудскіх палетках, колькі ад імя паўстанцаў Каліноўскага, якіх саджалі ў турмы, гналі на чужыну. Што быў яго асабісты сум у параўнанні з чорнаю бядою гэтых людзей? Хутчэй за ўсё элегія мела і свайго канкрэтнага адрасата – Клімовіча. Відаць, менавіта для свайго прыяцеля і земляка В. Каратынскі зноў узяў у рукі беларускую ліру. І зрабіў так, каб элегія дайшла да адрасата. Калі Клімовіч стварыў музыку на верш, напісаны пасля яго арышту, значыць, В. Каратынскі падтрымліваў сувязі са сваім прыяцелем, калі той быў за турэмнымі кратамі або пазней у ссылцы. Вядома, што арыгінал верша і нотаў элегіі знаходзіўся ў рэдакцыі “Нашай нівы”. Выходзіць, Клімовіч здолеў пераслаць гэтыя рукапісы сябрам з турмы або ссылкі. Першае менш верагодна, бо ці былі ў вязня ў турме ўмовы, каб нават запісаць мелодыю. Ці вярнуўся Клімовіч з Сібіры на Беларусь – невядома”[8]. Можа сапраўды ўсё было менавіта так?

Імкненне растлумачыць канкрэтны мастацкі твор, сыходзячы пераважна з фактаў біяграфіі і псіхалогіі яго аўтара, не заўсёды прыводзіць да станоўчага выніку. Ва ўсякім выпадку, сам змест элегіі падстаў для такіх трактовак не дае: у тэксце ніякім чынам не адлюстравалася нацыянальна-вызваленчая праблематыка, нават у алегарычнай форме. З паўстаннем верш звязвае толькі інфармацыя, якая сыходзіла ад рэдакцыі “Нашай нівы”, дзе пасля першапублікацыі твора ў № 49–50 за 1912 г. было пазначана “10 студзеня 1864 г.” і прыводзілася наступная прыпіска – “Да гэтага верша В. Каратынскага напісаў музыку селянін з Наваградскага павета Вінцэсь Клімовіч. Музыку В. Клімовіч пасвячае п. Машчынскаму “на памятку”. Арыгінал верша і нотаў знаходзіцца ў рэдакцыі “Н. Н.” Зрэшты, ці была гэта дата, якая выклікала столькі цяжкасцей у лагічных развагах Г. Кісялёва, сапраўдным часам напісання твора? Можа, элегія і музыка да яе ўзніклі на пяць-шэсць гадоў раней, калі В. Каратынскі і В. Клімовіч мелі агульныя справы, што засведчана дакументальна[9]? Выраз “на памятку” падказвае, што 10 студзеня 1864 года – гэта ўсяго толькі дзень, калі В. Клімовіч перапісаў тэкст верша і ноты для таварыша па няволі Машчынскага, якому з нейкай нагоды і прысвяціў уласную мелодыю. У такім выпадку, можна спрачацца, калі напісана музыка (у гэты дзень ці раней), але датаваць верш гэтым днём ужо ніяк не выпадае. Чаму такая катэгарычная выснова?

В. Каратынскі працаваў тады ў Вільні ў рэдакцыі цалкам зрусіфікаванай Мураўёвым-вешальнікам газеты “Виленский вестник”, знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам, бо на яго падала падазрэнне ў напісанні антыўрадавых беларускамоўных твораў. І ў тых вельмі датклівых умовах мураўёўскага тэрору пісаць беларускі верш і тым больш перасылаць яго ў Мінск, у вязніцу, сябру-інсургенту было вельмі рызыкоўна. Не падобна, каб В. Каратынскі з’яўляўся настолькі неабачлівым, ён, безумоўна, не быў прыхільнікам безразважнай самаахвярнасці, што і дазволіла яму пазбегчы рэпрэсій. У сувязі з гэтым дарэчы прыгадаць надпіс-дэвіз на пячатцы Літоўскага правінцыйнага камітэта – “Адвага–Развага”. Калі ў першай палове 1863 г. любы подзвіг быў “запатрабаваны”, бо яшчэ жыла надзея на перамогу, цеплілася спадзяванне на дапамогу заходніх дзяржаў, то пазней, і асабліва ў 1864 г., задача фармулявалася элементарна проста – пазбегчы рэпрэсій, насуперак жаданням ворагаў застацца ў краі. Нават нязломны Кастусь Каліноўскі прызнаваў, што ў чэрвені 1863 г. “паўстання на Літве ўжо няма, а калі ёсць нешта, то хіба перадсмяротныя яго сутаргі”[10]. І яшчэ адзін момант, які нельга не ўлічваць, – сямейнае становішча. В. Клімовіч меў неўладкаваных малодшых братоў і сясцёр (за што ён дужа перажываў), але не паспеў стварыць уласнай сям’і, у В. Каратынскага ж была маладая жонка з малым сынам, не клапаціцца пра будучыню якіх ён не меў маральнага права. Аўтар “Тамілы” не быў героем валенрадычнага тыпу. Пачуццё адказнасці і цвярозы сялянскі рацыяналізм у многім вызначалі яго жыццёвую пазіцыю. Нарэшце, толькі таму, што адпаведны дакумент, які знаходзіўся ў рэдакцыі “Нашай нівы”, не захаваўся, заўважым: з уласнага вопыту працы з рукапісамі ведаем, што ў лістах лічба 59 лёгка можа быць расчытана як 64.

Думку, што элегія была напісана да паўстання, выказваў і У. Мархель, укладальнік і каментатар выданняў творчай спадчыны В. Каратынскага. Слушнасць яго меркавання ўзяў пад сумненне Г. Кісялёў у кнізе “Ад Чачота да Багушэвіча” (1993): ”З датай 1864 г. верш змешчаны ў хрэстаматыі 1971 і 1988 гг. (маюцца на ўвазе вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ. – І. З.). У. Мархель у каментарыях да “Твораў” В. Каратынскага пярэчыць: “Дата ўзнікнення верша (1864), прынятая гісторыкамі літаратуры, відаць, не адпавядае праўдзе: на музыку твор мог быць пакладзены Клімовічам да 1864 г., бо 5 сакавіка 1863 г. кампазітар быў арыштаваны і знаходзіўся пад следствам да 21 чэрвеня 1864 г., пасля чаго яго саслалі на пасяленне ў Сібір” (Каратынскі В. Творы. Мн., 1981. С. 159). Такім чынам, У. Мархель мяркуе, што верш узнік яшчэ да вясны 1863 г., гэта значыць, да пачатку масавага паўстання на Беларусі і Літве. Гэтыя пярэчанні здаюцца нам непераканаўчымі. Усёй сваёй танальнасцю верш надзвычай звязаны з атмасферай мураўёўскіх рэпрэсій 1863–1864 гг. А. Мальдзіс слушна адзначыў: “На наш погляд, “Тугу на чужой старане” не абавязкова звязваць з нейкім канкрэтным момантам у біяграфіі аўтара. У 1864 годзе, пасля паражэння паўстання, у сібірскую ссылку адпраўляліся тысячы і тысячы патрыётаў. І магчыма, словы жальбы-тугі па роднай “зямельцы” паэт укладвае ў вусны аднаго з іх”. Як пішуць каментатары хрэстаматыі 1971 і 1988 гг., у вершы “надзвычай яскрава выяўлены сум чалавека, насільна адарванага ад родных мясцін. Відаць, гэты чалавек – удзельнік нядаўняга паўстання 1863 г.” Магчыма, верш меў якраз канкрэтнага адрасата – Клімовіча. В. Каратынскі, мабыць, знайшоў спосаб пераслаць сваю журботную элегію ў турму, дзе Клімовіч і паклаў гэтыя словы на музыку”[11]. Як можна пераканацца, бадай, адным з галоўных аргументаў у матывацыі Г. Кісялёва выступае такі не зусім важкі “козыр” як “танальнасць” верша.

М. Дабралюбаў у 1860 г., задоўга да паўстання, пісаў пра настраёвасць ці танальнасць творчасці Т. Шаўчэнкі: “Увогуле спакойны сум, не падобны ні на бясплодную тугу нашых рамантычных герояў, ні на горкі адчай, заліваны часта разгулам, але тым не менш цяжкі і сціскаючы сэрца, складае сталы элемент вершаў Шаўчэнкі. Як увогуле ў маларасійскай паэзіі, сум гэты мае сузіральны характар, пераходзіць часта ў пытанне, у думу. Але гэта не рэфлексія, гэта рух не галаўны, а той, што непасрэдна выліваецца з сэрца. Таму ён не ахалоджвае цеплыні пачуцця, не аслабляе яго, а толькі робіць яго больш усвядомленым, ясным – і таму, вядома, яшчэ больш цяжкім”[12]. Такая ацэнка ў многім стасуецца не толькі да элегіі В. Каратынскага, але і да яго творчай спадчыны ўвогуле. В. Каратынскі-паэт – рамантык. Гэты тэзіс аспрэчваць можна, але сёння ўжо падобная спроба выглядала б бесперспектыўна. Што канкрэтна датычыць жанру элегіі, які якраз і перажыў свой росквіт у перыяд рамантызму? У якой яшчэ танальнасці можна выразіць тугу, адчай, смутак, збянтэжанасць, расчараванне, горыч і г. д.? “Але відавочна і тое, – прыходзіць да высновы ў заключэнні сваёй манаграфіі Л. Фрызман, даследчык рускай элегіі, – што ёсць тэмы, да якіх аўтары элегій, напісаных у розныя эпохі, звярталіся настолькі часта, што традыцыя замацавала за імі назву элегічных. Таму гісторыя элегіі ўяўляе сабой у нейкай ступені і гісторыю пэўных тэм у паэзіі, і адпаведных ім вобразных структур, выяўленчых сродкаў мовы і стылю”[13]. Настальгію і сум па маладосці, якія і складаюць тэматычны пласт верша В. Каратынскага, з поўным правам можна аднесці да кананічна-элегічных.

На нашу думку, не горыч з прычыны паражэння паўстання, а сам зварот да жанру элегіі, узнятага рамантыкамі на небывалую дагэтуль па папулярнасці вышыню, абумовіў танальнасць твора. Нам таксама падаецца, што элегія – не тая форма, дзе аўтар лёгка можа дыстанцыравацца ад свайго лірычнага героя, выражаць чыесьці, а не ўласныя перажыванні. Аднак пакінем пакуль у спакоі творчую гісторыю верша і ўважліва зірнем (аналітычным вокам) на яго тэкст: на яго ўнутраную структуру, прынцыпы яе арганізацыі, асаблівасці паэтычнай вобразнасці. Можа гэта дасць нейкія новыя падставы для фармальна-стылістычнага яго тлумачэння, дазволіць прапанаваць іншыя схемы сувязей зместу і пафасу верша з вядомымі на сёння фактамі біяграфіі аўтара.

“Туга на чужой старане” – гэта шчымлівы маналог лірычнага героя. Арыгінальнасць аўтара ў раскрыцці стандартнай тэмы выявілася найперш у выкарыстанні цікавых кампазіцыйных прыёмаў і ўскладненай пабудове твора. Блізкі да фальклорнай паэтыкі зачын верша як элемент паэтычнай экспазіцыі адразу вызначае эмацыянальную афарбоўку і танальнасць:

Ой, саколка, ой, галубка!

Не пытайся, не, –

Што мне тошна, мая любка,

У гэтай старане… (С. 16)

Тут сумяшчаюцца пяшчотны зварот да любай, каханай жанчыны і пастаноўка рытарычнага пытання, якое, уласна кажучы, лірычны герой задае сам сабе. Ён жа на яго і дае адказ і тым самым акрэслівае зыходную сітуацыю:

Я ж зямліцу меў радную,

Быў свабодзен сам!

Ой, ці днюю, ці начую –

Я ўсё там ды там! (С. 16)

У наступным катрэне як “спружыну” своеасаблівай інтрыгі можна разглядаць абстрактную антытэзу, ускладненую акалічнасцю месца.

Там гукнеш у сардэчным краю –

Разлягнецца свет.

Тут гукаю, прамаўляю –

Адгалоску нет. (С. 16)

Далей ідзе разгортванне тэмы, якое, у сваю чаргу, выразна падзяляецца на дзве часткі і пабудавана на характэрных проціпастаўленнях не толькі месца, але і часу: там (у вёсцы) і тут (у горадзе), тады (у маладосці) і цяпер (у сталым веку). З аднаго боку, лірычны герой, канкрэтызуючы, што такое “там”, малюе ідылічную карціну шчаслівага маладога жыцця на ўлонні вясковай прыроды, а, з другога, апісвае сваю трагічную адзіноту і безвыходнасць “тут”, у горадзе. Такім чынам, верш будуецца на тыповым для элегічнай паэзіі разгорнутым параўнанні са зменай часавых планаў (мінулага і цяперашняга).

Адзінае магчымае выйсце з “беспрасветнага” становішча, якое перажываецца на эмацыянальным узроўні, фармулюецца ў заключным чатырохрадкоўі, дзе лірычны герой зноў звяртаецца да каханай з рытарычным пытаннем і просіць яе дапамагчы яму вярнуцца ў вёску:

Сакалочка, галубочка!

Хочаш мне памоч?

Дай маё мне, дай сялочка –

Туга пойдзе проч. (С. 18)

Акрамя “я” лірычнага героя ў вершы яшчэ ёсць “мы” і “яны”, што дапамагае канкрэтызаваць намаляваную сітуацыю, за рэфлексіяй убачыць і нейкі рэальны жыццёвы “кантэкст”. “Мы” – гэта каханая і герой, які хоча пераканаць яе, што чужая старана як яму, так і ім (“ды не будзе нам” (С. 17), а г. зн. і ёй, не стане роднаю. “Яны” ж фігуруюць у наступных радках:

Адарвалі сіраціну

Ад сваёй зямлі,

Даўшы розум, хараміну,

Шчасця не далі…

Я не смею прытуліцца

Ні к яму, ні к ёй:

Хараміна – чужаніца,

Розум – вораг мой. (С. 17)

Рамантыкі прапагандавалі эмацыянальнае мастацтва, рашуча адмаўлялі ідэі асветнікаў, лічылі розум крыніцай усіх бедаў і зла, спадзяваліся больш на “голас сэрца”, сумленне, інтуіцыю, што яскрава адлюстравана ў міцкевічаўскай баладзе “Рамантычнасць”. Відавочна, што ў элегіі В. Каратынскага “яны”, па волі якіх герой пакінуў родны край, не ворагі, а хутчэй дабрадзеі. Не па іх віне, а з-за ўласнага розуму ён перажывае душэўны разлад, карані якога, аказваецца, хаваюцца ў маленстве:

Бо пры люлі родна маці

Мне не пела дум;

Ў чыстым полі, для дзіцяці,

Граў мне ветру шум. (С. 17)

Далёка не сёння склалася меркаванне, што элегія – гэта твор, прысвечаны аўтарам самому сабе, што лірычнае “я” з’яўляецца суб’ектам мастацкага пазнання. І “Туга на чужой старане” мае аўтабіяграфічны характар. В. Каратынскі зазнаў сірочай долі, зведаў і радасці маладосці, не па сваёй ахвоце ў 1853 г. пакінуў ён роднае Панямонне і трапіў на Віленшчыну. Гэта быў выбар У. Сыракомлі, якому аўтар “Тамілы” сапраўды быў многім абавязаны. Не гараджанкаю, а родам з Ашмяншчыны была шляхцянка Станіслава Якубовіч, пасля шлюбу з якою ў 1859 г. В. Каратынскі пераехаў з Барэйкаўшчыны ў віленскае прадмесце Папоўшчына. Ці не да яе так ласкава – “мая любка” – звяртаўся паэт у вершы? Што датычыць равесніка і верагоднага адрасата верша Вінцэся Клімовіча, то ён паходзіў з сялян, але быў чалавекам высокай культуры і інтэлекту. Працуючы на Наваградчыне валасным пісарам, гэты таленавіты музыка і кампазітар з-за свайго паходжання часта цярпеў “незаслужаную знявагу і ўціск” і, безумоўна, нудзіўся ў затхлай правінцыйнай атмасферы, сатырычна намаляванай у безлічы тагачасных твораў. Напэўна, з В. Каратынскім іх лучылі шчырыя адносіны, і “Туга на чужой старане” магла быць своеасаблівай перасцярогай таварышу, мараллю: беднаму, хаця і разумнаму селяніну аднолькава цяжка як у вёсцы, так і ў горадзе, “горкая доля” не пакіне яго нідзе.

М. Гарэцкі ў свой час пісаў адносна элегіі В. Каратынскага: “Тут не чуецца кніжнасці, тут павявае прыемным пахам творчасці самога народа”[14]. Нельга цалкам пагадзіцца з такім меркаваннем. Ужо адзначалася даследчыкамі, што падобныя па зместу вершы ёсць у Беранжэ[15]. І сапраўды, мы сутыкаемся з вельмі рэдкім у нашай літаратуры ХІХ ст. прыкладам французска-беларускага літаратурнага ўзаемадзеяння. Элегію В. Каратынскага можна разглядаць як варыяцыю ці тэматычную парафразу верша Беранжэ “Туга па радзіме” (“La nostalgie”). Вось пачатковая і заключная актавы з верша Беранжэ ў перакладзе на рускую мову А. Мушнікавай:

Сказали вы: В Париж, пастух весёлый,

Иди, отдайся жизни парижан!

Театры наши, золото и школы

Тебе заменят песенки полян.

И вот я здесь; что испытал – не скрою:

Не раз мой май был бурей опалён. –

Ах! возвратите мне село родное

И гору, где я был рождён!

                      *   *   *

Что слышу я? О, небо! Бьют набаты:

Мне говорят: в путь завтра, чуть рассвет!

Пусть родина тебе вернёт утраты,

А солнце юности – твой вешний цвет.

Прости, Париж! Здесь в сладком упоеньи

Пришлец застыл, как будто пригвождён.

Ах! я вернусь, вернусь в своё селенье

И к той горе, где был рождён![16]

Можна пераканацца, што, узяўшы толькі ідэйна-тэматычны аспект з французскага верша (туга былога вяскоўца ў горадзе па сялу), В. Каратынскі надаў свайму твору іншую (больш элегічную) танальнасць, напоўніў яго новым каларытам, не перадаючы стылістычных асаблівасцяў і строфіку верша Беранжэ, прапанаваў і адметную трактоўку вобразаў. Беларускі паэт творча падышоў да французскага тэкста, не пераклаў яго, а, толькі запазычыўшы тэму, змяніў многія элементы – кампазіцыйныя блокі, сюжэтную канву і ўвогуле мастацкія асаблівасці крыніцы. Але як у Беранжэ, так і ў В. Каратынскага родная старана – гэта вёска, а чужая – гэта не іншая краіна, а горад. Хаця значэнне прапанаваных наватарскіх прыёмаў у раскрыцці класічнай тэмы вельмі вялікае, у элегічнай песні В. Каратынскага рэльефна праявіўся ўплыў мастацкіх традыцый. Узаемадзеянне засвоеных аўтарам здабыткаў розных літаратур (польскай, французскай, рускай і інш.) гарманічна спалучана ў творы з арыгінальнымі і нацыянальна-адметнымі рашэннямі як у вобразнай структуры, так і ў выяўленчых сродках. У гэтым бачыцца непаўторная індывідуальнасць творчага аблічча В. Каратынскага, якога няма з кім параўнаць сярод беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст. па глыбіні перадачы лірычных пачуццяў. В. Каратынскі ўпершыню ў беларускай літаратуры закрануў тэму “сена на асфальце”. Толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў Ф. Багушэвіч напіша: “Не люблю я места (па-расейску – горад). // Надта там цяснота і вялікі сморад”. Яшчэ пазней, у 60–80-я г. ХХ ст., гэты матыў стане, бадай, вядучым у нашай паэзіі.

У 1859 г. В. Каратынскі, прызнаючыся, што дыдактычнай паэзіі не разумее (ці не каменьчык у агарод В. Дуніна-Марцінкевіча?), тым не менш выдаў вершаваны польскамоўны памфлет “Выпіў Куба да Якуба”, скіраваны супраць п’янства. У далейшым ён з беларускімі вершамі публічна не выступаў ніколі, а з польскімі вельмі ж рэдка. Што прымусіла яго заняцца амаль выключна журналістыкай і адкласці ў бок сваё таленавітае мастацкае пяро? Напэўна, была не абы-якая прычына?

У навуковай літаратуры, прысвечанай перыпетыям грамадскага і культурнага жыцця краю ў перыяд, які непасрэдна папярэднічаў правядзенню сялянскай рэформы, амаль заўсёды згадваецца пра адносіны розных асобаў да так званага “Віленскага альбома”, ці зборніка матэрыялаў пад назвай “В память пребывания государя императора Александра ІІ в Вильне 6 и 7 сентября 1858 года”. Пэўны час адносіны гэтыя з’яўляліся крытэрыем для вызначэння “ступені дэмакратызму” і праводзілі выразную мяжу паміж рэвалюцыянерамі, лібераламі і кансерватарамі. Між тым, хаця яшчэ А. Цьвікевіч разглядаў сітуацыю вакол “Альбома” як “мала даследаваны эпізод”[17] у гісторыі мінулага стагоддзя, тэмай гэтай ніхто не займаўся і па сённяшні дзень. Праўда, пабуджэнні кола віленскіх літаратараў і навукоўцаў, якія бралі ўдзел у складанні і падачы імператару зборніка, пранікліва былі названы А. Мальдзісам супярэчлівым тактычным ходам[18], што ў многім адпавядае ісціне. Але ўвогуле пытанні, звязаныя як з самім “Альбомам”, так і з запозненай кампаніяй супраць яго ў львоўскай і парыжскай эмігранцкай прэсе, застаюцца адкрытымі.

Што абумовіла з’яўленне такога выдання? У Вільні ў 1855 г. па ініцыятыве Я. Тышкевіча пры Музеі старажытнасцяў была створана часовая Віленская археалагічная камісія, у склад якой уваходзілі лепшыя навуковыя сілы тагачаснай Беларусі і Літвы, у тым ліку браты Тышкевічы, М. Балінскі, Т. Нарбут, А. Кіркор, У. Сыракомля, Ю. Крашэўскі і іншыя. За тры гады існавання камісіі няспынна ўзрастала колькасць яе членаў, якія шмат зрабілі ў справе вывучэння мінулага роднага краю, а таксама назапасілі багаты фактычны матэрыял, звязаны з прыродазнаўчымі навукамі. Калі ў 1858 г. членам камісіі стаў В. Каратынскі, гэтае “аб’яднанне аматараў” ужо валодала значным навуковым патэнцыялам, што, па меркаванні многіх з іх, магло быць грунтам для дзейнасці адноўленага Віленскага універсітэта, зачыненага яшчэ ў 1832 г. Аб’яўлены прыезд у Вільню ў верасні 1858 г. імператара Аляксандра ІІ, манарха-рэфарматара, акружанага тады ўсеагульнай увагай, мог стаць зручным момантам для ўвасаблення смелай задумы ў жыццё, тым больш, што, аддаючы даніну модзе, ліберальна-асветніцкія ініцыятывы падтрымліваў і тагачасны віленскі генерал-губернатар У. Назімаў. Але, каб дамагчыся дазволу на адкрыццё універсітэта, трэба было нейкім чынам “залагодзіць” імператара, прадэманстраваць сваю адданасць новаму расійскаму самаўладцы.

Зараз цяжка вызначыць дакладна, з якіх колаў ці ад якой прыватнай асобы сыходзіла сама ідэя падачы адраса. Вядома толькі, што праект выдання абмяркоўвалі на чэрвеньскім паседжанні Археалагічнай камісісіі, дзе, відаць, і былі названы аўтары, якія мусілі напісаць матэрыялы для “Альбома”. Першапачаткова ганаровы “абавязак” выпаў на долю А. Адынца, І. Ходзькі, А. Кіркора і М. Маліноўскага. 4 жніўня асноўны тэкст адраса атрымаў дазвол цэнзуры, пасля чаго яго аддрукавалі накладам у 100 асобнікаў. “Альбом” складаўся з напісаных па-польску верша-гімна А. Адынца “Прыйдзі царства божае” і невялікага празаічнага твора І. Ходзькі, краязнаўчай працы А. Кіркора “Историко-статистические очерки города Вильно”, якая склала большую частку кнігі, і кароткага эканамічнага нарыса М. Маліноўскага на французскай мове “Літва пасля ўзыходжання на трон яго вялікасці імператара Аляксандра ІІ”. Большасць матэрыялаў мела адкрыта тэндэнцыйны характар, што зразумела, калі ўлічваць задачу, якую ставілі перад сабой выдаўцы, – як мага яскравей, у патэтычных формах, прадэманстраваць імператару адданасць трону жыхароў Паўночна-Заходняга краю. Што і зрабілі адпаведным чынам. Аднак сам набор эпітэтаў, якімі ўквечвалася імя манарха, ступень яго ўзвелічэння яўна даюць падставы для сумнення ў шчырасці падобных усхваленняў. А шматлікія факты пазнейшага часу сведчаць пра іншае – шчырымі былі толькі спадзяванні на пазітыўныя перамены, на магчымасць такім чынам дамагчыся пэўных прывілеяў, з дапамогай якіх можна было б палепшыць гаротнае становішча заходніх губерняў як у культурным, так і ў эканамічным плане. Вядома, што менавіта гэтыя акалічнасці меў на ўвазе У. Сыракомля ў радках падцэнзурнага верша “Сахар-мароз” (1859):

І паэты

У свае буклеты

Сыпнулі слоўцаў вясенніх стос;

Дурні, хто верыць

У іх шчырасць бяз меры!

Сахар-Мароз! (пераклад з польскай наш. – І. З.)

Дадатак да “Альбома” меў выгляд брашуры і складаўся са змешчанага ананімна верша на літоўскай мове М. Акялевіча і беларускай “песні” “Уставайма, братцы…” В. Каратынскага, які, на сваю бяду, не хаваў аўтарства. Яго надрукавалі на 11 старонках паралельна кірылічным і лацінскім шрыфтам пазней за асноўны тэкст, недзе ў другой палове жніўня 1858 г., прыклалі да “Альбома” і ў такім выглядзе падалі імператару ў час агляду ім экспанатаў Музея старажытнасцяў. Невядома, ці чытаў самаўладца тэксты, змешчаныя ў адрасе, ці звярнуў увагу на дадатак, урэшце, гэта не галоўнае. Істотна тое, што ў канцы 50-х гг. ХІХ ст. мастацкія творы на беларускай і літоўскай мовах былі пастаўлены поруч з тэкстамі, надрукаванымі па-польску, руску і французску. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак: з часоў “Прамовы Мялешкі” і “Ліста да Абуховіча” беларускай мовы, бадай, не было чуваць на сеймах Рэчы Паспалітай, і ніколі яна не гучала ў вышэйшых дзяржаўных установах Расійскай імперыі. І вось пасля доўгага “маўчання” імператару Расіі падаецца беларускі верш, прыкладзегы да зборніка, над якім, па меркаванні эмігранцкіх крытыкаў, “вісеў” цень Вялікага Княства Літоўскага, якое для польскіх патрыётаў “належала толькі мёртвай гісторыі”[19]. Для нас, нашчадкаў, найперш павінна мець значэнне унікальнасць самога гістарычнага факта: мова беларусаў выводзілася з-пад сялянскіх стрэхаў у высокі афіцыйны свет, што рэзанансам адазвалася ў далёкім Парыжы і Львове (Аўстра-Венгрыя). Далучэнне да “Альбома” твораў на беларускай і літоўскай мовах – гэта ключ да разумення сутнасці запаволеных адраджэнскіх працэсаў, якія праходзілі ў асяроддзі мясцовай інтэлігенцыі ў перыяд так званых “вялікіх рэформаў”.

Віленскае насельніцтва, як, дарэчы, і жыхары іншых гарадоў імперыі, напрыклад, Мінска, Варшавы і інш., сустрэла новага цара з эйфарыяй, шляхта арганізавала грандыёзны баль, “Альбом” быў пададзены, але ўсе спадзяванні не спраўдзіліся – Аляксандр ІІ пацвердзіў толькі дазвол на існаванне музея і археалагічнай камісіі.

Ю. Трацяк, выдавец успамінаў М. Маліноўскага, так пісаў у пачатку ХХ ст.: “Непасрэдна пасля з’яўлення “Віленскага альбома” пачалася італьянская вайна пад дэвізам аб’яднання і незалежнасці Італіі і ўвянчалася неспадзяваным поспехам, што зрабіла вялікі ўплыў на рост нашых патрыятычных надзей, няспраўджаных пасля Крымскай вайны. Найцяжэйшыя ўдары, якія абрынуліся на выдаўцоў “Віленскага альбома” ў брашуры Клячкі (“Адступнікі”) і ў “Лістах з-пад Львова” Уейскага паходзілі ўжо з перыяду паднятых італьянскай вайной патрыятычных надзей”[20]. І сапраўды, калі не лічыць невялікага артыкула “Прыйдзі царства божае”, прысвечанага разбору верша А. Адынца ў гонар Аляксандра ІІ (“Przegląd Rzeczy Polskich”, снежань 1858 г.), які з’явіўся неўзабаве пасля падачы “Альбома”, кампанія супраць яго аўтараў распачалася ў эмігранцкай прэсе ўвесну 1860 г., г. зн. праз паўтара года пасля візіту імператара.

Польскамоўныя эмігранцкія выданні цяжка даступныя для нашых даследчыкаў, таму яны ў нас амаль невядомыя, хаця на іх старонках ёсць шмат цікавых матэрыялаў, звязаных з Беларуссю. Так, парыжскія "Wiadomości Polskie” 3 сакавіка 1860 г. змясцілі вялікі артыкул Ю. Клячкі “Адступнікі”, які выдалі неўзабаве і асобнай брашурай. У ёй разглядаліся толькі матэрыялы “Альбома” (без дадатка). Ю. Клячку вывела з раўнавагі, што “прадстаўнікі інтэлектуальнай Літвы здзейснілі акт духоўнага адарвання яе (Літвы. – І. З.) ад Польшчы і зліцця з Расіяй”[21]. Гэта, на яго думку, выявілася і ў тым, што яны замкнуліся на Літве, культывуюць правінцыялізм шляхам прапаганды любові да мясцовых паэтаў і пісьменнікаў, рэанімуюць цень Вялікага Княства Літоўскага, развіваюць славянафільскія ідэі, а падобныя крокі, як лічыць аўтар, з’яўляюцца злачынствам супраць Польшчы. У сакавіцкім нумары “Przeglądu Rzeczy Polskich” (таксама выдаваўся ў сталіцы Францыі) за 1860 г. змешчаны два артыкулы, звязаныя з віленскімі выданнямі. Першы, пад назвай “Віленскі альбом”, меў падзагаловак “Карэспандэнцыя з Беластоку, 15 жніўня 1859 года” і быў прысвечаны скрупулёзнаму разбору (на 35 старонках) і жорсткай крытыцы матэрыялаў, змешчаных як у адрасе, так і ў дадатку да яго. Аўтарам гэтага ананімна апублікаванага артыкула быў віленец В. Тамашэвіч, які з 1858 г. жыў у Парыжы.

Разглядаючы дадатак, В. Тамашэвіч пачынае з празаічнага пераказу літоўскага верша, але паколькі імя аўтара не было вядома, то свой крытычны пафас ён скіроўвае супраць В. Каратынскага і зазначае: “Тут ужо аўтар “Тамілы” выступае пад сваім прозвішчам. Трэба дзівіцца яго грамадзянскай смеласці… Пададзім у скарачэнні, аб чым спявае п. Каратынскі ад імя сялянскай беларускай грамады, і для ўзору яго спадлелай музы працытуем пачатковую страфу”[22]. Затым крытык задае шэраг рытарычных пытанняў: “Па якому праву пан Каратынскі становіцца выразнікам нібы нейкай удзячнасці беларускага народа за неатрыманыя ад цара ласкі? Можа таму, што сам паходзіць з народа? Ці можа замена сярмягі на сурдут так прынізіла і заадно зрабіла такім дзёрзкім шматабяцаўшага паэта?”[23]. В. Тамашэвіч, не аналізуючы верш, называе яго “прафанацыяй паэзіі”, а ў В. Каратынскім бачыць “бяздарнага аўтара песні з паклонам”, і крытэрыем для такой ацэнкі служыць у першую чаргу тое, каму гэты твор быў прысвечаны. ”Не хапае слоў, каб выказаць балючае абурэнне, якое абуджае ў нас адступніцтва п. Каратынскага, – працягвае ў скрусе аўтар, – калісьці мы марылі бачыць у ім будучага народнага трыбуна, бо ён, выйшаўшы з народа, ведае ўсе яго патрэбы, а заадно і крыўды, і вучыўся ён не на подлай руціне ўрадавай школы, а на ўзорных польскіх пісьменніках, ён хуткім крокам прайшоў пачатковыя ступені разумовага развіцця і, збратаўшыся з патрыятычнай літаратурай, здаецца, быў добрым Палякам (падкр. намі. – І. З.)…”[24]. У заключэнне В. Тамашэвіч задае пытанне, якое, на нашу думку, праяўляе сутнасць крытычнага пафасу, скіраванага як супраць верша В. Каратынскага, так у нечым і супраць астатніх матэрыялаў “Альбома”: “Ці можа беларуская песня будзе мець ужо іншае прызначэнне за песню польскую?”[25]

Відавочна, новай беларускай літаратуры адразу адмаўлялася ў праве мець сваё асобнае прызначэнне, бо яна, па меркаванні крытыка, павінна быць толькі рэгіянальным варыянтам літаратуры польскай. Калі беларускія літаратары не выступаюць з ідэямі, салідарнымі польскаму нацыянальна-вызваленчаму руху, не з’яўляюцца “добрымі палякамі”, то іх творы не маюць ніякай вартасці, больш таго, у такім выпадку адбываецца “страшнае адступніцтва”. Знішчальная ацэнка і яе шырокі розгалас, верагодна, і сталі прычынамі, па якіх В. Каратынскі пасля 1859 г. вельмі рэдка выступаў публічна з мастацкімі творамі на польскай мове і ніколі больш не выносіў на суд чытачоў плёну сваёй  беларускай музы. Салідарысцкія памкненні пераважнай большасці спаланізаванай краёвай шляхты не ішлі на карысць беларускай літаратуры. Таму варта не толькі гаварыць пра пазітыўны ўплыў польскай культуры на развіццё ў ХІХ ст. культуры беларускай, але і не забываць пра тое, што татальнае дамінаванне польскай культуры (а не асобныя яе прадстаўнікі) з’яўлялася адным з асноўных фактараў, які замінаў развіццю беларускай літаратуры.

Калі В. Тамашэвіч ананімна надрукаваў свой саркастычны “памфлет”, у Вільні пачалася падрыхтоўка літаратурнага зборніка “Па зярняці” “на карысць дайманага хваробай і нястачай працаўніка (В. Тамашэвіча. – І. З.)”[26], і ў гэтай працы бралі чынны ўдзел некаторыя крытыкаваныя ім аўтары. В. Каратынскі, напрыклад, напісаў прачулую прадмову “Валяр’ян Тамашэвіч: Пасмяротны ўспамін”, у якой засведчыў, што ў Вільні знаходзіўся ў блізкіх адносінах са сваім будучым парыжскім крытыкам.

У лісце да У. Сыракомлі ад 25 кастрычніка 1861 г. В. Каратынскі пісаў, што І. Ходзька “ва ўзаемаадносінах са сваімі сялянамі вылучаўся немалым уціскам” і ў сувязі з гэтым прасіў вясковага лірніка “падкарэкціраваць” ацэнкі ў артыкуле-некралогу. Аргументуючы сваю просьбу, В. Каратынскі адзначыў: “Няма нікога без “але”; чаму ж гэта “але” не павінна было паказаць дзюбку і з жыцця Ходзькі. Я не за чарненне яго памяці, хоць дзякуючы яго артыкулу ў кніжцы ў памяць бытнасці імп. Аляксандра ў Вільні я спатыкнуўся і напісаў надрукаванае тамсама antidotum (лац. – супрацьяддзе), за якое быў адхвастаны як апошні адступнік…” (С. 363). Цяпер зразумела, што пісьменнік меў на ўвазе крытычны артыкул Тамашэвіча ў парыжскім “Przeglądzie Rzeczy Polskich”. “Рэха з-над Сены” хутка даляцела да берагоў Віліі і моцна паўплывала на далейшы творчы лёс В. Каратынскага, які абвінавачваўся закардонным крытыкам не толькі ў “нацыянальным адступніцтве”, але, што істотней, і ў сацыяльнай “здрадзе” – у “д’ябальскай несумленнасці” ў адносінах да беларускага сялянства, ад імя якога паэт выступіў у вершы “Уставайма, братцы…”. Гэта быў самы балючы ўдар.

Несумненна, у крытычным запале В. Тамашэвіч, а ён быў чалавекам эксцэнтрычным і неўраўнаважаным, змяшаў усё з брудам і не імкнуўся дайсці да праўды. У змешчаным у “Альбоме” панегірыку І. Ходзькі “Шостае і сёмае верасня 1858 года ў Вільні”, супраць ідэй якога, па ўласным прызнанні, і падаў свой голас В. Каратынскі, сцвярджалася, што адносіны краёвага панства да сялян хутчэй нагадваюць “бацькоўскую апеку над дзецьмі, чым панскую ўладу над падданымі”[27]. У прыкладзеным да адраса вершы “Уставайма, братцы…”, пры ўсім яго алегарызме, намалявана карціна жабрачага і беспрасветнага становішча беларускага сялянства, якая сапраўды яўна кантраставала з запэўніваннямі І. Ходзькі.

Мы гаворым пра адметны і складаны перыяд у гісторыі нацыянальнага самапазнання. У той час факты, якія гаварылі пра самастойнае і слаўнае мінулае ВКЛ, пра росквіт беларускай культуры ў краі, зацята не прызнаваліся польскімі дзеячамі, прычым як левымі, так і правымі, бо Беларусь для іх была толькі інтэгральнай часткай Польшчы. Пра гэта сведчыць другі артыкул у “Przeglądzie Rzeczy Polskich”, у якім крытыкаваліся матэрыялы, змешчаныя ў першых нумарах віленскай газеты “Kurjer Wileński” за 1860 г. Асаблівае абурэнне ананімнага аўтара выклікаў рэдакцыйны артыкул, дзе згадвалася пра росквіт старажытнай беларускай літаратуры: “Гэты артыкул прасякнуты здрадай і хлуснёй ад пачатку і да канца: і сапраўды, чытаючы меркаванні, якія гучаць так дзіка і двухсэнсоўна, як тое, што літаратура гэтага краю (заходніх губерняў) у ХVІ ст. займала знакамітае месца, жах праймае душу і міжволі ўзнікае пытанне, ці гэта толькі шал глупства і памылковасці давёў да такой подласці, ці таксама пасля ападлення сэрца знікчэмнеў ужо і розум і страціў уяўленне пра ўласнае злачынства”[28]. Падобныя “крамольныя” думкі – гэта ні больш, ні менш як інтрыга Масквы, “антыпольская прапаганда”, “беспакаранае знеслаўленне найдаражэйшых скарбаў патрыятычных пачуццяў”. Парыжскія выданні па нелегальных каналах у значнай колькасці траплялі ў край, дзе карысталіся неверагоднай папулярнасцю ў моладзі. І В. Каратынскі, абсалютна незабяспечаны матэрыяльна мешчанін, разумеў няпэўнасць і хісткасць свайго сацыяльнага становішча і мусіў задумацца пра далейшы лёс, бо ў яго не было ўласнай Люцынкі або Стаек, як у В. Дуніна-Марцінкевіча ці А. Вярыгі-Дарэўскага, не было нават арандаванай Барэйкаўшчыны, як у У. Сыракомлі.

Малады і таленавіты віцебскі паэт Ялегі Вуль, упісваючы 23 сакавіка 1859 г. у “Альбом” А. Вярыгі-Дарэўскага верш “К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка”, з якога мы ўзялі эпіграф, не мог прадбачыць, што яго сумнае прароцтва спраўдзіцца, але не ў жыцці Вярыгі, а іншага беларускага пісьменніка – Вінцэся Каратынскага.

В. Каратынскі паступова становіцца прафесійным журналістам, як член рэдакцыі працуе ў альманаху “Teka Wileńska” (1857–1858) і газеце “Kurjer Wileński” (1860–1865), дасылае карэспандэнцыі ў польскія і рускія перыядычныя выданні, падтрымлівае сувязі з чэшскімі будзіцелямі. Лісты пісьменніка да А. Кіркора (1858) і У. Сыракомлі (1861) сведчаць, што ён ужо тады ў поўнай меры зведаў “чорную” журналісцкую працу. У гэты перыяд інтэнсіўна выпрацоўваецца яго самастойная эстэтычная пазіцыя, выкладзеная ў каментарыях да паэмы “Таміла”, пашыраецца кола сяброў і знаёмых, сярод іх В. Дунін-Марцінкевіч і А. Вярыга-Дарэўскі.

У духоўным развіцці В. Каратынскага, у фарміраванні яго як творцы асобая роля належыць літартурнаму гуртку А. Кіркора, які збіраўся ў кватэры віленскага рэдактара ў другой палове 50-х – пачатку 60-х гг. ХІХ ст. У 1884 г., апісваючы ў “Віленскіх успамінах” сталых наведвальнікаў сваіх вечарын, А. Кіркор намаляваў і такія эскізныя партрэты: “Вось той высокі хударлявы малады чалавек абаяльнай знешнасці – Вінцэнт Каратынскі, здольны паэт, выдатны працаўнік, які ўсяго дасягнуў самастойна. Той, што ідзе з ім побач, гэта Мікалай Акялевіч, вядомы пад іменем “Селяніна з Марыямпольскага павета”, адмысловы знаўца літоўскай мовы, ён піша па-польску і па-літоўску”[29]. Менавіта з М. Акялевічам, літоўскім асветнікам і аўтарам прыхільнай рэцэнзіі на першыя дзве часткі “Пана Тадэвуша” ў беларускім перакладзе В. Дуніна-Марцінкевіча, В. Каратынскага лучыла найбольш даверлівае і шчырае сяброўства. І прычына не толькі ў агульнасці паходжання (абодва сялянскія сыны), але і ў блізкасці творчых пазіцый, салідарнасці поглядаў на сацыяльныя, палітычныя і нацыянальныя пытанні. У 1859 г. у лісце, які цяпер захоўваецца ў Гістарычным архіве Літвы, М. Акялевіч прасіў А. Кіркора: “Будзь ласкавы, перадай Каратынскаму прыкладзены сюды верш. Гэта адказ на яго ладнюткі верш, напісаны для мяне ў Вільні. Адчуваю, што маё вершаванне вельмі слабое ў параўнанні з творам каханага Вінцуся. Няхай прабачыць мне яго недахопы і няхай зверне ўвагу на маё сэрца, з якім да яго прыходжу”[30].

Тады ж, у лютым 1859 г., М. Акялевіч пiсаў Ю.І. Крашэўскаму: “Заснавалiся б народныя бiблiятэчкi для Лiтвы, Кароны, Галiцыi i нават для Беларусi… Каратынскi i Марцiнкевiч узялiся б за справу з боку Русi, а я пiсаў бы для Лiтвы…”[31]. Такiя планы былi звязаны з намерам А. Кiркора заснаваць акцыянерную друкарню і шырокiм абмеркаваннем выдання кнiг для народа ў польскамоўнай прэсе, у тым лiку эмiгранцкай. Увесну 1859 г. парыжскiя “Wiadomości Рolskie” таксама выказаліся на гэты конт: “Мы не бачым паважнай прычыны, каб, пiшучы для селянiна, трэба было абавязкова перадражнiваць яго мову. Як у iншых сферах, так i тут, правiльней народ да сябе ўзнiмаць, а не да яго апускацца. Няхай жа выданнi, якiя маюць на мэце такi маральны ўздым, будуць для народа ў поўным сэнсе i школай мовы. Пiшучы на добрай, але даступнай польскай мове, без празмерных чыста мясцовых правiнцыялiзмаў, не заўсёды зразумелых у iншай правiнцыi, народныя пiсьменнiкi маглi б чытацца кракавянамi i вялiкапалянамi, мазурамi i нават, што дай божа, русiнамi. Пытанне гэта сапраўды немалаважнае i заслугоўвае пiльнай увагi”[32]. Такія погляды, бадай, адмаўлялі саму патрэбу існавання нейкай правінцыйнай беларускай літаратуры.

Як намеснік камісара паўстанчага Часовага ўрада ў Аўгустоўскім ваяводстве пасля паразы паўстання 1863–1864 гг. М. Акялевіч, каб пазбегчы рэпрэсій, эміграваў спачатку ў Прусію, а затым у Францыю. Сотні кіламетраў і складаныя варункі жыцця не ахаладзілі сяброўства. У аддзеле рукапісаў бібліятэкі АН Літвы ёсць мікрафільм з лістамі М. Акялевіча, сярод якіх ёсць і пасланні В. Каратынскаму. 12 сакавіка 1876 г. літоўскі выгнанец пісаў з Парыжа: “Сэрцам і душою каханы Вінцульку!.. Паміж намі ёсць цялеснае і духоўнае сваяцтва. Даўней шляхта ў нас звалася браццяй, а мы сяляне, ці павінны называцца інакш? Я маю яшчэ і іншыя прычыны падпарадкоўвацца табе. Ты больш за мяне валодаеш навукамі, лепш за мяне ведаеш цяперашнія стасункі і патрэбы краю. Заняты цяжкай працай, каб здабыць штодзённы хлеб, не раз па цэлым годзе не браў я ў рукі кніжкі”[33]. Сваю павагу да паэтычнага таленту аўтара “Тамілы” былы паўстанец выказваў і ў лістах да іншых адрасатаў. У адным з іх М. Акялевіч прыгадваў, што недзе ў 1858 г. даў прачытаць верш В. Каратынскага, прысвечаны яму і прыкладзены да перакладаў Беранжэ (пра яго гаварылася і ў лісце да А. Кіркора. – І. З.), А. Адынцу, які ўзрушана сказаў: “Колькі пачуцця і сілы ў гэтым вершы!.. Каратынскі стане аздобай польскай літаратуры”[34].

Паважлівыя адносіны да творчасці свайго сябра могуць служыць дадатковым, хаця і ускосным, аргументам на карысць В. Каратынскага ў пытанні аўтарства беларускай “Гутаркі старога дзеда”. Відаць, невыпадкова М. Акялевіч з рукапісу (прынамсі, раней за першую публікацыю) зрабіў літоўскую перапрацоўку-пераклад гэтага нелегальнага твора. Даследчыкамі А. Лапінскене і А. Мальдзісам таксама адзначалася, што ў “Квестары” (1860) М. Акялевіча ёсць шмат агульнага з выдадзеным на год раней маралізатарскім памфлетам В. Каратынскага “Выпіў Куба да Якуба”[35]. Пасля паўстання, працуючы ў варшаўскіх выданнях, В. Каратынскі прыцягваў свайго парыжскага сябра да супрацоўніцтва ў краёвай перыёдыцы, чым дапамагаў яму і маральна, і матэрыяльна, а ў 1887 г. у “Tygodniku Іllustrowanym” надрукаваў сагрэты прыяцельскай цеплынёй і сардэчным спачуваннем некралог.

І сапраўды, скажы, хто твой сябра, я скажу, хто ты. І беларус Вінцэсь Клімовіч, сасланы на катаргу ў Сібір, і літовец Мікалай Акялевіч, змушаны да канца дзён туляцца ў Францыі ў выгнанні, былі людзьмі таленавітымі, дзейнымі народалюбцамі і патрыётамі. Іх, амаль аднагодкаў і разначынцаў, лучыла з В. Каратынскім у многім нябачная сёння, але такая адчувальная духоўная повязь.

Жыццёвыя пуцявіны звялі беларускага паэта яшчэ з адным равеснікам разначынскага паходжання – рускім пісьменнікам Мікалаем Лясковым (1831–1895). В. Гапава пісала ў 1970 г. у артыкуле “Вінцэсь Каратынскі і М.С. Ляскоў”: “Восенню 1862 г. М. Ляскоў выехаў у падарожжа па Францыі. У дарозе ён даволі доўга затрымаўся на славянскіх землях – у Беларусі, Польшчы, Чэхіі, і да Парыжа ехаў аж тры месяцы. У Беларусі ён наведаў Пінск і Белавежу. 8 верасня ён прыехаў у Вільню, дзе заставаўся некалькі дзён… Адзін з вечароў ён правёў ў рэдактара “Кур’ера віленскага”, дзе збіралася ўсё рэдакцыйнае кола, у размовах аб літаратуры, яго запіс аб У. Сыракомлі нібы паўтарэнне жалобнай прамовы В. Каратынскага над труной паэта. М. Ляскова збліжала з В. Каратынскім не толькі паэзія У. Сыракомлі, які быў заступнікам сялянства, яго песняром. Погляд на народ, як адзіную “нравственно” здаровую сілу, быў рашаючым крокам у гэтым збліжэнні. Ужо ў Парыжы ў пачатку 1863 г., калі ўспыхнула польскае вызваленчае паўстанне, М. Ляскоў робіць першы эскіз “Жития одной бабы”, які назваў “вопытам сялянскага рамана”. Восенню таго ж года ён надрукаваў твор у “Библиотеке для чтения”[36]. М. Ляскоў, які тады толькі пачынаў свой шлях у літаратуру, прысвяціў “Жыціе…” В. Каратынскаму і на друкаваных адбітках, як прыгадваў сын беларускага пісьменніка Бруна, пакінуў жартоўныя надпісы – “Чытай, а не лай” і “Хоць лай, а чытай”. У 1979 г., дзякуючы нёманаўскай публікацыі Б. Клейна “В годину смятения: Белорусская поездка Н. Лескова”, стала вядома, што аўтар “сялянскай паэмы” “Таміла” быў спадарожнікам рускага сабрата па пяру ў вандроўцы па Беларусі[37].

У Гістарычным архіве Літвы захоўваецца справа, якая завяршаецца ўласнаручным подпісам В. Каратынскага і дапамагае ўдакладніць, як доўга і дзе ўвосень 1862 г. ваяжыраваў пісьменнік. Пачалася гэта справа 21 лістапада 1862 г. з адносінаў кіраўніка Саснавецкай мытні ў канцылярыю віленскага ваеннага генерал-губернатара: “Сосновицкая Таможня имеет честь представить при сём Вашему Превосходительству в пачке под знаком K. W. № 420 весом брутто 1 фунт 63 золот. (каля сямісот грамаў. – І. З.) отобранные у следовавшего из за границы жителя Виленской Губерни Викентия Коратынского рукописи, для подвержения их ценсурному рассмотрению”. Пасля растрэлу ў Варшаве 27 лютага 1861 г. патрыятычнай дэманстрацыі ў Польшчы пачаўся ўздым нацыянальна-вызваленчага руху. Каб прадухіліць распаўсюджванне “рэвалюцыйнай заразы”, быў узмоцнены мытны кантроль на мяжы паміж Царствам Польскім і так званым Паўночна-Заходнім краем. Недавер і падазронасць да ўсіх, хто прыяжджаў з Польшчы, сталі нормай рэгіянальнай дзяржаўнай палітыкі. Наступны цікавы дакумент у справе датаваны – 3 снежня 1862 г. Віленскі цэнзурны камітэт звяртаўся ў Асобы аддзел упраўлення віленкага генерал-губернатара: “Препровождая при сём обратно присланные оным отделением бумаги при отношении от 29 минувшего ноября за № 869, Коммитет имеет честь уведомить, что при рассмотрении таковых бумаг не оказалось в них ничего противного правилам цензуры, а потому они могут быть выданы по принадлежности. За Председателя Цензор П. Кукольник”. Усе чатыры кнiгi В. Дуніна-Марцiнкевiча з беларускімі творамі, якiя ўбачылi свет у другой палове 50-х гг., былi падпiсаны да друку цэнзарам П. Кукальнiкам, якога аўтар “Гапона” называў “шчырым прыхiльнiкам славянскага братэрства”[38]. А. Кiркор і У. Сыракомля сябравалі з П. Кукальнiкам, якi ў кастрычнiку 1858 г. як прыватная асоба знаёмiўся з рукапiсамi беларускiх твораў А. Вярыгi-Дарэўскага. Такім чынам, віленскі цэнзар быў “сваім чалавекам” у гуртку А. Кіркора. На апошнім аркушы справы распіска В. Каратынскага: “Все те бумаги, которые у меня взяты в проезде чрез Сосновицкую таможню получены сполна из Особого отделения Генерал-Губернаторской Канцеляриии. 3 декабря 1862 г.”[39]. Значыць, В. Каратынскі суправаджаў М. Ляскова і ў Польшчы. А можа разам яны наведалі і Прагу, бо іх вандроўка працягвалася не менш за два месяцы? Гэта было не мімалётнае знаёмства, таму зразумела, чаму адзін з першых сваіх буйных мастацкіх твораў М. Ляскоў прысвяціў беларускаму пісьменніку.

М. Ляскоў бачыў карані многіх расійскіх праблем у польскіх інтрыгах, што недвухсэнсоўна адлюстраваў у “супярэчлівым”, па меркаванні большасці літаратуразнаўцаў, рамане “Няма куды” (1864). Не будучы паланафілам, аўтар тым не менш на старонках рамана стварыў адзін даволі загадкавы вобраз – Юстына Памады. Гэта малады чалавек “не от мира сего”, безнадейна закаханы летуценнік, сірата, бацька якога, паўстанец 1831 г., быў высланы з сям’ёю ў Расію. Паходзілі яны з Беларусі, бо маці пасля смерці пакінула ў спадчыну сыну-студэнту абразок Вастрабрамскай Божай маці. “Кого бы вы ни спросили о Помаде, какой он человек? – стар и мал ответит только: “так из поляков”, и словно в этом “из поляков” высказывалось категорическое обвинение Помады в таком проступке, после которого о нём уж и говорить не стоило. А в существе-то Помаду никак нельзя было и назвать поляком. Выросши в России и воспитавшись в русских училищах, он был совершенно русский и даже сам не считал себя поляком. Отец на него не имел никакого влияния…”[40] – характарызуе героя аўтар. Вобраз яго намаляваны са спачуваннем. Але ў фінале рамана Памада, “совершенно русский”, нібыта бессэнсоўна гіне падчас паўстання 1863 г. у адным з атрадаў, рэшткі якога хаваліся і былі разгромлены карнікамі ў Белавежскай пушчы. У “Жыціі адной бабы” беларускі “матэрыял” адсутнічае цалкам, але ў творы можна адчуць элементы схаванай палемікі з В. Каратынскім пра спосабы адлюстравання сялянскага жыцця. І ўсё ж М. Ляскоў глядзеў на мужыкоў і мужычак, так сказаць, звонку, а не знутры. У побытава-палітычным рамане “Няма куды” ёсць эпізадычны беларускі “антураж” і нават ёсць герой, якога амаль ніхто не разумее, карані яго хаваюцца ў Польшчы (насамрэч у Беларусі), за свабоду якой ён аддае сваё жыццё. В. Каратынскі і М. Ляскоў – гэта асобная тэма, якая пакуль яшчэ толькі пазначана ў нашым літаратуразнаўстве.

У. Мархель, адзіны, хто ў апошні час займаўся даследаваннем жыцця і творчасці В. Каратынскага, адзначае ў артыкуле “Не шукаючы пахвалы”: “У 1865 годзе царскі сышчык еўрапейскага маштабу Юліян Балашэвіч (дарэчы, ураджэнец Беларусі) даносіў Трэцяму аддзяленню: “Прашу звярнуць увагу на супрацоўніка музея ў Вільні – Каратынскага, які разам з Сыракомлем, Акелевічам і Зянкевічам стварыў прапагандысцкую арганізацыю”. Умовы жыцця ў сталіцы так званага Паўночна-Заходняга краю станавіліся невыноснымі, і ў 1866 г., на самым пачатку, В. Каратынскі, тады ўжо бацька двух сыноў – Людвіка і Уладзіслава, выехаў з сям’ёю ў Варшаву. Там ён амаль цалкам прысвяціў сябе польскай журналістыцы”[41]. З 1 студзеня 1866 г. А. Кіркора пазбаўлялі права выдаваць газету “Виленский вестник” (былы “Kurjer Wileński”), у выніку чаго і В. Каратынскі, як сталы і нядобранадзейны, з пункту гледжання ўладаў, супрацоўнік, губляў месца працы. У Варшаве В. Каратынскі плённа займаўся беларускім краязнаўствам. Дзякуючы сваёй тытанічнай працаздольнасці, ён карыстаўся аўтарытэтам і меў шмат знаёмых у літаратурных колах, але па жыцці так і застаўся журналісцкім “чорнарабочым”.

Пасля паўстання 1863 г. на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў для твораў на беларускай мове, як правiла, не бачылi чытачоў, лiчылi іх незапатрабаванымi i ставiлiся як да нейкай лiтаратурнай экзотыкi, разлiчанай на вельмi ж вузкае кола аматараў. Да “сапраўдных знаўцаў” беларушчыны невядомы аўтар артыкула “Пан Тадэвуш” на Беларусi”, надрукаванага ў канцы 1887 г. у варшаўскiм штотыднёвiку “Tygodnik Illustrowany”, адносіў “пп. Аляксандра Ельскага, Я. Карловiча, В. Каратынскага, А. Пяткевiча”[42]. Нават “страціўшы голас” і “выпусціўшы з рук дуду”, жывучы ўдалечыні ад роднага краю, пісьменнік тым не менш ніколі не парываў з патрэбамі беларускай культуры. На жаль, ён не дажыў да выхаду славутай “Дудкі беларускай” Францішка Багушэвіча. А як бы ён узрадаваўся гэтаму значнаму і самаму выключнаму дасягненню беларускай літаратуры ўсяго ХІХ ст.!

На радзіме паэта, у вёсцы Селішча Карэліцкага раёна, да 165-годдзя з дня яго нараджэння быў устаноўлены памятны знак з мемарыяльнай дошкай[43]. Сёлетні юбілей прамінуў незаўважна і ціха. Нешта змянілася ў нашым жыцці? А можа мы самі змяніліся, калі перасталі шанаваць муляроў роднай культуры, што колісь клалі цаглінкі ў яе сённяшні гмах? Хацелася б, каб гэты артыкул стаў своеасаблівым каменьчыкам у п’едэстал будучага помніка Вінцэсю Каратынскаму.

 



[1] Киркор А. Просвещение и народное творчество в Литве // Живописная Россия: Отечество наше… Т. 3: Репринтное воспроизведение изд. 1882 г. Мн., 1994. С. 133.

[2] Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча: Праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. Мн., 1993. С. 302.

[3] Яскевич А.С. Становление белорусской художественной традиции. Мн., 1987. С. 59.

[4] Каратынскі В. Творы /Уклад., прадм. і камент. У. Мархеля. 2-е выд., дап. Мн., 1994. С. 355. У далейшым спасылкі на гэтае выданне даюцца ў тэксце з пазначэннем у дужках старонкі.

[5] Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 222.

[6] Цыт. па: Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча: Праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. С. 126.

[7] Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: У 2 ч. Мн., 1989. Ч. 1. С. 129.

[8] Кісялёў Г Вінцэсь Клімовіч з вёскі Перасека // Кісялёў Г. Героі і музы: Гісторыка-літартурныя нарысы. Мн., 1982. С. 147.

[9] Гл.: Пачынальнiкi: З гiсторыка-лiтаратурных матэрыялаў ХІХ ст. /Уклад. Г. Кiсялёў. Мн., 1977. С. 323.

[10] Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы /Уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва. Мн., 1999. С. 144.

[11] Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча: Праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. С. 299–300.

[12] Добролюбов Н.А. “Кобзарь” Тараса Шевченка // Добролюбов Н.А. Собрание сочинений: В 3 т. – Мн., 1987. Т. 3. С. 129–130.

[13] Фризман Л.Г. Жизнь лирического жанра: Русская элегия от Сумарокова до Некрасова. М., 1973. С. 158.

[14] Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 224.

[15] Гл.: Мархель У. “Меў вольную і чулую душу…”: Літаратурная спадчына Віцэся Каратынскага // Роднае слова. 2001. № 8. С. 17.

[16] Беранже П.-Ж. Полное собрание песен: В 2 т. М.-Л., 1936. Т. 1. С. 773, 774.

[17] Цьвікевіч А. “Западно-руссизм”: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. Мн., 1993. С. 105.

[18] Мальдзіс А. Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў ХІХ ст. Мн., 1966. С. 71.

[19] Klaczko J. Odstępcy. Paryż, 1860. S. 18.

[20] Tretiak J. Od wydawcy // Księga wspomnień Mikołaja Malinowskiego. Kraków, 1907. S. 5.

[21] Klaczko J. Odstępcy. Paryż, 1860. S. 6.

[22] [Tomaszewicz W.] Album wileński // Przegląd Rzeczy Рolskich. 1860. № 3. S. 31.

[23] [Tomaszewicz W.] Album wileński // Przegląd Rzeczy Рolskich. 1860. № 3. S. 32.

[24] Ibidem. S. 33.

[25] Ibidem. S. 34.

[26] Korotyński W. Syrokomla o sobie. Warszawa, 1896. S. 54.

[27] В память пребывания государя императора Александра ІІ в Вильне, 6 и 7 сентября 1858 г. Вильно, 1858. С. 10.

[28] Kuryer wileński // Przegląd Rzeczy Polskich. 1860. № 3. S. 38.

[29] Kirkor A.H. Ze wspomnień wileńskich // Kraj. 1884. № 3. S. 4.

[30] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 1135. – Воп. 11. Спр. 1. Л. 19.

[31] Цыт. па: Кiсялёў Г. Сейбiты вечнага: Артыкулы пра беларускiх пiсьменнiкаў i дзеячаў рэвалюцыйнага руху 1863 г. Мн., 1963. С. 131.

[32] O książkach dla ludu // Wiadomości Polskie. 1859. № 5. S. 19.

[33] Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы. Мф. 918. Л. 6.

[34] Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы. Мф. 918. Л. 6. Л. 81.

[35] Лапінскене А.П., Мальдзіс А.І. Перазовы сяброўскіх галасоў: Беларуска-літоўскае літаратурнае ўзаемадзеянне ад старажытнасці да нашага часу. Мн., 1988. С. 46.

[36] Гапава В. Вінцэсь Каратынскі і М.С.Ляскоў // Літаратура і мастацтва. 1970. 30 студз.

[37] Клейн Б. В годину смятения: Белорусская поездка Н. Лескова // Неман. 1979. № 2.

[38] Пачынальнiкi: З гiсторыка-лiтаратурных матэрыялаў ХІХ ст. С. 163.

[39] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 378. Воп. 153 п/о 1862. Спр. 100. Лл.1, 3, 4.

[40] Лесков Н.С. Собрание сочинений: В 11 т. М., 1956. Т. 2. С. 57–58.

[41] Мархель У. Не шукаючы пахвалы… // Мархель У. Прысутнасць былога: Нарысы, артыкулы, эсэ. Мн., 1997. С. 154–155.

[42] A. S. “Пан Тадэвуш” на Беларусi // Пачынальнiкi: З гiсторыка-лiтаратурных матэрыялаў ХIХ ст. С. 167.

[43] Жэбрак П. “Не шукаючы пахвалы…”: Да 165-годдзя з дня нараджэння Вінцэся Каратынскага // Голас Радзімы. 1996. 17 кастр. С. 6.

Hosted by uCoz

Да зместу